З’езд Саюза пісьменнікаў. Сарказм Барыса Пятровіча: «Вітаю вас, дармаеды і сацыяльныя ўтрыманцы»

4 сакавіка ў Мінску з’езд незалежнага Саюза пісьменнікаў.

XVII справаздачна-выбарчы з’езд Беларускага саюза пісьменнікаў ідзе ў мінскім Палацы мастацтваў.

На ім мусіць быць абранае новае кіраўніцтва найстарэйшай пісьменніцкай арганізацыі краіны.

Пакуль ішла рэгістрацыя, у зале гучала беларуская музыка — Вайцюшкевіч, «Уліс», «Без білета».

«Давайце павіншуем адзін аднаго з такім добрым кворумам», — сказаў, адкрываючы з’езд, паэт Анатоль Вярцінскі.

З’езд пачаўся ўрачыстым спевам «Пагоні» Багдановіча

ў класічным запісе хора «Унія» і хвілінай маўчання па 48 памерлых за час між з’ездамі пісьменнікаў. А гэты свет пакінулі, як адзначыў Алесь Пашкевіч, і два апошнія народныя паэты Беларусі — Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч.

Зала запоўненая цалкам. Ставяць дадатковыя шэрагі крэслаў, людзі сядзяць на падваконнях, стаяць у праходах.

Прысутнічаюць 251 з 470 сябраў арганізацыі.

Ёсць Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Алесь Бяляцкі, Леанід Дайнека, Наталка Бабіна, Вольга Бабкова, Марыя Роўда, Валярына Кустава, Раіса Баравікова, Таццяна Скарынкіна, Міхась Скобла, Лявон Баршчэўскі, Сямён Букчын, Леанід Галубовіч, Алесь Ліпай, Уладзімір Сцяпан, Андрэй Строцаў, Юрый Пацюпа, Сяргей Астраўцоў, Славамір Адамовіч, Анатоль Бутэвіч, Віктар Жыбуль, Анатоль Трафімчык, Анатоль Івашчанка…

На сход завіталі і запрошаныя грамадскія дзеячы — у прыватнасці дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім,

старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, старшыня МГА «Бацькаўшчына» Алена Макоўская, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, мастак-патрыярх Васіль Шаранговіч.

Гаспадар Палаца мастацтваў, старшыня Саюза мастакоў Рыгор Сітніца прысутнічаў і як сябра СБП.

З рэзкім словам да з’езда звярнуўся паэт і палітык Уладзімір Някляеў. Ён раскрытыкаваў парадак дня з’езда.

«Місія пісьменніка — пісаць. Але ў часы, калі перад Беларуссю стаіць пытанне быць ці не быць, Саюз пісьменнікаў павінен заявіць пра сваю грамадзянскую пазіцыю.

Над намі твораць здзек. То не прызнаюць творчай арганізацыяй, то патрабуюць даказаць, што Вярцінскі, Каско, Разанаў — пісьменнікі. Нібыта не яны пісьменнікі, а пісьменнікі — тыя, хто атабарыўся вакол міліцэйскага саюза спадара Чаргінца.

У нас забралі будынак Дома літаратара. Цяпер там атабарыліся «Белая Русь» і Чаргінец. Мы патрабуем вярнуць маёмасць Саюза пісьменнікаў, каб мы зрабілі яго цэнтрам беларушчыны.

І калі ўжо ўлада пачала гаварыць пра вяртанне да мовы, нацыянальнай культуры — мы чвэрць стагоддзя слухаем. Вярніце маёмасць.

Дайце нам доступ да радыё, тэлебачання. Мы патрабуем роўных умоў у дзяржаўных выдавецтвах.

Колькі разоў я казаў пра гэта. Мне ў адказ гучала: Уладзімір Пракопавіч, вы ўцягваеце нас у палітыку. Але цяпер жыццё такое: куды б ні пайшоў, ці ў тое ўступіш, ці ў палітыку.

Падладжвацца пад рэжым сёння — няправільная пазіцыя. Вось мы запрасілі на з’езд чыноўнікаў — з Міністэрства культуры, інфармацыі. І — нікога. Гэта іх пазіцыя.

Ніхто нашу культуру, літаратуру, не зратуе апроч незалежнай беларускай дзяржавы. Захаду ўсё адно, на якой мове мы размаўляем, усходу хочацца, каб мы былі рускім мірам…

Сорак гадоў таму, калі я ўступаў у Саюз пісьменнікаў, Барадулін сказаў мне: «Віншую з уступленнем у саюз сяброў, кожны з якіх табе пажыццёвы вораг». Так, зайздрасць, амбіцыі. Але пасля таго, як я сутыкнуўся з палітыкамі, беларускія літаратары ў параўнанні з імі проста анёлы з белымі крыламі», — іранізаваў Някляеў.

Ён прапанаваў сходу падтрымаць стварэнне Руху за дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі, які «насмерць будзе стаяць за беларушчыну» і выказаў гатоўнасць займацца яго арганізацыяй.

Пабыўшы на пачатку з’езда, Уладзімір Някляеў выправіўся ў Вільню, дзе сёння пройдзе прэзентацыя іх супольнага са Змітром Вайцюшкевічам дыска «У нашых снах».

Някляеву апаніраваў Старшыня ТБМ Алег Трусаў: «Бывалі ў гісторыі Беларусі сітуацыі горшыя. І сённяшнія падзеі ў Курапатах сведчанне гэтаму.

Задача пісьменнікаў — рабіць працу па адукацыі людзей. Адна кніга Арлова можа мець большае значэнне, чым дваццаць арганізацый і трыццаць мітынгаў».

Мне хацелася пачаць свой выступ са словаў: вітаю вас, дармаеды і сацыяльныя ўтрыманцы», —

з сарказмам казаў старшыня арганізацыі Барыс Пятровіч. Ён выказаў спадзеў, што ўлада ўключыць незалежны Саюз пісьменнікаў у спіс творчых арганізацый, сябры якіх не падпадаюць пад дэкрэт аб дармаедстве, «а ў ідэале — каб улада і ўвогуле адмяніла той Дэкрэт № 3».

Барыс Пятровіч (Сачанка) узначальвае Саюз беларускіх пісьменнікаў з 2011 года. Фота: Яўген Ерчак, Tut.by

Таксама ён падкрэсліў, што незалежны Саюз пісьменнікаў выстаяў, нягледзячы на ціск. І параўнаў сітуацыю з той, што склалася ў апошнія гады ў Расіі, дзе ўсе творчыя саюзы падпарадкаваліся дзяржаўнай ідэалогіі і нават не ўздымаюць голас супраць вайны ва Украіне і ў абарону дэмакратычных каштоўнасцей.

Старшыня са скрухай адзначыў, што сувязі з расійскімі літаратарамі з гадамі робяцца ўсё слабейшымі.

Затое сувязі з украінскімі літаратарамі мацнеюць. Асабліва заўважна — пасля падзей на Майдане, казаў Барыс Пятровіч. Ён згадаў і нядаўні скандал з затрыманнем у Мінску Сяргея Жадана, абвінавачанага ў тэрарызме па расійскіх спісах і вызваленага рашэннем МЗС пасля заявы беларускіх творчых саюзаў.

Звяртаючыся да надзённых клопатаў Саюза пісьменнікаў, старшыня падаў статыстыку беларускамоўнага кнігавыдавецтва.

З 9581 выдадзеных у Беларусі ў 2016 кніг толькі 1124 былі па-беларуску. Гэта кожная 8-9 кніга па назве і ўсяго 11,2% па накладах.

У кнігарнях беларускіх кніг 3-5%, і яны губляюцца ў моры рускамоўных. Паводле апытання грамадскай думкі 2014 года, 62,3% апытаных не цікавяцца беларускай літаратурай, а 69,7% папросту не ведаюць нікога з беларускіх пісьменнікаў.

«А Міністэрства інфармацыі кажа нам, што цікавасць да беларускай кнігі расце. Трэба апусціць ніжэй плінтуса, каб пасля ганарыцца мізэрным ростам», — адзначыў Барыс Пятровіч.

За пяць гадоў незалежны Саюз пісьменнікаў дапамог сваім сябрам выдаць 120 кніг, 25 электронных кніг і 7 аўдыёкніг.

«Перавагу мы аддавалі пісьменнікам з рэгіёнаў і жанчынам», — сказаў старшыня.

Кнігі амаль не прадаюцца па-за Мінскам, бібліятэкі іх не бяруць, нават калі даюць бясплатна, з сумам адзначыў ён.

«Да нас часам звяртаюцца з патрабаваннем напісаць «Вайну і мір». Але кожная літаратура — самадастатковая, у кожнай свае геніі і аўтарытэты», — завочна палемізаваў старшыня з кіраўніком дзяржавы. І звяртаў увагу на Святлану Алексіевіч, Уладзіміра Арлова, дзясяткі іншых творцаў, што заслужылі шырокае прызнанне ў свеце.

Барыс Пятровіч (Сачанка) узначальвае Саюз пісьменнікаў ад 2011 года, змяніўшы на пасадзе старшыні арганізацыі Алеся Пашкевіча.

Як паведаміў НН Барыс Пятровіч, Рада Саюза пісьменнікаў угаварыла яго балатавацца і на наступны тэрмін.

Першае ж галасаванне на з’ездзе прайшло па пытанні, якое вынікла проста ў зале: ці пускаць на з’езд паэта Эдуарда Акуліна. Ён быў намеснікам старшыні, але нейкі час таму падаў заяву аб прыпыненні сваёй дзейнасці з прычыны ўнутранага канфлікту. Пасля галасавання і выкрыкаў «за» і «супраць» з месцаў урэшце ахове далі загад пусціць Акуліна.

Пасля казалі госці і кіраўнікі рэгіянальных аддзяленняў.

Акадэмік Радзім Гарэцкі звярнуў увагу на вельмі цяжкі стан сядзіб-музеяў класікаў літаратуры.

У першую чаргу — музей Максіма Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы. Музей пераносіцца ў Мсціслаў, а ў Малой Багацькаўцы будзе пастаўлены знак. Ён прыгадаў сітуацыю з музеем Гарэцкага ў Горках, будынак якога знеслі перад Дажынкамі.

«Таксама была пастанова паставіць на яго месцы знак, але замест яго цяпер такая траўка. І пра той знак цяпер начальства не памятае. Тое самае цяпер паступова робіцца і з Глушай, дзе музей Алеся Адамовіча, з музеем Максіма Танка ў Пількаўшчыне, музеем Петруся Броўкі — грошай няма, нікога там няма, музей гіне!

Пад вялікім пытаннем таксама Бычкі Васіля Быкава».

Прамовы кіраўнікоў рэгіянальных аддзяленняў мусілі быць справаздачнымі, але часта яны збіваліся на рэчы агульныя, балючыя.

«Мой унук пайшоў у школу і адна матуля заяўляе: я не жэлаю, чтобы мой сын ізучал этот белорусскій язык! Рускі мір паўзе і паўзе.

Дзе я як праваслаўны магу памаліцца па-беларуску ў Гомелі? Звяртаюся да ўладыкі Стафана — ён адказвае: «Да што вы! Свяшчэннікі могут подняць бунт!», —

казаў кіраўнік Гомельскай філіі Саюза пісьменнікаў Анатоль Бароўскі.

Старшыня Магілёўскага аддзялення Мікола Яцкоў адзначыў, што, чым глыбей на раёны, тым менш начальства бачыць розніцы між незалежным і праўладным саюзамі пісьменнікаў. «Гэта дапамагае прабівацца ў школы, каб гаварыць з дзецьмі па-беларуску. Гэта самае галоўнае: размаўляць па-беларуску і па магчымасці сябраваць з уладамі. Яны ж таксама разумеюць, што шыльда з часам памяняецца…»

Перад перапынкам паэт Алесь Клышка зачытаў вітанне ад паэта Зніча (манаха Іаана), які не змог прысутнічаць на з’ездзе, бо яму на час посту нельга адлучацца з Жыровіцкага манастыра.

Паралельна са з’ездам у Палацы мастацтва адбываліся звычайныя сезонныя выставы-продажы адзежы і мёду.

Па выніках з’езда кіраўніком Саюза беларускіх пісьменнікаў быў пераабраны на новы тэрмін Барыс Пятровіч. За яго прагаласавалі 217 чалавек.

* * *

Саюз беларускіх пісьменнікаў

найстарэйшая творчая арганізацыя ў Беларусі. Ён быў заснаваны ў 1932 годзе. Удзел у стварэнні бралі Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны. Да канца Савецкага Саюза называўся Саюзам пісьменнікаў БССР, пасля займеў сучасную назву.

* * *

У 2005 частка сябраў Саюза беларускіх пісьменнікаў на чале з Мікалаем Чаргінцом выйшлі з яго, заснаваўшы Саюз пісьменнікаў Беларусі. Прычынай яны называлі «палітызацыю» і супрацьстаянне ўладзе. Ад таго часу ў Беларусі існуюць два саюзы пісьменнікаў: незалежны і праўладны. І праўладным да гэтага часу кіруе Мікалай Чаргінец. З’езд чаргінцоўскага Саюза пісьменнікаў Беларусі адбыўся ў снежні 2016. Яго вітаў прадстаўнік Адміністрацыі прэзідэнта, прысутнічалі міністры інфармацыі і культуры.
http://nn.by/?c=ar&i=186445



Categories: Літаратура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: