АРХІЯПІСКАП СЬВЯТАСЛАЎ ЛОГІН: БЕЛАРУСКІЯ ЦУДАТВОРНЫЯ ІКОНЫ ПРАСЬВЯТОЕ БАГАРОДЗІЦЫ (часопіс “САКАВІК, сакавік 2014, №5, с. 10-13)

АРХІЯПІСКАП  СЬВЯТАСЛАЎ  ЛОГІН: 

БЕЛАРУСКІЯ ЦУДАТВОРНЫЯ ІКОНЫ ПРАСЬВЯТОЕ БАГАРОДЗІЦЫ

 Mother of God

Сьвятая Жыровіцкая нерукатворная ікона Багародзіцы,
     створаная на камені, яўленая на грушовым дрэве ў 1470 г.

Маці Божая Марыя – найбольш шануемая сьвятая пасьля Госпада Бога ў Праваслаўнай, Каталіцкай і іншых хрысьціянскіх Цэрквах. Хрысьціянства за тысячу годоў у Беларусі вырабіла асаблівы культ Багародзіцы ў народзе, які заўсёды меў моцную веру. Гімнам ВКЛ у 14-18 ст.ст. быў гімн “Багародзіца”. У кожнай беларускай хаце знаходзіліся іконы, людзі штодзённа прыносілі малітвы, датрымоўваліся царкоўных сьвятаў і пастоў, будавалі цудоўныя храмы. Беларуская Царква мае кагорту выдатных сьвятых людзей.

Госпад удастоіў Беларускую зямлю многімі цудамі, сярод якіх былі й цудатворныя іконы, бальшыня якіх – Прасьвятое Багародзіцы. Яны ёсьць духоўным багацьцем нацыі, як напрыклад – сьв. Крыж Еўпрасіньні Полацкае. Іхная гісторыя (жыцьцяпіс) – частка гісторыі ня толькі Беларускае Царквы, а і ўсяе Беларусі. На сёньня вядома іхная колькасьць – больш за 200. Гэта болей, чым мае любы іншы хрысьціянскі народ. Іхны пералік ёсьць на сайце Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы (www.belapc.org). Шанаваньне іконы пачыналася простымі вернікамі, далей сьведчаньні пра цуды фіксаваліся сьвятарствам і тады царкоўныя ўлады вызначалі, што дадзеная ікона ёсьць цудатворнаю і заносілася ў месяцаслоў. У Каталіцкай Царкве – папа Рымскі сам каранаваў такія іконы (напрыклад – Вострабрамская). Цудатворным іконам усталёўваецца дзень сьвяткаваньня, складаюцца трапары, службы, малітвы, каноны, акафісты… У іхны гонар асьвячаюць храмы, напрыклад – сьв. Жыровіцкае іконы Божае Маці названы некалькі беларускіх цэркваў на эміграцыі. Менавіта гэтая ікона ёсьць найбольш шанаванаю ў Беларусі і лічыцца апякункаю Беларускага народу. Самое ейнае з’яўленьне адбылося цудным чынам у 1470 г. як нерукатворнае. Яна створана Боскаю сілаю з каменю, маленькая за памерам – з курынае яйка, але мае вялікую духовную сілу. Жыровіцкі манастыр – адзіны ў Беларусі, які не зачыняўся ні за якое ўлады, бо заўсёды ў ім прысутнічала гэтая цудатворная ікона Багародзіцы.

Розны лёс спаткаў цудатворныя іконы. Многіх зь іх ужо няма зусім, многія зь іх былі вывезеныя зь Беларусі, але ёсьць іхныя копіі, пра некаторыя зусім не засталося ніякіх вестак.

Баркалабаўская ікона мае гісторыю, схожую на лёс ўсяе Беларусі. Калі ў палове 17 стагодзьдзя расейскія войскі нішчылі Вялікае Княства Літоўскае, яны рабавалі як ліцьвінаў так і Боскія храмы. У 1659 г. расейскі вайсковы начальнік, вяртаўся ў Маскву з абозам нарабаванага. Адзін ягоны воз стаў каля Баркалабаўскага манастыра (недалёка ад г.Быхаў, Магілёўшчына) і што толькі ні рабілі, конь ня мог рушыць зь месца. Тады маскавіт убачыў на возе, сярод награбленага ім дабра, ікону Багародзіцы, якую вярнуў ігумені гэтага манастыра, пасьля чаго ягоны конь пайшоў. Гэтая ікона, якая была напісана і знаходзілася ў адным з храмаў Заходняе Беларусі, стала ўжо звацца Баркалабаўскай, каля яе сталася шмат розных цудаў, яе шанавалі ня толькі ў ВКЛ, але яна была вядома і ў Еўропе. Госпад надзяліў яе такою сілаю, што яна перажыла ліхалецьце войнаў і савецкае ўлады. Ні царскі маскаль, ні савецкі не змаглі яе зьнішчыць. І цяпер, у 21-м ст., у гэтым жа беларускім манастыры да гэтае іконы прыходзяць вернікі з малітвамі.

Бальшыня іконаў адносіцца да тыпу “Адзігітрыя”, некаторыя – да тыпу “Замілаваньне”, але ёсьць і зусім унікальныя. Напрыклад, Купяціцкая ікона (у форме крыжа) з’явілася цудным чынам у 1182 г. на Палесьсі.

Можна падзяліць іконы на вядомыя і малавядомыя (у Беларусі, у сьвеце), але цяпер Расейская Праваслаўная Царква, якая існуе ў Беларусі (Беларуская Царква там забаронена), усё робіць, каб зьнішчыць беларускае – мову, абрады, сьвяты, традыцыі, царкоўную архітэктуру, іканапіс …  Цяжка цяпер набыць у Беларусі ікону нейкага беларускага сьвятога ці беларускую ікону Багародзіцы, затое царкоўныя крамніцы завалены іконамі Казанскімі і іншым маскоўскім царкоўным шырпатрэбам.

Паводле даўнасьці. Самымі старажытнымі на Беларускіх землях былі іконы, напісаныя Евангелістам Лукашом (1 ст. пасьля нараджэньня Хрыста), якія пасьля хросту Беларускіх земляў трапілі зь Бізантыі: 

 – Менская (якая захавалася і знаходзіцца ў Сьвята-Духавым Саборы ў Менску);

 – Смаленская (выкрадзеная маскавітамі і павернутая ў 1456 г., прададзеная саветамі ў 1930-я г.г.);

 – Эфэская (прывезеная Еўпрасіньняю Полацкаю ў Полацк і вывезеная маскавітамі ў 17 ст.);

 – Вострабрамская (у старажытнасьці замененая на цяперашнюю).

Частка іконаў – з часоў Кіеўскае Русі. Бальшыня Беларускіх цудатворных іконаў з’явілася ў часы ВКЛ, калі ягоная Праваслаўная Царква была незалежнаю.

Некаторыя іконы праславіліся, калі Беларусь была пад царскай Расеяй. Напрыклад – Пружанская ікона праславілася ўжо ў 1934 г., калі Заходняя Беларусь была пад Польшчаю. Яшчэ ёсьць жывыя сьведкі гэтага цуда. Бачым, што Госпад не застаўляе людзей без належнае апекі і ў наш час.

Дні сьвяткаваня іконаў Жыровіцкае (20 траўня – н.ст.) і Мінскае (26 жніўня – н.ст.) замацаваныя ў Беларускай Царкве як Вялікія Сьвяты. Беларусы заўсёды ладзілі паломніцтвы да сьвятых месцаў і іконаў. Некалі мой дзед, калі яму была ўсяго 10 гадоў (1908 г.), са сваёю маткаю пешшу хадзілі з-пад Наваградка да Вільні, каб пакланіцца сьвятое Вастрабрамскае іконе Багародзіцы (гэтую ікону шанавалі ня толькі праваслаўныя і каталікі, а й нават юдзеі).

У Беларусі зафіксавана дзясяткі яўленьняў самое Прасьвятое Багародзіцы, але гэта ўжо іншая тэма, як і – Беларускія Сьвятыя, сьвятыя месцы …

Таму, будучы на сваёй Бацькаўшчыне, не забывайце пакланіцца сьвятым месцам, мошчам сьвятых і сьвятым іконам, перад якімі маліліся нашыя продкі і якімі дабраслаўлялі перад бітвамі нашых дзядоў, і папрасіць у Прасьвятое Багародзіцы ейнага заступніцтва перад Госпадам за сваю сям’ю, за Беларускі народ і Беларускую дзяржаву. Сіла малітвы вельмі вялікая, няма нічога мацней за Госпада і ягоную Царкву.

З малітвамі,

Архіяпіскап Сьвятаслаў Логін,                                                                               Першаярарх Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы

 

Archbishop Sviataslau Login, the Head of the Belarusian Autocephalous Orthodox Church: BELARUSIAN MIRACULOUS ICONS OF THE MOTHER OF GOD

(abstract, magazine “SAKAVIK”, March 2014, issue 5, pp. 10-13)

 

This review is about miraculous icons of the Mother of God known in Belarus. The Lord granted the Belarusian land by many miracles among them there are the miracle-working icons, most of which the Mother of God. They have spiritual wealth of the nation, such as St. Cross of Euphrasinnia of Polatsk. The story of those icons is the part of the history not only of Belarusian Church, but also of all Belarus. Today more than 200 icons are known. Some of the icons are from the time of Kievan Rus, the others – of the Grand Duchy of Lithuania when the Orthodox Church was independent. There is a list of those icons on the site of the Belarusian Autocephalous Orthodox Church (www.belapc.org). Various fates are for miraculous icons. Many of them disappeared or were exported from Belarus, and there are copies for some of them.Some of the icons are absolutely unique, for example, Kupyatsitskaya icon (in the form of cross)(Kupiatsichy Cross Icon of Theotokos) appeared by miracle way in 1182 on Paliessie.

 

 



Categories: Асьвета, Гісторыя, Нацыя Беларусы, Рэлігія

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: