Вячаслаў Насевіч: «Вытокі беларускай ідэнтычнасці»

Вячаслаў Насевіч: «Вытокі беларускай ідэнтычнасці»

Абмяркоўвайце!

Перш за ўсё абгавару, што я разглядаю ідэнтычнасць як шматузроўневую з’яву. Чалавек схільны атаясамліваць сябе з колам сваіх родзічаў, сацыяльнай альбо прафесійнай групай, зямляцтвам (малой радзімай), этнасам (нацыяй), цывілізацыйнымі альбо канфесійнымі супольнасцямі (хрысціянін, еўрапеец).

Праявы беларускай ідэнтычнасці могуць мець, як мінімум, дзве формы: можна лічыць сябе беларусам і адначасова прадстаўніком больш шырокай супольнасці (палякам, рускім, савецкім і да т.п.), а можна прыдаваць сваёй беларускасці выключнае значэнне, выкарыстоўваць яе для супрацьпастаўлення іншым супольнасцям.

На фота: беларус, які ваюе ў Данбасе на баку ўкраінцаў. Фота з суполкі ў Фэйсбуку «Згуртаванне беларускіх патрыётаў».

Раннія праявы беларускай ідэнтычнасці тычацца, безумоўна, першага варыянта. Неабходнай умовай для іх з’яўлення было замацаванне «блукаючага» паняцця «Белая Русь» (AlbaRussua) за канкрэтнай тэрыторыяй – адным з рэгіёнаў ВКЛ, каторы раней называўся «Руссю» ў вузкім сэнсе (паўночна-усходняй паловай сучаснай Беларусі). Гэта адбылося на працягу прыкладна паловы стагоддзя пасля Люблінскай уніі 1569 г. Першыя выпадкі ўжывання тэрміна «Белая Русь» у такім сэнсе датуюцца пачаткам 1580-х гг., і тады ж у польскамоўнай хроніцы М. Стрыйкоўскага з’яўляецца тэрмін «літоўскія беларусакі» (Biełorussacy litewscy), у старабеларускім перакладзе пададзены як «беларусцы». У 1586 г. выхадзец з полацкай шляхты Саламон Рысінскі (1565?–1625) пры паступленні ў адзін ў універсітэтаў Германіі вызначае сваё паходжанне вынайдзеным, напэўна, ім самім грэка-славянскім гібрыдам Leucorussus, што можна згодна з А. Латышонкам лічыць першай свядомай праявай беларускай самаідэнтыфікацыі.[1] При гэтым Рысінскі усведамляў сябе і літвінам, і палякам, і нават «сарматам» у тым сэнсе, які надаваўся ў той час паняццю «Еўрапейская Сарматыя». У першай чвэрці XVII ст. выкарыстанне хароніма «Белая Русь» у мясцовым ужытку стала, відаць, агульнапрынятым. Маскоўскі патрыярх Філарэт у 1619 г. прыгадваў праваслаўных «Польскай і Літоўскай дзяржавы», якія «там называются белорусцами».[2]

Але да канца існавання Рэчы Паспалітай ва ўраджэнцаў Белай Русі не было асаблівых падстаў падкрэсліваць сваю рэгіянальную ідэнтычнасць. Нашмат важнейшая была прыналежнасць да канфесіі (праваслаўная вера ў Рэчы Паспалітай звычайна пазначалася як «грэка-руская», а ўніяцкая — як проста «руская), для шляхты — прыналежнасць да палітычнай нацыі «літвінаў» і «польскае» грамадзянства Рэчы Паспалітай у цэлым. Пры адрозненні ад этнічных балтаў славянскае насельніцтва ВКЛ пазначалася як «Русь», «рускія», а падстаў для супрацьпастаўлення украінцам у той час яшчэ не было. У крайнім выпадку жыхароў сучаснай Беларусі можна было вызначыць па дзяржаўнай прыналежнасці, і тады яны выступалі як «літвіны» ў шырокім сэнсе.

Праявы беларуская ідэтнычнасці ў XIX ст. настолькі нешматлікія, што ў апошні час вандруюць з адной публікацыі ў іншую. Не прэтэндуючы на нешта новае, паспрабую іх сістэматызаваць.

У 1810-я гг. ў асяроддзі эліты заходніх губерняў Расійскай імперыі зараджаецца працэс, які вызначаецца як першая фаза канструіравання мадэрнай беларускай нацыі: этнаграфічная цікаўнасць да культуры і мовы «простага люду», збор і публікацыя яго фальклёра, а таксама спробы навуковай класіфікацыі «рускай» канцылярскай мовы ВКЛ. Пачатак паклалі публікацыя М. Чарноцкай «Пра перажыткі славянскай міфалогіі, што захаваліся ў звычаях вясковага люду на Белай Русі» (1817 г.) і этнаграфічны нарыс І. Шыдлоўскага пра вясельны абрад у Гайненскім прыходзе Барысаўскага павета (1819 г.). Абедзве яны, як і работы К. Фалютынскага, А. Рыпінскага, Я. Чачота, што паследавалі за імі ў 1820-я — 40-я гг., [3] публікаваліся на польскай мове, за выключэннем хіба што рускамоўнай работы К. Калайдовіча «О белорусском наречии» (1822 г.). Для іх аўтараў, у большасці выхадцаў з мясцовай каталіцкай шляхты, дамінуючай рэгіянальнай ідэнтычнасцю была «літвінская», а ў нацыянальным сэнсе яны былі ўдзельнікамі працэсу фармавання мадэрнай польскай нацыі, які бурна адбываўся ў той час і ў каторым выхадцы з сучаснай Беларусі адыгравалі ледзь не галоўную ролю (яскравыя прыклады — Т. Зан і А. Міцкевіч).

Выключэнне, апрача каларытнай постаці Ф. Булгарына (1789–1859), уяўляла сабой у 1820-я гг. група выкладчыкаў Віленскага ўніверсітэта, што паходзіла з уніяцкага духавенства Беласточчыны: М. Баброўскі (1785—1848), І. Даніловіч (1787—1843) і інш. Нягледзячы на працу ва ўніверсітэце, які адыгрываў ролю аднаго з «рэактараў» польскага нацыянальнага праекта, іх нешляхецкае і некаталіцкае паходжанне не дазволіла адназначна далучыцца да гэтага праекта. Але выпрацаваць альтэрнатыўную ідэнтычнасць у тых умовах было складана. Паводле эпісталярнага сведчання М. Баброўскага, яго сябра І. Даніловіч пасля пераезду ў Харкаў і сутыкнення з украінскім нацыянальным рухам, што зараджаўся там, «цалкам схахліўся ці таксама аказачэў».[4] Для самога Баброўскага у канцы жыцця дамінантнай стала, відаць, агульнаславянская ідэнтычнасць, чаму спрыялі прафесійныя заняткі славянскім мовазнаўствам.

На працягу 1830-х — 1840-х гг. выхадцы з уніяцкага духавенства беларускіх у тагачасным разуменні губерняў, г. зн. Віцебскай і Магілёўскай, неаднаразова вызначаюць сябе як «беларусаў» альбо «беларусцаў» — але не ў этнічным, а хутчэй у рэгіянальным сэнсе. Гэта былі, у прыватнасці, выдаўцы паэтычнага зборніка ў Пецярбурзе ў 1837 г. тры браты Гржымалоўскія, навуковец-лінгвіст К. Касовіч (каторы выкарыстоўваў псеўданім «Белорус К.К.»), аўтар артыкула «Слова два о языке и грамотности Белой Руси» (1843 г.) І. Цітовіч. Апошні пры гэтым заяўляў, што вывучэнне беларускай гутаркі «может послужить к обогащению и украшению родного русского языка»,[5] выступіўшы тым самым прадцечай «заходнерусізму».

Да сярэдзіны XIX в. стала больш-менш відавочна, што этнаграфічныя асаблівасці Белай Русі не маюць прынцыповых адрозненняў ад тэрыторыі на паўднёвы захад ад яе, якая раней (таксама з пачатку XVII ст.) часткова пазначалася як «Чорная Русь», а часткова — як «Літва». Неўзабаве гэта прывяло да распаўсюджання на ўсю гэтую тэрыторыю тэрміна «Белоруссия», які набыў, такім чынам, ролю этнакультурнага маркёра. Мінскі праваслаўны епіскап М. Галубовіч у 1866 г. ужо упэўнена сцвярджаў: «В состав Белоруссии входят губернии Витебская, Могилевская, часть Виленской, Минская и Гродненская».[6]

Хіба што першае сведчанне самаідэнтыфікацыі ў якасці беларусаў дробнага чыноўніцтва маецца ў мемуарах І. Захар’іна, каторы так характарызаваў нізавых ураднікаў Магілёўскай губерніі, з каторымі працаваў у 1860-е гг.: «Это были местные урожденцы – «белоруссы», как они стали называть себя после усмирения восстания». На яго думку, яны «вредили, насколько могли, русскому делу».[7]

Цікавасць уяўляе ідэнтычнасць А. Кіркора (1818—1886), выхадца з каталіцкай шляхты Мсціслаўшчыны. Ён безумоўна знаходзіўся пад уздзеяннем ідэй «літвінства» і «краёвасці», але ў перапісцы са славянафілам М. Катковым вызначаў сябе «не природным поляком, а белорусом».[8] Яго і яго аднадумцаў тычыцца ацэнка М. Каяловічам поглядаў «лучших людей, представителей польской партии» у Вільні 1850-х гг., паводле якіх «история выработала для белорусов особую национальность».[9] Сам Кіркор, ужо будучы ў Пецярбурзе, пісаў у 1872 г. Ю. Крашэўскаму: «Ёсць яшчэ думка, моцная і шматлікая, якая не хоча супольнасцт ані з Польшчай, ані з Масквой, ані з маларусамі — а хоча ўласнага літоўска-беларускага жыцця, вядома, на федэрацыйных асновах».[10] Пры такіх поглядах уліцца ў расійскую культурную эліту ён, у адрозненнне ад Булгарына, не здолеў, а ў апошнія гады жыцця, праведзеныя ў Кракаве, не стаў сваім і для мясцовых палякаў. Відаць, яго погляды яшчэ раз меў на ўвазе Каяловіч у 1882 г., прыпамінаючы прыходзячыя да яго «з Варшавы праз Кракаў» пажаданні беларускаму краю «самостоятельного развития в ряду других славянских народов».[11]

Але ў цэлым каталіцкае шляхецкае асяроддзе працягвала фармаваць польскіх патрыётаў, якія на рэгіянальным узроўні адчувалі сябе літвінамі. Часта яны з сімпатыяй выказваліся пра беларускіх сялян, не атаясамліваючы пры гэтым сябе з імі. У гэтай лініі можна асабліва вызначыць В. Дуніна-Марцінкевіча (1808–1884), У. Сыракомлю (1823–1862) і В. К. Каліноўскага (1838–1864), пазней яе ў пэўным сэнсе працягвае Ю. Пілсудскі (1867–1935).

Для праваслаўнай моладзі ідэнтычнасць на рэгіянальным узроўні была, як правіла, беларускай, а на нацыянальным — вялікарускай. Такімі былі погляды этнографа-аматара, выхадца з сям’і праваслаўнага святара, П.Шпілеўскага (1823—1861). Ананімны аўтар апублікаваных у 1862 г. «Рассказов на белорусском наречии» прытрымліваўся аналагічнай іерархіі: «Мы сами по соби народ особный — Белоруссы!». І ў той жа час: «Русскими, а не Поляками мы повинны называтца».[12] Ідэйны лідэр «заходнерусізму», таксама сын святара, М.Каяловіч (1828—1891) у 1850-я гг. вызначаў сябе як «літвіна», у публікацыях 1860-х гг. дапускаў выражэнні накшталт «у нас, в Белоруссии», але цалкам падпарадкаваў рэгіянальную самасвядомасць пачуццю прыналежнасці да вялікарускай нацыі, называючы сябе «западно-руссом».

Пакаленнем пазней падобную двухузроўневую ідэнтычнасць меў яшчэ адзін «паповіч» — мовазнаўца Я. Карскі (1860—1931), які сваёй творчасцю завяршыў этнаграфічную фазу канструявання нацыі. На старце навуковай кар’еры ў 1885 г. ён характарызаваў сябе як «природного белорусса, получившего образование и воспитание среди белоруссов»,[13] пры гэтым у ХХ в. вызначыўся крайне скептычным стаўленнем да ідэі беларускай дзяржаўнасці і перспектываў беларускай літаратурнай мовы.

Але да таго ж пакалення належаў і А. Марчанка (1860 — пасля 1889), ці не першы беларускі сялянін, які здолеў паступіць ва ўніверсітэт. Прымкнуўшы да народнікаў, ён апынуўся ў ліку арганізатараў беларускай фракцыі «Народнай волі» ў Пецярбурзе, заяўляючы ў 1884 г. разам са сваімі таварышамі на старонках падпольнага часопіса «Гоман»: «Мы — белорусы и должны бороться за местные интересы белорусского народа и федеративную автономию страны»[14]. Гэта быў першы ў гісторыі тэкст, у каторым паняцці «беларусы», «народ» і «краіна» былі пастаўлены ў адзін сэнсавы шэраг.

Неўзабаве ступіў на навуковае попрышча М. Доўнар-Запольскі (1867—1934), выхадзец з дробнай неапалячанай шляхты і сын правінцыйнага жандарскага чыноўніка. Ужо ў першых яго нарысах «Белорусское прошлое», апублікаваных у 1888 г. у «Минском листке», гістарычны вопыт паланізацыі і русіфікацыі беларусаў ацэньваецца аднолькава негатыўна.[15] У ХХ ст. ён стаў асновапаложнікам нацыянальнай беларускай гісторыяграфіі і, ў адрозненне ад Карскага, гарачым прыхільнікам стварэння беларускай дзяржавы.

Важны ўнёсак у працэс нацыятворчасці выпала ўнесці ў 1890-я гг. Ф. Багушэвічу (1840—1900), постаць якога парадаксальная. Усё, што тычыцца сацыяльнай ролі, якую ён выконваў, у цэлым укладаецца ў схему двухузроўневай літвінска-польскай ідэнтычнасці: шляхціч-католік па паходжанні, удзельнік паўстання 1863 г., польскамоўны літаратар і актыўны карэспандэнт часопіса «Kraj», актывіст збору сродкаў на помнік А. Міцкевічу ў Вільні і арганізацыі нелегальных польскіх школ, ён выхаваў ўласных дзяцей перакананымі палякамі. Пазней сын Багушэвіча адмовіўся перадаць бацькоўскі архіў дзеячам беларускага руху менавіта на ідэйных падставах — будучы, паводле ацэнкі А. Цвікевіча, «заалагічным польскім шавіністам».[16]

Пры гэтым Багушэвіч, па прыкладу больш ранніх «хлапаманаў» (Чачота, Дуніна-Марцінкевіча і інш.) выдаў у 1891 г. на «мужыцкай» мове зборнік вершаў «Дудка беларуская». Праграмная роля ў ім, напэўна, прызначалася вершу «Хрэсьбіны Мацюка», сюжэтам якога выступае самавызначэнне сяляніна-католіка Мацея пад уздзеяннем казацкай нагайкі: «О так-то хрысцілі мяне казакі з тутэйшага ды у палякі!». Схаваўшы гэтую «ідэалагічную бомбу» сярод палітычна нейтральных вершаў, Багушэвіч вырашае для большага эфекту стварыць літаратурную містыфікацыю, дадаўшы да зборніка прадмову ад асобы таго ж персанажа. Але з вуснаў быццам бы канчаткова перахрышчанага ў палякі Мацея Бурачка выходзяць нечаканыя словы: «Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная». Мне падаецца, што словы гэтыя не былі вынашанымі, абдуманымі. Не, яны нарадзіліся ў выніку азарэння, і, магчыма, аўтар «Дудкі беларускай» здзівіўся ім не менш, чым аўтар «Анны Карениной» — спробе Вронскага застраліцца. Ужыўшыся ў вобраз свайго персанажа, Багушэвіч раптам адчуў, што, у адрозненне ад яго самога, для Мацея не было камфортнага шляху ні ў палякі, ні ў вялікаросы — ад Бога дадзеная мова патрабавала адпаведнай этнічнай самаідэнтыфікацыі, а адмова ад яе азначала духоўную смерць: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі!»

Гэтая рамантычная сакралізацыя моўнай самабытнасці адыграла ролю каталізатара, адкрыўшы шлях да другой формы беларускай ідэнтычнасці — адмінантнай адносна ўсіх іншых іерархічных узроўняў, г. зн. нацыянальнай. Мова дадзена ад Бога, а што можа быць важней за выкананне Божай волі?

З мяжы ХХ ст. працэс нацыятворчасці пераходзіць у другую фазу — стадыю нацыянальнай агітацыі. У 1902 г. у Пецярбурзе Б. Эпімах-Шыпіла стварае «Гурток беларускай народнай адукацыі і культуры» у 1906 г. выходзяць газеты «Наша Доля» и «Наша Ніва». Амаль адразу ж вынікі праяўляюцца ў вясковай глыбінцы і сярод дыяспары. Ураджэнец Лагойшчыны і нацыянальны актывіст 1930-х гг. Адам Варлыга ўспамінаў, што ўпершыню слова «беларус» ён пачуў у 15-гадовым узросце, летам 1905 г., ад новага мясцовага ксяндза-»жмудзіна», выхадца з гуртка Эпімах-Шыпілы, а «Нашай Нівай» яго забяспечваў сын мясцовага яўрэя-карчмара.[17] У 1907 г. з далёкага Ніжняга Ноўгарада дасылае ў «Нашу Ніву» свае першае беларускамоўнае апавяданне 16-гадовы Максім Багдановіч. А. Латышонак прыводзіць сямейныя ўспаміны пра тое, як у тыя ж гады малодшы брат яго дзеда, узрушаны адкрыццём сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці, рваў на грудзях кашулю і крычаў: «Я — беларус!»[18].

Колькасныя вынікі гэтай агітацыі былі даволі сціплымі — амаль усё ХХ стагоддзе лічба перакананых нацыяналістаў вагалася на ўзроўні дзясяткаў тысяч чалавек, г.зн. доляў адсотка. Гэтая лічба павышалася ў спрыяльныя перыяды (напр., палітыка «беларусізацыі» 1920-х гг. у БССР) і паніжалася ў неспрыяльныя (рэпрэсіі 1930-х і 1944—53 гг.).

Але якасныя вынікі аказаліся фантастычна паспяховымі. У 1917 г. В. Ластоўскі ўпершыню загаварыў пра магчымасць стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, а ўсяго праз год была здзейснены спроба яе абвяшчэння ў форме БНР — ненашмат больш правальная, чым значна лепш падрыхтаваная ўкраінская. Прамым яе наступствам стала эфемернае стварэнне на пачатку 1919 г. БССР, якая, не гледзячы на шчырае неразуменне многіх удзельнікаў («ни один рабочий и крестьянин так называемой Белоруссии белорусом себя не считает, а искони знает в себе русского»[19]), у 1920 г. была адноўлена і з той пары існавала бесперапынна, апынуўшыся ў ліку ініцыятараў стварэння СССР і затым яго роспуску, і нават сярод краін-заснавальніц ААН. Апрача спрыяльных палітычных акалічнасцяў, адыграла ролю і якасна праведзеная «этнаграфічная» стадыя: да пачатку ХХ ст. самастойны этнічны статус беларускай тэрыторыі стаў агульнапрызнаным, а гэта прадугледжвала і нейкую форму аўтаноміі — ажно да народжанай палітычнымі гульнямі псеўдадзяржавы.

Шматгадовае існаванне БССР, на фоне урбанізацыі і іншых эпахальных зрухаў, стварыла канчатковыя ўмовы для афармлення нацыі. Да 1960-х — 70-х гг. было забяспечана ўнармаванне моўнай практыкі. І не важна, што для гараджан мовай штодзённага ўжытку стала руская, а для вяскоўцаў — так званая «трасянка». Важна, што адступілі ў цень дыялектныя асаблівасці мясцовых гутарак. На глебе атэізму лёгка і небалюча адбылася раней недасягальная інтэграцыя каталікоў і праваслаўных. Толькі частка сялян-католікаў, на ўзроўні 4% насельніцтва, захавала польскую ідэнтычнасць (але не мову). У астатняй масе ўсталявалася двухузроўневая ідэнтычнасць: «беларус» на рэгіянальным узроўні і «рускі» альбо «савецкі чалавек» — на нацыянальным. У адрозненне ад Прыбалтыкі, Закаўказзя і Сярэдняй Азіі, для большасці беларусаў іерархія каштоўнасцяў была менавіта такой — спашлюся, за адсутнасцю статыстыкі, на ўласны вопыт і тагачасныя погляды практычна ўсіх сваіх родных, сяброў і знаёмых. Выключэнне складалі вышэйазначаныя долі працэнту прынцыповых беларусафонаў. Новы ўсплеск нацыянальнай агітацыі у канцы 1980-х змяніў гэтую сітуацыю непрынцыпова—– хіба што, падняў колькасць людзей, што прыдаюць мове сакральны характар, да некалькіх адсоткаў.

Завяршальны крок быў зроблены пасля 1991 г. Падставы для «савецкай» ідэнтычнасці раптам зніклі — не толькі без намаганняў з боку большасці беларусаў, але і насуперак іх жаданню (на рэферэндуме 17 сакавіка 1991 г. за захаванне СССР высказаліся 82,7% прагаласаваўшых жыхароў Беларусі, супраць — 16,1). Гэта выклікала глыбокі духоўны крызіс, выйсце з якога было відавочнае: прыданне сваёй беларускасці, што захавалася, нацыянальнага статусу. Адны здзейснілі гэтую ментальную перабудова лёгка і хутка, для іншых яна расцягнулася на гады, для кагосці не завяршылася і зараз. Пры сацапытанні Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД)[20] у снежні 2005 г. у адказ на прамое пытанне аб ідэнтычнасці 43,7% пажадалі назвацца беларусамі, 44,3 — грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, і толькі 4,1 — рускімі, 1,4 — грамадзянамі СССР (при тым, что паводле перапісу несельніцтва 1999 г. этнічных беларусаў налічвалася 81,2%, рускіх — 11,3, палякаў — 3,9). У кастрычніку 2006 г. да беларускай культурнай традыцыі прылічылі сябе 64,2%, да рускай — 13,6, да савецкай — 13,3. Палякі, відаць, уліліся ў лік прыхільнікаў агульнаеўрапейскай традыцыі (8,1%).

Двухузрроўневая ідэнтычнасць захавалася: у чэрвені 2006 г. 53,7% апытаных гатовы былі пагадзіцца з выказваннем У. Пуціна «мы и белорусы, по большому счету, — одна нация», а ў жніўні таго ж года 65,7% выбралі з прапанаваных варыянтаў адказ «белорусы, русские и украинцы — три ветви одного народа». Але змянілася значымасць узроўняў. На працягу 2004—2009 гг. аб’яднанне ў адну дзяржаву з Расіяй называлі найлепшым варыянтам інтэграцыі ад 8 да 15% апытаных, што на ўзроўні пагрэшнасці адпавядае колькасці этнічных рускіх. У гэтым заключаецца калектыўны адказ на славутую прапанову Пуціна «аддзяліць мух ад катлет», то бок вызначыцца, чаго беларусы сапраўды жадаюць: інтэграцыі (але такой, пры каторай голас Беларусі быў бы эквівалентны яе трохпрацэнтнай долі ў агульнай эканоміцы) альбо суверэнітэту.

Падкрэслю, што беларусы, што выбралі суверэнітэт, у масе сваёй рускамоўныя. На перапісе 1999 г. рускую мову пазначылі ў якасці мовы штодзённага ўжытку 62,8% насельніцтва, уключаючы 58,6% беларусаў. Паводле апытанняў 2006—2009 гг. толькі рускай мовай карысталіся ад 52,3 да 61% рэспандэнтаў, а толькі беларускай — ад 2,2 да 7,8. Чэрвеньскае апытанне 2010 г. дало крайнія лічбы: адпаведна 63,8 і 2,1%. З астатніх 12,1% карыстаюцца абедзвюма мовамі (незразумела, у якіх суадносінах), а 21,8 — «трасянкай». Пры апытанні ў кастрычніку 2006 г. 72,9% тых, хто карыстаецца ў зносінах рускай мовай, адзначылі, што размаўляюць на ёй з дзяцінства.

Пытанне пра тое, якая частка насельніцтва актыўна валодае літаратурнай беларускай мовай (можа на ёй свабодна размаўляць і пісаць), чамусьці доўга заставалася па-за ўвагай сацыёлагаў. Толькі лабараторыя сацыялагічных даследаванняў «Новак» двойчы, у 2009 і 2012 гг. задавала яго сваім рэспандэнтам. У 2009 г. пра свабоднае валоданне мовай заявілі 34,2% апытаных, а ўсяго праз тры гады іх колькасць паменшала да 23,4%[21]. Але ж мову, якую сапраўды ведаеш добра, немагчыма страціць за такі кароткі тэрмін, нават калі зусім не карыстацца ёй. Падаецца, што значная колькасць станоўчых адказаў належыць выпускнікам беларускамоўных школ, якія па-сапраўднаму авалодалі мовай толькі ў межах школьнай праграмы. Цяпер гэты навык, не атрымліваючы падмацавання, паступова губляецца.

Падчас апытання 2012 г. было і пытанне адносна роднай мовы рэспандэнтаў, пры гэтым можна было назваць некалькі моваў. У выніку беларускую назвалі роднай 57,2%, а рускую — 78,7%. Гэта значыць, што 35% беларусаў прызналі наяўнасць у сябе дзвюх родных моваў. Пры гэтым беларуская для большасці з іх мае статус «другой роднай», а фактычна — рытуальнай, ужыванай у выключных выпадках — падобна таму, як А. Лукашэнка прыносіў на ёй прэзідэнцкую прысягу, а ў апошні час выкарыстоўвае ў пэўных (так бы мовіць — сакралізаваных) частках прамоў на афіцыйных урачыстасцях.

У цэлым сённяшняе самаадчуванне рускамоўных беларусаў адпавядае крытэрыям «нармальнай» нацыі, якая мае супольную мову з гістарычнай метраполіяй — такой, як амерыканцы, аўстралійцы, бразільцы альбо мексіканцы. Найбольш блізкай падаецца аналогія з аўстрыйцамі — краінай, падобнай па размяшчэнні, памерах, колькасці насельніцтва і нават па гістарычных адметнасцях: ў іх была імперыя Габсбургаў, а ў беларусаў — ВКЛ. Пры тым «роднай мовай» у ваколіцах Вены быў усходнебаварскі дыялект, ад якога аўстрыйцы адмовіліся на карысць літаратурнай мовы, створанай у суседняй, хаця і этнічна роднаснай дзяржаве. Гэтая акалічнасць аднойчы паслужыла падставай для скасавання аўстрыйскай дзяржаўнасці, але не перашкодзіла яе аднаўленню, як толькі міжнародныя абставіны нармалізаваліся. Таму і беларусам не варта баяцца «аншлюсу» з боку Расіі, пакуль дзейнічае міжнароднае права. У выпадку ж яго замены на права сілы — не выратуе і моўная самабытнасць, як не ўратавала яна ад агрэсіі ні адну краіну пад час Другой сусветнай вайны. Тут трэба шукаць зусім іншыя гарантыі.

Такім чынам, у Беларусі быў рэалізаваны не зусім той спосаб пабудовы нацыі, да якога заклікалі нацыянальныя агітатары. Ён мала залежаў ад свядомых намаганняў эліты і праяўляўся хутчэй як стыхійная рэакцыя на бурныя змены знешняй рэчаіснасці. Але вынік, тым не менш, у наяўнасці.

[1] Латышонак А. Нацыянальнасць – Беларус. Б.м.: Ін-т беларусістыкі; Бел. гіст. таварыства, 2009. С. 185–190.

[2] Макарий, митрополит Московский. История Русской церкви. Т. 11. С-Пб., 1903. С. 30–31.

[3] Пыпин А. Н. История русской этнографии. Т. IV: Белоруссия и Сибирь. С-Пб., 1892. С. 31–37.

[4] Терешкович П. В. Этническая история Беларуси XIX – начала ХХ в.: В контексте Центрально-Восточной Европы. Мн.: БГУ, 2004. С. 70.

[5] М. Хаўстовіч. Ігнат Даніловіч і «Катэхізіс» 1835 г. // Białoruskie Zeszyty Historyczne, 1999. Nr 12. S. 147.

[6] Миловидов А. Распоряжение и переписка графа М. Н. Муравьева относительно римско-католического духовенства в Северо-Западном крае. Вильно, 1910. Цит. по: Токць С. Беларуская ідэнтычнасць у ХІХ ст. // Białoruskie Zeszyty Historyczne, 2005. Nr 24. S. 90.

[7] Захарьин И. Н. Воспоминания о службе в Белоруссии 1864-1870 гг. (Из записок мирового посредника) // Исторический вестник, 1884. Т. 16. С. 65. Цит. по: Токць С. Беларуская ідэнтычнасць у ХІХ ст. S. 87.

[8] Цвікевіч А. «Западно-руссизм». С. 214.

[9] Коялович М. Несколько слов о народном движении в Белоруссии // День, 1863. № 18. Цвікевіч А. «Западно-руссизм». С. 156–157.

[10] Цит. по: Латышонак А. Нацыянальнасць – Беларус. С. 387.

[11] Коялович М. Польское приглашение белорусского юношества к сепаратизму // Литовские Еп. Ведомости, 1882. № 10.

[12] Цит. по: Латышонак А. Нацыянальнасць – Беларус. С. 432, 435.

[13] Карский Е. Ф. Обзор звуков и форм белорусской речи / Извлечено из Х т. Известий Историко-Филологического Института князя Безбородко в Нежине. М., 1885. С. 3.

[14] Публицистика белорусских народников / Сост. А. Александрович, И. Александрович. Мн., 1983. С. 60.

[15] Довнар-Запольский М. Исследования и статьи. Т. 1, Киев 1909. С. 333–335.

[16] Цвікевіч А. «Западно-руссизм». С. 190.

[17] Варлыга А. Карэншчына // Літаратура і мастацтва. 1994. № 14–15.

[18] Латышонак А. Нацыянальнасць – Беларус. С. 408.

[19] Калубовіч А. «Айцы» БССР і іхны лёс / Выд. 2-ое. Клыўлэнд, 1985.

[20] http://www.iiseps.org/

[21] http://budzma.org/news/belaruskaya-mova-mova-elity-i-apazicyi.html

Вячаслаў Насевіч. Загаловак ад Рэдакцыі. Аўтарскі загаловак: «Вытокі беларускай ідэнтычнасці»
http://nn.by/?c=ar&i=141839



Categories: Асьвета, Гісторыя

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: