Пётра Мурзёнак: РАЗВАГІ АБ СТРАТЭГІІ РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ. Часопіс “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ”, №12, сьнежань 2015, с. 45-57.

 

logo for chasopis

Пётра Мурзёнак: РАЗВАГІ АБ СТРАТЭГІІ РАЗВІЦЦЯ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ. Часопіс “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ”, №12, сьнежань 2015, с. 45-57.

Неабходнасць распрацоўкі прапануемай стратэгіі дыктуецца ў першую чаргу яе адсутнасцю ў руках нацыянальнай эліты на дадзеным гістарычным этапе развіцця краіны. Адсутнасць сучаснай стратэгіі адлюстроўваецца як у недастатковым адзінстве беларускай эліты ў падыходах да рэалізацыі нацыянальнай ідэі, так і ў невысокім узроўні самаідэнтыфікацыі\нацыянальнай свядомасці беларускага насельніцтва ў цэлым. Без абодвух складнікаў немагчыма будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы.

Распрацоўка і рэалізацыя праекта бачыцца дастаткова складаным працэсам, складанасць якога абумоўлена як магчыма адрознымі поглядамі экспертаў, так і шматлікімі зменлівымі знешнімі і ўнутранымі фактарамі, што ўплываюць на працэсы развіцця нацыі. Відавочна, што перш чым разглядаць перспектыву развіцця нацыі на адносна доўгі перыяд, трэба асэнсаваць і даць крытычную ацэнку цяперашняга стану нацыі ў тых пытаннях, якія будуць вызначальнымі для яе будучыні, скарыстаўшы тыя напрацоўкі адносна нацыянальнай ідэі, якія былі ў мінулым, і якія маюцца ў наш час. Варта нагадаць, што абмеркаванню пытанняў датычных да нацыянальнай ідэі толькі ў нядаўні час прысвечаны шэраг канферэнцый:“International Congress of Belarusian Studies” (5 кангрэсаў, Kaunas, 2011-2015); Міжнародная навуковая канферэнцыя “Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, эканоміка, культура” (Мінск, лістапад 2015); “Трансфармацыя ментальнасці беларусаў у ХХІ стагоддзі” (Мінск, лістапад 2013); “Проблемы современной беларускай идеологии» (Мінск, лістапад 2012). Тым не менш, здаецца, не было спроб абагульніць высновы, зробленыя на навуковых форумах, а таксама меркаванні дасведчаных у гэтай галіне людзей, і ператварыць іх у сучасную стратэгію развіцця беларускай нацыі (далей Стратэгія).

У дадзеным праекце вызначэнні нацыя і нацыянальная дзяржава будуць выкарыстоўвацца ў аднолькавай меры, маючы на ўвазе, што дзяржава ці краіна ўяўляе сабой палітычную і геапалітычную адзінку, нацыя з’яўляецца культурнай-этнічнай адзінкай, а нацыянальная дзяржава ўключае абодва гэтыя вызначэнні.

Стан беларускай нацыі

Можна канстатаваць, што за мінулае стагоддзе беларусы дасягнулі значнага прагрэсу ў будаўніцтве сваёй дзяржавы. За гэты перыяд было шэсць абвяшчэнняў незалежнасці беларускай дзяржавы – пачынаючы ад абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918 года) і ўтварэння БССР (1 студзеня 1919 год), і канчаючы прыняццем Дэкларацыі аб суверэнітэце БССР (27 ліпеня 1990 года). Шлях гэты быў няпросты, у развіцці краіны былі спрыяльныя і неспрыяльныя перыяды, аднак галоўным яго вынікам стала існаванне незалежнай і суверэннай беларускай дзяржавы.

На думку знешніх экспертаў (Т. Sneider, 2013) сучасная дзяржаўнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь пасля выхаду з СССР значна ўмацаваліся. Гэта адбылося як пад уплывам знешніх абставін (напрыклад, няўстойлівага развіцця ўсходняга суседа, Расіі), так і ў выніку хісткай знешняй і ўнутранай палітыкі, праводзімай пад кіраўніцтвам адзінага з 1994 года Прэзідэнта дзяржавы. Магчыма, што з гэтым не ўсе будуць згодныя, у тым сэнсе, што магло б быць інакш, як напрыклад, здарылася з краінамі-суседзямі (краіны Прыбалтыкі і зараз змагаючаяся за большую свабоду Украіна), што ў краіне прыгнятаюцца Мова і беларускасць (што ёсць прыкметамі сапраўднага этнацыду нацыі), што насуперак імкненню да нейтральнага стану, вызначанага ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (Артыкул 18), краіна ўцягнута ў ваенныя блокі (ОДКБ, асобныя дамовы з Расіяй), і ўсё больш уключаецца ў сферу “рускага міра”. Але мы маем вельмі важнае – незалежнасць і суверэнітэт краіны. Можна спрачацца аб устойлівасці гэтага стану бо пагрозу страты незалежнасці, поўную, праз ваенную агрэсію (прыклад, Крым) ці частковую (праз размяшчэнне ваенных баз ці праз эканамічны і культурны ўціск), прадугледзець немагчыма. Але факт застаецца фактам – беларусы, якія пражывалі на тэрыторыі Паўночна-Заходняга Краю Расійскай імперыі ў пачатку 20-га стагоддзя маюць сёння дзяржаўнасць і незалежнасць. Трэба глядзець наперад і змагацца за адзінства нацыянальнай эліты і за моцную нацыю.

За мінулае стагоддзе ў развіцці краіны былі спрыяльныя і неспрыяльныя перыяды, аднак галоўным яго вынікам стала існаванне незалежнай і суверэннай беларускай дзяржавы. Дзяржаўнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь за апошнія 25 год пасля выхаду з СССР значна ўмацаваліся.

Сярод шэрагу мадэляў будаўніцтва дзяржавы (цывільная, культурная, уяўная) выбар мадэлі этнанацыянальнай дзяржавы ў найбольшай ступені адпавядае рэальнай сітуацыі ў Беларусі і прынцыпу нейтральнасці. Нішто ў сучасных умовах не можа так спрыяць будаўніцтву дзяржавы як прыналежнасць большасці грамадзян да аднаго этнасу (83.7% насельніцтва краіны адчуваюць сябе беларусамі, 2009). Толькі на гэтым шляху бачыцца будучыня нашай краіны. Беларусь не можа будаваць дзяржаву на аснове культурнай мадэлі ці цывільнай, рускамоўнай мадэлі, як гэта робіцца цяпер, па адной простай прычыне. І ў адным, і ў другім выпадку паглынанне беларускай дзяржавы “рускім мірам” з’яўляецца непазбежным, рана ці позна пры такіх мадэлях гэта пагроза будзе рэалізавана.

На нашу думку далейшае існаванне беларускай дзяржавы мусіць набыць фармат нейтральнасці. На сёння ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь запісана, што “Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю без’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай” (Артыкул 18). Стан нейтральнасці будзе палітычным выхадам з-пад пагрозы быць уцягнутымі ў сферу «рускага міра» і адпавядае як ментальнасці беларускага народа, так і дзяржаўным інтарэсам у цяперашняй і ў будучай рэальнасці. Відавочна, што стан нейтральнасці не прадугледжвае сяброўства ў ваенных ці іншых блоках, уцягнутых у рэгіянальныя ці глабальныя канфлікты. Ці гарантуе стан нейтральнасці абсалютную бяспеку дзяржавы ад ваеннай агрэсіі ці захопу? Натуральна, што не, але ён дае прававыя і маральныя падставы супрацьстаяць ваеннай ці эканамічнай агрэсіі, якія пагражаюць незалежнасці і суверэнітэту краіны. Ці азначае набыццё стану нейтральнасці праяўленне слабасці грамадства, хаванне «галавы ў пясок»? Думаецца, што не. Малым дзяржавам заўжды было цяжка, а то і немагчыма зберагчы сваю самастойнасць. Але калі ўзяць прыклад маленькіх краін Еўропы, то многія з іх жывуць па-за ўсякімі блокамі, што аднак, не перашкаджае ім мірна супрацоўнічаць з іншымі малымі і вялікімі краінамі.

Прасоўванне ідэі нейтральнасці сярод насельніцтва безумоўна зойме шмат часу, каб грамадства ўрэшце саспела да неабходнасці правядзення адпаведнага рэферэндуму. Праблема развіцця Беларусі ў якасці нейтральнай дзяржавы не часта разглядалася ў апытанках грамадскай думкі. Набыццё краінай юрыдычнага статусу нейтральнасці ў нашы дні можа быць прызнана ААН. Нейтральная краіна ў пэўнай вайне з’яўляецца суверэннай дзяржавай, якая афіцыйна аб’яўляе сябе нейтральнай у адносінах да ваяўнічай дзяржавы. Правы і абавязкі нейтральнай дзяржавы вызначаны ў раздзелах 5 [1] і 13 [2] Гаагскай канвенцыі ад 1907 года. Нейтральнымі краінамі ў Еўропе на сёння з’яўляюцца: Аўстрыя, Ірландыя, Ліхтэнштэйн, Мальта, Малдова (з 1994), Сан-Марыно, Сербія (з 2007), Фінляндыя, Швейцарыя, Швецыя (хаця некаторыя з гэтых краін ёсць сябрамі Еўрапейскага Саюза, ЕС).

Ёсць шмат як станоўчых, так і адмоўных праяў, якія характарызуюць узровень самаідэндыфікацыі беларусаў. Сама па сабе Дэкларацыя аб суверэнітэце БССР (1990) мала што змяніла ў свядомасці людзей. У 1991 г. 69% беларускага насельніцтва лічыла сябе савецкімі людзьмі, і толькі 24% ідэнтыфікавалі сябе належнымі да сваёй рэспублікі (L. Titarenko, 2007); для параўнання – для украінцаў гэтыя лічбы былі 42% і 46%, для эстонцаў – 3% і 97%, адпаведна. З таго часу змянілася няшмат – у 2009 годзе 80% насельніцтва ганарылася перамогай ў Айчыннай вайне і толькі 36% – атрыманнем незалежнасці ў 1990 годзе (C. Нікалюк, 2012); у 2013 г. 65.2% насельніцтва лічыла, што паляпшэнне эканамічнага стану краіны важней за яе незалежнасць, 29.3% (Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, НІСЭПД). Прычынамі такіх адносін да незалежнасці з’яўляюцца як савецкая спадчына, так і працяг сучасным кіраўніцтвам амаль той жа палітыкі ў дачыненні да нацыянальных пытанняў.

Тым не менш, настрой ў грамадстве паступова мяняецца. Апытанкі сведчаць аб усё большай долі людзей (55%), якія б хацелі, каб краіна ішла сваім, асобным шляхам (С. Нікалюк, 2012). Аб’ектыўныя замеры грамадскай думкі ў апошнія два дзесяцігоддзі вагаюцца і даюць лічбы ў 30-40% у адносінах да ўтварэння саюзу з Расіяй ці адносна далучэння да ЕС. Па інфармацыі НІСПЭД, у верасні 2015 г. такіх людзей было 32.6% (за аб’яднанне з Расіяй) і 27.5% (за далучэнне да ЕС); у той жа час, пры выбары паміж гэтымі магчымасцямі (адно з двух) назіраецца тэндэнцыя да перавагі людей, што галасуюць за аб’яднанне з Расіяй – 52.7% супраць 26.4%, адпаведна. Можна думаць, што пры адсутнасці аднабокай прапаганды, якую праводзіць сучасны ўрад у адносінах да Расіі, гэтыя прапорцыі істотна змяніліся б. Трэба, аднак, улічваць таксама, што Еўрасаюз мае шмат сваіх унутраных праблем, да якіх цяпер дадаліся дадатковыя, звязаныя з хваляй міграцыі з Афрыкі, Бліжняга і Сярэдняга Ўсходу.

Такім чынам, большасць грамадзян Беларусі да гэтага часу не разглядаюць незалежнасць краіны, як адну з найважнейшых каштоўнасцяў. Але ў той жа час, калі казаць пра аднясенне сябе да беларускай нацыі, то 83.7% насельніцтва краіны называюць сябе беларусамі (перапіс 2009 года). Такая высокая нацыянальная аднароднасць ёсць добрым грунтам для будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы.

Калі звярнуцца да такога паказчыка самаідэнтыфікацыі беларусаў як родная мова, то тут справа значна горшая. Сітуацыя з Мовай ў Беларусі добра вядомая і абмеркаваная – Мова – аснова свядомасці большасці нацый – у Беларусі знаходзіцца ў прыгнечаным стане. Віна ў тым не толькі самой дзяржавы. Сярод аб’ектыўных прычын заняпаду Мовы трэба адзначыць уплыў урбанізацыі. У гарадах сто гадоў таму назад амаль не карысталіся беларускай мовай. Беларуская мова заўжды чэрпала свае сілы з вёскі. Калектывізацыя і урбанізацыя прывялі амаль да поўнага спусташэння вёскі – крыніцы, з якой чэрпала сілы наша Мова. У пачатку мінулага стагоддзя ў вёсках жыло амаль 90% насельніцтва, а зараз у сельскай мясцовасці пражывае каля 25% грамадзян Беларусі. Але, калі б дзяржава мела намер прытрымлівацца канстытуцыйных норм, як гэта робіцца ў краінах, дзе некалькі дзяржаўных моў (Канада, Бельгія), то сітуацыя з Мовай не была б такой балючай і катастрафічнай. У 20-30-я гады мінулага стагоддзя, калі ў дзяржаве праводзілася палітыка карэнізацыі-беларусізацыі, каля 80% служачых у цэнтральных органах улады ў 1927 годзе валодалі беларускай мовай, а ў 1928 годзе каля 80% школ было з беларускамоўнай формай навучання (у той час налічвалася 5500 школ).

Сітуацыя з роднай Мовай вельмі балючая і катастрафічная, што сталася вынікам як аб’ектыўных працэсаў, звязаных з урбанізацыяй, так і з бяздзейнасцю сучаснага урада, які, маючы ўсе магчымыя сродкі для нармальнага ўжывання Мовы ў дзяржаве, ня робіць гэтага, што фактычна вядзе да паступовага выцяснення Мовы з нацыянальнай свядомасці. Гэтыя дзеі ўрада падпадаюць пад вызначэнне этнацыду свайго народа.

Паўстае пытанне, ці можна ва ўмовах заняпаду Мовы спадзявацца на дастойнае і поўнае будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы? Іншымі словамі, ці дастаткова ідэнтыфікаваць сябе беларусам, быць рускамоўным і будаваць нацыянальную дзяржаву? Пытанне складанае, на якое няма адназначнага адказу. Хіба што толькі дапусціць, што на данным этапе такое можа быць магчымым пры адной істотнай умове – каб беларусы глыбока ведалі сваю даўнішнюю гісторыю. Гэта пытанне патрабуе прынцыповага абмеркавання. Пры такой мадэлі, гэта крок назад у адносінах да моўнага пытання, але кампрамісны падыход у пытанні нацыянальнага будаўніцтва.

Абмяркоўваючы праект Стратэгіі мы не робім спецыяльную спасылку на гістарычныя аспекты існаваўшых форм беларускай дзяржаўнасці ў далёкім мінулым (Полацкае княства, ВКЛ). Безумоўна, што наша даўнішняя гісторыя павінна займаць адпаведнае месца ў ментальнасці беларускага народа. І ў гэтым сэнсе можна канстатаваць, што шмат чаго зроблена. Хацелася б спадзявацца, што зараз колькасць беларусаў, якія ведаюць пра нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг ня зменшылася ў параўнанні з 1995 годам, калі за гэты сцяг на рэферэндуме прагаласавалі амаль мільён грамадзянаў Беларусі (988.839 чалавек).

Дзякуючы працы беларускай эліты (публікацыі, інтэрнэт), даўнішняя гісторыя краіны паступова займае адпаведнае месца ў свядомасці жыхароў Беларусі. Аднак, узровень ведаў насельніцтва пра гісторыю Полацкага Княства, ВКЛ яшчэ недастатковы.

Зразумела, што будаўніцтва нацыяльнай дзяржавы ў значнай ступені залежыць і ад наяўнасці грамадзянскай супольнасці заснаванай на дэмакратычных каштоўнасцях, станаўленне і развіццё якой ва ўмовах аўтакратычнага рэжыму вельмі абмежаваныя. Гэта часткова можна патлумачыць як значным ўплывам дзяржаўнай палітыкі, ажыццяўляемай праз жорсткую вертыкаль улады, так і значным дыссанансам паміж калектывісцкімі і індывідульнымі гістарычна склаўшыміся схільнасцямі беларусаў (D. Meadow, 2012), якія фармуюць цяпер палітыка-культурнае асяроддзе. Пад уплывам Расіі і Расійскай праваслаўнай царквы ў апошнія 2 стагоддзі ментальнасць беларускага насельніцтва фармавалася на карысць супольных інтарэсаў, пасіўнасці, моцнага дзяржаўнага кіравання, і не была скіравана на развіццё асобы, яе свабоды і павагі да прыватнай уласнасці. І хаця на нашу думку такі дыссананс больш характэрны для ўсходніх рэгіёнаў Беларусі, аднак разам з сучаснай дзяржаўнай прапагандай гэта прывяло да таго, што палітычная культура беларусаў і ўзровень развіцця грамадзянскай супольнасці застаюцца на дастакова нізкім узроўні.

Гэта адлюстроўваецца таксама як у абыякавых адносінах грамадзян Беларусі да палітычнай актыўнасці, так і ў недастатковай талерантнасці да многіх каштоўнасцей, якія зараз прыняты ў цывілізаваным свеце. Паводле апытання, праведзенага НІСПЭД, абсалютная большасць беларусаў былі абыякавымі да палітыкі (91.5%), іх адказы былі наступнымі: маё жыццё залежыць ад палітыкі, але я ў ёй ня ўдзельнічаю, таму што гэта не мае сэнсу (23.7%) ці небяспечна (11.1%); маё жыццё слаба залежыць ад палітыкі (22.5%); я не цікаўлюся палітыкай (34.2%) (“Народная Воля”, 3 верасня 2013). Беларусы звязваюць лепшыя надзеі з моцным лідэрам, а не з палітычнымі партыямі. Парадаксальна, але грамадзяне Беларусі, падтрымліваючы ў большасці дэмакратыю (75.3%) і тое, як яна развіваецца ў краіне (50.4%), у той жа час не супраць аўтарытарнага стыля кіравання (61.6%). Відавочна, што яны не ўспрымаюць аўтарытарны рэжым, як пагрозу дэмакратычным свабодам, аднак і не прымаюць ваенную дыктатуру (13.1%) (О. Іванюто і інш., 2013). Не выключана, што такія адносіны да аўтарытарызма яны звязваюць з асобай кіраўніка дзяржавы і з той палітыкай якую ён праводзіць, з эканамічнай і палітычнай стабільнасцю, якая на гэты час іх задавальняе.

Талерантнасць традыцыйна лічыцца як бы адметнай і станоўчай рысай беларусаў. Аднак, апытанне, праведзенае Лабараторыяй Новак і Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў у 2010 годзе (BelarusDigest, 08-02-2013), паказала, што гэта не так: 46% беларусаў лічыць, што трэба абмежаваць прыток замежных працоўных у краіну, толькі 20% беларусаў пагадзіліся б пажаніць сваіх дзяцей з прадстаўнікамі другой расы, больш за 60% беларусаў падтрымліваюць крымінальны пераслед людзей нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі і толькі 6% згодны на тое каб яны мелі тыя ж самыя правы, што і астатнія грамадзяне краіны, 80.44% беларускага насельніцтва на рэферэндуме 1996 сказалі «так» смяротнаму пакаранню.

Можна меркаваць, што адносна нізкая свядомасць беларусаў ў дачыненні да палітычных і дэмакратычных свабод перайшла ў спадчыну ад Расіі і савецкай сістэмы і з’ўляецца значнай перашкодай у будаўніцтве нацыянальнай дзяржавы.

Такім чынам, ментальнасць беларусаў яшчэ не падрыхтаваная да ўспрыймання каштоўнасцей, звязаных з роўнасцю людзей, якія ў цывілізаваным свеце паступова ўваходзяць у жыццё і з разуменнем успрымаюцца грамадствам – беларусы недастаткова талерантныя ў адносінах да іншых расаў, нетрадыцыйных рэлігій і да асоб нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, адмоўна ставяцца да адмены смяротнага пакарання.

Будаўніцтва поўнавартаснай нацыянальнай дзяржавы пры недахопе якасцяў аб якіх ішла размова вышэй будзе запаволена, нягледзячы на тое, што па сваёй адукаванасці і нават па ўзроўню жыцця краіна Беларусь магла б адпавядаць еўрапейскім стандартам. Да таго ж, недастатковы ўзровень развіцця такіх каштоўнасцей будзе незразумелым пры далучэнні да народаў цывілізаваных краін у эпоху глабалізацыі і, відавочна, патрабуе карэкцыі праз выхаванне адносін да іх у грамадстве.

Мусім тут адказаць на пытанне – а ці мае наша незалежная і суверэнная Беларусь дастатковы нацыянальны колер, каб казаць, што на яе зямлі існуе моцны беларускі народ, які хоча збудаваць нацыянальную дзяржаву? Які ж патэнцыял сёння ёсць у Беларусі, каб будаваць нацыянальную дзяржаву? Шмат было зламана коп’яў на гэтым полі – дыскутаваліся ідэі ад поўнай немагчымасці збудаваць нацыянальную дзяржаву ў пост-мадэрны перыяд да стварэння ці аднаўлення старых “саюзаў”. Падаецца, што тут патрэбна сказаць адназначна – будаўніцтва нацый-дзяржаў у Еўропе працягваецца (Сербія, Чарнагорыя, Славенія, Харватыя, Літва) і Беларусь мае патэнцыял каб рабіць гэта таксама.

Відавочна, што сёняшняе кіраўніцтва не гатова ўдзельнічаць у працэсе нацыянальнага будаўніцтва і працягвае будаваць цывільную, рускамоўную дзяржаву, выкарыстоўваючы ў асноўным ідэалогію, заснаваную на кароткачасовай гісторыі – будаўніцтве савецкага ладу, цяжкасці другой сусветнай вайны, і не дбаючы пра яе нацыянальны твар. У дадатак, даючы ў большасці перавагу ўсходняму вектару знешняй палітыкі, сучасны урад душыць усе праяўленні беларускасці, зацягваючы краіну ў еўразійскую культуру і палітыку. Дэкларатыўныя заявы дзяржаўных дзеячаў аб крышталізацыі нацыянальнай ідэі застаюцца ў асноўным на паперы.

У апошні час, праўда, можна чуць рытотыку адносна выхавання патрыятызму на прыкладзе апошняй вайны. Нават такі патрыятызм – гэта ў прынцыпе добра, бо ён працуе на нацыю, хаця і ў такім усечаным выглядзе. Але нават прапаганда такога тыпу патрыятызму раней шырока не назіралася, і стала заўважнай толькі ў апошнія гады пад ціскам знешніх абставін (эканамічны крызіс, вайна на Украіне). Інакш немагчыма было б назіраць за канферэнцыяй па Вялікаму Княству Літоўскаму (ВКЛ), якая праходзіла ў Нацыянальнай акадэміі навук 6-8 лістапада 2015 года. Аднак, пакуль што, гэта мізэрныя праявы нацыянальнага выхавання. Па-ранейшаму, адчыняць беларускія класы, хаця б з некалькімі вучнямі, бацькам даводзіцца з боем. Варта яшчэ нагадаць адзін яркі прыклад антыбеларускасці, калі вымуштраваныя, абалваненыя, так называемыя міліцыянеры, прымушаюць маладых дзяўчат на дэманстрацыі здуваць балонікі з “Пагоняй” ці здымаюць майкі з “Пагоняй” у фанатаў на стадыёнах. У такіх умовах нацыянальная свядомасць нармальна развівацца не можа, і калі гэта і адбываецца, то толькі за кошт неімаверных высілкаў усё яшчэ нешматлікай нацыянальнай эліты.

Беларуская нацыянальная эліта імкнецца выкарыстоўваць іншыя каштоўнасці, заснаваныя на глыбокай гісторыі, даўнішняй культуры і традыцыях беларускага народа. Краіна, аднак, дзеліцца даследчыкамі як бы на дзве часткі: адна частка, ідэі якой падзяляюць каля 25-30% насельніцтва, ідзе за нацыянальнай элітай (В. Вілейта, 2005); другая частка, большая, складаецца з прыхільнікаў сёняшняга кіраўніка дзяржавы. Супярэчнасці паміж двума падыходамі даюць падставы многім даследчыкам казаць аб наяўнасці дзвюх культур ці ідэнтычнасцяў\арыентацыяў у Беларусі (абарыгенаў-этнанацыяналістаў і “крэолаў”, М. Рабчук, 2005; “националистов” і “космополитов”, А. Манаеў, Ю. Дракахруст, 2012; нацыянальнай і постсавецка-заходнерускай, Р. Радзік, 2012; свядамітаў і несвядамітаў, В. Воранаў, 2013; культуры-1 і культуры-2, А. Астапенка, 2013; «Паколькі і тыя, і тыя прэтэндуюць на тое, каб быць прадстаўнікамі беларускай культуры, атрымліваецца, што ў нашай краіне суіснуюць два абсалютна розныя ўяўленні. Дзве культурныя мадэлі, дзве візіі будучыні, дзве гісторыі, дзве мовы», М. Амнепадыстаў, 2015).

Падобныя азначэнні існуючых рэальнасцяў даволі дакладна адлюстроўваюць ці апісываюць сітуацыю. Аднак, падаецца, што гэта штучнае або “псеўда” падзяленне. Культура ў народа можа быць толькі адна. У такое падзяленне можна было б верыць толькі тады, калі б у грамадстве існаваў свабодны абмен думак, адкрытае поле для змагання ідэй. У цяперашняй сітуацыі, калі ўсе рычагі прапаганды знаходзяцца ў адных руках, падаецца, што казаць прадстаўнікам нацыянальных сіл аб наяўнасці дзвюх культур – азначае прызнаваць сваё паражэнне. У свабодным грамадстве заўсёды будзе існаваць палярызацыя думак, але гэта ў свабодным грамадстве. Беларускае грамадства такім не з’ўляецца, таму сцвярджаць, што культура № “такая-то” йдзе за сучасным урадам і перамагае, відаць, нельга. Гэта часовая перавага адразу знікне, як толькі будзе вызвалена трыбуна для ўсіх адпушчаных на волю грамадзян краіны.

Падаецца, што будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы не можа быць заснавана выключна на хрысціянскай маралі, што прапагандуюць некаторыя прадстаўнікі беларускай эліты (А. Астапенка, лідэры “Маладога фронту” П. Севярынец, З. Дашкевіч). Натуральна, што ў нацыянальнай дзяржаве з роўнымі правамі для усіх грамадзян хрысціянскія ідэі і іх прыхільнікі могуць быць значнай сілай у яе ўмацаванні і развіцці. Аднак, трэба ўлічваць, што ў краіне ёсць шмат людзей, якія прытрымліваюцца іншых веравызнанняў (у Беларусі налічваецца 27 розных канфесій ці іх напрамкаў), да таго ж каля 41% насельніцтва Беларусі не з’яўляюцца актыўнымі вернікамі. Існаванне напружання паміж некаторымі канфесіямі ў нашы дні таксама з’ўляецца ў некаторым сэнсе перашкодай для нацыянальнага будаўніцтва.

Нягледзячы на сцверджанні, што будаўніцтва нацый ў пост-мадэрным перыядзе немагчыма, факты сведчаць адваротнае. Прыкладам таму будаўніцтва ці ўмацаванне нацый на пост-савецкай прасторы і на тэрыторыі былой Югаславіі. Многія з гэтых краін, як і Беларусь, этнічна аднародныя (Сербія, 83% насельніцтва складаюць сербы; Харватыя, 88% – харваты; Славенія, 89 % – славены; Літва, 84% – літоўцы). Так, у нашай краіне жывуць людзі іншых нацыянальнасцяў, як гэта назіраецца ва ўсіх краінах (гістарычна жылі побач, міграцыя), аднак, нельга пагадзіцца, што Беларусь многанацыянальная краіна. Большасць нацыі складаюць беларусы (нацыяутвараючы этнас), якія ў асноўным і вызначаюць менталітэт краіны, яе агульны настрой і адносіны да знешняга міру. Нягледзячы на пэўныя слабасці «няспелай» беларускай нацыі магчымасць будаўніцтва беларускай нацыянальнай дзяржавы застаецца.

Мы не разглядаем магчымыя палітычныя шляхі рэалізацыі нацыянальнай ідэі таму, што прапануемая Стратэгія развіцця беларускай нацыі разлічана на бліжэйшыя два дзесяцігоддзі ў незалежнасці ад магчымых змен унутранага ці знешняга палітычнага\геапалітычнага характару (рэвалюцыя, агрэсія ці іншае). Такія хуткія змены, могуць мець як станоўчыя, так і адмоўныя наступствы. Не адмаўляючы і падтрымліваючы палітычныя падыходы, трэба заўважыць, што пастаяннай задачай нацыянальных сіл мусіць быць змаганне за нацыянальную свядомасць грамадзян Беларусі, а такая праца патрабуе доўгага часу і не можа быць вырашана кароткачасовымі кампаніямі.

Нацыянальная свядомасць саміх грамадзян Беларусі, за выключэннем аднясення сябе да нацыянальнасці беларус (83.7%), пакуль што вельмі слабая. Такія прыметы як некарыстанне Мовай, нежаданне весці дзяцей у беларускія школы і садкі, нізкая актыўнасць у пратэстных акцыях, абыякавасць да нацыянальных каштоўнасцяў, знівеліраванае пачуццё нацыянальнага гонару ніяк нельга аднесці ў актыў нацыянальнай свядомасці. Для будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы недастаткова разумець беларускае пытанне ці толькі адчуваць сябе беларусам, трэба яшчэ і дзейнічаць, кожны на сваім месце, дзе б хто ні знаходзіўся.

Беларусы нацыяутвараючы этнас. З гэтым цяжка спрачацца. Як і з тым, што ў Беларусі нацыянальныя меншасці жывуць у бяспецы, дзякуючы як існуючым цывільным рэгулам, так і міралюбівым адносінам да нацыянальных меншасцяў саміх беларусаў. З аднаго боку, гэта характэрна для дзяржаў, дзе большасць насельніцтва складае адзін этнас ці адну нацыю – бо ў гэтым выпадку большасць не адчувае пагрозы з боку меншасцяў. Гэта натуральна, што беларусы і прастаўнікі нацыянальных меншасцяў ведаюць, але не акцэнтуюць увагу на тым, што беларусы ёсць нацыяутвараючым этнасам. У выпадку ж міграцыі ў краіну новых пасяленцаў «нетутэйшых нацыянальнасцяў» пагроза ксенафобных настрояў вырастае. Роль дзяржавы і нацыянальнай эліты ў забяспечанні роўнасці правоў для прадстаўнікоў усіх меншасцяў надзвычайная. Неталерантнасць і ксенафобія, якія часта прыпісваюць «нацыяналістам», павінны быць пад пільнай увагай і кантролем з боку нацыянальнай эліты. Пераход міжнацыянальнай мяжы можа вясці да сур’ёзных канфліктаў. Падобная мадэль пабудовы грамадства названа гібрыднай (R. Brubaker, 1996). Паводле такой мадэлі дзяржава разумеецца як нацыянальная, але ў той жа час, як дзяржава ў якой перавага не аддаецца дамінантнай этнічнай групе; грамадзянам меншасцяў гарантуюцца не толькі роўныя правы як грамадзянам гэтай дзяржавы, але і абарона ад ассіміляцыі пры рэалізацыі іх нацыянальных інтарэсаў.

Што тычыцца сіл нацыянальнай эліты, то з аднаго боку яны значна пашырыліся за кошт шматлікіх інстытутаў, арганізацый і вэб-рэсурсаў, аднак, … на жаль, значная колькасць іх вымушана дзейнічаць з-за мяжы. Свабодна ж працаваць на радзіме вельмі складана з-за шматлікіх абмежаванняў і прынятых законаў, якія фактычна загналі свабодную думку разам з Мовай у “беларускае гета”. Тым не менш, варта нагадаць многія арганізацыі і выданні, якія працуюць актыўна і паступова даносяць інфармацыю, якая у значнай ступені дае магчымасць павышаць нацыянальную свядомасць беларускіх людзей. Сюды трэба аднесці Таварыства беларускай мовы, партыі БНФ, газеты “Наша Ніва”, “Наша Слова”, “Наш час”, “Народная Воля”, тэлебачанне “Белсат”, радыё “Свабода”, вэб-рэсурсы “Хартыя 97”, “Беларускі партызан”, “Спадчына”, “Мы-нацыя”, “Салідарнасць” і шмат іншых.

Нягледзячы на многія абмеркаваныя недахопы і перашкоды ўсё ж можна лічыць, што шанс будаўніцтва поўнавартаснай нацыі і нейтральнай, нацыянальнай дзяржавы застаецца. Гэта надзея базуецца на:
– незалежнасці і суверэнітэце, якую зараз мае РБ,
– высокай нацыянальнай аднароднасці насельніцтва (83.7% беларусы),
– наяўнасці незначнай па колькасці, але актыўна працуючай нацыяналай эліты,
– істотнай долі насельніцтва, якая спачувае ці можа патрымаць ідэі, скіраваныя на ўмацаванне нацыі,
– ўзрастаючай колькасці інфармацыйных рэсурсаў,
– спрыяльных знешніх умовах,
– тэарэтычных доказах магчымасці будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы ў пост-мадэрны перыяд.

Мэта стратэгіі

Мэтай прапаноўваемай Стратэгіі з’яўляецца пабудова нейтральнай, нацыянальнай дзяржавы, у якой абсалютна роўныя правы будуць мець прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў і прадстаўнікі нацыяутвараючага этнаса – беларусы.

Задачы, які вынікаюць з характарыстыкі сучаснага стану беларускай нацыі і пастаўленай мэты:

Распаўсюджваць ідэю аб атрыманні краінай нейтральнага стану праз правядзенне рэферэндума і замацаванні гэтага палажэння ў Канстытуцыі РБ.

Патрымліваць ідэю аб гістарычнай унікальнасці беларускай народа, развіццё якога істотна адрозніваецца ад развіцця народаў Расіі і ў значнай ступені ад развіцця украінскага народа. Лічыць ідэю аб трыадзінстве усходнеславянскіх народаў (Беларусі, Расіі , Украіны) не адпавядаючай гістарычнай праўдзе. Падтрымліваць добрыя адносіны з усімі славянскімі і з іншымі народамі свету.

Дабівацца сусветнага прызнання выключнай ці роўнай ролі беларускага народа ў развіцці Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай – вялікіх еўрапейскіх дзяржаў мінулага, на тэрыторыі якіх сёння пражываюць людзі сучасных незалежных краін, Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны.

Для папярэджання пагрозы страты незалежнасці і суверэнітэту РБ праз ваенныя, эканамічныя ці культурныя механізмы супрацьстаяць ідэалогіі “рускага міра” і н’юеўразізма, якія ўяўляюць сабой абноўленыя формы імперскага шавінізму.

Не падтрымліваць ідэю сучаснага ўрада аб будаўніцтве цывільнай, рускамоўнай дзяржавы, і адначасова працягваць актыўнае ўзаемадзенне ў рамках законаў індывідуальна і арганізаванымі групамі грамадзян з мясцовымі ўладамі для паляпшэння сітуацыі ў адносінах да мовы (садкі, класы, школы, дакументацыя), гісторыі (назвы вуліц, памятныя знакі) і па іншых пытаннях.

На сучасным этапе праводзіць асветніцкую дзейнасць сярод насельніцтва ў першую чаргу ў галіне гісторыі, культуры і традыцый беларускага народа (Полацкая дзяржава, ВКЛ, абуджэнне нацыі ў 19-20 ст.ст.), не збаўляючы высілкаў па вызваленні Мовы з прыгнечанага стану. Дабівацца раўнапраўнага ўжывання беларускай мовы ў дзяржаўных установах.

Ва ўмовах адсутнасці рэальнага двумоўя і невыканання “Закона аб мовах” стымуляваць выкарыстанне Мовы ва ўсіх сферах грамадскага і культурнага жыцця, ужываючы ўсе магчымыя падыходы, прадстаўленыя ў “Стратэгіі развіцця беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі” (2012).

Для асветы насельніцтва стварыць агульны канал на даступных электронных і неэлектронных сродках інфармацыі.

Заахвочваць грамадзян Беларусі аддаваць дзяцей у беларускія садкі і школы.
Дамагацца адкрыцця беларускага нацыянальнага універсітэта.
Заахвочваць рэлігійныя абшчыны розных канфесій да правядзення багаслужбы на беларускай мове.
Заахвочваць грамадскія арганізацыі нацыянальных меншасцяў да вывучэння беларускай мовы і гісторыі.

Заахвочваць грамадзян Беларусі і адпаведныя рытуальныя агенцтвы ужываць беларускую мову на надмагільных надпісах.

Даводзіць інфармацыю пра ўсе станоўчыя праяўленні беларускасці і рэагаваць на ўсе без выключэння праявы этнацыду беларусаў. Ганарыцца дасягненнямі, які мае беларускі народ сёння.

Папулярызаваць нацыянальных дзеячаў, зрабіўшых найбольшы ўклад у развіццё нацыі: І. Насовіч, Н. Орда, В. Дунін-Марцінкевіч, С. Манюшка, К. Каліноўскі, Ф. Багушэвіч, Я. Карскі, М. Доўнар-Запольскі, Б. Эпімах-Шыпіла, І. Луцкевіч, Я. Купала, Я. Колас, У. Галубок, В. Ластоўскі, Я. Лёсік, А. Луцкевіч, М. Багдановіч, А. Чарвякоў, Б. Тарашкевіч, Р. Шырма, Г. Цітовіч, Л. Геніюш, М. Ермаловіч, В. Быкаў, А. Адамовіч, У. Караткевіч, У. Мулявін, С. Алексіевіч.

Адзначаць нацыянальныя святы, якія пакуль што не значацца ў афіцыйным календары: 25 сакавіка – Дзень Волі, першае абвяшчэнне незалежнасці краіны, Беларускай Народнай Рэспублікі; 15 ліпеня – Грунвальдская бітва; 27 ліпеня – Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь; 8 верасня – Дзень беларускай вайсковай славы, 27 лістапада – Слуцкі збройны чын.

Падыходы і сродкі рэалізацыі

1. У сваіх адносінах паміж людзьмі, якія будуць падтрымліваць рэалізацыю стратэгіі пажадана выконваць наступныя правілы “Кодэкса гонару”:
– лічыць, што ўдзел у будаўніцтве нацыянальнай дзяржавы гэта вялікі гонар для беларусаў і прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў;
– праяўляць узаемапавагу і падтрымку;
– крытычна і абгрунтавана вясці спрэчкі з недапушчэннем абраз і ўжывання неправераных фактаў;
– быць талерантнымі да выказванняў думак апанентаў;
– максімальна ўжываць Мову дома і па-за домам;
– прытрымлівацца адзіных падыходаў пры выкананні задач Стратэгіі;
– пазбягаць фракцыйнасці – пабудаваць нацыянальную дзяржаву можна толькі праз адзінства людзей, незалежна ад таго, прыхільнікамі якіх партый, рухаў, рэлігійных і іншых плыняў з’яўляюцца асобы.
2. Давесці змест Стратэгіі да максімальнай колькасці грамадзян РБ. Пажадана каб тэкст Стратэгіі мела кожная сям’я.
3. Рэалізацыя Стратэгіі разлічана на бліжэйшыя два дзесяцігоддзі ў незалежнасці ад магчымых змен унутранага ці знешняга характару (рэвалюцыя, агрэсія ці іншае).
4. Для рэалізацыі Стратэгіі выхаванне і падтрымка адпаведнага нацыянальна-свядомага настрою ў грамадстве ў доўгатэрміновай перспектыве важней за наяўнасць ці адсутнасць матэрыяльных магчымасцяў.
5. Паступовае пашырэнне кола нацыянальна свядомых грамадзян РБ праз асвету і правядзенне пастаяных і рэгулярных акцый, скіраванных на выкананне пастаўленых задач.
6. Для вырашэння задач стратэгіі, ва ўмовах абмежаванай свабоды і доступу да СМІ ў дзяржаве, выкарыстоўваць усе наяўныя і шукаць магчымыя сілы і сродкі – нацыянальна свядомых сіл і прыхільных да нацыянальнай ідэі грамадзян РБ, спонсараў, інтэрнэт-рэсурсаў, незалежных і дзяржаўных СМІ.



Categories: Нацыя, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: