Звычайныя земляныя працы мясцовых камунальнікаў прынеслі цікавую знаходку. У невялікай вёсцы Кароўка Віцебскага раёна з зямлі дасталі каменны крыж, які праляжаў там каля чатырох стагоддзяў. Зараз ён будзе захоўвацца ў Віцебскай ратушы.

Артэфакт быў выяўлены 30 сакавіка 2026 года падчас работ, якія «Віцебсквадаканал» праводзіў у вёсцы Кароўка Задубровенскага сельсавета, што непадалёк ад Суража. Натыкнуўшыся на каменны крыж, працаўнікі прадпрыемства звязаліся з гісторыкамі.
Ужо на наступны дзень, 31 сакавіка, артэфакт даставілі ў Віцебскі абласны краязнаўчы музей. Каб разгрузіць масіўную каменную глыбу, спатрэбіўся цэлы пад’ёмны кран. Гістарычную знаходку асцярожна паднялі з кузава грузавіка і апусцілі ў прыямак уваходу ў падземны паверх Віцебскай ратушы, у якой размяшчаецца музей.



На пярэднім баку знойдзенага крыжа можна разабраць груба выдзяўбанае імя нейкага Гарасіма Ігнатавіча — невядома кім быў гэты чалавек.
У ніжняй частцы крыжа выбіта дата, запісаная традыцыйнымі для таго перыяду кірылічнымі літарамі, на што недвухсэнсоўна ўказвае спецыяльны надрадковы знак — цітла. Першыя сімвалы чытаюцца даволі ўпэўнена: «҂АХ…». У старажытнай сістэме злічэння літара «А» са знакам тысяч азначае 1000, а літара «Х» адпавядае лічбе 600. Наступны сімвал, які паказвае дзясяткі гадоў, нагадвае альбо літару «Л» (трыццаць), альбо «М» (сорак). Апошнюю ж літару, якая адказвае за адзінкі, цяжка суаднесці са стандартнымі кірылічнымі лічбамі. Тым не менш, датаванне XVII стагоддзем не выклікае сумневаў.
Крыж быў пастаўлены літаральна за пару дзесяцігоддзяў ад крывавай вайны сярэдзіны XVII стагоддзя, калі расійскія войскі ператварылі ўсход Беларусі ў пустыню.
Пакінуць каментар