Ключавыя словы: стан мовы, мадэлі існаваньня мовы
Агульная мова, якой карыстаецца насельніцтва дзяржавы, з’яўляецца адной з галоўных характарыстык нацыі. У значнай ступені, менавіта ад вырашэньня гэтага пытаньня, ці загавораць беларусы па беларуску, залежыць не толькі канчатковае станаўленьне беларускай нацыі і магчымасць рэальнага будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, але і суверэнітэт РБ. Сёньня гэтае пытаньне для многіх беларусаў вельмі балючае і крыўднае.
Старабеларуская пісьмовая мова ВКЛ трансфарміравалася ў сучасную літаратурную мову ў канцы 19-га пачатку 20-га стагоддзяў. Гэта магло б адбыцца крыху і раней, аднак у Садружнасьці беларуская шляхта карысталася польскай мовай, мовай дамінуючай культуры, і хіба што дазваляла сабе размаўляць на тутэйшай мове з сялянамі. А апошнія два стагоддзі на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў гарадах, а пазьней і ў мястэчках запанавала руская мова. Але нават двух кароткіх перыядаў беларускага адраджэньня (20-я – 30-я гады і 1991-1994 гады мінулага стагоддзя) было дастаткова, каб беларусы пачулі прыгажосьць і ўсьвядомілі адметнасьць нашай Мовы.
Аднак сёняшні стан беларускай мовы нават значна горшы, чым пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў 1991 годзе, і выклікае вялікую трывогу. Нашы суседзі і гістарычныя партнёры Польшча і Літва цвёрда ўсталяваліся як сучасныя нацыі; Беларусь, знаходзячыся пад ціскам Расіі (мова, культура, масс-культура), мае вельмі кепскую сітуацыю, што да самаідэнтыфікацыі як нацыі. Нацыі-імперыі ў мінулым выкарыстоўвалі палітыку «афіцыйнага нацыяналізму: мад’ярызацыю, япанізацыю, русіфікацыю», каб узаконіць свае прэтэнзіі на нацыянальнае права і ідэнтычнасьць, і прыхаваць разыходжаньні паміж нацыямі і каралеўскімі дынастыямі (B. Anderson). Нейкім чынам, русіфікацыя, якая пачалася 200 год таму назад, працягваецца на Беларусі да гэтага часу.
Ці адчувае сябе беларус беларусам мацней, чым гэта было 20 год таму назад? Калі не, то што за насельніцтва пражывае на тэрыторыі Беларусі? У чым можна назіраць праявы беларускай нацыі – у масавым выдавецтве беларускай літаратуры, у развіцьці беларускага кіно, у беларускім школьніцтве і студэнцтве? Якія вынікі ў станаўленьні і развіцьці сучаснай беларускай нацыі мы маем за апошнія 20 год?
-
Развіцьцё беларускай мовы – мовы карэннай нацыі, праўдзівае паданьне старажытнай гісторыі і культуры не з’яўляюцца прыярытэтам дзяржавы.
-
Дзяржаўныя чыноўнікі і абсалютная большасць гарадскіх жыхароў ужывае толькі рускую мову, што вядзе да вынішчэньня рэшткаў беларускасьці ў краіне.
-
У 2009 г. асноўнай мовай зносінаў 70% беларусаў назвалі расейскую мову, беларускаю мову ўжывае дома ўсяго 23% насельніцтва. Доля беларусаў, якія Мову назвалі роднай значна знілізася, з 73.6% у 1999 г. да 53.2% у 2009 г.
-
У Мінску толькі 2% школьнікаў навучаецца ў беларускіх класах, а па ўсёй краіне толькі 19%. Паводле Таварыства беларускай школыў Магілёве, у адзінай на ўвесь абласны цэнтар беларускай клясе, на роднай мове навучаецца толькі адна дзяўчынка (Радыё “Свабода”, 27 сьнежня 2012). Тое ж самае прыблізна назіралася ў Гародні перад пачаткам 2012-2013 навучальнага году.
-
Выкладаньне гісторыі ў школах і універсітэтах базуецца на кароткай гістарычнай памяці, звязанай з Вялікай Айчыннай вайной і акупацыяй Заходняй Беларусі Польшчай. Старажытная і сярэднявечная гісторыя краіны рэвізавана па савецкаму тыпу (а раней падавалася па расейскаму тыпу).
-
У савецкія часы, у 1970 годзе, агульны тыраж беларускамоўных кніг складаў 9 мільёнаў асобнікаў альбо 40%, рускамоўных — 16 мільёнаў (60%) (Радыё «Свабода», 13 сьнежня 2007). У 2012 годзе, за 9 месяцаў, агульны наклад быў амаль такім жа, 25.3 мільёны, але на беларускай мове было надрукавана толькі 3.4 мільёны кніг, альбо 13.5%, і 81.5% – на рускай мове (В. Ругайн, ЕўраРадыё, 13.11.2012). Г.зн., што доля кніг на роднай мове знізілася за апошнія 40 год у тры разы?!
-
Патрыятычныя сілы не маюць агульнай стратэгіі, скіраванай на супольную працу ў станаўленьні беларускай нацыі. Адсутнічае нават жаданьне крытычна ўспрымаць вынікі сацыялагічных апытаньняў праведзеных НДІСД праф. Манаева. Спробы сцвярджаць, што дзякуючы актыўнай дзейнасьці апазіцыі адбыўся байкот апошняй выбарчай кампаніі (хаця б у Мінску), ні чым іншым як самападманам не з’яўляюцца. Да таго ж, улада мае сёньня моцны рэпрэсіўны апарат і, пасьля 19 сьнежня 2010 года, патрыятычныя сілы апынуліся разгромленымі. Шмат хто быў вымушаны пакінуць Радзіму. Нацыянальна-патрыятычныя сілы адціснуты аўтакратамі неа-савецкага тыпу далёка на край будаўніцтва дзяржавы, і не нацыянальнай дзяржавы, а дзяржавы цывільнай.
-
Інфармаванасьць насельніцтва Беларусі, за выключэньнем афіцыйнай прапаганды, вельмі нізкая:
-
У краіне пры насельніцтве ў 9.5 мільёнаў чалавек практычна адсутнічаюць незалежныя СМІ, а тыя што яшчэ выжываюць выдаюцца невялікімі накладамі (Народная Воля – 28.000, Новы час – 7.000, Наша Ніва – 6.000, часопіс “Дзеяслоў” – 1.000) і балансуюць паміж папярэджаньнямі быць зачыненымі і пажаданьнямі друкаваць дазволеную інфармацыю.
-
Электронныя медыя, Хартыя-97, Радыё “Свабода”, і незалежнае тэлебачаньне “Белсат” вымушаны працаваць з-за мяжы.
-
Незалежныя сайты ў інтэрнэце наведваюць толькі 3% беларусаў, а чытаюць незалежныя газеты – не болей 1% беларусаў (В. Івашкевіч, Хартыя 97, 2 кастрычніка 2012).
Хто вінаваты ў такой сітуацыі – дзяржава ці адзін асобны чалавек? Безумоўна вінаваты. А самі беларусы? Вінаваты – і таксама безумоўна. Але пры належнай моўнай дзяржаўнай палітыцы гэтага пытаньня не ўзнікала б. Грамадзяне і чыноўнікі Беларусі станоўча прынялі Закон аб мовах (1990), але затым, з вяртаньнем кіраўнікоў нэа-савецкага тыпу, падняўся гвалт аб прыцясненьні правоў рускамоўнага насельніцтва. Праз рэферэндум праціснулі другую афіцыйную мову, рускую. Здаецца, у абоіх выпадках дзяржава павінна была браць на сябе адказнасьць за зьберажэньне Мовы, але ў апошнім выпадку “гэтыя клопаты” сталі проста знішчальнымі для Яе.
І справа не ў недахопе сродкаў для развіцьця Мовы, а ў нежаданьні кіруючых дэнацыяналізаваных сіл гэта рабіць. Добры пачатак у перыяд адраджэньня (1991-1994) не атрымаў развіцьця ў апошнія 20 год. Дзяржава не спрыяе развіцьцю беларускасьці, а калі якія прызнакі і ёсьць, то яны маюць дэкларатыўны характар. У сучаснай Беларусі няма нацыянальнага лідэра, няма прапаганды і падтрымкі грамадскага настрою, што да будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы. А без падрымкі дзяржавы гэта навогуле зрабіць ці магчыма. Тыя праграмы і сродкі, якімі карыстаюцца афіцыйныя улады, відавочна недастатковыя для утрыманьня неабходнага ўзроўню беларускасьці ў краіне. І гэта тычыцца не толькі Мовы. Прывядзём яшчэ адзін прыклад: не без падтрымкі ўлады (нават на ўзроўні Адміністрацыі Прэзідэнта) чатыры гады таму назад у раённым цэнтры Паставы «аднекуль з неба» з’явіліся казакі для патруляваньня вуліц і навядзеньня парадку. Заўважце, гэта адбылося нават значна раней, чым у Маскве, дзе гэта ініцыятыва распачалася ў мінулым 2012 годзе. У Беларусі былі эпізоды, зьвязаныя з дзейнасьцю прышлых казакаў, але каб тут завяліся аседлыя казакі, як гэта характэрна для Расіі ці Украіны, то гісторыя гэтага не адзначыла.
Што рабіць у такой сітуацыі? Аднымі заклікамі «Давайце размаўляць па беларуску» многа не даб’ешся. Гонар тым людзям, якія ў такой кепскай сітуацыі штосьці робяць для выратаваньня Мовы. Шмат робіць Таварыства Беларускай Мовы. Паводле сп. А. Трусава (Радыё “Свабода”, 27 сьнежня 2012), да чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 года афармленьне чыгуначнага вакзалу ў Берасьці будзе зроблена на беларускай мове, і менавіта дзякуючы намаганьням Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ). Перад гэтым, вынікам дзейнасьці ТБМ было выданьне Правіл дарожнага руху, а таксама мытных дэкларацый па беларуску. Здавалася б, непрыкметныя праекты робіць ТБМ, выпускае каляндарыкі, маркі, змагаецца за выкарыстаньне Мовы ў дзяржаўных установах. Але гэтай працы проста няма цаны! На жаль гэта ўсё робіцца не высілкамі дзяржавы, што ў краіне з двумя афіцыйнамі мовамі было б натуральна, а высілкамі грамадскай арганізацыі. Як нядаўна на Радыё «Свабода» сказаў старшыня ТБМ Алег Трусаў, ён падзяляе кіруючае чынавенства пароўну, 50 на 50; у паловы прыхільнае стаўленьне да беларускай мовы, у паловы — абыякавае; «а сярод іх ёсьць і адкрытыя ворагі беларушчыны».
Адносіны да роднай мовы з боку дзяржавы ў Беларусі найгоршыя з краін-суседзяў. Пытаньне аб мове не стаіць у Літве, Польшчы і ў Расіі. У Латвіі латышскую мову абараняюць ад рускай, на Украіне за родную мову дэпутаты б’юцца ў Радзе; у Беларусі ж – актыўная дзяржаўная палітыка ў дачыненьні да зьберажэньня Мовы адсутнічае. Прэзідэнт Назарбаеў заявіў у сьнежні 2012 года (газета”Наша Ніва”, 14 сьнежня 2012), што Казахстан да 2025 года пярэйдзе на лацініцу; паводле яго слоў, гэта «паслужыць не толькі развіцьцю казахскай мовы, але і ператворыць яе ў мову сучаснай інфармацыі». Пры гэтым, ён таксама заклікаў беражліва ставіцца да расійскай мовы і заявіў, што «валоданьне ёй з’яўляецца гістарычнай перавагай». І ў Казахстане ніякага ляманту з боку Расіі пакуль не назіраецца. Пры тым, трэба адзначыць, што за перыяд з 1989 г. да 2009 г. доля тытульнай нацыі ў Казахстане павялічылася з 39.7% да 63.1%, а доля іншых нацыянальнасьцяў зьменшылася: рускіх – з 37.8% да 23.7%, узбекаў – з 2.0% да 2.9%, украінцаў – з 5.4% да 2.1%, татараў – з 2.0% да 1.3%, беларусаў – з 1.1% да 0.4%.
Цяжка ўявіць лёс беларускай мовы. Але відавочна, што ён будзе незайздросны без падтрымкі дзяржавы і будзе залежыць ад шэрагу ўмоў і часу. Якія варыянты можна мець?
-
Калі сітуацыя з Мовай будзе існаваць у такім жа выглядзе пры той самай ўладзе на працягу хаця б аднаго пакаленьня, і калі яе не абараняць, то Мова фактычна зьнікне (што значна павялічыць пагрозу з’яднаньня з рускамоўнай тэрыторыяй у рамках нейкіх саюзаў). Балансаваньне ўрада паміж Усходам і Захадам прывяло да таго, што ў 2012 годзе Беларусь зноў павярнулася на ўсход, і ў гэтым зацікаўлена і спрыяе гэтаму ўсё тая ж расійская імперыя. І хоць мэты ўрада Беларусі і Расіі могуць быць розныя, але канчаткова, у доўгатэрміновым кантэксьце, абедзьве сілы працуюць на знішчэньне нацыі.
-
Другая мадэль – на працягу якіх дваццаці год беларуская мова будзе зьберагацца толькі ў нацыянальна-сьвядомых асяродках і мець абмежаванае карыстаньне («ірланцкі варыянт»). Дамінуючай будзе, як і зараз, руская мова. Ці магчыма будзе ўтрымаць беларускую культуру пры такім варыянце – гэта вялікае пытаньне.
-
Трэцяя мадэль – сітуацыя будзе такая ж кепская, але пры новай палітычнай волі з’явіцца магчымасьць аднаўленьня беларускай мовы («чэскі варыянт»).
-
Чацьвёртая мадэль – праз выбары ці рэвалюцыю – у бліжэйшы час малаверагодная. Надзея на тое, што зьмена сітуацыі магла б адбыцца пры чарговых выбарах (2001, 2006, 2010), не спраўдзілася. Некалькі спробаў патрыятычных сіл падняць насельніцтва кожны раз за некалькі месяцаў да надыходзячых «справядлівых» выбараў не знайшлі падтрымку. Спадзявацца на наступныя выбары, гэта значыць чакаць чарговых закладнікаў, якім, да прыкладу, быў раней сп. А. Казулін, а цяпер сп. М. Статкевіч, і шмат іншых.
Для даведкі: ірланцкая нацыя сёньня ўяўляе сабой дзяржаву з насельніцтвам 4.6 млн (2011), ірланцамі сябе лічуць 86.9%, але ірланцкую, першую афіцыйную мову, назвалі роднай толькі 11% жыхароў, ды і то толькі дзякуючы аднаму раёну краіны. Большасьць жа насельніцтва (94%) карыстаецца другой афіцыйнай мовай, англійскай.
Чэская мова на канцы 18-га – пачатку 19-га стагоддзя была на грані выміраньня, аднак пасьля ўтварэньня новай дзяржавы, Чэхаславакіі, пасьля 1-й сусьветнай вайны, дзякуючы намаганьням нацыянальнай эліты, чэшская мова была адноўлена. У Чэхіі жыве 10.5 млн (2009), з іх 94% – чэхі, і 4% – славакі. Афіцыйная мова – чэская.
Урэшце, якой бы мадэлі не прытрымлівацца, нацыянальна-патрыятычным сілам застаецца рабіць максімальна магчымае, каб зберагчы Мову і ўтрымаць беларускасьць. Надзея на будучыню ёсьць, бо ўжо пайшло другое тысячагоддзе ад першых знакаў нашай дзяржаўнасьці – а мы існуем. І хаця апошнія два стагоддзі беларускі народ паспытаў моцны гуманітарны прэсс, яшчэ застаецца крытычна-мінімальная праслойка нацыянальных сіл, і гэта дазваляе спадзявацца, што зьмены калісьці адбудуцца.
На працягу апошніх двух стагоддзяў вядома незлічоная колькасць фактаў, якія сьведчаць аб спробах суседзяў, Польшчы (у міжваенны перыяд на тэрыторыі Заходняй Беларусі) і Расіі, ассіміляваць адну з самабытнейшых этнічных груп на Зямлі, беларускую (Л. Лыч, 1995; В. Швед, 2002; М. Крыжаноўскі, 2008). Спробы гэтыя працягваюцца да сёняшняга дня. Прывядзём пару вядомых фактаў:
«Зраўняць Заходні край ва ўсіх адносінах з унутранымі вялікарускімі губернямі» – такую задачу меў «Заходні Камітэт», утвораны імператарам Мікалаем І пасьля ўдушэньня паўстаньня 1830-1831 года;
«Что не доделал русский штык — доделает русская школа и церковь» – так казаў генерал-губернатар Паўночна-заходняга краю М. Мураўёў пасьля ўдушэньня паўстаньня 1863-1864 года;
«Ни черта не понятно!»«Чем быстрее все мы будем разговаривать по-русски, тем быстрее построим коммунизм» – так рэагаваў М. Хрушчоў на прамову К. Мазурава на беларускай мове у 1959 годзе падчас святкаваньня 40-годдзя БССР.
«Люди, которые говорят на белорусском языке, не могут ничего делать, кроме как разговаривать на нем, потому что по-белорусски нельзя выразить ничего великого. Белорусский язык – бедный язык. В мире существует только два великих языка – русский и английский» – з выступленьня А. Лукашэнкі на сесіі Гомельскага гарсавета, 1 сьнежня 1994 г. (“Народная газета”, 1 лютага 1995 года). Вось такая эвалюцыя.
Зьберагчы тое, што маем – гэта задача мінімум для нацыянальных сіл, задача максімум – несьці веды пра гісторыю, традыцыі, Мову ў народ цяпер, толькі тады можна спадзявацца на посьпех, і, магчыма, нават выйсьці на «чэскі варыянт» у будучыні.
Асноўныя спасылкі
-
Дакументы i матэрыялы па гiсторыi Беларусi. Т. 2.— Мн., 1940.
-
Крыжаноўскі М. Жывая крыніца ты, родная мова. Народная Воля, 1 мая 2008, №65-66.
-
Лыч Л. Русіфікацыя. Беларусь: Энцыклапедычны даведнік. 1995, с. 630.
-
Швед В. Эвалюцыя расейскай урадавай палітыкі адносна земляў Беларусі (1772-1863 г.). Гістарычны Альманах. 2002, Т.7.
Categories: Мараль, Мова, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ