ДА 90-ГОДДЗЯ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ КАСТУСЯ АКУЛЫ. Вольга Іпатава: НА ДАРОГАХ ЗМАГАННЯ. Пётра Мурзёнак: СЛОВА ПРА ЗЕМЛЯКА. Часопіс “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ”, №12, сьнежань 2015, с. 69-78.
Ад рэдакцыі: Кастусь Акула (Аляксандр Ігнатавіч Качан), пісьменнік і вядомы грамадскі дзеяч беларускага замежжа, нарадзіўся 16 лістапада 1925 года ў вёсцы Верацеі, Докшыцкага раёна, Віцебскай вобласьці. Памёр 29 студзеня 2008 года, пахаваны ў Таронта, Канада.
Падчас нямецкай акупацыі настаўнічаў, з вясны 1944 года быў курсантам Мінскай афіцэрскай школы Беларускай Краёвай Абароны. У 1944-1945 г.г. ваяваў у складзе 2-га польскага корпуса Брытанскай арміі. Удзельнік баёў пад Касіно, Італія. У 1947 годзе прыехаў у Канаду. Заснавальнік і першы старшыня Згуртавання беларусаў Канады. Выдаваў газету «Беларускі Эмігрант», часопіс «Зважай» (1974-1997).
Апублікаваныя кнігі:
• Tomorrow is Yesterday: A Novel. Toronto: «Pahonia» Publishers, 1968. 225 p.
• Гараватка: Раман. Кн. I. Дзярлівая птушка. The Bird of Prey: Byelorussian novel. Таронта, 1965. 180 с.
• Гараватка: Раман. Кн. II. Закрываўленае сонца. The Red Sun. Таронта: выдавецтва «Пагоня», 1974. 285 с.
• Гараватка: Раман. Кн. III. Беларусы, вас чакае зямля. Byelorussians, the soil is yours. Таронта: выдавецтва «Пагоня», 1981. 286 с.
• За волю: Раман. Таронта: «Пагоня», 1991. 172 с.
• Заўтра ёсьць учора: раман / Кастусь Акула; пер. з англ., прадм. Ірыны Варабей. Мінск: Медисонт, 2008. 197 с. (Бібліятэка Бацькаўшчыны; Кн. 15). ISBN 978-985-6530-91-6.
• Змагарныя дарогі=Combat Trails: Аповесьць. Торонто-Мюнхэн: выданьне аўтара, 1962. 583 с.
• Усякая ўсячына: Проза, паэзія, п’еса. Таронта: выданьне «Пагоні», 1984. 136 с.
22 лістапада 2015 года ў памяшканні Беларускага культурна-рэлігійнага цэнтра ў Таронта прайшло паседжанне, прысвечанае памяці Кастуся Акулы. Часопіс «Культура, Нацыя» далучаецца да добрых слоў пра пісьменніка і чалавека. Ніжэй падаюцца успаміны Вольгі Іпатавай і Пятра Мурзёнка пра сп. Акулу.
Вольга Іпатава: НА ДАРОГАХ ЗМАГАННЯ
У лістападзе 1948 года дваццацітрохгадовы канадскі эмігрант Кастусь Акула, тады чарнарабочы на адной з фермаў, разам са сваімі тады яшчэ нешматлікімі сябрамі заснаваў ў Таронце Згуртаванне Беларусаў Канады. Гэты малады беларус добра ведаў, што ён хоча – захаваць нацыянальны асяродак тут, на чужой зямлі, куды прывялі яго дарогі змагання, і служыць Беларусі разам з тымі, хто ўсведамляе сябе прыналежным да яе. ЗБК паступова стала ўплывовай арганізацыяй, з якой сталі лічыцца мясцовыя ўлады. Сведчаннем гэтаму можа служыць такая дэталь: на будынку гарадской управы у Таронце кожны год (ажно да 2006-га) у гонар абвяшчэння БНР 25 сакавіка ўздымалі бел – чырвона – белы сцяг. Пасля, відаць, пастаралася наша беларускае пасольства – сцяг знік.
У 1965–м годзе, менавіта яму прыйшла ў галаву ідэя стварыць цэнтр адпачынку для беларусаў (сёння ён носіць назву “Слуцак”), і, сабраўшы грошы, нашыя землякі выкупілі ферму і будынкі на беразе возера Манітовабінг. Гэтыя 260 акраў зямлі сёння сталі прыгожым лесам, дзе стаяць катэджы, зробленыя працавітымі рукамі людзей, дзяды і прадзеды якіх былі пераважна сялянамі і любілі зямлю. У часы, калі ўпала “жалезная заслона”, пасля прыезду (ці, хутчэй, звароту) на Бацькаўшчыну, яго ахвяраваннем і клопатам паўстала ў Заслаўі пад Мінскам капліца будучай правaслаўнай аўтакефальнай царквы.
Гэтыя акцыі – толькі нямногія з тых шматлікіх грамадзянскіх ініцыятыў і спраў, якія ажыццявіў Аляксандар Качан з Глыбоччыны, які сёння добра вядомы на Беларусі і за яе межамі як пісьменнік Кастусь Акула.
Невялікая ратапрынтная кніжачка Міколы Мішчанчука “Літаратура беларускага замежжа”, якая выйшла пад эгідай Міністэрства адукацыі і навукі і Педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка ў 1993 годзе накладам у 200 асобнікаў, і зараз застаецца самым грунтоўным даследаваннем творчасці Кастуся Акулы. А між тым ён з’яўляецца самым значным беларускім пісьменнікам сённяшняга замежжа. Праўда, раманную трылогію “Гараватка”, як і іншыя ягоныя раманы, беларуская крытыка на працягу апошняга дзесяцігоддзя узгадвала не раз, асабліва пасля таго як упала «жалезная заслона», калі мы змаглі азнаёміцца з тым значным духоўна – культурным набыткам, які за доўгія дзесяцігоддзі міжвольнага адчужэння ад роднай зямлі назапасіла эміграцыя. Тут можна ўзгадаць перадусім вельмі цікавае даследаванне А. Данільчык “Шлях да зямлі запаветнай” (Героі Янкі Брыля, Кастуся Акулы, Прыма Леві ў пошуках волі), змешчанае ў “Родным слове” ў № 1-1999 г., артыкул “Чужие игры” М. Тычыны ў часопісе “Неман” у №№10-11 у 1995г., артыкулы і прадмова да адзінай пакуль што надрукаванай у Беларусі ягонай кнігі “Змагарныя дарогі” У. Арлова, інтэрв”ю Л. Пранчака дый іншых, у тым ліку і артыкулы Лідзіі Савік. Да таго ж, ніколі не абыходзіла аўтара увагай найперш газета “Беларус”, дзе рэцэнзаваліся ўсе ягоныя кнігі.
Аднак для пісьменніка, які ўнёс у нашую літаратуру аб вайне новы, ім самім перажыты вопыт беларуса, што між Усходам і Захадам шукае свой, беларускі шлях і, як магутным прэсам, выціснуты са сваёй зямлі, чый першы раман трылогіі “Гараватка” адзначыў “як бясспрэчную ўдачу пісьменніка й як значнае дасягненьне беларускай літаратуры” яшчэ ў 1965 годзе вельмі патрабавальны Ст. Станкевіч, чыя кніга “Змагарныя дарогі” была прызнаная бестселерам па апытаннях чытачоў “Нашай нівы” у 1995 годзе – дык вось, для пісьменніка такога ўзроўню гэтага вельмі і вельмі мала. Дадамо, што, мабыць, ні адзін з пісьменнікаў замежжа не падвяргаўся праз усе свае гады такому цкаванню са сваёй радзімы, як гэты чалавек, які яшчэ ў маладосці прысягнуў служыць сваёй Беларусі і слова гэтае трымаў да самай смерці. Яго здзекліва высмейвалі, пастаянна аблівалі брудам, шантажавалі родных, што засталіся на Глыбоччыне – ды не толькі прыслугачы савецкага рэжыму, штатныя і няштатныя. Яго закляймілі некалі (а менавіта ў “Голасе Радзімы”, №42 за 1966 год), лепшыя і на той, і на гэты час беларускія пісьменнікі. Горка і балюча і сёння чытаць словы, некалі, вядома ж, прадыктаваныя пісьменнікам зверху і адрасаваныя не толькі К. Акулу, але і Ст. Станкевічу, Р. Крушыну, Ю. Віцьбічу: “Не вам і не вашым хаўруснікам гаварыць пра літаратуру, якая сцвярджае вялікія ідэі сапраўднай чалавечнасці, не вам гаварыць пра волю і справядлівасць. Прадаўшыся адзін раз, цяжка, відаць, утрымацца, каб не прадацца і другі”. Але як крыўдна, як невыносна – цяжка было, думаецца, чытаць іх калісьці самому Кастусю Акулу, які ў той час працаваў рабочым і творы свае пісаў ў нешматлікія вольныя хвіліны – вольныя і ад вялікай грамадскай працы, і ад барацьбы з камунізмам, што быў атабарыўся некалі на канадскай зямлі і які забраў ад беларускага руху многіх старэйшых эмігрантаў!
Але час мяняецца і паціху ставіць усё на свае месцы. Рада беларускіх пісьменнікаў абрала К. Акулу (а таксама В. Кіпеля і Я. Запрудніка) сваімі ганаровымі сябрамі, кнігі нашых калег выходзяць нават у сённяшняй Беларусі, хай сабе і не ў дзяржаўных выданнях. У час Інтэрнэту апусціць перад намі новую жалезную заслону наўрад ці ўдасца, і ідэя незалежнасці, беларускай вольнасці і ўласнага шляху, нягледзячы на ўсе цяжкасці і сённяшняга станаўлення дзяржаўнасці, прасочваецца ў душы юных беларусаў, якія, у адрозненне ад старэйшых, ведаюць імёны тых, каго мы, нацыянальная інтэлігенцыя, з вялікімі цяжкасцямі, праз шалёнае супраціўленне, уводзілі ў наш культурна-палітычны кантэкст.
Tворчасць Кастуся Акулы сёння таксама павінна ўвайсці ў наш культурны і літаратурны кантэкст. Жыццё даказала праўду таго, за што яго бязлітасна цкавалі на Беларусі, ды што ён разумеў даўно і бясстрашна выводзіў ў сваіх творах – што рэжымы Гітлера і Сталіна аднолькава небяспечныя для чалавецтва. Гэтага ва ўмовах таталітарызму не асмеліўся, апроч хіба В. Быкава, сказаць ніводны з беларускіх пісьменнікаў. А К. Акула гаварыў і пісаў. І даказваў тое не толькі сваёй творчасцю, але і ўчынкамі. Перафразуючы вядомае “Но пасаран!”, якое некалі казалі фашызму, можам узгадаць, што пісьменнік сцвярджаў “Камунізм не пройдзе!” і заўсёды быў актыўным удзельнікам, а то і арганізатарам акцый супраць камунізму, што пасляваенным часам нярэдка ладзіліся ў Канадзе. Гэтае перакананне ён пранёс па дарогах Еўропы, жаўнерам польскай арміі Андэрса прайшоўшы па дарогах Еўропы і ажно да самага, як ён кажа, абцаса бота, якім глядзіцца на карце свету Італія. Вось аб чым думае галоўны герой ягонай трылогіі “Гараватка” Сымон Спарыш, у якім яскрава бачныя рысы самога аўтара і якому самому давялося жыць ва ўмовах польскай, савецкай ды нямецкай акупацый, у час якіх раз за разам сотнямі, тысячамі знішчаліся мясцовыя жыхары: “Прыходзілі на памяць нядаўнія бальшавіцкія ўчынкі ў Бярэзвечах, дзе ў колішнім манастыры, пераробленым на вязніцу, людзі пазнаходзілі кучы трупаў з паабразанымі насамі, языкамі, жаночымі грудзьмі, павыколванымі вачыма, павыломванымі пальцамі. Прыгадвалася цяжкое жыццё пад савецкай акупацыяй, вывазы ў Сібір, вечныя нараканні бацькі. І ў параўнаннях маладога Сымона абодва акупанты выглядалі аднолькавымі. “Чорт іх ведае, – думаў юнак, – адна нячыстая сіла, а другая яшчэ горшая. Мусіць, каб паставіў на вагу, дык ніводзін не пераважыў бы, абое, як кажуць, рабое”.
Для беларускай літаратуры раманы К. Акулы з”яўляюцца не толькі мастацкім здабыткам. Яны ўводзяць дзесяцігоддзямі заціснутага і адрэзанага ад іншых краін чалавека ў свет, які і дасюль з’яўляецца для яго даволі экзатычным, нягледзячы на тое, што ўжо нямала беларусаў выязджае за мяжу рэгулярна ці раз-пораз. Месца дзеянняў рамана “Змагарныя дарогі” адбываецца у Неапалі, Балоніі, Лондане, Берліне – усюды, дзе быў сам Кастусь Акула. Яго творы сапраўды ў большасці аўтабіяграфічныя, ды ўсё ж ягоны герой – гэта па-мастацку абагульненая біяграфія соцень і тысяч маладых беларускіх хлопцаў, якія на шмат якіх дарогах свету змагаліся за сваё жыццё, бо захацелі стварыць СВАЮ БЕЛАРУСЬ. Нездарма у кароткай нататцы пра раман “Змагарныя дарогі”, названаю “Паміж Курапатамі і Хатыньню” рэцэнзент газеты “Свабода” С. Лотва трохі задзірыста выказаў нават такую думку, што “паміж безьлічы бэсэсэраўскіх выданьняў аб Вялікай Айчыннай – гэты твор, падобна, адзіны, які можна ўважаць Беларускаю кнігаю пра ІІ сусьветную вайну…”
І аўтару, у адрозненне ад некаторых нашых калегаў, не трэба адракацца ад сваіх уласных твораў, ад уласных радкоў. Жывучы ў вольным свеце, выбраўшы яго, хаця і пратэставала сэрца (цяпер мы добра ведаем пра тыя тысячы магіл, якія “надзейна” схавалі тых, хто паверыў савецкай уладзе), ён пісаў тое, што думаў, у што верыў папраўдзе.
Беларуская крытыка адзначыла і яшчэ адну якасць твораў Кастуся Акулы – магутны, часам надта бунтарны, але заўсёды нязломны беларускі дух. Ягоны герой у самых цяжкіх абставінах шукае выйсця і, у рэшце рэшт, знаходзіць яго. Нават вывад, які пры гэтым робіцца самім аўтарам: “галоўнае захавацца ды ператрываць” усё роўна пярэчыць таму, як паводзіць сябе герой. Так, ён часта бывае па-сялянску разважлівым, выбірае самую аптымальную мадэль паводзінаў у нялюдскіх варунках, але пры тым ніколі не здраджвае любові да Бацькаўшчыны. Яна вышэй за ўсё. І, можа, самыя кранальныя старонкі ягоных твораў якраз тыя, дзе гэтая любоў выяўляецца найбольш яскрава – ва ўнутраных маналогах герояў, у іхняй матывацыі тых ці іншых сваіх учынкаў. Можна адзначыць і тое, што мова аўтара, якую не псавала суцэльная русіфікацыя савецкай Беларусі, нібыта дачакалася свайго часу, каб прыйсці на зямлю, дзе яна амаль вывелася і засталася хіба што ў мастацкіх творах. Мы вымушаныя сёння падтрымліваць нават так званую “трасянку”, бо, па словах некаторых спецыялістаў мовы, менавіта “трасянка” не дае беларусам канчаткова пазбыцца свае беларушчыны. Але ж гэта шлях не самы лепшы, шлях, як кажуць, “з гора”. Таму мову Кастуся Акулы, магчыма, некалі стануць вывучаць як жыватворнае жарало сапраўднай беларускасці – думак, ладу мыслення, паводзінаў… Па ягонай творчасці будуць аднаўляць і той, амаль невядомы бальшыні беларусаў, шлях, які прайшла нашая эміграцыя. Бо, кажучы словамі рэцэнзента трэцяе кнігі рамана ў газэце “Беларус” (№292, 1981 г.) У. Глыбіннага, “Само бачанае й перажытае адлюстравалася ў душы, навекі затрымалася ў набалелым сэрцы; гаротныя прыкметы часу, усё перажытае й пабачанае ў жахлівыя часы вайны і ў часе перад ёю моцна заляглі ў памяці і твораць багатую скарбонку. З яе адно трэба ўмелай рукою чэрпаць той нявычэрпны матар’ял, каб тварыць мастацкія пэрлы. І трэба сказаць, што Кастусь Акула робіць гэта ашчадна й плённа”.
Сапраўды, хаця і павольна, але няўхільна, адна за адной, у эміграцыі нараджаліся і выходзілі ў свет яго кнігі, заканчваючы апошняй, якая называецца “Усякая ўсячына” (1984 г.) і выдадзеная таксама ў Таронта (аповесць “Змагарныя дарогі” выйшла ў 1994 годзе у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, але гэта – перавыданне).
Згаданая трылогія “Гараватка” сапраўды найбольш значнае, што напісанае пісьменнікам. Яна паказвае падзеі, што адбываюцца ў адной мясціне, паказвае праз збег часу і абставін людзей і іхнія лёсы. Трагедыйнасць перажытага літаральна ўваходзіць у тканіну усіх трох раманаў, якія ўражваюць масштабнасцю падзей, а таксама і глыбінёй іх мастацкага асэнсавання. Тое, што на Беларусі “Гараватку” ведаюць у асноўным па літаратуразнаўчых ды крытычных артыкулах (бо кнігі К. Акулы знаходзяцца толькі ў некалькіх бібліятэках і ў прыватных асоб), моцна збядняе агульную панараму нашай літаратуры. Яе складаюць раманы “Дзярлівая птушка” (1965 г.), “Закрываўленае сонца” (1974 г.), і, нарэшце, “Беларусы, вас чакае зямля” (1981 г.). Мне здаецца, што ўсебаковы яе агляд, зроблены нашымі лепшымі крытыкамі і літаратуразнаўцамі, яшчэ наперадзе, як наперадзе і кнігі пра самога Кастуся Акулу, яго жыццё і лёс, пра людзей, з якімі ён сустракаўся.
Толькі адна з такіх асоб – дысідэнт з Кастрамы, італьянец па крыві Аляксандр Гідоні. Яго добра ведалі і на Беларусі па ўдзеле ў лагерным паўстанні ў Пацьме яшчэ ў канцы пяцідзесятых. Эміграцыя прывяла яго ў Канаду, дзе ён, ужо прафесар Таронцкага універсітэта, пасябраваў з Кастусём Акулам і прагна цікавіўся невядомымі старонкамі беларускай гісторыі. А тыя, з кім сам К. Акула сябраваў на эміграцыі! Кожны з іх – асоба, вартая таго, каб пра яго пісаць, бо за кожным лёсам – часам амаль неверагодныя выпрабаванні, мужнасць і ахвярнасць, якія ўласцівыя і самому пісьменніку.
Часткова яны раскрытыя праз ягоныя кнігі. Але толькі часткова. Бо тое, што стаіць за імі, куды больш панарамнае. І – трагічнае.
У пачатку 90-х гадоў шмат пісалася пра нашую эміграцыю. Пасля паступова пісаць сталі ўсё меней і меней. Па-першае, дзяржаўныя выданні неяк вельмі хутка, як па камандзе, “адцураліся” ад гэтай тэмы – маўляў, колькі можна! Па-другое, прыезды эмігрантаў замест радасці даўгачаканага спаткання з Бацькаўшчынай часта неслі ім глыбокае расчараванне тым, што яны тут бачылі. Узяць хаця б той эпізод, калі юнага і ўсхваляванага Юрку Кіпеля, які папрасіў у кнігарні нейкую кнігу, тут жа астудзілі ледзяной вадой: “Говорите по-человечески!” Тая дурніца – прадаўшчыца (а колькі іх было на кожнага з дарагіх гасцей, адзін Бог ведае!), якая разбіла крыштальны кубак Юркавай захопленасці тым, што ён на радзіме продкаў, наўрад ці здагадвалася аб тым, якое злачынства яна робіць… Уражвала эмігрантаў і тое, наколькі абыякава ставяцца людзі да таго, што самі яны доўгія дзесяцігоддзі неслі і пеставалі ў душах – незалежнасць сваёй краіны. Ды і многае іншае, уключаючы тое, што і ў самых, здавалася б, адданых беларускай справе інтэлігентаў пераважалі звадкі дый сваркі, ды нейкія дробязныя рахункі захілялі галоўнае. Але найбольш адпужвала сучасная палітыка краіны, якая колькі ўжо разоў рабілася пудзілам для ўсяго цывілізаванага свету…
Кастусь Акула вытрымаў усе гэтыя д’ябальскія перашкоды, яго душа сягнула праз усе межы, якія пастаўленыя не толькі ў ранейшы, але і ў навейшыя часы паміж эміграцыяй і Беларуссю.
… Я часта ўзгадваю яго і нашае сяброўства, якое пачалося ў 2003 годзе, калі я ўпершыню прыехала ў Канаду на тры месяцы. Так сталася, што шматпавярховік, у якім тады жыў мой сын, знаходзяўся ў якіх пару соцень метраў ад ягонай хаты. І амаль кожны дзень з гэтых месяцаў мы сустракаліся ў ягонай хаце, дзе на той час жыў і малады эмігрант з Беларусі, якога ён прытуліў.
Без перабольшвання можна сказаць, што мая прысутнасць стала для яго як дар Божы – бо ён мог гаварыць з беларускай пісьменніцай, спрачацца аб праблемах літаратуры, быцця, філасофіі жыцця… Мне самой гэта было вельмі цікава, але часам мы і сварыліся – не згаджаліся па нейкіх пытаннях, ды і розніца ў жаночым і мужчынскім успрыйманні свету усё ж розная. Памятаю, сказаў мне: «Гляджу на цябе і не веру, што гэта ты напісала такія гістарычныя раманы». Я пакрыўдзілася і не стала нават адказваць на званкі. Прыйшоў да нас (а цярпець не мог высотак), замест прабачэння сказаў, нібыта нічога не адбылося: «Галубцы стынуць, пайшлі!» Я разрагаталася, і мы пайшлі чарговы раз есці ягоныя галубцы, якія ён часам гатаваў з самае начы і якія праз нейкі час дапамагала мне есці Ірына Варабей… Утраіх мы правялі шмат цікавых і светлых гадзін і дзён. Засталіся фатакарткі – мы частуемся ягонымі малінамі, разам з ім цікуем за вавёркамі і чырвонагрудымі «робінамі». І засталіся запіскі: «Прыходзь, Оля, мае птушкі і вавёркі зажурыліся па табе».
І ўзгадваючы яго, я часам думаю, чаго ў ім было болей – суровага празаіка ці пяшчотнага, далікатнага, натхнёнага Паэта?
Пётра Мурзёнак: СЛОВА ПРА ЗЕМЛЯКА
Упершыню я пазнаёміўся са сп. Кастусём Акулам у Таронта у 1999 годзе. Для мяне, сьвежага чалавека ў беларускім асяроддзі за мяжой, было крыху незвычайна сустрэцца ў тым годзе і пазьней са старэйшай гвардыяй беларусаў у Канадзе, гэта і Кастусь Акула, Арсень Монід, Антон Маркевіч, Раіса Жук-Грышкевіч, Марыя Ганько, Барыс Кірка. Незвычайна таму, што, па-першае, гэта былі людзі, якія заснавалі беларускі асяродак у Канадзе, менавіта ў Таронта і акруговых гарадках, Ашаве, Гамільтоне. Па-другое, яны былі людзі пасьляваеннай эміграцыі, якія апантанна і аддана верылі праз доўгія гады ў перамогу і вяртаньне на Радзіму. Гэта адданасьць заўжды адчувалася ў іх выступах на беларускіх імпрэзах, і я думаю, што іх адданасьць беларускай справе безумоўна перадалася значнай колькасьці беларусаў новай хвалі эміграцыі.
Сп. Акула заўжды выглядаў паважна – высокі, моцны на выгляд мужчына, пры касьцюме і гальштуку, у традыцыйным для яго бэрэце са значком “Пагоні”. Як выглядаў паважна, так і гаварыў – павольна, зразумела, упэўнена. У апошнія гады свайго жыцьця ён зьнешне, так мне падавалася, амаль не мяняўся. Амаль пры кожным наведваньні Беларускай Аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Таронта можна было чуць голас сп. Акулы пры багаслужбах, дзе ён заўважна падпяваў-басіў у невялікім хоры.
У нашых кароткіх размовах вызначылася, што мы з ім землякі. Ад маіх Дунілавіч, што ў Пастаўскім раёне да яго Верацеяў будзе кіламетраў двацацць. Тады ж я даведаўся, што яго сапраўднае прозвішча Качан. У нашай мясцовасьці шмат прозьвішчаў прывязаных да пабытовых рэчаў. Аднак, мне не даводзілася многа размаўляць пра нашы агульныя мясьціны. Я ўспамінаю больш яго расказы пра набыцьцё старой царквы ў Таронта, пра выпуск газеты “Зважай”, і асабліва пра яго палітычную акцыю з лістоўкамі ў Манрэалі падчас выстаўкі “Экспо 67”.
З яго творчасьцю я пазнаёміўся чытаючы “Гараватку”. Прачытаў тры кнігі ад пачатку да канца за літаральна некалькі дзён. Там і суровая праўда, і апісаньне падзей, якія праходзілі ў вельмі блізкіх і родных мясьцінах. Многія з тых падзей былі падобныя на гісторыі, якія я чуў ад старэйшых людзей. Чытаючы трылогію, праводзіў аналогіі з аповесцю В. Быкава “Знак бяды”. Які ж складаны і нязломны лёс мае наш беларускі народ, каб перажыўшы такія цяжкасці зноў знаходзіць сілы падымацца і заяўляць аб сваёй годнасці.
Пазьней давялося даведацца, што сп. Акула меў складаныя сямейныя жыцьцёвыя абставіны. Нягледзячы на іх ён знаходзіў час тварыць. Аб яго сіле волі і жаданьні пісаць сьведчыць той факт, што часам яму даводзілася друкаваць на машынцы свае творы проста седзячы на лаўцы ў парку.
Кастусь Акула быў чалавекам прагрэсіўных поглядаў. У 2001-2003 г.г. падчас майго старшынства ў ЗБК была створана камісія па зьменах статута арганізацыі. Сярод прапанаваных зьмен было прыняцьце палажэньня паводле якога сябрам ЗБК мог быць любы чалавек (не толькі беларус, як у папярэднім статуце), які стаіць на грунце 25 Сакавіка і прызнае мэты і задачы арганізацыі. Адным з сяброў гэтай камісіі быў і сп. Акула, які быў за прыняцьце гэтага і іншых прапанаваных зьмен. У размовах пра будучыню ЗБК ён не выказваў заклапочанасьці – казаў, што пакуль тут ёсьць царква, то з ЗБК будзе ўсё ў парадку.
Мне падалося, што ён быў чалавекам няпростым у адносінах з людзьмі. Гэта было заўважна і па асьцярожнай манеры размаўляць, і па нясьпешных адказах на пытаньні. Ён займаў сваю асобную пазіцыю сярод беларусаў Таронта і ў гэтым была яшчэ адна яго адметнасьць. Аднак гэта ягоная адметнасьць не аддзяляла яго ад грамады, а станоўча вылучала як сярод старэйшай эміграцыі, так і сярод прадстаўнікоў новай беларускай хвалі. Відавочна, на такіх моцных людзях як Кастусь Акула трымаецца беларускі дух і жыве надзея на будаўніцтва свабоднай беларускай нацыі.
————————————————————
On the 90th Anniversary of Kastus Akula
(Abstract, magazine “CULTURE, NATION”, December 2015, issue 12, pp. 69-77)
Kastus Akula (Alexandar Ignatavich Kachan), a Belarusian writer and social activist was born on November 16, 1925 in Veratseja village (Dokshitsy district, Vitebsk region). He died on January 29, 2008, buried in Toronto, Canada. During the German occupation, he was a teacher then in the spring 1944 he was a cadet officer of Belarusian Home Defence (Minsk). In 1944-1945, he fought in the 2nd Polish Corps of the British Army. He was a participant of the battle at Cassino, Italy. In 1947 he came to Canada. He was the founder and the first chairman of the Belarusian Association in Canada. He published the newspaper “Belarusian emigrants” and magazine “Zvazhaj” (1974-1997). On November 22, 2015 in the Belarusian cultural and religious center in Toronto a commemoration meeting dedicated to Kastus Akula was held. The magazine “Culture, Nation” joins the kind words to the writer and to the man. The memories about K. Akula written by Olga Ipatava and Piotra Murzionak are presented.
Categories: Асобы, Літаратура, Uncategorized
Пакінуць адказ