Этнацыд беларусаў: Рэдактара незалежнай баранавіцкай газеты «Інтэкс-Прэс» Янукевіча прысудзілі да 14 гадоў калоніі, яго намесніка Пакаленку — да 12 гадоў

Ім інкрымінавалі здраду дзяржаве, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Андрэй Пакаленка і Уладзімір Янукевіч

У Брэсцкім абласным судзе 26 лютага быў агучаны прысуд былым кіраўнікам баранавіцкага навінавага партала BAR24, а раней — незалежнай газеты Intex-Press, Уладзіміру Янукевічу і Андрэю Пакаленку.

Судовы працэс над медыяменеджарамі распачаўся 3 лютага 2026 года і праходзіў у закрытым рэжыме.

Абодвух абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356). Уладзіміру Янукевічу суд прызначыў 14 гадоў пазбаўлення волі і 3000 базавых адзінак (135 тысячаў рублёў) штрафу на карысць дзяржавы, Андрэю Пакаленку — 12 гадоў і 1000 базавых адзінак (45 тысячаў рублёў) штрафу. Таксама ёсць інфармацыя пра вялізнае агульнае спагнанне сумай каля 200 тысячаў рублёў.

Сутнасць абвінавачання невядомая.

Уладзіміру Янукевічу 65 гадоў. Ён быў дырэктарам і галоўным рэдактарам найбуйнейшай незалежнай рэгіянальнай газеты Intex-Press. 44‑гадовы Андрэй Пакаленка працаваў там жа намеснікам дырэктара па развіцці. Пасля таго, як выданне было зліквідаванае, яны разам з камандай стварылі навінавы сайт BAR24 (bar24.by).

У снежні 2024 года супрацоўнікаў новага гарадскога партала затрымалі. У іх жыллі, а таксама ў рэдакцыі сілавікі правялі ператрусы, забралі тэхніку. Некалькіх чалавек адпусцілі, а супраць шасці затрыманых, якіх змясцілі ў СІЗА, па распараджэнні Брэсцкай пракуратуры завялі крымінальныя справы ў межах арт. 361—4 КК РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Сайт BAR24 апошні раз абнаўляўся 8 снежня 2024 года. З 13 студзеня 2025 года ён перастаў адкрывацца.

11 лістапада 2025 года імёны чатырох асуджаных супрацоўнікаў BAR24, створанага камандай колішняга Intex-Press Наталлі Семяновіч, Мікіты Пятроўскага, Руслана Равякі і Людмілы Зеляньковай былі дададзеныя да «Пераліку асобаў, датычных да «экстрэмісцкай» дзейнасці, які складае МУС Беларусі. Усе чацвёра былі асуджаныя да хатняй хіміі.

Рэдакцыя Intex-press сутыкнулася з праблемамі ў працы пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.



Categories: Нацыя Беларусы, Этнацыд беларусаў

Пакінуць каментар