Дзяніс Тушынскі: Манументальная мова. Якія помнікі роднай мове ёсць у свеце?

“Наша Ніва”, 27 ліпеня 2014 г.

У 2003 годзе ў Полацку быў адкрыты помнік адметнай літары Ў, які сімвалізуе ўнікальнасць беларускай мовы. Але выклікі нацыянальнай мове і ідэнтычнасці не знікаюць. Моўна-нацыянальны нігілізм рыхтуе глебу для паўтарэння крымскага ці ўсходнеўкраінскага сцэнара і ў Беларусі.

Ці не варта на гэтым фоне задумацца над адкрыццём больш грунтоўнага архітэктурнага сімвала беларускай мовы ў сталіцы краіны?

Такі аб’ект стане адказам на імперскае прамыванне мазгоў.

Можна сказаць, што стварэнне гэтага арт-аб’екта цяпер — пір падчас моўнага мору. Помнік можа ўспрымацца як сімвалічная спроба маральна кампенсаваць слабыя пазіцыі беларускай мовы ў краіне. Але зірніце з іншага боку: гэта рэч навыраст, арыенцір, маяк, сімвал надзеі.

Помнікі роднай мове, а нават моўным асаблівасцям, ёсць у многіх краінах свету.

Напрыклад, у Харватыі ёсць манументы асобным літарам глаголіцы.

У Сыктыўкары, сталіцы Рэспублікі Комі (Расія), стаіць помнік у выглядзе літары Ц з алфавіта Комі.

А ў расійскім Ульянаўску ёсць помнік літары Ё. Ідэя яго паставіць узнікла ў 1997 годзе, калі святкавалася 200-годдзе яе першай фіксацыі на пісьме.

У расійскай Волагдзе ёсць помнік літары О, які ўшаноўвае мясцовае оканне.

У гэтым кірунку ў нас яшчэ ёсць варыянты: напрыклад, помнікі ДЖ і ДЗ ці залатому правілу «жы, шы пішы з ы».

Калі ж пачала шырыцца гэтая традыцыя? Першы «моўны помнік» з’явіўся ў Паўднёвай Афрыцы, у горадзе Бюргерсдорп, у 1893 і быў прысвечаны афрыкаанс — мясцоваму варыянту галандскай мовы. Помнік адзначаў набыццё мовай роўных правоў з англійскай у парламенце тагачаснай Капскай калоніі Брытаніі. Пазней ён пачаў успрымацца і як манумент землякам, якія загінулі падчас Англа-бурскай вайны (1899—1902).

Першы ў свеце помнік мове — манумент афрыкаанс у Бюргерсдорпе (1893). Жанчына трымае ў руках табліцу з надпісам: «Свабода для галандскай мовы». Падчас Англа-бурскай вайны статуя была зрынутая і згубленая.

Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка дае і найлепшы прыклад помніка мове: гэта грандыёзны манумент мове афрыкаанс у горадзе Паарл. Мясцовасць вакол аднайменнай гары — адно з найстарэйшых месцаў рассялення еўрапейцаў на поўдні Афрыкі. Менавіта там распачаўся рух за ўжыванне афрыкаанс на пісьме і за пераклад Бібліі на гэту мову. Афрыкаанс (бурская мова) — адна з 11 дзяржаўных моваў ПАР, трэцяя паводле пашыранасці пасля моваў зулу і коса. Сфармавалася ў XVIII стагоддзі на аснове мовы галандскіх перасяленцаў у Капскай калоніі.

Манумент мове афрыкаанс у горадзе Паарл.

Ад мовы апартэіду да мовы яднання?

Моўнае пытанне ў Паўднёвай Афрыцы заўжды стаяла востра. У канцы XVIII стагоддзя Брытанія захоплівае заснаваную галандцамі Капскую калонію і абвяшчае англійскую мовай адукацыі і ўрада, пачынаецца перыяд англізацыі. Школьнікаў за выкарыстанне роднай мовы прымушаюць насіць шыльду з надпісам «Я — асёл». Родная мова робіцца для афрыканераў (так называлі белых перасяленцаў — носьбітаў афрыкаанс) сімвалам нацыянальнай ідэнтычнасці і адраджэння.

У канцы ХІХ стагоддзя пачынаецца рух за развіццё мовы афрыкаанс. Да таго часу гэта мова ўспрымалася як нізкастатусны дыялект. Змаганне за афіцыйны статус афрыкаанс накладвае адбітак на нацыянальны характар і ідэалогію афрыканераў. Нягледзячы на фармальнае ўраўнаважванне ў правах з англійскай галандскай мовы ў 1910, а афрыкаанс у 1925, фактычна перыяд англізацыі цягнецца да 1948 года, калі да ўлады прыходзіць Нацыяналістычная партыя.

Перыяд ад 1948 да 1994 — час росквіту афрыкаанс. Адначасова гэта і перыяд апартэіду як афіцыйнай дзяржаўнай палітыкі. Падчас апартэіду дзяржава навязвае гэту мову іншым моўным супольнасцям. У 1976 загад ужываць афрыкаанс у якасці адзінай мовы навучання ў негрыцянскіх школах справакаваў дэманстрацыю пратэсту ў Ёханэсбургу. Каля 15000 чалавек, у асноўным школьнікі, выйшлі на вуліцы з плакатамі кшталту «Афрыкаанс — прэч!». Дэманстрацыя была расстраляная паліцыяй.

Біскуп Дэсманд Туту назваў афрыкаанс мовай прыгнятальнікаў. У сваю чаргу англійская мова стала знакам пратэсту і сродкам аб’яднання негрыцянскага насельніцтва.

Камітэт па стварэнні помніка мове афрыкаанс быў утвораны ў 1942, у 1964 быў абвешчаны конкурс на найлепшы праект. Помнік быў усталяваны ў 1975 годзе ў гонар 50-годдзя абвяшчэння афрыкаанс афіцыйнай мовай, а таксама стагадовага юбілею Таварыства сапраўдных афрыканераў, якое займалася прапагандай афрыкаанс. На мерапрыемстве прысутнічала больш за 40000 чалавек. Пагроза белых пісьменнікаў праігнараваць мерапрыемства, калі на яго не запросяць пісьменнікаў іншых рас, прымусіла ўлады пайсці на такую саступку.

Апартэід быў адменены ў 1994, і сёння ў краіне адзінаццаць афіцыйных моў. Паводле перапісу 2011 года, афрыкаанс быў роднай мовай 13,5% насельніцтва, амаль 7 мільёнаў чалавек. Гэта трэцяя па пашыранасці мова краіны.

У адной са сваіх прамоў у 1995 Нэльсан Мандэла сказаў, што, хаця раней афрыкаанс, як сродак распаўсюду палітыкі апартэіду, падзяляў народ Паўднёвай Афрыкі, гэта таксама была і мова тых, хто змагаўся з прыгнётам.

Сімволіка манумента афрыкаанс у горадзе Паарл. Самая высокая частка манумента — гіпербала, якая ніколі не спыніць свой рост (А). На такі сімвал мовы архітэктара Яана ван Вейка натхнілі словы пісьменніка і палітыка Карнэліса Лангенховена аб імклівым росце ўжывання пісьмовай афрыкаанс. Вышыня калоны — 57 метраў. Яна таксама ўвасабляе метафару паэта ван Вейка Лоу, які параўнаў афрыкаанс з мячом, што ззяе.

Стэла мае па ўсёй вышыні адтуліны, у якія трапляе сонечнае святло. Каля падмурка б’е крыніца, якая сімвалізуе выток мовы афрыкаанс.

У нашага Караткевіча таксам ёсць метафара «мова — булатны клінок». Цікава, як мог бы выглядаць сімвал беларускай мовы?

Побач стаіць меншая калона, што сімвалізуе Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку (Б). Яна мае адтуліну ў кірунку Афрыкі, што мае паказаць адкрытасць і ўзаемадзеянне паміж Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай, афрыкаанс і ўсім кантынентам. Калоны атачае сажалка. Сонца адбіваецца ў вадзе, грае на паверхні калонаў. Па задумцы архітэктара, кожны сонечны водбліск — гэта слова, кожная светлавая лінія — сказ. Вада сімвалізуе тое, што афрыкаанс — жывая мова, якая развіваецца.

Па словах архітэктара, гэтыя калоны — мова і рэспубліка — стаяць на адной глебе, у адной вадзе і пад адным сонцам. Такая лаканічная нацыянальная ідэалогія…

Словы ван Вейка Лоу аб тым, што афрыкаанс — гэта мова, якая злучае Заходнюю Еўропу і Афрыку, адлюстраваны ў іншых частках манумента.

Тры калоны ў левай (заходняй) частцы (В) сімвалізуюць уплыў на афрыкаанс еўрапейскіх моваў: галандскай, нямецкай, англійскай, французскай і іншых. Ніводная калона не прадстаўляе пэўную мову. Калоны змяншаюцца па памеры ў кірунку да цэнтральнай гіпербалы. Гэта сімвалізуе паступовае змяншэнне ўплыву еўрапейскіх моваў на афрыкаанс.

Узвышэнне пасярод лесвіцы да помніка (Г) азначае ўплыў на афрыкаанс таксама моў малайскай, арабскай і крэольскай малайска-партугальскай.

Круглы подыум справа (Д) сімвалізуе паўднёвую частку Афрыкі. Паўшар’і на подыуме сімвалізуюць уплыў афрыканскіх моваў: кхоі, ксоза, зулу, сота. Зноў жа ніводнае паўшар’е не абазначае пэўную мову. Памер паўшар’яў якраз павялічваецца ў кірунку гіпербалы.

Афрыканскія і еўрапейскія мовы зліваюцца, утвараючы мост (Е), і ўліваюцца ў падмурак гіпербалы.

Адзін элемент помніка падаецца залішнім — кароткі надпіс перад лесвіцай да яго. Яго можна перакласці — «Мы адданыя гэтаму» ці «Мы ставімся да гэтага сур’ёзна». Можна было б і не пісаць… Фраза прыпісваецца некалькім палітыкам як фрагмент іх прамоў супраць палітыкі англізацыі Паўднёвай Афрыкі.

57-метровы манумент — не адзіны ў ПАР помнік мове. У розных гарадах краіны не менш за 20 помнікаў афрыкаанс.

Далей — пра сусветны досвед манументальнага ўшанавання моваў.

Літара — добра, а алфавіт — лепей

Цэлымі скульптурнымі кампазіцыямі, прысвечанымі свайму алфавіту, вызначаецца Арменія. Армянскае пісьмо было створана ў 405—406 гадах біскупам Месропам Маштоцам. З таго часу армянскі алфавіт змяніўся нязначна.

Адзін з мемарыялаў знаходзіцца ў вёсцы Ашакан, побач з царквой святога Месропа Маштоца, дзе пахаваны асветнік.

У краіне існуе традыцыя: у пачатку навучальнага года многія першакласнікі вывучаюць першую літару алфавіта менавіта ў гэтай царкве. Кожная літара на мемарыяле выкананая ў выглядзе хачкара — традыцыйнай армянскай каменнай стэлы з выявай крыжа. Хач па-армянску значыць крыж, а кар — камень.

Іншая скульптурная кампазіцыя, прысвечаная армянскаму алфавіту, — на схіле гары Арагац, самай высокай у Арменіі, каля вёскі Арташаван. Гэты парк алфавіта быў заснаваны ў гонар яго 1600-гадовага юбілею.

Ёсць помнік армянскаму алфавіту і ў Кліўлендзе (ЗША), у Армянскім культурным садзе. Манумент складаецца з прыступчатых гранітных блокаў, якія сімвалізуюць няпростую гісторыю Арменіі і адначасова — хараство яе горнай прыроды. На адным баку гэтых блокаў — выявы літар, на адваротным — імёны дзеячаў армянскай гісторыі і культуры.

Глаголіца

У Харватыі, у гарадку Хум (які занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса як самы маленькі горад у свеце), ёсць «Алея служыцеляў глаголіцы».

Гэта нізка з адзінаццаці асобных манументаў і скульптурных кампазіцый, што цягнуцца агулам на сем кіламетраў. Яны ўшаноўваюць глаголіцу, дзеячаў культуры, гістарычныя падзеі. Напрыклад, там ёсць «стол Кірылы і Мятода (Мяфодзія)». Кірыл, верагодна, з’яўляецца аўтарам глагалічнага пісьма. Дарэчы, братам усталявана багата іншых помнікаў: у Сафіі, Кіеве, Маскве і інш. Глаголіца найдаўжэй (да канца XVIII ст.) захавалася менавіта ў Харватыі. У Хуме можна набыць сувеніры ў выглядзе літар гэтага алфавіта.

«Слова яднае»

Яшчэ адна група помнікаў — гэта манументы непасрэдна мове. Адзін з іх усталяваны ў Эстоніі на ахвяраванні грамадзян.

Формай помнік нагадвае стылізаваную галаву пеўня з вокладкі эстонскага буквара. Надпіс на помніку: «Слова яднае». А які слоган можна напісаць на матэрыяльным увасабленні беларускай мовы?

Помнік «Рускае слова» ёсць у Белгарадзе. Ён выкананы ў выглядзе бронзавай Бібліі. Над Кнігай — голуб з залатым пяром, сімвалам Добрай весткі.

Вобраз разгорнутай кнігі на круглым пастаменце выкарыстаны і ў праекце малдаўскага манумента, які зараз ствараецца. Ён будзе мець дваццаць стэл-старонак, на якіх будзе запісаная гісторыя румынскай мовы. Плануецца, што дыяметр помніка складзе 20 метраў, а вышыня старонак — 6,5 метра.

Помнікі роднай мове ёсць і ў Азербайджане.

Помнік пакутнікам за мову

Нарэшце, у Дацы, сталіцы Бангладэш, ёсць манумент пад назвай Шахід мінар, Помнік пакутнікам.

Гэта помнік студэнтам, забітым пакістанскай паліцыяй за выступ у абарону мовы бенгалі 21 лютага 1952. Сёння гэтая дата адзначаецца як Міжнародны дзень роднай мовы.

Які б мог быць помнік беларускай мове?

Найлепшым ушанаваннем мовы быў бы не матэрыяльны аб’ект, а дасягненне, якое забяспечыць далейшае існаванне мовы. Напрыклад, змены ў Закон аб мовах, універсітэт з беларускай мовай выкладання, беларускамоўны Windows. Але і матэрыяльны знак быў бы карысным. Прычым карысць — і задавальненне — будзе не толькі ад выніку, але і ад працэсу стварэння помніка. Увагу грамадства да моўных праблем можа прыцягнуць конкурс на найлепшы праект, абмеркаванне месца ўсталявання… Магчыма, у вас ужо з’явіліся ідэі?

Дзяніс Тушынскі (нар. 1979), лінгвіст, кандыдат філалагічных навук, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны

Чытаць цалкам http://nn.by/?c=ar&i=132354



Categories: Асьвета, Мова

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: