Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга даў вялікае інтэрв’ю выданню «Еўрапейская праўда», у якім сярод іншага патлумачыў, якім будзе новы сістэмны падыход украінскіх уладаў у дачыненні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

— Вы толькі што вярнуліся з Літвы, дзе адбылася доўгачаканая сустрэча прэзідэнта са Святланай Ціханоўскай. Я правільна разумею, што гаворка ідзе пра новы сістэмны падыход у адносінах з беларускай дэмакратычнай апазіцыяй?
— Так, вы маеце рацыю. Беларускі трэк патрабуе асобнай сістэмнай палітыкі. Я звярну вашу ўвагу на выступ прэзідэнта Украіны ў Вільні: амаль траціна прамовы была прысвечаная беларускаму пытанню. І для нас сапраўды важна захоўваць адносіны з прадстаўнікамі дэмакратычнай Беларусі.
Мы верым, што надыдзе час, і Беларусь — дэмакратычная Беларусь — стане чацвёртым удзельнікам Люблінскага трохкутніка. Зараз я атрымаў даручэнне ад прэзідэнта прызначыць спецпрадстаўніка і ў найбліжэйшы час унясу кандыдатуру на разгляд. Назву гэтай пасады мы яшчэ вызначаем, але гэта будзе службовая асоба, упаўнаважаная для кантактаў з дэмакратычнымі беларускімі сіламі.
— Давайце вызначымся з тэрміналогіяй. Хто такі Аляксандр Лукашэнка?
— Гэта так званы прэзідэнт. Украіна, як і іншыя еўрапейскія краіны, не лічыць яго легітымна абраным прэзідэнтам Беларусі.
— А гэта цягне наступствы. Напрыклад, гэта азначае, што на яго не распаўсюджваецца імунітэт кіраўніка дзяржавы. А мне падаецца, што ёсць дастаткова падстаў абвінаваціць грамадзяніна Лукашэнку ў здзяйсненні многіх злачынстваў супраць чалавечнасці. Украіна плануе такія крокі?
— Я таксама лічу, што цяперашні беларускі рэжым з’яўляецца суадказным за расійскую агрэсію. У 2022 годзе ён даў тэрыторыю Беларусі для наступу на Украіну. Ракеты ляцелі з іх тэрыторыі. Гэта робіць іх саўдзельнікам агрэсіі супраць Украіны.
Ды і зараз мы бачым новыя элементы падтрымкі расійскай агрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі. Яны даюць сваю інфраструктуру для атак украінскай тэрыторыі беспілотнікамі. Я свядома не ўдакладняю дэталі, але мы іх ведаем, кожны такі выпадак фіксуем юрыдычна, натыфікуем ААН пра саўдзел беларускага рэжыму ў агрэсіі і будзем ставіць пытанне пра санкцыі ў дачыненні да датычных асоб і кампаній — у прыватнасці, задзейнічаных у пабудове гэтай інфраструктуры.
— Асабіста Лукашэнка з’яўляецца адказным за гэта, ці там усім кіруе Расія і ён не мае права голасу?
— Зараз Беларусь ператварылася ў «генерал-губернатарства». Лукашэнка не суб’ектны і, на жаль, ад гэтага пакутуе ўвесь беларускі народ. У той жа час рэжым Лукашэнкі і ён асабіста павінны панесці адказнасць за свой саўдзел у расійскай агрэсіі. І для гэтага ёсць усе юрыдычныя падставы.
— З Лукашэнкам разабраліся. А кім з’яўляецца для нас Ціханоўская, які яе статус?
— Мы зыходзім з таго, што яна — адна з лідараў дэмакратычных беларускіх сіл. Таму вы ўбачылі яе сустрэчу з прэзідэнтам Зеленскім. Дарэчы, размова была вельмі прадметная і будзе мець далейшае развіццё. І наконт Беларусі нагадваю таксама пра Полк імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе ў складзе УСУ, і мы гэта сапраўды цэнім.
Categories: Зьнешнія адносіны, Нацыя Беларусы
Пакінуць каментар