Юрась Шамецька: Паэтычны цыкл “Таўрыда” Уладзіміра Караткевіча і “Крымскія санеты” Адама Міцкевіча (вэб-часопіс “Культура. Нацыя”, №26, сьнежань, 2020; www.sakavik.net)

Даецца параўнальны аналіз творчага ўзаемадзеяння літаратурных твораў на прыкладзе паэтычных цыклаў “Таўрыда” Уладзіміра Караткевіча і “Крымскіх санетаў” Адама Міцкевіча. Артыкул падрыхтаваны да выступлення на юбілейнай вечарыне, прысвечанай 90-годдзю з Дня Нараджэння Уладзіміра Караткевіча, якая адбылася 28 лістапада 2020 года онлайн [1].

***

Знайсці сувязь падзей, а тым больш спалучэнне чалавечых лёсаў у бясконцай і няспыннай паслядоўнасці часу, патрабуе пільнай увагі і жадання. Іншы раз, супадзенне ў лічбах і датах прымушае задумацца і параўнаць відавочныя факты. Да аднаго з такіх супадзенняў ”у часе”можна залічыць дзень 26 лістапада, які, здаецца, “выпадкова” ці “невыпадкова” злучыў лёсы двух выдатных беларускіх паэтаў Уладзіміра Караткевіча і Адама Міцкевіча.

Уладзімір Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў горадзе Ворша. У гэты дзень 26 лістапада 1855 года ў Канстанцінопалі памёр Адам Міцкевіч. Розніца 75 год.

У свае 25-ць гадоў Караткевіч, ведаючы пра асабістасць даты 26 лістапада і адчуваючы вызначаную лёсам сувязь, піша верш “Слова Міцкевічу” і пачынае яго з такіх слоў:

Кажуць, што ў ноч на дваццаць шостае лістапада ты з’яўляешся на зямлю, якая цябе нарадзіла, і ходзіш па ёй, заглядаючы ў кожную хату, ў кожную адрыну на дно кожнага глыбокага возера.

Нячутныя крокі твае, а вочы з пяшчотнасцю нябачанай глядзяць на гэтую простую і мілую зямлю.

Рукі твае дакранаюцца да кары дрэваў-манументаў, галубяць кожны ліст на прырэчнай каліне, а вушы чуйна прыслухоўваюцца да новых спеваў, што гучаць на берагах чыстых, як сэрца тваё, беларускіх рэк.

Ноч вялікая-вялікая, і таму паспяваеш ты пабываць скрозь: на рудых берагах Дняпра і на беразе Світазі, дзе ў хвалях водарасці заблыталіся як русалчыны косы, ў сініх лясах Гродзеншчыны і на гары Маяк.

Неабсяжная зямля наша, але паўсюль, дзе пачуеш ты «кугаканне» савы над акном хаты, ты, непрыкметны, заходзіш у хату і глядзіш у вочы новаму чалавеку, які нарадзіўся ў той дзень, калі ты памёр.[2]

Абодва паэта маюць шляхетнае паходжанне. Бацька Адама Міцкевіча паходзіў з шляхетнага роду Рымвідаў-Міцкевічаў, заснавальнікам, якога быў літоўскі баярын Рымвід. Герб роду Міцкевічаў – Порай, ці Ружа. Уладзімір Караткевіч па матчынай лініі нашчадак шляхетнага роду Грыневічаў. Герб роду – Прыяцель. Прадзед Караткевіча Тамаш Грыневіч – удзельнік паўстання Каліноўскага, чым Уладзімір Караткевіч вельмі ганарыўся. Томаш Грыневіч быў расстраляны ў Рагачове ў 1865 годзе.

Калі параўнаць творчасць двух выдатных і апантаных паэтаў магчыма знайсці шмат агульнага: рамантызм, цяга да гістарычнага мінулага, містыка, вострае ўспрыманне стану роднай беларускай мовы, адвечны боль за будучыню Бацькаўшчыны. Але сёння хацелася б спыніцца і параўнаць паэтычныя цыклы “Таўрыда” Уладзіміра Караткевіча і “Крымскія санеты” Адама Міцкевіча, як адметнай часткі творчасці абодвух паэтаў.

З чэрвеня па ліпень 1825 года Адам Міцкевіч падарожнічаў па Крыме. Уражаны сваім падарожжам, паэт напісаў цыкл з 18 санетаў, якія былі надрукаваныя 1826 годзе ў Маскве. Эпіграфам да кнігі Адам Міцкевіч абраў словы нямецкага паэта Гётэ: “Хто хоча зразумець паэта, той павінен адправіцца ў яго краіну”. У вершах паэт захапляецца прыгажосцю Крымскіх гор, веліччу Чорнага мора, але ў той самы час адчуваецца туга па радзіме, па родным людзям, з якімі паэт разлучаны, бо ў 1824 годзе высланы ў Расею з Літвы за ўдзел у тайным антыўрадавым палітычным аб’яднанні “Таварыства філаматаў і філарэтаў”.

Вось некалькі радкоў з санета “Акерманскія стэпы” у перакладзе Уладзіміра Жылкі.

Спыніліся. Плыве крык жораваў у цішы,

А іх і сокала не згледзіць быстры зрок.

Чутно, калі матыль сцяблінкі траў калыша,

Як слізкі вуж паўзе і крыецца у змрок.

Таю спакой, што, каб паклікаў хто ў Літве,

пачуў бы я… Дарма! — Ніхто не пазаве.[3]

Падчас працы над мастацкім фільмам “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” у 1967 годзе Уладзімір Караткевіч некалькі разоў прылятаў у Крым. Як і Адам Міцкевіч, ён быў уражаны мясцовай прыгажосцю мора і гор, дзіўнымі краявідамі прыроды, асалодай і цеплынёй поўдня. Пад уплывам перажытага і пабачанага паэт напісаў цыкл вершаў “Таўрыда”, які ўвайшоў у кнігу “Мая Іліяда”, якая была надрукавана ў Менску ў 1969 годзе.

Адам Міцкевіч і Уладзімір Караткевіч, звязаныя воляй лёсу, сустракаюцца ў часе, ствараюць дзіўны і шматгранны вершаваны дыялог. “Акерманскія стэпы”, “Бахчысарай ноччу”, “Пілігрымы”, “Дарога над прорвай у Чуфут-Кале”, “Аю-Даг”. Гэта вершы Адама Міцкевіча. “Гурзуф уначы”, “Над Аю-дагам — над Мядзведзь-гарою…”,”Таўры”, “Маўзалей Джанiке-ханум”. Вершы Уладзіміра Караткевіча.

Адам Мальдзіс у кнізе “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” апісвае такі выпадак:

… На здымках [фільма”Хрыстос прызямліўся ў Гародні”] Караткевіч згубіў частку вершаў з крымскага цыкла.

— Суцэльная трагедыя! — бурчэў, гуляючы з кацянём, якое невядома адкуль (“ці не з космасу?”) прыбілася… — Уявіце сабе, што Міцкевіч згубіў “Крымскія санеты”! Тая ж непапраўная страта!

Потым аказалася, што не ўсё згублена. Некалькі вершаў знайшлося ў адной з кішэняў рукзака. І Валодзя, супакоіўшыся, прачытаў нам адзін — пра Чуфут-Кале.[4] 

Вядома, Караткевіч захапляўся “Крымскімі санетамі” Адама Міцкевіча і, назіраючы за краявідамі, цешыўся яго паэтычнымі вобразамі: “ветразі на голых мачтах задрамалі накшталт харугваў, што закончылі змаганне”. Уладзімір Караткевіч адчувае сваю сувязь з Адамам Міцкевічам, назірае крымскія абшары гор Чатырдаг і піша верш “Чатырдаг”.

Пан вечнасці, ты пашкадуй малю,

Імгненне цёплае, маю зямлю,

Слязу любові на тваёй шчацэ

Крывінку лепшую ў тваёй руцэ…[5] 

Верш з такой самай назвай “Чатырдаг” ёсць і ў Міцкевіча. Для тых, хто апынуўся за межамі Бацькаўшчыны, будзе зразумелым паэтычнае адлюстраванне прыгожых вобразаў Беларусі ў пабачаных вобразах Крыма. Караткевіч піша верш “Дрэва на Чатырдагу” і прысвячае яго Васілю Быкаву.

Абпаленае перунамі.

Стаіць –  і ў цвіценне верыць —

Адно супраць сцюж і абвалаў,—

Смерць хаваючы ў сэрцы,

Жыццё — ў каранях між скалаў.[6]

Міцкевіча хвалюе лёс яго бацькаўшчыны, Літвы. Караткевіча хвалюе лёс яго радзімы, Беларусі, бо ведае гісторыю таўраў – народа, які жыў у гэтых мясцінах напачатку нашай эры і потым знік. Караткевіч піша:

Я стаю і ўяўляю, што я не ізгой,

Не паэт з беларускіх узгоркаў сініх,

А апошні таўр народа свайго.

О, якая ганебнасць у гэтых згадках!

O, які атрутны бяспамяцтва дым!..

Крый нас божа, калі і на нас нашчадкі

Паглядзяць, як мы на таўраў глядзім. [7] 

Магчыма сказаць, што паэтычны свет пабудаваны на здагадках і дапушчэннях. Таму сёння, чытаючы Адама Міцкевіча, лягчэй зразумець творчасць Уладзіміра Караткевіча і наадварот, паэзія Караткевіча вяртае нас да твораў Міцкевіча. А нам, чытачам, як не дзіўна, больш зразумелай і шматграннай бачыцца краіна Беларусь, нібы хвалюючая васільковае мора, аб якім так па-рознаму, але рупліва і натхнёна пісалі абодва паэты.

Вось так піша Адам Міцкевіч:

…Спіць зямля. Мне няма ані сна ні спакою,

Я кідаюся ў мора насупраць прыбою

Надыходзячы вал сустракаю плячыма.

Хаос мяне акружае, калыша бяздонне;

Міг і думка, як човен, вірамі круцімы,

Раптам траціць прытомнасць

у непамяцці гіне.[8]

Уладзімір Караткевіч старанна падхоплівае паэтычныя ўздым і душэўныя парывы Адама Міцкевіча і выказвае сваё бачанне на выразную і вялікую стыхію:

…Няма цяплей, радней марскога лона,

Які б там гнеў не строіла яно.

І ведай, як бы ты не прагнула адрынуць

І як бы ні была ты халадней ільда,

Сальёмся мы з табой у вечным і адзіным,

Крыштальная вада і сіняя вада. [9] 

Чым болей чытаеш абодвух паэтаў, тым больш праяўляецца думка пра тое, што дзень 26 лістапада невыпадкова і назаўсёды злучыў жыццёвыя і літаратурныя лёсы двух беларускіх паэтаў, даў магчымасць жыццю стварыць цяпер ужо бачную і непарыўную нітку творчага, якая пачалася Адамам Міцкевічам і працягнулася Уладзімірам Караткевічам і тымі, хто прыйдзе з будучыні і стане на гэты шлях, прыкладна так, як казаў у радках свайго верша “Слова Міцкевічу” Уладзімір Караткевіч:

Звоняць і звоняць вярбовыя струны, і цвёрдыя крокі твае заўсёды гучаць разам з нашымі, і наперадзе, і лёгка нам ісці, адчуваючы цябе поруч.

Туды, туды, дзе сонца ўсходзіць.[2]

Лістапад, 2020

Атава

 

Спіс выкарыстанай літаратуры:

1. Канадскія беларусы адзначылі 90-годдзе Караткевіча навуковай анлайн-вечарынай                                                                             https://zbsb.org/news/abroad/kanadskiya-belarusy-adznachyli-90-goddze-karatkevicha-navukovay-anlayn-vecharynay/

2. Уладзімір Караткевіч  “Слова Міцкевічу (Верш у прозе)“

https://knihi.com/Uladzimir_Karatkievic/Slova_Mickievicu_Viers_u_prozie.html

3. Cанеты Уладзімера Жылкі   https://be.wikisource.org/wiki/Акерманскія_стэпы_(Міцкевіч/Жылка)

4. Адам Мальдзіс “Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча”.

http://flibusta.is/b/315254/read

5. Уладзімір Караткевіч “Чартырдаг”, Уладзімір Караткевіч “Збор твораў”, том 1 – Мінск, 1987  – стр. 193.

6. Уладзімір Караткевіч “Дрэва на Чартырдагу”, Уладзімір Караткевіч “Збор твораў”, том 1 – Мінск, 1987  – стр.193.

7. Уладзімір Караткевіч “Таўры”, Уладзімір Караткевіч “Збор твораў”, том 1 – Мінск, 1987  – стр.205.

8. Адам Міцкевіч “Байдары”, пер. І. Багдановіч – Адам Міцкевіч “Санеты” – Мінск, 2000 – стр.158

9. Уладзімір Караткевіч “Дзве вады”, Уладзімір Караткевіч “Збор твораў”, том 1 – Мінск, 1987  – стр.200.

Резюме

Юрась Шамецька: Поэтический цикл «Таврида» Владимира Короткевича и «Крымские сонеты» Адама Мицкевича

(веб-журнал «Культура. Нация», вып. 26, декабрь 2020, с.60-65, www.sakavik.net )

Дан сравнительный анализ творческого взаимодействия литературных произведений на примере поэтических циклов «Таврида» Владимира Короткевича и «Крымские сонеты» Адама Мицкевича. Статья подготовлена ​​для выступления на юбилейном вечере, посвященном 90-летию Владимира Короткевича, которое состоялось 28 ноября 2020 года онлайн.

Abstract

Yuras Shametska: Poetic cycle “Tauryda” by UladzimirKaratkevich and “Crimean Sonnets” by Adam Mitskevich

(web-magazine “Culture. Nation”, issue 26, December 2020, p.6065, www.sakavik.net)

A comparative analysis of the creative interaction of literary works using the example of poetic cycles “Tauryda” by Uladzimir Karatkevich and “Crimean Sonnets” by Adam Mitskevich is given. The article was prepared for a presentation at the anniversary party dedicated to the 90th anniversary of Uladzimir Karatkevich, which took place on November 28, 2020 online.



Categories: Асобы, Літаратура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

<span>%d</span> bloggers like this: