Алена Анісім: Тэзісы да праекта “Стратэгія развіцця беларускай нацыі”. Часопіс “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ”, №12, сьнежань 2015, с. 63-65.
Стан беларускай нацыі
Беларуская нацыя найбольш мэтава фармавалася цягам 19-20 ст. Але так сталася, што гэты працэс увесь час затарможваўся з-за неспрыяльных адносін да нашай нацыі з боку бліжэйшых суседзяў, якія доўгі час (і зараз таксама ) адмаўлялі ў праве беларусаў быць самастойным нацыянальным суб’ектам.
Тым не менш дзякуючы нашым асветнікам і нацыянальным героям (як Кастусь Каліноўскі) наш народ адчуваў сябе адметным як у плане менталітэту, так і ў культурным сэнсе. Шмат што было зроблена ў часы БССР (якога мажліва і не было б без БНР). Аднак вялікая праблема была ў тым, што дзяржаўная эліта вельмі часта пад ціскам абставін (сталінскі тэрор, да прыкладу) ці па сваім маладушшы слаба працавала на ўмацаванне беларускасці.
Адсюль у нашага народа слабая нацыянальная самаідэнтыфікацыя, якая да таго ж размывалася найноўшымі тэндэнцыямі пазіцыянавання сённяшніх насельнікаў Зямлі як людзей Сусвету.
У беларусаў дэмакратызм, на маю думку, прысутнічае ў дастатковай ступені, але абарона дэмакратычных каштоўнасцей – гэта вялікае пытанне.
Мне падаецца, беларус самадастатковы па сваёй сутнасці, таму імкнецца захоўваць добрыя стасункі і з Захадам, і з Усходам. Але часам змушаны падпарадкоўвацца большай сіле, што прыводзіць да ўступлення ў розныя псеўдаўтварэнні кшталту саюзнай дзяржавы.
На сённяшні дзень, я думаю, ёсць тэндэнцыя ў некаторых дзяржаўных дзеячаў сфармаваць нацыянальную беларускую ідэю, дзеля таго, каб забяспечыць устойлівае развіццё краіны. Таму адсюль-адтуль з’яўляюцца білборды з адпаведнымі слоганамі і пасыламі і іншыя праявы руху да беларускасці. Пытанне ў тым, наколькі глыбока яны гэта змогуць/захочуць рэалізаваць.
Безумоўна, сёння людзі ў Беларусі жывуць найлепш за ўсе папярэднія сто гадоў. Але як будзе заўтра, сказаць цяжка. Гэта вялікая праблема – эканамічны крызіс, які накладаецца на няпростыя міжнародныя абставіны. Пакуль што людзі цэняць спакойнае мірнае жыццё ў сваёй краіне з магчымасцю ездзіць па свеце.
Калі эліта як дзяржаўная, так і дэмакратычная змогуць знайсці паразуменне ў плане спраўджвання нацыянальнай ідэі, патэнцыял у рэалізацыі нацыянальнай ідэі вялікі. Тым больш што пакаленне 35-40-гадовых прыхільнае да беларушчыны.
Мэта або чаго хоча беларуская эліта
Я згодна з вызначэннем А.Трусава пра тое, што наша нацыя грамадзянская, але з выразнымі прыкметамі беларускай этнічнасці, найперш моўнай.
Задачы
– Падтрымліваць ідэю аб гістарычнай унікальнасці беларускай нацыі, якая павінна падтрымліваць добрыя адносіны са славянскімі народамі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы і з іншымі народамі свету;
– Праводзіць астветніцкую дзейнасць у галіне гісторыі, культуры і традыцый беларускага народа (Полацкая дзяржава, ВКЛ); стварыць асветніцкі агульны канал на магчымых сродках інфармацыі – электронных і неэлектронных;
– Стымуляваць выкарыстанне мовы ва ўсіх сферах грамадскага і культурнага жыцця;
– Даводзіць інфармацыю пра ўсе станоўчыя праяўленні беларускасці;
– Стымуляваць мясцовыя ўлады да змены савецкіх назваў (вуліц, пасёлкаў) на нацыянальныя;
– Папулярызаваць нацыянальных герояў і нацыянальныя даты (Еўфрасіння Полацкая, Рагнеда, Францыск Скарына, Кастусь Каліноўскі, Грунвальдская бітва, 25 сакавіка 1918 г., 1991 год).
Падыходы да рэалізацыі Стратэгіі
Падчас рэалізацыі стратэгіі, лічу, што сапраўды правільна было б трымацца маральных прынцыпаў узаемаадносін паміж усімі ўдзельнікамі працэсу, а таксама прыхільнікамі:
Узаемапавага і падтрымка, максімальнае карыстанне беларускай мовай і заахвочванне іншых да гэтага праз станоўчае ўспрыманне тых, хто пачынае гаварыць па-беларуску, напачатку можа і з памылкамі, павышэнне культуры вядзення спрэчак і дыскусій без свядомага ўжывання абраз, мянушак, крыўдлівых выразаў.
Самай добрай справай было б стварэнне на базе хаця б аднаго дзяржаўнага тэлеканала паўнавартаснага сродка масавай інфармацыі на беларускай мове з вяшчаннем у 24-гадзінным рэжыме. Трэба, каб былі і навіны, і культурнае жыццё, і мастацкія стужкі, і літаратура, і спорт – адным словам, уся інфармацыя на беларускай мове.
Яшчэ адной важнай справай лічу працу па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання на аснове новых тэхналогій і перспектыўнымі адукацыйнымі накірункамі.
Categories: Нацыя, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ