Ірына Шумская: Беларусь у цывілізацыйным разломе. Часопіс “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ”, №12, сьнежань 2015, с. 58-62.
Стан беларускай нацыі
Паводле міфалогіі, Еўропа – прыгожая дачка фінікійскага цара – была выкрадзена Зеўсам у абліччы быка і звезена на Крыт. Беларусь, у сваю чаргу, была выкрадзена са сваёй спрадвечнай калыскі – Еўропы – праз прыгнятальную палітыку Расійскай імперыі, а пасля і Савецкага Саюза, каб нагрувасціцца азіятчынай, сервілізмам і надакучлівымі мантрамі пра “славянскае братэрства”, у якім вядучая роля, як вядома, чамусьці мусіць належаць рускаму народу.
Вядомая з часоў Івана Жахлівага палітыка “збірання земляў” сёння трансфармуецца ў фармаванне дзіўнаватай канструкцыі пад назвай Еўразійскі Саюз, які будуецца на ашчэпках былога СССР. Фундамент новага формаўтварэння падмацоўваецца не толькі прагай расейцаў да захавання панавання ў рэгіёне, але і шматбаковымі крызіснымі працэсамі ў Заходняй і Паўднёвай Еўропе.
У нашых рэаліях досыць часта можна пабачыць заклікі да ўдзелу ў разнастайных семінарах, прысвечаных развіццю талерантнасці і мульцікультурнасці. Але чаму б нашым заходнім (і асабліва – усходнім) суседзям не павучыцца талерантнасці ў беларусаў? У гэтым кірунку мы ўжо даўно можам паспяхова спаборнічаць за ролю сусветных лідараў, бо канфлікты на міжнацыянальнай або рэлігійнай глебе ў Беларусі – з’ява настолькі рэдкая, што падаецца форс-мажорным выпадкам. Але ёсць і другі бок медаля – беларусы настолькі прызвычаіліся рабіць рэверансы ў бок іншых культурных традыцый, што амаль страцілі сваю, якая або прадстае ў выглядзе напаўпрыхаванай партызаншчыны, або прэзентуецца (у тым ліку, і ў медыясферы) амаль як экспанат кунсткамеры. Дадамо сюды і адпаведныя посткаланіяльныя комплексы – прыстасавальніцтва, прагу да стабільнасці, невысокі ўзровень амбітнасці (памкненне “быць, як усе, не вылучацца”), а таксама рэха вынікаў культурнага імперыялізму – настальгія па савецкасці, успрыманне рускай культуры як сваёй, выхаванне на ўзорах і артэфактах пераважна з культурнай прасторы суседзяў.
Фактычна сёння мы не можам лічыць сябе ізаляванымі ад той цывілізацыйнай матрыцы, унутры якой наша этнакультурная супольнасць існавала апошнія тры стагоддзі. “Рускі свет” – гэта не толькі папулярная прапагандысцкая мадэль у сучаснай Расіі. “Рускі свет” непазбежна атачае нас штодня ў мітуслівай штодзённасці. На вывучэнні твораў менавіта рускіх пісьменнікаў грунтуюцца каштоўнасныя арыентацыі навучэнцаў сярэдніх школ; п’есы рускіх драматургаў пераважаюць у айчынных тэатрах; расійская папса і так званыя “селебрыці” бясспрэчна дамінуюць не толькі на большасці канцэртных пляцовак Беларусі, але і ў медыясферы; прадстаўнікі беларускай навукі не могуць пражыць і паўгады, каб не суаднесці свае даследаванні з тым, а “што там у Расіі напісалі на гэты конт”, не кажучы ўжо пра старых і маладых палітыкаў, якія ніводнага кроку не робяць без таго, каб не азірнуцца на геапалітычныя інтарэсы крамлёўскай зграі.
Так што наша “ўнутраная імперыя” прывязана да “рускага свету” нашмат больш і мацней, чым нам падаецца – амаль як залежнасць пацыента ў рэанімацыі ад апарату штучнага дыхання. У сваю чаргу, самаўсведамленне беларусаў як нацыі на ўзроўні абывацеляў па-ранейшаму адбываецца скрозь прызму прарасійскіх поглядаў, грунтуецца на дамінаванні расійскіх гістарычных крыніц і няспынным уздзеянні прадуктаў расійскай медыясферы. І відавочна, што беларускае грамадства не зможа выкараскацца са сваіх посткаланіяльных сутарэнняў да таго часу, пакуль не пераадолее рэфлекс бясконцага азірання ў бок Расіі.
Найноўшая мадыфікацыя патрыятызму, якая пераважна грунтуецца на дасягненнях савецкай эпохі і факце перамогі ў Другой сусветнай вайне, не можа лічыцца прадуктыўнай і перспектыўнай, бо перакрэслівае ўсю папярэднюю гісторыю станаўлення беларускай дзяржаўнасці, што пачынаецца зусім не з 1991 года, а прынамсі з часоў Полацкага і Турава-Пінскага княстваў.
Адным з ключавых маркераў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі з’яўляецца мова. Бясспрэчна, што заканадаўча замацаваная ў выніку рэферэндума ініцыятыва дзвюхмоўя значна пагоршыла сітуацыю з ужыткам беларускай мовы, які за апошнія 20 гадоў няўхільна звужаецца. Больш за тое, фармальнае дзвюхмоўе прывяло да няправільнага разумення статуснасці моваў, якое, часцей за ўсё, выяўляецца ў абывацельскай пагардзе менавіта да беларускай мовы, якую многія лічаць “штучнай”, “мёртвай”, “мовай апазіцыі” і г.д. Найбольш тыповае стаўленне да моўнай праблематыкі ў грамадстве выяўляецца ў паўсюдным памылковым сцвярджэнні: “А ў нас дзве мовы дзяржаўныя, таму, калі ласка, давайце па-руску”. Хоць насамрэч дзвюхмоўе прадугледжвае абавязковае валоданне абедзьвюма мовамі ў роўнай ступені (пры гэтым карыстанне беларускай мовай у паўсядзённым ужытку не патрабуецца). Большасць жа гэты пастулат разумее наступным чынам: “я ведаю толькі тую мову, якую хачу (у дадзеным выпадку – рускую), а другую (то бок, беларускую) цалкам ігнарую”, што аніяк не абвяргаецца на ўзроўні дзяржаўнай моўнай палітыкі. Разам з тым, прымусовае вяртанне да беларусіфікацыі сёння прынесла б нашмат больш шкоды, а не карысці.
Стаўленне беларусаў да суверэнітэту таксама не выглядае аднастайным. Нягледзячы на тое, што, паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, пераважная большасць грамадства не жадае таго, каб Беларусь уваходзіла ў склад Расійскай федэрацыі або Еўрасаюза, толькі 14 % насельніцтва (паводле дадзеных НІСЭПД) гатовыя абараняць незалежнасць са зброяй у руках.
Такім чынам, стан самаідэнтыфікацыі беларускай нацыі на бягучы момант па-ранейшаму застаецца друзлым і нетрывалым, а рэдкія праявы “павольнай беларусізацыі”, пра якія радасна паспяшаўся абвесціць шэраг публічных асоб, выглядаюць хутчэй рэхам лавіравання ў дзейснай геапалітычнай сітуацыі, а не сапраўднай спробай змяніць дзяржаўную палітыку ў кірунку замацавання нацыянальных інтарэсаў у якасці прыярытэтаў.
Мэты, задачы і метады далейшага развіцця беларускай нацыі
Адной з найбольш сур’ёзных праблем фармавання стратэгіі развіцця нацыі з’яўляецца не толькі няпэўнасць самога паняцця “нацыя” ў нашы дні, але і шматбаковасць разумення феномену элітаў. У Беларусі назіраецца наяўнасць цэлага шэрага супольнасцяў (палітычныя, бізнэсовыя, ваенныя, рэлігійныя, навуковыя, творчыя, інтэлектуальныя і г.д.), якія прэтэндуюць на роль элітаў і разам з тым, на маю думку, паўнавартаснымі элітамі лічыцца не могуць. Хаця б таму, што першай і найважнейшай адметнасцю эліты з’яўляецца здольнасць браць на сябе адказнасць за характар бягучых і будучых падзей у краіне, а таксама схільнасць ахвяраваць сваімі прыватнымі інтарэсамі на карысць інтарэсаў грамадскіх. Абсалютная большасць публічных дзеячаў у Беларусі за перыяд існавання незалежнасці краіны так і не навучылася наступаць на горла ўласнаму эгаізму і не зусім адэкватных амбіцый, не выхавала ў сабе навыка вядзення грамадскага дыялогу і схільнасці не проста канстатаваць, але і аналізаваць праблемы (хаця б, прынамсі, скарыстоўваючы славутую “матрыцу Дэкарта”). І ў гэтым палягае вялікая складанасць, таму што розныя “эліты”, як высвятляецца з публічных прамоваў, збіраюцца будаваць розныя мадэлі Беларусі, якія, паводле логікі, слаба сумяшчальныя паміж сабой.
Не з’яўляецца таямніцай і тое, што падтрымка беларускай нацыянальнай культуры на дадзеным этапе ў значнай ступені ажыццяўляецца звонку (за кошт разнастайных грантавых датацый). Пытанне, аднак, у тым, колькі так званых “адэптаў Беларушчыны” засталіся б такімі ж дзейснымі, калі б крыніцы гэтага фінансавання былі б поўнасцю перакрытымі? Мяркую, што ад цяперашніх актывістаў “у тэме” засталося б меньш за траціну.
Сумныя тэндэнцыі назіраюцца з пэўнымі асветніцкімі праектамі, якія першапачаткова абвяшчаліся ў нацыянальна-арыентаваным кірунку. Сярод апошніх, у прыватнасці, дзейнасць Еўрапейскага Гуманітарнага Ўніверсітэта, а таксама яшчэ адносна маладога, але ўжо закранутага павуціннем модных папулістычна-ідэалагічных трэндаў Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі.
Я ўжо адзначала гэта раней у сваіх матэрыялах і падкрэслю нанова – будаванне так званай грамадзянскай нацыі без належнага грунту этнакультурнай еднасці, падмацаванай агульнай гісторыяй, традыцыямі, мовай, светапоглядамі і, так ці іначай, этнічным паходжаннем, – з’яўляецца памылковым шляхам, а папулярныя параўнанні Беларусі з ЗША і Швейцарыяй у дадзеным выпадку выглядаюць проста недарэчна. Адпаведна спробы аўтаматычна запісваць у шэраг беларусаў усіх тых, хто працяглы час пражывае на тэрыторыі Беларусі і нават аніяк не атаясамлівае сябе з беларускай культурай, – ёсць ні што іншае як глупства.
Нацыянальная дзяржава, такім чынам, уяўляецца мне дзяржавай, якая не толькі фармальна высоўвае на першасны план, але і рэальна адстоўвае інтарэсы не нейкіх там меньшасцяў і не прадстаўнікоў суседніх дзяржаў, ад якіх маецца энергетычная (ці яшчэ якаясьці) залежнасць, а таго народа, продкі якога пражывалі на гэтых землях на працягу некалькіх стагоддзяў і які мы прызвычаіліся называць “тытульнай нацыяй”.
Магчыма, у цяперашніх умовах гэта гучыць непаліткарэктна і нават звышкансерватыўна, але ў беларусаў проста няма іншага выйсця – калі яны не зменяць харатар сваіх стасункаў і да свету (з пазіцыі: “– А што мы нясем на свет цэлы? – “Сваю крыўду” Я. Купала), і, што яшчэ больш важна, да сваёй культуры, якую занадта часта успрымаюць як другасную, ім (а дакладней – нам) пагражае татальная асіміляцыя і расцярушванне без усялякіх “крыжовых паходаў” – найперш у “рускім свеце”, а пасля і ў “глабальнай вёсцы” (паводле Маклюэна).
У гэапалітычным плане нам варта скіроўвацца да вяртання статусу нейтральнай дзяржавы, якая існуе па-за межамі ваенных блокаў; у эканамічным – зрабіць стаўку на разгляд магчымасцяў стварэння афшорнай зоны, развіцця навукаёмістай вытворчасці і альтэрнатыўнай энергетыкі. Пры гэтым важна ўсведамляць, што ні шчыльны звяз з Еўрасаюзам, ні – тым больш – з Расіяй (і Мытным саюзам) не будуць аптымальнымі варыянтамі далейшага развіцця. Ідэальная мадэль – нейтральнай сацыяльнай дзяржавы – цяжка дасягальная, але адначасова і не з’яўляецца зусім ужо фантастычнай (прыклад – Ісландыя).
Усе задачы, акрэсленыя ў праекце, з’яўляюцца актуальнымі і істотнымі. Складанасць у тым, якімі шляхамі шэраг дадзеных задач будзе рэалізоўвацца. Падаецца, што многія дзеячы з беларускіх адраджэнскіх колаў па-ранейшаму працягваюць ездзіць на ровары, у той час калі ўжо вынайдзены электрамабіль. Інакш кажучы, для больш паспяховай працы ў цяперашняй рэчаіснасці нельга абмяжоўвацца наборам традыцыйных асветніцкіх прылад (правядзенне канферэнцый і семінараў, выданне кніг і часопісаў, перыядычнае дэклараванне заяў пра занепакоенасць станам беларускай культуры (як, напрыклад, гэта робіць Рада БНР і многія прадстаўнікі айчыннай інтэлігенцыі). Усе гэтыя сродкі, хоць і маюць нейкае ўздзеянне на бягучую сітуацыю, але ж ягоны КПД вельмі нізкі.
Па-першае, трэба разумець, што мы існуем у эпоху дамінавання візуальнай культуры і віртуальнай камунікацыі, інфармацыйных фэйкаў і Інтэрнет-мемаў. І рэзервы ў гэтым кірунку скарыстоўваюцца пакуль што вельмі слаба. Па-другое, нават з улікам таго, што памеры штогадовай замежнай грантавай падтрымкі, скіраванай пераважна на “развіццё дэмакратыі і станаўленне грамадзянскай супольнасці”, досыць істотныя, ступень эфектыўнасці гэтай падтрымкі таксама вельмі сумніўная.
Дарэчы, паводле экспертных дадзеных, толькі ў 2008 годзе і толькі з боку амерыканскіх фундацый на дэмакратызацыю беларускага грамадства было скіравана больш за 10 млн даляраў. На маю думку, плён ад адной мастацкай стужкі, прысвечанай, напрыклад, трагічным падзеям беларускай гісторыі ў сярэдзіне XVII ст. з бюджэтам у 6-8 млн. даляраў, знятай пры ўдзеле галівудскіх зорак і шырока разрэкламаванай у міжнародных медыях, мог бы быць значна вышэйшым у плане ўздзеяння на масавую свядомасць і змянення стаўлення беларусаў да ўласнай нацыянальнай ідэнтычнасці. Аднак шэраг замежных донараў па інэрцыі працягваюць падсілкоўваць напаўмёртвыя беларускія НДА, мноства з якіх, даруйце за выраз, проста паразітуюць на гэтых сродках, ствараючы ілюзію актыўнай “барацьбы з рэжымам”.
http://news.tut.by/politics/406063.html
Categories: Нацыя, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ