Узровень даверу ў выбарчыя гады ніколі не перавышаў 50%, а ў 2020 годзе Лукашэнка прайграў Ціханоўскай у паўтара раза.

Незалежная Беларуская сацыялагічная група прэзентавала даследаванне «Давер у эпоху перамен: электаральная гісторыя Беларусі (2001-2025)». Яго каштоўнасць у тым, што ўпершыню апублікаваныя вынікі закрытых даследаванняў, якія праводзіліся Інстытутам сацыялогіі Акадэміі навук Беларусі — аб даверы Аляксандру Лукашэнку і аб узроўні яго электаральнай падтрымкі.
Нагадаем, што дзяржаўныя сацыёлагі пастаянна праводзяць сацыялагічныя апытанні, якія вымяраюць «узровень даверу» да розных дзяржаўных органаў — напрыклад, судоў, міліцыі, войска. У тым ліку вымяраецца і давер да Аляксандра Лукашэнкі. Вынікі такіх даследаванняў не трапляюць у публічны доступ.
У склад Беларускай сацыялагічнай групы ўваходзіць Генадзь Коршунаў, які ў 2018‑2020 узначальваў Інстытут сацыялогіі. Таму зразумела, што ў яго маглі застацца архіўныя звесткі ўстановы.
Што варта разумець: перад Коршунавым — сумленным сацыёлагам, які быў вымушаны звольніцца ў верасні 2020 года — установу ўзначальвалі кадэбіст Георгій Явелькін (2000-2008) і зацяты камуніст Ігар Катляроў (2008-2018). Нельга выключаць, што яны маглі карэктаваць вынікі даследаванняў у больш выгадны для ўладаў бок. З іншага боку, калі вынікі такіх апытанняў не публікаваліся, то лукашэнкаўцы маглі быць зацікаўленыя ў атрыманні больш-менш рэалістычнага выніку, хай і з улікам узроўню страху ў грамадстве.
Чытайце: «70% мала, давайце 90%». Як Шпілеўская патрабавала ад Коршунава змяніць вынікі сацапытання
2001 год
На тых выбарах Цэнтрвыбаркам намаляваў Лукашэнку 76%, а ў адзінага кандыдата ад апазіцыі Уладзіміра Ганчарыка было 16%.
Падчас апытання Інстытута сацыялогіі 45% рэспандэнтаў сказалі, што прагаласавалі за Лукашэнку, 11% — за Ганчарыка. Апроч таго, амаль палова апытаных ухіліся ад адказу — 13% сказалі, што супраць усіх, а 30% «не мелі адказу».
2006 год
Паводле падлікаў Інстытута сацыялогіі, узровень даверу Лукашэнку складаў 50% (не ўказваецца, у якім месяцы праводзілася даследаванне).
Афіцыйныя падлікі Цэнтрвыбаркама: Лукашэнка — 83%, Мілінкевіч — 6%, Казулін — 2%.
А вось апытанне Інстытута сацыялогіі давала іншыя вынікі па галасах на выбарах: Лукашэнка — 63%, Мілінкевіч — 6%, Казулін — 1%. Аднак ізноў была зафіксаваная гіганцкая колькасць тых, хто не хоча адказваць дзяржаўным сацыёлагам — 26%. І яшчэ 3% былі супраць усіх.
2010 год
Падрабязныя дадзеныя за 2010 год ёсць толькі ў даследаванні НІСЭПД прафесара Алега Манаева, аднак даверу яму няма ніякага, таму і аналізаваць гэтыя звесткі няма сэнсу.
А вось узровень даверу Лукашэнку, па падліках Інстытута сацыялогіі, складаў 38%. Цікава, што праз год, у 2011 годзе, на фоне эканамічнага крызісу, ён апусціўся да 34%.
2015 год
Узровень даверу Лукашэнку ў гэтым годзе складаў 42%.
А вось падчас дзяржаўнага апытання наконт таго, за каго прагаласавалі Беларусі, былі зафіксаваныя незвычайныя вынікі.
Паводле перадвыбарчага апытання, за Лукашэнку збіраліся галасаваць 45%. Астатнія кандыдаты (уключна з Таццянай Караткевіч) мелі падтрымку на ўзроўні статыстычнай памылкі — ніжэй за 1%. Але ажно 52% адмовіліся адказваць на пытанне сацыёлагаў.
У выніку Цэнтрвыбаркам намаляваў Лукашэнку 84%.
2020 год
Чытайце: Афіцыйная сацыялогія: рэйтынг даверу Лукашэнку ў Мінску — 24%, Ярмошынай — 11%
Паводле вынікаў поствыбарчага дзяржаўнага апытання, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 21%, за Святлану Ціханоўскую — 33%. 11% заявілі, што не галасавалі, а яшчэ 26% не захацелі адказваць па пытанне.
Тым часам Лукашэнку намалявалі 80%, а Ціханоўскай — усяго 10%.
Categories: Мараль, Нацыя Беларусы
Пакінуць каментар