Дзе каранаваўся Міндоўг?

Пытанне аб месцы каранацыі Міндоўга — Наваградак, Кернаў ці Вільня — на працягу стагоддзяў застаецца прадметам навуковых дыскусій, заснаваных на супярэчлівых звестках позніх хронік. У новым выпуску падкаста «Magistra Svita налева пашыта» гісторык Цімох Акудовіч расказвае, чаму гэта наогул адбылося, хто і навошта даў карону невядомаму язычніцкаму князю з перыферыі Еўропы? Прыводзім асноўнае.

Фрагмент пячаткі, якую прыпісваюць Міндоўгу пад 1255 годам, з выявай караля на стальцы. Фота: Wikimedia Commons

Як даводзіць Акудовіч, каб зразумець, дзе і чаму каранавалі Міндоўга, трэба найперш убачыць вялікі палітычны кантэкст XIII стагоддзя — эпохі, калі Еўропа перажывала барацьбу папства і імперыі, а з усходу на яе насоўвалася мангольская пагроза.

Пагроза з Усходу

У цэнтры гісторыі, паводле Акудовіча, аказваецца Папа Інакенцій IV, якому даводзілася не толькі весці жорсткую барацьбу з імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрыхам II, але і шукаць адказ на зусім іншую пагрозу — мангольскае нашэсце. Пасля таго як ардынцы спустошылі Русь, уварваліся ў Польшчу, Венгрыю і Харватыю, у Еўропе ўсур’ёз загаварылі пра небяспеку для ўсяго хрысціянскага свету.

Першай спробай стаў дыпламатычны кантакт з самімі манголамі. Аднак яны ніякага выніку не далі. Манголы проста не зразумелі логікі Рыма: з іх гледзішча любое пасольства мусіла прыязджаць не з прапановамі, а з пакорай.

Тады Папа стаў шукаць на ўсходзе новых саюзнікаў сярод рускіх князёў, каб стварыць магутны мур з хрысціянскіх дзяржаў на ўсходзе. Пачаліся доўгія перамовы з адной галоўных фігур таго часу на Русі — галіцкім князем Данілам Раманавічам.

Папа абяцаў яму карону і крыжовы паход супраць манголаў у абмен на пераход у каталіцтва. Даніла манеўраваў: яму патрэбна было войска, а не проста тытул. Паралельна Інакенцій IV спрабаваў дамовіцца з Аляксандрам Неўскім, пераконваючы яго, што яго бацька перад смерцю нібыта прыняў каталіцтва.

Але пакуль рускія князі сумняваліся і выстаўлялі ўмовы, на палітычнай сцэне з’явіўся новы гулец.

Міндоўг: Чалавек, які змяніў правілы

У сярэдзіне XIII стагоддзя Міндоўг здолеў зрабіць немагчымае: аб’яднаць разрозненыя літоўскія плямёны і захапіць багатыя гарады Панямоння (Наваградак, Слонім, Ваўкавыск), якія знаходзіліся пад уладаю Данілы Галіцкага.

Гэта паставіла яго ў стан вайны з усімі суседзямі: адначасова супраць яго выступіў не толькі галіцка-валынскі князь, але і лівонскія рыцары, а таксама ўласныя пляменнікі.

Здавалася, што становішча Міндоўга безнадзейнае. Але менавіта тут ён праявіў сябе як вельмі гнуткі і хітры палітык. Ён прапанаваў мір свайму самаму лютаму ворагу — Лівонскаму ордэну. А падчас асабістай сустрэчы магістр ордэна Андрэас фон Штырланд прапанаваў язычніку Міндоўгу хрысціцца. За гэта магістр абяцаў здабыць каралеўскую карону для яго ад Папы. Міндоўг пагадзіўся.

Дэтэктыў з месцам каранацыі

У 1251 годзе Міндоўг, яго жонка Марта і двое сыноў былі ахрышчаныя. Пасля ў Рым накіравалі пасольства з просьбай пра карону. Інакенцій IV на здзіўленне лёгка пагадзіўся. Для Міндоўга і Марты вырабілі дзве кароны, а біскуп Гейнрых разам з прадстаўнікамі ордэна паехаў у Літву, каб здзейсніць каранацыю.

Хрышчэнне Міндоўга. Фрагмент карціны «Бласлаўлёны Віт». Невядомы мастак XVII ст. Фота: Wikimedia Commons

Дзе менавіта Гейнрых усклаў карону на галаву Міндоўга і яго жонкі Марты? У адзінай надзейнай крыніцы — «Лівонская рыфмаваная хроніка» — зусім няма згадак пра месца каранацыі.

Толькі праз 300 гадоў гісторык Мацей Стрыйкоўскі пачаў называць канкрэтныя гарады. Прычым сам сабе супярэчыў: у дзвюх сваіх паэмах ён пісаў пра Кернаў, а ў сваёй галоўнай працы — «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» — пра Наваградак.

Гісторыкі на падставе трох згадак у тэкстах Стрыйкоўскага выбудоўваюць дзясяткі розных версій, якія самымі рознымі спосабамі спрабуюць даказаць, што каранацыя прайшла ці то ў Наваградку, ці то ў Кернаве, ці то ў Вільні.

Адны даследчыкі спрабуюць аднавіць маршруты дэлегацый і вылічыць, дзе ім было зручней сустрэцца. Іншыя шукаюць археалагічныя сляды старых касцёлаў, зыходзячы з таго, што каранацыя мусіла адбыцца ў адпаведным храме. Трэція спрабуюць прывязаць падзею да таго горада, які лічаць тагачаснай сталіцай.

Але, як адзначае Акудовіч, пакуль што ні ў каго не атрымалася стварыць сапраўды моцныя версіі. Больш за тое, сам падыход можа быць памылковым. Па ягоных словах, месца каранацыі не мела ніякага сакральнага значэння. У тых умовах яна была найперш хуткай палітычнай аперацыяй.

Таму зусім не выключана, што абрад адбыўся не ў сталіцы і нават не ў вялікім горадзе, а проста там, дзе ў той момант сустрэліся ўсе патрэбныя ўдзельнікі.

Каранацыя Міндоўга. Гравюра з кнігі Л. Ходзькі «Палонія», 1824. Фота: Wikimedia Commons

Дзве кароны і канец казкі

Цікава, што поспех Міндоўга падштурхнуў Данілу Галіцкага, які ў снежні таго ж 1253 года нарэшце прыняў карону ў Дарагічыне (цяпер гэта маленькі гарадок у Польшчы на мяжы з Украінай).

Так у рэгіёне амаль адначасова паўсталі два новыя каралеўствы — Русі і Літвы. Пэўны час гэта нават выглядала як пачатак новай стабільнасці. Міндоўг і Даніла здолелі спыніць вайну, умацаваць мір і нават змацаваць яго дынастычным шлюбам сына Данілы і дачкі Міндоўга.

Але гэтая гісторыя хутка пайшла ў іншы бок. Папа так і не сабраў абяцанае войска супраць манголаў. У 1257 годзе манголы прымусілі Данілу ісці разам з імі вайной на Літву. Саюз рассыпаўся.

Унутры Літвы таксама закіпела. Пляменнік Міндоўга Транята, зацяты язычнік, падняў паўстанне супраць крыжакоў і разбіў іх у бітве пры Дурбэ ў 1260 годзе. Ён паставіў Міндоўгу ўльтыматум: альбо ты вяртаешся да багоў продкаў і ўзначальваеш язычніцкі рух, альбо губляеш уладу.

Міндоўг выбраў уладу. Ён публічна адрокся ад хрысціянства, аўтаматычна страціўшы права на карону ў вачах Еўропы. Праз некалькі гадоў, у 1263-м, Міндоўг і яго сыны-хрысціяне былі забітыя змоўшчыкамі.

Сучасная Літва адзначае Дзень дзяржавы 6 ліпеня — у дзень каранацыі Міндоўга. Але, па словах Акудовіча, гэта не дакладна вядомая, а сімвалічна выбраная дата. Дакладна вядома толькі, што каранацыя адбылася на працягу лета 1253 года.



Categories: Гісторыя

Пакінуць каментар