Статкевіч пра невядомае з падзей 2020 года і высновы з іх: Новую ўладу сфармуюць не тыя, хто эміграваў, а тыя, хто прыбярэ старую

Мікола Статкевіч у сваім тэлеграм-канале выказаў свой погляд на падзеі 2020 года і чаму ў беларусаў не атрымалася.

Фота: Lookby.Media

У сваім тэлеграм-канале адказвае на пытанні, якія яму задаюць калегі па партыі, у тым ліку ён адказаў і на наступнае даволі рэзкае пытанне:

— Цяпер заўважныя спробы перапісаць гісторыю. Тыя, хто не меў ніякага дачынення да пратэстаў ці зліваў іх, сталі называць сябе «лідарамі рэвалюцыі». Што вы думаеце з гэтай нагоды? Чым для вас з’яўляецца 2020 год?

— Што тычыцца самазваных «лідараў рэвалюцыі», праблема не ў самазванцах, а ў тым, што ў агульнанацыянальным маштабе лідараў пратэстаў не было ўвогуле. Канешне, былі рэгіянальныя лідары і кандыдаты пратэсту з той жа «Народнай Грамады», актывісты «Еўрапейскай Беларусі», з анархістаў, з футбольных фанатаў, з дваровых чатаў. былі людзі, якія бралі на сябе лідэрства ў канкрэтных сітуацыях, потым тыя з іх, якія не пакінулі краіну, патрапілі пад пераслед. Наш каардынатар па Пінску Мікалай Клімовіч загінуў у турме (у маі 2023 года — НН).

Але пасля арышту некалькіх вядомых чалавек з кіраўніцтва БНК, агульнанацыянальнага кіравання пратэстамі не засталося. Было тэхнічнае кіраванне папулярных тэлеграм-каналаў — дзе збірацца, куды ісці. І людзі яму падпарадкоўваліся, бо былі зараджаны на пратэст.

Але лідарства са стратэгіяй, мэтамі, патрабаваннямі, клопатам пра бяспеку ўдзельнікаў пратэстаў не было. Нават, чамусьці, людзям не была даведзена простая рэкамендацыя выходзіць на акцыі ў медыцынскіх масках, што б ратавала не толькі ад кавіду, але і ад рэпрэсій.

Ніхто з іншых кандыдатаў і палітыкаў не быў зарыентаваны на пратэст. Там панавалі іншыя арыентацыі і мэты. Некалі адзін аналітык вельмі трапна заўважыў, што беларуская апазіцыя, за рэдкім выключэннем, змагаецца не за ўладу, а за месца ў чарзе за ўладай. З наіўным спадзяваннем, што калі рэжым нейкім цудоўным чынам знікне, то ўладу атрымаюць тыя, хто стаіць першым ў той чарзе.

А, каб атрымаць гэта месца, найбольш прыдатны спосаб — паўдзельнічаць у прэзідэнцкіх «выбарах», набыць вядомасць (яны называюць гэта — «раскруціцца»), нейкі рэйтынг, але ні ў якім выпадку не сесці ў турму. А потым, заняўшы пачэснае месца ў чарзе, сустракацца з замежнымі палітыкамі, атрымоўваць падтрымку і чакаць, пакуль рэжым неяк сам знікне і іх паклічуць на ўладу. Я называю такіх палітыкаў ждунамі. (…) 

Такія ждуны былі і ў 2020 годзе. Даходзіла да таго, што ідзе кандыдат на «выбары» і хавае сваё стаўленне нават да незалежнасці, да праблем беларускай мовы, да будучых саюзаў Беларусі. Мабыць, каб не звязваць сабе рукі ў будучым гандлі імі, а пры гэтым яшчэ і хлусіць, што казаць пра гэта, згодна з выбарчым заканадаўствам, забаронена.

Дзіўна, што нягледзячы на гэта, ён быў горача падтрыманы нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыяй. Хаця, што тут дзіўнага — прычына звычайная і банальная, як і ў электарата Мадуры. Яшчэ, на пытанне пра яго рэакцыю на магчымыя фальсіфікацыі ён адказваў, што ўпэўнены ў тым, што Ярмошына правільна палічыць усе галасы. Нібыта іронія, а які працэнт беларусаў гэта зразумеў у якасці іроніі? Думаю, што меншасць. Стратэгія зразумелая — быць такім белым і пухнатым на тле страшных радыкалаў-нацыяналістаў. А далей па спісу: раскруціцца і г. д.

Адно не ўлічыў, што сітуацыя іншая, улада адчувае сябе на бочцы з порахам, баіцца. І ад страху, ледзь што, хапаецца за дубіну. А такіх «хітрых» там бачаць наскрозь, бо самі такія ж, і ў тыле не пакідаюць.

У выніку, кандыдат апынуўся ў зняволенні, бо «раскруціцца» ў Беларусі зараз дазволена толькі балерынам.

Таму, нават такі, звышасцярожны стыль не праходзіць. Але яго прыклад дзейнічаў, прынамсі, на членаў каманды таго кандыдата. У мяне ў Жодзінскім СІЗА некаторы кароткі час у камеры быў тэлевізар. Я штовечар глядзеў на расійскім РТР перадачу, у якой часта былі матэрыялы пра пратэсты ў Беларусі.

І бачыў, як журналісты канала літаральна шукалі лідара шматлікага пратэсту. І вось аднойчы яны звярнуліся да маладой жанчыны з каманды таго асцярожнага кандыдата, якая была адным з твараў выбарчай кампаніі Ціханоўскай, і якая пазней паказала сябе мужнай і годнай, з пытаннем: навошта сабраліся тут людзі.

Вось зорны час для любога палітыка — проста скажы агульную фразу кшталту «каб дамагчыся сапраўдных выбараў» і ты ў вачах Беларусі і ўсяго свету робішся адзіным бясспрэчным лідэрам шматтысячнага пратэсту. Але ўрокі і прыклад кіраўніка яе каманды былі зусім іншымі. І яна адмовілася ад лідарства, адказаўшы, што «проста гуляе».

Далей не дала сябе прымусова дэпартаваць і таксама прайшла праз турэмнае пекла. Карацей, як казаў некалі Марк Аўрэлій: «праблема ў тым, што, не рызыкуючы, мы рызыкуем у сто разоў болей». І цяжка тут не пагадзіцца з імператарам-філосафам. 

Праўда,

некаторыя ждуны выбралі яшчэ больш асцярожную стратэгію — голасна заявіць пра сваю пазіцыю і «мужна кінуцца наўцёкі». Каб за мяжой працягваць змаганне за месца ў чарзе. Мушу іх расчараваць — новую ўладу сфармуюць не з вашай чаргі, а тыя, хто прыбярэ старую. Так бывае заўсёды.

Але ёсць вялікая імавернасць, што фармаваць яе будуць у Маскве. А прэтэнзіі на лідарства ў краіне, якая знаходзіцца пад пастаяннай пагрозай страты незалежнасці, вымагаюць пэўнай здольнасці да самаахвяравання. 

Вы ўявіце, што магло б здарыцца з Украінай, калі б яе лідар 4 гады таму ўцёк з Кіева. 

Яшчэ колькі слоў пра стратэгію БНК. У яе было і слабое месца. Збіраць людзей мы хацелі на пікетах па збору подпісаў па вылучэнню кандыдатаў пратэсту. У знак салідарнасці з адміністрацыйна зняволеным кандыдатам пратэсту Сяргеем Ціханоўскім, якому не далі магчымасці нават падаць дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдата, мы падтрымалі вылучэнне яго жонкі Святланы. Калі ж Сяргея вызвалілі, мы па ўзгадненню з ім, праводзілі мітынгі на пікетах па збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай. Калі Сяргея зноў арыштавалі ўжо па крымінальнай справе, мы зрабілі пікеты Святланы асноўным месцам правядзення такіх мітынгаў. Хаця былі і мітынгі на пікетах іншых кандыдатаў пратэсту. Колькасць удзельнікаў мітынгаў расла ў геаметрычнай прагрэсіі. Нягледзячы на арышты лідараў БНК, рэгіянальныя лідары, як і было задумана, працягвалі арганізоўваць мітынгі на пікетах Ціханоўскай.

Мы планавалі да канца чэрвеня давесці колькасць іх удзельнікаў да тых 3,5%, якія даследчыкі лічаць неабходнымі для перамогі працяглага мірнага пратэсту. Але потым здарылася нечаканае. Святлана Ціханоўская выступіла з заявай, сказала пра пагрозы ў яе бок і заклікала не выходзіць на мітынгі на яе пікетах, бо гэтыя мітынгі — «правакацыя уладаў». Гэтая заява была распаўсюджана сеткай рэгіянальных відэаканалаў «Краіны для жыцця», створанай Сяргеем Ціханоўскім, ва ўсіх значных гарадах. Мітынгі на пікетах у рэгіёнах перапыніліся.

Да таго ж, была скампраметавана ўся сетка пратэсту, якую мы стварылі. Яе рэгіянальныя лідары былі не проста абражаны і дэзарыентаваны. Іх яшчэ зрабілі правакатарамі ўлады ў вачах іх землякоў. Мушу аддаць належнае ўладам — удар па пратэстам быў нанесены вельмі моцны і трапны.

Я разумеў, што Святлана — чалавек новы і недасведчаны. Але я спадзяваўся, што яна здолее проста прамаўчаць, бо болей ад яе нічога і не патрабавалася. Але не здолела. Не ведаю, што яе прымусіла пайсці на гэта, што ёй абяцалі, чым пагражалі.

І мая доля віны ёсць у гэтым, бо я сам зрабіў ёй прапанову вылучацца па схеме «жонка замест мужа», якую прыдумаў для іншага чалавека, але з-за таго, што яго ініцыятыўную групу не зарэгістравалі, не рэалізаваў. Прапанаваў па тэлефоне, не паглядзеўшы ў вочы, не адчуўшы чалавека. 

Нашы шанцы на перамогу рэзка зменшыліся. Далей усё пераходзіла ў звыклае і патрэбнае ўладам рэчышча. Выбарчая агітацыйная кампанія, дзе патрэбны дазвол уладаў на мітынгі. А ўлады, адчуўшы настроі грамадства, дазволу не давалі. Чаканы афіцыйны вынік на выбарах і эміграцыя. Нечаканым для многіх, але не для нас, быў толькі масавы пратэст беларусаў, якія не пагадзіліся з чарговым падманам.

Вось тады мы і пабачылі на вуліцах многія сотні тысяч пратэстоўцаў і ўбачылі іх эфект — мітусня і разгубленасць уладаў, нават прабачэнні. Потым былі ўпартыя, мужныя і годныя, але істотна менш колькасныя акцыі, якія мелі маральны, палітычны, гістарычны, міжнародны сэнс, але да змены сітуацыі прывесці ўжо не маглі. Потым пачалася ўладная масавая помста за перажыты страх і справакаваная ёю і прыкладам «лідараў» масавая эміграцыя. Так што «лідарства» самазванцаў усё ж было, але толькі ў гэтым.

Я так шчыра расказваю пра падрыхтоўку тых падзей і нашы дзеянні таму, што гэта важна— разумець падзеі і ролі розных асоб і арганізацый у іх. Каб не хадзіць па вечнаму колу, кожны раз робячы падобныя памылкі.

Я не хачу толькі крытыкаваць. Урэшце, мы паказалі ўсяму свету, што ёсць беларуская нацыя, гатовая змагацца за свабоду, што мусяць цяпер улічваць тыя, хто раней бачыў у нас толькі дэмаграфічны матэрыял для сябе, а правячы рэжым пазбаўлены легітымнасці. Людзі, якія апынуліся ў эміграцыі, арганізоўвалі акцыі з патрабаваннямі вызвалення палітвязняў. Збіралі са сваіх не вельмі буйных даходаў грошы на дапамогу вызваленым.

Але зараз у рэгіёне ідзе вайна. Настала пара падрыхтаваць, забяспечыць рэсурсамі і рэалізаваць план рашучых крокаў па ўратаванні краіны ад жудасных сцэнароў, якія нам накідваюць з Усходу. Ці здольныя на гэта ждуны?

Што тычыцца падзей 2020 года, то яны былі для мяне, найперш, часам з’яўлення беларускай палітычнай нацыі, на што я працаваў дзесяцігоддзямі, нацыі годнай, мужнай. шляхетнай і салідарнай, якой захапляўся ўвесь свет.

Часам з’яўлення цэлага шэрагу новых лідараў, якія самі бралі на сябе ініцыятыву, арганізоўвалі і ўзначальвалі пратэсты, ішлі за гэта ў зняволенне. Прыйдзе час, і ўдзячная вольная Беларусь ушануе іх імёны. Я ўпэўнены што першыя пакаленні кіраўнікоў вольнай беларускай дзяржавы будуць складаць менавіта гэтыя людзі.

— Беларусы з надзеяй чакалі выхаду на волю рэальных лідараў беларускай апазіцыі. Ваша вызваленне вярнула надзею шматлікім прыхільнікам пераменаў. Што б вы ім зараз хацелі сказаць?

«Не спадзявайцеся на цудоўныя перамены самі сабой, на нейчую хваробу, смерць, на Трампа з ракетамі, на «Бога з машыны», які некалі з’яўляўся ў старажытнагрэчаскіх трагедыях і вырашаў усе праблемы. Не будзьце ждунамі. Усё прыйдзецца вырашаць самім. І неабходныя для гэтага рэсурсы ў нас ёсць. Задача ў тым, каб аб’яднаць усе гэтыя рэсурсы і эфектыўна скарыстацца імі. Я ўжо пісаў пра гэта. Магчыма мае прапановы падаліся некаму нерэалістычнымі, бо былі заснаваны на няпоўнай інфармацыі і не ўлічвалі папярэдні няўдалы досвед. Дык трэба думаць і працаваць, каб зрабіць іх рэальнымі. Бо іншага шляху да вызвалення і захавання нашай краіны ў нас няма. І я веру, што мы здолеем, што Беларусь будзе жыць», — заключыў Мікола Статкевіч.



Categories: Асобы, Асьвета, Гісторыя, Нацыя прачынаецца

Пакінуць каментар