Вячаслаў Бортнік: Cтварэньне эфектыўнай мультымедыйнай прасторы дзеля культурнага дыялёгу “Беларусь-ЗША”. Выступленьне на 32-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі. “Культура, Нацыя”, №15, верасень 2016, с. 76-78.

dsc_6230-1

Вячаслаў Бортнік – праваабаронца, пэдагог і дасьледчык. Працаваў настаўнікам сярэдняй школы ў вёсцы Насовiчы, дзіцячым псыхолягам у Гомелi, выкладаў псыхалёгію ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце. У беларускім праваабарончым руху з 1995 г. У 2002-2006 гг. узначальваў Беларускую філію Amnesty International, працаваў у шэрагу няўрадавых арганізацыяў, у тым ліку ў PACT, Офiсе эўрапейскай экспэртызы і камунікацыяў, ЕўраБеларусi і Open Society Foundations. У ЗША з 2013 г. Сакратар Рады БНР, намесьнiк старшыні Галоўнай Управы БАЗА, старшыня Вашынгтонскага гуртка БАЗА. Працуе спецыялістам па Беларусі і старшынём Каардынацыйнай групы па Эўразіі ў Amnesty International ЗША. Мае дыплёмы магістра палітычных навук (ЕГУ, Менск) і магістра дзяржаўнага кіраваньня (Амэрыканскі Унівэрсытэт, Вашынгтон, акруга Калюмбія).

 

Добры дзень, Высокапраасвяшчэньнейшы Ўладыка Сьвятаслаў, шаноўная сп. Сурвiлла, паважаныя спадарыні i спадары, удзельнікі 32-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі!

 

Ад імя Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня і Вашынгтонскага гуртка БАЗА  хачу выказаць шчырую падзяку арганізатарам гэтага значнага мерапрыемства за запрашэньне да ўзделу. Для мяне  вялікі гонар быць у гэтай зале, якая сёньня поўніцца выбітнымі асобамі, чыя клапатлівая праца на карысьць беларускай культуры і беларускай нацыянальнай сьвядомасьці надае Беларусі магчымасьць быць пазнавальнай на Паўночна-aмэрыканскім кантыненьце.

 

Сёняшняя, 32-я па ліку, сустрэча – гэта і вынік няспыннай працы старэйшага пакаленьня беларусаў Паўночнай Амэрыкі, спадчына, якую мы атрымалі, каб беларуская культура крочыла не толькі праз час і стагоддзі, але і праз межы – рэгіянальныя і міжкантынентальныя. Нашыя супольныя намаганьні  на ніве беларушчыны – гэта справа бягучага часу, якая ў выніку сфармуе будучyю cамасьвядомасьць беларусаў  Паўночнай Амэрыкі.

 

У сваёй прамове да Вас сёньня я хачу зрабіць кароткую прэзентацыю дзейнасьці Вашынгтонскага гуртка БАЗА і акцэнтаваць Вашую ўвагу на магчымасьцях сучасных тэхналёгіяў і камунікацыйных інструмэнтаў, якія могуць унесьці новую плыню ў разьвіцьцё культурнага дыялёга паміж Паўночнай Амэрыкай і Беларусьсю. З моманту стварэньня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня ў 1949 годзе сябры арганізацыі мэтанакіравана працуюць па пяцёх асноўных накірунках:

–     захаваньне і папулярызацыя беларускай культуры і гісторыі;

–     узмацненьне стасункаў паміж  беларускім і амэрыканскім грамадствамі;

–     аказаньне падтрымкі беларусам у Амэрыцы;

–     абарона традыцыйных беларускіх каштоўнасьцяў, дэмакратычнага разьвіцьця павагі да правоў чалавека ў Беларусі;

–     супрацоўніцтва з лакальнымі і міжнароднымі партнэрамі, якія маюць агульныя інтарэсы.

 

Кожны з названых накірункаў дзейнaсьці мае істотнае значэньне для дзвюхбаковых адносінаў, культурнага паразуменьня паміж Беларусьсю і ЗША, амэрыканцамі і беларусамі. Актывісты Вашынгтонскага гуртка БАЗА падтрымліваюць жывы кантакт з палітыкамі, праваабаронцамі, дзеячамі культуры і лідэрамі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, дапамагаюць з арганізацыяй афіцыйных візытаў, а таксама праводзяць нефармальныя сустрэчы зь імі ў Вашынгтоне. Актывісты гуртка арганізуюць кінапаказы фільмаў пра Беларусь, сустрэчы з беларускімі пісьменьнікамі і мастакамі, праводзяць лекцыі па беларускай гісторыі і культуры, адзначаюць беларускія сьвяты.

 

Значную дзейнасьць БАЗа ажыцяўляе і праз супрацу з міжнароднымі і мясцовымі арганізацыямі. Так да пракладу, Алеся Кіпель зьяўляецца афіцыйнай прадстаўнiцай БАЗа ва Усходне- і Цэнтральна-Эўрапейскай Кааліцыі (CEEC) i сяброўкай Вялiкай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Вячаслаў Бортнік прадстаўляе БАЗа ў Кааліцыі па стварэньню Нацыянальнага музэя амэрыканскіх народаў. Акрамя іншых арганізацыяў, Вашынгтонскi гурток БАЗа актыўна супрацоўнічае з Amnesty International USA, Atlantic Council, Freedom House, German Marshall Fund, Joint Baltic American National Committee і We Remember Foundation.

Гэтымі і шмат іншымі намаганьнямі сябры і актывісты БАЗа імкнуцца зрабіць імя “Беларусь” гучным у розных гарадах і мястэчках Паўночнай Амэрыкі, у афіцыйных кабінетах і падчас дзелавых сустрэчаў.

 

Але нават няпільным вокам можна заўважыць, што ёсьць сфэра,  якую нашай арганізацыi і беларускай дыяспары навогул трэба намагацца больш засвоіць – гэта суцэльнае, актыўнае кіраваньне інфармацыяй пра Беларусь, яе культуру, гучныя палітычныя і сацыяльныя праблемы беларусаў ды іншыя пытаньні ў мультымедыйнай прасторы. Шырокае карыстаньне мультымедыйнымі тэхналёгіямі адыгрывае значную ролю ў стварэньні якаснага кантэксту для вывучэньня культуры, стварэньня плятформаў для абмену думкамі, у тым ліку і лідэраў грамадскай думкі, акадэмічных і творчых гуртоў, моладзі і адукацыйных колаў.

Ключавыя фактары, якія уплываюць на эфектыўнасьць міжкультурнага дыялога гэта:

–   стварэньне інтэграванагa малюнка Беларусі;

–   фармаваньне выбітных характарыстык краіны і культуры;

–   прасоўваньне “іміджу культуры”.

Кіраваньне гэтай інфармацыяй пашырае зону ўплыву на ўспрыманьне і разуменьне  культурнага кантэксту паміж носьбітамі розных культураў. Болей за тое, гэта мае вырашальнае значэньне для абодзвюх краінаў дзеля ўзаемадзеяньня, разьвіцьця дзвюхбаковых сувязяў і дасягненьня агульнаакрэсленых мэтаў. Уклад у веды беларускага і амэрыканскага грамадства пра ўнікальнасьць гэтых культураў, спрыяньне падвышэньню ўзроўню дасьведчанасьці і разуменьня пытаньняў правоў чалавека,  у канчатковым рахунку, спрыяе разьвіцьцю ўзаемападтрымкi і даверу – базавых асноваў любога дыялогу.

Прапанаваныя сучасным часам магчымасьці глябальнай анляйн-сувязі, а таксама заахвочваньнe ўдзелу дыяспары, актывістаў у бесперапынным працэсе дыскусій па пытаньнях Беларусі зьмяняюць інфармацыйны ландшафт кожны дзень. Але, чым больш скаардынаванай і пасьлядоўнай будзе праца паміж усімі зацікаўленымі субьектамі, прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў стварэньні i выкарыстaньні агульнай мультымедыйнай прасторы, тым бліжэй місыі нашых арганізацыяў будуць да акрэсьленых мэтаў.

 

З першага крока пачынаецца кожны шлях. Я бачу нашую супрацу ў мультымедыйнай прасторы, памiж iншым, па рэалізацыі такіх праектаў ды ініцыятываў, як:

  • Стварэньне англамоўнай You-tube-серыі аповядаў пра Беларусь.
  • Стварэньне сучаснага англамоўнага інфармацыйнага парталу пра дзейнасьць беларускай дыяспары, які б быў цікавы амэрыканскiм бізнэсоўцам, мастакам, дасьледчыкам ды іншым групам зацікаўленых.
  • Рэалізацыя тэматычных анляйн-праектаў пра палітычную сітуацыю ў Беларусі, а таксама праблемы стану правоў чалавека.

Спектар ідэяў у гэтым выпадку не абмежаваны, як і магчымасьці інфармацыйнай прасторы акумуляваць інтарэс людзей, зацікаўленых у пашырэньні ведаў пра культуры Беларусі і Паўночнай Амерыкі, людзей, якія могуць змяніць дынаміку дыялогу паміж ЗША і Беларусьсю!

 

Дзякуй за Вашую ўвагу, паважаныя спадарыні і спадары! Жыве Беларусь!



Categories: Асьвета, Зьнешнія адносіны

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: