Алена Макоўская: Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў – узаемаўплывы працэсаў у дыяспары і Беларусі. Лекцыя на 32-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі. “Культура, Нацыя”, №15, верасень 2016, с. 32-41.

dsc_6207-1

 

Алена Макоўскаякіраўнік Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, абрана на 5-м з’ездзе беларусаў свету ў 2009 годзе.  Скончыла Лінгвістычны ўніверсітэт (1992) і Акадэмію кіравання пры Савеце Міністраў РБ (1997).  З 2008 года разам з Нінай Шыдлоўскай, старшынёй Рады “Бацькаўшчыны”, з’яўляецца каардынатарам грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Кампанія “Будзьма!” працуе на паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, што з’яўляецца, на думку арганізатараў кампаніі, фундаментам развіцця грамадзянскай супольнасці і пабудовы дэмакратычнай краіны.

Як вядома, у апошнія стагоддзі наша краіна прымусова знаходзілася спачатку ў складзе Расійскай імперыі, потым — Савецкага Саюза. І ў выніку прайшла праз вялікія культурныя страты, шэраг спусташальных войнаў і зазнала знішчэнне самай актыўнай і дзеяздольнай часткі грамадства. За гэты час былі зробленыя спробы змяніць ідэнтычнасць беларусаў — русіфікацыя і саветызацыя. У выніку ў грамадстве адбыўся разрыў традыцый, пераемнасці.

Даследаванні сацыёлагаў, нацыянальныя апытанні паказваюць, што 30% беларусаў па-ранейшаму, нягледзячы на тое, што ўжо 25 гадоў жывуць у незалежнай дзяржаве, лічаць сябе савецкімі людзьмі. З гэтага вынікае слабая грамадзянская пазіцыя, перакладанне рашэння сваіх праблемаў на дзяржаву, якая ўспрымаецца асноўным размеркавальнікам выгадаў і пакаранняў (патэрналізм), а правы і свабоды не ўсведамляюцца як уласная каштоўнасць. Гістарычная памяць пра гарадское самакіраванне, пра развітую краіну з універсітэтамі, школамі і друкарнямі, з прагрэсіўнай канстытуцыяй і заканадаўствам, дзе жылі разам прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і рэлігій, адсутнічае і не ўспрымаецца як уласная каштоўнасць. Такі тып ідэнтычнасці можна назваць “афіцыйным”, і ён сёння найбольш шырока прадстаўлены ў нашай краіне і канфліктуе з “этнакультурнай” ідэнтычнасцю, як яе вызначаюць некаторыя навукоўцы, якая апелюе да пазітыўных дасягненняў і культурных здабыткаў нашага народа за шматвяковую гісторыю. Менавіта гэты, апошні, тып ідэнтычнасці ёсць глебай для дэмакратычных пераўтварэнняў, асновай незалежнасці Беларусі і цывілізацыйна звязвае Беларусь з Еўропай.

У 2009 годзе  Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” правяло супольна з лабараторыяй “Новак” сацыялагічнае даследаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, пасля некаторыя замеры былі паўтораныя ў 2012 і пазней, у 2014 г. Ніжэй прыводзяцца некаторыя дадзеныя з гэтага даследавання і высновы, зробленыя сацыёлагамі і аналітыкамі:

  1. У беларусаў дамінуе тэрытарыяльная і грамадзянская ідэнтычнасць:

На пытанне “Што больш за ўсё звязвае вас з людзьмі вашай нацыянальнасці?” рэспандэнты адказалі:

– 72,5% — тэрыторыя і агульнае месца пражывання;

– 68,8% — дзяржава.

Такім чынам, нацыянальная ідэнтычнасць у асноўным фарміруецца праз асэнсаванне сувязі з тэрыторыяй і дзяржавай, а не з культурай.

 

  1. Савецкая ідэнтычнасць vs еўрапейская:

–  29,2% беларусаў адчуваюць сябе савецкімі людзьмі;

–  25,9% беларусаў адчуваюць сябе еўрапейцамі.

  1. Уяўленне пра сябе:

51,8% — беларусы — асобны народ;

41,9% — беларусы — частка трыадзінай славянскай нацыі.

Галоўнае дзяржаўнае свята: 3 ліпеня — 56,9%, 25 сакавіка — 1,2%.

Нацыянальны сімвал: Дзяржаўны сцяг і герб — 67,5%, бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня — 9,7%, абодва ў роўнай ступені — 14,3%.

Вытокі беларускай дзяржаўнасці:

Полацкае і Тураўскае княствы — 25,1%,

ВКЛ — 44,8%, БНР — 9,9 %, БССР — 18,2%, РБ — 15,6%.

Не ведаю, што адказаць, — 14,6%

З чаго вынікае, што пераважная бальшыня бачыць вытокі беларускай дзяржаўнасці ў Полацкім княстве і ВКЛ, але нацыянальным сімвалам успрымаюцца сённяшнія дзяржаўныя герб і сцяг.

 

  1. Беларускі нацыянальны характар:

Паводле апытання 2012 года, нацыянальны характар апісваецца станоўча: гасціннасць, працавітасць, дабрыня, цярпімасць, законапаслухмянасць (топ-5). Аднак толькі 7,8% рэспандэнтаў лічыць, што яны ў максімальнай ступені падобныя па сваіх якасцях да тыповага беларуса, 37,0% — падобныя да тыповага беларуса ў большай ступені; 39,6% — падобныя сярэдне, 12,7% — падобныя мала ці зусім не падобныя.

На адкрытае пытанне, што менавіта адрознівае яго ад тыповага беларуса, рэспандэнты адказалі наступным чынам: любоў да свабоды, актыўнасць, прадпрымальнасць, упэўненасць у сабе, смеласць. З гэтага можна зрабіць выснову, што МЫ — памяркоўная нацыя, але Я — нетыповы беларус!

 

  1. Веданне мовы:

 

Па ацэнцы рэспандэнтаў, ад 20 да 30% з іх добра валодае беларускай мовай, але рэальна выкарыстоўваюць яе ў штодзённай камунікацыі ад 4 да 7%.

 

2009 г. 2012 г.
Свабодна валодаю: размаўляю, чытаю, пішу, думаю 34,2 23,4
Чытаю, разумею размову, але кепска пішу і практычна не размаўляю 43,2 48,1
У асноўным разумею размоўную мову, але не чытаю, не размаўляю і не пішу 19,6 25,7
Не разумею размоўнай мовы, не чытаю, не размаўляю і не пішу 1,7 2,5

 

  1. Стаўленне да тых, хто гаворыць па-беларуску

 

«Сапраўдныя беларусы, патрыёты» 49,3 46,7
«Вёска» 5,3 6,1
«Апазіцыя» 4,2 8,9
«Дзіўныя людзі» 2,7 4,4
«Нацыяналісты» 3,3 5,2
«Працуюць на публіку, хочуць здзівіць» 6,3 7,5
«Эліта нацыі» 5,5 10,4
Не звяртаю на гэта ўвагі 24,3 28,9

 

Вышэй прыведзеная толькі невялікая частка апытанняў, якая найбольш яскрава ілюструе сітуацыю з ідэнтычнасцю. Зразумела, што сітуацыя не стаіць на месцы, таму “Бацькаўшчына” і надалей будзе ініцыяваць ці ладзіць падобныя даследаванні.

Адносна ж папярэдніх апытанняў і фокус-груп можна зрабіць наступныя высновы:

  • Слабая нацыянальная ідэнтычнасць — прычына хуткай асіміляцыі беларусаў у замежжы і неінтэграванасці ў самой краіне.
  • Відавочны разрыў традыцыі, калі бальшыня беларусаў паводзіць сябе не так, як тут сябе паводзілі заўжды, а так, як паводзяць сябе ўсе навокал.
  • Перадача традыцыі калі і адбываецца, то не ад бацькоў дзецям, а наадварот, моладзь, якая нарадзілася ўжо ў незалежнай Беларусі, адчувае патрэбу ў самаідэнтыфікацыі.
  • Адбылася змена стаўлення да мовы: у савецкія часы беларуская мова лічылася мовай вёскі, ад 1994 г. мова стала палітызавацца і найчасцей асацыявалася з палітычнай апазіцыяй. Цяпер ідзе змена тэндэнцыі: беларусы яшчэ не гатовыя размаўляць, але гатовыя атрымліваць інфармацыю на мове (56,7%). Беларуская мова “пераехала” ў горад.
  • Дагэтуль існуе стэрэатып, што па-беларуску няма распрацаванай прафесійнай лексікі, таму справаводства, армія, бізнес не могуць карыстацца мовай.

Самая галоўная выснова сацыёлагаў — неінтэграванасць эмацыйнага пачатку людзей у структуру нацыянальнай ідэнтычнасці (пазіцыя старонняга назіральніка). Людзі ўсведамляюць, што Беларусь — незалежная краіна, а значыць, мусіць мець сваю культуру і мову, але няма ўцягнутасці ў гэты працэс, супольных перажыванняў. І прычыны зразумелыя: гэта і дзяржаўная ідэалогія, і сённяшняя беларуская адукацыя, і адсутнасць шырока даступнай інфармацыі, і дзяржаўная манаполія на каналы камунікацыі, і цэнзура, і пасіўнасць людзей, і як вынік — слабае веданне ўласнай гісторыі і культуры.

Сёння мы бачым, як паступова мяняецца наша краіна, усе больш заўважным робіцца цікавасць маладога пакалення да роднай мовы і культуры, мяняецца стаўленне да іх. Безумоўна, пачатак гэтым працэсам паклала здабыццё Беларуссю незалежнасці. Таксама вельмі важную ролю адыграла і адыгрывае дзейнасць беларускіх грамадскіх аб’яднанняў, творчых суполак, культурных і палітычных дзеячаў і, канечне ж, дыяспары.

Хваля беларускай эміграцыі, што пакінула Беларусь у час і адразу пасля Другой сусветнай вайны і асела на Захадзе, — доказ стваральнага духу нацыянальна ідэнтыфікаванай эміграцыі. Менавіта з гэтай хвалі эміграцыі можна пачаць адлічваць жыццё і дзейнасць найбольш трывалых беларускіх асяродкаў, большасць з якіх працуе да сёння. Менавіта тады пачалі паўставаць беларускія культурніцкія цэнтры і цэрквы ў замежжы, друкавацца газеты, стварацца матэрыяльная і духоўная спадчына беларускага замежжа. Такім чынам, беларуская дыяспара на тыя часы моцнай русіфікацыі ў БССР выступіла захавальнікам беларускіх традыцый, мовы і культуры. І нават больш: зрабіла ўклад у яе развіццё. Папярэднія, эканамічныя, хвалі эміграцыі не далі такога эфекту праз слабы нацыянальны складнік.

Таксама роля заходняй беларускай дыяспары выявілася ў актыўнай палітычнай дзейнасці, а менавіта ў аднаўленні дзейнасці Рады БНР як падмурку існавання незалежнай і, што вельмі важна, дэмакратычнай Беларусі. Гэта дало пераемнасць палітычных традыцый; да гэтага апелявала ў Беларусі нацыянальная дэмакратычна настроеная эліта: культурныя, грамадскія дзеячы і палітыкі ў канцы 1980-х гадоў.

Важную ролю адыграла эміграцыя і ў развіцці нацыянальнай беларускай думкі, уключаючы істотны ўнёсак у філасофію беларускай дзяржаўнасці і ў сістэму міжнародных стасункаў. Да ўсяго, беларусы замежжа ў часы СССР былі рэпрэзентантамі інтарэсаў беларускага народа на Захадзе, бо нашая краіна тады не мела свайго права голасу, ад яе імя выступала дыяспара.

1990-я гады ў Беларусі ўвайшлі ў гісторыю як час нацыянальнага адраджэння. Пачалі аднаўляцца перарваныя кантакты з беларусамі далёкіх заходніх краінаў. Беларусь паступова пачала ўбіраць у сябе скарбы, захаваныя беларускім замежжам, адкрываць для сябе імёны і падзеі. Адначасна з гэтым пасля развалу СССР больш чым мільён нашых суайчыннікаў таксама зрабіліся беларусамі замежжа. Усе гэтыя працэсы патрабавалі ўвагі з боку грамадскасці і дзяржавы. Водгукам на патрэбу таго часу стала і заснаванне нашай арганізацыі — Згуртавання “Бацькаўшчына”.

Сябры Згуртавання “Бацькаўшчына”, як ніхто іншы, ёсць сведкамі той дапамогі, тых культурніцкіх і грамадскіх праектаў, у якіх удзельнічала беларуская дыяспара цяпер ужо не толькі з Захаду, але і з постсавецкай прасторы. Гэта і дапамога пасля Чарнобыльскай катастрофы, і аднаўленне вобраза Крыжа Ефрасінні Полацкай, і будаўніцтва музея ў Гайнаўцы, і рэстаўрацыя Полацкага манастыра і Мірскага замка, і вяртанне гістарычных і культурных каштоўнасцяў. А колькі кніг выйшла дзякуючы беларусам замежжа! Актыўнае супрацоўніцтва ў галіне культуры ідзе да гэтага часу.

Важную кансалідацыйную ролю ў стасунках паміж беларусамі ў краіне і замежжы адыгрываюць з’езды беларусаў свету, што ладзіць “Бацькаўшчына” кожныя 4 гады. З’езд — гэта яшчэ і буйная грамадская падзея, якая дазваляе ацаніць і прааналізаваць працэсы, што адбываюцца ў чатырохгадовы перыяд паміж імі ў Беларусі і беларускім замежжы ў сферы нацыянальнага жыцця, стасункаў паміж метраполіяй і дыяспарай. Аналіз выніковых дакументаў усіх з’ездаў “Бацькаўшчыны” дэманструе, што пытанні захавання беларускай культуры і мовы — асноўных складнікаў ідэнтычнасці — праходзіць чырвонай лініяй праз усе нашы форумы, як і пытанне незалежнасці нашай краіны, бо найлепшы абаронца незалежнасці — таксама ідэнтычнасць. І “Бацькаўшчына” актыўна працуе на яе паглыбленне.

Сёння дзейнасць Згуртавання ідзе ў 2 кірунках. Першы — гэта наладжванне і развіццё сувязяў з беларусамі замежжа, а гэта і заканатворчыя ініцыятывы нашай арганізацыі, і даследчая праца, і выданне кніг, прысвечаных эміграцыі, і правядзенне прэзентацый, розныя інфармацыйныя актыўнасці, выданне штомесячных бюлетэняў, сайт і іншыя крокі па захаванні і папулярызацыі культурніцкай спадчыны беларускага замежжа, адстойванні інтарэсаў беларускай дыяспары ў Беларусі. Другі ж кірунак — правядзенне грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” з мэтай паглыблення нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў.

Матывацыяй для “Бацькаўшчыны” ініцыяваць шырокую грамадскую кампанію ў 2008 годзе стаў аналіз працэсаў у беларускім замежжы, а менавіта высокія тэмпы асіміляцыі беларусаў: кожны наступны перапіс насельніцтва ў розных краінах свету сведчыў пра імклівае скарачэнне колькасці нашых суайчыннікаў. Было відавочна, што праблема знаходзіцца не па-за межамі краіны, а дома, у Беларусі, і заключаецца яна ў слабай нацыянальнай ідэнтычнасці людзей. Таму, пакідаючы Радзіму, яны лёгка перарываюць з ёй культурную сувязь. Яшчэ адной прычынай, што падштурхнула да ідэі кампаніі, была нізкая інфармаванасць беларусаў пра сучасную беларускую культуру і адначасна рост цікавасці да яе.

Гэта і натхніла сабраць каманду аднадумцаў і пачаць працаваць на тое, каб, зрабіўшы нашу культуру больш папулярнай у сённяшніх беларусаў, паглыбіць іх нацыянальную ідэнтычнасць. З 2008 года да сёння кампанія правяла больш за 4500 розных грамадскіх, культурных і асветніцкіх акцый. Яе мерапрыемствы наведала больш за 300 000 чалавек у 220 мястэчках і гарадах Беларусі. Вядомасць “Будзьма беларусамі!” — 18,6% на канец 2015 года.

 

Найбольш яркімі праектамі кампаніі, якія выклікалі шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі, натхнілі на падобныя ідэі і іх рэалізацыю іншыя ініцыятывы, прычым не толькі грамадскія, але і бізнес, і спорт, і некаторыя дзяржаўныя структуры, ці мелі доўгатэрміновы асветніцкі эфект, сталі:

Анімацыйны фільм “Будзьма беларусамі, альбо Гісторыя Беларусі за 5 хвілін”:

  • больш за мільён праглядаў, тысячы спампаванняў (актуальны дагэтуль);
  • фільм часам дэманструецца на ўроках гісторыі;
  • паспрыяў з’яўленню шэрагу культурніцкіх праектаў;
  • відэашэраг фільма выкарыстоўваецца для аздаблення розных нацыянальна- арыентаваных прадуктаў, як і музыка да яго;
  • візуальная прадукцыя, створаная паводле фільма, да гэтага часу карыстаецца попытам.

Міжнародны музычны праект “Будзьма. Тузін. Перазагрузка”:

– пастаянная ратацыя на Радыё “Сталіца” і 1-м канале радыё;

– асобныя песні ў эфірах Радыё “Бі-Эй”, Радыё “Мір”, “Юністар”, Радыё “АНТ”.

Камунікацыйны праект “Краіна цмокаў”:

  • больш за 300 публікацый, у тым ліку ў дзяржаўных СМІ;
  • рэбрэндынг баскетбольнай каманды з “Мінск-2006” у “Цмокі-Мінск”;
  • устаноўка помніка цмоку ў Лепелі і штогадовае правядзенне фестывалю, які ўжо стаў міжнародным;
  • выкарыстанне цмока для аздаблення брэндаў, а таксама ў розных культурніцкіх і турыстычных ініцыятывах.

Штогадовы фестываль беларускай рэкламы і камунікацыі Ad.Nak!

Статыстыка фестывалю:

  • NAK! 2010 год: 105 работ ад 59 удзельнікаў;
  • NAK! 2016 год: 285 заявак ад 135 удзельнікаў;
  • 50 партнёраў фестывалю, сярод якіх: кампанія velcom, вытворца беларускага піва “Аліварыя”, чыпсаў “Анега” і інш.;
  • 28 інфармацыйных партнёраў —вядомых беларускіх незалежных выданняў.
  • больш за 2000 публікацый цягам сямі фестываляў;
  • кожны год у адукацыйнай праграме фестывалю ўдзельнічае болей за 200 маладых рэкламістаў і спецыялістаў сферы камунікацыі.

Дзякуючы фестывалю рэкламы па-беларуску робіцца больш!

Рэгіянальная дзейнасць (спрыянне развіццю лакальных супольнасцяў), а менавіта правядзенне з 2011 года публічных дыскусій ва ўсіх буйных гарадах Беларусі на тэму мясцовага развіцця на глебе нацыянальнай культуры і “Кірмашоў праектаў” з мэтай актывізацыі мясцовых ініцыятываў, пошуку імі аднадумцаў.

Вынікі:

  • Да праектаў у Віцебску і Магілёве далучыліся мясцовыя адміністрацыі;
  • У Магілёве паўстаў цэнтр гарадскіх ініцыятываў;
  • Было рэалізавана болей за 70 грамадскіх культурніцкіх праектаў;
  • Падобныя формы мерапрыемстваў перанялі іншыя грамадскія ініцыятывы.

Як адзначана ў дакладзе НІСЭПІ ў 2014 годзе, абазнанасць насельніцтва ў дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў вырасла з 27% у 2012 г. да 52% у 2014 годзе, у тым ліку і дзякуючы рэгіянальнай актыўнасці кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

 

Іншыя праекты

  • Майкі для зборнай Беларусі па тайскім боксе. Першы ребрэндынг спартовай формы;
  • Каляндар “Не маўчы па-беларуску”, 7-тысячны наклад, некалькі перавыданняў;
  • Паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, наклад болей за 10 000, шырока выкарыстоўваюцца ў школах і садках для навучання мове;
  • Паштоўкі “Беларускія святы”;
  • Раскладка па-беларуску для клавіятуры;
  • Анімаваная азбука для iPad;
  • Анлайн-праекты, сярод якіх самы яркі —“Край|BY”.

 

Гэтыя і многія іншыя праекты, як і агулам методыка працы кампаніі “Будзьма!” сталі прыкладам для іншых і падштурхнулі розныя супольнасці да стварэння падобных ініцыятываў, тым самым умацоўваючы тэндэнцыю вяртання беларускай культуры ў сучаснае штодзённае жыццё.

 

Сёння ў Беларусі паўстаў ужо цэлы шэраг грамадскіх культурніцкіх ініцыятываў, якія папулярызуюць мову і культуру. Часцей пачалі выкарыстоўвацца беларускія сімвалы ў рэкламе, у вопратцы, зацікавіўся бізнес. Наколькі глыбокія гэтыя працэсы, можна будзе ацаніць пазней. Але паглыбленне ідэнтычнасці ў Беларусі будзе ўплываць і на дыяспару, рабіць больш трывалымі беларускія асяродкі ў замежжы, пашыраць метады і формы супрацы з ёй.

Трэба адзначыць, што дыяспары з часам будзе надавацца ўсё большая ўвага ў свеце. Мы жывем у эпоху сапраўднага перасялення народаў (і гаворка ідзе не пра наступствы катаклізмаў і войнаў, а пра тэндэнцыі, звязаныя з натуральнай для сучаснага чалавека міграцыяй). Кожны год па ўсім свеце мігруе каля 3 мільёнаў чалавек. Сёння сусветная дыяспара налічвае 215 мільёнаў. Навукоўцы мяркуюць, што гэтыя працэсы будуць інтэнсіўна развівацца, і колькасць дыяспары ў свеце у 2050 годзе дасягне ужо 405 мільёнаў. А гэта значыць, што дыяспара будзе рабіцца ўсё больш заўважнай і ўплывовай сілай, а яе капітал (эканамічны, сацыяльны, інтэлектуальны) будзе ўзрастаць.

У выніку найбуйнейшыя краіны свету актывізуюць працу з дыяспарамі. Яны робяць актыўныя захады, каб знайсці і ўмацаваць сувязі з прафесіяналамі розных сфераў, прыцягваючы іх да выканання нацыянальных праектаў. Раней плынь людзей ішла толькі ў адным кірунку — за мяжу. Сёння краіны, якія актыўна працуюць са сваімі дыяспарамі, назіраюць зваротную плынь у выглядзе ідэй, інавацый, капіталу і тэхналогій. З кожным годам свет усё больш глабалізуецца, робіцца узаемазвязаным і ўзаемазалежным. І кожная краіна, якая хоча атрымаць максімум выгады ад гэтай узаемазалежнасці, актыўна стварае і развівае комплексныя сеткі з людзей для атрымання сацыяльнай, эканамічнай і культурнай карысці. А дыяспара, па сутнасці, якраз і ёсць такой сеткай, удзельнікі якой могуць быць мабілізаваныя для дасягнення супольнай выгады, стаць мостам для атрымання ведаў, экспертнай дапамогі, рэсурсаў і выхаду на іншыя рынкі для сваёй краіны.

Мы бачым, як азіяцкія краіны, такія як Індыя, Кітай, Паўднёвая Карэя, змаглі эфектыўна наладзіць супрацоўніцтва з сваімі дыяспарамі і як апошнія паўплывалі на іх сацыяльную і эканамічную трансфармацыю. Гэта ўзнікла на грунце супольных мэтаў дзяржавы і дыяспары, падмацоўвалася паслядоўнай палітыкай і адміністрацыйным рэсурсам. І дыяспара разглядалася не як крыніца фінансавання, а як паўнавартасны партнёр.

Мы лічым, што такі падыход вельмі важны і перспектыўны для Беларусі. Інакш наша краіна вырачаная на адставанне і стагнацыю ў розных сферах. Больш чым трохмільённая беларуская дыяспара — гэта велізарны патэнцыял нашай краіны і рэсурс, якому мусіць з кожным годам надавацца ўсё больш увагі як з боку грамадства, так і з боку бізнесу і дзяржавы.

Падсумоўваючы вышэйсказанае, мы — прадстаўнікі Згуртавання “Бацькаўшчына” — перакананыя, што развіццё Беларусі як дэмакратычнай дзяржавы магчымае толькі калі мы будзем аб’яднаныя супольнымі каштоўнасцямі нашага народа, гісторыі і культуры. У захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці, у яе паглыбленні, у дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі беларуская дыяспара адыгрывае вельмі важную ролю: і як захавальніца нашых палітычных інстытутаў, і як прадстаўніца беларускага народа ў свеце, і як раўны партнёр у грамадскіх, палітычных, культурна-асветніцкіх, сацыяльных і эканамічных праектах. Стварэнне ж ці ўдзел дыяспары ў прафесійных сетках будзе спрыяць эканамічнаму росту краіны і рэформе яе мадэлі кіравання.

Асяродкі беларускай дыяспары — гэта нашыя іміджавыя цэнтры ў замежжы, менавіта яны спрыяюць лаяльнасці да нашай культуры, ствараюць зацікаўленасць у ёй, будуюць давер паміж народамі, з’яўляючыся своеасаблівай “мяккай сілай”.

Безумоўна, працэсы ўзаемадзеяння нашай краіны і беларусаў замежжа маглі б ісці нашмат хутчэй і больш эфектыўна, калі б афіцыйная Беларусь і дыяспара мелі агульныя погляды на нацыянальнае будаўніцтва краіны. Але тым не менш нават у неспрыяльных умовах (а ў нашай гісторыі іх было багата) мы павінныя выкарыстоўваць усе наяўныя магчымасці для развіцця нашай краіны і адстойвання яе незалежнасці.



Categories: Асьвета, Культура, Праект "РАЗАМ"

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: