У роліку, выкладзеным у TikTok, мужчына, што называе сябе Дзмітрыем Аляксеевічам Жыгалёвым, называе справу «Чорных салаўёў» сфабрыкаванай, заўважыў «Белсат».

Следчыя з прозвішчамі Марковіч і Бублін, па словах мужчыны, ужывалі ў дачыненні да затрыманых падлеткаў катаванні — збівалі іх ды падносілі да галавы зброю. Праз такія метады маладзёнаў прымушалі сведчыць супраць іншых фігурантаў. Мужчына просіць адправіць справу на перагляд, а следчых, якія перавысілі паўнамоцтвы, — пакараць.
Дзмітрый Жыгалёў, хутчэй за ўсё, з’яўляецца бацькам Сяргея Жыгалёва, якому па згаданай справе прысудзілі 12 гадоў зняволення.
Увесну 2024 года прапагандысты паведамілі пра затрыманне семярых падлеткаў нібы за «супрацоўніцтва з украінскімі спецслужбамі».
Падлеткі нібыта аб’ядналіся ў «анархісцкую ячэйку «Чорныя салаўі» пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Украіны», каб ладзіць дыверсіі ў Беларусі і Расіі.
Сярод затрыманых — непаўналетнія навучэнцы каледжаў і школ розных гарадоў Беларусі. Стваральніцай суполкі ўлады называлі 16‑гадовую грамадзянку Украіны Марыю Місюк.
Таксама сярод затрыманых былі Трафім Барысаў, Сяргей Жыгалёў, Дзмітрый Захарошка, Анастасія Кліменка і Аляксандра Пуліновіч. Усіх падлеткаў абвінавачвалі ў «акце тэрарызму» (арт. 289 КК). Таксама ў фільме паказалі 18‑гадовага Даніілу Гарасіма, якога абвінавачвалі паводле трох крымінальных артыкулаў, сярод якіх «здрада дзяржаве» (арт. 356 КК).
Як расказала крыніца праваабарончага цэнтра «Вясна», пасля выхаду прапагандысцкага фільма яго паказвалі і ў іншых школах з мэтай застрашыць вучняў.
Аляксандры Пуліновіч тады прызначылі 10 гадоў і 3 месяцы, Марыі Місюк — 13 гадоў, Дзмітрыю Захарошку — 10 гадоў і 6 месяцаў, Трафіму Барысаву, Сяргею Жыгалёву — па 12 гадоў зняволення. Даніілу Гарасіму прызначылі 10 гадоў калоніі, а таксама штраф памерам 600 базавых велічыняў.
У лістападзе мінулага года Марыю Місюк вызвалілі падчас чарговай хвалі памілавання палітвязняў. Выказваліся меркаванні, што падчас памілавання, прымеркаванага да сёлетняга 8 Сакавіка, на свабодзе магла апынуцца і Аляксандра Пуліновіч, але доказаў гэтаму не з’явілася.
Categories: Нацыя Беларусы, Этнацыд беларусаў
Пакінуць каментар