Пётра Мурзёнак: Нейтральнасць Беларусі як пераход да глабальнай сістэмы калектыўнай бяспекі (“Культура, Нацыя”, №16, сьнежань 2016, с.24-32)
Уступ. Нейтральнасць Беларусі разглядаецца як адна з асноўных умоў рэалізацыі “Стратэгіі развіцьця беларускай нацыі”. Стан нейтральнасці, набыты з падтрымкай грамадства праз рэферэндум, можа забяспечыць прававыя і маральныя падставы для выйсця краіны з агрэсіўных ваенных блокаў і недалучэньня да іншых і ў той жа час адкрые шлях да ўступленьня ў глабальную сістэму(ы) калектыўнай бяспекі. Нягледзячы на крытыку рэалістаў аб утапічнасці ідэі нейтральнасці для Беларусі, прыняцьце стану нейтральнасці можа быць паважным і магчыма адзіным крокам у маральным і прававым полі, каб вырвацца з цяжкай каланіяльнай залежнасьці ад Расіі. Відавочна, што для правядзеньня такой палітыкі неабходна як палітычнае рашэньне самой суверэннай дзяржавы, так і зьмены палітычнага клімату ў цэлым сьвеце. Нейтральнасць\узброеная нейтральнасць для Беларусі грунтуецца на міралюбівым настроі беларускага насельніцтва, на юрыдычнай норме аб імкненьні быць нейтральнай дзяржавай (Канстытуцыя РБ, Арт. 18), на сяброўстве ў Руху недалучэньня і ААН, на рознанакіраванасці беларускай эканомікі, і на прыкладах іншых краін, якія хочуць вызваліцца з-пад ціску Вялікіх краін, дыктуючых ім свае умовы.
Зберажэньне незалежнасці і суверэнітэту малых краін заўжды было значнай праблемай, вырашэньне якой ў большасці выпадкаў залежыць ад палітычнай волі і пазіцыі Вялікіх дзяржаў і часта суправаджаецца стварэньнем саюзаў\альянсаў з Вялікімі дзяржавамі або каланізацыяй малых краін.
На працягу апошніх стагоддзяў спробы ўрэгуляваць мірнае суіснаваньне дзяржаў і народаў, уключна з абмеркаваньнем пытаньняў нейтральнасці, заўжды рабілася пасля працяжных ваенных канфліктаў, якія прыносілі мноства ахвяраў (Вестфалія, 1648; Вена, 1815; Ліга Нацый, 1919-1920; ААН, 1945; АБСЕ, 1995). Тым не менш, з гісторыі відаць, што заключэньне падобных пагадненьняў не перашкаджала пачынаць новыя ваенныя канфлікты. Здаецца, што Халодная вайна, якая, як лічылі, скончылася з развалам Берлінскай сцяны, адраджаецца зноў і падзяляе сьвет на часткі. Зноў малыя краіны мусяць далучацца да глабальных блокаў ці рэгіянальных сістэм бяспекі, якія б гарантавалі ім больш спакойнае жыццё.
Мір зараз з’яўляецца сведкам чарговай спробы яго перадзелу насуперак існуючаму міжнароднаму праву – дастакова прывесці толькі еўрапейскія прыклады: грамадзянская вайна ў Югаславіі і падзел гэтай краіны, захоп Расіяй тэрыторыі Грузіі (Асеція, Абхазія) і Украіны (Крым, Данбас). Тыя межы і законы, якія былі ўсталяваны пасля 2-й сусьветнай вайны і зацьверджаны Хельсінскім Актам парушаны. Супраць краін-агрэсараў прымаюцца санкцыі, аднак, гэта пакуль не шмат мяняла паводзіны краін-агрэсараў і ў першую чаргу таму, што ніхто не адважваецца прымяніць да ядзерных краін, якія б там ні былі ваенныя санкцыі. Такім чынам, сьвет стаіць на парозе чарговых патрасеньняў, якія могуць выліцца ў ваенныя канфлікты ці ў чарговыя пагадненьні паміж Вялікімі дзяржавамі пры новым перадзеле міра.
Дзе апыніцца краіна Беларусь і як утрымаць суверэнітэт і дзяржаўную бясьпеку пры такім сцэнары? Варыянтаў для Беларусі не так і многа:
- заставацца пад абаронай Расіі,
- рэалізаваць лозунг “Беларусь – у Еўропу”,
- спрабаваць праводзіць палітыку сапраўднага нейтралітэта.
Расійскі патранаж
Расія часова забяспечвае ядзерны парасон для Беларусі, але даверу да Расіі як гаранту незалежнасці і суверэнітэту беларускай краіны абсалютна няма. Яскравы прыклад таму Украіна. Можна дадаць таксама ўтварэньне новых расійскіх анклаваў – Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, Прыднястроўя – на тэрыторыях, якія яшчэ нядаўна ўваходзілі ў Расійскую імперыю і ў СССР.
Фармальна, з’яўляючыся сябрам ААН і Руху недалучэньня, Беларусь мусіла б удзельнічаць у санкцыях супраць суседа-агрэсара нараўне з іншымі краінамі, якія прытрымліваюцца рашэньняў ААН. Аднак, парадокс у тым, што Беларусь знаходзіцца ў цесным эканамічным і ваенным альянсе з Расіяй, краінай-агрэсарам. На жаль, мы жывём не на высьпе, маем з Расіяй працяглыя межы (1200 км) і значныя эканамічныя стасункі (агульны гандаль з Расіяй вагаецца ў межах 40-50%). Але з гэтым яшчэ можна было б жыць. Што нельга трываць, дык гэта знаходзіцца ў ваенным блоку з агрэсарам, удзельнічаць у Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), мець агульную з Расіяй супрацьпаветраную абарону на заходнім накірунку і вайсковыя расійскія базы на тэрыторыі краіны, праводзіць штогадовыя сумесныя вайсковыя вучэньні.
Расія ніколі не лічылася з лёсам маленькіх народаў, не здольнымі “паклапаціцца” аб сабе, а расійская сквапная каланіяльная палітыка захопу новых тэрыторый услаўлася паэтамі і пісьменьнікамі на працягу апошніх двух стагоддзяў. Да гэтага прыклаліся Пушкін (“Путешествие в Арзрум во время похода 1829 года”, “Кавказкий пленник”), Лермантаў (“Герой нашего времени”), Талстой (“Вайна і Мір”), Салжаніцын (“Раковый корпус”), Распуцін (“Сибирь, Сибирь”), і шмат хто яшчэ з расійскага пісьменьніцкага ў асноўным русафільскага асяроддзя (Е. Томсан, 2009).[1] Усё гэта вылілася ў стварэньне таямнічага, асаблівага вобразу і шляху Расіі, незразумелых да сёньня Захадам. Прымаецца як дадзенае, што Расія праз сваю “выпеставаную” веліч мае асаблівыя правы на сваіх суседзяў і на іншыя краіны, да якіх яна адносіцца як да патэнцыйных калоній. Відавочна, што для таго, каб такая вялікадзяржаўная ментальнасць зьмянілася, патрабуецца не адно стагоддзе.
Расія напала на блізкую нам гістарычна і ментальна украінскую дзяржаву. Ці магчыма Беларусі і надалей знаходзіцца ў альянсе з Расіяй і заўжды адчуваць над сваёй галавой небясьпеку напаткаць такіж самы лёс як Украіна? Відавочна, што трэба знайсці нейкія іншыя шляхі, каб дыстанцыявацца ад агрэсара як мага далей. З гэтага пункту гледжаньня, набыццё стану нейтральнасці можа быць тым шляхам і карыснай магчымасцю, які, на гэты час, мае перавагу перад “шляхам у Еўропу”.
“Беларусь – у Еўропу”
Выбар шляху для Беларусі ў Еўропу выглядае вельмі натуральным, калі прыгадаць гістарычную прыналежнасць беларускай нацыі да іншых еўрапейскіх нацый і сёняшнюю тэндэнцыю развіцьця краіны ў еўрапейскім стылі. У той жа час, існуе шэраг абмежаваньняў, якія не дазваляюць сёньня цьвердзіць, што канчатковае станаўленьне беларускай нацыі і шлях у Еўропу будзе лёгкім і хуткім.[2] Адзначым толькі, што некаторыя еўрапейскія краіны, якія доўгі час праводзілі палітыку нейтральнасці – Аўстрыя, Ірландыя, Швецыя – уступілі ў Еўрасаюз (ЕС) адносна нядаўна (1995). Але справа не толькі ў змене настрояў грамадства ў гэтых краінах, а ў механізмах і правілах неабходных для атрымання сяброўства ў ЕС. На думку Т. Снайдэра, для рэалізацыі такой мэты Беларусі можа спатрэбіцца некалькі дзесяткаў гадоў.[3] Вельмі магчыма, што шлях Беларусі ў Еўропу пройдзе праз перыяд нейтральнасці.
Нейтральнасць Беларусі
Пад нейтральнасцю дзяржавы разумеецца міралюбівая палітыка ў адносінах да сваіх суседзяў, якая вызачаецца ў сваю чаргу ментальнасцю людзей, якія складаюць грамадства. Такая нейтральнасць людзей у Беларусі адлюстроўваецца перш за ўсё ў даволі высокай талерантнасці да рэлігійных і этнічных меншасцяў, якія пражываюць у краіне. Аднак, адной толькі ўнутранай талерантнасці ці нейтральнасці недасткова, каб пазіцыянаваць сябе нейтральнай краінай у сваіх зносінах са зьнешнім сьветам.
Калі разглядаць адносіны беларусаў да зьнешняга сьвету, то каля траціны беларускага насельніцтва выказваецца да нейтральнага самастойнага шляху развіцьця, не тулячыся ні на Захад, ні на Усход. У нейкім сэнсе гэта бачна і па некаторых дзеяньнях у знешняй палітыцы дзяржавы. Фармальна, афіцыйная зьнешняя палітыка Беларусі выяўляецца ў шэрагу нейтральных паводзін, адлюстраваных як у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь “Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю без’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай” (Арт. 18), так і эспублікі Беларусь (Р
Рсяброўствам у такіх міжнародных арганізацыях як ААН і Рух недалучэньня.
Аднак, паміж “ставіць за мэту быць нейтральнай” і быць нейтральнай ёсць вялікая розніца. Відавочна, што нельга прызнаць за палітыку нейтральнасці сяброўства Беларусі ў АДКБ і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Беларусь стала сябрам АДКБ ў 1993 годзе, далучыйшыся да арганізацыі, створанай у 1992 г. азіяцкімі і еўраазіяцкімі краінамі – Арменіяй, Казахстанам, Кіргізіяй, Расіяй і Таджыкістанам. Заявы кіраўніка Беларусі адносна АДКБ носяць розныя адзнакі, пачынаючы ад той, што Беларусь не разглядае АДКБ як ваенны блок, а толькі як рэгіянальную арганізацыю скіраваную на барацьбу з міжнародным тэрарызмам, нелегальнай міграцыяй, наркабізнесам, да заяў аб тым, што трэба дамагацца, каб АДКБ была прызнаная НАТА. Да таго ж, у гэтым годзе Беларусь старшынствуе ў гэтай арганізацыі, па сутнасці, вельмі далёкай ад інтарэсаў беларускай дзяржавы.
Тое ж можна сказаць і пра ШАС, у якой Беларусь прысутнічае з 2015 года ў якасьці назіральніцы. Відавочна, што знаходжанне ў арганізацыі, дзе сябрамі ёсць тыя ж Казахстан, Кіргіізія, Расія, Таджыкістан (1996-1997) плюс Індыя, Кітай, Пакістан, дыктуецца правядзеньнем сумеснай знешняй палітыкі з Расіяй і абумоўлена эканамічнай і каланіяльнай залежнасцю беларускай краіны.
Для таго каб здарылася адмежаваньне ад агрэсара, нейтральнасць можа быць якраз тым адпаведным інструментам. Нейтральнасць не ёсць абсалютная рэч. Датчанін Hugo Grotius пры вызначэньні нейтралітэта пісаў (1625): “… абавязак тых, хто вызнае нейтралітэт, не рабіць у вайне нічога ў бок павелічэньня сілы партыі, падтрымліваючы несправядлівую справу, і не перашкаджаць правядзеньню мер тым сілам, якія займаюцца справядлівай і праведнай справай …”[4] Магчыма, што выбіраць паміж дабром і злом, паміж праведнай і неправеднай справай прыйдзецца, але такі выбар павінен зрабіць сам беларускі народ.
Відавочна, што нас сёньня ніхто не чакае ні ў ЕС, ні ў НАТА. І справа не толькі ў тым, якую пазіцыю займаюць гэтыя структуры, а і ў тым, як да такой трансфармацыі будзе ставіцца Расія. Гэта рэальнасць, якая працуе ў сучасным сьвеце. Спроба Украіны атрымаць дарожную карту НАТА (Бухарэсцкі мемарандум, 2008) пад ціскам Расіі нічым не скончылася.
Але і знаходзіцца побач з агрэсарам ніяк не адпавядае ментальнасці беларусаў. Нягледзячы на крытыку рэалістаў аб утапічнасці ідэі нейтральнасці для Беларусі прыняцьце нейтральнасці праз рэферэндум можа быць паважным і магчыма адзіным крокам у маральным і прававым полі, каб заявіць аб спыненьні мілітарных адносін з Расіяй. Пры гэтым трэба прымаць да ўвагі, што па вялікаму рахунку нейтральнасць краін у Еўропе ў чыстым выглядзе да гэтага часу амаль не існавала, у асноўным з-за ціску Вялікіх краін. Нават юрыдычнае афармленьне стану нейтральнасці не гарантуе абарону ад краіны-агрэсара, што найбольш тыпова можна бачыць на прыкладзе Швейцарыі, а ў сёняшніх умовах на прыкладзе Украіны. Аднак, нейтральнасць\узброеная нейтральнасць Беларусі ў далейшым можа адчыніць шлях да ўступленьня ў сістэму калектыўнай бяспекі Еўропы, як зараз гэта робіць Сербія, праводзячы палітыку ўзброенага нейтралітэта.[5] Пад узброенай нейтральнасцю, разумеецца такі стан, калі суверэнная нейтральная дзяржава пакідае за сабой права ўзброенай абароны пры нападзе агрэсара. Падобную пазіцыю займаюць некаторыя еўрапейскія краіны, якія ў нядаўнім мінулым былі нейтральнымі. Да прыкладу, Швецыя мяняе палітыку нейтральнасці на палітыку няўдзелу у ваенных альянсах і праводзіць палітыку салідарнасці ў рамках ЕС.[6]
З пост-савецкіх краін заявы аб імкненьні стаць нейтральнымі зрабілі Украіна (1990) і Беларусь (1994), а Малдова і Туркменістан (1995) абвясьцілі сябе нейтральнымі краінамі (Табліца). Малдова і Туркменістан, недастаткова моцныя ў эканамічным плане пасля развалу СССР і не маючыя сваіх узброеных сілаў, імкнуцца фармальна гарантаваць сваю бясьпеку. Туркменістан нават здолеў дамагчыся прызнаньня стану пастаяннай нейтральнасці у ААН (1995). Унілатэральна аб’яўленная нейтральнасць Малдовы пакуль не прызнаная. Ці абараняе заяўленная нейтральнасць Малдову і Туркменістан ад магчымай агрэсіі? Вядома ж не.
Характарыстыка нейтральнасці некаторых краін у пост-савецкі перыяд
Краіна | Прызнаньне нейтральнасці | Акалічнасці прыняцьця нейтральнасці | Магчымыя сцэнары |
Беларусь 1994 | Запіс у Канстытуцыю аб мэце зрабіць дзяржаву нейтральнай | З Беларусі выведзена ядзерная зброя | Прыняцьце стану нейтральнасці праз рэферэндум. Далучэньне да сістэмы глабальнай калектыўнай бясьпекі |
Малдова 1995 | Аднабаковае аб’яўленьне | Пакуль не прызнана | У снежні 2016 г. у Кішынёве адчынены цывільны офіс НАТО. Палітычная сітуацыя ў краіне нестабільная. |
Манголія 2015 | Заява на Генеральнай Ассамблеі ААН | Пакуль не прызнана | ? |
Сербія 2007 | Прынята Нацыянальнай Асамблеяй | Праблемы грамадзянскай вайны ў Югаславіі (Косава, Боснія і Герцэгавіна) | Пастановай Нацыянальнай Асамблеі забаронена ўступленьне ў НАТА. Уключэньне ў агульную сістэму бясьпекі ЕС (CFSP) |
Туркмені–
стан 1995 |
Запіс у Канстытуцыю | Пастаянны нейтралітэт зацьверджаны ААН (1995) | Прыярэтэт – ісці паводле правілаў ААН. Магчыма далучэньне да глабальнай сістэмы калектыўнай бяспекі (ЕС? НАТА?) |
Украіна 1990 | Запіс у Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце аб імкненьні быць нейтральнай краінай | Палажэньне аб нейтральнасці перанесена ў Канстытуцыю. З Украіны выведзена ядзерная зброя | Вярхоўная Рада (ВР) прыпыніла імкненьне да нейтральнасці у сувязі з агрэсіяй Расіі і заявіла аб намеры стаць сябрам НАТА (23.12.2014). У сьнежні 2016 г. у ВР пададзены законапраект аб аднаўленьні стану ядзернай дзяржавы |
Украіна, якая пазіцыянавала сябе быць нейтральнай краінай (што было запісана у Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Украіны 1 ліпеня 1990 г.), атрымала ў 2013 г. чарговую Майдан-рэвалюцыю пад палітычным і эканамічным ціскам Расіі і расійскую ваенную агрэсію (анэксія Крыма, гібрыдная вайна ў Данбасе), як толькі паспрабавала зрабіць крок у бок Ассацыяцыі з ЕС. Не абараніў Украіну і Будапешцкі Мемарандум, падпісаны Вялікабрытаніяй, ЗША і Расіяй яшчэ ў 1994 г. і які павінен быў гарантаваць бяспеку украінскай дзяржаве ў абмен на вывад ядзернай зброі. Аднак, ніякіх гарантый не адбылося і адна з краінай-падпісантаў – Расія – сама сталася агрэсарам, а санкцыі іншых дзяржаў прыйшлі даволі позна. Украіна прыпыніла сваё імкненьне быць нейтральнай, заявіўшы 23 снежня 2014 г. аб сваім жаданьні ўступіць у НАТО. 6 снежня 2016 года ў Вярхоўную Раду Украіны пададзены законапраект аб аднаўленьні стану ядзернай дзяржавы. Такім чынам, рэалізацыя палітыкі нейтральнасці заўжды выклікала і будзе выклікаць пытанні.[7]
Будапешцкі Мемарандум быў падпісаны Вялікабрытаніяй, ЗША і Расіяй і з Беларусьсю (1994). На той час гэта быў вельмі зручны момант для Беларусі заявіць аб сваёй нейтральнасці, па прыкладу Аўстрыі ці Фінляндыі, якія атрымалі статус нейтральных краін у 1948 і 1955 гг., адпаведна, узамен на вывад савецкіх войск з іх тэрыторыі. Цяпер жа Беларусі, каб атрымаць волю і вырвацца з цяжцай сітуацыі адным з крокаў можа быць правядзеньне рэферэндума аб нейтральнасці. Падаецца, што калі б такое пытаньне было пастаўлена на рэферэндум, то яно атрымала б значную падтрымку насельніцтва.
Нягледзячы на тое, што многія даследчыкі не ўключаюць у свой аналіз палітыку нейтральнасці, ці прымаюць яе як палітыку 2-га ці 3-га парадку, ідэя нейтральнасці, як бы яна ні выглядала утапічнай зноў і зноў вяртаецца на сцэну. Інстынктыўна асноўная маса людзей адчувае, што ў гэтай ідэі ёсць свая справядлівасць і надзея на мірнае суіснаваньне, надзея на інтэлектуальныя зьмены ў чалавечай шматпалярнай цывілізацыі, якая зараз знаходзіцца ў стане вялікага крызіса.
Сучасная сітуацыя ў сьвеце вымагае зьмены міжнародных адносін, якія мусяць фармавацца не толькі Вялікімі дзяржавамі, але і малымі краінамі, якія ў сваім імкненьні да недалучэньня рыхтуюць глебу для такіх змен. Відавочна, што роль ААН павінна быць перагледжана, паколькі яна не спраўляецца з вырашэньнем праблем глабальнай палітычнай канфрантацыі. Выглядае несправядлівым, што у Савеце бясьпекі правам вета валодаюць толькі пастаянныя сябры – Вялікія дзяржавы, і не маюць такога ж права прадстаўнікі малых краін. Анахранізмам ёсць і адсутнасць у СБ такіх дзяржаў як Германія і Японія – пасля ІІ-й сусьветнай вайны прайшло ўжо больш 70 год. Некаторыя посьпехі ў гуманітарных сьферах – адукацыя, ахова здароўя, міратворчыя функцыі ААН, не закрываюць недахопы ў папярэджаньні і абмежаваньні ваенных канфліктаў. Супернічаства паміж лакальнымі ці глабальнымі краінамі-агрэсарамі ідзе насуперак жаданьням народаў жыць у міры і спакоі.
Нейтральнасць можа быць інструментам для стварэньня нацыянальнай бяспекі і атрыманьня мірных умоў для будаўніцтва нацый для многіх краін, уключаючы Беларусь. Безумоўна, што для правядзеньня такой палітыкі неабходна як палітычнае рашэньне самой суверэннай дзяржавы, так і зьмены палітычнага клімату ў цэлым сьвеце. Набыцьцё краінай нейтральнасці і адпаведныя зьмены ў Канстытуцыі грунтуюцца на міралюбівым настроі беларускага насельніцтва, на юрыдычнай норме аб імкненьні быць нейтральнай дзяржавай (Канстытуцыя РБ, Арт. 18), на сяброўстве ў Руху недалучэньня і ААН, на рознанакіраванасці беларускай эканомікі, і на прыкладах іншых краін, якія хочуць вызваліцца з-пад ціску Вялікіх краін. Прыняцьце стану нейтральнасці на рэферэндуме можа быць прававой і маральнай падставай для выйсьця краіны з ваенных блокаў і адкрые шлях да ўступлення да сістэмы глабальнай калектыўнай бяспекі. Адмоўнымі фактарамі для пачатку такога працэса з’яўляюцца каланіяльны характар узаемадносін паміж Расіяй і Беларусьсю, аўтарытарнасць кіраўніцтва і адсутнасць грамадзянскага дыялога, нео-савецкая ідэалогія разам з састарэлым тыпам эканомікі, які не шмат зьмяніўся праў 25 год існаваньня Рэспублікі Беларусь.
Спасылкі
[1]Эва М. Томпсан Песняры імперыі: Расійская літаратура і каланіялізм (пераклад з ангельскай). Мінск, Медысонт, 2009. 382 с.
[2] Пётра Мурзёнак: “КАБ ЖЫЛА БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯ” (эсэ). “Культура, Нацыя”, №14, чэрвень 2016, с.5-21.
[3]Т. Снайдэр T. Snyder The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569-1999. Yale University Press, 2003.
[4]On the Law of War and Peace. Hugo Grotius.: De Jure Belli ac Pacis, Chapter 17: RespectingThoseWhoareNeutralinWar, p.336. Translated from the original latin by A.C. Campbell, A.M. Batoche Books, Kitchener, 2001.
[5]Tanja Miscevic International Security Cooperation of the Republic of Serbia. In “Neutrality in the 21th Century – Lessons for Serbia”. ISAC Fond, 2013, p.13-16.
[6]H.E.C. Asp Introductory word. In “Neutrality in the 21th Century – Lessons for Serbia”. ISAC Fond, 2013, p.12.
[7]Spillmann, Kurt R., Andreas Wenger, and Derek Müller, eds. “The Premises of Ukrainian Foreign and Security Policy.” Between Russia and the West: Foreign and Security Policy of Independent Ukraine. Vol. 2. Bern: Peter Lang, 1999. 31-52
Piotra Murzionak: Neutrality of Belarus as the Transition to a Global System of Collective Security
(Abstract, magazine “CULTURE, NATION”, December 2016, issue 16, pp. 24–32)
The neutrality of Belarus is seen as one of the basic conditions for realization of “the Strategy of Belarusian Nation Development”. Neutrality, acquired with the support of society through a referendum, could provide the legal and moral basis for the country to be out of aggressive military blocs and at the same time paving the way to join the global system(s) of collective security. Despite the criticism of realists considering the idea of neutrality for Belarus as an utopia, the adoption of the status of neutrality can be respectful and perhaps the only step in the moral and legal framework in order to escape from the heavy colonial dependence on Russia. Obviously, for such a policy must be a political decision of a sovereign state itself, as well as the changes in the political climate in the whole world. Neutrality\armed neutrality for Belarus is based on the peaceful mood of the Belarusian population, on the legal norm of striving to be a neutral state (the Constitution of the Republic of Belarus, Art. 18), on membership in the Non-Aligned Movement and the United Nations, on diversity of Belarusian economy, and on the examples of other countries which want to break the pressure of Great powers.
Categories: Асьвета, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ