Справа кнігароў. Чым вядомыя Колас, Яўдаха і Багдановіч, якіх арыштавалі за выданне і распаўсюд кніг
У Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем» прызналі «кааліцыю друкаваных выдавецтваў «Фонд Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing». Адпаведнае рашэнне 3 сакавіка прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Людзі, якіх заграблі паводле гэтай справы, вельмі розныя: адзін геніяльны перакладчык, другі кніганоша з «Белага легіёна», а трэці класічны бізнэсовец.

У спісе людзей, якіх улады лічаць звязанымі з гэтай «кааліцыяй», — вядомыя ў кніжным асяроддзі імёны: Зміцер Колас, Вацлаў Багдановіч, Алесь Яўдаха (яны знаходзяцца ў Беларусі), а таксама Яраслаў Іванюк (беларус з Падляшша, грамадзянін Польшчы), Ігар Логвінаў і Андрэй Янушкевіч (грамадзяне Беларусі, выехалі за мяжу пасля 2021). Таксама ў пералік уключылі сайты і сацыяльныя сеткі выдавецтваў.
Гэта рашэнне стала працягам масавых затрыманняў выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў у Мінску, якія адбыліся ў лютым. Тады былі затрыманыя выдавец Зміцер Колас, кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха і кіраўнік выдавецтва «Тэхналогія» Вацлаў Багдановіч, а таксама шэраг іх сваякоў і супрацоўнікаў дзейных і былых выдавецтваў. Усіх іх спачатку адправілі на суткі па адміністратыўных пратаколах, складзеных, як звычайна цяпер, з надуманых падстаў.
З рашэння КДБ вынікае, што прынамсі на трох чалавек цяпер заведзеныя крымінальныя справы. Імаверна, яны пераведзеныя ў следчы ізалятар Калядзічы.
Расказваем, што пра іх вядома.

Зміцер Колас — выбітная постаць у сучасным беларускім кнігавыданні і ўвогуле ў беларускай культуры.
Ён нарадзіўся ў Мінску ў 1956 годзе ў сям’і гісторыка культуры, літаратурнага і тэатральнага крытыка, аўтара кніг пра беларускіх класікаў Георгія Коласа. Яго брат Уладзімір Колас — кінарэжысёр, педагог і шматгадовы дырэктар Беларускага ліцэя.
Зміцер Колас скончыў перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага інстытута замежных моў. Пасля вучобы некалькі гадоў працаваў паводле кантракту ў Алжыры і Сірыі, у якіх Савецкі Саюз у тыя часы рэалізоўваў шматлікія эканамічныя праекты. Вярнуўшыся ў Мінск, выкладаў у тым самым інстытуце, дзе сам калісьці вучыўся, — вучыў студэнтаў мастацкаму перакладу.
У 1980‑я ён першым зрабіў геніяльныя па сваёй якасці і сіле пераклады на беларускую мову Камю, Сартра, Іанеска — аўтараў, якія былі сугучныя тагачаснай атмасферы ў Беларусі.
З канца 1980‑х гадоў ён усё больш звязваў сваё жыццё з выдавецкай справай. Ён выдаваў літаратуру для школьнікаў у Беларускім гуманітарным ліцэі. Пасля стаў галоўным рэдактарам прыватнага выдавецтва «Энцыклапедыкс». А пазней стварыў уласнае выдавецтва, якое насіла яго імя.
Выдавецтва «Зміцер Колас» спецыялізавалася на перакладах на беларускую мову сусветнай літаратуры — паэзіі, прозы і драматургіі. Асаблівую вядомасць атрымала серыя «Паэты планеты», у якой выходзілі пераклады паэтаў з розных краін свету. Усяго ў гэтай калекцыі выйшла больш за 100 кніг.
У выдавецтве выходзілі і іншыя інтэлектуальныя тэксты — філасофія, гуманітарныя даследаванні, літаратуразнаўства. Яно выдала Альбера Камю, Жана-Поля Сартра, Франсуа Рабле, Шарля Бадлера, Рэнэ Дэкарта і іншых аўтараў.
4 сакавіка 2023 года яго затрымалі супрацоўнікі КДБ і змясцілі ў следчы ізалятар КДБ. Колас правёў там каля дзесяці сутак, пасля чаго быў вызвалены без публічна агучаных абвінавачанняў. Калі яго затрымалі, усе гадалі: а што ж гэта было?
Пасля стала ясна: супадзенне. Яго затрыманне адбылося на фоне масавых допытаў і затрыманняў пасля дыверсіі на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах у лютым 2023 года. У той час сілавікі праводзілі шырокія праверкі і затрымлівалі людзей, якія маглі мець нават ускосныя сувязі з фігурантамі справы: сваякоў, суседзяў, калег з працы.
Тым не менш, неўзабаве пасля гэтых падзей выдавецтва «Зміцер Колас» паведаміла пра прыпыненне сваёй дзейнасці. Праз некалькі месяцаў, у траўні 2023 года, Эканамічны суд Мінска ліквідаваў выдавецтва праз пазоў Міністэрства інфармацыі.
Фармальнай падставай для пазову стаў выдадзены Коласам зборнік гістарычных дакументаў ««Вызваленыя» і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939—1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў», які ўлады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Алесь Яўдаха — кніганоша нашага часу

Алеся Яўдаху ведаюць перадусім як чалавека, які літаральна «разносіў кнігі». Ён заняўся кнігараспаўсюдам у другой палове 2000-х. Паводле яго слоў, гэта была хутчэй культурная ініцыятыва, а не бізнэс.
Для выдавецтваў і аўтараў гэта быў важны дадатковы канал распаўсюду, а часам і выратавальнае кола. «Белкніга», якая дамінавала на рынку кнігараспаўсюду, карыстаючыся сваім амаль манапольным становішчам, брала з выдаўцоў высокі працэнт і гадамі не вяртала грошы. Працаваць жа з Яўдахам, які сумленна штомесяц выплачваў грошы, была адна асалода.
Да таго ж, не ўсе кнігі траплялі ў дзяржаўныя кнігарні, тыя адсейвалі «непажаданых аўтараў».
Яўдаха фактычна выступаў пасярэднікам паміж выдавецтвамі і чытачамі: праз яго можна было замовіць кнігі беларускіх аўтараў, пераклады сусветнай літаратуры, гістарычныя і культурныя выданні.
У розныя часы Алесь Яўдаха не раз трапляў пад палітычны пераслед. Напрыклад, яго затрымлівалі ў справе, фармальна звязанай з падатковымі пытаннямі кнігараспаўсюду, але фактычна — з распаўсюдам кнігі «Маладафронтаўцы». Тады яго судзілі, далі «хатнюю хімію».
У 2017 годзе Яўдаха таксама быў затрыманы па так званай «справе Белага легіёну». Тады КДБ абвінаваціў Алеся Яўдаху ў «навучанні або падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках», пазней па артыкуле звязаным з удзелам у збройным фармаванні. Праз пэўны час тую выссаную з пальца справу спынілі і кніганошу адпусцілі на волю.
Алесь Яўдаха гэта той выпадак, калі чалавек, які не меў не тое што гуманітарнай, але і вышэйшай адукацыі ўвогуле, лепш разумеў ролю культуры, кнігі, ведаў для людзей, чым многія «вучоныя галовы».
Вацлаў Багдановіч — бізнэсовец і выдавец

Вацлаў Багдановіч вядомы ў беларускім культурным асяроддзі як даследчык генеалогіі і чалавек, звязаны з падрыхтоўкай гістарычных выданняў.
Ён быў адным з удзельнікаў працы над кнігай «Багдановічы. Гісторыя аднаго роду» — маштабным выданнем, прысвечаным гісторыі сям’і Багдановічаў. У кнізе сабраныя архіўныя дакументы, сямейныя ўспаміны, фотаздымкі і матэрыялы пра прадстаўнікоў роду, якія жылі ў розных эпохах.
Багдановіч узначальваў мінскае выдавецтва «Тэхналогія», адно з першых прыватных, якое працавала яшчэ з канца 1980‑х гадоў. Там выпускалі навукова-папулярныя кнігі, даведнікі і мастацкія кнігі, а таксама брашуры і іншую друкаваную прадукцыю. Акрамя кнігавыдання, кампанія займалася вырабам паліграфічнай і сувенірнай прадукцыі, а таксама гандлем медыцынскай тэхнікай.
У лютым 2026 года, падчас масавых затрыманняў кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў у Мінску, сілавікі затрымалі ўсю сям’ю Вацлава Багдановіча — яго самога, жонку Алену і дзвюх дачок, Антаніну і Вікторыю.
Пазней жонку і адну з дачок адпусцілі. Што да самога Багдановіча і яго дачкі Вікторыі, доўгі час не было дакладнай інфармацыі пра іх статус. Само выдавецтва паведаміла пра спыненне сваёй дзейнасці.
Новы этап у пагроме беларускай культуры
Раней, у мінулыя месяцы, арышты прайшлі ў некалькіх іншых асяродках рознага тыпу ў сталіцы і рэгіёнах. Мяркуючы з той інфармацыі, якая даходзіць, там шукалі доказы фінансавання з фондаў салідарнасці або сувязі з беларусамі замежжа.
10 лютага пасля імклівай хваробы памёр 44‑гадовы кнігавыдавец і кніганоша Раман Цымбераў — адзін з апошніх на гэтым полі.
За пяць дзён да таго яму раптоўна стала кепска, з’явіліся праблемы з ныркамі. Пасля здарыўся інсульт. Яго перавялі ў рэанімацыю, але не ўратавалі. Ягоная смерць выклікала ў сацыяльных сетках лавіну спачування і выказванняў любові і павагі да зробленага ім. Затрыманні кнігароў адбыліся праз тыдзень пасля гэтага.
Масавыя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка саступіў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Гэта выклікала масавыя народныя пратэсты, у якіх удзельнічалі мільёны людзей. У адказ на гэта ўлады распачалі палітычныя рэпрэсіі. Сотні тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну, яшчэ сотні тысяч трапілі ў рознага тыпу «чорныя спісы» на звальненне ці абмежаванне правоў. Каля 150 тысяч сталі ахвярамі крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу. Асабліва цяжкі ўдар быў нанесены па сферы культуры.
Categories: Асьвета, Культура, Этнацыд беларусаў
Пакінуць каментар