Сяргей Панізьнік: Пра беларускія мерыдыяны, украінскія паралелі, львоўскі экватар. ПАМЯТНЫЯ  ДАТЫ  2019 года. Часопіс “Культура. Нацыя”, красавік 2019, №23, с. 87-105.

 

logo for chasopis

990 гадоў ад нараджэння Усяслава Чарадзея, сына Брачыслава, унука Рагнеды (29.07.1029 – 14 /21/.04.1101).  975 гадоў таму заняў пасад князя Полацкага (1044 – 1101); быў на пасадзе князя кіеўскага (1068-1069).

“Мяне гукалі леты на улонне, / каб летапісы дзвінскія бярог…
Як Усяслаў, дасюль я у палоне / маіх на бацькаўшчыну выбраных дарог.
І Беларусь крывіцкая аберуч / узважвае сыноўскае крыло:
маю любоў, маю адданасць, веру,– / усё, што вывела мяне за родны бераг
і што назад на бераг прывяло.”
(З верша С. Панізьніка “Бераг” у зб. “Слова на дабрыдзень”. 1982)

915 гадоў ад нараджэння княжны,  заступніцы і нябеснай апякункі нашай зямлі Еўфрасінні Полацкай (5.01.1104 – 5. 06.1173). Першая жанчына, кананізаваная Рускай праваслаўнай царквой у 1547 г., прылічана да ліку святых у 1893 г. Па яе заказе майстар-ювілір Лазар Богша ў 1161 г. стварыў напрастольны крыж. Мастацкія асаблівасці шэдэўра сведчаць пра сувязі з традыцыямі кіеўскай ювелірнай школы.  У 1187 г. мошчы Еўфрасінні з Іерусаліма былі перанесены ў Феадосіеву пячору Кіева-Пячэрскай лаўры. 23.05. /5.06./ 1910 г. нятленныя астанкі перавезены ў Полацк – у Спаса-Еўфрасінеўскі манастыр.
5 чэрвеня – Дзень Прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай.

“Я – адна / Кветка зорная / З неба сіняга.
Я – вясна / Непаўторная. / Еўфрасіння Я!”
(З песні “Споведзь”: музыка Віктара Войціка, словы Сяргея Панізьніка).

 

450 гадоў таму ў выніку Люблінскай уніі 1.07.1569 г. з Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага і Польскага каралеўства утварылася федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Туды ўваходзілі землі сучасных Польшчы, Беларусі, Літвы, Латвіі, часткова Украіны. Рэч Паспалітая праіснавала да 1795 г.
“Толькі Край, дзе радзіўся і вырас, / мае сілы і волі працяг.
Беларусь – летуценне  навыраст, / на якім і мой Герб, і мой Сцяг”.
(З верша С. Панізьніка “За абрысамі летуценняў”. Львоў, ліпень 1963)

450 гадоў таму Іван Фёдараў з Пятром Мсціслаўцам выдалі “Евангелле вучыцельскае” (1568—1569) , а таксама першыя на Беларусі кнігі “Псалтыр”, “Часасловец” (1569—1570).

 

445 гадоў таму Іван Фёдараў у 1574 г. выдаў у Львове першую ўкраінскую друкаваную кнігу “Апостал” і наступную – “Азбуку” (“Буквар”). У Астрогу (1.05.1581 г.) выдаў “Храналогію” Андрэя Рымшы: гэта першы беларускі друкаваны каляндар і першы  выдадзены твор беларускай паэзіі.
Івана Фёдарава (Федаровіча) з беларускага роду Рагозаў лічаць заснавальнікам кнігадрукавання і ў Расіі, і ва Ўкраіне. Пахаваны “друкар кніг дагэтуль нябачаных” у Ануфрыеўскім манастыры Львова.

“Самотны Леў стаіўся каля вежы. / Ён зіркачам-хімерам не раўня.
Туман яго атульвае ў начлежжы, / загрывак абдымае цішыня.”
(Урывак з верша “Львоў” (Альбоў) Наталкі Пазняк у перакладзе С. Панізьніка.  У зб.”Пры сьвячэньні…”, 2004)

 

205 гадоў ад нараджэння Тараса Шаўчэнкі (9.03.1814 – 10.03.1861)—украінскага пісьменніка, мастака, грамадскага дзеяча, заснавальніка новай украінскай літаратуры і нацыянальнай літаратурнай мовы. 190 гадоў таму казачок (дваровы) П.Энгельгарта прабіраўся  Віленскім гасцінцам . Каля вёскі Мясата Маладзечанскага раёна ўстаноўлены мемарыяльны знак у гонар тых, хто праходзіў у Вільню гэтым гасцінцам: М. Агінскі, С. Будны,Т. Шаўчэнка, Я. Купала,  Я. Колас, Я. Судрабкалн, М. Гогаль, К. Цвірка і дзесяткі іншых. У 1839 г. у Пецярбургу Шаўчэнка пазнаёміўся з Я. Баршчэўскім, Р. Падбярэзскім. Супрацоўнічаў з З.Серакоўскім, Э. Жалігоўскім, Я. Станкевічам. Сябраваў з Б. Залескім. У 1843 г. па дарозе ва Ўкраіну  наведаў Віцебск, Магілёў, Гомель.
Творы Т. Шаўчэнкі перакладалі Я. Купала, А. Гурло, Ф. Чарнышэвіч, А. Паўловіч, А. Гарун, Я. Колас, Зм. Бядуля, К. Крапіва, П. Броўка, П. Глебка, А. Куляшоў, Р. Барадулін…
У 2014 г. выйшаў  зборнік вершаў Тараса Шаўчэнкі “І мёртвым, і жывым, і ненароджаным” ( укладальнікі Т. Кабржыцкая і В. Рагойша).

“Шлях з Мінска да Вільні: / ад ветласці – ў роднасць…
Слуга, ён быў вінен, бо думаў пра годнасць.
Наперадзе страты, салдацкія ранцы…
Ён Віленскім трактам ідзе – у паўстанцы!”
(З верша С. Панізьніка “Віленскі гасцінец”. У зб. “Мацярык”, 1984.         Пераклаў на украінскую мову Раман Лубкіўскі)

 

160 гадоў ад нараджэня Янчука Мікалая Андрэевіча (29.10.1859 – 6.10.1921)—беларускага, украінскага, рускага славіста, этногафа, фалькларыста, антраполага, літаратуразнаўца, пісьменніка. Пасля 1917 г. у Маскоўскім універсітэце чытаў курс лекцый па беларускай і украінскай літаратурах. Прымаў удзел у заснаванні Беларускага дзяржаўнага універсітэта, дзе з 1921 г.  прафесар на кафедры беларускай літаратуры і этнаграфіі. Даследаваў песенную культуру Падляшша, Палесся, Беларусі і Украіны. Сцвярджаў самастойнасць беларускай і украінскай культур і народаў.

“А бывай, мамка, здарова, / А мне выйшла з Украіны дарога.
Ды ці будзець мая мамка бедаваць? / –А ня буду, мая дзетка, ня буду.
Праз год, праз гадочкі забуду. /–А няпраўда, мая мамка, няпраўда:
–Ды на сіне мора хусты праць як пайду,/ Тады ўспомніць мяне  мамка на раду”.
(Запісаў С. Панізьнік у 1968 г. у в. Бабышкі ад Ірыны Талочка, 1917 г. н.)

 

155 гадоў таму нарадзіўся Уладзімір Самійленка (3.02.1864—12.08.1925)—украінскі драматург, перакладчык, паэт-лірык, сатырык. З дапамогай Івана Франка друкаваўся і выдаваў кнігі ў Львове. Працаваў у Чарнігаве. Выбраныя творы былі выдадзены ў 1926 г., творы ў двух тамах – у 1958 г.

155 гадоў ад нараджэння Міхайлы Кацюбінскага (17.09.1864—25.04.1913)—класіка украінскай літаратуры.

130 гадоў ад нараджэння і 80 гадоў Памяці пра Міхайла Драй-Хмару (10.10.1889 – 19.01.1939) – украінскага паэта, неакласіка, перакладчыка, літаратуразнаўца, педагога, вучонага-славянаведа. 95 гадоў таму ён у Кіеве выдаў зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Вянок” –у сваім перакладзе,  з уступным артыкулам, каментарамі.
Першай ластаўкай, што пераляцела з Беларусі на Украіну, назваў гэтае выданне сам М. Драй-Хмара.
Вязень “исправтрудлагеря” быў расстраляны на Калыме.

“Будзь зямлёй святою, Баць-каў-шчы-на!
Сем дарожак з дому, дадому – адна”.
(З верша С. Панізьніка “Сем дарожак з дому”, 09.1969 г. У зб. “Палявая пошта”, 1972)
125 гадоў ад нараджэння Васіля Эллана-Блакітнага (12.01.1894 – 4.12.1925) – украінскага паэта, празаіка, палітычнага і грамадскага дзеяча. Васіль Элланскі вучыўся ў духоўнай семінарыі на Чарнігаўшчыне, у Кіеўскім камерцыйны інстытуце. Разам з Міколам Хвылевым, Аляксандрам Даўжэнкам быў заснавальнікам і рэдактарам часопіса “Всесвіт”. Пасля 1934 г. так званы “буржуазны нацыяналіст” доўгі час быў у забыцці. Рэабілітаваны пасля 1956 г.
У спадчыне творцы – тры зборнікі вершаў, выданні навэлаў, нарысаў, публіцыстычнай прозы. Памёр у Харкаве.

Васіль Эллан-Блакітны

Напагатове  (На чатах)

Стогны і раны – так проста.
Промняў пяток – і расвецце.
Смерць прыглядаецца востра
Да чырвані зор на кашкеце.

Мільёнаразова ударыць
Прама ў аблічча, у грудзі.
Зубы зацяўшы, на варце
Стой, адбівайся – будзем.

Промні – мячоў трохкутнік —
Аж на край свету мецяць.
Выбух расквеціцца… Хутка?
Зараз. Трымайся. Агледзься.

Будзем размахам грымотаў.
Будзень аздобім пурпурам.
Чырвань у калаваротах,
У навальніцах —
Віхурна.

Пераклаў з украінскай мовы С. Панізьнік.  Львоў, красавік 1967 г.

 

110 гадоў а нараджэння Багдана-Ігара Антоныча (5.10.1909 – 6.07.1938)—укранскага паэта, празаіка, літаратуразнаўца, перакладчыка. У 1928—33 гг.—студэнт Львоўскага універсітэта. Марыў стаць кампазітарам. Пры жыцці выйшлі тры зборнікі Антоныча, тры – пасля смерці.

Слухай, свайго сына Бацькаўшчына кліча
самым простым, непаўторным, вечным Словам.
Водсветам віровым зоры і абліччы,
людзі чарнавокія, пявучая мова.
( Урывак з верша “Бацькаўшчына”. Пераклаў з украінскай мовы С. Панізьнік. У зб. “Сустрэча роднасных сусветаў”, 1997)

 

110 гадоў таму, у 1909 г. педагог Іван Крыпякевіч (25.06.1886—21.04.1967)—выдатны вучоны- гісторык , аўтарытэтны знаўца беларускай культуры выдаў брашуру “Білоруси”, дзе разглядаў гісторыю і пісьменства Беларусі, сувязі з Украінай, ацэньваў творчасць беларускіх пісьменнікаў. Упершыню ва Ўкраіне былі змешчаны ў перакладзе Мікіты Шапавала вершы Янкі Купалы “А хто там ідзе?” і “Памяці Шаўчэнкі”. Іван Крыпякевіч пісаў: “Творы Купалы – гэта гарачы заклік у абарону ўсіх прыгнечаных, кліч да барацьбы за лепшую долю беларускага народа”. Аўтар распавёў пра Васіля Цяпінскага, Ф. Скарыну, Ф. Багушэвіча. Для больш шырокага пазнання тэмы заклікаў прачытаць творы Д. Дарашэнкі, І. Свянціцкага, Я. Карскага, прапаноўваў падпісацца на газету “Наша Ніва”.
Гучыць і такое прызнанне І. Крыпякевіча: “Сярод беларусаў знайшлі мы, украінцы, шчырых сяброў і суседзяў. А іначай не магло быць. Амаль усю мінуўшчыну пражылі мы разам з беларусамі, і ніколі не было між двума народамі якой-небудзь нязгоды… У долі і нядолі ішлі мы ўсе разам”.

 

110 гадоў таму ў львоўскім гадавіку “Літературно-науковий вістнік” (ліпень-верасень 1909 г.) надрукавана нізка вершаў “З беларускай паэзіі”, падрыхтаваная перакладчыкам Мікітам Шапавалам (1882—1931). Акрамя купалаўскіх, ён пераклаў і два вершы М. Багдановіча: “Над магілай” і “Прыдзе вясна”.
А сам М. Багдановіч пераклаў вершы Т. Шаўчэнкі, І.Франка, М. Кацюбінскага, В. Стэфаніка, В. Самійленкі і інш.

“Пясняр – ён ваяр і гісторык, / і чорнарабочы, калі
становяцца светлыя творы / малітваю горкай зямлі”.
(З верша С. Панізьніка “Паклон” у зб. “Мацярык”, 1984)

 

110 гадоў таму (вясной 1909 г.) Максім Багдановіч лячыўся ў Ялце (Аўтка, малочная ферма “Шалаш”. Летам 1915 г. лекаваўся ў Старым Крыме. Наведаў Кактэбель, Феадосію. У лютым 1917 г. зноў трапляе ў Ялту ( назаўсёды).
“Шалаш” знаходзіўся на вуліцы Крымская, 2. Яе пераназвалі ў вул. М. Багдановіча. А на будынку былой малочнай фермы была ўстаноўлена мемарыяльная шыльда: “В этом доме в 1909 году жил белорусский поэт Максим Богданович. 1891 – 1917 г.г.”
Побач, у Місхоры, у 1957 г. быў устаноўлены помнік работы Заіра Азгура з надпісам: “Выдатнаму беларускаму паэту Максіму Багдановічу (1891 – 1917)”, які ў 1959 г. стаў узнёслай аздобай парку пры санаторыі “Беларусь”. 30 гадоў таму, у снежні 1989 г., у Ялце была ўстаноўлена мемарыяльная дошка з барэльефам: “На этом месте находился дом, в котором жил (с марта по май 1917 г.) и умер 25 мая 1917 г. выдающийся белорусский поэт Максим Богданович”. На мітынгу ў гонар такой падзеі дошку адкрыў паэт Мікола Аўрамчык, выступілі скульптар Генадзь Мурамцаў, дырэктар музея М. Багдановіча ў Мінску Алесь Бяляцкі, паэт Сяргей Панізьнік.
На ялцінскіх гарадскіх могілках (сектар №7) у 1924 г. быў пастаўлены помнік Паэту. У 2003 г. яго замяніў новы варыянт помніка, створаны Львом і Сяргеем Гумілёвымі.

“З песняй кахання ўзнадзеіцца вера. / Промні пастукалі ў шыбу акна,
Каб над Ай-Петры не смягла Венера – як пры Максіме – адна.”
(З песні “Світальная зорка (Максіму Багдановічу)”: музыка Міколы Яцкова, словы Сяргея Панізьніка)

 

105 гадоў таму, у 1914 г. выдадзены творы Максіма Багдановіча ў выдавецтве К. Ф. Някрасава : “Червоная Русь. Австрийские украинцы”: Серия “Библиотека войны”№8-9; “Угорская Русь”, №24; “Братья-чехи”, № 28.
У артыкуле “Львоў” (1914 г.) Максім Багдановіч пісаў: “Львоў вельмі прыгожы і знакаміты. Ён угняздзіўся сярод гор, на адной з якіх, а непасрэдна на “Замкавай гары”, расце дзівосны парк”.

А калі б так: апантаны турыст уздымаецца на старажытную вось гэтую Замкавую гару і, прыпыніўшыся, учытваецца ў сціплы надпіс:”Тут адпачываў М. Багдановіч па дарозе з Аўткі ў Вільню”.
“На планеце ля дзяржаўных вежаў  / весніцца сваяцкая душа,–
і няма  — у роўнасці – замежжа, /  і знікае – ў роднасці – мяжа”
(З верша “Дзянніца-заранка” у зб. С. Панізьніка “Нас – многа!”. 2012)

 

100 гадоў таму пачаў выходзіць тыднёвік “Воля” (1919—1921)—спачатку ў Львове, а потым у Вене пад рэдакцыяй Андрэя Горленкі. У перакладзе на украінскую мову Аляксея Ярэмчанкі там надрукаваны вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Алеся Гаруна.
А. Ярэмчэнка змясціў у “Волі” (верасень 1921 г.) “Кароткі нарыс гісторыі беларускай літаратуры”. А ў 1922 г. у прыгарадзе Берліна – Шарлотэнбурзе выдаў на гектографе зборнік сваіх перакладаў пад назвай “Білорусь”. Там – 17  вершаў М. Багдановіча, 4—Я. Купалы, 2—Я. Коласа, па адным А. Гаруна,  Зм. Бядулі, Г. Леўчыка.

“І заўтра хтось яшчэ адзін абудзіцца, / забыўлівасці распілуе краты.
Святла – у спраты! Ажывайце, страты, / і ўсё, у што паверылі мы, збудзецца”.
(З верша “Страты” у зб. С. Панізьніка “Стырно”. 1989)

 

100 гадоў ад нараджэння Гарэцкага Пятра Ігнатавіча (26.06.1919 – 17.03.1997) – украінскага паэта, перакладчыка, журналіста, рэдактара. У 1966 г. прысутнічаў са сваімі сябрамі і родзічамі Яна Дамінікавіча на свяце Купалля ў Вязынцы. З 1993 г. жыў у Мінску, прыняты ў саюз пісьменнікаў. Перакладаў вершы Я. Купалы, П. Броўкі, М. Танка, П. Глебкі, П. Прыходзькі…

 

95 гадоў ад нараджэння Быкава Васіля Уладзіміравіча(19.06.1924 – 22.06.2003) – пісьменніка і грамадскага дзеяча. У 1959 г. прыняты ў СП СССР; у 1964 г. –Лаўрэат літпрэміі імя Я. Коласа; у 1974 г. атрымаў Дзяржпрэмію СССР; ад 1980 г. – народны пісьменнік Беларусі…
Ваяваў на 2-м і 3-м Украінскіх франтах. Удзельнічаў у баях за Крывы Рог, Александрыю, Знаменку. Падчас Кіраваградскай аперацыі (1944 г.) быў цяжка паранены (памылкова запісаны ў спісы загінуўшых). У в. Вялікая Севярынка Крапіўніцкага р-на на брацкай магіле устаноўлены мемарыял, дзе пазначана, што В. У. Быкаў лічыцца забітым 3.01. 1944 г. і тут пахаваны. Сам горад Кіраваград пераназваны у г. Кропивницький.

“Сёння знойдзеным ветразем сцелецца / ваяроў-весляроў павучанне:
анікуды Айчына не дзенецца, / не сплыве Беларусь у маўчанне!”
(З верша С. Панізьніка “Вялікае княства Беларусь”. Зб.“Пры сьвячэньні…”2004)
 

90 гадоў таму, у 1929 г. Янка Купала (Ян Дамінікавіч Луцэвіч)  уганараваны званнем акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Украіны.

“Да пачэсных прытуляцца — / уваскрэснуць!  І прызнацца:
з Бацькаўшчынай і я вялікі.
Будуць за мяне трымацца  / Нацыі святыя лікі.”
(З верша С. Панізьніка “Загудзі ў павазе, голас вечавы!”. 9.07.2017)

 

90 гадоў ад нараджэння Іванычука Рамана Іванавіча (27.05.1929—17.09.2016) – украінскага пісьменніка, грамадскага і палітычнага дзеяча. За два раманы ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй УССР імя Т. Шаўчэнкі (1985). Займеў званне Героя Украіны з уручэннем ордэна Дзяржавы 22.01.2009 г. Быў удзельнікам семінара замежных перакладчыкаў у доме творчасці “Іслач” пад Ракавам (16—26.09.1987).

 

90 гадоў ад нараджэння Маторнага Уладзіміра Андрэевіча (4.06.1929—5.06.2015)—вучонага-славіста, прафесара, вучня Іларыёна Свянціцкага ў аспірантуры Львоўскага ўніверсітэта. У 1971—75 гадах быў на дыпламатычнай службе ў сталіцы Чэхіі Празе.
Аўтар манаграфіі “У святле славянскіх  літаратур” (2004). Яго называлі фундатарам украінскай сарабістыкі, энцыклапедычна дасведчаным педагогам, арыстакратам духу, сонечным чалавекам.

 

90 гадоў ад нараджэння Гнацюка Івана Фёдаравіча (27.07.1929—5.05.2005)—украінскага паэта, празаіка, перакладчыка вершаў беларускіх, польскіх, сербскіх , іншых замежных паэтаў. Адбываў пакаранне за прыдуманыя грахі перад савецкай уладай на Калыме.
Лаўрэат Нацыянальнай прэміі Украіны імя Тараса Шаўчэнкі.

“Асілкам стаў, асілкам ён і пойдзе, — / не з шабляю, са словам агнявым.
І будзе яго лік на гарызонце, / пакуль нябёсы родныя над ім.”
(З верша Івана Гнацюка “Гарызонт народа” у перакладзе С. Панізьніка ў зб.”Сустрэча роднасных сусветаў”, 1997)

 

90 гадоў ад нараджэння і 70 гадоў ад выхаду першага зборніка вершаў Алеся Ставера (10.08.1929 – 23.07.1995) – паэта-песенніка, празаіка, перакладчыка, драматурга, дзіцячага пісьменніка. У 1965 г. ён два месяцы заходзіўся ў творчай камандзіроўцы. Сустракаўся з рабочымі, студэнтамі, піянерамі Львова, Львоўскай і Івана-Франкоўскай абласцей, з воінамі Прыкарпацкай ваеннай акругі. Некаторы час меў гасцявы прытулак у ВВПУ СА і ВМФ на вул. Гвардзейская. 17.09.1965 г. у Доме афіцэраў выступаў з Г. Глазавым, У. Кастровым, С. Куняевым, А. Вазнясенскім. Прачытаў вершы “Скрыпка беларуская”, “Косіць хлопец канюшыну”, “Гуцульская рака” і  верш, прысвечаны А. Вазнясенскаму.

–Каб любіць Беларусь нашу мілую,– / трэба ў розных краях пабываць,–
і сёння спявае душа Алеся Ставера.

 

90 гадоў ад нараджэння (28.09.1929 г.) на прыкарпацкім мацерыку Паўлычкі Дмытра Васільевіча – украінскага паэта, перакладчыка, літаратурнага крытыка, грамадска-палітычнага дзеяча, дыпламата, Героя Украіны. Працаваў у львоўскім часопісе “Жовтень” (“Дзвін”), 55 гадоў як жыве ў Кіеве. 12.07.1999 г. узнагароджаны ордэнам  князя Яраслава Мудрага 5-й ст. 27.09.2004 г. займеў званне Героя Украіны з атрыманнем ордэна Дзяржавы. 25.05.2009 г. узнагароджаны ордэнам князя Яраслава Мудрага 4-й ст.
Многа сяброў займеў на Беларусі, якія па сённяшні дзень перасылаюць яму сваю павагу і прызнальнасць.

“О не, я не прыму паўторнага жыцця, / Але калі і ўстаць, то глянуць на даліну –
Спаверыцца: ідзе Страпчаціва дзіця / Маліцца ў родны храм за вільну Украіну.”
(З верша “Страпчаціў” у перакладзе С. Панізьніка.
“Літаратурная Беларусь”, №9, 2010)

 

85 гадоў ад нараджэння Лучука Уладзіміра Іванавіча (27.08.1934 – 24.09.1992) – украінскага паэта, перакладчыка, шчырага сябра беларусаў. У 1978 г. выдаў зборнік вершаў В. Зуёнка. Ягонымі перакладамі беларускіх аўтараў былі запоўнены старонкі украінскіх выданняў. Вершы У. Лучука друкаваліся ў перакладах на 20 мовах свету. За зборнік вершаў і казак  прысуджана Літаратурная прэмія імя Лэсі Украінкі (пасмяротна).
У 1984 г. Уладзімір Лучук  разам з жонкай Аксанай Сенатовіч наведалі Беларусь: мемарыял на радзіме Р. Барадуліна, прасторы Прыдзвіння з літаратурна-краязнаўчым музеем “Хата бабкі Параскі на Шляху з грэкаў у варагі”.
Актыўныя творцы  –сыны Аксаны з Уладзімірам – Іван і Тарас.

“Хто ми такі?
Лише подорожні,–супутники серед небес.
Нащо ж на землі
свари і чварі, біль, гіркота,
Коли всі  ми разом летим
До зір?

(Переклав Володимир Лучук)

 

80 гадоў таму, 15.08.1939 г. выйшаў у Львове “беларускі нумар” польскага незалежнага ілюстраванага грамадска-літаратурнага штомесячніка “Sygnaly”.
Да выхаду № 37 спрычыніліся Севярын Сасноўскі, Станіслаў Грынкевіч… Быў надрукаваны пераклад верша Язэпа Пушчы “Да паэтаў еўрапейскіх”. А на старонцы часопіса “Адраджэнне літаратуры беларускай” чытач углядаўся ў цудоўныя партрэты Якуба Коласа, Янкі Купалы. У архіве выдання десяткі здымкаў беларускіх творцаў розных пакаленняў. Рэдактар Караль Курылюк перадаў скарбы часопіса ў Асалінэум (зараз Львоўская навуковая бібліятэка імя В. Стэфаніка).

 

80 гадоў таму, у 1939 г., у львоўскіх гістарычных будынках быў размешчаны штаб Украінскага фронту, пазней – Львоўскае пяхотнае вучылішча Чырвонай Арміі. З 1947 г. тут абаснавалася ваена-палітычнае вучылішча, створанае 18.11.1939 г. у Бранску. З 1962 г. установа на вул. Гвардзейская, 32 стала называцца так: Вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча СА і ВМФ з факультэтамі культпрасветработы і журналістыкі.
Вуліца Гвардзейская была пераназвана на вул. Герояў Майдану, 32. Там размяшчаецца Нацыянальная акадэмія сухапутных войскаў імя гетмана Пятра Сагайдачнага. А 120 гадоў таму, 1.10.1899 г. у гэтых гмахах размясцілі Імператарскую і каралеўскую школу кадзетаў пяхоты. З 1921 г. там існаваў Польскі кадзетскі корпус № 1.
Варта ўзгадаць выпускнікоў факультэта журналістыкі ВВПВ, якія пазней сталі беларускімі пісьменнікамі. Сярод іх Васіль Ткачоў (вып. 1973 г.),  Аляксандр Карлюкевіч (вып. 1985 г.), Аляксандр Тамковіч (вып. 1987 г.)… У сувязі з юбілеем Аляксандра першага, адзначаю:
55 гадоў таму нарадзіўся Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч – 1 студзеня 1948 года — журналіст, пісьменнік, выдавец, аўтар краязнаўчых кніг і зборнікаў для дзяцей. Радзімазнаўцам назваў яго Рыгор Барадулін. “Моцная краязнаўчая постаць – Алесь Карлюкевіч” – характарыстыка Аляксея Пяткевіча. У 2002 г. А. М. Карлюкевіч скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, на пасадзе  міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь з 28.09.2017 г.
Створаная ім кніга “Францыск Скарыны на мовах свету”: Зборнік перакладаў урыўка з прадмовы Ф. Скарыны да кнігі “Юдзіф” запатрабавана чытачамі і даследчыкамі. Своеасаблівы паклон Львову – узгадаваная А. Карлюкевічам анталогія “На арэлях натхнення”, дзе прадстаўлены ў перакладах на беларускую мову вершы 16 паэтаў Львоўшчыны. Прадмова да зборніка – выпускніка факультэта журналістыкі ВВПВ 1967 г. Сяргея Панізьніка.

Свяча бліскучая зіяе,
Каб расступілася імгла…
Максім Багдановіч

 
Узнёслая хада Максіма Багдановіча – класіка беларускай літаратуры, прыхільніка украінскага нацыянальнага адраджэння пазначана такімі вехамі.
12 сакавіка 1966 г. у Львове было створана Беларускае зямляцтва імя Цёткі (Алаізы Пашкевіч). Да студэнтаў-медыкаў далучыліся курсанты ВВПВ, навучэнцы кансерваторыі, паліграфічнага, гандлёва-эканамічнага інстытутаў. Спрыялі дзейнасці зямляцтва выкладчыкі ўніверсітэта І. Дэнысюк, У. Маторны, К. Трафімовіч. Была праведзена вечарына “Тут крокі іх, тут сэрцы засталіся”: ішла гаворка пра творчасць Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, львоўскую прысутнасць Цёткі. Спрыялі раскрыццю іх талентаў А. Сенатовіч, Р. Кудлык, Р. Лубкіўскі, В. Грабоўскі, У. Лучук, які назваў таварыства”беларускім  брацтвам”.

“Увайду я ў давер вечаровымі краскамі, /воблік чараў пачуцці твае ўскалыхне.
Будуць промні сустрэч непаўторнымі казкамі.
Каб убачыць сябе – паглядзі на мяне.
(З верша С. Панізьніка “–Паглядзі на мяне!”. Львоў, травень 1964 )

75-годдзе з дня нараджэння  М. Багдановіча адзначылі ў Львове 9 снежня 1966 г. у Будынку вучоных на вул. Міцкевіча, 6. Спрыялі святу Беларускае зямляцтва імя Цёткі, Львоўскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Украіны, Клуб інтэрнацыянальнай дружбы на філалагічным факультэце Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І. Франка. Іван Дэнысюк прачытаў змястоўны даклад, яго даследаванне біяграфіі паэта прадоўжыў С. Панізьнік. Выступілі вучоныя і літаратары У. Маторны, К. Трафімовіч, А. Шмігельскі, М. Ільніцкі, І. Лазінскі, В. Калодзій, А. Сенатовіч, У. Лучук, Я. Паўлычка. Непасрэдна да свята новыя пераклады вершаў М. Багдановіча агучылі Р. Лубкіўскі, І. Сварнык, Я. Асечкін…
Цёпла сустрэлі львавяне спецыяльна запрошаных пісьменнікаў з Мінска – Міколу Хведаровіча, Сцяпана Александровіча,  Анатоля Вярцінскага. Назаўтра разам з імі свята прадоўжылася ва ўніверсітэце.

“Мо кублы – гудуць стагоддзі.
Хоць гарнец вазьмі ад кожнага,–/ прыпамінамі свет напоўніцца”.
(З верша С. Панізьніка “У краіну сінечы”. Львоў, 10.03.1966 )

 26 студзеня 1967 г. у львоўскім клубе пісьменнікаў адбыўся вечар перакладу пад  назвай “Панарама беларускай паэзіі ХХ стагоддзя” – пры падтрымцы секцыі перакладчыкаў львоўскага аддзялення СПУ, абласнога Дома дружбы народаў і Бібліятэкі іншамоўнай літаратуры. Даклад падрыхтаваў С. Панізьнік.  “Панарама…” аказалася змястоўнай дзякуючы навуковым аналізам У. Маторнага, К. Трафімовіча…А. Шмігельскі ўзгадаў свае сустрэчы з Янкам Купалам у Сочы. Выступалі А. Сенатовіч, У. Лучук, Я. Паўлычка, В. Калодзій, М. Ільніцкі, М. Пятрэнка, А. Валашчак.

“Малюю мару: з дзён былых паўстаў
прызваны Дойлід з праведнай дзясніцаю.
Пры ім не вартавыя на пастах,
а мы – усе! – наш уявіўшы дах,
майструем Дом, зіркочучы зарніцамі.”
(З верша С. Панізьніка “Пра Дойліда”. Львоў, 25.12.1965 )

90-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, класіка беларускай літаратуры, адзначылі 4 снежня 1981 г. у памяшканні Абласной арганізацыі Украінскага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Слова пра М. Багдановіча “Речник братерства” прамовіў Р Лубкіўскі. А вось ў Львоўскай навуковай бібліятэцы імя В. Стэфаніка свята пачалося адкрыццём выставы “Співець братэрства”. Пасля уступнага слова Я. Стасюка прамаўлялі навукоўцы і літаратары І. Дэнысюк, Р. Лубкіўскі, М. Пятрэнка, І. Гушчак, В. Калодзежны, А. Сенатовіч, К. Бондар і, як паведаміла гарадская газета –“госці з братняй Беларусі –Валянціна Коўтун і Сяргей Панізнік”.
У зале бібліятэкі прагучала песня кампазітара А. Кос-Анатольскага на словы М. Багдановіча “Маладыя гады”.
А 28.12.1981 г. і ў Кіеве сябры саюза пісьменнікаў Украіны адзначылі 90-гадовы  юбілей Максіма Багдановіча.

“Выдужалі словы і ў зазіме,
Хвалі памаглі радочкі звіць.
Суждана было табе, Максіме,
Іх у новай песні ажывіць”.
(Радкі з верша Міколы Пятрэнкі “Сонца над песняю М. Багдановіча”
у перакладзе С. Панізьніка)

Восень 1987 г. Львоўскае аддзяленнне Саюза пісьменнікаў Украіны правяло сустрэчу творцаў з Беларусі і Украіны—круглы стол “Пачуццё сям”і адзінай”, на якой былі абмеркаваны літаратурныя і культурныя стасункі, пытанні міжнацыянальных зносін, узаемаперакладаў. У газеце “Літаратура і мастацтва” (23.Х.1987 г.) С. Панізнік адзначыў: “Па- дзелавому, пранікнённа выступілі вядучыя “круглага стала” Вольга Іпатава і Раман Лубкіўскі. Шчырымі, заклапочанымі былі гарачыя словы ўсіх удзельнікаў бяседы—Аксаны Сенатовіч, Валянціны Коўтун, Уладзіміра Лучука, Івана Дзенісюка, Міколы Ільніцкага…”
У тыя дні госці з Беларусі наведалі Музей украінскага мастацтва, дзе быў заснаваны І. Свянціцкім  Беларускі аддзел, наведалі Жовкву (тады яшчэ г. Несцераў), дзе дырэктар друкарні, наш зямляк К. І. Галань распавёў пра тое, як тут выдавала свае кніжачкі Алаіза Пашкевіч – Цётка
Для Беларускага тэлебачання былі падрыхтаваны  перадачы пра Цётку, Скарыну (аўтар і вядучы С. Панізнік, рэдактар В. Іпатава).

“І зноў я пачуцці напоўню: / туманы Купалля плывуць!
Хай нашу планету – Любоўю, / Вялікай Любоўю завуць”.
(З верша С. Панізьніка “На планеце Любові”. Зб. “Мацярык”, 1984)

І зноў пра 100-годдзе Максіма… Львоўская навуковая бібліятэка 16 студзеня 1992 г. правяла “Літаратурна-навукову акадэмію з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, прыхільніка украінскага нацыянальнага адраджэння М.Багдановіча”. Працяг ушанавання Творцы адбыўся 19.03.1992 г. Але…

9 сакавіка 1992 г. у Львоўскім дзяржаўным тэатры опера і балета імя І.Франка адзначалі 178-ю гадавіну з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі. На ўрачыстасці былі запрошаны  мінчане Таццяна Кабржыцкая, Вячаслаў Рагойша, Сяргей Законнікаў, Сяргей Панізьнік. Пасля выступлення С. Законнікава мінчане уручылі ўкраінцам  беларускі “Кабзар” Т. Шаўчэнкі: гэтым томам было распачата выданне серыі “Скарбы сусветнай літаратуры”.

“А дазнаўся, Кабзару, па свеце / крона Вашага дрэва плыве.
…І ў галінкі ўрастае бяссмерце, / і ў карэньчыках  Памяць жыве”.
(Радкі з верша С. Панізьніка “З Шаўчэнкам каля вярбы ў Львове”. 1963)

10 сакавіка 1992 г. Львоўскі дзяржаўны універсітэт імя І. Франка прадоўжыў ушанаванне М. Багдановіча. Была праведзена навукова-творчая канферэнцыя: “Максім Багдановіч і Заходняя Україна”. Даследавалі тэму А. Сенатовіч, М. Пятрэнка, Р. Лубкіўскі, У. Лучук і госці з Беларусі –Т. Кабржыцкая, В. Коўтун, В. Рагойша, С. Законнікаў.
А сюрпрызам ад паэта, перакладчыка Уладзіміра Лучука сталася ратапрынтнае выданне верша М. Багдановіча “Пагоня” на мовах свету.

“Львоў падарыў іскрыначкі надзеі, / якія дапамогуць у бядзе.
…І ў самых агаломшаных падзеях / Нептун да плошчы Рынак давядзе”.
(З верша С. Панізьніка “Надзея на Нептуна”. Львоў, 29.09.1965)

Імгла раступілася, свяча ззяе і мы вяртаемся да чорговых датаў літаратурнага чысленніка.
50 гадоў таму, 25.03—1.04.1969 г. у Маскве праходзіла 5-я Усесаюзная нарада маладых пісьменнікаў. Запомніліся сустрэчы беларускіх творцаў з Міколам Сынгаіўскім, Барысам Алейнікам, Галінай Турэлік, львоўскімі літаратарамі. І той натхнённы год узрадаваў яшчэ адной падзеяй: у Кіеве была выдадзена анталогія маладой беларускай паэзіі “Калинові мости” (укладальнік Грыгорый Кочур, рэдактар Пятро Засэнка). 37 украінскіх літаратараў пераклалі вершы 47 беларускіх паэтаў.

“А сіла хоча годнасці! А сіла хоча гордасці!
І мерыць справядлівасцю ўсе крыўдачкі ў жыцці.
Людьмі азвацца смелымі і ваярамі ўмелымі,
З прыязнымі суседзямі  — упоручкі ісці.”
(З верша С. Панізьніка “Калінавы мост”. Львоў, 20.06.1967 г.)

-***-

2 лютага споўніцца 70 гадоў ад нараджэння (2.02.1949 г.) Галіны Турэлік – украінскай паэтэсы, перакладчыцы,  журналісткі, літаратурнага рэдактара. З 1971 г. сябра  пісьменніцкага саюза. Лаўрэат абласной прэміі імя Васіля Стэфаніка (1998).

А 15 гадоў таму, 17.02.2004 г.,у Львоўскую абласную арганізацыю Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны прынята Яраслава Паўлычка (народжаная ў 1948 г.) – старэйшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага музея імя Андрэя Шэптыцкага. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Багдана-Нестара Лепкага. Перакладчыца з славянскіх, заходне-еўрапейскіх   і усходніх моваў.
Актыўна спрыяла падрыхтоўцы анталогіі украінскіх паэтаў “На арэлях натхнення”.

“ А сёння Львоў трапечча ад зарніц. / З увагай, гараджанне, паглядзіце:
Ідзе са мной зямная Неферціці / Паходкаю егіпецкіх царыц.”
(З верша С. Панізьніка “Неферціці”. Львоў, 27.09.1965 )

 

У ПАМЯЦІ

75 гадоў Памяці пра Андрэя Шэптыцкага (29.07.1865 – 1.11.1944) –  рэлігійнага дзеяча, епіскапа Украінскай грэка-каталіцкай царквы. У 1905 г. заснаваў Нацыянальны музей у Львове. Дзякуючы спрыянню і фінансавай дапамозе мітрапаліта А. Шэптыцкага  першым дырэктарам гэтага музея стаў Іларыён Свянціцкі (7.04.1876—18.09.1956). Сёння пра яго ведаюць як пра славіста- беларусіста, музеязнаўца, этнографа, доктара філалагічных навук… У музеі, запоўненым  памяткамі беларускай культуры, сотняй старадрукаў ці не з 20 даўніх беларускіх рукарняў, у тым ліку і скарынаўскіх кніг, дзякуючы Іларыёну Сямёнавічу ўзнік Беларускі аддзел. І слуцкія паясы аказалі  экспанатамі Дзяржаўнага музея украінскага мастацтва. Ён існуе ў Львове на вул. Драгаманава, 42 і называецца Нацыянальным музеем імя А. Шэптыцкага. Побач яго – помнік Мітрапаліту Андрэю.
І. С. Свянціцкі прызнаваўся, што продкі яго – беларусы. Шануючы радавод, ён падпісваў свае творы і так: Свяціцкі. Аўтар даследваў такія тэмы: “Адраджэнне беларускага пісьменства” (1908), “Асновы адраджэння беларускага пісьменства” (1914), “Росквіт  культурна-нацыянальнага жыцця Усходняй Беларусі” (1918).
У 1997 г. выстава “У сугуччы культур. Беларусь – Україна”  прайшла ў Літаратурным музеі імя Янкі Купалы і была прымеркавана да 90-годдзя першага замежнага беларускага музея ў Львове. Была выказана вялікая падяка найперш Андрэю Шэптыцкаму і яго таленавітаму падручнаму Іларыёну Свянціцкаму.
“Узнёслы горад – як мальберт…
…Я, беларускасці малюск, / адкрыў Сьвянціцкага канверт
спасцігнуць сэнс:”Мэ фэцыт Слуцк”. / На акварэльнай любаце
бузок у Стрыйскім парку цьвіў.  / І ў Алаізіным куце
свяцілася: “Мэ фэцыт Львіў”.
(З верша С. Панізьніка “Мяне стварыў Альбоў”.У зб.“Пры сьвячэньні…”, 2004.
“Me fecit  Sluciae”—пазнака на канцах слуцкіх паясоў з Беларускага аддзела.
Альбоў – назва Львова ў беларускм фальклоры)

 

65 гадоў Памяці пра Грыгорыя Антонавічу Нудзьгу (21.01.1913– 14.03.1994) –
украінскага пісьменніка, фалькларыста, крытыка, культуролага. Укладальнік анталогіі “Песні і рамансы украінскіх паэтаў”. Аўтар даследавання “Беларуская песня за мяжой” (час. “Полымя”, №4. 1967 г.). Пры сустрэчы ў 1974 г. распавёў, што вывучаў творчасць Яна Ласіцкага (1534 – 1605) – гісторыка, бібліёграфа, этнографа, пісьменніка-палеміста, аўтара кніг “Аб рэлігіі, ахвярапрынашэннях, шлюбных, пахавальных абрадах русінаў, маскавітаў і татараў” (1582).
“З дзён-усмешак, сябры, жыццё.
Веру, радасць вы мне дасцё / і паверыце: я для вас
і надзей, і падзей прыпас.
(З верша С. Панізьніка  “Набыццё”. Львоў, 4 красавіка 1964 )

 

60 гадоў Памяці пра Краскоўскага Івана Ігнатавіча (24.06.1880 –23.08.1955)-
гісторыка, эканаміста, беларускага педагога, украінскага грамадска-культурнага і дзяржаўнага дзеяча. Пасля заканчэння Пецярбургскага універсітэта працаваў у Кіеве. У снежні 1917 г. на з”ездзе народаў у Кіеве прадстаўляў беларускія нацыянальныя арганізацыі. У 1918 г. уваходзіў у склад ураду Украінскай Народнай Рэспублікі, быў паслом УНР у Грузіі (1919—1921). Дырэктарам Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі працаваў у 1922—1925 гадах. Меў службу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Арыштаваны НКВД у 1930, у 1937 гадах. Пасля адбыцця пакарання дачка І. І. Краскоўскага перавезла яго ў Чэхаславакію. Памёр у Браціславе.

“На Дзінабург! Рубон! На крыжакоў!.. / Праз попел і пясок хачу разгону,
каб выстраіць – для выслуху – калону / з аголеных безпамяцтвам вякоў”.
(З верша С. Панізьніка “Гасцінец”. У зб. “Пры сьвячэньні…”, 2004)

 

35 гадоў Памяці пра Караткевіча Уладзіміра Сямёнавіча (26.11.1930—25.07.1984) – паэта, празаіка, драматурга, перакладчыка, грамадскага дзеяча, творцы беларуска гістарычнага рамана. У 1949—64 гг. навучаўся на філалагічным факультэце Кіеўскага універсітэта. Працаваў настаўнікам у в. Лісовычі пад Кіевам.
Украіне прысвяціў аповесць “Лісце каштанаў”, ва ўспамінах пісаў пра дзеячоў украінскай культуры – Лэсю Украінку, Івана Франка, Тараса Шаўчэнку і інш.  Перакладаў творы І. Франка. Сябраваў з Раманам Іванычуком, Іванам Драчом. Творы Караткевіча перакладалі К. Скрыпнычэнка, В. Сідарэнка, М. Львовіч, С. Літвін, У. Лучук, С. Зінчук, Т. Каламіец і інш.
У. С. Караткевіч узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, пасмяротна – Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я. Коласа. Існуе музей Караткевіча ў Оршы, помнікі ў яго гонар наведваюць  ў Оршы і Віцебску. 14.04.2011 г. помнік У.К. Караткевічу быў устаноўлены ў Кіеве каля будынка беларускай амбасады.

“ І назавём за спадчынную грузь / заслужана НАРОДНЫМ літаратарам…
…Над словам – караткевічаўскім  кратарам
бясконцай магмай льецца Беларусь”.

 

10 гадоў Памяці пра Веру Рыч (24.04.1936-20.12.2009)—англійскай паэтэсы і перакладчыцы твораў украінскай  беларускай літаратур, сакратара Англа-Украінскага Таварыства ў Лондане.
Аўтар зборніка “Як агонь, як вада” – першай у свеце анталогіі перакладаў вершаў беларускіх паэтаў на англійскую мову (1971) – з творамі ад 1928 г. да сучаснасці. Перакладала вершы Алеся Гаруна, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі.
У квартальніку “Украінскі агляд” (1993) значную ўвагу надавала украінска-беларускім культурным і гістарычным сувязям. Працавала над англійскім перакладам “Новай зямлі” Якуба Коласа. У 1991 г. упершыню трапіла ў Беларусь, пазней прызджала часта і надоўга.  Яшчэ ў 1977 г. выйшаў пераклад Веры Рыч “Тараса на Парнасе” (разам  з Арнольдам Макмілінам). А ў 2004 г. яна падрыхтавала зборнік беларускай паэзіі пад назвай “Вершы на Свабоду. Роздум пра Беларусь”.
Нацыянальны Саюз пісьменнікаў Украіны ўзнагародзіў Веру Рыч прэміяй імя Івана Франка. Яна ўзнагароджана і ордэнам Княгіні Вольгі. Пахавана паводле запавету ў Каневе каля магілы Тараса Шаўчэнкі.

Светлая згадка пра Веру Рыч
Шчакочуць шчокі маразы. / Дзе / дзень /узнёслы?
Зіма. Свіргочуць палазы. / Інеюць вёслы. /  Прыслухаюся: / Не я адзін
Хадок нязгоды. / Але ж пакуль вясны турботы, –/ Паэтам стань, грамадзянін!
Не адкладай уздых на потым: / Плыве з раструшчаных ільдзін / Азон / свабоды.

For from the brash ice there flows / Ozone / of freedom.
Translation Vera Rich
(З верша С. Панізьніка у зб. на беларускай мове і ў перакладах на англійскую і французскую мовы  “На ўсе вякі…” 2011)

На ўсе вякі Зямлі – Радзіме песен жыць!
Сяргей Панізьнік

 

 

 

Siargei Paniznik: Belarusian meridians, Ukrainian parallels, and Lvivequator. MEMORABLE DATES 2019                                                                                                                          (magazine “CULTURE. NATION”, April 2019, issue 23, p.87105; www.sakavik.net )

Our famous poet Siargei Paniznik prepared Belarusian calendar for 2019 where the events reflected therein are accompanied by his verses.



Categories: Асьвета, Гісторыя, Культура, Літаратура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: