Стала вядома, на каго рыхтавала палітычны замах міжнародная група, затрыманая ў Грэцыі і Літве

Башкірскі актывіст Руслан Габасаў, які цяпер жыве ў Літве, заявіў, што менавіта ён мог быць мэтай палітычнага замаху на жыццё, пра падрыхтоўку якога раней паведамілі літоўскія і грэчаскія СМІ.

Руслан Габасаў. Скрыншот з відэа

Раней літоўскія і грэчаскія медыя паведамлялі, што яшчэ ў мінулым годзе была выкрытая злачынная група, якая нібыта дзейнічала ў супрацоўніцтве з расійскімі спецслужбамі і рыхтавала забойства ў Літве. Меркаванымі цэлямі для іх называлі 46‑гадовага расійскага палітычнага ўцекача і аднаго літоўскага палітычнага дарадцу, але іх імёны не раскрывалася.

46 гадоў з тых расіян, якія жывуць у Літве, мае башкірскі актывіст Руслан Габасаў, і ён у запісаным відэа сам сцвярджае, што гаворка ідзе пра яго. 

Руслан Габасаў нарадзіўся ў 1979 годзе, паводле адукацыі гісторык. Актыўна займацца грамадскай і палітычнай дзейнасцю пачаў у пачатку 2010‑х гадоў. Разам з аднадумцамі стварыў арганізацыю «Башкорт» («Башкір»), якая займалася абаронай нацыянальных інтарэсаў башкіраў, у тым ліку пытаннямі мовы, экалогіі і прадстаўніцтва ў органах улады. У Расіі гэтую арганізацыю пазней прызналі экстрэмісцкай і забаранілі.

Габасаў актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і грамадскіх кампаніях. Ён выступаў за абавязковае вывучэнне башкірскай мовы, крытыкаваў улады Башкартастана і падтрымліваў экалагічныя ініцыятывы, напрыклад, супраць прамысловай распрацоўкі гары Куштау.

З-за ціску з боку ўладаў супраць яго неаднаразова заводзіліся крымінальныя справы, праводзіліся допыты і затрыманні. Сам ён сцвярджаў, што гэта было звязана з яго палітычнай дзейнасцю. У 2021 годзе ён пакінуў Расію, спачатку з’ехаў у Турцыю, а затым пераехаў у Літву, дзе папрасіў палітычны прытулак. У 2022 годзе гэты прытулак яму афіцыйна далі.

Пасля выезду за мяжу ён працягнуў актыўную дзейнасць: стаў адным з ініцыятараў розных міжнародных платформаў, звязаных з ідэямі дэцэнтралізацыі Расіі і правамі народаў. У той жа час у Расіі супраць яго завялі новыя справы, у тым ліку па абвінавачанні ў экстрэмізме, і ўнеслі ў спіс «замежных агентаў». Таксама ў Расіі затрымлівалі яго сваякоў.



Categories: Зьнешнія адносіны, Нацыя

Пакінуць каментар