Даследчык-беларус з Масарыкавага ўніверсітэта ў чэшскім горадзе Брно Андрэй Калавур на сваёй старонцы ў фэйсбуку расказаў пра лёс адной з найстаражытнейшых і найбагацейшых бібліятэк з Беларусі, якая была вывезеная ў Расію пасля таго, як у 1939 годзе ў Заходнюю Беларусь увайшла Чырвоная армія.

Гэтай восенню мне ўдалося пазнаёміцца з нашчадкам Фелікса Яневіча (1762—1848) — знакамітага кампазітара з ВКЛ, які эміграваў у Англію і зрабіў там паспяховую кар’еру. Джозі Дзіксан, яго праўнучка ў чацвёртым пакаленні, паказала мне каталог з фотаздымкамі рэчаў Яневіча і расказала пра папулярызацыю яго творчасці.
На адным з фотаздымкаў я ўбачыў адбітак Pro Lithuania. Я паспрабаваў расказаць Джозі пра ліцвінаў і беларусаў, але словы нібыта сыходзілі ў пустэчу: Фелікс — польскі кампазітар.
Гэта абсалютна звычайная сітуацыя. Напрыклад, сваякі ліцвіна Напалеона Орды спакойна перадалі яго рэчы ў Нацыянальны музей у Кракаве. Такі ж лёс напаткаў калекцыю Тышкевічаў з Лагойска: артэфакты былі адпраўленыя ў Варшаву і перададзеныя ў дар Таварыству аховы гістарычных помнікаў.
Фонды пінскай бібліятэкі францысканскага кляштара не засталіся ў Беларусі з іншай прычыны. Адна справа, калі дзеці аддаюць калекцыю сваіх бацькоў, і зусім іншая — калі нашы каштоўнасці проста вывозяць незаконна.
Бібліятэка-архіў пры кляштары францысканцаў у Пінску — адна з самых старажытных на тэрыторыі Беларусі. Першыя звесткі пра яе датуюцца 1648 годам, а дакументы, якія там захоўваліся, тычыліся гісторыі Пінскага княства і ВКЛ ад XIV стагоддзя. У 1925—1932 гадах бібліятэкай-архівам апекаваўся біскуп Зыгмунт Лазінскі.
Тое, што адбылося з гістарычна-культурнымі каштоўнасцямі ў 1939—1941 гадах, праясняе гісторык Раіса Зянюк. З апублікаванай справы «Перапіска аб бібліятэцы Пінскай семінарыі, люты-май 1941 года» вынікае, што бібліятэка была вывезена ў Маскву ў Цэнтральны антырэлігійны музей (ЦАМ) без санкцыі ЦК КП(б)Б ці СНК БССР.
У 1940 годзе над сістэматызацыяй фондаў працаваў Юліус Марголін. Ён пацвярджае, што яны чакалі менавіта камісію з Мінска, а не з Масквы.
«У Пінску знаходзілася адно з самых рэдкіх кнігасховішчаў Заходняй Беларусі. Мясцовае насельніцтва нават не падазравала пра гэта… У сценах Духоўнай семінарыі пры касцёле раманска-польскага стылю канца XV стагоддзя, акружаным масіўным моцным мурам, назапасілася да 50 000 старадаўніх і новых кніг», — пісаў Марголін.
У 1941 годзе Антырэлігійны музей у Маскве адказаў беларускім уладам:
«Ц.А.М. згодна з указаннямі т. Яраслаўскага дакладна выканае сваё абавязацельства і ўсе кнігі, якія маюць значэнне для Беларусі, верне назад».
Але гэтага не адбылося. Хутка пачалася вайна, а ў 1947 годзе музей расфармавалі.
Нескладана было выявіць, што фонды Антырэлігійнага музея былі перавезеныя ў Дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі (ДМГР, Санкт-Пецярбург).
Першая прыкмета таго, што менавіта там захоўваюцца пінскія фонды, з’явілася ў 2022 годзе [публікацыя расійскіх даследчыц Алены Краўцовай і Юліі Рогавай «Пергаменные грамоты XVI—XVIII вв. из архива пинского монастыря францисканцев в собрании Государственного музея истории религии»]. Тады стала вядома пра 10 дакументаў, якія паходзяць з Пінска і знаходзяцца ў ДМГР. Сярод іх:
- дакументы Язафата Парысовіча, дзякуючы якому ў 1730 годзе быў пабудаваны мураваны пінскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі;
- грамата каралевы Боны ад 1556 года на старабеларускай мове;
- дзве канфірмацыйныя граматы караля Уладзіслава IV;
- папская була Клімента XI.
Заставалася толькі атрымаць пацвярджэнне ад кіраўніцтва музея. Я звярнуўся да дырэкцыі як даследчык і чалец Міжнароднай рады музеяў (ICOM) з просьбай пацвердзіць наяўнасць калекцыі і алічбаваць яе. Зразумела, што пытаннем вяртання такіх каштоўнасцяў павінна займацца дзяржава.
На працягу студзеня я атрымаў лісты ад захавальніка калекцыі рэдкіх кніг. Сапраўды, значная частка кніг і рукапісаў з нашай пінскай бібліятэкі знаходзіцца ў іх, але яны раскіданыя па розных фондах і не вылучаны ў асобную калекцыю (ёю ніхто ніколі не займаўся!).
Толькі ў аддзеле рэдкай кнігі папярэдне было знойдзена 10 выданняў, спіс якіх я атрымаў. Сярод іх: «Казанні аб часе і святых» Бертрана дэ Ла Тура (1501), «Думкі пра сродкі сапраўднага кіравання, супраць Нікола Макіявелі» Жанціе Інасана (1578), «Вергілій навыварат» Поля Скарона (1752).

Як мне паведамілі, у іншых аддзелах лічбы значна большыя: у аддзеле рукапісаў больш за 50 экзэмпляраў паходзяць з Пінска, а навуковая бібліятэка яшчэ не вызначылася з фінальнай колькасцю. Фонды адкрытыя для даследавання і частковай алічбоўкі на месцы.
Такім чынам, на сёння мы ведаем, дзе знаходзіцца значная частка Пінскай бібліятэкі францысканцаў — наша гісторыка-культурная каштоўнасць, якую, спадзяюся, у спрыяльны час мы зможам вярнуць у Беларусь.
Categories: Асьвета, Гісторыя, Зьнешнія адносіны, Культура, Літаратура, Мова, Нацыя Беларусы, Нацыя прачынаецца, Этнацыд беларусаў
Пакінуць каментар