І. Гісторыя стварэння Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе (БІНІМ, Канада) і яго дзейнасць напачатку
Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе (БІНІМ, Канада) быў заснаваны 17 верасня 1967 года ў Беларускім рэлігійна-грамадскім цэнтры ў Таронта, спачатку як аддзел БІНІМ (ЗША). БІНІМ (ЗША) існаваў з 1951 года і яго дзейнасць пашыралася не толькі на ЗША, але і на Канаду і Еўропу. [1] Арганізатары канадыйскага аддзела на той час з’яўляліся таксама сябрамі БІНІМу (ЗША). Сувязі з амерыканскім БІНІМам ніколі не парываліся, але ўмовы жыцьця ў ЗША і ў Канадзе былі рознымі і з прычынаў фармальных і практычных патрэбна было заняць самастойную пазіцыю. Вось што пісала доктар Раіса Жук-Грышкевіч:
“На другім Кангрэсе Канадыйскіх Славянаў, што адбыўся 9-11 чэрвеня 1967 г., д-р Вінцэнт Жук-Грышкевіч, сябра БІНіМ(у) ЗША чытаў даклад на тэму “Беларусы і канадыйская статыстыка.” Выступаў ён ад грамадскае арганізацыі Згуртаваньня Беларусаў Канады, а вымагалася, каб лектар рэпрэзэнтаваў нейкую навуковую арганізацыю – learned society – Канады, а не грамадскую. Выпадак гэты быў беспасрэднай і адной з галоўных прычынаў заснаваньня БІНіМ(у) у Канадзе”. [2]
Пасля абмеркавання кіраўнікоў канадыйскага аддзела з тагачасным старшынём БІНІМ (ЗША), д-рам Вітаўтам Тумашам, 7 лістапада 1968 г. было прынята рашэнне аб наданні канадыйскаму аддзелу статуса самастойнага, незалежнага інстытута пад назвай БІНІМ, Канада. Гэта адкрыла магчымасць для беларусаў Канады прымаць удзел у навуковых канадыйскіх і міжнародных акадэмічных імпрэзах: канферэнцыях, сімпозіюмах і кангрэсах. Другім напрамкам дзейнасці ністытута, апрача працы ў акадэмічнай сферы, была і ёсць праца ў сферы культуры. Роля БІНІМ, Канада ў першым Статуце была адлюстравана наступным чынам:
“Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва ў Канадзе (БІНіМ) ёсць арганізацыя навукі й культуры, якая намагаецца згуртаваць усе навуковыя й культурныя творчыя сілы, што ставяць сабе за мэту як навуковае пазнаньне й вывучэньне Беларусі, беларускага народу ды ягонай культуры ў мінулым і сучасным, так і падтрымліваньне навуковай працы ў галіне беларусаведы, а таксама й творчай працы ў галіне беларускай культуры”. Паводле першага Статута кіроўныя органы інстытута выбіраліся толькі на тры гады.[3] Сучасная версія Статута БІНІМ (Канада) была прынята 2 верасня 2017 года. [4]
Першым старшынём БІНІМ, Канада быў абраны ініцыятар яго стварэння, д-р Вінцэнт Жук-Грышкевіч (1968-69), сакратаром – магістр Алесь Грыцук. Другім старшынём быў д-р Ян Садоўскі (пачынаючы з 26.10.1969, пратакол №2 агульнага схода БІНІМ, Канада), трэцім – д-р Барыс Рагуля (са студзеня 1972, пратакол №4), чацвёртым – магістр Івонка Сурвіла (з 22 чэрвеня 1974, пратакол №5),[5] пятым – д-р Зіна Гімпелевіч (2002-2017).[6] Пачынаючы з верасня 2017 года старшынём БІНІМ, Канада з’яўляецца д-р Пётра Мурзёнак.
З самага пачатку Інстытут налічваў ад 3 да 8 чалавек. На ранніх этапах станаўлення БІНІМу, яго актыўнымі сябрамі былі: сп. Кастусь Акула, пісьменнік, грамадзкі дзеяч; др. Вінцэнт Жук-Грышкевіч, грамадзкі дзеяч, навуковец, Старшыня Рады БНР; магістр Алесь Грыцук, сакратар і скарбнік Інстытуту (да 1976 г.), бібліятэкар Універсітэту Куінс у Кінгстане (Queen’s University, Kingston); др. Янка Садоўскі, прафесар Універсітэту Куінс у Кінгстане, аўтар двух доктарскіх дысертацый, прысвечаных Ф. Скарыне;[7] др. Яўхім Скурат, які здабыў дактарат у Сарбонскім унівэрсітэце, грамадзкі дзеяч, скарбнік інстытута да 1986 года; мовазнаўца з Сарбоны і мастачка Івонка Сурвіла, эканаміст Янка Сурвіла, скончыў Унівэрсітэт “Комплютэнсэ” (Мадрыд), грамадзкі дзеяч; др. Раіса Жук-Грышкевіч, сакратар і скарбнік інстытуту (да 2002 г.), дантыст, пісьменьніца, грамадзкі дзеяч; др. Барыс Рагуля, вядомы канадыйскі лекар, грамадзкі дзеяч, у 1996-1997 гг. выконваў абавязкі Старшыні Рады БНР.[8]
Можна лічыць, што беларускія даследчыкі, А. Грыцук і Яфім Скурат, сваім удзелам у працы 3-й канферэнцыі канадыйскіх славістаў ўпершыню прадстаўлялі на ёй БІНІМ, Канада, як сябры інстытута, прадоўжыўшы справу, распачатую сп. Жук-Грышкевічам.[9]
Да пачатковага перыяду дзейнасці інстытута можна аднесці мастацкія працы Кастуся Акулы – трылогія “Гараватка”;[10] і фундаментальныя падручнікі Валянціны Пашкевіч – “Беларуская мова” ў двух тамах. Пад рэд. Антона Адамовіча. Таронта, 1974; фундаментальную працу Яна Садоўскага – John Sadouski “A History of the Byelorussians in Canada”. Belleville, Ontario. 1981. 148 p.), і іншыя яго працы.[11],[12] Значны ўклад ў развіццё інстытута зрабіў праф. Я. Садоўскі. Апроч шэрагу публікацый па беларускай тэматыцы ім праведзена ў 1969-1972 гг. значная праца па арганізацыі калекцыі беларускіх мастацкіх вырабаў у нацыянальным Музеі чалавека Канады.[13] Тут і перапіска з афіцыйнымі асобамі Музея, і з беларусамі, якія валодалі рэчамі, прывезенымі з радзімы, ці зробленымі іх рукамі. Усяго з яго дапамогай было сабрана 62 экспанаты (цяпер яны ў Музеі гісторыі Канады). Я. Садоўскім і А. Грыцуком была зроблена значная падрыхтоўчая праца, уключаючы шматлікую перапіску, па арганізацыі выдання часопіса “Canadian Byelorussian Review”,[14] якая, аднак, не скончылася станоўчым вынікам. Вялікай і першай акадэмічнай імпрэзай стала канфэрэнцыя “Беларусаведныя дні ў Квінс Унівэрсытэце ў Кінгстане” ў 1971 годзе, якую арганізаваў прафэсар Я. Садоўскі.[15] Цікава, што ў ёй прынялі ўдзел не толькі беларускія даследчыкі, але і англамоўныя прафесары універсітэта. Усяго было зроблена 8 дакладаў. Падчас канферэнцыі была прадстаўлена выстава беларускіх майстроў і мастакоў.
У 1975 годзе вельмі паважны навукова-асветніцкі і культурны форум канферэнцыя “Беларусаведныя дні ў Атаўскім Унівэрсітэце” і выстава беларускага народнага мастацтва (у супрацоўніцтве з Музеем чалавека) была арганізавана спадарствам Сурвілаў. На форуме было прачытана 12 дакладаў, аб’яднаных тэмай “Беларуская прысутнасць у Паўночнай Амерыцы.” Матэрыялы дакладаў ў Атаве (1975), як і ў Кінгстане (1971) не былі апублікаваныя. Адной з прэстыжных падзеяў канферэнцыі ў Атаве быў Вечар Паэзіі прысьвечаны Натальлі Арсеньневай, на якім прысутнічалі госьці з іншых этнічных групаў і прамаўлялі знакамітыя прафэсары славісты Атаўскага Універсітэту. Вечар вёў прафесар Антон Адамовіч.[16]
Сп-ва Сурвіллаў спрычынілася да арганізацыі выставы беларускага народнага мастацтва ў Публічнай бібліятэцы Атавы (1977), арганізоўвала фестывалі “Homelands” (з 1979 па 1989 гг.). Сп. І. Сурвіла прадстаўляла свае працы на болей за трыццаць мастацкіх выставаў,[17] і была арганізатарам міжэтнічнай выставы “Self-portrait” у Канадыйскім музеі чалавека (снежань 1987-студзень 1988).
ІІ. Дзейнасць БІНІМ, Канада ў 1989-2016 гг.
Пачынаючы з 1989 году можна адзначыць значны прагрэс ва ўдзеле БІНІМу ў канадыйскіх і міжнародных навуковых кангрэсах, што адбылося дзякуючы намаганням і акадэмічным інтарэсам праф. Зіны Гімпелевіч, праф. Марыі-Паўліны Сурвіла і сп. Івонкі Сурвіла. Да 2016 года уключна сябрамі БІНІМу зроблена каля 150 дакладаў, у большасці упамянутымі аўтарамі. Толькі ў 1993 і 1995 гг. сябры БІНІМу, Канада зрабілі 16 дакладаў.[18] Гэтая актыўнасць стала больш заўважнай на канферэнцыях асацыяцыі славістаў у Канадзе (КАС, CAS – Canadian Association of Slavists), а з 1990 г. на сусветных канферэнцыях славістаў, якія праходзяць кожны год у ЗША (The Association for Slavic, East European, and Eurasian Studies і іншых навуковых форумах). Прафесары З. Гімпелевіч і М.-П. Сурвіла сумесна з праф. Куртам Вулхайзерам, праф. Дэвідам Марплзам і д-мі Янкам Запруднікам і Вітаўтам Кіпелем заснавалі North American Association of Belarusists (NAAB) у 1999-ым годзе, і шмат гадоў прымалі ўдзел у кіраўніцтве асацыяцыяй.
КАС – гэта асацыяцыя, якая існуе з 1950-ых і аб’ядноўвае навукоўцаў, што займаюцца вывучэннем славянскай гісторыі, мовы, палітыкі, культуры і літаратуры (балканскія краіны, Беларусь, Польшча, Расія, Украіна і інш.). Шэраг даследчыкаў з БІНІМу ўваходзяць у гэту навуковую арганізацыю, заснаваную ў 1954 годзе. КАС, разам з іншымі 72-мя акадэмічнымі асацыяцыямі краіны зрабілася часткай і сябрам Канадыйскай Федэрацыі Гуманітарных і Сацыяльных навук (КФГСН). Кожны год КФГСН праводзіць навуковыя кангрэсы, у якіх прымае ўдзел і КАС. Трэба адзначыць, што на кангрэсах КФГСН друкуюцца толькі праграмы, а не самі матэрыялы дакладаў, якія можна апублікаваць у часопісе КАС – Canadian Slavonic papers. Да прыкладу, у гэтым часопісе апублікаваны артыкулы праф. З. Гімпелевіч.[19] За перыяд з 1989 па 2016 гг. сябрамі інстытута былі надрукаваны 28 кніг, назвы якіх прыводзяцца ў бібліяграфіі ў канцы артыкула.
Cябра інстытуту, праф.З.Гімпелевіч, амаль кожны год арганізоўвывала на канферэнцыях КАС ня менш чым адну беларускую сэсію, а, часам, дзве ці тры (колькасць дакладаў на КАС была ад 3-х да 9-ці). Такія сэсіі, дзе было зроблена шмат дакладаў на беларускую тэматыку, адбыліся, сярод іншых, у наступных унівэрсітэтах Канады: Лаваль, Квебэк; Вікторыя, Брыціш Калумбія; Куінс, Кінгстан; Шарлоттаўн; Прынц Эдвард Айленд; Карлтан і Атаўскі універсітэты, Атава, Антарыё; Манрэль; Квебэк; Сейнт Джонс, Ньюфаўленд; Шэрбрук, Квебэк; Лаваль, Квебэк; Таронта і Йорк, Антарыё, і іншых універсітэтах. Часта ў гэтых канферэнцыях прымалі ўдзел сябры БІНІМ(у) ЗША – дактары Томас Бэрд, Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік, сп. Зора Кіпель, Надзея Запруднік і Галіна Русак. На Сусьветны кангрэс славістаў ў Таронта (2005), на якім было прачытана 12 дакладаў па беларусістыцы, прыехалі з Лондана Арнольд Макміллін і айцец Надсан, а з Беларусі – праф. Вінцук Вячорка і праф. Ганна Мязенка (прыезд гасцей з Беларусі быў спансіраваны на сродкі гранта, атрыманага праф. З. Гімпелевіч; яны чыталі даклады на кангрэсе, а таксама прачыталі лекцыі на уннвесітэце Ватерлоо). Сябры БІНІМ, Канада прымалі ўдзел і не аднойчы былі запрошаны на канферэнцыі і сімпозіўмы ў Гарвард, у Сарбону (двойчы), у Оксфард, у Кэймбрідж, у Ноцінхам, Лондан, Эдзінбург і іншыя універсітэты сьвету. Так, напрыклад, праф. Марыя Паўля Сурвілла чытала даклад “Гукавая Дыпламатыя: Музыка і Мэдыяцыя ад Пасольства да Падподьдя ў Постсавецкай Беларусі” у Гарвардскім універсітэце, на сімпозіуме “Музыка і Дыпламатыя”. Праф. М. Сурвілла мае шмат артыкулаў на беларускую тэматыку, уключна напісаных па запрашэнню вядучых энцыклапедый свету.
9 чэрвеня 2002 года у Ватэрлоо, Антарыё прайшоў агульны сход БІНІМу, на якім былі заслуханы справаздачы старшыні інстытута сп. І. Сурвіла і сакратара-скарбніка Р. Жук-Грышкевіч, прынятыя новыя сябры БІНіМу і адноўлена кіраўніцтва Інстытута.[20] На змену сп. І. Сурвілла, якая узначальвала Інстытут 28 год, на пасаду старшыні была выбрана праф. З. Гімпелевіч. У склад БІНІМу былі прыняты Архіепіскап Мікалай, Мітрапаліт БАПЦ, д-р Наталія Баркар, сп. Ірына Варабей, сп. Антон Варабей, д-р Аляксандр Даніловіч, сп. Надзея Дробіна, д-р Сяргей Дрозд, сп. Віялета Кавалёва, д-р Сяргей Крычэўскі, д-р Ірына Лысенка, д-р Пётра Мурзёнак, д-р Юрась Пелюшонак, сп. Уладзімір Рагуля, сп. Юрась Рапецкі, сп. Уладзя Шамецька, сп. Юрась Шамецька, сп. Валянціна Шаўчэнка, сп. Пётра Шварцман, сп. Вольга Яноўская. У справаздачы скарбніка, сп. Р. Жук-Грышкевіч, паказаны даходы і выдаткі інстытута ў 1986-2002 гг. (сярод асноўных выдаткаў – дапамога ў выданні кнігі З. Пазьняка “Курапаты”, 450 даляраў; рэгістрацыйныя складкі для ККБК – Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады).[21]
На канферэнцыі КАС, якая праходзіла ў рамках кангрэса Канадыйскай Федэрацыі Гуманітарных і Сацыяльных навук у Атаве ў 2009, дзе было агулам 9000 дэлегатаў, БІНІМ, Канада добра прагучаў не толькі з навуковай сцэны і прадстаўленьнем сваіх кніжак, але і цудоўным беларускім канцэртам с удзелам ансамблю “Яваровыя людзі,” дуэта класічнай музыкі (Ўлада Шамецька і Міхась Рыкаў); іншых нашых таленавітых спевакоў і музыкантаў. БІНіМ арганізаваў падчас Кангрэсу выставу мастакоў, на якой былі прадстаўлены працы Ірыны Варабей, Алёны Ляпко, Івонкі Сурвілы, Марыі-Паўліны Сурвілы, Пётры Шварцмана, і Яўгеніі Шаўчэнкі.
Шмат гадоў ад імя БІНІМ, Канада і Універсітэта Ватерлоо рабілі даклады і прымалі удзел у канферэнцыях КАС студэнты-магістры, якія пісалі тэзу ці курсавую працу на беларускія тэмы: “Беларускія казкі,” “Літаратурная гісторыя Беларусі”, “Літаратурны сшытак Валянціна Крывіча-Аненскага,” “Літаратура Чарнобылю” і інш. (кіраўнік праектаў праф. З. Гімпелевіч). Дзякуючы праф. З. Гімпелевіч, сп-не праф. Сурвілле і сп-не Сурвтлле, прабудзілася цікавасьць да Беларусі ў такіх знаных навукоўцаў як дактары Дэвід Марплз і Цімосі Снайдэр. Так, напрыклад, на сусьветным кангрэсе беларусістаў у Мінску ў 2010 г., на сэсіі, якую арганізавала праф. З. Гімпелевіч, даклады чыталі: дактары Томас Бэрд (БІНіМ, ЗША), З. Гімпелевіч (БІНіМ, Канада) і Т. Снайдэр (Yale U.).[22] У сваю чаргу, сябры БІНіМ(у) дапамаглі БІНіМ(у) у ЗША умацаваць англамоўную беларусістыку ў ЗША, прымаючы актыўны ўдзел у арганізацыі і адміністрацыйнай працы Паўночна-Амерыканская асацыяцыя беларусістаў(З. Гімпелевіч, М. П. і І. Сурвілла) і Фундацыі беларускіх дасьледаваньняў і адвакацыі” (праф. М.-П. Сурвіла; былы Цэнтр беларускіх даследаванняў, Centre for Belarusian Studies, Kansas, USA). Прафэсар М.-П. Сурвілла, адна з трох арганізатараў (разам з амбасадарам Дэвідам Суорцам і віцэ-прэзідэнтам каледжу праф. Эндзі Шэфардам) унікальнай інстытуцыі ў Паўночнай Амэрыцы (2007), якая спрыяе разьвіццю моцнай грамадзянскай супольнасьці праз ініцыятывы ў вышэйшай адукацыі. Праф. М.-П.Сурвілла з’яўляецца сябрам рэдкалегіі беларускага акадэмічнага англамоўнага часопісу: “The Point.”
Сярод іншых значных падзей у гэты перыяд трэба адзначыць тыя, у якіх прынялі непасрэдны ўдзел сябры БІНіМу з асабістай ініцыятывы ці ў рамках сумеснай актыўнасці з іншымі грамадскімі арганізацыямі. Як заўважыла праф. З. Гімпелевіч у сваім дакладзе на 32-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі (Атава, 2016) – “кожны сябра БІНіМ(у) – сам па сабе інстытут”.
Сп-ня І. Сурвілла была ініцыятарам і разам з праф. З. Гімпелевіч і Паўлінай Пашкевіч-Смітс заснавалі ў 1989 годзе Канадыйскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі (CRFVCB, Canadian Relief Fund for Victims of Chernobyl in Bełaruś). Сп-ня І. Сурвіла за лета 1991-году дала журналістам 52 інтэрвію ў сувязі з працай фонда, якія былі надрукаваныя і трансляваліся па радыё ці тэлебачанні. Значны ўклад у працу фонда зрабіў доктар Б. Рагуля; яны сумесна з сябрам, праф. Чарльзам Руудам, прывозілі, вучылі і лячылі беларускіх дзетак, пасылалі пачкі з лекамі і мэдычную апэратуру ў Беларусь, арганізавалі абмен лекарамі. Нягледзячы на тое, што канадыйскі фонд зачыніўся ў 2005 годзе, справы фонда працягваюцца яго аддзеламі да гэтага часу.[23] Напрыклад, зусім нядаўна, праф. Ч. Рууд, адвёз у траўні 2017 г. ў мінскі шпіталь абсталяваньне для лекараў-кардыёлагаў.
Сп-ня Віялета Кавалёва заснавала ў 2001 годзе спеўны гурт “Яваровы людзі”. Яе непаўторны талент і справы патрабуюць напісання асобнай кнігі як аб кіраўніку гурта, сп. Кавалёвай, іак і пра ўвесь гурт. За час існавання ў дзейнасці гурта прынялі ўдзел каля паўтары сотні аматараў беларускай музыкі і фальклора.
У 2001-2005 гг. сябрамі Згуртавання беларусаў Канады (старшыня ЗБК П. Мурзёнак) былі ініцыяваны: стварэнне ў 2001 годзе сайту беларусаў Атавы – адміністратар Юрась Шамецька (пазней атаўскі сайт пераўтварыўся ў сайт ЗБК, які дзейнічае да гэтага часу, www.belaruscanada.org); у 2002 годзе сп-ня В. Кавалёва як галоўны рэдактар пачала выпускаць газету “Беларускае слова”, у выданьні якой прымалі ўдзел сябры БІНіМу Ірына Варабей, Яўгенія Шаўчэнка і іншыя. На працягу 2002-2008 гг. выйшлі ў свет 11 нумароў газеты. У 2005-2009 гг. у Атаве на працягу 5 вучэбных сезонаў працаваў беларускі клас.[24]
Сп-ня Ірына Варабей, сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, заснавала ў 2005 г. і працягвае рабіць выдатную працу ў творчай майстэрні па вышыванню беларускіх нацыянальных узораў (майстэрня і сайт “Беларускі дух”, Spirit of Biełaruś). Фатограф Ірына Варабей з’яўляеццца двухразовым прызёрам конкурсаў часопісу ”Canadian Geographic”.
У снежні 2012 года, быў заснаваны вэб-часопіс “Культура. Нацыя” (рэдактар П. Мурзёнак), які размяшчаецца на новаствораным сайце www.sakavik.net. На сёння выйшлі 23 нумары часопіса “Культура. Нацыя”. На старонках часопіса друкуюцца арыгінальныя матэрыялы, прысвечаныя пытанням нацыянальнага будаўніцтва і культуры. Усяго за гэты час апублікавана 167 арыгінальных артыкулаў ад 33 аўтараў. Агульны аб’ём часопіса склаў каля 1725 старонак, г.зн. у сярэднім кожны нумар выходзіў на 75 старонках. Сайт і часопіс з сакавіка 2013г. да мая 2019г. наведалі больш чым 18.700 чытачоў (з больш чым 30.700 праглядамі); большасьць чытачоў паходзяць з Беларусі (57.3%).
Некалькі гадоў запар ў Беларускім культурна-рэлігійным цэнтры ў Таронта праводзяцца курсы “Мова нанова” (кіраўнік Ірына Тоўсцік), якія выклікалі значны інтарэс як ў дзяцей, так і ў дарослых.
Такім чынам, перыяд развіцця БІНІМу, Канада ў 1989-2016 гг. быў адзначаны шэрагам адметных дасягненняў, многія з якіх былі вынікамі дзейнасці як самаго інстытута, які выконвае свае спецыфічныя функцыі ў Канадзе, так і яго сяброў, зробленых з асабістай іх ініцыятывы ці ў рамках актыўнасці іншых грамадскіх беларускіх арганізацый у Канадзе.
ІІІ. Сучасная дзейнасць БІНіМ, Канада (2017- )
2017-ты год для Інстытута быў насычаны значнымі падзеямі, якія можна ахарактарызаваць як новую хвалю актыўнасці. Гэта сталася заўважным пасля правядзення 32-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі ў Атаве (3-5 верасня 2016 года), на якой быў зроблены даклад аб дзейнасці БІНІМ, Канада амаль за 50 год існавання.[25] Дзякуючы старанням старшыні БІНІМ, праф. З. Гімпелевіч і сакратара БІНІМ сп. Н. Колас, адразу пасля 32-й Сустрэчы прайшла кампанія па пашырэнню кола сяброў БІНІМу.
Вельмі добрай падзеяй стаў чарговы ўдзел сяброў Інстытута ў працы КФГСН, які праходзіў з 27 па 29 мая 2017 года у Райерсон універсітэце (Таронта). Адметным было тое, што сябры Інстытута, дзякуючы намаганьням і арганізатарскім здольнасьцям праф. З. Гімпелевіч, працавалі ў двух беларускіх секцыях і дадаткова правялі паэтычную сесію за круглым сталом. Упершыню інфармацыя аб канферэнцыі КАС і матэрыялы зробленых дакладаў апублікаваны ў часопісе “Культура. Нацыя”.[26] Заключную працу ў гэты дзень даследчыкі з БІНІМу праводзілі не ў акадэмічнай, а ў эмацыйнай атмасфэры. Сеўшы кругам, яны слухалі вершы і расказы аб творчасці беларускіх паэтаў – Вольгі Іпатавай, Сяргея Панізьніка, П. Мурзёнка, Ю. Шамецькі.
Падчас юбілейнай сесіі, прысвечанай 50-годдзю БІНІМа, у Беларускім культурна-рэлігійным цэнтры 2 верасня 2017 года ў Таронта, старшыня БІНІМа, праф. З. Гімпелевіч зрабіла вельмі падрабязны аналіз перыядаў развіцця і дзейнасці БІНІМа за 50 год (1967-2017). У рамках сесіі быў праведзены агульны сход БІНІМу, на якім прайшлі выбары Управы БІНІМа на наступны 3-гадовы перыяд і быў дапрацаваны Статут Інстытута. На агульным сходзе старшынёй БІНІМу была перабрана праф. З. Гімпелевіч. У хуткім часе яна падала заяву аб адстаўцы і ў адпаведнасці з адноўленым Статутам функцыі старшыні Інстытута перайшлі да намесніка старшыні, д-ра Пятра Мурзёнка, які з 9 верасня 2017 года пачаў дзейнічаць у якасці старшыні БІНІМу. Ва Управу БІНІМа, Канада ўваходзяць таксама: Зіна Гімпелевіч (намесьнік), Наталья Колас (сакратар), Валянціна Шаўчэнка (скарбнік), Івонка Сурвіла, Юрась Шамецька, Руслан Качаткоў. Ганаровым прэзідэнтам БІНІМа, Канада на трохгадовы перыяд абраны David Marples, BA, MA, PhD (University of Alberta, Canada).
У інстытуце ўтвораны функцыянальныя групы – акадэмічная, пісьменнікаў і паэтаў, класічнай музыкі і фальклёрнага мастацтва, выяўленчага мастацтва і рамесніцкага майстэрства (падзел сяброў па групах умоўны, некаторыя сябры могуць быць у некалькіх групах). Прадстаўленыя матэрыялы аб сесіі і дзейнасьці БІНІМа, уключна з новым Статутам, былі змешчаны на абноўленым сайце Інстытута www.binim.org, які, дзякуючы старанням і прафесіяналізму адміністратара сайта Аляксандра Каралькевіча, значна змяніў свой выгляд і напоўніўся новым зместам.
За кароткі перыяд (2017-2018) сябрамі інстытута апублікаваны 4 кнігі і больш за 30 навуковых артыкулаў, у большасці прысвечаных беларускай тэматыцы. У 2019 г., БІНІМ, Канада фінансава падтрымаў выданне кнігі ў Беларусі “(Не)расстраляная паэзія”.
Сярод важных задач для сяброў БІНІМа, апроч вызначаных у Статуце, ёсць папулярызацыя дзейнасьці нашага Інстытута. Адным з добрых падыходаў ёсць выкарыстаньне “лого” і імя БІНІМа на мерапрымствах, якія праводзяць сябры Інстытута – канцэрты, прэзентацыі, лекцыі, і г.д. З непасрэдным удзелам сяброў БІНІМа і фінансавай падтрымкай Інстытута разам з ЗБК ў Атаве арганізавана і з вялікім посьпехам прайшло святкаванне важнай гістарычнай даты ў жыцці беларускага народа – 100-годдзе БНР. Свята прайшло ў будынку Канадыйскага парламента на якім прысутнічала звыш 160 гасьцей. [27]
У рамках святкавання 100-годдзя БНР у Атаве сябрамі БІНІМ была арганізавана выстава кніг, напісаных беларусамі-канадыйцамі. Спіс 38 кніг, якія былі на выставе, апублікаваны ў часопісе “Культура. Нацыя”.[28] Пад эгідай БІНІМа прайшла прэзентацыя кнігі вершаў П. Мурзёнка “Колеры” у Атаве (2018).[29] У гэтым годзе архітэктар і мастак сп. П. Шварцман распачаў у Атаве пад эгідай БІНІМ, Канада цыкл лекцый пра сусветную архітэктуру.
У 2017 годзе ў Беларускім культурна-рэлігійным цэнтры (Таронта) быў створаны тэатр “Сэнс” (рэжысёр і пастаноўшчык В. Шаўчэнка). БІНІМ, Канада разам з іншымі спонсарамі (доктар Р. Качаткоў, Згуртаванне Беларусаў Канады) падтрымаў пастаноўку спектакля “Вуліца Геніюш”, прэм’ера якога адбылася 14 красавіка 2018 года ў Таронта.[30] Тэатр на гастролях паказаў спектакль у Атаве (6 красавіка 2019 г.). Спектакль быў своеасаблівым працягам святкавання 100-годдзя БНР. В. Шаўчэнка вядома таксама як спявачка, якая дастойна прадстаўляе беларускую культуру на розных міжэтнічных канцэртах і форумах.
Ёсць шэраг момантаў, якія з’яўляюцца базавымі для далейшай дзейнасці Інстытута, гэта – дабрачыннасьць, ахвярнасьць і энтузіазм.[31] І ўсё ж, у любой грамадскай арганізацыі заўжды паўстае праблема з грашовымі сродкамі, якія неабходны для рэалізацыі тых ці іншых праектаў. Добра вядома, што сяброўскіх складак можа быць недастакова, калі праект будзе сур’ёзным. Важным крокам, які, на нашу думку, можа дапамагчы у пошуках спонсараў, мецэнатаў, сродкаў у правінцыйных і федэральных фондах з’яўляецца афіцыйная рэгістрацыя Інстытута, якая адбылася 20 студзеня 2019 года.
Нягледзячы на акадэмічнасьць, якая ўтрымліваецца ў назве Інстытута, і на фармат яго арганізацыі (управа, функцыянальныя групы), БІНІМ ёсьць арганізацыяй валанцёрскай, грамадскай, сутнасць якой заключаецца ў праяўленні той актыўнасці, беларускасці і пачуццяў, якія маюць многія беларусы, у адносінах да беларускай культуры і роднай Беларусі. Відавочна, што валанцёрская праца ў такім інстытуце мае свае абмежаваньні, і не толькі фінансавыя. Адарванасьць ад каранёў і недастатковыя сувязі з радзімай у значнай ступені ўплываюць на наш патэнцыял. Умоўным абмежаваньнем з’яўляецца таксама тое, што многія з сяброў Інстытута ўваходзяць у склад іншых структур і арганізацый. Усведамляючы такую умоўную абмежаванасць, сябры Інстытута тым не менш, як творчыя і ахвярныя людзі, могуць складаць адно цэлае, калі будуць імкнуцца да выкананьня мэтаў, пастаўленых у Статуце БІНІМа. Аднак, гэта не азначае, што дзейнасьць Інстытута адлюстроўваецца ў простай суме актыўнасьцяў, якія кожны з сяброў праяўляе на сваім месцы. Хацелася б верыць, што высілкі, якія робяцца сябрамі БІНІМ, Канада важныя не толькі для іх самарэалізацыі, але і ўнясуць пасільны ўклад у зберажэнне і развіццё беларускай навукі і культуры, як за мяжой, так і на радзіме.
Аўтары выказваюць шчырую падзяку сп. І. Сурвіла, прэзідэнту Рады БНР з 1997 г., за каментарыі і дапаўненні да артыкула і яе нястомную працу, як даўнішняга сябра БІНІМу.
Гэты артыкул быў надрукаваны ў серыйным выданьні “ЗАПІСЫ”, гал.рэд. Н.Гардзіенка. Нью-Йорк-Мінск. 2019. Том 41, сс.313-326.
Сябрамі БІНІМу, Канада за перыяд існавання (1967-2019) апублікаваны кнігі:
- Кастусь Акула “Гараватка”. Трылогія. Кніга першая: “Дзярлівая птушка”. Выдавецтва “Пагоня”, Таронта, 1965.
- Кастусь Акула “Гараватка”. Трылогія. Кніга другая: “Закрываўленае сонца”. Выдавецтва “Пагоня”, Таронта, 1974.
- Кастусь Акула “Гараватка”. Трылогія. Кніга трэцяя: “Беларусы, вас чакае зямля”. Выдавецтва “Пагоня”, Таронта, 1981.
- Валянціна Пашкевіч “Беларуская мова” ў двух тамах. Пад рэд. А. Адамовіча. Торонто, 1974.
- Язэп Малецкі “Пад знакам Пагоні”. Выдавецтва “Пагоня”. Таронта, 1976. 201 с.
- John Sadouski “A History of the Byelorussians in Canada”. Belleville, Ontario. 1981. 148 p. (Ян Садоўскі “Гісторыя беларусаў у Канадзе”. Бельвіль, Антарыё, 1981. 148 с.
- Раіса Жук-Грышкевіч “Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча”. Таронта, 1993. 797 с.
- Кастусь Акула “Змагарныя дарогі”. Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1994.
- Пётра Мурзёнак «Быліна мая, Беларусь», Атава, 2000, 32 с.
- Maria Paula Survilla. Of Mermaids and Rock Singers: Placing the Self and Constructing the Nation Through Belarusian Contemporary Music. New York: Routledge, USA. 2002, 216c.
- Вольга Іпатава “Альгердава дзіда”. Мінск, “Беллітфонд”, 2002. 607 с.
- Yuri Peliushonak “Through the Eyes of a Coackroach”. Ottawa, 2003. 144 p. (Ю. Пелюшонак “Вачамі прусака”. Аттава, 2003. 144 с.)
- Yuri Peliushonak “Strings for a Beatle Bass”. Ottawa, 2004. 180 p. (Ю. Пелюшонак “Струны для бас-гітары”. Аттава, 2004. 180 с.)
- Марыя Ганько “Каб cведчылі пра Беларусь”. Мінск, “Кнігазбор”, 2005. 192 с. Укладаньне Вольгі Іпатавай.
- Ірына Варабей “Там дзе сэрца маё”. Мінск, “Кнігазбор”, 2005. 124 с.
- Boris (Barys) Ragula. Against the Current. Montreal & Kingston & London [GB]: MQUP, 2005 (English), 185с. ( 16). Барыс Рагуля “Супраць цячэння”. Манрэаль, 2005. 185 с.
- Gimpelevich, Z. Vasil Bykaŭ: His Life and Works. Montreal: McGill-Queen’s Press, 2005 (English).
- Вольга Грыцук “Мы стваралі сваю Беларусь”. Мінск, “Медісонт”, 2007. 256 с. Укладаньне, літапрацоўка Вольгі Іпатавай.
- Івонка Сурвіла “Дарога. Стоўпцы – Капенгаген – Парыж – Мадрыд –Атава –Менск”. Радыё Свабода, 2008. 144 с.
- Kastus Akula “Tomorrow is yesterday”. Minsk, “Medisont”, 2008. 200p. (Кастусь Акула “Заўтра ёсць учора”. Мінск, “Медысонт”, 2008. 200с. Пераклад на беларускую сп. І. Варабей)
- Пётр С. Мурзёнак “Над Дзісенкай ракой”. Аттава. 2008. 338с.
- Зіна Гімпелевіч “ Интеллигент в романах Доктор Живаго и Мастер и Маргарита.” Orange (CT): Antiquary, 1988. Russian, 196с.
- Зіна Гімпелевіч. Boris Pasternak: What Millennium IS Out There? NY & Ottawa & Toronto: LEGAS, 1990, 163с.
- Зіна Гімпелевіч Vasil Bykaŭ. His Life and Works. Montreal & Kingston & London [GB]: MQUP, 2005 (English), 266с.
- Зіна Гімпелевіч Беларускія яўрэйскія пісьменнікі ХХ стагоддзя. Kaнзас: Цэнтр беларускіх даследаванняў, 2010. 257с. Gimpelevich, Belarusian Jewish Writers of the Twentieth Century: Origin, History, and Discourse. Winfield: Southwestern College Academic Press, 2010. (Belarusian/English).
- Зіна Гімпелевіч. Литературная тетрадь Валентина Кривича. Санкт Петербург: Серебряный век, 2011. (Russian), 326с.
- Gimpelevich, Z. Vasil Bykaŭ: Books and Fate. Moscow: NLO, 2011 (Russian), 398с.
- Joanna Survilla “A huit ans j’aifait laguerre”. New York-Ottawa-Toronto, 2011. 58 p. (Івонка Сурвіла “У восем год я пайшла на вайну”. Н’ю-Ёрк, 2011. 58 с.)
- Юрась Шамецька “Шлях да вяртання”. Мінск, “Кнігазбор”, 2011. 96 с.
- Пётра П. Мурзёнак “Крыніца”. Вершы. Выдавец Зміцер Колас. Мінск, 2011. 144 с.
- Пётра П. Мурзёнак “Пакуль нашыя анёлы лётаюць над акіянам”. Аттава, 2012. 314 с.
- Пётр С. Мурзёнак “Адвечныя плыні”. Мінск, “Кнігазбор”, 2015. 240 с.
- Юрась Шамецька “Атава”. Вершы. Мінск, “Кнігазбор”, 2015. 128 с.
- Пётра П. Мурзёнак “Шляхі да беларускай нацыі”. Мінск, “Кнігазбор”, 2016. 344 с.
- Пётра П. Мурзёнак “Чым трэба ганарыцца кожнаму беларусу”. Мінск “Кнігазбор”, 2017. 96 с.
- Сяргей Панізьнік “Абліччы сустрэчаў”. Мінск, “Медысонт”, 2017. 144 с.
- Сяргей Панізьнік “Выбранае”. Мінск, “Тэхналогія”. 215 с.
- Івонка Сурвіла “Дарога. Стоўпцы – Капенгаген – Парыж – Мадрыд –Атава –Менск”. Радыё Свабода, 2018. 163 с. (перавыданне).
- Gimpelevich, Z. The Portrayal of Jews in Modern Biełarusian literature. McGill-Queen University Press. 2018, 500
- Пётра Мурзёнак “Колеры” (вершы). Кнігазбор. Мінск, 2018, 188 с.
- Юрась Шамецька “Непрадказальнае” (вершы). Кнігазбор. 2019, 116 с.
Piotra Murzionak, Zina Gimpelevich: Belarusian Institute of Science and Art, Canada in 1967-2019
(web-magazine “Culture. Nation”, issue 25, April 2020, pp.32-46, www.sakavik.net)
The activities of the Institute (BINIM, Canada) are highlighted in the early period, in 1986-2016, and in the current period (since 2017). The article includes: the history of the BINIM, Canada; the participation of the members of the Institute in many forums where presentations of Belarusian issues were discussed, the collaboration with scientists from other countries who study Belarusian topics, organization of exhibitions. The list of 41 books published by the Institute members is presented in the end of article.
Пётра Мурзёнак, Зина Гимпелевич Белорусский институт науки и искусства, Канада, 1967–2019
(интернет-журнал «Культура. Нация», выпуск 25, апрель 2020, с.32-46, www.sakavik.net)
Деятельность Института (БИНИМ, Канада) освещается в раннем периоде, в 1986–2016 гг. и в текущем периоде (с 2017 года). Статья включает в себя: историю БИНИМ, Канада; участие членов института во многих форумах, на которых были представлены беларусские доклады, сотрудничество с учеными из других стран, которые изучают беларусскую тематику, организация выставок. В конце статьи представлен список из 41 книги, опубликованных сотрудниками института.
Спасылкі
[1] Р. Жук-Грышкевіч “Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча”, (Таронта, Канада, 1993; сс. 398-400).
[2] Там жа, с. 288.
[3] Статут быў прыняты 31 студзеня 1970 года; а) пратакол №3 агульнага схода. Архівы БІНІМ Канады за 1969-1975 гг., матэрыялы ў якіх афамляліся падрабязным і належным чынам сп. А. Грыцуком, які зберагаецца ў сп. І. Сурвіла. б) John Sadouski fonds (Library and Archives Canada), MG31, D124, vol.4, files 35 and 53.
[4] Статут БІНІМ, Канада ад 2 верасня 2017 г. Вэб-сайт інстытута: http://binim.org/index.php/charter/
[5] Архівы БІНІМ Канады за 1969-1975 гг.
[6] Архівы БІНІМ, Канада.
[7] “Францішак Скарына” (ступень доктара літаратуры ў славяназнаўстве ў 1964 г., абарона ў Італіі), і “Лінгвістычны аналіз чатырох кніг царстваў, надрукаваных Скарынам у 1518 г.” (ступень доктара філасофіі у 1967 г., абарона ў Англіі). Н. Гардзіенка “Да біяграфіі скарызнаўцы Янкі Садоўскага”.
У кнізе: Віленскія выданні Францыска Скарыны ў кантэксце эпохі Адраджэння: да 490-годдзя кнігадрукавання ў Вялікім Княстве Літоўскім: матэрыялы IV Скарынаўскіх чытанняў (Мінск, 27 красавіка 2012 г.) / пад рэд. І. Э. Багдановіч. — Мінск: Кнігазбор, 2014. — С. 97-105.
[8] Boris (Barys) Ragula. Against the Current. Montreal & Kingston & London [GB]: MQUP, 2005 (English), 185pp. (p. 169).
[9] Raisa Zuk-Hryshkevich fonds (Library and Archives Canada), R4894, vol.23, files 23-30. Third National Conference on Canadian Slavs. York University, June 14-17, 1969. J. Skurat: Belarussian Cultural Activity in Canada; A. Hrycuk: Byеlarussian Imprints in Canada.
[10] Кастусь Акула. Кніга першая: “Дзярлівая птушка”. Выдавецтва “Пагоня”, Таронта, 1965; кніга другая: “Закрываўленае сонца”. Выдавецтва “Пагоня”, Таронта, 1974; кніга трэцяя: “Беларусы, вас чакае зямля”. Выдавецтва “Пагоня”, Таронта, 1981.
[11] Sadouski, J. Skaryna`s Stay in Denmark // The Journal of Byelorussian Studies. — Vol. II. — № 1. — London, 1969. — P. 25–28; Book review by J. Sadouski “Belorussia under Soviet Rule, 1917-1957 by Ivan S. Lubachko”, Canadian Slavonic Papers. Vol. 16, No. 3 (Autumn, 1974), pp. 474-475; Review by John Sadouski “A History of Byelorussian Literature. From its Origins to the Present Day by Arnold B. McMillin”. Canadian Slavonic Papers. Vol. 20, No. 2 (June 1978), pp. 275-276.
[12] J. Sadouski: a) Soviet Belarusian Publications in the 1970’s. Natonalities papers, Fall,1981,IX, No2, 22-29; b) Bryl Janka in The modern Encyclopedia of Russian and Soviet Literatures, Ed.: H. Weber, G.Breeze, Academic International Press, v .III, 1979; c) Charot Michas, and Chorny Kuzma, там жа, vol. IV, pp.20-21, and 99-103. John Sadouski fonds (Library and Archives Canada), MG31, D124, vol.1, file 3.
[13] John Sadouski fonds (Library and Archives Canada), MG31, D124, vol.1, file 60.
[14] Рашэнне аб выданні часопіса было прынята 31.01. 1970 (пратакол №3 Управы БІНІМ, Канада). Архівы БІНІМ, Канада за 1969-1975 гг.
[15] Byelorusian Study weekend at Quenn’s University. April 17-18, 1971. Queen’s Gazette, April 7, 1971. V.III, #13. John Sadouski fonds (Library and Archives Canada), MG31, D124, vol.4, file 29.
[16] Газета “Беларус”, №218, чэрвень 1975 (публікацыя пра выставу); №219, ліпень 1975 (публікацыя пра даклады), №221, верасень 1975 (публікацыя пра вечар паэзіі з Н. Арсеньевай).
[17] “Запісы”, № 19, 1989, с.176.
[18] “Запісы”, № 23, 1999. Сс.175, 177-79.
[19] Gimpelevich, Z. IN MEMORIAM. ROBERT KARPIAK (1942-2017), Canadian Slavonic Papers, 2018, (forthcoming); Gimpelevich, Z. “Dimensional Spaces in Alexander Solzhenitsyn’s Dvesti let vmeste” (Two hundred years together), Canadian Slavonic Papers. 3-4 (2006): 233-60. (English); Gimpelevich, Z. “Vasil Bykaŭ’s Biełarusian Pilgrimage,” Canadian Slavonic Papers. 3 (2000): 343-362 (English). Gimpelevich, Z. “The Intelligentsia: What It Used to Be and What It Is in Aksenov’s Skazhi izium,” Canadian Slavonic Papers. 37 (1995): 201-217.
[20] Архівы БІНІМ, Канада.
[21] Raisa Zuk-Hryshkevich funds (Library and Archives Canada), R4894, vol.23, file 16.
[22] Зінаіда Гімпелевіч “Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтве ў Канадзе (БІНіМ, Канада). 1967-2016”. “Культура, Нацыя”, №15, верасень 2016, с. 70-75 (даклад на 32-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі).
[23] Івонка Сурвіла, Зіна Гімпелевіч Канадыйскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі. 30.05.2018. Сайт Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. https://zbsb.org/info/?modal=23182
[24] Пётра С. Мурзёнак Беларуская кляса ў Аттаве. Альманах “Беларус”, ISSN 1945-8665, 2012, с.188-193; таксама: Пётра С. Мурзёнак Беларускі клас у Атаве. У кнізе “Адвечныя плыні”, Мінск “Кнігазбор”, 2015, с. 189-195.
П.С. Мурзёнак Тры гады як працуе беларуская суботняя школа ў Атаве. Газета “Беларус”, №518, сакавік 2006.
[25] З. Гімпелевіч Гл. спасылку 20.
[26] На ранішнім і вячэрнім паседжаннях свае даклады прадставілі: сп. Юрась Рапецкі “Пратэстантызм на беларускай зямлі”, канд. навук Галіна Туміловіч “ Беларусь ад Вялікага Княства Літоўскага да глабалізацыі: якую спадчыну мы возьмем з сабой?”, праф. Зіна Гімпелевіч “Рыгор Барадулін (1935-2014): Толькі б яўрэі былі! Кніга павагі і сяброўства (2011)”, сп. Івонка Сурвілла (за праф. Марыі Сурвіллы, якая не змагла прыехаць на кангрэс) «Сталасць памяці і фарміраванне ідэнтычнасці: міграцыя і Айчына ў беларускім досведзе”, Наталля Баркар “Актыўнасьць часопісу “Культура, Нацыя” ў 2013-2017 гадах, доктар Пётра Мурзёнак “Усходнеславянская беларуска-украінская цывілізацыя”, канд. навук “Культура. Нацыя”, №18, чэрвень 2017, сс. 35-91.
[27] Пётра Мурзёнак Святкаванне 100-годдзя БНР у Атаве. “КУЛЬТУРА. НАЦЫЯ”, сакавік 2018, №21, с.7-46.
[28] Спіс кніг, прадстаўленых на выставе ў гонар 100-годдзя БНР. 11 сакавіка 2018 года. Commons Reading Room, Parliament Hill, Ottawa, Canada. “КУЛЬТУРА. НАЦЫЯ”, сакавік 2018, №21, с. 79-91. Кнігі з калекцыі І. Сурвіла і П. Мурзёнка. У арганізацыі выставы і прэзентацыі кніг прымалі ўдзел Ксенія і Аляксандр Каралькевічы, Пётра Мурзёнак.
[29] Пётра Мурзёнак: Паэтычна-музыкальня вечарына ў Атаве 23 верасьня 2018 года http://binim.org/index.php/2018/11/19/murzenak-kolery-20180923/
[30] Спектакль “Вуліца Геніюш”. http://binim.org/index.php/2018/04/23/v-geniush/
[31] Пётра Мурзёнак Бачаньне перспектывы БІНІМ на бліжэйшы час. “Культура, Нацыя”, снежань 2017, №20, с. 61-66.
Categories: Культура, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ