«Там пекла для ўсіх: і для супрацоўнікаў, і для асуджаных». Гутарка з былым палітвязнем, блогерам Паўлам Спірыным

Пасля больш за пяць гадоў зняволення былы палітвязень, блогер Павел Спірын правёў месяц у глухой вёсцы пад Менскам, а потым з’ехаў у Літву займацца «супрацьпраўнай дзейнасцю».

Фота: Naviny.by

У інтэрвʼю «Белсату» ён распавёў, што плануе завяршыць рэвалюцыю 2020 года і мае канкрэтны план, а таксама падзяліўся, што бачыў і чалавечнасць некаторых сілавікоў, і здзекі са звычайных зняволеных.

Павел Спірын — відэаблогер, юрыст, давераная асоба Святланы Ціханоўскай падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. Яго затрымалі 9 верасня 2020 года і абвінавацілі паводле ч.1 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»). Нагодай сталі фільмы Спірына «Грань» і «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі: карт-бланш на садызм», якія апублікаваныя на яго YouTube-канале. За гэта ён быў пакараны 4,5 гадамі калоніі.

У канцы 2024 года, калі яго тэрмін падыходзіў да канца, на яго завялі новую крымінальную справу — паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»). Ён цалкам адбыў пакаранне і выйшаў на волю 28 снежня 2025 года.

«Там пекла для ўсіх: і для супрацоўнікаў, і для асуджаных»

— Як вы цяпер маральна і фізічна?

— Я сябе адчуваю выдатна. Ніякіх праблем у мяне асаблівых няма. Вызваліўся я яшчэ летась, на месяц прыкладна выехаў у глухую вёску. У мяне ёсць свой дом у Менскай вобласці. Адпачыў добра — харчаванне ў сельскай мясцовасці, прырода, спакой. Прыйшоў у сябе, скажам так. Пагутарыў па зачыненых каналах з людзьмі. Потым пераехаў у Менск. У Менску яшчэ трохі пабыў. І далей высунуўся для працягу «супрацьпраўнай дзейнасці».

— Пакуль вы былі ў зняволенні, ці было нешта, што вы хацелі зрабіць на волі — кудысьці пайсці, убачыць кагосьці? Калі так, то ці ўдалося ўжо гэта рэалізаваць?

Не было такіх жаданняў. Я хацеў зрабіць рэвалюцыю. У калоніі гэта было немагчыма. Таму я ўвесь час рыхтаваўся, пісаў, чытаў, вучыўся, стасаваўся з людзьмі. Я жыў тым жа жыццём, што жывуць і астатнія асуджаныя. Працаваў у сталовай калоніі, быў у тых жа ўмовах, што і іншыя людзі.

— Былыя палітвязні распавядалі страшныя рэчы пра турмы і калоніі. Праз што вам давялося прайсці?

— Мяне выратавала мая папярэдняя дзейнасць. Мае фільмы, расследаванні глядзелі і супрацоўнікі ў калоніях у тым ліку. Паколькі гэта было [кантэнт. — Рэд.] адэкватным, юрыдычна ўзважаным, правільным, то погляды, якія я прапагандаваў, падзялялі і супрацоўнікі МУС.

Трэба адрозніваць супрацоўнікаў МУС. Ёсць канкрэтныя фашысты — гэта ўсё без выключэння генералы МУС, пракуратуры, Следчага камітэту. З імі размова будзе толькі на падставе закона. І закон суровы.

Ёсць супрацоўнікі, якія на нашым баку, якія, рызыкуючы пагонамі, ратавалі і такіх людзей, як я. І не палітычных, і палітычных. Таму, вядома ж, гэта наша падтрымка. Яны чытаюць і глядзяць так званыя экстрэмісцкія каналы, і вас [«Белсат». — Рэд.] глядзяць і лічаць. Як і ўсе, чакаюць, калі адкрыецца акно магчымасцяў.

У гэтым плане мне было лягчэй. Генералы загадвалі здзекавацца з мяне. Я праходзіў штрафныя ізалятары, ПКТ. Усё ў мяне было. Я бачыў і жыццё ў лагеры без штрафных ізалятараў. Яно не менш цяжкае, чым у штрафных ізалятарах. Там пекла для ўсіх: і для супрацоўнікаў, і для асуджаных. Вядома ж, я пакутаваў і нармальна пакутаваў, але не больш, чым іншыя асуджаныя.

Павел Спірын у Менскім гарадскім судзе. Менск, Беларусь. 5 лютага 2021 года. Фота: Белсат

— Вы кажаце пра ўсіх ці пра палітычных зняволеных?

— Я не вылучаю палітычных і непалітычных — усе пакутавалі. Над многімі не палітычнымі здзекаваліся так, што ні адзін палітычны яшчэ так не пакутаваў. Гэта ўсё праца так званых генералаў і міністраў, якія незаконна прысвоілі сабе званні і пасады.Глядзіце, я вызваліўся, і мяне падтрымліваюць і людзі, не звязаныя з прафесіяй журналіста, і журналісты, таму што я палітычны. Калі выходзіць чалавек, які здзейсніў рэальнае злачынства, усё роўна: крадзеж, хуліганства, рабаванне, — каго ён цікавіць? Нікога. Каму яму скардзіцца?

Хоць і не мелі права над ім здзяйсняць такія дзеянні, ніхто гэтую праблему асабліва не ўздымае, бо ён злачынец. Вось і ўсё.

«Зона — гэта міні-копія дзяржавы»

— Калі вас судзілі, з’явілася інфармацыя, што іншым зняволеным было забаронена з вамі мець зносіны. Ці праўда гэта? Як было ўладкаванае ваша жыццё ў зняволенні?

— Мабыць, калі я толькі прыехаў у калонію, прайшоў такі слых. Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Інфармацыю гэтую перадалі, скажам так, выпадкова. Усё было нармальна.

Калі я прыехаў у калонію, у мяне быў выбар: альбо прыняць правілы жыцця ў калоніі і жыць так, як усе жывуць, альбо адмовіцца выконваць гэтыя правілы і адправіцца ў турму. Праблем са зняволенымі ў мяне ніякіх не было. Наадварот. Яшчэ да прыходу ў калонію ўжо была інфармацыя ў людзей, хто туды едзе. І нармальна мяне сустрэлі, падтрымлівалі.

Там сістэма выбудаваная такім чынам: трэба жыць так, каб не перашкаджаць іншым людзям. Таму я стараўся максімальна, каб праз мяне ні ў кога праблем не было.

— За што канкрэтна вас судзілі паводле артыкулу 411 («Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»)?

— Усё проста — перанос выбараў. Перанеслі выбары, і мяне пабаяліся выпускаць у гэты перыяд як пагрозу інфармацыйнай бяспецы. Прыйшлі, патлумачылі, сказалі: «Выпусціць мы вас, на жаль, не маем права».

— Калонія паўплывала на вас?

— Задача, якую я паставіў перад сабой — здзейсніць рэвалюцыю. Каб здзейсніць рэвалюцыю, патрэбныя веды пра лад грамадства. Гэтыя веды можна атрымаць на зоне, таму што зона — гэта міні-копія дзяржавы. Альбо, калі мы возьмем, напрыклад, Міністэрства адукацыі, прайсці шлях ад настаўніка да міністра.

У Беларусі чалавек, які пройдзе шлях ад настаўніка да міністра і стане ў дадзены момант міністрам Рэспублікі Беларусь — гэта нягоднік, на якім кляйма няма дзе ставіць. Таму такая дарога не падыходзіць. Я выбраў больш кароткі шлях атрымання гэтых ведаў — у калоніі.

«Прыйшло распараджэнне ад міністра, каб мы зрабілі вам дрэнна»

СІЗА-7 у Берасці, Беларусь. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

— Як у вас было з доступам да інфармацыі ў зняволенні? Ці даходзіла да вас нешта пра расейскую агрэсію супраць Украіны ці пра рэальны стан спраў у Беларусі?

— У мяне з інфармацыяй на зоне было ўсё выдатна, таму што мяне інфармавалі асуджаныя, супрацоўнікі калоніі, часам я наведваў пакой для прагляду тэлевізара, але вельмі рэдка, таму што там прапаганда. Але калі мне трэба было высвятляць ісціну, я слухаў іх, разумеючы, што тое, што кажуць яны, у рэальнасці наадварот. Таму я абсалютна інфармаваны і пра трагедыю, фашысцкі напад Пуціна на Украіну, і пра ўсе іншыя падзеі. І ў мяне ясны на гэта погляд, ясныя мае далейшыя дзеянні.

— Даволі незвычайна чуць, што вам нешта паведамлялі нават супрацоўнікі калоніі.

— Вельмі многія супрацоўнікі калоніі былі падпісаныя на мой канал, глядзелі мае фільмы. Перакананні мае падзялялі, таму ў гэтым было прасцей. Складаней было ў тым, што мучыць мяне загадваў чалавек, які незаконна называе сябе міністрам унутраных спраў, Іван Кубракоў.

— Асабіста?

— Вядома, калі ён перадаваў загады, то да мяне прыходзілі супрацоўнікі калоніі, казалі «Мікалаевіч, тут прыйшло распараджэнне ад міністра, каб мы зрабілі вам дрэнна. Мы гэтага не хочам, таму давайце ўсё зробім прыгожа, але толькі на паперы». У большасці выпадкаў так і было. Я рады, што мяне папярэджвалі пра большасць правакацый з боку кіраўніцтва МУС, і была магчымасць ад гэтага сысці з найменшымі стратамі.

Прэвентыўны нагляд можна абысці

— Пасля вызвалення вы прабылі на волі ў Беларусі крыху больш, чым паўтара месяца. Калі і як вы вырашылі, што будзеце з’язджаць у Літву?

— Я канкрэтна кажу, што я вызваліўся дзеля таго, каб скончыць рэвалюцыю ў Рэспубліцы Беларусь. Мірную рэвалюцыю без грамадзянскай вайны. Мая задача не дазволіць грамадзяніну Лукашэнка ўцягнуць нашу краіну ў вайну.

У Беларусі над маёй мэтай з абʼектыўных прычын працаваць немагчыма. Таму што любы чалавек, які будзе актыўна дзейнічаць у Беларусі, будзе неадкладна арыштаваны і змешчаны ў калонію. Таму неабходна было часова выехаць з тэрыторыі Радзімы.

— Вы спакойна зʼехалі ці вам давялося бегчы, бо сілавікі кантралююць былых палітвязняў?

— Я як юрыст ведаю некаторыя шчыліны ў заканадаўстве. Я выязджаў «па-беламу». Пасля вызвалення на мне быў прэвентыўны нагляд, які прызначыў суд. Гэты нагляд накладае на мяне абмежаванні, якімі я ў выніку скарыстаўся.

Паводле іх [беларускіх уладаў. — Рэд.] заканадаўству мне забаронена пакідаць межы раёну без дазволу органа ўнутраных спраў. Але пры змене месца жыхарства дапушчальна выязджаць за межы раёну. Я напісаў заяву, што я мяняю месца жыхарства.

Юрыдычна адмовіць мне не маглі, бо гэта мая ўласнасць, дом. Я маю права ў яго пераязджаць. Так мне зрабілі дакумент з пячаткай МУС, на падставе якога я магу пакідаць свой раён. І ў выніку я пакінуў і раён, і Рэспубліку Беларусь.

— У вас не было праблем на мяжы?

— Ніякіх.

«Аляксандра Рыгоравіча ненавідзяць усё гэтак жа»

Павел Спірын да затрымання. Фота: Наша Ніва

— У Беларусі на волі ўсё, як на зоне. Зона — гэта міні-копія дзяржавы. Аляксандр Рыгоравіч для большасці адэкватных грамадзян ператварыў пражыванне ў Беларусі ў кашмар.

У 2025 годзе вельмі моцна прасеў заробак на найбуйнейшых прадпрыемствах краіны. Мне пісалі работнікі гэтых прадпрыемстваў, з якімі я яшчэ быў знаёмы да сваёй пасадкі.

Аляксандра Рыгоравіча ненавідзяць усё гэтак жа, нават яшчэ больш. Адзінае адрозненне — народ баіцца вайны. Сутнасць у тым, што Аляксандр Рыгоравіч і цягне нас у гэтую вайну, але, калі прыйдзе час, яго ж дзеянні з ім згуляюць злы жарт. І мы даробім да канца, мірна і без вайны тое, што павінны былі дарабіць у 2020 годзе.

— Як вам бачыцца становішча беларусаў, якіх выціснулі за мяжу?

— На зоне для ўсіх: і для асуджаных, і для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў створаныя невыносныя ўмовы. У выніку чаго асуджаныя і супрацоўнікі пачынаюць — скажу грубае слова — жэрці адзін аднаго, стукаць, даносіць, ненавідзець. Хоць, калі разабрацца, ніхто з іх адзін аднаму зла не жадае.

Дакладна гэтак жа Аляксандр Рыгоравіч спрабуе стварыць такую сітуацыю за мяжой, каб беларусы, якія, па сутнасці, супраць адзін аднаго нічога не маюць, апынуліся страўленыя паміж сабой. Каб цяжкія ўмовы прымушалі зрушыць свой погляд з рэальнай нашай праблемы — Аляксандра Лукашэнкі — на іншыя, значна менш значныя праблемы. Уся задача Лукашэнкі і ягонага атачэння — зрабіць з нас ворагаў.

— Калі вас арыштавалі, яшчэ не было такіх устойлівых структур за мяжой: ні фондаў салідарнасці, ні Офісу Ціханоўскай, АПК і іншых. Як вам здаецца, мы можам ганарыцца тым, што маем, ці нешта было зроблена не так?

— Кожны чалавек працуе па меры сіл. І перш за ўсё кожны чалавек павінен самастойна паспрабаваць ацаніць сваю дзейнасць. На дадзены момант я толькі ўваходжу ў інфармацыйную прастору, і калі я лепш разбяруся з сітуацыяй, то я гэта пракаментую.

«У мяне канкрэтныя планы»

— Вы кажаце, што вам ясныя вашы далейшыя дзеянні. Таксама ў першай публічнай заяве на волі вы сказалі, што патрэбная рэвалюцыя, трэба скончыць тое, што мы не скончылі ў 2020 годзе. У вас ёсць бачанне, як гэта зрабіць? Ці рэальна гэта цяпер?

— Не сумнявайцеся, у мяне канкрэтныя планы. Вы будзеце з гэтымі планамі азнаёмленыя. Гэта ўсё ўжо пачалося. Вы ўсе ўбачыце канкрэтны план і дзеянні, без усялякіх размытых фраз «мы за ўсё добрае, супраць усяго дрэннага».

— Не падзяліцеся падрабязней, хоць бы трохі?

— Усё паэтапна. Усё будзе публікавацца на маім YouTube-канале і праз журналістаў.

— У 2020 годзе вы былі даверанай асобай Святланы Ціханоўскай на выбарах і вялі блог. Цяпер да блога вы ўжо вярнуліся, а якія планы яшчэ? Ці далучыцеся вы, напрыклад, да каманды Ціханоўскай?

— Кожны з тых, хто жадае ажыццявіць перамены ў Беларусі, павінен рабіць сваю працу на сваім месцы. На дадзены момант я знаходжуся на сваім месцы, і тую частку працы, якую на мяне ўскладае грамадства, я выконваю. А менавіта мне неабходна перадаць тыя веды, якіх у грамадства не было ў 2020 годзе. З дапамогай гэтых ведаў мы завершым працэсы, якія пачаліся тады.

— У завяршэнне нашай гутаркі вы хацелі б дадаць яшчэ нешта важнае?

— Сістэма, якую стварыў Аляксандр Лукашэнка, сама сябе з’ела. Яе застаецца толькі дабіць. Думаю, многія людзі бачылі відэа, дзе генералы даюць справаздачу перад Аляксандрам Лукашэнкам пра гатовасць войскаў да баявых дзеянняў. На канкрэтнае пытанне аб тым, ці гатовая армія ваяваць і перамагаць, псеўдагенерал са спалоханым, зацкаваным поглядам спрабуе з дапамогай словаблудства сказаць, што ўсё добра. Прычым не адказваючы канкрэтна на пытанне, ці гатовыя салдаты да вайны.

Думаю, Лукашэнка здагадваецца, што калі ён уцягне краіну ў вайну, то салдаты не будуць, як авечкі, ісці на мясныя штурмы, а возьмуць аўтаматы і пачнуць самі проста на поле бою або ў месцах дыслакацыі войскаў прыгаворваць і прыводзіць у выкананне прысуды ў дачыненні да асобаў, якія, захапіўшы ў 2020 годзе ўладу, прысвоілі сабе званні палкоўнікаў і генералаў. Народ не пойдзе ў мясныя штурмы дзеля палацаў сыноў Лукашэнкі.



Categories: Этнацыд беларусаў

Пакінуць каментар