Беларускія скарбы Парыжа з Аляксеем Ластоўскім

“Наша Ніва”

Парыж валодае магічнай сілай. Апошнія два стагоддзі гэты горад, як магутная чорная дзірка, сцягвае да сябе палітычных выгнаннікаў, авантурыстаў, пісьменнікаў і мастакоў, што прагнуць прызнання і славы. Гэта ўнікальнае асяроддзе стварыла для горада ўнікальны шарм, на доўгі час зрабіўшы Парыж сусветнай сталіцаю культуры і моды. Цяпер у значнай ступені французская сталіца паразітуе на былой велічы, бо культурныя і палітычныя цэнтры даўно ўжо змясціліся ў іншыя гарады ды краіны, і мастак-пачатковец ужо не будзе імкнуцца ў Парыж — да прызнання ідуць іншымі шляхамі.

Калі французская сталіца паспяхова ўбірала ў сябе ўсе таленты і насычала імі свой імідж, то Беларусь так жа спраўна апошнія два стагоддзі прадукавала светлыя галовы, якія стваралі новае мастацтва, рабіліся класікамі, будавалі новыя дзяржавы — але за межамі нашага шэрага балоцістага краю. Больш за тое, за рэдкім выключэннем, ураджэнцы Беларусі прысвойвалі сабе іншыя культурныя і палітычныя кады, вымушана мімікравалі, што ніхто іх зараз і не атаясамлівае з гэтай тэрыторыяй. Міцкевіч вядомы як польскі паэт, у Віцебску паўстаў рускі авангард, пра Шагала пішуць, што ён рускі мастак, пра Суціна — літоўскі творца і г.д. Уласна «беларускае» для знешняй оптыкі — нешта перыферыйнае, вядомае толькі спецыялістам па Усходняй Еўропе. І гэта парадаксальная сітуацыя, з улікам сусветнай вядомасці культурных і палітычных герояў, паходжаннем з тэрыторыі Беларусі.

Таму можна радавацца, што гэтыя імёны гучаць на ўвесь свет, але для знешняга распазнавання Беларусі гэта асабліва нічога не дадае.

Гэту горкую выснову я падмацую фрагментамі актуальнай культурнай прасторы Парыжа.

«Шагал, Лісіцкі, Малевіч: рускі авангард у Віцебску, 1918—1922», Цэнтр Пампіду (28 сакавіка — 16 ліпеня)

Афіша выставы ў Цэнтры Пампіду.

Толькі што ў Парыжы ў славутым Цэнтры Пампіду завяршылася выстава, прымеркаваная да 100-годдзя прызначэння Марка Шагала камісарам па справах мастацтва ў Віцебску. Як вядома, Шагал, запёрты Першай сусветнай вайной у Віцебску, выступіў з ініцыятывай стварэння ў гэтым горадзе мастацкай вучэльні. Яго падтрымалі бальшавікі з разлікам, што там будзе кавацца новае пралетарскае мастацтва. І першай задачай для Шагала якраз было падрыхтаваць мастацкае афармленне для святкавання гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Марк Шагал. Наперад, наперад, без прыпынку. 1918. Pompidou Center, Францыя

Выкладаць архітэктуру і дызайн Шагал папрасіў Лісіцкага (тады яшчэ Лазара), з якім яны разам вучыліся маляванню ў Юдэля Пэна. Лісіцкі перацягнуў у Віцебск і Казіміра Малевіча, што стала ракавым крокам. Харызматычны супрэматыст заразіў бацылаю свайго вучэння ўсю моладзь у вучэльні, і Шагал страціў сваіх вучняў. Раз’юшаны, ён пакінуў Віцебск. Але на кароткі час Віцебск стаў лабараторыяй авангарду, Малевіч тут распрацоўваў асновы свайго супрэматызму і пераўтварыў яго ў рэальную мастацкую школу УНОВІС, Лісіцкі пад яго ўплывам перайшоў ад габрэйскага этнаграфізму да стварэння «проўнаў», «праектаў стварэння новага».

Эль Лісіцкі. Чырвоным клінам бі белых! 1919—1920. Van Аbbemuseum, Нідэрланды.

Як і чакалася для Цэнтра Пампіду, падрыхтавана выстава фундаментальна, задзейнічаны ўсе буйныя музеі, прычым адабраныя творы менавіта віцебскага перыяду. Тут убачыў, напрыклад, найлепшую калекцыю жывапісных проўнаў Лісіцкага, хоць бачыў дзве яго рэтраспектывы (у аўстрыйскім Грацы і паўгады таму ў Маскве).

Чытайце таксама: Суцін, «беларускі» Малевіч, Лісіцкі, 1917 і 1937: музейная Масква з Аляксеем Ластоўскім

Уразіў раздзел пра музей сучаснага мастацтва, які стварыў у Віцебску Шагал — у Цэнтры Пампіду паводле каталогаў сабралі творы, якія там прысутнічалі, а гэта карціны Ларыёнава, Ганчаровай, Кандзінскага, таго ж Малевіча. У Віцебску ад гэтай калекцыі засталіся рожкі ды ножкі, хоць два віцебскія музеі і Нацыянальны мастацкі музей досыць плённа паўдзельнічалі ў падрыхтоўцы выставы.

Мсціслаў Дабужынскі. Віцебск. 1919. Рускі музей, Расія.

Заўважу, што нечакана шмат і захавалася з творчасці Шагала гэтага віцебскага перыяду, хоць Віктар Марціновіч у кнізе «Шагал у Віцебску» распавядае, як былыя вучні мастака кралі яго палотны, каб на іх маляваць свае супрэматычныя шэдэўры. Ёсць як хрэстаматыйныя і добра вядомыя творы, як з Траццякоўкі ці «Над Віцебскам» з нью-ёркскага MOMA, але пераважна адкрыў для сябе новага Шагала, які шмат эксперыментаваў, нават з кубізмам і стварэннем калажаў. І спрабаваў рабіць рэвалюцыйную прапаганду, мушу сказаць, што, у адрозненне ад Лісіцкага, гэта ў яго зусім не атрымлівалася. Можа, і да лепшага.

Марк Шагал. Аўтапартрэт каля мальберта. 1918—1919. Прыватная калекцыя

Увосень выстава адкрыецца ў Габрэйскім музеі ў Нью-Ёрку. Але зноў жа, гэта выстава пра «рускі авангард», на жаль.

Марк Шагал. Над Віцебскам. 1915—1920. MOMA, ЗША.

«Дзікія душы. Сімвалізм у балтыйскім мастацтве», музей Арсэ (10 красавіка — 15 ліпеня)

Гэта самы буйны мастацкі праект да стагадовага юбілею 1918 года, калі на руінах Расійскай імперыі паўсталі новыя дзяржавы, зроблены ў супрацы Літвою, Латвіяй і Эстоніяй. На адкрыцці выставы прысутнічаў прэзідэнт Францыі Макрон, прыехалі таксама і прэзідэнты ўсіх задзейнічаных прыбалтыйскіх дзяржаў. Нашы суседзі са сваім мастацтвам прабіліся на адну з самых прэстыжных музейных пляцовак у свеце, гэта ўжо поспех — і добры прыклад для нашай краіны. Мы ў чарговы раз апынуліся збоку, хоць на выставе адзін з галоўных аўтараў — Фердынанд Рушчыц (добра, што хоць Беларусь пазначана як краіна яго нараджэння і смерці). Тут чатыры яго творы, якія звычайна выстаўленыя ў сталай калекцыі Літоўскай нацыянальнай галерэі ў Вільні, таму яны добра вядомыя, але ўсё роўна прыемна ўбачыць іх і ў Парыжы, тым больш выставу наведала вялізная колькасць людзей.

Афіша выставы ў музеі Арсэ

А творы Рушчыца першарадныя, адразу на ўваходзе вісіць яго вялізная карціна «Nec Mergitur» («Не патоне», дзіўна, але назва пераклікаецца з лозунгам Парыжа, Fluctuat nec mergitur, на гербе гэтага горада таксама адлюстраваны карабель на хвалях). Але ў Рушчыца карабель мае іншае значэнне — гэта сімвал Рэчы Паспалітай, дзяржавы, якая на час напісання карціны (1905 год) знікла з палітычных мапаў, але не знікла з палітычных ідэй і гістарычнай свядомасці.

Фердынанд Рушчыц. Nec Mergitur. Літоўскі мастацкі музей

Таксама глыбокім сімвалічным сэнсам напоўнена і карціна «Мінулае» (1902—1903), дзе стары віленскі палац, занесены снежнай віхураю, чакае вясну, аднаўленне, разбудову. Твор напоўнены змрочным настроем (які перадаецца і пахмурным небам), меланхалічным сумам па былой велічы, захапленнем культурнай спадчынай Вільні, якая перажывае цяжкі час пад панаваннем Расійскай імперыі. У адпаведнасці з прынцыпамі сімвалізму ў творах Рушчыца пануе ілюзорная атмасфера, напоўненая энігматычнай сімволікай, дзе прырода адлюстроўвае касмічны парадак, а архітэктура дэманструе нацыянальнае мінулае.

Фердынанд Рушчыц. Мінулае. Літоўскі мастацкі музей

Творы Рушчыца істотна вылучаюцца на выставе, хоць там і шмат выбітных мастакоў з прыбалтыйскага рэгіёну. Шмат Чурлёніса, вывезлі добрую палову яго калекцыі з музея ў Коўне. Агулам прыбалтыйскае мастацтва эпохі мадэрну яўна мае сваю адметнасць, значна больш уцягнута ў этнічную культуру, чым тое было характэрна для заходнееўрапейскіх мастакоў, для якіх горад быў адзіным цэнтрам культуры. І таксама адзначу адчувальныя скандынаўскія ўплывы, асабліва для эстонскіх і латышскіх мастакоў.

Конрад Мягі. Партрэт нарвежскай дзяўчыны. 1909. Мастацкі музей Тарту, Эстонія

Застаецца толькі ганарыцца, што і Фердынанд Рушчыц стаў ключавой фігурай для гэтага звышпрэстыжнага выставачнага праекту.

Выдатны знаўца мінскай гісторыі Віктар Корбут раскапаў цікавы факт, што мінчукі маглі пазнаёміцца з протаварыянтам гэтай выставы яшчэ ў 1911 годзе, калі ў будынку польскага таварыства Ognisko (зараз — вул. Інтэрнацыянальная, 30) зладзілі выставу літоўскага мастацтва. Прывезлі творы таго ж Чурлёніса і Жмуйдзінавічуса, а Фердынанд Рушчыц (які быў і адным з арганізатараў гэтай выставы) прадставіў мінскай публіцы свой твор Nec Mergitur. Парадаксальна, але больш чым на сто год Мінск абышоў Парыж!

Хаім Суцін у музеі Аранжэры

Музей Аранжэры — адно з маіх любімых месцаў у Парыжы, ён не настолькі затаптаны турыстамі, як больш славутыя музеі, але дзве залы з белымі гарлачыкамі Клода Манэ і бліскучая калекцыя арт-дылера Поля Гіёма абавязкова вартыя наведвання. Там больш ціха і ўтульна, галерэя невялікая, але ад канцэнтрацыі шэдэўраў перахоплівае дыханне.

Асобны пакой адведзены і Хаіму Суціну, паколькі Поль Гіём быў адным з першых, хто ацаніў талент гэтага дзікуна са Смілавіч. Менавіта ён звёў Суціна з філадэльфійскім калекцыянерам Альбертам Барнсам, які адразу набыў у мастака 52 (!!!) яго карціны ў 1922 годзе. Неймаверна ўсцешаны, Суцін адразу ўзяў таксоўку і паехаў у Ніцу. Пачалася слава, калекцыянеры пачалі бегаць за творамі. Але па завяшчанні Барнса яго калекцыя не можа пакідаць Філадэльфію, таму музей Аранжэры можа пахваліцца найбольш буйной калекцыяй Суціна ў Еўропе, пад якую адведзены асобны пакой. Тут і некалькі партрэтных працаў, пейзажы з поўдня Францыі і знакамітыя кавалкі мяса.

Мастак падвешваў у сваёй студыі тушы мяса і, не зважаючы на адпаведны «водар», апантана іх маляваў. Сусед па «Вуллі» Шагал быў заўважыў ручаі крыві, што выцякалі з-пад дзвярэй студыі Суціна, і падумаў, што з тым здарылася трагедыя. Але што не зробіш дзеля высокай сілы мастацтва!

Хаім Суцін. Алтарны служка. 1927—1928. Музей Аранжэры, Францыя

Хаім Суцін. Дамы. 1920—1922. Музей Аранжэры, Францыя

Толькі заўважце, на сайце музея Аранжэры Суцін пазначаны як «французскі мастак паходжаннем з Літвы», чаму раптам Смілавічы дагэтуль лічацца літоўскай тэрыторыяй для мяне застаецца загадкай.

Музей Міцкевіча ў Парыжы

Як вядома, наш славуты паэт правёў у Парыжы ладную частку свайго жыцця, тут ён асеў па выніку палітычнай эміграцыі ў 1832 годзе, тут ён напісаў «Пана Тадэвуша», выкладаў у Калеж дэ Франс, захапіўся містычным вучэннем Тавяньскага. Як аматар піва, адзначу, што, па ўспамінах сучаснікаў, Міцкевічу хутка надакучыла знакамітае французскае віно і з землякамі ён заўжды выбіраўся пагаманіць за куфлем піва.

Музей Міцкевіча быў створаны на аснове Польскай бібліятэкі ў 1903 годзе сынам паэта, Уладзіславам. Займае ўсяго адзін пакойчык, вельмі сціпла. Але падабраны ўнікальныя рэчы: акт аб нараджэнні Адама Міцкевіча з навагрудскага касцёла, ружанец на памяць ад Марылі Верашчакі, пашпарт, з якім паэт выехаў з Расіі, розныя рукапісы і лісты. Таксама і мастацкія творы, звязаныя з Міцкевічам, шматлікія скульптуры і бюсты (у тым ліку і мадэль будучага помніка Міцкевічу аўтарства Эміля Антуана Бурдэля, які зараз упрыгожвае бераг Сены, і партрэт піяністкі Марыі Шыманоўскай ад Валенція Ваньковіча). Невялікі, але запоўнены памяццю музей, шкада, што працуе ў вельмі дзіўным рэжыме (ад серады да суботы, час працы 14.15 — 18.00), не так проста і патрапіць.

Музей Міцкевіча ў Парыжы. Здымак Аляксея Ластоўскага

Ружанец на памяць Адаму Міцкевічу ад Марылі Верашчакі. Здымак Аляксея Ластоўскага

Валенці Ваньковіч. Партрэт піяністкі Марыі Шыманоўскай. Польская бібліятэка ў Парыжы

Таксама ў гэтым жа будынку знаходзіцца салон Шапэна, працуе польская бібліятэка. Па словах даследчыцы беларускай кнігі Ліліі Коўкель, у рукапісных багаццях бібліятэкі (яшчэ не цалкам упарадкаваных) шмат скарбаў, звязаных з Беларуссю, і айчынных вучоных там чакае яшчэ шмат працы.

Непадалёк, на тым жа востраве Сен-Луі, знаходзіцца гатэль «Лямбэр», дзе жыў князь Адам Ежы Чартарыйскі і які быў цэнтрам польскай эміграцыі. У салоне гатэля праводзіліся і культурныя імпрэзы, дзе выступалі той жа Міцкевіч і Шапэн. Толькі мінулыя ўладальнікі будынка, Ротшыльды, прадалі яго арабскім шэйхам, якія запланавалі зрабіць рэнавацыю пад новы гатэль класа люкс. Падчас будаўнічых прац адбыўся пажар, гатэль моцна пацярпеў, цяпер стаіць за плотам, і невядома, калі будзе адчынены.

Магіла Міколы Абрамчыка на могілках Пер-Лашэз

Толькі ў ХХ стагоддзі эміграцыя з нашых земляў у Парыж набывае беларускую ідэнтыфікацыю. У 1930 годзе з Прагі ў Парыж перабіраецца інжынер Мікола Абрамчык, які стварае першую беларускую суполку «Хаўрус беларускай працоўнай эміграцыі», выдае тут газету «Рэха».

Па ўспамінах былых паплечнікаў, Абрамчык быў нейкім мегашпіёнам, які стварыў і каардынаваў антысавецкае падполле ў Мінску на чале з Усеваладам Ігнатоўскім. Але ці верыць гэтым успамінам — яшчэ пытанне спрэчнае. Важнейшае тое, што Мікола Абрамчык меў давер прэзідэнта БНР Васіля Захаркі, які тастаментам перадаў яму свае паўнамоцтвы. Ужо пасля вайны, у 1947—1948 гадах на падставе гэтага тастаменту Абрамчык аднаўляе дзейнасць Рады БНР, якую і ўзначальвае да сваёй смерці ў 1970 годзе. Гэта быў няпросты час для палітычнай эміграцыі, разгарэлася і шалёная канкурэнтная барацьба за прадстаўніцтва беларускіх інтарэсаў з Беларускай цэнтральнай радай на чале з Радаславам Астроўскім. Да плюсаў дзейнасці Абрамчыка можна занесці тое, што быў адноўлены беларускі палітычны цэнтр, не заплямлены калабарацыяй з нацыстамі (у адрозненне ад БЦР), былі наладжаны стасункі з палітычнымі асяродкамі іншых паняволеных камуністамі нацый, і гэта шмат паспрыяла актуалізацыі беларускага пытання на міжнароднай арэне.

Азмрочвае памяць па Абрамчыку той факт, што ў яго захоўвалася частка архіваў БНР пражскага перыяду, якія мусіла перадаць удава палітыка Ніна, вядомая і як беларуская пісьменніца (пад псеўданімам Ніна Раса). На жаль, з-за спрэчак і валтузні гэты архіў так і не быў перададзены. Куды ён знік — невядома. Наталля Гардзіенка сустракалася на гэты конт з Альгердам Абрамчыкам, сынам прэзідэнта БНР, але і той нічога не змог распавесці пра лёс архіва. Паводле адной з версій, досыць экзатычнай, ён можа быць схаваны і ў магіле Міколы Абрамчыка на славутых парыжскіх могілках Пер-Лашэз. Магіла, дарэчы, не так даўно была знойдзена, ці, хутчэй, публіцы стала вядома яе месцазнаходжанне, пры жаданні можна скарыстацца дэталёвай інструкцыяй, паводле якой магілу вельмі лёгка знайсці.

Аляксей Ластоўскі ля магілы Міколы Абрамчыка. Могілкі Пер-Лашэз, Парыж

Зразумела, што за пару ліпеньскіх дзён у французскай сталіцы немагчыма нават прайсціся па ўсіх нашых мясцінах.

Мастак і кампазітар Напалеон Орда некаторы час узначальваў славутую Італьянскую оперу ў Парыжы (тагачасны будынак захаваўся, толькі месціцца там цяпер банк).

Ёсць і дом-музей віцебчука Восіпа Цадкіна на Манпарнасе.

Пры наведванні Оперы Гарнье варта звярнуць увагу на плафон, размаляваны Маркам Шагалам.

Можна і варта згадаць пра Ежы Гедройця, ураджэнца Мінска і вялікага сімпатыка беларускай справе, які быў рэдактарам легендарнага часопіса «Культура» (ахвотныя могуць пашукаць і ўспаміны Ігара Бабкова пра сустрэчу з Гедройцем у Мэзон-Ляфіт).

Беларускія пісьменнікі ХХ стагоддзя таксама таўкліся па Парыжы, што іранічна Альгерд Бахарэвіч прааналізаваў у сваёй кнізе «Бэзавы і чорны». Не чужы нам горад, толькі беларусы ў парыжскай оптыцы — адны з нешматлікіх прадстаўнікоў бясконцых натоўпаў варвараў, мігрантаў, прайдзісветаў, геніяў, турыстаў, якія напаўняюць гэтыя вуліцы. І часам пакідаюць свой след.

Аляксей Ластоўскі
https://nn.by/?c=ar&i=213130



Categories: Культура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: