У артыкуле зьвяртаецца ўвага на, прынятую за дадзеную, праблему разьмежаваньня беларускага грамадзтва паводле фактару сьвядомасьці. Агляд тэмы пачынаецца з прадстаўленьня таго, як сьвядомыя і несьвядомыя кампанэнты псыхікі інтэрпрэтуюцца з пункту гледжаньня псыхааналізу і навукі ў цэлым. Аўтар абгрунтоўвае ўвядзеньне тэрміну “сьвядаміт”, прадстаўляе сваё бачаньне існуючага падзелу і агаворвае пагрозы зьвязаныя з ім.
Сьвядомасьць і навука
Бадай самым цікавым і адначасна найменш дасьледаваным фэнамэнам сучаснага беларускага жыцьця зьяўляецца, тое што для патрэбаў гэтага аналізу я буду называць тэрмінам „сьвядаміцтва”. У гэтым кантэксьце, пад сьвядаміцтвам маецца на ўвазе набор перакананьняў і ўяўленьняў пра сьвет з пункту гледжаньня так званага „сьвядомага беларуса”. Мэтай артыкулу не ёсьць прадстаўленьне гісторыі стварэньня ці выяўленьня першакрыніцы гэтага эпітэту, або фактараў якія паспрыялі ягонай пашыранасьці ў грамадзтве, але апісаньне пагрозаў зьвязаных з разьмежаваньнем беларусаў на „сьвядомых” і „несьвядомых”.
Негледзячы на беспрэцэдэнтны ў гісторыі прагрэс, навука так і не здолела, а некаторыя навукоўцы сьцьвярджаюць, што ніколі не здолее адказаць на пытаньне, чым ёсьць сьвядомасьць. Нават такая інтэрдысцыплінарная навука як нэўрабіялёгія, якая змагла прыадкрыць пэўныя таямніцы працы мозга чалавека, у сутыкненьні з агульнай мэтапарадыгмай апынулася цалкам бездапаможнай. Не дасягнутая таксама згода, што да правядзеньня мяжы паміж сьвядомасьцю і несьвядомасьцю. Сьвядомасьць можа быць інтэгральнай часткай несьвядомасьці, можа судакранацца з ёй у адным абшары і быць незалежнай у іншым, або абыдва станы могуць быць ад сябе незалежныя цалкам. Відаць найбольш пашыраная схема розуму чалавека належыць аўтарству пачынальніка псыхааналітыкі Зыгмунту Фройду. Людзкі розум прадстаўлены тут у выглядзе айсбэргу.
Тая частка айсбэргу якая бачная над паверхняй вады гэта сьвядомае. Гэта таксама найменшая частка, якая займае ўсяго ад 5 да 10 адсоткаў усёй псыхікі. Астатнія дзьве часткі ледзяной гары знаходзяцца пад вадой. Падсьвядомае, якое знаходзіцца адразу пад паверхняй вады ахоплівае ўспаміны і веды, якія могуць лёгка пераносіцца ў сфэру сьвядомага. Гэта прыблізна ад 10 да 15 адсоткаў розуму. Глыбока пад вадой знаходзіцца самая вялікая частка (75 – 80 адсоткаў) – несьвядомае розуму чалавека, якая зьмяшчае ў сабе боязьні, сарамлівыя досьведы, непрымальныя сэксуальныя жаданьні і г.д. Фройд вызначае тры аспэкты асабовасьці чалавека: id (яно), ego (я) і superego (над я). Сярод іх ego і superego дзейнічаюць на ўсіх трох узроўнях бачнага і нябачнага, у той час як id дзейнічае выключна на найбольш „найглыбейшым” узроўні псыхікі і выражаецца ў несьвядомых, інстынктыўных памкненьнях. Але што такое само сьвядомае і несьвядомае?
Тэрмін сьвядомасьць адносіцца да некалькіх станаў і звычайна выступае ў апазіцыі да несьвядомасьці (некаторыя замест гэтага памылкова выкарыстоўваюць тэрмін „падсьвядомасьць”), але мяжа паміж адным і другім станам вельмі ўмоўная, часта супярэчлівая з рэчаіснасьцю і фактамі. Так напрыклад, станам сьвядомасьці лічыцца прабуджэньне. Чалавек абуджаны – сьвядомы, а чалавек які сьпіць адпаведна – несьвядомы. Цікава што да зьяўленьня фэнамэну сьвядаміцтва беларускія песьняры апэлявалі якраз да абуджэньня нацыі: „Ад веку мы спалі і нас абудзілі”, „Прачынайся! Браток Беларус!/зноў Радзіма зняслаўлена, ў кратах”, „Спаў народ, і ты спала, і ворагі верылі,/Што ніхто не разбудзіць цябе, што заснула навек.” Аднак мы ведаем, што калі чалавек сьпіць яму могуць сьніцца сны і ў гэткім разуменьні чалавек зьяўляецца сьвядомым. Адзіная розьніца ў тым, што ў стане сну чалавек несьвядомы сьвету вонкавага, але надалей сьвядомы сьвету ўнутранага. Такім чынам сьцьвярджэньне, што сьпячы чалавек несьвядомы разыходзіцца з праўдай.
Іншы аспэкт сьвядомасьці – гэта канцэнтрацыя, то бок здольнасьць засяроджаньня на нейкім матар’яле або чыннасьці. Гэты падзел таксама вельмі невыразны і яго ўмоўнасьць добра ўсьведамляе той, хто чытаючы кніжку, хоць раз аддаліўся думкамі ад яе зьместу, прытым фармальна не перастаўшы чытаць літараў/словаў/сказаў. Тое самае выдатна ўсьведамляюць кіроўцы, якія езьдзяць на доўгія адлегласьці. Пасьля некалькі гадзінаў язды, спраўны кіроўца пераходзіць у стан лёгкай несьвядомасьці, ці скажам мінімальнай сьвядомасьці, якая дазваляе пры невялікай канцэнтрацыі працягваць бясьпечны рух да мэты.
Чарговая праява сьвядомасьці гэта духоўнасьць. Яна зьяўляецца ці не самай суб’ектыўнай з вышэй прадстаўленых, паколькі адносіцца да пытаньня веры ў яе розных ўвасабленьнях. Хтосьці можа лічыцца сьвядомым, або несьвядомым існаваньня бога ці рэінкарнацыі, але паколькі існаваньне ні аднаго ні другога ніколі не было даведзенае, ані зрэшты як і аспрэчанае, то быць цалкам сьвядомым, як і цалкам несьвядомым у гэтым пляне немагчыма. Існуе таксама шэраг памежных вераваньняў і суб’ектыўных разуменьняў той ці іншай догмы. Гэты аспэкт апазіцыі паміж сьвядомасьцю/несьвядомасьцю гэтаксама размыты і недастаткова аргумэнтаваны як падзел на сьвядомых людзей і несьвядомых жывёлаў/расьлінаў. Навуковыя дасьледваньні ўсё часьцей даводзяць пра існаваньне большай, ці меншай сьвядомасьці, як адных так і другіх. Адпаведна навука таксама ўсё часьцей, перад тэрмінам сьвядомасьць аддае перавагу тэрмінам ўсьведамленьне ці здольнасьць адчуваньня.
Адсюль вынікае, што падзел беларусаў на сьвядомых і несьвядомых сам у сабе не толькі надзвычай супярэчлівы, але таксама, з прычыны сваёй суб’ектыўнасьці, вельмі небясьпечны. Асабліва калі ўлічыць, што ў спрошчаным варыянце сьвядаміцтва гэта „адзіная правільная форма беларускасьці”. Сьвядомымі прынята лічыць адукаваных (прынамсі ў пэўных пытаньнях) беларусаў, якія не толькі ведаюць адзіную правільную гісторыю (хаця як вядома адзінай гісторыі не бывае), разумее сёньняшнюю сытуацыю ў краіне (адпаведна займае нонканфармісцкую пазыцыю) і мае пэўнае бачаньне будучыні (гэты аспэкт сьвядаміцтва дзеля аб’ектыўных прычынаў якраз найбольш размыты). Адсюль вынікае чарговая супярэчнасьць такога падзелу, паколькі выдзеленая тут рацыянальнасьць становіць толькі частку розуму. Апрача мысьленьня на розум складаюцца або недаацэненыя, або цалкам не ўлічаныя: памяць, уяўленьне, эмоцыі, пачуцьці, інтуіцыя, чульлівасьць і ўспрыманьне. Беручы гэта пад ўвагу, можна ўпэўнена сьвярджаць, што адзінай сьвядомасьці ў прыродзе не бывае, не кажучы ўжо пра тое, што мысьленьне таксама залежыць, часам кагэгарычна, ад стану ведаў і шэрагу іншых размаітых фактараў. Але пакінем тэорыю і прыгледзімся праблеме менавіта беларускага сьвядаміцтва.
Сьвядаміцтва і Беларусь
Тое, што беларускае грамадзтва дзеліцца на сьвядомых і несьвядомых гэта аксіёма. Пра факт, што сьвядомыя ў сваю чаргу дзеляцца на два абозы ведаюць ужо не ўсе. Вельмі ўмоўна (з прычыны размытасьці мяжы паміж аднымі і другімі) сьвядамітаў можна падзяліць на „культурніцкіх” і „палітычных”. Першыя і другія належаць, фармальна ці нефармальна, да так званай апазіцыі, і поплеч змагаюцца з пануючай сыстэмай. Аднак прыярытэты ў двух абозах розныя, а часам нават супярэчлівыя. Калі казаць найбольш агульна, то культурніцкія сьвядаміты змагаюцца за беларускую культуру, а палітычныя за дэмакратыю. Дадаткова ў кожнай групе пануе мноства іншых падгрупаў і ідэйных антыномій.
Гэтак культурніцкія сьвядаміты змагаюцца за беларускую мову, бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня. Прытым, значная частка групы якая змагаецца за мову робіць гэта пад іншым сьцягам і гербам, напрыклад працуючы ў дзяржаўных выданьнях, але пры гэтым „сьвядома” папулярызуючы беларускую мову. Частка культурніцкіх сьвядамітаў выступае за вяртаньне нацыянальнай сымболікі, але не валодае беларускай мовай, ці не надае ёй прыярытэтнага значэньня. Разыходжаньні і спрэчкі наконт формаў, ці спосабаў адраджэньня/захаваньня мовы ўнутры групы, якая канцэнтруецца на праблеме мовы гэта наогул тэма на асобны артыкул.
Абоз палітычных сьвядамітаў яшчэ менш аднародны. Тут пануе некалькі падгрупаў, якія аддаюць перавагу тым ці іншым аспэктам: дэмакратыя, свабода, незалежнасьць, правы чалавека. Апрача таго, што ўсе гэтыя аспэкты вельмі неакрэсьленыя (не бывае напрыклад адзіных правоў чалавека, ці ўнівэрсальнай формы дэмакратыі), то праблему падзелаў на падгрупы дадаткова паглыбляюць ідэі формы іх рэалізацыі, а таксама падзелы палітычная. Гэтак палітычныя сьвядаміты дзеляцца на праэўрапейскіх і прарасейскіх, камуністаў і сацыял-дэмакратаў, лібералаў і кансэрватыстаў і г.д.
Абыдзьве групы сьвядамітаў шчыльна супрацоўнічаюць у тых аспэктах, якія аб’ядноўваюць большасьць з іх, альбо там дзе прынамсі дасягнутыя пэўныя кансэнсусы: бел-чырвона-белы сьцяг і свабода. Аднак падзелы становяцца заўважнымі, а з часам нават паглыбляюцца ў пытаньнях у якіх поўнай згоды няма. Да такіх праблемаў можна аднесьці праблему статусу беларускай мовы. Калі большасьць сьвядамітаў пагаджаецца, што беларускую мову трэба патрымліваць, то пытаньне формы рэалізацыі такой падтрымкі застаецца спрэчным. Асабліва гэтае пытаньне грызецца з ідэалістычным разуменьнем дэмакратыі, у якой большасьць насельніцтва краіны, прынамсі на сёньняшні дзень, усё такі аддае перавагу мове расейскай. Культурніцкія сьвядаміты гатовыя ахвяраваць дэмакратыяй у пытаньні адраджэньня мовы, а палітычныя ўжо сёньня заяўляюць што такога быць не можа. Тое ж тычыцца пакараньня сьмерцю, правоў сэксуальных мяншыняў, ці эўраінтэграцыі. У дадзенай палітычна-культурніцкай сытуацыі абыдзье групы ўмоўна змагаюцца за адно, але пасьля падзеньня сыстэмы няўхільна апынуцца па розных баках барыкадаў. Відавочна, што тэрмін „сьвядомы беларус” залежыць ад інтэрпрэтацыі, але паспрабуем бліжэй прыгледзецца менавіта яго першапачатковай, „культурніцкай” разнавіднасьці.
Сьвядаміцтва і культура
У культурніцкім абозе сьвядамітаў пануе перакананьне, што „сапраўдны” беларус мусіць гаварыць па-беларуску. Аднак з прычыны, як ужо было выказана раней, на немагчымасьць дасягненьня ідэалягічнай цэласнасьці, разуменьне канцэпту падвергнутае шэрагу схематычных спрашчэньняў і супярэчнасьцяў. Элемэнт, які выносіцца на першы плян у кожнай падгрупе звычайна падаўляе, або цалкам ігнаруе іншыя складнікі сьвядомасьці. Адсюль вялікая частка моўных сьвядамітаў перакананая, што беларусам зьяўляецца кожны той, хто авалодаў беларускай мовай хоць у нейкай ступені. Такія аспэкты як дасканаласьць валоданьня мовай, ці сацыялінгвістычныя праблемы ўжываньня мовы звычайна выштурхоўваюцца на пэрыфэрыю дыскурсу. Гэтая падгрупа, зза нерацыянальнасьці свайго разуменьня, дагэтуль не выпрацавала напрыклад інтэрпрэтацыі факту вывучэньня мовы з мэтай выведкі, або з прычыны нейкіх іншых, варожых памкненьняў. Гэтак сярод моўных сьвядамітаў пануе поўная разгубленасьць, калі чалавек па-беларуску выказвае ідэалягічна варожыя з пункту гледжаньня беларускай ідэі меркаваньні. Калі ж ранейшы вораг пераходзіць раптам на беларускую мову, то моўныя сьвядаміты ўспрымаюць гэта ў катэгорыях рэлігійнага навяртаньня на адзіны, сапраўдны шлях. Напрыклад, калі моўны сьвядаміт, хрысьціянін чуе як чалавек па-беларуску выказвае сатаністычныя погляды, то несьвядомая частка яго розуму рэпрэсуе/падаўляе выказваньне такім спосабам, што сьвядомасьць успрымае і інтэрпрэтуе гэтае выказваньне як станоўчае. Адпаведна калі вернік хрысьціянін, належыць да падгрупы палітычнай, то ўспрыме гэта хутчэй адмоўна. У некаторых выпадках гэта можа нават адбіцца на патрэбе пераканструяваньня сваіх вартасьцяў, што можа прывесьці да больш адмоўнага стаўленьня да беларускай мовы.
Іншы аспэкт унутранага падзелу можна праілюстраваць на прыкладзе палітычнай сьвядомасьці моўных сьвядамітаў. Сапраўдны водападзел больш за ўсё заўважны ў дэфініцыі панятка народ, што ў клясычным разуменьні адносіцца да продкаў (дзядоў), нас (сучасьнікаў) і нашчадкаў (будучых пакаленьняў), але сярод значнай часткі сьвядамітаў асацыюецца са спрошчаным паняткам „насельніцтва”, то бок людзі „тут і цяпер”. Адпаведна, беларусам можа стаць кожны, хто гатовы прыняць пэўныя догмы, што найчасьцей зводзіцца да вывучэньня беларускай мовы. Прадстаўнікі гэтай падгрупы звычайна не прымаюць да ведама існаваньня канфліктаў, якія не вынікаюць з моўнай праблематыкі, альбо інтэрпрэтуюць іх выключна праз прызму мовы. Такім чынам для моўнага сьвядаміта, беларускім пісьменьнікам можа стаць кожны хто піша па-беларуску, а для сьвядаміта дэмакрата, беларускі пісьменьнік кожны той хто сам сябе да гэтае групы адносіць, незалежна ад працоўнае мовы такога літаратара.
З гэтым таксама шчыльна зьвязаны падыход моўных сьвядамітаў да прамоцыі мовы, які ўсё часьцей адыходзіць ад нацыянальнай рэторыкі і замест апэляваньня да „мовы дзядоў”, апэлюе да „моды”. Натуральна, што ў такім разуменьні, сьвядома ці несьвядома, ігнаруецца факт хуткаплыннасьці кожнае моды. Парадаксальна, мода выступае тут як вартасьць пастаянная, то бок мода якая ніколі не мінае, не мяняецца. Ад гэтае падгрупы мы часта можам пачуць „беларуская мова модная”, „у Менску модна гаварыць па-беларуску”, „беларускамоўная рэкляма зараз у модзе” і г.д. Згодна са спэцыфікай уласьцівай таму, што зьяўляецца модным, гэтая падгрупа мае рысы тыповыя для кожнай субкультуры, і што з гэтага вынікае – субкультурны мэнталітэт. Мова тут выступае як фактар адметнасьці, то бок таго што вылучае з натоўпу. У якасьці процілеглага разуменьня гэтае праблемы, варта працытаваць верш Ларысы Геніюш: „Гаварыць па-беларуску — гэта модна./Мовы маці, кажуць, не забыць./Для мяне ж гэта не модна, толькі родна —/гэта так, як піць, як есць, як жыць…”
Суровая іерархізацыя прыярытэтаў і няўхільная тэндэнцыя да спрашчэньня кожнае праблемы вядзе да пэўных пагрозаў. Добра вядома, што ў абліччы небясьпекі, падсьвядомасьць пачынае рэагаваць значна раней за сьвядомасьць. Прыйшоў час, каб бліжэй прыгледзецца небясьпецы, якая вынікае якраз з падзелу на сьвядомых і несьвядомых, у кантэсьце фэномэну аўтаматызацыі і падаўленьня сьвядомага.
Сьвядаміцтва і небясьпека
Возьмем на разгляд клясычны прыклад пра кінапраекцыю фільма. Гледзячы фільм людзі сьмяюцца, плачуць, перажываюць, хвалюцца, жахаюцца і ў залежнасьці ад якасьці прадукцыі ў той ці іншай ступені паглыбляюцца ў тое, што „адбываецца на экране”. Звычайна мы забываем пра тое, што кожны фільм гэта звычайны струмень сьвятла, які праектуецца на вялікі экран кінатэатра. Акторскую ігру, па законах канвэнцыі, мы адпаведна ўспрымаем як штосьці, што „сапраўды” адбываецца, і таму гатовыя з эмпатыяй рэагаваць на боль, сьмерць, шчасьце, ці смутак герояў. Натуральна, што ў такой сытуацыі, сьвядомае падаўляецца на карысьць несьвядомага. Без гэтага ўменьня „адключыцца” глядзеньне фільму было б цалкам немагчымым. Кожная асоба складаецца са сьвядомага і несьвядомага, але ідэалягічны сьвядаміт змушаны да няспыннага падаўленьня несьвядомага. І хоць ён так як і ўсе астатнія можа адключыць сьвядомасьць і атрымаць асалоду ад улюбёнага фільму, то ў сытуацыі, якая вымагае ад яго ідэялягічнай паставы ён нездольны адключыць сьвядаміцкае мысьленьне і адпаведна ня бачыць большасьці праблемаў, якія хаваюцца ў несьвядомым. У выніку, парадаксальна ён становіцца больш несьвядомым за несьвядомага, таму што ігнаруе існаваньне 90-95 адсоткаў падсьвядомага і несьвядомага свайго розуму. Няўменьне рэпрэсаваць у сабе сьвядомае робіць яго зацыкленым на працэсе і адпаведна сьляпым на праблемы несьвядомасьці. Адсюль кожнай форме сьвядаміцтва ў той ці іншай ступені ўласьцівае перавядзеньне рацыянальнага ў ірацыянальнае і наадварот.
Уменьне рэпрэсаваньня/падаўленьня несьвядомасьцю сьвядомага дазваляе чалавеку фунцыянаваць у грамадзтве. Падаўленьне ўвагі да кожнага колеру, гуку, і формы атачэньня дазваляе кіроўцу бясьпечна кіраваць транспартным сродкам. Вытворца гарэлкі з непадаўленай сьвядомасьцю таго, што ягоная праца павольна забівае тысячы людзей мусіў бы, або кінуць сваю працу, або ўчыніць самагубства. Калі б падаўленьне сьвядомага было парушанае, чалавек ня быў бы здольны не тое, што выконваць складаныя, тэхнічныя апэрацыі, але нават базавыя чыннасьці сталіся б для яго цалкам недасягальныя. Гэта добра відаць на прыкладзе пацыентаў з нэўрозам назойлівых станаў, якія характэрызуюцца фіксацыяй на пэўных элемэнтах, што часта не дазваляе ім весьці нармальны лад жыцьця.
Фіксацыя на штучным падзеле на сьвядомых і несьвядомых вядзе да спасьцераганьня іншага боку як замбаваных, несьвядомых прадстаўнікоў горшага гатунку – падыход, які блякуе якую-кольвечы пэрспэктыву дыялёгу. У гэтым пляне, менавіта сьвядаміцтву ўласьцівыя шматлікія рысы сэктанцкага мысьленьня. Напрыклад, сярод сьвядамітаў пануе звычай апавяданьня сваёй гісторыі „навяртаньня” да беларушчыны, якая тут выступае ў якасьці веры, то бок аповеды пра тое „як я стаў беларусам” (бо ў іх разуменьні беларусамі не нараджаюцца а становяцца), „калі я пачаў гаварыць па-беларуску”, „як беларуская мова зьмяніла маё жыцьцё”. Апрача гэтага, адэпты сьвядаміцтва гатовыя ўспрымаць звычайных беларусаў як ворагаў і акупантаў, пры гэтым часта называючы іх цёмнымі, адсталымі і „несьвядомымі”.
У рэчаіснасьці, сярод „несьвядомых” часта сустракаюцца таленавітыя творцы, клапатлівыя суседзі, выдатныя гаспадары і знаўцы сваёй справы, якіх ніякім чынам, не магчыма аднесьці да ахвяраў прамываньня мазгоў ці прадстаўнікоў ідэалягічнага мысьленьня. Карыстаючыся намэнклатурай Фройда іх „несьвядомасьць” не мусіць быць вынікам падаўленьня ida (яго), пра што амаль заўжды перакананыя сьвядаміты, а таму іх стан не вымагае інтэрвэнцыі/дапамогі з боку сьвядамітаў. Не зважаючы на гэта, сьвядаміт заўжды перакананы ў тым, што мусіць „несьці сьвятло”, „асьвячаць” і „асьведамляць”. У гэтым сэнсе сьвядаміцтва каардынальна адрозьніваецца ад пазбаўленай ідэалёгіі адукацыі, якая вучыць людзей мысьліць, а не насаджае адну нерацыянальную сыстэму каардынатаў замест другой. Больш за тое, кожная рацыянальная сыстэма адукацыі бярэ ва ўлік існаваньне ў чалавеку яго нерацыянальнага складніка.
Сьвядаміцтва гэта той тып шчасьця, які некаторыя навукоўцы называюць сьвядомасьцю мядовага месяца. Мядовы месяц тут выступае як мэтафара пэрыяду у якім, з прычыны павышанай сьвядомасьці, усе чыннасьці выконваюццца з асаблівай увагай і асьцярожнасьцю. Як толькі мядовы месяц мінае і саступае месца прозе жыцьця, сьвядомае зьмяшчаецца на карысьць несьвядомага, пачынаюцца першыя канфлікты, разчараваньні і прастрацыі. Жыцьцё ж гэта цэлы айсбэрг, а не толькі бачная (сьвядомая) з карабля верхавіна. Дзеля таго каб пасьля мядовага месяца не разчаравацца прозай жыцьця, трэба памятаць пра тое, што кожны чалавек складаецца як са сьвядомага, так і з несьвядомага.
Categories: Культура, Нацыя Беларусы
Задумаўшыся аб характары тэрміну “сьвядаміт”, няцяжка заўважыць штучнае прыніжэньне сэнсу панятку алюзыямі канструкцыі, бо пазнака сьвядомага чалавека словам наўзор прыхільніка садомеі – садаміта, стварае жаргонны сэнс сьвятому панятку сьвядомасьці. Такім шляхам зьнішчалася сьвятасць паняткаў “патрыёт”, “айчына”, “мама” (вашу маць), “прысяга”. Першым такой тактыкі сягнуў ня Воранаў, а Лукашэнка (памятаеце ягоныя публічныя сэнтэнцыі “эці сьвядомыя”, “эці беларускамоўныя”, а што ён зрабіў з гэрбам і сьцягам, якім прысягаў у вернасьці?). Ці варта было разьвіваць гэтую тэндэнцыю дэсакралізацыі базісных паняткаў? Чаму гэта практыкуецца толькі ў асяродку “апушчаных імпэрыямі” сацыяльных групаў? Але аўтар, які падтасоўвае нават навуковую базу пад дэсакралізацыю, мусіць задумацца, каму ён прыслогоўвае такім спосабам. Бо рэальна няма ніякага “сьвядаміцтва”. Ёсць сьвядомае жыцьцё і быдлячае. Другое прасьцей, таму для некага й прывабней.
Шаноўны сп. Вітаўт. Перш за ўсё хачу падзякаваць за ўдумлівы камэнтар. Згодны з вамі, што пост-мадэрнізм (прынамсі ў яго літаратурна-крытычным выданьні) і іншыя сучасныя павевы маюць на мэце размыцьцё, аслабленьне і ўрэшце зьнішчэньне пэўных базавых паняткаў. Аднак я не схільны, як вы, ставіць знак роўнасьці паміж сьвядомым і сьвятым. Цікава было б абмеркаваць гэта з вамі пры наступнай сустрэчы.