Этнацыд беларусаў: На Брэстчыне ліквідавалі ўсе грэка-каталіцкія парафіі

У Вярхоўным судзе Беларусі 9 красавіка прайшло пасяджэнне па разглядзе скаргі грэка-каталіцкай парафіі ў Брэсце на рашэнне Брэсцкага абласнога суда аб ліквідацыі парафіі. На жаль, скаргу не задаволілі — прынята канчатковае рашэнне аб пазбаўленні супольнасці рэгістрацыі як рэлігійнай арганізацыі, піша Katolik.life.

У Брэсцкай вобласці ліквідавалі ўсе грэка-каталіцкія парафіі

Пра гэта даведаліся вернікі, але ні структуры Каталіцкай царквы, ні дзяржаўныя органы не паведамлялі пра ліквідацыю парафіі Святых Братоў Апосталаў Пятра і Андрэя ў Брэсце.

Больш за тое, рашэннем мясцовых уладаў была ліквідаваная таксама грэка-каталіцкая парафія Святых Кірылы і Мяфодзія ў Баранавічах. Разам з парафіяй у Івацэвічах, якая раней не прайшла перарэгістрацыю, агулам ліквідаваныя ўсе тры рэлігійныя арганізацыі грэка-каталікоў (уніятаў) у Брэсцкай вобласці.

Сітуацыя супольнасцяў у Брэсце і Баранавічах асаблівая. Калі парафія ў Івацэвічах, як і многія рыма-каталіцкія супольнасці, не прайшла перарэгістрацыю ў 2025 годзе і падала заяву аб ліквідацыі арганізацыі, то ў гэтым выпадку працэс ліквідацыі адбываўся праз суд.

Падрабязнасці вернікам не вядомыя. Але выглядае так, што супольнасці былі нязгодныя з ліквідацыяй, таму такія рашэнні прынялі мясцовыя ўлады, а вернікі абскарджвалі гэтыя рашэнні ў судзе.

Дакладная афіцыйная прычына ліквідацыі невядомая, аднак у адным з рашэнняў вернікі заўважылі фармулёўку пра быццам бы «пагрозу нацыянальным інтарэсам».

Скаргу падавала і парафія ў Баранавічах, але вынік вернікам невядомы — хутчэй за ўсё, таксама была атрыманая адмова. Цяпер супольнасць удзельнічае ў рыма-каталіцкіх імшах у касцёле.

Пасля ліквідацыі арганізацый грэка-католікі не могуць арганізоўваць службы ў візантыйскім абрадзе і збірацца самастойна на малітву ў сваіх храмах. Пытанне з маёмасцю парафій пакуль вырашаецца — верагодна, давядзецца рэгістраваць будынкі храмаў на прыватных асобаў.

Наколькі вядома вернікам, грэка-каталікі Брэсцкай вобласці спадзяюцца, што будзе дасягнута дамоўленасць служыць літургіі ў візантыйскім абрадзе ў мясцовых каталіцкіх храмах. І не страчваюць надзею, што ў будучыні змогуць наноў зарэгістраваць парафіі.

Адметна, што такія працэсы адбыліся пры новым Апостальскім нунцыю (дыпламатычным прадстаўніку) Ватыкана ў Беларусі арцыбіскупе Іньяцыё Чэфаліа (на галоўным фота), які сам з’яўляецца грэка-католікам — святаром візантыйскага абраду Італа-албанскай Каталіцкай царквы.



Categories: Гісторыя, Культура, Мараль, Нацыя, Рэлігія, Этнацыд беларусаў

Пакінуць каментар