Альгерд Абуховіч – пісьменнік, які ўдзельнічаў у нацыянальна-вызвольным паўстанні

 
АЛЬГЕРД АБУХОВІЧ

Сёння – дзень памяці аднаго з першых беларускіх пісьменнікаў.

Адзін з першых беларускіх пісьменнікаў Альгерд Абуховіч, ён жа граф Бандынэлі, нарадзіўся 6 жніўня 1840 году ў мясцовасці Калацічы Бабруйскага павету (цяпер Глускі раён, Магілёўшчына), піша harodniaspring.org.

Паходзіў з шляхецкай сям’і Рышарда і Караліны Абуховічаў, маці была з італійскага графскага роду Бандынэлі, адсюль і псеўданім паэта. У 1852-54 гадах вучыўся ў Слуцкай кальвінскай гімназіі. Прыкладна ў 1855-ым выехаў за мяжу. Спачатку жыў у Жэневе, дзе ўзмацнілася яго цікавасць да кальвінісцкага вучэння. Пасля перабраўся ў Францыю. Сустракаўся з вядомымі палітычнымі дзеячамі. У гэты час Абуховіч шмат падарожнічаў, пабываў амаль ва ўсіх еўрапейскіх краінах, удасканаліў свае веды ангельскай, французскай, нямецкай і італійскай моваў. Пазней гэта вельмі дапамагло ў яго працы перакладчыка.

У канцы 1862-га ці пачатку 1863-га Альгерд Абуховіч вярнуўся ў Беларусь. Удзельнічаў у нацыянальна-вызвольным паўстанні. За гэта расейскай уладай быў высланы ў Сібір. Пасля вяртання імкнуўся раздаць сваю зямлю сялянам, але супраць узнялася ўся радня і пагражала абвесціць паэта вар’ятам. З-за гэтага пакінуў свой маёнтак, родны дом, парваў адносіны з сваякамі, забраўшы толькі кнігі з бібліятэкі і з’ехаў. Нейкі час жыў у свайго сябра Расудоўскага ў маёнтку Курганы, а пасля пасяліўся ў Слуцку. Там займаўся рэпетытарствам, вакол яго ўтварыўся гурток беларускай моладзі. З гэтай творчай плыні выйшла некалькі вядомых асобаў, удзельнікаў беларускага незалежніцкага руху, у іх ліку Язэп Дыла і Пётр Карповіч.

Альгерд Абуховіч нароўні з Францішкам Багушэвічам – адзін з пачынальнікаў жанру байкі ў беларускай літаратуры. Вядомыя яго творы “Ваўкалак”, “Старшына”, “Сход”, “Суд”, “Воўк і ліса”, першыя дзве з іх надрукаваныя ў “Беларускім календары” 1915 году. Пісаў Абуховіч у рэчышчы крытычнага рэалізму, часам у рамантычнай манеры. Пры жыцці ня меў магчымасці друкавацца, таму захавалася толькі невялікая частка твораў. У байкі ўкладаў сатыру на паслярэформенную Расейскую імперыю, уздымаў праблемы свабоды чалавечай асобы. Шмат перакладаў з рускай, польскай, заходнееўрапейскіх літаратураў. Як перакладчык Абуховіч узбагаціў беларускую літаратуру творамі Гётэ (“Фаўст”), Шылера (“Разбойнікі”), Байрана, Дантэ, Гюго, Пушкіна, Лермантава, Міцкевіча і іншых. Пакінуў пасля сябе мемуары, якія былі надрукаваныя ў газеце “Гоман” у 1916-ым г. Вёў дыскусію з Францішкам Багушэвічам пра дыялектную аснову беларускай мовы і пурызм.

Час ад часу Абуховіча ў Слуцку наведвалі доктар Янушэвіч, Расудоўскі, Машэўская, Узлоўская. Сваю бібліятэку і рукапісы Абуховіч аддаў Казіміру Аколаву, які жыў тады ў Слуцку і часта наведваў яго ў час хваробы. Пазней Аколаў пераехаў у Варшаву, а рукапісаў Абуховіча ніхто так і не знайшоў. За 18 гадоў сваркі паміж Абуховічам і роднай сястрой не было сустрэч, і толькі калі ўжо Альгерд цяжка захварэў, яна два разы наведала яго. Цяжкая хвароба абарвала жыццё паэта заўчасна. Памёр Альгерд Абуховіч 22 жніўня 1898 году ў Слуцку. Пахаваны на мясцовых могілках. Жонка яго памерла ў Пецярбургу ад сухотаў значна пазней. Глуханямая дачка пісьменніка жыла ў цёткі ў Пецярбургу.

Лекар Тодар Кулеша ва ўспамінах даў арыенціры магілы Абуховіча – яна непадалёк ад уваходнай брамы слуцкіх каталіцкіх могілак з краю злева.



Categories: Гісторыя, Літаратура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: