Украінскі бок гатовы аказваць дапамогу беларускім вязням, але працэс абмену застаецца надзвычай складаным, сказаў Уладзімір Зяленскі на пытанне «Люстэрка».

— У нашай краіне проста цяпер сотні, калі не тысячы, беларусаў і беларусак знаходзяцца ў турмах за дапамогу Украіне: нехта ваяваў на вашым баку, нехта партызаніў на чыгунцы, нехта адсочваў перамяшчэнне расійскіх войскаў. Ці робіць Кіеў нешта, каб выцягнуць гэтых людзей? Ці бачыце вы, што ёсць такая праблема?
— Бачым. Але я хачу вам сказаць: на маю думку, перш за ўсё гэта беларусы мусяць рабіць нешта, каб вызваліць гэтых людзей. Я ні на кога не перакладаю адпаведныя крокі, але каля сямі тысяч украінцаў цяпер у турмах Расіі. Я не лічу, што турмы РФ нечым адрозніваюцца ад турмаў Беларусі. Я лічу, што гэта аднолькавыя рэжымы з нянавісцю да людзей. Адзіная розніца ў тым, што ў Беларусі сядзяць беларусы, а ў Расіі сядзяць украінцы. І яны [расіяне], я думаю, больш жорстка ставяцца да ўкраінцаў, чым да [тамтэйшых] палітычных зняволеных — грамадзян іншых краін. Я так лічу, бо мы бачым наступствы на целах нашых ваеннапалонных, бачым іх траўмы, сляды ад катаванняў.
Гэта няпроста — вызваліць людзей. Пра ўсё трэба дамаўляцца. Пра Лукашэнку — мы можам дамаўляцца з амерыканцамі [пра дапамогу ў вызваленні], мы гатовыя дапамагаць, мы і дапамагалі. Калі ЗША вялі перамовы з Лукашэнкам адносна вызвалення [часткі палітвязняў], мы далі нашую тэрыторыю, далі транспарт, медыцынскае абслугоўванне тым беларускім вязням, якіх адпусцілі цяпер (гаворка пра вызваленых 13 снежня 2025 года. — Заўв. рэд.). Мы на нашай тэрыторыі іх забіралі. І мы гатовыя рабіць гэта далей, мы будзем аказваць беларускім зняволеным любую дапамогу, якая ў нашых сілах. Але вызваляць з турмаў вельмі складана.
Я спецыяльна прывёў прыклад з нашымі грамадзянамі-ўкраінцамі, якія для мяне як прэзідэнта ў прыярытэце. Я думаю, вы гэта разумееце. І гэта вельмі важна: заўсёды даводзіцца мяняць кагосьці на кагосьці. Каб вызваляць беларусаў, трэба знаходзіць, на што мяняць.
— Ёсць беларусы, якія ваявалі на баку Расіі і цяпер знаходзяцца ў палоне ва Украіне.
— Мы і мяняем ваеннапалонных на ваеннапалонных. Я хачу вам прывесці прыклад: да нас звярнулася некалькі азіяцкіх краін (я думаю, вы разумееце якіх) — мы ўзялі ў палон іх людзей. Я не магу памяняць іх вайскоўцаў на любых іншых вайскоўцаў, як бы яны мяне ні прасілі.
Я магу памяняць іх вайскоўцаў, якія ваявалі і забівалі ўкраінцаў, толькі на грамадзян Украіны, якія знаходзяцца ў палоне ў Расіі. Кітайцы могуць забраць з РФ нашых палонных, і я ім аддам кітайцаў. Я магу мяняць толькі на грамадзян Украіны.
Скажу вам шчыра: у нас былі людзі з Беларусі, якія памянялі грамадзянства, і яны грамадзяне Украіны — і да іх такое ж стаўленне, як да ўкраінцаў, якія нарадзіліся ўкраінцамі. Усіх, хто з’яўляецца грамадзянінам Украіны, мы абменьваем найперш. Ну проста вельмі вялікая колькасць вайскоўцаў — больш за 6 тысяч [у расійскім палоне]. Я думаю, вы гэта разумееце.
Categories: Зьнешнія адносіны, Мараль, Нацыя Беларусы
Пакінуць каментар