Слова рэдактара: Прадмова да восьмага нумара часопіса “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ”

logo

Прадмова да восьмага нумара часопіса “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ”

Дарагія сябры!

У гэтым нумары Вы знойдзеце шэраг артыкулаў ськіраваных на асьвятленне праблем будаўніцтва беларускай нацыі.

У сваім звароце да беларускай эліты Вадзім Шышко разглядае ўзаемаадносіны фізіялагічнага і ментальнага развіцьця чалавека ў дачыненьні да выкарыстаньня беларускай мовы. Аўтар спасылаецца на думкі вядомых вучоных у гэтай галіне (Maslow, Humboldt, Sapir) і падкрэсьлівае важнасьць працы па асьвеце насельніцтва Беларусі ў супрацьстаяньні глабальным працэсам, якія вядуць да зьнікненьня моў і культур, і неадходнасьці зьберажэньня беларускай мовы і традыцый для дзяцей, якія жывуць у час глабалізацыі.

Аляксандр Згерскі з пункту гледжаньня рэсентыменту абмяркоўвае прычыны, па якіх большасьць насельніцтва Расіі падтрымлівае захоп Крыма і вайну на Ўсходзе Украіны (рэсентымент – філасофскі тэрмін, якія абазначае маральнасьць рабоў і адмоўныя чалавечыя комплексы, заснаваныя на зайздрасьці ў адносінах да больш моцных і пасьпяховых людзей і на культываваньні вобраза ворага). Аўтар піша пра наяўнасьць гэтага комплекса на землях Расіі, пачынаючы з часоў Івана ІІІ, Івана ІУ, Пятра І. Гэты комплекс, які прыйшоў ці быў навязаны ў часы мангольскага рабства, далей захаваўся ў часы бальшавізма і Савецкага Саюза. У апошнія 10-15 гадоў праявы гэтага комплексу асабліва выразна назіраюцца ў навязываньні Расіяй ідэі “русского мира” беларусам і украінцам, менталітэт якіх адрозны ад менталітэту народаў Расіі.

Пётра Мурзёнак у артыкуле “В ВОЛОГДЕ! – ДЗЕ?!”, спасылаючыся на папулісцкае карыстаньне роднай мовай некаторымі кіраўнікамі дзяржавы (Лукашэнка, Мясьніковіч, Тозік), задаецца пытаньнем, хто ж будзе адказваць за правал у выкарыстаньні мовы і нацыянальнай палітыцы, калі гэтыя кіраўнікі пойдуць на пенсію? На вырашэньне пытаньняў нацыянальнага будаўніцтва застаецца 30-40 гадоў, калі праводзіць гістарычныя паралелі з Квебекам і Шатландыяй. Адзначаецца, што ўсё яшчэ застаецца патэнцыял для нацыянальнага будаўніцтва, калі нацыянальная эліта будзе улічваць, што 83.7% насельніцтва краіны лічаць сябе беларусамі, і калі за аснову браць не ліберальныя і рэлігійныя каштоўнасьці, а нацыянальныя інтарэсы.

Ірына Хадарэнка аналізуе працэс нацыянальнага будаўніцтва ў сучаснай Беларусі з пункту гледжаньня спаборніцтва паміж этнічнай і агульнацывільнай канцэпцыямі нацыі. Рэалізацыя мадэлі цывільнай нацыі патрабуе ў першую чаргу яснага вызначэньня нацыянальнай ідэі, мовы, сімвалаў, каштоўнасьцей і традыцый. Абсалютна няправільна ўжываць як сінонімы тэрміны нацыянальнасьць і грамадзянства.

У артыкуле “СЛАВЯНЕ?”, Вадзім Шышко абмяркоўвае ролю фіна-угорскіх народаў і мангола-татараў, а таксама праваслаўнай і ісламскай рэлігій у развіцьці Маскоўскай дзяржавы. Выкарыстаньне тэрміна “славяне” Масковіяй аўтар тлумачыць жаданьнем гэтай дзяржавы падпарадкаваць сабе ў 15-18 ст.ст. землі Вялікага Княства Літоўскага, на якіх пражывалі славяне-рутэны. Н. Карамзін і іншыя расійскія гісторыкі тэарэтычна абаснавалі у 19 ст. легенду аб тым, што Расійская дзяржава была заснавана славянамі. Гэта ідэя падлягае зараз крытыцы нават у самой Расіі. Аўтар падкрэслівае, што трэба адрозьніваць беларусаў, нашчадкаў ассіміляваных славяна-балцкіх плямён, і вялікаросаў, нашчадкаў розных этнічных груп, уключаючы фіна-угорскія і цюркскія народы.

Вадзім Шышко у артыкуле “ФІЗІЯЛОГІЯ НАЦЫЯНАЛІЗМУ” дае абгрунтаваньне і арыгінальнае вызначэньне тэрміна нацыяналізм: “нацыяналізм – гэта тая ж самая барацьба за выжываньне, заснаваная на жывёльным інстынкце самазахаваньня і падмацаваная тэхналагічным прагрэсам чалавечага розуму”. На пытаньне як разумець нацыяналізм – “Адказ адназначны: гэтак жа сама як і да ўсіх астатніх нашых жывёльных патрэб. Ні ў якім разе не ігнараваць, але і без фанатызму.” Інстынкт выжываньня пакуль што не працуе ў беларусаў і далейшае распаўсюджваньне “русского мира” прывядзе да фізічнага і духоўнага выміраньня нашага народа. Палітыку нацыяналізма трэба ўводзіць у дзяржаве тэрмінова.

Часопіс правёў дыскусію на тэму “NATION BUILDING AND MODERNITY 2014” (на англійскай мове). У дыскусіі прынялі удзел: Ірына Хадарэнка, кандыдат культуралагічных навук, пісьменніца, грамадскі дзеяч; Інга Поповайтэ, мастэр мастацтваў, Цэнтральны Еўрапейскі Універсітэт; Антон Шэхаўцоў, дасьледчык, Інстытут Гуманітарных Навук (Аўстрыя), галоўны рэдактар кніжнай серыі “Даследаваньне правых”; Пётра Мурзёнак, доктар медыцынскіх навук, галоўны рэдактар часопіса “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ”. Абмяркоўваліся дзьве тэмы: “Нацыянальнае будаўніцтва ў пост-савецкіх краінах: агульныя прыметы і розьніца” і “Узаемаадносіны паміж нацыяналізмам, патрыятызмам і шавінізмам”.

Рэдакцыя часопіса віншуе з 80-гадовым юбілеем сп. А. І. Храноўскага.

Пётра Мурзёнак



Categories: Аб'явы, Слова рэдактара

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: