Сяргей Макарэвіч: «Народ наш на зямлі не лішні…». Сёння дзень нараджэння Кастуся Акулы

Сёння, 16 лістапада, споўнілася б 89 гадоў Кастусю Акулу. Каб успомніць пра яго, не абавязкова чакаць круглых дат — раз на пяць-дзесяць гадоў.

Фота адрэтушавала Ірына Варабей.

Восем гадоў я адкладаў паездку ў гэтую вёску. Штогод, калі прыходзіла лета, узгадваў пра намер, але адкладаў. А як не з’ездзіў першы раз, другі, тады ўжо цяжка здзейсніць. Спачатку хацеў наведацца ў тыя Верацеі, каб зрабіць фотаздымкі родных мясцінаў для пісьменніка. Ён не быў на радзіме дваццаць гадоў. А да таго за паўвека толькі двойчы здолеў сюды наведацца. Яму было б прыемна. Але пакуль быў студэнтам, то не было сваёй машыны. Калі скончыў універсітэт, а машына з’явілася, пісьменніка ўжо не было сярод жывых.

…Мне было шаснаццаць гадоў, калі я пачуў, што ў сябра ёсць нейкі сваяк у Канадзе. Больш за тое, ён — пісьменнік. Для дзесяцікласніка, які толькі пачаў свядома захапляцца беларускай літаратурай, гэта было нешта незвычайнае. У сябра была мянушку — Акула. І я не разумеў, за што яго так называлі. Аказалася, што прозвішча ягонага сваяка з Канады — Акула. Кастусь Акула.

Ірына Варабей і Кастусь Акула. Фота Ірыны Варабей.

Я папрасіў у сябра адрас пісьменніка і напісаў яму вялікі ліст. І прыйшоў адказ. А з кароткім лістом — і кніга «Усякая ўсячына». Гэта не наймацнейшая кніга аўтара. Але пра гэта я змог для сябе сказаць праз гады, калі прачытаў ужо ягоныя «Змагарныя дарогі», «Дзярлівую птушку», «Заўтра ёсць учора»… А тады тая кніжачка з аўтографам для мяне стала вялікім скарбам.

Я напісаў другі ліст пісьменніку, трэці… І адказы прыходзілі. Задаваў банальныя пытанні. Больш пытаўся пра біяграфію. Нават тады, у пачатку 2000-х, не было дзе прачытаць які грунтоўны артыкул пра Акулу. І ён пісаў. Не шмат, але адказваў.

Лістоў ад Акулы было пяць. Здаецца, я пісаў яму больш, але не на ўсе допісы атрымаў адказы. Цяпер, калі я ведаю пра Акулава жыццё значна больш, прыкра, што часам быў надта настойлівым, нетактоўным. Але ў лістах Акула паўставаў чалавекам валявым, а менавіта са старонак аўтабіяграфічнай кнігі «Усякая ўсячына» — прынцыповым, нават жорсткім у пэўных сітуацыях.

А школьнік пытаўся ў яго пра жыццё, пра сям’ю… Вось пра сям’ю ён нічога не адказваў: «навошта вам гэта ведаць?» Думаў, што гэта ўсё праз яго закрытасць. Сапраўды, праз закрытнасць, прычына якой хавалася ў сямейнай трагедыі.

***

Калі я нарэшце сабраўся ехаць у Верацеі, пісьменнік ужо памёр. Яго не стала 29 студзеня 2008 у Таронта. Нарадзіўся ж Кастусь Акула (Аляксандр Качан) 16 лістапада 1925 года. Ужо і не прыспешвала нічога.

Верацеі знаходзяцца ў Докшыцкім раёне. І хаця сам пісьменнік у сваіх творах, публіцыстыцы дае канкрэтнае ўказанне на месцазнаходжанне вёскі — «на паўночным чубку Докшыцкага раёна, каля бальшака на Глыбокае», — але ў ягоных біяграфіях (напісаных нават краязнаўцамі-землякамі) зроблена прыкрая памылка. Верацеі знаходзяцца не ў Бягомальскім пасялковым савеце, як пра гэта часта сцвярджаюць, а ў іншым баку, каля самай Крулеўшчыны. Вёсак з такой назвай дзве ў раёне. Але дастаткова нават ведаць крыху гісторыі, каб тое-сёе з біяграфіі пісьменніка супаставіць: Бягомль быў у савецкай Беларусі, Крулеўшчына — на польскім баку.

…Май 2013. Я праехаў з канца ў канец невялікай вёскі: шукаў людзей на падворках. Нікога не было акрамя дзяцей, што гулялі ў мяч на вуліцы.

— Дзе тут жывуць Качаны?

— Мы — Качаны, — адказаў большы з іх, хлапчук гадоў дванаццаці.

– А дзе ваш дом?

Той жа хлапчук махнуў рукой.

«І дзе ж тут тая вялікая хата, якую пабудаваў Ігнат Качан?» — падумалася. Бо па ўспамінах Акулы, палову хаты бацька здаваў польскай гміне пад школу, у іншай жыла вялікая Качанова сям’я. У той школе, між іншым, пачаў спасцігаць навуку і Аляксандр.

Дом Качаноў у Верацеях, нашы дні.

Кастусь Акула каля бацькоўскай хаты, пачатак 1990-х.

Але доўга не раздумваў, зайшоў у двор. Паднялася жанчына: адразу і не заўважыў, што нехта сядзіць у гародчыку.

— Добры дзень, ці Ваш гэта сваяк Аляксандр Качан… Пісьменнік Кастусь Акула?

— Гэта дзядзька майго мужа. А што такое?

Патлумачыў, што ліставаўся з Акулам. І вось заехаў паглядзець на яго дом.

У хаце жыве ўдава аднаго з Акулавых братоў. Крэўных пісьменніка нікога не засталося ўжо. Хаця сям’я была вялікая — васьмёра дзяцей. Маці Паўліна (1892-1939), праўда, памерла за некалькі тыдняў да прыходу другіх Саветаў у Заходнюю Беларусь. Яе пахавалі на віленскіх Росах (відаць, яна была ў бальніцы ў Вільні). Аляксандр, калі падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, адшукаў яе магілу. Але пасля яна згінула назаўжды.

Не ўсе браты і сёстры выжылі, відаць, як тое часта здаралася ў вялікіх сем’ях — нехта памёр у дзяцінстве. Але сёння ўжо ніхто не ведае дакладна, як там было.

На могілках у Верацеях можна адшукаць яшчэ магілы кагосьці з Качаноў: Канстанцін Качан (1930-1990) — брат, Лізавета Бурэнь (у дзявоцтве Качан) (1934-2003) — сястра… На помніку сястры, з адваротнага боку, надпіс: «Святая Еўфрасіння Полацкая, Наша Нябесная Заступніца, Маліся Богу за нас. Кастусь Акула». І побач стаіць помнік бацькам. Сімвалічны. Бо магіла бацькі, як і маці, невядомая. Ігнат (1885-1951) згінуў у турме ў Барысаве.

«Народ наш на зямлі не лішні…». Сёння дзень нараджэння Кастуся Акулы 
«Народ наш на зямлі не лішні…». Сёння дзень нараджэння Кастуся Акулы  «Народ наш на зямлі не лішні…». Сёння дзень нараджэння Кастуся Акулы  «Народ наш на зямлі не лішні…». Сёння дзень нараджэння Кастуся Акулы  «Народ наш на зямлі не лішні…». Сёння дзень нараджэння Кастуся Акулы 

Акула, здаецца, нідзе ў сваіх успамінах не пісаў, за што арыштавалі бацьку. Выглядала, што падставай магла стаць калі не вучоба сына ў Школе афіцэраў Беларускай краёвай абароне, то тая польская школка. Не, сваякі кажуць пра іншае. Працаваў Ігнат у краме, і падчас адной з рэвізій выявілі недастачу. Арыштавалі. І ў турме памёр. Ці так было сапраўды, адказу трэба шукаць у архівах спецслужбаў. Але ў спісах рэпрэсаваных, што друкаваліся ў гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць. Докшыцкі раён», Ігната Качана няма…

Ігнат Качан.

«Першай зімой, як вызваліла нас ад усялякага дабра бальшавіцкая бязбожная навала, аўдавелы бацька ледзь даваў сабе раду з дзецьмі і гаспадаркай. Акупант вычысціў у свіране аруды. Бацька будзіў мяне зімою дзесьці а гадзіне чацвёртай раніцай і пасылаў у хлебную краму ў адлеглае за тры кіламетры мястэчка. Ад другое гадзіны па абедзе да восьмае вечарам наведваў я ў тым жа мястэчку савецкую школу, а раніцай бегаў за хлебам», — прыгадваў пераломны час сам Акула.

…А дом Ігната Качана сыны падзялілі на два — другая палова стаіць праз дарогу. Сёння ў ім жыве ўдава другога брата пісьменніка.

***

«Неяк выходжу раніцай на двор, а дзядзька ляжыць на зямлі з фотаапаратам. «Дзядзька, што вы робіце?» — пытаюся. – «Здымаю ганак, з якога я ў людзі пайшоў», — прыгадаў адзін з Акулавых прыездаў у Верацеі пляменнік Алег. І ў гэтым ці не ўся сутнасць Акулы. Любіў Беларусь. І зацята аддаваў сілы ёй.

Акула ў 1947 годзе адправіўся ў Канаду. Краіна ахвотна прымала маладых людзей, якія маглі б працаваць. Яму было няпоўных 22 гады. Але за плячыма была вайна. Непрацяглая вучоба ў Школе афіцэраў Беларускай краёвай абароны, адступленне са Школай на Захад, пераход на бок французскіх партызанаў, амерыканскі палон, баі супраць фашыстаў на Апенінах — у складзе арміі генерала Андэрса, вучоба ў Вялікабрытаніі, дэмабілізацыя.

2-гі Польскі корпус, 1945.

А як вайсковую форму змяніў на цывільную, далучыўся да гуртавання беларусаў за мяжой. Ён — сярод першых сяброў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. Як выехаў у Амерыку — адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Згуртавання беларусаў Канады.

У выгнанні землякі не толькі жылі ў згодзе, але было і шмат звадаў паміж імі. Акула ж стараўся не ўлазіць у іх. Ён вызначаў, што будзе рабіць, і біў у адну кропу да таго часу, пакуль не атрымае вынік.

Падчас адной з антысавецкіх дэманстрацый у Таронта, 1974. Фота ў канадскай газеты The Toronto Sun

Напрыклад, калі падаваў дакументы для прыняцця канадскага грамадзянства, патрэбна было ў спецыяльнай форме пазначыць нацыянальнасць. Але супрацоўніца гарадской адміністрацыі Таронта запярэчыла. Маўляў, такой нацыянальнасці — беларус — не існуе. Счакаўшы паўгода, Акула зноў звярнуўся па грамадзянства. І зноў пачуў, што беларусаў няма. Тады ён сустрэўся з загадчыкам адпаведнага аддзела і спытаў, ці ведае той пра сяброўства Беларусі ў ААН. Адказ быў станоўчым. Было вырашана і пытанне з нацыянальнасцю і грамадзянствам.

А ў 1967 годзе ён вырашыў арганізаваць антысавецкую акцыю падчас міжнароднай выставы Экспо ў Манрэалі. Фактычна адзін ён зрабіў улёткі, якія пераклалі на некалькі моў. І раскідаў іх пад крыкі: «Death to Moscow murderers!» («Смерць маскоўскім забойцам!»), «Freedom for Byelorussia!» («Свабоду Беларусі!»). Быў затрыманы і атрымаў штраф. А паліцыянт, з якім ехаў у пастарунак, дзякаваў яму за тую акцыю. Акула ж, пачуўшы прозвішча паліцыянта — Козел, давёў, што ён — Казёл, а продкі ў яго — беларусы. І ў той акцыі Акулу ніхто не падтрымаў, хаця ён ставіў пытанне перад іншымі беларусамі.

Такімі ўлёткамі Акула закідваў прысутных.

Але мала хто ведае, што такі сыход з галавой у беларускія справы для Акулы стаў магчымасцю не засяроджвацца толькі на сямейных трагедыях. У яго моцна хварэла жонка Надзея, з якой ажаніўся ў 1950-м. У сям’і было чацвёра дзяцей: сыны Алесь, Юрка, Альгерд і дачка Ганна. Алесь загінуў зусім маладым — яму не было і 30. Ужо пазней давялося пахаваць і дачку. А паміж гэтымі смерцямі не стала жонкі. Узгадаем, што ён рана застаўся без маці. Пра смерць бацькі, відаць, даведаўся не адразу. І ён застаўся з двума сынамі. А яшчэ ж туга па радзіме, якую пакінуў у 1944-м, а наведаць здолеў толькі ў 1992. Пасля, праз два гады, яшчэ раз прыязджаў у Беларусь. І тая паездка сталася апошняй.

Юрка Акула, фота з сацыяльных сетак.

І ён у такой атмасферы працаваў. Прыходзіў з працы — пісаў. Па выхадных сыходзіў у парк, дзе на друкарскай машынцы выстукваў свае кнігі. «Змагарныя дарогі» (двойчы перавыдавалася ў Беларусі), трылогію «Гараватка» («Дзярлівая птушка», «Закрываўленае сонца», «Беларусы, вас чакае зямля»), зборнік «Усякая ўсячына», раман «За Волю!». А быў яшчэ англамоўны раман «Tomorrow is yesterday», які ў наш час выйшаў і ў беларускім перакладзе Ірыны Варабей. І ўсё гэта сёння даступна ў Беларусі. А не як трыцацць-сорак гадоў таму, калі імя пісьменніка ганьбілася на радзіме. Дастаткова толькі праявіць цікаўнасць і некалькі разоў клікнуць камп’ютарнай мышкай.

Чытаць цалкам http://nn.by/?c=ar&i=134505



Categories: Асобы, Гісторыя, Літаратура, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: