(дапоўнены варыянт артыкула “Ці быў Рурык у Полацаку?”, зьмешчаны ў другім нумары часопіса “САКАВІК”)
Абгрунтоўваецца існаваньне асобнай усходнеславянскай еўрапейскай цывілізацыі на сучасных тэрыторыях Беларусі і Украіны. Крытычнымі фактарамі ў размежаваньні усходнеславянскай (беларуска-украінскай) цывілізацыі і еўразійскай цывілізацыі былі мангола-татарскае нашэсьце і ўзнікненьне Вялікага Княства Літоўскага, княства, якое выратавала ўсходніх славян ад еўраазіяцыі. Відавочна, што залічэньне Беларусі і Украіны ў наш час да артадаксальнай, усходняй ці еўразійскай/рускай цывілізацыі, нягледзячы на шэраг характэрных для гэтых краін прызнакаў заходняй цывілізацыі, патрабуе перагляду, бо зроблена на падставе міфаў і высноў, зробленых у выніку тлумачэньня гістарычных фактаў з погляду геапалітыкі такіх як трыадзінства трох славянскіх народаў («великороссов», «малоросов» і «белорусов»), сьцьвярджэньне славянскага характару Расійскай імперыі, гістарычная пераемнасьць ад Кіеўскай Русі да Расіі, роля Масковіі ў аб’яднаньні ўсходніх славян.
-
Фактары, спрыяўшыя ўтварэньню усходнеславянскай і еўразійскай цывілізацый
-
Міграцыя і размежаваньне ўсходнеславянскіх плямёнаў
У наш час лічуць, што славянскі этнагенез фарміраваўся на даволі вялікай тэрыторыі, якая распасьціралася ад Одэра на захадзе, да Дуная на поўдні, і аж да Дняпра на ўсходзе (Curta, 2001; Geary, 2003). Ёсць некалькі тэорый аб паходжаньні ўсходніх славян, пачынаючы ад таго, што яны пайшлі ад скіфаў ці готаў, што яны стала пражывалі на амаль тых жа тэрыторыях, якія займаюць і зараз, і, нарэшце, што яны паступова мігравалі з раёнаў Сярэдняй Еўропы на поўдзень, усход, і часткова на поўнач. Мяркуюць, што ўсходнія славяне мігравалі ў 5-7 ст. н.э. з раёнаў Палаб’я (цяпер Памеранія ў Германіі) і Вістулы ў месцы сучаснага пражываньня. Аднак некаторыя даследчыкі лічуць малаверагодным, што за такі кароткі час славянскія плямёны змаглі засяліць/заняць тэрыторыю Ўсходняй і Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы, тым больш, што славяне былі земляробамі і ў сілу гэтага павінны былі весьці аседлы стыль жыцьця (Halsall, 2006). Магчыма, што ў 5-7 ст. гэта была ўжо другая хваля міграцыі славян, якія далучаліся да аседлых славян, прыйшоўшых сюды раней.
Паводле Шахматова (1919) славянскія плямёны з Палаб’я і Вістулы рухаліся з захаду на ўсход двумя групамі. Заходняя група, паступова рухаючыся на поўнач, паўночны-ўсход і ўсход, займала тэрыторыю сучаснай Беларусі, Пскоўскіх, Ноўгарадскіх і Смаленскіх зямель. Другая ж, ідучы на паўднёвы ўсход і поўдзень, паступова засяляла тэрыторыі сучаснай Валыні, Карпат і Украіны. У канцы 9 ст. славяне паступова занялі тэрыторыю, якую пазьней гісторыкі назвалі Кіеўскай Русьсю. Аднак у перыяд расьсяленьня і падчас існаваньня Кіеўскай Русі падзяленьня ўсходніх славян на групы па моўнаму прызнаку яшчэ не было. Усходніх славян «дакіеўскага і кіеўскага перыяду» (русы, русіны, рутены) можна адносіць да адной этнанацыянальнасьці (Plokhy, 2006), але відаць ужо ў гэты перыяд пачыналася іх падзяленьне і можна думаць, што гэты працэс стаў больш выразным з распадам Кіеўскай Русі.
На падставе археалагічных і іншых даследаваньняў усходніх славян падзяляюць на плямёны. Мяркуюць, што славянскія плямёны, якія йшлі на паўночны захад Усходняй Еўропы (дрэговічы, драўляне, дулебы, крывічы, палачане) сутыкаліся і ассіміляваліся з балцкімі плямёнамі (відаць гэта тыя славяне, якія далі пачатак сучасным беларусам). Некаторымі аўтарамі абгрунтоўваецца балцкая тэорыя паходжаньня беларусаў (Дзермант, Санько, 2005; Дзеружинский, 2009; Голденков, 2009). Славяне, што дасягнулі Кіева і памежных тэрыторый (драўляне, паляне) ассіміляваліся з сарматамі і далі пачатак сучасным украінцам. Славянскія плямёны, што пазьней рухаліся на поўнач, паўночны ўсход і ўсход (ільменскія і наўгародскія славяне, крывічы, радзімічы, северане) дайшлі да тэрыторый, якія займалі фіна-угорскія плямёны; гэтыя славянскія плямёны далі пачатак яшчэ адной галіне ўсходніх славян, якіх пазьней назвалі вялікаросамі. Відавочна, што рух славянскіх плямён на поўнач і ўсход стрымліваўся як прыроднымі фактарамі, не зусім прыдатнымі для земляробства (лясы, стэпы, халодны клімат), так і адсутнасьцю колькаснай перавагі славян дастатковай на той час для таго, каб не зьнікнуць за фіна-угорскімі плямёнамі, якія займалі гэтыя тэрыторыі (мардва, мары, весь, мяшчэра, муромы). У адным з урыўкаў ПМЛ пазначана, што на азёрах (Растоўскае, Белоозеро, Клешчына) і каля ракі Ака жывуць плямёны, якія гавораць на сваёй (не-славянскай) мове і якія плацяць дань русі (чудзь, меря, весь, мурома, чарамісы, мардва, перм, пячера, ям, літва, зімігола, корсь, нарова, лівы); гэта значыць, што славяне з Наўгародчыны і Дняпра, прыходзячы на землі Паўночна-Усходняга Краю, непазбежна ассіміляваліся з неславянскімі плямёнамі. Ассіміляцыя «славян-вялікаросаў» з гэтымі плямёнамі (ассіміляцыя першай хвалі) была адной з прычын размежаваньня ўсходніх славян у далейшым. Такім чынам, раздзяленьне ўсходніх славян на «беларусаў, маларосаў і вялікаросаў» адбылося не ў канцы 18-га і пачатку 19-га ст., а пачалося значна раней, яшчэ да распаду Кіеўскай Русі.
-
Міжусобныя войны як прычына раздзяленьня ўсходніх славян
Феадальная раздробленасьць была адной з прычын не толькі распаду Кіеўскай Русі, але і прадумовай далейшага этнанацыянальнага падзелу ўсходніх славян. Кіеўская Русь не была адзінай. У ёй існавалі тры цэнтры – Кіеў, Полацак і Ноўгарад – паміж якімі пастаянна йшлі войны і барацьба за першынство. Войны не спрыялі яднаньню славян, а наадварот, памножаныя на племянныя асаблівасьці, вялі да лакальнай канцэнтрацыі насельніцтва вакол мясцовых лідэраў і традыцый, да кантролю над займаемымі тэрыторыямі, і фарміраваньня новых этнасаў з развіцьцём моўнай дыфферэнцыяцыі.
Гісторыя Кіеўскай Русі, пацьверджаная дакументамі, пачынаецца з князя Ігара (княжыў з 912 па 945 год). Праўда, доказаў таго, што ён быў сынам Рурыка, апроч прыведзенага апісаньня ў ПМЛ, няма. Відавочна, што князь Ігар быў, як і тое, што ў яго быў бацька, які ўвайшоў у гісторыю пад імем Рурыка, і ад якога пайшло мноства Рурыкавічаў, уключна з лініяй маскоўскіх князёў і цароў. Але ў прынцыпе гэта нічога не мяняе – ці быў Ігар сынам Рурыка ці сынам другога чалавека. Галоўнае, што ён быў кіеўскім князем, які пашыраў свой уплыў на землі, населеныя славянамі. Ці была Кіеўская Русь моцнай у час праўленьня князя Ігара? Калі лічыць, што князь Ігар зьдзейсьніў два паходы на Канстанцінопаль, то магчыма, што Кіеўскае княства пачынала ўсталёўвацца, хаця яно яшчэ было ў значнай залежнасьці ад хазар. У сярэдзіне 9 ст. хазары кантралявалі тэрыторыю на поўдзень ад умоўнай лініі Смаленск-Мурам, і валодалі Курскам, Чарнігавам і Кіевам. Усе гэтыя гарады плацілі хазарам даніну. Нават пасьля таго як у 967 г. кіеўскі князь Сьвятаслаў І (сын Ігара) разьбіў хазараў і захапіў іх сталіцу Аціл гэта не выратавала Кіеў ад далейшага змаганьня з печанегамі, якія прыйшлі на зьмену хазарам. Але менавіта з гэтага моманту можна казаць пра пачатак росквіту Кіеўскай Русі, які назіраўся ў часы кіраваньня князя Сьвятаслава (945–972) і княгіні Ольгі (945–969, як апякун), князёў-братоў Яраполка (972-980) і Ўладзіміра (980–1015), і Яраслава Мудрага (1019-1054). Лічуць, што ў часы кіравання Яраслава Мудрага насельніцтва Кіеўскай Русі налічвала каля 7-8 мільёнаў жыхароў. Яго ўлада была асабліва моцнай у бліжэйшых да Кіева княствах, такіх як Чарнігаўскае, Пераяслаўскае, Галіцкае. У той жа час нельга пагадзіцца з тым, што Кіеўская Русь была цэльнай феадальнай дзяржавай.
Сярод трох цэнтраў, Кіеў – Полацак – Ноўгарад, Полацак займаў сваё незалежнае і спецыфічнае становішча. Яраслаў Мудры быў князём Кіеўскім, Ноўгарадскім і Растоўскім, але не быў князём Полацкім. Дык ці быў Полацак пад Кіевам? Першым вядомым Полацкім князем быў Рагвалод (920-978). Паводле адной з гіпотэз – Рагвалод быў варагам (Арлоў, 2005), паводле другой – сынам полацкай княгіні Прадславы, які пасля сьмерці маці прыняў княжаньне, вярнуўшыся ў вотчыну “из заморья” (Ермаловіч, 1990). Князь Рагвалод і яго сям’я была зьнішчана кіеўскім князем Уладзімірам Сьвятаслававічам. Уладзімір быў вельмі жорсткім і ў барацьбе за ўладу забіў свайго роднага брата Яраполка, у той час вялікага князя кіеўскага. Дачка полацкага князя, князёўна Рагнеда, стала палоньніцай і жонкай кіеўскага князя ў 13 год і нарадзіла яму князёў Ізяслава Уладзіміравіча (полацкі князь з 988 па 1001), Яраслава Мудрага (вялікі князь кіеўскі з 1019 па 1054), Усевалада (князь Уладзіміра-Валынскі), Мсціслава (князь чарнігаўскі і цьмутараканскі), а таксама князёўнаў Прадславу (узяла шлюб з чэскім князям Баляславам ІІІ) і Праміславу (выйшла замуж за вугорскага прынца Ласла Сара Лысага). Нават калі мець на ўвазе толькі Яраслава Мудрага, які княжыў у Кіеве 35 гадоў, то можна казаць пра значную ролю, якую адыграла княгіня Рагнеда ў станаўленьні Кіеўскай Русі. Калі Ўладзіміра лічаць хросным бацькам Кіеўскай Русі, то княгіня Рагнеда ў такім разе з’яўляецца маці Кіеўскай Русі. Іх сын, Ізяслаў, стаўшы полацкім князем (986-1001), працягваў праводзіць незалежную ад Кіева палітыку пачатую ягоным дзедам, князем Рагвалодам. Варта пачытаць манаграфіі М. Ермаловіча, расійскіх гісторыкаў, каб пераканацца ў тым, што не было дзесяцігоддзя, каб Полацак не ваяваў з Ноўгарадам ці Кіевам. Найбольшага росквіту Полацкае княства мела пры княжаньні Ўсяслава Чарадзея (княжыў з 1044 да 1101 года). Кароткі перыяд (1068-1069) Усяслаў Чарадзей, князь Полацкі, нават княжыў у Кіеве. Многія дасьледчыкі сёньня лічуць, што Полацкае княства 9-13 ст. з’яўляецца першай формай дзяржаўнасьці на беларускай зямлі. Такім чынам, выключаючы кароткі перыяд барбарскага нападу князя Ўладзіміра на Полацак, можна лічыць, што Кіеў не кантраляваў дзейнасьць Полацкага княства. Інакш кажучы, над Полацакам праплыў толькі цень Рурыка. Гэтая незалежнасьць Полацака ад Кіева ёсьць аб’ектыўным пазітыўным фактарам ці, калі хочаце, добрай падставай для беларусаў не ўдзельнічаць у змаганьні за наследаваньне ў поўнай меры гістарычнай спадчыны Кіеўскай Русі, якое зараз вядзецца паміж Украінай і Расіяй.
У рамках гістарычнай Кіеўскай Русі ішлі пастаянныя войны і паміж іншымі княствамі. У выніку гэта феадальная структура рассыпалася адразу пасьля сьмерці Яраслава Мудрага. Зямля была падзелена на малыя ўдзелы паміж ягонымі сынамі, якія пачалі варагаваць паміж сабой, што і стала пачаткам распада Кіеўскай Русі. Барацьба непасрэдна за кіеўскі пасад таксама спрыяла гэтаму ў значнай меры (пераемнасьць кіеўскай княскай пасады з’яўляецца адным з прынцыповых момантаў у зьвязку гістарычных спрэчак Кіеўская Русь – Расія). Трэба ведаць, што на тыя часы ўлада ў Кіеве перадавалася на праве старшынства ў родзе, г.зн. ад старэйшага да малодшага ва ўсім родзе, а не ад бацькі да сына. У 1093 годзе ўладу прыняў старэйшы па ўзросту князь Святаполк Ізяславіч Тураўскі, дваюрадны брат Уладзіміра Манамаха (1053-1125). Пасьля смерці Святаполка ў 1113 годзе на кіеўскі пасад па праву старшынства прэтэндавалі князі Давід (1050-1123) і Алег (1053-1115) Святаславічы, якія былі дваюраднымі братамі Ўладзіміра Манамаха па другой лініі (Давід быў на тры гады старэйшы за Ўладзіміра, а Алег быў ягоным аднагодкам). Аднак пасад заняў Уладзімір Манамах. Паводле расійскіх гісторыкаў, у прыватнасьці С. Салаўёва – па запрашэньню старэйшын і са згоды кіеўскага народа. Гэта значыць, менавіта пачынаючы ад Уладзіміра Манамаха была парушана ратацыйная сістэма зьмены ўлады. Парушэньне правіл наследаваньня прывяло да таго, што ў гэтыя спрэчкі і ў вайну паміж сабою ўцягнуліся Алегавічы з Чарнігава, Манамахавічы з Пераяслаўля, Ізяславічы з Турава/Валыні і Полацкія князі.
За 45 год, пачынаючы ад 1125 года да 1169 года, князі з розных родаў зьмяняліся на кіеўскім пасадзе 21 раз, некаторыя з іх, пасьля зацятай барацьбы, пабывалі там па тры разы (напрыклад, Юры Далгарукі – сын Уладзіміра Манамаха, Ізяслаў Давыдавіч, Расціслаў Мсціславіч, Вячаслаў Уладзіміравіч). Нават Алегавічы сумелі даказаць сваё права на кіеўскі пасад (Ўсевалад і Ігар Алегавічы, 1139-1146); хаця як напісана ў расійскіх крыніцах яны (Алегавічы) «прымусілі» Манамахавічаў прызнаць сваё права. Дастаткова прачытаць 1-ю і 4-ю главы ІІ-га тома С. Салаўёва “История России с древнейших времен” (“О княжеских отношениях вообще” і “События при правнуках Ярослава»), как зразумець прычыны гэтых сварак.
Нашчадкі Ўладзіміра Манамаха прыклалі рукі і да літаральнага зьнішчэньня самаго горада Кіева: у 1169 годзе Кіеў быў зруйнаваны войскам растова-суздальскага князя Андрэя Багалюбскага (унук Уладзіміра Манамаха і сын Юрыя Далгарукага-заснавальніка Масквы), а ў 1203 годзе Кіеў быў разрабаваны Рурыкам Расьціславічам (праўнукам Манамаха па другой лініі) разам з Алегавічамі ды полаўцамі. Трэба таксама ўзгадаць, што Рурык Расьціславіч займаў з перапынкамі вялікі кіеўскі пасад аж 6 разоў. І нарэшце ў канцы 1240 года Кіеў захапілі ды зруйнавалі мангольскія войскі Батыя.
Такім чынам міжусобіцы паміж княствамі Кіеўскай Русі былі адным з галоўных фактараў у яе распадзе. Распад Кіеўскай Русі прывёў да ўмацаваньня існаваўшых і стварэньня ў гэтых умовах новых цэнтраў усходніх славян са сваімі спецыфічнымі рысамі. Абасобленнасьць і самастойнасьць Полацкага княства (прататып будучай беларускай дзяржавы) яшчэ больш узмацнілася, як узмацнілася і Валынска-Галіцкае княства (прататып будучай украінскай дзяржавы). У гэты ж перыяд на паўночным усходзе, на землях фіна-угорскіх плямён, утварылася Ноўгарадская рэспубліка (1136), дзе існавала абмежаваная княская ўлада, і Ўладзіміра-Суздальскае княства (1157), першае княства Паўночна-Усходняга Краю, якое стала ядром будучай Масковіі. Але гэта адбылося амаль праз 200 год пасьля ўсталяваньня Полацкага і Кіеўскага княстваў.
-
Мангола-татарскае нашэсьце і ўтварэньне Вялікага Княства Літоўскага – галоўныя фактары размежаваньня ўсходніх славян
Міграцыя ўсходніх славян на поўдзень і паўднёвы ўсход ад Кіева была немагчымай, і не таму, што ў тым напрамку былі не вельмі прыдатныя для земляробства бяскрайнія стэпы, а таму, што гэтыя стэпы былі даўнім месцам пражываньня і дзейнасьці качэўнікаў. Чарнаморска-Касьпійскі стэп цягнецца ад усходніх межаў Румыніі і далей па паўднёвых частках сучаснай Малдовы, Украіны, Расіі, да паўночна-заходняга Казахстана і Урала, дзе ён далучаецца да Казахскага стэпу і такім чынам з’яўляецца часткай вялізнага Еўразійскага стэпу. На працягу тысячагоддзяў ваяўнічыя плямёны качэўнікаў рухаліся па гэтаму стэпу з усходу на захад і нават дасягалі і захоплівалі значныя рэгіёны Еўропы. З усходу на захад зьмяняючы эпохі і адзін аднаго ішлі скіфы (700-200 да н.э.), сарматы (200 да н. э. – 200 н.э.), гуны (370 – 453 н.э.), аланы (500–1100 н.э.), авары (600-800 н.э.), хазары (600–1000 н.э.), а пазьней печанегі (800-1100 н.э.), кіпчакі і куманы (11-13 ст.), манголы Чынгіз-хана (13-15 ст.) (Riazanovsky, 1993).Як лічылі некаторыя расійскія гісторыкі (Л. Гумілёў, класічныя еўразісты), і качэўнікі, і стэпы, якія яны займалі, адыгралі велізарную ролю ў далейшым станаўленьні і развіцьці Расіі.
Нашэсьце мангола-татараў было адным з ключавых фактараў, раздзяліўшым усходніх славян на дзьве цывілізацыі – усходнеславянскую/беларуска-украінскую і еўразійскую/расійскую. І гэта мяжа паміж цывілізацыямі лёгка праглядаецца, калі прасачыць якія тэрыторыі, захопленыя мангольскай імперыяй, апынуліся ў вассальнай залежнасьці, і якія засталіся вольнымі ад заваёўнікаў з Еўразійскага стэпу. Вызначальнай асаблівасьцю мангольскага паходу было тое, што манголы мінулі княствы, размешчаныя на тэрыторыі сучаснай Беларусі і часткова Украіны. У выніку, гэта вылілася ў тое, што ўсходнія славяне, што жылі на тэрыторыі Беларусі і Украіны, у адрозненьне ад жыхароў Паўночна-Усходняга Краю, мінулі той жыцьцёвы парадак, які ўсталёўваўся манголамі, і больш таго – засталіся ў баку ад зьмяшаньня з цюркскімі народамі.
К сярэдзіне 13 ст. усходнія славяне, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, апынуліся ў сьферы ўплыву Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), а княствы на паўночным усходзе і на поўдні трапілі пад уплыў заваёўнікаў-качэўнікай Залатой Арды. Сваім прыходам манголы спрыялі аддзяленьню славян-«вялікаросаў», якія падпалі пад іх уладу на два с паловай ст. (аж да 1480 г.), ад другіх усходніх славян, славян-«беларусаў», вольных ад манголаў, і славян – «украінцаў», частка якіх трапіла на 100 год пад уплыў манголаў-качэўнікаў, але пасьля таго, як у 1362 годзе войскі ВКЛ пад кіраўніцтвам князя Альгерда разьбілі мангола-татараў каля Сініх Водаў украінскія землі былі вызвалены з няволі. Такім чынам, паўднёвыя і паўднёва-заходнія часткі былой Кіеўскай Русі, як і тэрыторыя сучаснай Беларусі паступова былі ўключаны ў склад ВКЛ, якое адыграла адметную ролю ў аб’яднаньні ўсходнеславянскіх зямель. У ВКЛ, у канцы 14 ст., толькі 1 з 9 жыхароў быў жмудзінскага паходжаньня (O’Connor, 2003), г. зн. амаль усе астатнія былі рутенамі. Старабеларуская мова была афіцыйнай мовай ВКЛ. Пачынаючы з 14-га ст. поўная назва ВКЛ гучала як Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. На той час слова «рускае» азначала рутенскае, якое па гістарычнай недарэчнасьці перайшло ў карыстаньне толькі да Расіі. ВКЛ спыніла «еўраазіяцыю» вялікай часткі славян, будучых беларусаў і украінцаў. Такім чынам, аб’яднаньне ўсходніх славян у рамках ВКЛ – было галоўным фактарам утварэньня і зьберажэньня ўсходнеславянскай еўрапейскай цывілізацыі.
Расія, як дзяржава, мела свой пачатак на землях, разьмешчаных на паўночны ўсход ад Кіеўскай Русі (Суздальская зямля – яна ж Залесьсе, Растоўская зямля, Мурамская зямля). Гэта былі аддаленыя раёны, аддзеленыя ад Кіеўскай Русі лясамі і прыдатныя для земляробства. Там жылі адносна не ваяўнічыя фіна-угорскія плямёны, з якімі прышлыя славяне ассіміляваліся і пазьней утварылі першае на гэтых землях княства (Суздальскае, 1157 год). Тое, што гэтае княства ўтварылася на два ст. пазьней за Полацкае і Кіеўскае княствы, сьведчыць аб павольнай міграцыі ўсходніх славян з захаду на ўсход, а з другога боку – такі працяглы час спрыяў іх мірнай ассіміляцыі з лакальным насельніцтвам.У свой час, М. Пагодзін (1800-1875), адзін з ідэолагаў панславізма, сцьвярджаў, што славяне ў Расіі былі фактычна перасяленцамі з Кіеўскай Русі, якія пад ціскам мангола-татараў вымушаны былі міграваць у рэгіён будучай Масковіі. Фактычна, ён адмаўляў існаваньне украінскага народа, кажучы, што украінцы прыйшлі на землі былой Кіеўскай Русі пазьней, у 15-16 ст., з Карпатаў. Але гіпотэза Пагодзіна аб такой масавай міграцыі славян не была пацьверджана (Plochy, 2006).
Відавочна, што ассіміляцыя славян будучай Масковіі ў істотнай ступені паскорылася з мангола-татарскім нашэсьцем, і, фактычна, прывяла да яшчэ большага адмежаваньня ад усходніх славян будучай Беларусі і Украіны. Пачынаючы з гэтага перыяду стала выразным фарміраваньне новай усходнеславянскай цывілізацыі на базе рутенаў (беларусаў і украінцаў), і еўразійскай цывілізацыі, якая пачалася з маскоўскіх зямель. Мангола-татарскае нашэсьце прыпала прыблізна на перыяд распаду Кіеўскай Русі, але не было яго прычынай, як уважаюць некаторыя гісторыкі.
Шэраг фактаў сьведчаць аб узаемадзеянні Масковіі з Ардой на працягу 240 гадоў. Манголы, вярнуўшыся з паходаў на захад у Еўропу, спыніліся ў Ніжнім Паволжы, дзе заснавалі Сарай-горад – сталіцу Залатой Арды. У 1243-1246 гадах княствы вакол Кіева і княствы Паўночна-Усходняга Краю прызналі залежнасьць ад Залатой Арды, г. зн. сталі яе вассаламі. Князь Яраслаў, вялікі князь Ўладзімірскі, у 1245 годзе запрапанаваў рускім князям прызнаць хана Батыя сваім царом. У 1246 годзе князь Яраслаў быў атручаны ў Ардзе, а ягоны сын – Аляксандр Неўскі, заключыў саюз з Ардой у 1257 годзе. Паводле Л. Гумілёва Арда і рускія княствы дамовіліся аб стварэньні абароннага альянса супраць Тэўтонскіх рыцараў і паганскіх літоўцаў. З часу заключэньня такой дамовы, праз амаль 20 год пасьля пахода Батыя, падпарадкаваныя княствы пачынаюць плаціць дань Залатой Ардзе, а ардынскія ханы выдаюць ярлыкі на княжаньне.
З гісторыі вядома, што ўзаемадзеяньне паняволеных княстваў з Ардой было не толькі разбуральным. Аляксандр Неўскі быў прыёмным сынам хана Батыя і названым братам сына хана – Сартака, манголы змагаліся супраць рыцараў у «лядовай бітве», хаця ноўгарадцы, князем якіх быў А. Неўскі, плацілі дань Ардзе (Баймухаметов, 2004). У Сараі, дзякуючы А. Неўскаму, устанаўліваецца падвор’е праваслаўнага япіскапа. Такім чынам, праваслаўная вера стала існаваць у Ардзе афіцыйна. Трэба адзначыць, што роля А. Неўскага ў расійскай гісторыі трактуецца неадназначна (ад сьвятога да здрадніка – сьвятога як абаронцы праваслаўя, і здрадніка – як заключыўшага дамову з Залатой Ардой і пагадзіўшагася на вассальнае становішча княстваў Паўночна-Усходняга Краю/Масковіі). Мангольскі двор часта наведвалі рускія князі і нават жылі там (яраслаўскі князь Фёдар Чорны, 1233-1299). Знатныя сем’і з аднаго і другога боку радніліся. Напрыклад, Юры Далгарукі, князь суздальскі (1149-1157), яшчэ задоўга да панаваньня Арды, ажаніўся на дачцэ палавецкага хана. Юры Данілавіч, князь маскоўскі, дзякуючы жаніцьбе на сястры хана Узбека, атрымаў ярлык на вялікага князя ўладзімірскага (1319-1322). З другога боку, вяльможы з Арды ехалі на землі княстваў і там радніліся са славянскімі сем’ямі; акадэмік Халікаў склаў спіс з больш як 500 знатных расійскіх фамілій якія пайшлі ад татар (гл. Часопіс «Сакавік», №1, 2013). У апошні час дыскутуецца пытаньне аб татарскім паходжаньні Івана ІУ (Жахлівага), Барыса Гадунова і Пятра І (Абдулаева, 2011; Гарифуллин, 2012).
На пачатку 14-га ст. ў Сараі – сталіцы Залатой Арды, пражывала 600,000 жыхароў (Encyclopedia Britannica), а ў Маскве ў 1350 годзе – 30,000. Масковія паступова шмат пераймала ў Арды ў кіраваньні дзяржавай: праводзіла ваенныя, грашовыя і падатковыя рэформы, вучылася ваеннаму мастэйрству, і нарэшце пераняла аўтарытарны і цэнтралізаваны стыль кіраваньня. Маскоўскае княства ўтварылася ў 1263 годзе, у час панаваньня Залатой Арды, і «не вопреки» Ардзе, а дзякуючы ёй, праз 23 гады пасьля захопніцкага паходу Батыя. Масковія і Залатая Арда карысталіся міжусобіцамі паміж княствамі Паўночна-Усходняга Краю; так, Цьвярское паўстаньне (1327) было жорстка падаўлена войскам прыведзеным з Арды маскоўскім князем Іванам Калітам. Гэты князь дзякуючы гісторыкам увайшоў у гісторыю Расіі, як збіральнік Русі. Як можна казаць, што ён «зьбіраў славян», у дадзеным выпадку цьвярычоў, калі ён рабіў гэта з дапамогай карнага мангольскага войска.
Залатая Арда ў нейкім сэнсе была штучнай і няўстойлівай дзяржавай. Яе насельніцтва складалася з мардвы, славян, грэкаў, балгар, якія жылі аседла ў раёне Волгі, а таксама з цюркскіх плямён-качэўнікаў (полаўцы/кіпчакі, татары, туркмены, кіргізы). Да таго ж, Арда была значна аслаблена ўнутранай барацьбой Тахтамыша і Тамерлана ў канцы 14-га ст. і гэта прывяло да таго, што Масква з вассальнага становішча апынулася ў паўвассальным. І гэта не сталася вынікам перамогі на Куліковым полі. Нават параза мангола-татараў 8 верасьня 1380 году падчас гэтай бітвы не скончыла іх панаваньне, якое яшчэ доўжылася каля 100 год. З другога боку, Масква, з усталяваньнем вассальнага Татарскага княства ў Касымаве, фактычна заявіла аб сваёй ролі як пераемніцы Залатой Арды (Vernadsky, 1968, p.17). Такім чынам, цяпер ужо вассальнае Касымаўскае ханства існавала на землях Масковіі на працягу амаль 250 гадоў (1452-1681, сучасная Разанская вобласьць). Гэта быў першы набытак ад вялікай Еўразіі і першы крок Масковіі ў заваяваньні народаў Еўразійскага стэпу і Паўночнай Азіі з наступным фарміраваньнем еўразійскай цывілізацыі. У нашы дні толькі на тэрыторыі Еўразійскага стэпу жывуць шматлікія народы аўтаномных рэспублік Расіі (башкіры, мары, мардва, татары, удмурты, чувашы, адыгейцы, асеціны, балкары, інгушы, кабардзінцы, калмыкі, карачаеўцы, чачэнцы, чаркесы). Такім чынам, можна казаць, што Расія, уключыўшы на працягу доўгай гісторыі ўсе гэтыя і іншыя еўразійскія тэрыторыі і насельніцтва, што іх засяляла, з’яўляецца пераемніцай еўразійскага руху з усходу на захад.
-
Адносіны паміж усходнеславянскай і еўразійскай цывілізацыямі ў 14-19 ст.
Пасьля развала Залатой Арды, які адбыўся па ўнутраных прычынах, Масковія атрымала свабоду дзеяньняў і скіравала свае захопніцкія інтарэсы на раздробленыя і раскіданыя па Еўразійскаму стэпу ханствы: Казанскае ханства (1552), Астраханскае ханства (1556), Вялікая Нагайская Арда (1557), Сібірскае ханства (1582), Пегая Арда (1619). У выніку, ужо ў канцы 16 ст. тэрыторыя Маскоўскай дзяржавы складала каля 5,5 млн кв. км., з насельніцтвам каля 9-10 мільёнаў чалавек (тады як у 1450 годзе было толькі 430 тысяч кв. км. з насельніцтвам 3 млн чалавек). І толькі заходні напрамак у 14-18 ст. быў яшчэ непасільны для Масквы. Бо там існавала моцная дзяржава, Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ). Фактычна, людзі, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, Літвы і Украіны ўтварылі моцную еўрапейскую дзяржаву, асноўную частку насельніцтва якой складалі рутэны (беларусы і украінцы) і фактычна ў рамках ВКЛ яны былі выратаваны ад паглынаньня еўразійскай цывілізацыяй. Гэта дзяржава, ВКЛ, у адрозненьне ад Масковіі, амаль не зьведала татара-мангольскага прыгнёту і разьвівалася ў зусім іншых умовах. Яна стала яшчэ больш магутнай, утварыўшы ў 1569 годзе разам з Каралеўствам польскім федэрацыю, якая называлася Рэч Паспалітая/Садружнасьць. Тая крытыка, што беларусы былі пад пятой у палякаў ня мае сур’ёзных доказаў. ВКЛ да заключэньня Люблінскай Уніі (1569) была ў многіх адносінах незалежным княствам, а пасьля – у Рэчы Паспалітай – мела доўгі час сапраўдную аўтаномію. Нават пасьля захопу ВКЛ у канцы 18 ст. царскі рэжым Расійскай імперыі не адважваўся яшчэ 30 год пасягаць на правы і свабоды людзей: дзейнічаў статут ВКЛ, існаваў інстытут шляхецтва і уніяцкая царква (больш за 70% беларусаў на той час былі уніятамі).
Звернемся да дэмаграфічных зьвестак на канец 15 ст., г.зн. да часу пасьля якога пачалося паступовае далучэньне тэрыторый цюркскіх народаў да Масковіі. Яны сьведчаць, што ў ВКЛ у 1493 годзе, пражывала прыблізна 3.75 мільёны рутенаў, г.зн. беларусаў і украінцаў (Pogonowsky, 1987). У той жа прыблізна перыяд у Масковіі (1450 г.) было каля 3 млн жыхароў, а ў 1500 г., пасьля далучэньня суседніх княстваў-супернікаў – Ноўгарадскай Рэспублікі (1478) і Цьвяры (1485) – 6 млн жыхароў (Большая СЭ, 1969-1978). Колькі з іх было славян – невядома, бо поруч з маскавітамі жылі комі, удмурты, татары, мары, чувашы, мардва, карэлы і іншыя фіна-угорскія народы, але калі экстрапаліраваць вынікі апошняга перапісу насельніцтва Расіі (2010), то славян магло быць максімум 4.8 млн (77.7% рускіх ад 6 млн). Такім чынам, суадносіны славян Масковіі да славян беларусаў і украінцаў маглі быць даволі блізкімі (як 1.3:1, адпаведна).
У 1618 годзе, з пашырэньнем тэрыторыі Рэчы Паспалітай паводле Дэўінскай дамовы, у ёй налічвалася ўжо 12 млн жыхароў, з іх украінцаў – 3.5 млн і беларусаў – 1.5 млн (доля рутенаў складала 41%, 5 млн з 12 млн). Вайна Масковіі з ВКЛ (1654-1667) забрала палову насельніцтва Беларусі (з 2.9 млн засталося 1.4 млн) (Сагановіч, 1995). У канцы 18 ст. Рэчы Паспалітай зусім не стала. Землі Беларусі адышлі пад уладу расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ. Паводле сучасных разлікаў у Рэчы Паспалітай\Садружнасьці у 1770 годзе пражывала 11-14 млн чалавек (Bideleux, Jeffries, 1998; Lukowski, Zawadski, 2001), а ў Расійскай імперыі ў 1762 г. – 19 млн, а ў 1800 г. – ужо 35.5 млн (Falcus). Лёгка палічыць адкуль узяўся гэты прырост, калі прыпомніць, што Садружнасьць была падзелена паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расіяй, дзе Расіі дасталася ўся тэрыторыя і насельніцтва сучаснай Беларусі і Украіны. Г.зн. яны былі сілай захоплены і апынуліся ў складзе еўразійскай імперскай Расіі і адначасова замест еўрапейскага статуса «набылі» еўразійскі.
Гісторыя Расіі гэта пастаянная тэрытарыяльная экспансія падчас існаваньня Маскоўскага княства (1263-1547), Рускага царства (1547-1721), Расійскай імперыі (1721-1917), Савецкай Расіі (1917-1922), Савецкага Саюза (1922-1991), Расійскай Федэрацыі (з 1991). Прырастаньне і зьмены Расійскага насельніцтва было не толькі колькаснымі, але і якаснымі. Зараз у многанацыянальнай Расіі паводле афіцыйнай статыстыкі пражывае больш за 180 народаў. Простыя разьлікі паказваюць, што суадносіны колькасьці вялікаросаў (рускіх) да украінцаў і беларусаў на працягу пяці стагоддзяў растуць на карысьць вялікаросаў. Так, калі ў канцы 15 ст. гэта прапорцыя магла быць 1.3:1 (гл. вышэй), то паводле Расійскага перапісу 1897 г. суадносіны вялікаросаў/рускіх (55.7 млн) да украінцаў і беларусаў (22.4 і 5.9 млн, адпаведна) (падлічаных па моўнаму крытэрыю) складалі прыблізна 2:1, а па перапісу СССР 1989 года – гэта прапорцыя (па нацыянальнаму крытэрыю) была ўжо 2.7:1 (рускія – 145.5 млн; украінцы 44.2 млн, беларусы – 10.0 млн). З гэтых разьлікаў бачна, што за пяць стагоддзяў адносная колькасьць вялікаросаў прырастала ў два разы хутчэй у параўнаньні да беларусаў і украінцаў. Праведзеныя разьлікі зроблены па самаму мяккаму сцэнару і, відавочна, што гэты прырост не можа быць растлумачаны толькі ассіміляцыяй, а сьведчыць, хутчэй за ўсё, аб прамым залічэньні другіх народаў у папуляцыю славян-вялікаросаў (рускіх).
Па сёняшні дзень многія расіяне адмаўляюць ассіміляцыю славян-вялікаросаў з фіна-угорскімі і цюркскімі народамі. Хаця нядаўнія даследаваньні паказалі істотную розьніцу ў размеркаваньні генетычнага матэрыяла і наяўнасьць градыента з поўначы на поўдзень і з захаду на ўсход на тэрыторыі Паўночна-Усходняга Краю, з якога і пачыналася Расія, што сьведчыць аб міграцыі славян і аб іх ассіміляцыі з народамі Расіі не-славянскага паходжаньня (Malyarchuk et al., 2004; Balanovsky et al., 2008). Усе даследчыкі апошняга часу, якія вывучаюць Расію, уключаючы расійскіх класічных еўразістаў і нэо-еўразістаў, бачылі ці бачуць яе ў будучым як еўразійскую краіну, якой яна ёсьць на самай справе. Беларусы разам з украінцамі ўтвараюць усходнеславянскую еўрапейскую цывілізацыю.
-
Характарыстыка ўсходнеславянскай і еўразійскай цывілізацый
Паводле праведзенага аналізу можна заключыць, што пад уплывам шэрагу фактараў усходнія славяне раздзяліліся і сфарміравалі дзьве цывілізацыі – усходнеславянскую еўрапейскую цывілізацыю (беларуска-украінскую) і еўраазійскую цывілізацыю (расійскую). Аб’ектыўнымі фактарамі, якія спрыялі ўтварэньню гэтых цывілізацый былі:племянныя асаблівасьці ўсходніх славян;ассіміляцыя ўсходніх славян з лакальнымі плямёнамі;міжусобныя войны паміж землямі і княствамі;мангола-татарскі прыход, які быў гістарычным працягам руху качэўнікаў з Еўразійскага стэпу;узьнікненьне Вялікага Княства Літоўскага – аб’яднальніка ўсходніх славян.У нашы дні ўсходнеславянская цывілізацыя прадстаўлена дзьвюма адносна гамагеннымі ў этнічным плане дзяржавамі – Беларусьсю і Украінай, а еўразійская – Расіяй і краінамі, якія прытрымліваюцца ідэалогіі еўразіянізма. Мы вылучаем тры перыяды ў развіцьці абедзьвюх цывілізацый: дакіеўскі і кіеўскі, перыяд фарміраваньня і сучасны перыяды (Табліца 1).
Табліца 1. Перыяды развіцьця ўсходнеславянскай і еўразійскай цывілізацый
Перыяд |
Кароткае апісаньне |
Перыяд “дакіеўскі і кіеўскі» |
Першапачатковае размежаваньне ўсходніх славян у 9-11 ст. на аснове асаблівасьцяў плямёнаў саміх славян, іх ассіміляцыя з лакальнымі плямёнамі і міжусобіцы паміж землямі і княствамі |
Перыяд фарміраваньня |
Утварэньне ў 13-14 ст. усходнеславянскай еўрапейскай цывілізацыі (беларуска-украінскай) і пачатак фарміраваньня ў 13-15 ст. еўразійскай цывілізацыі (сучасная Расія і краіны, якія падзяляюць цяпер ідэі еўразіянізма) |
Сучасны перыяд |
Працягваецца да нашага часу |
Усходнеславянская цывілізацыя пачала фарміравацца з часоў міграцыі славян з Сярэдняй Еўропы, ужо ў перыяд іх расьсяленьня на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Украіны. Можна лічыць, што усходнеславянская цывілізацыя існуе на працягу васьмі стагоддзяў, пачынаючы з сярэдзіны 13 ст., тады як еўразійская цывілізацыя толькі пачынала тады фарміравацца. Трэба адзначыць некаторыя асаблівасьці ў сучасным перыядзе развіцьця ўсходнеславянскай цывілізацыі, якія тычацца больш за ўсё «украінскай» яе часткі: яны абумоўлены, па-першае, часовай акупацыяй мангола-татарамі часткі сучаснай Украіны (1240-1362), і, па-другое, асаблівасьцямі украінскага нацыянальна-вызвольнага руху ў часы Гетманата пачынаючы з сярэдзіны 17 ст. (Б. Хмяльніцкі, І. Мазепа).
Можна выдзеліць некалькі асноўных момантаў, якія сьведчаць аб істотнай розьніцы усходнеславянскай і еўразійскай цывілізацый і адначасова з’яўляюцца доказамі іх існаваньня (Табліца 2). Усходнеславянская цывілізацыя значна старэйшая і існуе амаль на тры стагоддзі дольш, чым еўразійская, у асноўным па дзьвюх прычынах: 1. па прычыне павольнай міграцыі славян на землі будучай Масквіі, аб чым сьведчыць і значна больш позьняе ўтварэньне Суздальскага княства ў параўнаньні да Полацкага і Кіеўскага княстваў; 2. вассальнай залежнасьцю Масковіі ад мангола-татараў на працягу 240 гадоў. Аб такіх адрозных прызнаках, як ассіміляцыя і зьмены ў тэрыторыі расьсяленьня, гаварылася ў артыкуле вышэй. Насельніцтва на тэрыторыі Беларусі і Украіны было і ёсьць на працягу амаль васьмі стагоддзяў у значнай ступені этнічна аднародным, тады як на землях Паўночна-Усходняга Краю славяне ассіміляваліся спачатку з фіна-угорскімі плямёнамі, а пазьней з цюркскімі народамі. Прынцыповая розьніца ў складзе насельніцтва ў наш час заўважна пры разьліках суадносінаў славян да іншых этнічных груп (30:1 і 24:1 для Беларусі і Украіны, адпаведна, і 4.8:1 – для Расіі) і суадносінаў вернікаў-хрысьціян да вернікаў-мусульман 90 ці 180:1 і 27:1 для Беларусі і Украіны, адпаведна, і 7:1 – для Расіі). Пры разьліках у групу славян былі ўключаны вялікаросы, балгары, беларусы, палякі, і украінцы (аналагічныя вынікі атрымаліся пры разьліках суадносінаў долі тытульнай нацыі да долі іншых этнічных груп (не паказана, П.М.). Рэлігійная прыналежнасьць да іслама была выбрана для разьлікаў таму, што для ўсіх груп параўнаньня меліся адпаведныя лічбы.
Ёсьць шэраг прызнакаў характэрных як для беларуска-украінскай цывілізацыі, так і для заходняй цывілізацыі. Прыналежнасьць Беларусі да заходняй цывілізацыі мае дастаткова навуковых доказаў (Bekus, 2011; Куплевіч, 2013). Тое ж можна казаць і пра Украіну (Szporluk, 2001), як і пра істотную розьніцу паміж Украінай і Расіяй (Kohut, 2001). В. Куплевіч (Куплевіч, 2013) у сваім аглядзе выдзяляе 15 асноўных палажэньняў, якія сьведчаць аб еўрапейскасьці беларусаў, уключна з 1000-гадовай беларускай гістарычнай традыцыяй, наяўнасьцю еўрапейскіх цывілізацыятворчых працэсаў у Беларусі (Адраджэньне, Рэфармацыя, Контррэфармацыя, Вуніятызацыя, Асьветніцтва), наяўнасьцю еўрапейскіх інстытутаў (соймаў, Магдэбургскага права, ратушаў), наяўнасьцю мадэрнага нацыяўтварэння, інтэграцыяй беларускіх эліт у агульнаеўрапейскую палітычную, культурную, эканамічную часапрастору і г.д. Асобнага даследаваньня патрабуе вывучэньне менталітэта, паводзін, традыцый, характэрных для прадстаўнікоў абедзьвюх цывілізацый. Відавочна, што вынікі разьлікаў і параўнаньняў па прыведзеных параметрах для Беларусі і для Украіны вельмі падобныя паміж сабой і адрозніваюцца ў значнай ступені ад еўразійскіх.
Табліца 2. Параўнаньне ўсходнеславянскай і еўразійскай цывілізацый
Усходнеславянская цывілізацыя |
Еўразійская цывілізацыя |
|
Працягласьць існаваньня |
больш васьмі стагоддзяў |
менш пяці стагоддзяў |
Тэрыторыя расьсяленьня |
істотна не змянялася |
павялічылася ў дзесяткі разоў |
Ассіміляцыя ўсходніх славян |
з балтамі, з сарматамі |
з фіна-угорскімі і цюркскімі народамі |
Суадносіны славян (вялікаросы, балгары, беларусы, палякі, украінцы) да прадстаўнікоў іншых этнічных груп* |
для Беларусі – 30:1 (96.8%:3.2%); для Украіны – 24:1(96%:4%) |
для Расіі – 4.8:1 (82.7%:17.3%);
|
Суадносіны вернікаў-хрысьціян да вернікаў-мусульман** |
для Беларусі – 90:1 (а) для Беларусі – 180:1(б) для Украіны – 27:1 |
для Расіі – 7:1
|
Прызнакі прыналежнасьці да заходняй цывілізацыі (гл. тэкст) |
+ |
|
*Разьлікі зроблены на падставе вынікаў перапісу насельніцтва: Беларусь (2009), Расія (2010), Украіна (2001). **Разьлікі зроблены на падставе наступнай інфармацыі: для Беларусі – (а) Bureau of Democracy, Human Rights and Labor. International Religious Freedom Report 2010. Belarus. U.S. Department of State; (б) Республика Беларусь в зеркале социологии. Сборник материалов социологических исследований за 2011 год. — Минск: Бизнесофсет, 2012б с. 44. — ISBN 978-985-6939-42-9; для Украіны – “РЕЛІГІЯ І ВЛАДА В УКРАЇНІ: ПРОБЛЕМИ ВЗАЄМОВІДНОСИН”. Інформаційно-аналітичні матеріали до Круглого столу на тему: “Державно-конфесійні відносини в Україні, їх особливості і тенденції розвитку” (2010). http://www.razumkov.org.ua/upload/prz_2011_Rlg_smll.pdf; для Расіі – Атлас религий и национальностей России (2012). Данные социологического исследования: http://ru.wikipedia.org/wiki; исследовательская служба «Среда», www.sreda.org |
Ёсьць шэраг падыходаў да класіфікацыі цывілізацый (Toynbee, 1934; Huntington, 1993; Kuzik, Yakovets, 2006; Targowski, 2009; Куплевіч, 2013). Паводле S. Huntington ёсьць 8 цывілізацый: Заходняя, Артадокс, Ісламская, Кітайская, Індыйская, Японская, Лацінаамерыканская і Афрыканская (на поўдзень ад Сахары). S. Huntington адносіў Беларусь і Украіну да артадокс цывілізацыі. Аднак гэта спрэчны момант. Як гаварылася вышэй, па шмат якіх рысах усходнеславянскую еўрапейскую цывілізацыю (беларуска-украінскую) можна аднесьці да заходняй цывілізацыі. Аб тым, што Беларусь не ўпісываецца ў еўразійскую ці артадокс цывілізацыю сьведчаць таксама прапановы другіх аўтараў аб існаваньні асобнай беларускай цывілізацыі (Мальдзіс, 2003) ці памежнай цывілізацыі (Titarenko, 2009).
Паводле Kuzik, Yakovets на пачатку 21 ст. варта казаць пра ўтварэньне лакальных цывілізацый 5-га пакаленьня; аўтары падзяляюць іх на 3 групы: заходняя група – заходне-еўрапейская, усходне-еўрапейская, паўночна-амерыканская, лаціна-амерыканская і акіянічная; усходняя – кітайская, японская, індыйская, будысцкая, і ісламская; і зьмешаная – еўразійская (руская), і афрыканская (на поўдзень ад Сахары). Калі прытрылівацца іх класіфікацыі, то Беларусь як і Украіну можна залучыць ва ўсходне-еўрапейскую цывілізацыю, і як паказана ў нашым артыкуле, нават больш спецыфічна – ва ўсходнеславянскую еўрапейскую цывілізацыю. Аднак паважаныя аўтары з Расійскай акадэміі занесьлі абедзьве краіны ў еўразійскую/рускую цывілізацыю: гэта бачна на мапах перспектыўнага развіцьця гэтай цывілізацыі (адзначана аж да 2050 г.); абгрунтаваньняў уключэньня на мапы Беларусі і Украіны пры гэтым не даецца.
Па класіфікацыі, прапанаванай А. Targowski (2009), Беларусь і Украіну, на нашу думку, можна было б аднесьці да заходне-цэнтральнай цывілізацыі, па прычынах апісаных вышэй, а не да ўсходняй – куды аўтар адносіць абедзьве краіны разам з Расіяй і Балгарыяй. Вызначэньне цывілізацыі па А. Targowski складаецца з мноства чыньнікаў, але калі ў вызначэньні месца Беларусі і Украіны бралася за аснову пераважаючая рэлігія (праваслаўная), то трэба было б улічваць суадносіны праваслаўя з іншымі рэлігіямі. Да прыкладу, суадносіны паміж праваслаўем і ісламам сярод вернікаў Расіі і Балгарыі складаюць прыблізна 6:1 і 7:1, тады як сярод вернікаў на Украіне і Беларусі – 50:1 і 150:1, адпаведна (разьлікі П.М.). Аб іншых прызнаках, якія адрозніваюць дзьве цывілізацыі, і аб прычынах размежаваньня усходнеславянскай і еўразійскай цывілізацый гаварылася ў артыкуле вышэй.
У пост-індустрыяльным грамадстве ў эпоху глабалізацыі роля лакальных цывілізацый значна мяняецца і іх будучыня залежыць ад характару адносін паміж імі – ці гэта будуць канфлікты, ці ўзаемадзеяньне. Умовы для развіцьця ўсходнеславянскай еўрапейскай цывілізацыі былі больш спрыяльнымі ў часы Б. Ельцына. Аднак думаецца, што пачатыя Б. Ельцыным рэформы, як і рэформы Пятра І, былі “несапраўднымі” бо не адпавядалі каштоўнасьцям еўразійскай Расіі (амаль ва ўсе часы, пачынаючы ад Аляксандра Неўскага, Расія дэманстравала анты-заходнюю рыторыку). Ельцынскі перыяд зьмяніўся на час няўпэўненасьці і пераходу да новай еўразійскай палітыкі, якая ўключала зьмену празаходняй арыентацыі на анты-заходнюю, і якая часткова адлюстроўваеца зараз у арганізацыі Еўразійскага Эканамічнага Саюза. Як нядаўна было адзначана (Kuzik, Yakovets, 2006), заходняя цывілізацыя ўключыла ў сваю сферу балтыйскія краіны і на чарзе стаяць Украіна, Малдова і Грузія (v.II, p.69). Пра Беларусь увогуле ні слова. Аўтары дадаюць таксама, што яшчэ не сфармулявана стратэгія развіцьця Расіі на 21-е ст. Там жа аўтары прадказваюць магчымы падзел еўразійскай/рускай цывілізацыі, дзе Сярэдняя Азія можа перайсьці пад уплыў ісламскай цывілізацыі, а Далёкі Ўсход і Сібір – пад уплыў кітайскай, японскай і паўночна-амерыканскай цывілізацый. У такім выпадку, як сцьвярджаюць аўтары, ад еўразійскай цывілізацыі нічога не застанецца, а будзе руская ці усходнеславянская цывілізацыя (відаць таму ў іх класіфікацыі было дадзена падвойнае азначэньне цывілізацыі – еўразійская/руская?). Тыя ж аўтары, гаворачы пра “рускую” цывілізацыю, відаць маюць на ўвазе падключэньне ў гэту цывілізацыю беларусаў і украінцаў.
Спробы расійскіх даследчыкаў пазнаць глыбей сваю гісторыю ў пераходны перыяд падлягалі сур’ёзнай крытыцы. Так здарылася з канцэпцыяй Тартарыі, краіны, існаваўшай, паводле аўтараў, у паўночнай частцы Азіі (Носовский, Фоменко, 1999; Агранцев, 2005) (канцэпцыя прызнана спецыяльнай камісіяй пры Расійскай Акадэміі навук ненавуковай (Комиссия, 2007). Палітызаванасьць разглядаемага пытаньня зноў праглядаецца.
Перыяд няўпэўненасьці ў расійскай стратэгіі зьмяніўся аднаўленьнем еўразійскай ідэялогіі. Відавочна, што рух еўразійскай цывілізацыі назад, на ўсход, быў вымушаным, ці з пункту гледжаньня сучасных еўразістаў – памылковым («Развал СССР – это крупнейшая геополитическая катастрофа мира»). Відавочна, што новыя еўразісты, як і класічныя, будуць працягваць рэалізацыю сваёй ідэялогіі, каб узаконіць існаваньне і пашырэньне імперыі. Яшчэ М. Данілеўскі (1822-1875) разглядаў Расію як асобную цывілізацыю, якая павінна абсарбіраваць і ассіміляваць Еўропу, заклікаў славян вызваліцца з пад турэцкага і германскага ўплыву і ўтварыць Славянскую імперыю – фактычна ассіміляваць заходнюю цывілізацыю, якая была «ў духоўным распадзе». Канчатковай мэтай класічных еўразістаў было пакончыць «з культуральнай гегемоніяй Захаду» дэманструючы перавагу Усходу.
Ідэалогія еўразіянізма была заснавана рускімі эмігрантамі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя (князь М. Трубецкой (1890-1938), Л. Карсавін (1882-1952), П. Савіцкі (1895-1968), Г. Вернадскі (1887-1973), Р. Якабсон (1896-1982), П. Шувчынскі (1892-1985). Сярод больш позьніх прыхільнікаў гэтай тэорыі можна назваць Л. Гумілёва (1912-1992), А. Панарына (1940-2003) і сучаснікаў, А. Дугіна, В. Суркова, Н. Назарбаева, С. Караганава. Галоўнымі тэзамі класічнага еўразіянізма былі: асобная, уласьцівая толькі для Расіі, еўразійская культура, якая ёсць асновай рускай цывілізацыі; ідэялогія, заснаваная на хрысціянскай праваслаўнай рэлігіі і культуры, якая адлюстроўвае нацыянальныя інтарэсы; унікальны лёс Расіі, які вызначаецца яе геостратэгічным месцам, як мастом паміж Азіяй і Еўропай; спецыфічная этнаграфічная сумесь еўразійскіх народаў. Яны нават казалі, што Расія не з’яўляецца па-сапраўднаму славянскай краінай. Гэта было вялікім зьдзіўленьнем і нават «шокам» для B. Haggman, заходняга вучонага, зусім нядаўна (Haggman, 2011):
‘Furthermore Russia was not a European society. Also (shockingly), the classical authors of the movement argued that it was not even genuinely Slavic.’
Што ж тут шакуючага, калі нават самі расіяне гэта прызнаюць? Аднак на Захадзе да гэтага часу чытаюць міфы і легенды-клішэ пра Рурыкаў, пра славянскую краіну-Расію, напісаныя славянафіламі 18-19 ст. Падрабязна гісторыю ідэялогіі еўразіянізма глядзіце ў нядаўніх аглядах (Laruelle, 2006; Matern, 2007; Pryce, 2013).
Класічныя еўразісты не прызнавалі права Беларусі і Украіны на незалежнасьць у 20-я гады мінулага ст., разглядаючы народы гэтых краін як асобныя галіны рускага народа, і ў той жа час адзначалі вялікую ролю цюркскіх народаў у развіцьці Расіі. Аб тым, што рускія бліжэй да неславянскіх людзей, і што імперыя Чынгіз-хана трансфарміравалася ў Маскоўскую імперыю, пісаў Л. Гумілёў: “Военный и политический опыт Чингис-хана, слившись с русским православием, в XIV веке дал жизнь Московской Руси» (з прадмовы да кнігі Э. Хара-Давана; Khara–Davan, 1992).У сваю чаргу П. Савіцкі ў пісьме да Л. Гумілёва пісаў: «Я ўсё яшчэ разглядаю нашага вялікага і грознага бацьку Чынгіз-хана, як адну з найвялікшых фігур ва ўсёй гісторыі перад-ленінскай Еўразіі. Толькі Ленін пераўзыйшоў яго па сваіх маштабах і моцы сваёй мэты» (цыт. па М. Laruelle, 2006). Ідэі класічных еўразістаў не знайшлі падрымкі ў СССР, ды яны і самі суцішыліся, бо ўбачылі, што пасьля ІІ-й сусьветнай вайны Еўразія-Расія пашырылася аж да сярэдзіны Еўропы, г.зн. фактычна адбывалася рэалізацыя іх ідэі.
Аднак, якіх б бы поглядаў не прытрымліваліся расійскія гісторыкі і лідэры (нарманскай ці антынарманскай тэорыі, еўразійскай, славянафільскай ці панславісцкай плыні) мала хто з іх не разглядаў Кіеў/Кіеўскую Русь, як сваю вотчыну ў гістарычным асьпекце. З пункту гледжаньня сёняшняга дня гэта не зусім адпавядае рэчаіснасьці, а менавіта існаваньню незалежнай дзяржавы – Украіны, якае ў першую чаргу мае падставы на гісторыю Кіеўскай Русі. Бо прызнаньне таго факта, што сучасная Расія не мае ніякага дачыненьня да Кіеўскай Русі, вядзе ў дзень сёняшні да абсалютнага прызнаньня самастойнасьці Украіны і Беларусі і, як вынік, да страты прэтэнзій на гэтыя славянскія тэрыторыі і да згубы “абгрунтаванага” гістарычнага ўплыву на гэтыя краіны, чаго імперскае мысленьне сабе дазволіць не можа.Ідэя славянафілаў, панславістаў і еўразійцаў уключна з рускімі нацыянал-патрыётамі лічыць Расію славянскай краінай («Руская Расія») ці краінай з вядучай рольлю славян прывяла да крызісу ў тлумачэньні сучаснай сітуацыі, калі, з аднаго боку, у складзе былой расійскай імперыі адсутнічаюць краіны ўсходнеславянскай цывілізацыі – Беларусь і Украіна, а з другога – трэба вырашаць нацыянальныя пытаньні ў сваёй краіне. Імперскае мысленьне знаходзіцца ў супрацьвазе з нармальным лагічным працэсам асэнсаваньня сябе як еўразійскай дзяржавы, што на самай справе вяло б да яе ўмацаваньня.
Для ўсходнеславянскай цывілізацыі важна як да яе будзе адносіцца ў такой сітуацыі заходняя цывілізацыя. Амаль да нядаўняга часу ўсё што знаходзілася на ўсход за лініяй Брэст-Львоў называлася многімі на Захадзе Расіяй, нават не Савецкім Саюзам. Гэта зараз пакрысе прыходзіць асэнсаваньне, што ўсходнеславянскі мір не быў адзіным, і што там ёсьць свае цывілізацыйныя каштоўнасьці, якія нельга ўсе агулам прыпісаць да Еўразіі ці Масквы. Ад таго ці будзе заходняя цывілізацыя зацікаўлена ў падтрымцы самастойнага развіцьця ўсходнеславянскай цывілізацыі і яе магчымага руху на Захад залежыць будучыня гэтай цывілізацыі. Калі такой падтымкі не адбудзецца, то яна можа быць праглынута еўразійскай цывілізацыяй, як і многія тэрыторыі і народы ў 15-20 ст. Нягледзячы на заявы Прэзідэнта Казахстана Н. Назарбаева, што ствараемы Еўразійскі Саюз гэта эканамічны, а не палітычны саюз, у народаў усходнеславянскай цывілізацыі застаецца гістарычна абгрунтаваная насьцярожанасьць, выкліканая рухам па напрамку усход-захад, нягледзячы на тое, што ва ўмовах глабалізацыі агрэсія і захопы ў значнай ступені павінны быць цывілізавана абмежаваны. Недахопам усходнеславянскай цывілізацыі на сёньня ёсьць тое, што дзьве яе кампаненты, Беларусь і Украіна, працуюць рознанапраўлена і не скаардынавана. Але нічога не стаіць на месцы – шматвекавое развіцьцё ўсходнеславянскай еўрапейскай цывілізацыі мае свой працяг.
Аўтар выказвае шчырую падзяку за падтрымку і каштоўныя заўвагі Наталіі Баркар, Ніне Дарашэнка, Галіне Туміловіч і Сяргею Чыгрынаву.
Спасылкі
- Абдулаева Г. Россией правили татары. Bad News, 2011, март 5.http://badnews.org.ru
- Агранцев И.Александр Меньшиков. — М.: ОЛМА Медиа Групп, 2005. С. 43-44. (Тайны великих). — ISBN 5765441963
- Арлоў У. Ад Полацка пачаўся Свет. Мінск, «Рыфтур», 2005.
- Атлас религий и национальностей России (2012). Данные социологического исследования: http://ru.wikipedia.org/wiki; исследовательская служба «Среда», sreda.org
- Баймухаметов С. “Вестник Оnline“, № 14(351),7 июля 2004.
- Гарифуллин И. Русские фамилии тюркского происхождения. «Югра», март 2012. http://www.ugra–start.ru/ugra/mart-2012/772
- Голденков M. Утраченная Русь. Минск, «Современная школа», 2009, 426 с.
-
Гумилёв Л.Н. От Руси к России.
- Деружинский B.B. Тайны белоруской истории, Минск, ФУАинформ, 2009, 560 с.
- Дзермант А. Праект «Цытадэль», 2011. http://cytadel.org/platforma/1-obosnovanie–i–predlozhenie
- Дзермант А., Санько С. Этнагенез беларусаў: навука i ідэалогія // Arche. 2005. № 5. С. 233-253.
- Дугин А. Проект “Евразия”, Москва, 2006.
-
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. Полацкі і Навагародскі перыяды. Мінск, «Мастацкая літаратура», 1990.
-
Карамзин Н.М. История государства Российского.
- Котлярчук A. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. Менск, – Энцыклапедыкс.- 2002
- Куплевіч В. Цывілізацыя Еўропы. Ч.5, 2013б, http://belarus.kulichki.net
- Комиссия по борьбе с лженаукой и фальсификацией научных исследований при Президиуме РАН. В защиту науки / Отв. ред. Э. П. Кругляков. М.: Наука, 2007. Т.2. С.102-111.
-
Мальдзіс А.І. Кладачкі паміж пазаўчарашнім і сённяшнім. Новы час, 14: 1-12 (2003).
-
Миллер Г. Ф. О народах издревле в России обитавших. СПб., 1788.
- Носовский Г. В., Фоменко А. Т. Реконструкция всеобщей истории: новая хронология. — М.: Деловой экспресс, 1999. — С. 409—417.
- Повесть минувших лет (у перакладзе Ліхачова). http://old–russian.chat.ru; Повесть минувших лет (англ): http://www.utoronto.ca/elul/English/218/PVL–selections/pdf
- Погодин М. П. 1846. Исследования, замечания и лекции о русской истории. Том II. Происхождение варягов, Руси. О славянах. Москва, изд. Московск. об-ва истории и древностей российских.
- “РЕЛІГІЯ І ВЛАДА В УКРАЇНІ: ПРОБЛЕМИ ВЗАЄМОВІДНОСИН”. Інформаційно-аналітичні матеріали до Круглого столу на тему: “Державно-конфесійні відносини в Україні, їх особливості і тенденції розвитку” 8 лютого 2011р (2010) http://www.razumkov.org.ua/upload/prz_2011_Rlg_smll.pdf
- Республика Беларусь в зеркале социологии. Сборник материалов социологических исследований за 2011 год. — Минск: Бизнесофсет, 2012. — С. 44. — ISBN 978-985-6939-42-9
-
Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654-1667. Мінск, «Навука і тэхніка», 1995.
- Соловьев С.М. История России с древнейших времен.
-
Татищев В.Н. История Российская. Т. I-VII. М.-Л., 1962-1968.
-
Хара-Даван Э. “Чингис-хан, как полководец и его наследие”, Алма-Ата, 1992.
-
Шахматов А. А. Древнейшие судьбы русского племени. Петроград, Русский исторический журнал. 1919, 64с.
- Balanovsky O. et al. Two sources of the russian patrilineal heritage in their eurasian context. The American Journal of Human Genetics, 82, 236-250, 2008.
- Bekus Nelly East, West or in Between? Three post-communist concepts of the Belarusian Nation. In: The East-West discourse : symbolic geography and its consequences, by A. Maxwell. NY, Peter Lang, 2011, pp 191-211.
- Bideleux R., Jeffries I. A History of Eastern Europe: Crisis and Change, Routledge, 1998, ISBN 0-415-16112-6, Google Print, p.155
- Bureau of Democracy, Human Rights and Labor. International Religious Freedom Report 2010. Belarus. U.S. Department of State.
- Curta F. (2001) The Making of the Slavs: History and Archaeology of the Lower Danube Region, C. 500-700, Cambridge University Press, ISBN 0-521-80202-4, p.309.
-
Encyclopedia Britannica, Vol. III, Edinburgh, 1771, p. 887.
- Geary P. (2003) Myth of Nations. The Medieval Origins of Europe, Princeton Paperbacks, ISBN 0 – 691-11481- 1, p.145
- Falkus M.E. “Demographic History of European Russia 1796-1917” at World History at KMLA.http://www.zum.de/whkmla/region/russia/eurrusdemhist17961917.html
-
Huntington S. The clash of civilisations. Foreign Affairs, v.72, No3, 1993.
-
Haggman B. From Minsk to Vladivostok – is it an East Slavic Civilization? Comparative Civilizations Review, v64, 2011.
- Halsall G. Archaeological finds confirm that Germanic and Slavic tribes were settled agriculturalists. “The Barbarian invasions”, in Fouracre, Paul, The New Cambridge Medieval History, Vol. 1: c. 500 – c. 700, Cambridge University Press, ISBN 0-521-36291-1, (2006)
- Hrushevsky, M. History of Ukraine-Rus’, vol 1 (Edmonton–Toronto 1997)
- KohutZ. E. OP #280: The question of russo-ukranian unity and ukranian distinctiveness in early modern urkranian thought and culture. Kennan Institute Occasional Papers, 2001. http://www.wilsoncenter.org/sites/default/files/ACF2C9.pdf
- Kuzyk B.N., Yakovets Yu.V. Civilizations: Theoty, History, Dialogue and the Future, v.II, Moscow, Institute for Economic Strategies, 2006.
- Laruelle M. The eurasianist ideology and the eurasian history: empire as the natural solution for the post-soviet space. 6th Annual Intl Young Researchers Conf. “Orienting the Russian Empire”, Ohio, Oct 26-26, 2006.
- Lukowski J., Zawadzki H., A Concise History of Poland, Cambridge University Press, 2001, ISBN 0-521-55917-0, Google Print, p.6
- Malyarchuk B. et al. Differentiation of mitochondrial DNA and Y chromosomes in russian populations. Human Biology, v.76, no.6, p.877-900, 2004.
- Matern F. The Discourse of Civilization in the Works of Russia’s New Eurasists: Lev Gumilev and Alexander Panarin.YCISS Post-Communist Studies Programme Research Paper Series, No. 002, February (2007). <http://www.yorku.ca/yciss/ activities/documents/PCSPPaper002.pdf>.
- O’Connor К. The History of the Baltic States, Greenwood Publishing Group, 2003, ISBN 0-313-32355-0, Google Print, p.17.
- Plokhy S.The Origins of the Slavic Nations: Premodern Identities in Russia, Ukraine and Belarus. Cambridge: Cambridge University Press, 2006.
- Pogonowsky I.C. Based on 1493 population map (p.92), 1618 population map (p115), 1618 languages map (p119), 1657–67 losses map (p128) and 1717 map (p141), Poland a Historical Atlas, Hippocrene Books, 1987, ISBN 0-88029-394-2
- Pritsak О.Khazarian Hebrew documents of the tenth century. (with Golb, Norman Ithaca: Cornell University Press, 1982.
-
Pryce P. Putin’s Third Term: The triumph of Eurasianism. Romanian Journal of European Affairs, v.13, No1, 25-43, 2013.
- Riasanovsky N.V. History of Russia. 5th Edition. New York. 1993. 711 p.
-
Shevelenko I. Towards a History of the 1929 Split in Eurasianism. In Themes and Variations: In honor of Lazar Fleishman, Stanford, Stanford Slavic Studies, v.8, pp.376-416.
- Szporluk R. The Making of Modern Ukraine: The Western Dimension. Harvard Ukrainian Studies XXV (1/2) 2001: 57–90.
-
Targowski A. Towards a composite definition and classification of civilization. Comparative Civilizations Review, No 60, pp79-98, 2009.
-
Titarenko L. Belarus: A borderland civilization or civilization outskirts? Sociological reflection. LIMES, vol. 2, No1, pp.64-81 (2009).
- Vernadsky G. A History of Russia. New Haven, 6th edition, 1968.
- Werrett S. “An Odd Sort of Exhibition: the St. Petersburg Academy of Sciences in the Enlightened Russia”, King’s College/ Dissertation submitted to the University of Cambridge towards the degree of the Doctor of Phylosophy, March 2000.
-
Zakharii R. The Historiography of Normanist and Anti-Normanist theories on the origin of Rus’ A review of modern historiography and major sources on Varangian controversy and other Scandinavian concepts of the origins of Rus’ Dissertation in Viking and Medieval Nordic Culture Submitted in candidacy for the degree of Master of Philosophy. Oslo, 2002.
Summary
EASTERN SLAVIC BELARUSIAN-UKRANIAN CIVILIZATION. HYPOTHESIS AND FACTS
Piotra Murzionak
The article explains the existence of separate Eastern Slavic civilization in the modern European territories of Belarus and Ukraine. Slavs, migrated in Eastern Europe in 5-9 centuries BC, under the influence of various factors separated and formed two civilizations – Eastern Slavic (Belarusian-Ukrainian) civilization, and Eurasian civilization. The disengagement of the Eastern Slavs was determined by the characteristics of their tribes, the natural conditions of the Eastern European plain and the Eurasian steppes, assimilation with local tribes, the internecine wars between the lands and kingdoms, the influence of the Mongol Empire, the emergence of the Grand Duchy of Lithuania as the unifier of the Eastern Slavs.In the development and interaction of these civilizations might be observed three periods, ‘dakieuski and kieuski,’ emergence period, and modern period.
It seems that the ethno-national division of the Eastern Slavs began in the 10-11 century regardless of the processes of formation of Kievan Rus’ and even before its collapse. This division took place between the Slavs who lived in what is now Ukraine and Belarus, and Slavs migrated in the North-East District/Edge (territory of the future Muscovy), where they mingled during the ‘first wave’ of assimilation with Finno-Ugric Peoples (Mordva, Mari, Ves, Meščera, Muroma). The second wave of assimilation with Turkic peoples for centuries, as during the reign of the Golden Horde and in the later periods, even more separated Muscovy Slavs from the Slavs of modern Belarus and Ukraine. Eurasian culture of Muscovy/Russia is based on mutual understanding, lifestyles, mentalities,traditions and knowledge of Slavic and Finno-Ugric and Turkic peoples. We can assume that Russia, including over the long history of the Eurasian territory and its population, is the successor of the Eurasian movement from east to west.However, many Russians still consider Russia, contrary to the facts, exclusively Slavic nation, and do not recognize the separate existence of Belarusian and Ukrainian ethnic groups.
Infighting between the principalities of Kievan Rus’ was one of the major factors in its decay, but on the other hand led to a strengthening and separation of existing at the time centers(Principality of Polotsk, Galician-Volyn principality) and create a new feudal formations of future Muscovy (Republic of Novgorod, Rostov-Suzdal principality). Slavs of modern Belarus and Ukraine is largely preserve their identity and civilization through the Grand Duchy of Lithuania (GDL)which actually united the Eastern Slavs after the collapse of Kievan Rus’. Such a unifying role could not perform Muscovy while itself was in vassal depending on the Golden Horde of Mongols.
The Eastern Slavic civilization is nearly three centuries older over the Eurasian, both because of the slow migration of the Slavson the future lands of Muscovy (as evidenced by a much later formation of Suzdal in comparison to the principalities of Polotsk and Kiev)and due to vassal dependence of Muscovy from the Tatars over 240 years. The population of Belarus and Ukraine exists for almost eight centuries and itis largely ethnically homogeneous and has been residing in the same territory while the Slavs of North-East Edge were assimilated at first with Finno-Ugric tribes, and later with Turkic peoples and expanded its territory dozens of times.The principal difference between two civilizations is observed while calculating the ratio of the Slavs to other ethnic groups and the ratio of Christian believers to the faithful Muslims.
Obviously, the enrollment of Belarus and Ukraine to the orthodox, eastern or Eurasian / Russian civilization (despite a number of characteristic features of Western civilization) is made on the basis of myths and conclusions made as the result of the interpretation of historical facts of view of geopolitics (the myths of the trinity of three Slavic nations, ‘the Great’, ‘Malorosov’ and ‘Belarusians,’ approval of the Slavic character of the Russian Empire,the continuity of the history of Kievan Rus to Russia, a claim for the role of Muscovy in the union of the Eastern Slavs). The development of civilization requires a long time and it is clear that Eastern Slavic Europeanor Belarusian-Ukrainian civilization will take proper and appropriate place in an era of global change in the world through the understanding and co-operation of its constituent parts which still have a lot in common with each other.
.
Categories: Гісторыя, Зьнешнія адносіны, Нацыя
Пакінуць адказ