Як некалі Мікалай Карамзін “адкрыў для рускіх Расію” (Пушкін), так Караткевіч адкрыў для беларусаў іх гістарычнае мінулае, дзе жылі не толькі сяляне, але і шляхта са сваімі магнатамі і замкамі, палацамі, іх спрадвечнымі звычаямі і заняткамі, а таксама барацьбой.
Так, ён адкрыў іншую Беларусь.
Яшчэ пры жыцці Караткевіч стаў “самым чытабельным бел. аўтарам, якога нават у Туніс з сабой бяруць” (Я. Брыль). Другі блізкі да яго чалавек, сябр больш позняй пары (з такіх “ младагегельянцаў”) Вячаслаў Рагойша наогул сцвярджае, што сябры называлі яго класікам яшчэ пры жыцці. Адам Мальдзіс гэта пацвярджае.
І ў той самы час У.Караткевіч доўга быў адным з самых недаацэненых пісьменнікаў з боку афіцыйнага прызнання. Ва ўсялякім разе ў другой палове 60-х гадоў, на якія прыходзіцца росквіт яго творчасці. Тут і вяршыня творчасці “Каласы пад сярпом тваім” – 1965, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” – 1965-1966 (А.Мальдзіс), і такія перліны/жамчужыны як “Ладдзя роспачы” – 1964, “ Чазенія” – 1967, а таксама гісторыка-прыгодніцкае “Дзікае паляванне караля Стаха” – 1964.
З 1962г., пасля закліка Хрушчова да барацьбы з”фармалізмам”, адыходзіць палітычная адліга, што пачалася ў другой палове 50-х (пасля наведвання выстаўкі мастакоў – МОРХ – Г.Т.). І Караткевіч – з яго звяртаннем да гісторыі (што тады лічылася крамольным), – калі гэта толькі не гісторыя ад 1917 г., з яго “не тымі героямі” – стаў адной з першых ахвяр “ гэтай чарговай барацьбы”.
І калі нам, сучасным беларусам, сапраўды ў нечым пашанцавала, дык гэта ў тым, што Караткевіч заняў ўсё ж свае пачэснае месца ў беларускай літаратуры, а таксама ў гісторыі беларускай культуры. Спраўдзіліся словы таго ж самага Янкі Брыля: “Пішы сумленна, а некалі цябе прызнаюць, хоць пасля смерці, што ўжо сумней” (Мальдзіс, 32, Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча). На шчасце, яго прызналі яшчэ пры жыцці.
Кожны з нас па-свайму прыходзіў да Караткевіча, ці ён прыходзіў да нас. У маім дзяцінстве, – колькі сябе памятаю, – дома было шмат часопісаў (іх выпісвалі мама з татам), у тым ліку Полымя на беларускай мове і рускамоўны Нёман. Дазволю толькі пару лічбаў для параўнання (на сярэдзіну 80-х гадоў) суадносіны паміж руска-і беларускамоўнымі выданнямі: са 107 часопісаў толькі 32 былі беларускамоўнымі, а тыраж беларускіх кніжак быў у 10 разоў меньшы за рускамоўныя выданні.
Зразумела, я не ведала і не задумвалася пра падобныя лічбы, калі на пачатку 70-х трапіла ў Нёмане на “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”… Паспрабавала чытаць, – не расчытала і кінула…Запомніла толькі малюнкі і фотадымак У.Караткевіча. Было мне гадоў 8-9. Такім чынам, не магу пахваліцца, што пазнала У.Караткевіча рана, не, значна пазней за Мележа, Шамякіна і Маўра, якіх я чытала і вельмі любіла з самага дзяцінства.
І толькі ў 17 гадоў (1980) я прачытала “Дзікае паляванне караля Стаха” (адкрыўшы такім чынам для сябе Караткевіча). Мой прыклад – зусім не арігінальны, бадай што класічны, які ўзгадвае А.Мальдзіс, калі гаворыць пра хлопчыка, які за (адну) ноч з ліхтарыкам пад коўдрай прачытаў Паляванне… Я – без ліхтарыка, але ўслых, па чарзе са стрыечнай сястрой. Чыталі цэлы вечар і паўночы. А адчуванні тыя назаўседы застануцца са мной і, думаю, з ёю.
Ішоў час, хутка мінулі 80-ыя, у якія Уладзімір Сяменавіч пакінуў гэты свет. І мы, наш беларускі сусвет асірацеў на аднаго з найлепшых прадстаўнікоў нашай нацыі.
З цягам часу У.Караткевіч усе больш усведамляўся, уваходзіў ў калектыўную памяць як найвыдатнейшы майстар слова і вынаходнік нашай гісторыі. Ён вярнуў нам нашу гістарычную спадчыну. І гэты хутка зразумелі ўсе мы. Мы яго прачыталі, паглядзелі фільмы. У маім выпадку апошнім, што я прачытала з Караткевіча, быў яго “Дзённік”, які я адразу акрэсліла/вызначыла для сябе як Рагачоўскі (аўтар сам толькі напрыканцы называе яго “рагачоўскім”, Г.Т.).
Ён зусім невялікі па колькасці старонак, ні па часу, што адлюстроўваецца ў ім: не ахоплівае і года з жыцця У.Караткевіча: з канца чэрвеня 1965 – да маю 1966; да таго ж і вёўся ён не зусім рэгулярна. Але – падчас першага чытання ён мяне так ўразіў і захапіў, што я вярталася да яго зноў і зноў, мне хацелася застацца ў ім. Чаму? Чым ён мяне так скарыў, што для нашай сённяшняй сустрэчы я выбрала менавіта яго?
Па-першае (пачну з больш фармальнага боку, хоць і вельмі важнага): дзённікі, як асабістыя запісы і перапіска, а таксама мемуары з’яўляюцца для гісторыка адной з найважнейшых крыніц для вывучэння мінулага. Разам з іншымі пісьмовымі крыніцамі: урадавымі дакументамі, указамі, перапісамі, і г.д. – яны служаць неабходным падмуркам для прафесійнага гістарычнага даследавання. І роля дзённікаў і мемуараў мае вялікі кошт, бо дазваляе адрадзіць карціну эпохі ва ўсіх яе жыццёвых праявах, а не толькі ў фактычна-лічбовым яе вымярэнні. Калі яны яшчэ і таленавіта напісаны, то наогул не маюць цаны.
У гэтым сэнсе дзённік У.Караткевіча служыць двайную службу: 60-я гады XX ст. – важныя для тых, хто вывучае гэты перыяд прафесійна. Для мяне ж, напрыклад, 60-я гады адлюстроўваюць эпоху майго дзяцінства, калі я толькі пачала ўсведамляць хто я. З другога боку, дзеннік Караткевіча сягае таксама ў глыбыню стагоддзяў. Што я маю тут на ўвазе? Па-першае, карані самога Караткевіча. Адкуль ён паходзіць і кім ёсць? Што ўяўляе яго сусвет ад нараджэння?
І тут, дзённік вельмі выразна, яскрава, праўдзіва і дакладна прадстаўляе нам асобу, постаць самога У.Караткевіча. Іншымі словамі, тут (у дзённіку) ён – увесь перад намі: “з каранёў і крылаў”. Рагачоў – гэта яго месца (як Ясная Паляна ў Л. Талстога, Руан у Флабэра ці Жыверні ў Клода Монэ). Тут ён – дома літаральна і духоўна, у яго тут свой пакой у доме, пабудаваным дзедам – Васілем Юльянавічам Грынкевічам, яму там пішацца, дыхаецца і жывецца як можа быць толькі ў сябе, дома. І тыя, найвыдатнейшыя яго творы, што я згадвала раней, нарадзіліся ў гэты перыяд, яны былі напісаныя ў гэтым, рагачоўскім доме і, галоўнае, яны былі натхнёнымі родным падняпроўем.
На старонках рагачоўскага дзенніка любоў і веданне свайго краю, прыроды яго, апісанне звычаяў і штодзённага жыцця, і веданне сваіх каранеў, што падсілкоўваюць яго талент і моц, а таксама даюць сюжэты і галоўных герояў. Узгадаем толькі яго “Ладдзю роспачы”, – твор гэты прасякнуты наскрозь Рагачовам, гісторыяй яго і асобамі: замак каралевы Боны, сама яна (скончаны твор на Іллю, 2 жніўня 1964 г.).
Зазірнем на хвілінку разам з аўтарам у дом. Галоўнае месца ў пакоі яго займае круглы стол, што служыць пісьмовым. А на ім – Біблія! – рэдкая рэч на той час, рукапіс “Хрыста”, якога ён павінен скараціць, а на самой справе – няшчадна парэзаць – заўсёды чыстыя лісты паперы, за якімі Караткевіч перыядычна “ходзіць у горад”. “У горадзе” ён купляе: фотапаперу, каву, кнігі, сыгарэты… На стале стаіць ваза… на гэты раз, на пачатку дзённіка, з белымі півонямі, што падобныя на чашы са снегам… Трошкі далей – маленькі стол (думаю таксама круглы – так было заведзена ў некаторых дамах), за вакном – вінаград… Час тут нібы застыў. Гэта бачна і праз убранства пакоя, і праз розныя мілыя дробязі – як лампа і ласіны рог каля яе, летам і ўвосені яшчэ водар кветак, і яблык, што ляжаць на акне… (с.19). З іншых пакояў ён згадвае “гасціную” (с. 35).
Тут пануюць тыя заняткі, што і раней: ён вудзіць рыбу, ходзіць на паляванне з дзядзькам Ігарам. Прыходзіць да яго і новае захапленне – фотаздымкі. Тут, у Рагачове, засталіся таксама нашчадкі той, былой шматлікай шляхты, што жыла тут спрадвеку. Гансоўскія, Клятэцкія, Машчанкі – сябры яго родных і яго асабістыя сябры, з якімі ён часта бачыцца. Ёсць тут месца і “царскаму піру” час ад часу, дзе пануе разнастайная і вытанчаная шляхецкая кухня: заліўная сеўруга, піражкі з грыбамі, “трус/кролік з буракамі па-беларуску”, смажаная гусь (па-рагачоўску), ікра, вэнджаны лешч, марынаваныя ігрушы. Што яны п’юць? Здаецца, перш за ўсе – гарэлку; адзін раз у дзённіку Караткевіч прыгадвае беларускі каньяк (“адзінае непершакласнае на Беларусі – беларускі каньяк” – с.4).
Заняткі яго, звычаі, што пануюць тут, сустрэчы з мясцовымі сябрамі – усе гэта нагадвае былы шляхецкі засценак, які традыцыйна праз стагоддзі змог – наколькі было магчыма – захаваць свой лад жыцця, але, зразумела, толькі ў сваім асяроддзі. І гэта – яго карані. Мяняліся палітычныя мапы, яго Падняпроўе ў рэшце рэшт апынулася ў Расійскай імперыі, а потым – у складзе Савецкага Саюзу. Але нейкім чынам старая беларуская шляхта – з тых, хто ўцалеў, працягвала свае звычаі, і дзённік яго – вельмі паказальны ў гэтым сэнсе.
Рагачоў – невялікі на той час (паміж 10 і 15 тыс. жыхароў) горад ці больш мясцечка, але вядомы ўжо з 12 стагоддзя, калі ён ўпершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісу, застаўся такім анклавам былой шляхты, якія яшчэ сустракаліся на Беларусі. Так, У.Караткевіч не вызначае тут шляхту асабіста, але гэта відавочна.
Людзей свайго часу ён не падзяляе на шляхту і не шляхту. Такога падзелу няма, і не магло быць у той час (аб гэтым не прынята было гаварыць – каму трэба – той ведаў, астатніх гэта не тычылася). І прама аб гэтым ён нідзе ў дзённіку не піша. Іншая справа – яго творы, дзе ўсе скрозь – прадстаўнікі шляхецтва.
Бясспрэчна, як вялікі талент – ён быў далека наперадзе сваёй эпохі і ў той жа самы час ведаў і вытокі свае, аднак і ён быў падуладны часу, у якім жыў рэальна, і з якім нельга было не лічыцца. Больш за тое, нагадванне з боку іншых, нават сяброў, пра яго паходжанне магло яго нават абурыць, пакрыўдзіць. На гэты конт ёсць у дзённіку адзін паказальны момант, калі ён згадвае сваю спрэчку з Рыгорам Барадуліным – найбліжэйшым сябрам. Мы не ведаем як гэта дакладна прагучала, але ў дзённіку Караткевіч занатоўвае літаральна наступнае: ,,…я таксама спачатку крычаў, што мае паходжанне, паходжанне маёй маці не чапай, бо я ягонае таксама не чапляю”… (с.7).
У якасці заключэння згадаю апошняе: калі я аб нечым балюча сумую, дык гэта аб тым, што У.С.Караткевіч не дажыў 11 гадоў да таго часу, калі ў беларускай гістырычнай навуцы з’явілася ПЕРШАЕ НАВУКОВАЕ СПЕЦЫЯЛЬНАЕ даследванне, прысвечанае шляхце, менавіта ёй як такой. Упэўнена, ён быў бы задаволены. Але лёс і пан Бог распарадзіліся інакш. І таму аб гэтым цяжка нават марыць, бо мары, адрасаваныя ў мінулае, як вядома, самы марны занятак на гэтым свеце.
Крыніцы:
1. Уладзімір Караткевіч. Збор твораў у 25 тамах. Том 5. Легенды. Навела. Паэма. Аповесць, 1960-1972. Минск: Мастацкая літаратура, 2013.
2. Караткевіч У. Ладдзя Роспачы: Аповесці / Уклад, прадм. А. Вераб’я. — Мн.: Маст. літ. 1997. — 239 с.
3. А.В.Мальдзіс Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. https://royallib.com/read/maldis_adam/gitstse__znyasenne_uladzmra_karatkevcha.html#0
4. А.В.Мальдзіс Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: партрэт пісьменніка і чалавека. Мн., 1990. 230 с.
5. “Здабыткі і негатыўныя з’явы ў развіцці адукацыі, навукі і культуры”. Нарысы гісторыі Беларусі. Мінск, 1995, Том 2, с.407.
6. https://www.youtube.com/watch?v=SWRk1_Y6m5w
7. https://www.youtube.com/watch?v=7SmrYouHfRw&list=PLCZLJLaNHoJICvl_66dHlzjy7oynqoY-_
Рагачоўскі дзённік У. Караткевіча: ля вытокаў.
Кандыдат гістарычных навук ГалінаТуміловіч
(вэб-часопіс “Культура. Нацыя”, № 26, сьнежань 2020, с.53-59, www.sakavik.net )
Уладзімір Караткевіч пакінуў вялікую спадчыну для беларусаў. Ён адкрыў новую, іншую Беларусь праз яе гістарычнае мінулае. Ён узбагаціў беларускую літаратуру новымі жанрамі і тэматыкай. Таму невыпадкова, што ён стаў «класікам» яшчэ пры жыцці. Але найбольшае прызнанне У. Караткевіч пазнаў ужо пасля: у калектыўнай памяці беларусаў з цягам часу ён усе больш і больш усведамляўся як вынаходнік беларускай гісторыі, выдатны майстар слова і, наогул, адзін з найвыбітнейшых прадстаўнікоў нашай нацыі, у існаванні якой на сёння ўжо няма ніякага сумнення. Сярод яго багатай і жанрава разнастайнай спадчыны асобнае месца належыць яго дзённіку. Невялікі па аб’ему і апісанаму перыяду (ахоплівае меньш за год), дзённік прадстаўляе надзвычай важную гістарычную крыніцу для вывучэння як XX ст., так і даследаванняў па гісторыі Беларусі часоў ВКЛ і Расійскай імперыі. У гэтым сэнсе дадзены артыкул адыгрывае самастойную ролю, а таксама можа разглядацца як уступ для далейшых гістарычных даследаванняў.
Резюме
Рогачёвский дневник В. Караткевича: у истоков
Кандидат исторических наук ГалинаТумилович
(веб-журнал «Культура. Нация», вып. 26, декабрь 2020, с.53-59, www.sakavik.net )
Владимир Короткевич оставил большое наследие. Он открыл для нас новую, иную Беларусь. Он обогатил белорусскую литературу новыми жанрами и темами. Поэтому неслучайно его называли «классиком» еще при жизни. Однако наибольшее признание В. Короткевич получил уже после своего ухода. С течением времени он все больше входил в коллективное сознание и память белорусов как тот, кто вернул нам нашу историю, как тонкий мастер слова и , в целом, как один из лучших представителей белорусской нации, существование которой на сегодня не вызывает ни у кого малейших сомнений. Среди его богатого и жанрово разнообразного письменного наследия особое место занимает дневник. Небольшой по объему и описываемому периоду дневник представляет собой очень важный исторический источник для изучения как XX в.,так и более ранних периодов белорусской истории, – от ВКЛ до Российской империи. В этом смысле предлагаемая статья играет как самостоятельную роль, так и может рассматриваться как вводная часть для дальнейших исторических исследований.
Abstract
Ragachou Diary by U.Karatkievich: Beside Origins
Candidate of Historic Sciences, Galina Tumilovich
(web-magazine “Culture. Nation”, issue 26, December 2020, p.53–59, www.sakavik.net)
Uladzimir Karatkievich left a great legacy for Belarusians. He opened up a new and completely different Belarus, looking into the country’s historic past. He enriched Belarusian literature with new genres and themes. Thus, it is not without reason that he became a person of classic note while still alive. U.Karatkievich gained even greater recognition once he passed on, i.e., with the passage of time within our collective Belarusian mind he amassed greater recognition as a discoverer of Belarusian history and exquisite master of our language, in general as one of the most outstanding representatives that our nation has known. Today there is no doubt in our minds concerning our total appreciation of him in this capacity. His diary occupies a special place among his legacy of rich and variated genres. Although not extensive in length, covering a period slightly less than a year, it has proven to be an unusually important source of study related to the 20th century centering research on the history of Belarus during the years of the Grand Duchy of Litva and Russian Empire. In some sense this article plays out its unique role but also can be seen as an introduction to further historic research.
Categories: Асобы, Літаратура, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ