Ю. І. Крашэўскі “Сеймавыя сцэны. Гародня. 1793.”
Пераклад з польскай мовы Міхася Кенькі (працяг, 1-я частка апублікавана ў №25)
Прадмова
Раман Юзафа Ігнацы Крашэўскага упершыню выйшаў з друку ў 1875 годзе пад псеўданімам Б.Баляславіт. Чытачы, якім адрасаваў свой твор Крашэўскі, добра ведалі пра тое, аб чым апавядаецца ў творы. Ва ўсіх быў на памяці апошні сейм незалежнай польскай дзяржавы – Рэчы Паспалітай. Гэты сейм доўжыўся ў Гародні з 17 чэрвеня па 23 верасня 1793 года. На ім быў зацверджаны акт аб другім падзеле Рэчы Паспалітай, па якім Рэч Паспалітая фактычна ператваралася ў пратэктарат Расійскай імперыі. Дэпутатаў сейму змусілі зрабіць гэта пад ціскам расійскіх улад.
Чытачам твора трэба ведаць пра папярэдні і наступны падзелы, якія звязаны з сеймам 1793 года. Першы падзел Рэчы Паспалітай адбыўся ў 1772 года паміж Расіяй і Аўстрыяй, а таксама паміж Расіяй і Прусіяй. У адпаведнасці з гэтымі дакументамі Аўстрыя атрымоўвала Галіцыю, Прусія – Памор’е (акрамя Гданьска) і частку Вялікай Польшчы, Расія – украінскія і беларускія землі на ўсход ад Заходняй Дзвіны, Друці і Дняпра, а таксама Латгалію.Чатырохгадовы сейм (1788-1792) 3 мая 1791 г. прыняў Канстытуцыю Польшчы. Пры падтрымцы Расіі ў маі 1792 года старашляхетскай партыяй была створаная Таргавіцкая канфедэрацыя, якая ставіла сваёй мэтай ліквідацыю канстытуцыі 3 мая. Расійскія войскі, якіх запрасілі канфедэраты, уступілі ў Варшаву, у выніку чаго лідэры патрыятычнай партыі змушаныя былі пакінуць краіну. Прусія таксама ўвяла ў Польшчу свае войскі, якія занялі Данцыг і Торн. Другі падзел Рэчы Паспалітай зрабіўся ў гэтых умовах непазбежным. 12 студзеня 1793 года паміж Расіяй і Прусіяй была падпісаная новая канвенцыя. Расія атрымлівала ўкраінскія і беларускія землі з гарадамі Мінск, Слуцк, Пінск, Жытомір, Камянец-Падольскі. Прусіі дасталіся частка Вялікай Польшчы і Куявія, а таксама Гданьск. Сейм 1793 гады (апошні ў гісторыі Рэчы Паспалітай) вымушаны быў ратыфікаваць дагаворы з Расіяй і Прусіяй, замацоўвалі вынікі Другога падзелу. Адначасова без абмеркавання была зацверджана новая канстытуцыя, паводле якой Польшча стала васалам Расійскай імперыі. Польскія патрыёты, не змірыўшыся з рашэннямі сейма, у сакавіку 1794 года абвясцілі ў Кракаве аб пачатку паўстання супраць замежных войскаў. На чале паўстання стаў Тадэвуш Касцюшка. Паражэнне паўстання прывяло да поўнай ліквідацыі Рэчы Паспалітай. 3 студзеня 1795 г. была падпісаная канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Аўстрыяй, а 24 кастрычніка падобная канвенцыя была заключана паміж Прусіяй і Расіяй. Да Расіі адышлі Літва, Курляндыя, Заходняя Беларусь і Заходняя Валынь. Аўстрыя атрымала Малапольскае зямлі з Любліне і Кракавым, Прусія – частку Падляшша і Мазавецкага земляў з Варшавай, а таксама частка Жамойці.
Варта нагадаць таксама пра тое, што такое польскі сейм. Польская дзяржава Рэч Паспалітая была канстытуцыйнай, саслоўнай манархіяй, на чале з выбарным каралем. Заканадаўчым органам у ёй быў двухпалатны агульны парламент (Вальны сейм), які складаўся з вышэйшай палаты – Сената (Рады) і Пасольскай ізбы. У Сенат уваходзілі найбольш знатныя феадалы ў колькасці каля 150 чалавек: магнатаў, вярхушкі цэнтральнай і мясцовай адміністрацыі, вярхоў каталіцкай царквы. Вальныя (агульныя) сеймы (іх яшчэ называлі кароннымі сеймамі) разглядалі і прымалі пастановы на асобных пасяджэннях Сената і Пасольскай ізбы. Разгледзеўшы адны і тыя ж пытанні паасобку, Сенат і Пасольская ізба сыходзіліся на агульнае пасяджэнне і ў выпадку, калі іх пастановы супадалі, яны прымаліся і пасля зацвярджэння каралём набывалі сілу закона. У 1589 г. было уведзена правіла аб тым, што усе пастановы кароннага сейма павінны прымацца аднагалосна. Пры гэтым дзейнічаў прынцып liberum veto(свабоднага вета), калі група дэпутатаў альбо адзін з іх мог сказаць “не дазваляю”, пасля чаго дзейнасць сейма прыпынялася, а усе прынятыя на ім раней пастановы касаваліся. Liberum veto лічыўся адной з важнейшых “залатых шляхецкіх вольнасцей”, гарантаваўшых права шляхты, але на практыцы гэта дазваляла магнатам блакіраваць нежаданыя для іх пастановы, а таксама дало магчымасць замежным дзяржавам умешвацца ў справы Рэчы Паспалітай.
Крашэўскі ў мастацкай форме ўзнаўляе абставіны, у якіх праходзіў сейм. Ён не засяроджваецца выключна на пасяджэннях сейма, пачынае твор з апісання таго, што адбываецца ў Гародні, зводзіць чытача з прыдуманымі ім персанажамі, (пераважна з ліку дробнай шляхты, рамеснікаў), як гэта і павінна быць у мастацкім творы. А затым ён знаёміць і з рэальна існаваўшымі гістарычнымі асобамі – удзельнікамі сейма. Яны выразна падзяляюцца на дзве групы. З аднаго боку гэта патрыятычныя дэпутаты Мікорскі, Краснадэбскі, Кімбар, Юзафовіч, Шыдлоўскі, якія спрабуюць выступіць супраць падзелу Польшчы, нягледзячы на запалохвані і пагрозы. У процівагу ім аўтар выводзіць групу дэпутатаў, якія здраджваюць сваёй краіне, паддаюцца на подкуп і ўціск, кіруюцца толькі ўласнымі эгаістычнымі памкненнямі. Гэта магнаты Паніньскі, Масальскі, Бяліньскі, Анквіч, якія прадаюць сваё сумленне дзеля ўласных выгод, трымаюцца за свае прывілеі і тытулы. Сейм праходзіў у часы, калі каралём у Рэчы Паспалітай быў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні кароль Польшчы. Пра яго паводзіны падчас сейму і ролю ў прыняцці яго рашэнняў апавядаецца ў рамане.
Раман “Сеймавыя сцэны” – першы з задуманага пісьменнікам “Касцюшкаўскага цыкла”, працягам якога стаў раман “Варшава ў 1794 годзе”. Злучае гэтыя творы гісторыя паручніка Паўла Сольскага, эмісара патрыятычнай арганізацыі, якая рыхтуе глебу да будучага паўстання. Гісторыя кахання яго сястры Юстыны надае твору лірычнае адценне. Падрабязнае апісанне апошняга пасяджэння сейма завяршае раман.
Сучаснаму чытачу патрэбны тлумачэнні пэўных прозвішчаў, паняццяў, назваў. Яны зроблены перакладчыкам і падаюцца ў зносках. Словы і фразы на французскай і лацінскай мовах тлумачацца ў дужках.
………………………………..
* * *
Наступным днём у Гародні ладзіўся баль. Якраз была нядзеля. дэпутаты адпачывалі… а Сіверс даваў абед для мужчын – адмыслова выбраных – пасля якога для дам была зладжана так доўга чаканая забава. У садзе каля эканоміі зрабілі ілюмінацыю. Мноства маладых, жвавых расійскіх афіцэраў мелася ажывіць баль. Быў абяцаны нават фейерверк. З самага ранку слугі бегалі ў крамы Лазарэвічавай і Люкс… да двух цырульнікаў, у магазіны, у якіх … разабралі ўсе духі і крэмы. У карэтах падвозілі плацці, абы толькі хапіла.
Многія вайскоўцы дапамагалі ладзіць гэты баль. Усе чакалі чагосьці незвычайнага. Гэты баль мог папярэднічаць captationis benevolentiae ( палюбоўнаму. лац.) падпісанню каралём доўгачаканага пагаднення.
Напэўна, нідзе падрыхтоўка да гэтага знамянальнага вечара не набыла такога размаху, як у доме, які займала “боская Мілюся”… Ёй шмат чаго нехапала для таго, каб на балі выглядаць шыкоўна.
Першы выхад пані ў тутэйшы свет павінен быць шчаслівы, бо столькі моладзі раілася каля яе, што той поспех патрабаваў зрабіць усё, каб у ёй не расчараваліся. Пані шамбялянава ледзь не плакала. Валасы не былі прыбраны так, як ёй хацелася. Колер твару павінен быць смуглы, але зрабіць яго такім не маглі ніякія крэмы і мазі. Адным словам, яна адчувала сябе вельмі няшчаснай. Лазарэвічава параіла ёй лёгкую сукенку, залатую накідку, пад якую ёй трэба было падкласці другую, іншага колеру, каб схаваць карсет, без якога формы не маглі быць прывабна круглявымі …. Але белы ўбор зрабіў бы яе паўнаватай. Яна была б страйнейшай у чорнай сукенцы, і гэта добра, але ж яна ў чорным выглядала б старэйшай.
Не суцешылі яе і словы мужа, які заўсёды быў карысным пры вызначэнні таго, што лепей апрануць. Ён сказаў:
– А што? Прыгожа.
Ён хацеў падтрымаць яе, але з таго нічога не выйшла. Ягоныя словы не суцешылі яе. Але шамбялян аказаўся карысным падчас апранання. Нязграбныя служанкі не маглі справіцца і ён сам зашнураваў яе, абуў, памазаў крэмам і папудрыў там, дзе было патрэбна. Служанкі казалі, што ён і фальбоны на плацці разгладзіў, але гэта былі, хутчэй за ўсё, жарты.
Але самым непрыемным для яе сталася тое, што Анквіч наказаў, упрасіў ад імя Сіверса, каб пані шамбялянава ўзяла на баль Юстыну. Нібыта з тае прычыны, што там будзе мала прыгожых паненак. Боская Мілюся спачатку паўстала супраць гэтага, папракнула Анквіча, што ён закахаўся ў гэтую нічым не адметную дзяўчыну. Міністр пасмяяўся, але настойваў на сваім.
- А вы ўявіце сабе, што ў дзвярах з вамі сустрэнецца Сіверс і спытае, чаму вы не ўзялі з сабой Юстыну?
Ледзь толькі з Юстынай загаварылі пра баль, яна сама пачала крычаць, што ні за што ў свеце не згадзіцца ісці, не хоча і не можа. Пані шамбялянава ўзрадвалася, пераказала яе словы Анквічу, але той сказаў, што ёй трэба ўгаварыць дзяўчыну. Злосная, разгневаная пані шамбялянава была ўжо сама гатова адмовіцца ад балю і замест таго сядзець дома, піць лякарствы, біць служанак і злаваць мужа, але неспадзявана ўсё перамянілася, чым пані была вельмі здзіўлена і заінтрыгавана.
Пасля таго, як Юстына адмовілася ехаць на баль, яна пабегла ў свой пакой. Там яе чакаў брат. Ён убачыў, што яна нечым расстроеная, і пачаў распытваць, што з ёй сталася. У яго аж кроў закіпела, як толькі падумаў, што сясту напаткала якаясьці непрыемнасць. Юстына супакоіла яго, расказала пра тое, што яе так усхвалявала.
- Не хачу я на баль да пасла! – паўтарыла яна і брату.
- Ты ведаеш, адказаў той, – калі б ты не была такім дзіцём, не гарачылася… я б табе нешта параіў… але я не магу патрабаваць ад цябе такой ахвяры…
- Якой такой ахвяры? – спытала Юстына. – Я цябе не разумею.
Паручнік пайшоў да дзвярэй, адчыніў іх, каб праверыць ці не падслухоўвае хто. Але пані Мілюся бегала па магазінах, шамбялян яе суправаджаў.
- Той, хто любіць сваю краіну, павінен прыносіць і самыя цяжкія ахвяры, – прамовіў паручнік, – Я табе адкрыю толькі тое, што я не так проста дастаўся сюды ў Гародню, іграю ролю жадаючага паступіць на рускую службу. Штодня п’ю з афіцэрамі. Тое-сёе ўведваю ад іх… Ен спыніў сябе на паўслове.
- Дарагі брат! – усклікнула Юстына. – Хай сабе мне і не хочацца, але я магла б, скажам, патанцаваць з афіцэрамі.
- – Патанцаваць? – засмяяўся паручнік. Але потым задумаўся. – А што? Гэта ты магла б зрабіць. Ведаеш, для чаго? Ты ад іх можаш выведаць болей, чым я, бо ты прыгожая, маладая, і калі б захацела, то магла б не аднаму задурыць галаву,
Юстына заплюшчыла вочы, а брат працягваў:
- Можа я хачу ад цябе і залішне многага, як і ад іншых…але мы… мы ў такім становішчы, што для выратавання краіны не лічымся ні з чым, нават з ахвярамі…. Трэба аддаваць усё…
– Як гэта? нават … пазбыць маю любоў да праўды, – перабіла дзяўчына, – нават хлусіць і падманваць !!!
–Нават падманваць… як яны нас падманваюць, нават больш… тут няма мяжы! – усклікнуў паручнік. – Мы бяссільныя – для нас усё добра.
– Ты кажаш страшныя рэчы… – прамовіла Юстына слабым голасам – ты ж можаш звар’яцець з гэтага.
– Мы ўсе звар’яцелі, – сумна сказаў паручнік, – адчай кіруе намі.
– Паслухай мяне – я пераканаю цябе сваім прыкладам. Нам трэба уведаць сакрэт, ад якога залежыць лёс краіны – гэтую таямніцу можа раскрыць толькі жанчына, якая, як і біблейская Юдыф, ідзе ў лагер Алаферна… Жанчына шануе сваю цноту больш, чым выратаванне краіны … адмаўляецца … і мы паміраем. Што ты скажаш пра такую жанчыну?
Юстына ўздрыгнула, закрыла вочы рукамі і пачала бегаць па пакоі, як вар’ятка.
– Не кажы мне гэтага! – закрычала яна, – не трэба мне гаварыць такіх рэчаў! У мяне бура ў душы. Брат, маўчы …
– Я ведаю, што раблю, – спакойна адказаў паручнік, – я ведаю, пра каго гавару, – ты высакародная, чыстая, святая, табе не пагражае небяспека, нават калі б цябе прымусілі ўзяць на сябе гэтую ролю. Я нікога не ўгаворваў бы страціць сваё жыццё. Я ведаю цябе настолькі, што не баюся за цябе . Я скажу табе, што не толькі я мог бы пераканаць, але прашу цябе дапамагчы мне.
Раптам ён спыніўся.
– Не, тут сцены маюць вушы … апрані, Юстына, што-небудзь, мы пойдзем на шпацыр, я ведаю, што ты дачка твайго бацькі і што я магу табе давяраць. Мне патрэбна …. Пойдзем ….
Спалоханая, дрыжачая Юстына нічога не сказала, яна толькі запатрабавала пайсці да пані шамбялянаывай, каб папрасіць у яе дазволу выйсці з дому; праз некаторы час яна вярнулася з кіслым выразам твару, працягнула брату руку і яны пайшлі.
Паручнік вёў яе упэўнена, выдатна ведаючы масцовасць, дзе ён ужо блукаў у гэтыя дні, ведаў, дзе яны маглі сустрэць як мага менш людзей.
Яны зайшлі далёка, аж да Нёмана. Упэўніўшыс, што іх ніхто не пачуе, паручнік пачаў паспешліва гаварыць:
– Я прыйшоў сюды не толькі дзеля цябе ці дзеля забавы … Мяне паслалі сюды … Ты ж ведаеш ці, па меншай меры, павінна ведаць, што адбылося пасля Таргавіцы. Усё гарачае і сумленнае, што было ў краіне, пакінула яе, вымусіла патрыётаў працаваць за мяжой. Малахоўскі, Патоцкі , Калантай… Ці ведаеш ты гэтыя імёны?
– Пра іх тут нельга ўспамінаць, – сказала Юстына … Мне часам трапляла ў рукі “Газета нарадова”[1]… Пані пра іх гаварыла з асуджэннем. Гэта страшная жанчына… ты не думай.
– Горш за ўсё тое, што яна для нас безнадзейна страчаная, – сказаў паручнік, – але гэта шчасце, што ты дома ў яе … У гэтым дом ніхто не шпігуе, такія людзі, як Анквіч, прыходзяць, размаўляюць адкрыта . Пра ўсё, што робіцца на сейме, можна даведацца тут. Але для гэтага мне патрэбна не мая сціплая і сумленная Юстыся, у якой вочы нясмела блукаюць, затыкаюцца вушы, якая уцякае з пакоя, тут патрэбна жанчына, якая круціла б імі… спакушала гэтых распуснікаў – і усё ў іх выведвала… а пры патрэбе і пакіравала б імі.
Юстына раптам спынілася.
– Брат, – з болем у голасе сказала яна, – Ты не можаш прасіць у мяне тое, што звыш маіх сіл! Бог не стварыў мяне для гэтага. Я не магу хлусіць.
– Нават дзеля выратавання Радзімы? – спытаў брат.
– “На жаль,” застагнала Юстына, апусціўшы вочы ў зямлю, “я не Юдзіф… Я бедная, нясмелая істота … чые слёзы – адзіная зброя”. Загадаеш мне памерці за радзіму, я пайду на гэта! Я думаю, што пайду, не вагаючыся, не міргнуўшы вокам… але не запэцкаюся.
– Гераізм! Калі б гераізм быў толькі ў тым! – усклікнуў паручнік. – Ну што ж, не будзем больш пра гэта, – сказаў ён праз імгненне, – мы не разумеем адзін аднаго, таму і не будзем пра гэта гаварыць.
Пэўны час яны ішлі моўчкі … На вачах Юстыны навярцеліся слёзы.
– Ты хацеў сказаць мне, чаму ты прыбыў сюды? – прашаптала яна ціха.
– Ты можаш лёгка здагадацца … Я прыйшоў сюды не сам па сабе, я быў пасланы … Мне трэба шмат чаго даведацца, я разлічваў, што ты будзеш у доме, які наведваюць уплывовыя маскалі… але з-за цябе я, бадай што нічога не змагу зрабіць. …
– Божа! – дадаў ён, – Як было б здорава знайсці падыход да Анквіча …
– Што ты маеш на ўвазе? – спытала Юстына.
– Ён жа і ёсць іх галоўная пружына, найбольш здольны паміж імі і самым дасведчаны. Мужчына, які не здолее супрацьстаяць чарам жанчыны. Беліньскі – паслухмяны, Сулкоўскі – таксама толькі выканаўца. Пуласкі… іншыя – людзі, ні на што не здольныя, адзін Анквіч мае незвычайную энергію і, здзекуючыся з чужых меркаванняў, ведае, як кіраваць гэтым … Хто ведае? Ты нават магла б атрымаць пэўныя звесткі… Хто ведае…
Маўклівая Юстына раптам узняла чырвоныя і пякучыя вочы.
– Твая любоў да Радзімы проста страшная,– прамовіла яна. – Ты гатовы дзеля яе нават ахвяраваць сястрой.
– Не, – палка запэўніў яе паручнік, – ж ведаю цябе і ведаю, што для цябе няма ніякай небяспекі.
– Ты мяне ведаеш! А на самай справе я не магу сказаць сабе, што ведаю сябе… Гэты чалавек, якога ты мне апісваеш, ты бачыў яго, ён валодае вялікім абаяннем, у яго на душы спакусная змяя, любасць і яд … Ён страшны чалавек.
Паручнік засмяяўся.
– Гэты знешні шарм у яго тут жа прапаў бы, абы толькі ты наблізіліся да яго; ён гнілы, сапсаваны, адштурхоўвае ад сябе, але маску на сябе такую надзеў… якая на першы погляд падманвае …
Юстына была ўзрушаная… Яны маўчалі, паручнік, здавалася, быў увесь у сваіх думках. Раптам ён зноў загаварыў.
– Я не магу навязаць табе ролю, праз якую ты адчуваеш сябе так агідна … гэта бяспрэчна … але мне балюча, што ты не хочаш рызыкаваць і перамагаць. Ну страшна ісці на баль – то і не ідзі, – прамовіў ён з усмешкай …
– – А ты ведаеш , што самае агіднейшае за стаіць за гэтымі гульнямі? – Юстына рэзка перарвала яго, – Што гэта нас яшчэ больш прыніжае? …
– Так! Уздыхнуў лейтэнант. – Газеты за мяжой пісалі пра сейм, здзекуючыся, што палякі – адзіная нацыя ў свеце, якая страціла краіну падчас танцаў.
– Увесь свет смяецца з нас! – дадала Юстына…
– Дык ці не варта было б польскай жанчыне стаць Юдзіф’ю , і… аказацца паміж імі, каб аддаць іх на знішчэнне? – спытаў лейтэнант.
Юстына перапыніла яго, паклала руку на плячо ….
– Не кажы так, – прашаптала яна. – Як бы ты не пашкадаваў… Пойдзем дадому …
Перапыненая размова працягвалася, пакуль яны не вярнуліся ў будынак. У дзвярах брат развітаўся з Юстынай.
– Дарагая мая, – сказаў ён, – забудзься на тое, пра што мы гаварылі. Я цешыў сябе без патрэбы, цяпер мне шкада сябе…
Ён пайшоў. Юстына паднялася наверх у свой пакоі і ўпала ў крэсла. Яна глыбока задумалася, паўгадзіны правяла ў разважаннях… Потым яна раптам паднялася і падышла да люстэрка … Ёй упершыню захацелася з такой увагай і цікаўнасцю зірнуць на ўласны твар… агледзець яго… Нарэшце слёзы зноў набрынялі ў яе чорных вачах, і яна села ў крэсла …
Так яна сядзела амаль у непрытомнаcці, забыўшыся, што ўвесь дом знаходзіўся пад яе наглядам. Тут яе і знайшоў шамбялян, які выкарыстаў момант, каб наблізіцца да той, якую ён у думках называў “прыгажуняй”, і з прыязнай усмешкай, на дыбачках падыйшоў да яе..
- Што пан кажа? што пан кажа? – Юстына спалохана ўсхапілася.
Рукі шамбяляна красамоўна склаліся, вочы паднялі ў неба і – ён уздыхнуў.
– Вам павінна быць сорамна, – паглядзеўшы на яго з пагардай, папракнула Юстына – што гэта за намёкі? … Калі гэта жарт, то я іх не люблю; калі залёты, прызнаюся, я не ведаю, што сказала б на гэта пані шамбялянава…
Прыгожая паненка сваімі словамі нібы абліла шамбяляна халоднай вадой, ён апусціў рукі, адвёў іх ўбок, павярнуўся і коратка пагаварыў:
- Да пані!
Затым, гледзячы досыць злосна, павольна выйшоў. Юстына адразу рушыла за ім да пані шамбялянавай.
Толькі што ад яе выйшаў Анквіч, і яна сядзела з кіслай мінай. Як толькі яна ўбачыла Юстыну, тут жа задумала шукаць іншы шлях …
– Калі ласка, не здзіўляйся … Я хачу, каб ты была на балі … навошта рабіць выгляд, што ты не хочаш … кажы шчыра… Так ці не? Я думаю, што гэта ў цябе капрыз…
– Не капрыз – я не люблю баляванняў, – адказала Юстына, я да іх не прывыкла. Я не хачу там быць … але калі вы кажаце мне …
– Я не настойваю на гэтым … Я не хачу тыраніі, я не хачу прымушаць … Я не забараняю і не запрашаю цябе … Хоць ты рэдка выходзіш з дому, здаецца, але ты ўмееш страляць вачанятамі, і ўжо знайшла ў каго… Так-так! Калі ласка, не ківай галавой. Што б гэта значыла, што Анквіч так хоча, каб панна Юстына абавязкова была на балі? ..
– Але … я …
- Толькі не не кажы мне гэтага, – насмешліва зазначыла пані. Гэта не безпадстаўна. Бач, ён яе не ведае, і ён так горача прымае яе бок. Ты ведала, як дагадзіць – я ўпэўнена … Міністр, у рэшце рэшт, і сам вялікі баламут. Я ведаю, таму што ён да мяне заляцаўся , але, ведаючы яго, я дала яму адстаўку…
Прыгожая Эмілія раней прызнавалася ў гэтым толькі аднаму мужу… Юстына маўчала.
– Я не зайздрошчу гэтым заваёвам… але вольная воля … Дык як жа з балем?
– Вы самі як бы адштурхоўваеце мяне ад яго … – сказала Юстына, – ды і ў мяне самой няма ахвоты ісці на той баль…
– Я дала Анкевічу слова, што ўгавару цябе.
– Але што мне рабіць, я ж яго не ведаю!” – перапыніла Юстына. – А ён цябе ведае, я ж бачу, ты яму упала ў вочы! – засмяялася шамбялянава, – Так-так! … Я не загадваю, але прашу цябе пайсці…
Яна паглядзела на яе, Юстына, здавалася, думала.
– Ты ідзеш?
- Хай будзе так, як вы жадаеце.
Прыгожая Эмілія моцна пачырванела… кіўнула галавой, і выйшла, кінуўшы толькі: – Падумай, што апранеш!
Баль павінен быў адбыцца на наступны дзень… Юстына з пакаёўкай працавалі ўсю ноч … Раніцай прыйшоў брат. Убачыў сукенкі і ўпрыгожанні, раскіданыя па пакоі, і быў трохі здзіўлены … Юстына з нейкім незвычайным выразам твару, раздражнёная, выйшла павітацца і сказала яму:
– Я іду на баль…
Сэрца паручніка сціснулася, ён адчуў, што павінен штосьці сказаць…
– Гэта вырашана? – спытаў ён пасля кароткага маўчання і роздуму.
- Так, гэта….
Юстына ўзяла нейкую хусцінку ў руку, яе твар здаваўся разгарачаным.
- Сам пан Анквіч, зрабіў гэты гонар, ці гэтую ганьбу, – сказала Юстына дзіўна змяненым голасам, – папрасіў пані шамбялянаву, каб яна ўзяла мяне з сабой. Я павінна выконваць падвойныя загады.
Яе вочы паказалі брату, што ягоны загад таксама ўлічаны. Паручнік збялеў і разгубіўся. Калі справа дайшла да расставання, таму што Юстыне ў гэты дзень было не да яго, – брат пацалаваў яе руку і ціха сказаў: – Прабач… з майго боку гэта было вар’яцтвам.
– Ты навучыў мяне называць гэта гераізмам! – з сумам адказала сястра .
Строі панны Юстыны былі вельмі сціплыя, нават не модныя, але ў белай сукенцы, малінавых стужках і cтаранна расчэсаных валасах, з кветкай на галаве яна была вельмі прыгожая. Дзяўчына выглядала не такой ужо вабнай, прыцягальнай, какетлівай, але было ў ёй нешта абаяльнае, сур’ёзнае, што абуджала жывую цікавасць. У яе былі рысы твару і выраз, хутчэй сумныя, чым ажыўленыя. Яна павінна была выдзяляцца сярод іншых дам, апранутых модна, прыцягальна. Калі панна Юстына прыйшла суправаджаць пані шамбялянаву, тая з цікаўнасцю паглядзела на яе, ацаніла кожную дэталь адзення з галавы да ног, здавалася, нібы распранала вачыма; нічога не сказала, але нахмурылася.
– Панна, ты хочаш зрабіць мяне смешнай гэтай вось прастатой адзення? Не, ты падабрала ўсё добра, – сказала яна, – Я прызнаю твой выдатны густ … але глупства – апранацца на баль сціпла. Лепш не ісці.
– Дык я магу застацца? – спытала Юстына.
– Ах, не! … Ты пойдзеш, панна, збіраць сваю даніну!.. Я ад гэтага не адступаю.
Сама яна была ў белай сукенцы, на цялесным фоне добра выглядалі стужкі, брыльянты, пёры … усё, чым магла сама сябе ўпрыгожыць. Яна была бясспрэчна прыгожая, як сумная вакханка, якой надакучыла жыццё, яна несла ўсё сваё мінулае напісаным на твары…
Шамбялян, які суправаджаў жонку ў бальным адзенні, быў адным з найпрыгажэйшых мужчын, якіх можна было сустрэць у свецкім грамадстве. Ён ведаў пра гэта і паспрабаваў апрануць самы вытанчаны ўбор, які інстынктыўна мог выбраць. Прыродзе ўдалося разыграць жарт, спарадзіўшы гэты ідэал, які, здавалася, жыва звязаны з паэзіяй, сагрэты пяшчотай, надзелены зіхоткім розумам. А на самай справе шамбялян быў прыгожай васковай фігурай… Пакуль ён маўчаў, яго можна было любіць.
Паэзія, розум, пачуцці, у яго ўсё было на твары, ён паказваў гэта звонку, а як асоба ён быў цалкам пусты. Сінія вочы разумна глядзелі з першага погляду, вусны ўсміхаліся дасціпна, ён стаяў з вялікай грацыяй, выбіраючы пазіцыі… хадзіў, выдатна кланяўся… але толькі ў гэтай маўклівай ролі быў цікавы. Ён таксама мала размаўляў, як мы ведаем, і вельмі верагодна, што спакойны выгляд і звычка маўчаць, якія яму пасавалі, зрабілі яго такім стрыманым у гаворцы.
Калі яны прыехалі ў Гародню, у салонах першага паверха сабралася вялікая колькасць гасцей. Вокны былі адчыненыя ў сад, часткова асветленыя загадзя, каля дзвярэй сабралася мноства вайскоўцаў, пры якіх, акрамя таго, у параднай форме стаяла ганаровая варта.
Дам праводзілі наверх ад’ютанты і афіцэры.
Хоць столь была крыху нізкай, салоны былі ярка асветлены, упрыгожаны мноствам кветак, яны былі адпраўлены Сіверам, якраз такія, якія ўсім спадабаліся, яны выглядалі вельмі вясёлымі і свежымі … Побач з расійскай формай былі бачныя прыгожыя польскія сукенкі і вытанчаная французская вопратка. У першым салоне з боку цэнтра, у вянку з упрыгожаных дам, напалову аголеных, з бліскучымі брыльянтамі, стаяў Сіверс… сціпла апрануты, з зоркай, у фраку. З першага погляду было зразумела, што ён не быў ні расіянам, ні славянінам. Расіянін у гэтым становішчы высока падняў бы галаву, паказаў бы сваю веліч, яскрава праявіў сябе, гучна гаварыў бы, нешта загадваў. Сіверс жа выглядаў сціплым, халодным, сарамлівым і няўклюдным . Ён знарок прыняў сціплую паставу, каб здавацца вышэйшым. Дабразычлівая, але фальшывая усмешка была на ягоным твары. Было відавочна, што яго думкі былі ў ста кіламетрах ад гасцей, пакоя і весялосці. Ён асцярожна азірнуўся, але вочы ахапілі ўсё і застылі. Ён маўчаў, здавалася, што ён нібыта прадчувае горшыя наступствы падзей..
Шырокаплечыя генералы выглядалі перад Раутэнфельдам[2] машынамі, якімі ім кіраваў. Ён шаптаў ім нешта і рассылаў з даручэннямі. Сярод афіцэраў быў князь Цэцыянаў, прыгожы мужчына, усходняга тыпу, выдзяляліся на твары чырвоныя вусны, свяціліся вялікія вочы… Вочы ўзіраліся ў жанчын… рот смяяўся без прычыны, без смеху. Ён не мог стрымацца, каб не загаварыць з кімсьці. Здавалася, ён не можа стаяць на месцы.
Жанчыны ўваходзілі адна за адной, адна прыгажэй за другую, ззялі тварамі, усміхаліся рускім, немцам, усім… нават сценам. Сіверс сустракў дам, штосьці ім казаў з вытанчанай ветлівасцю, яму было сумна, але трэба было выконваць абавязкі гаспадара. У іншых пакоя можна было бачыць мноства паважаных гасцей, якія назіралі за купкамі разадзетых жанчын.
Тут стаяў Машынскі, адзін з самых надзейных, верных дарадцаў Сіверса, у яго быў хаця і непрыгожы, але разумны твар … рукі ён трымаў у кішэнях, задумлівая галава… вочы наўмысна адвярнуліся ад людзей …
Бяліньскі – бледны і сціплы, баязліва глядзіць у бок Сіверса, Сулкоўскага, падобны на шляхціца і дзяржаўнага дзеяча, хаця яго нельга было назваць тым ці іншым. Манчыньскі, Плятэр, Касакоўскі таксама былі тут. Некалькі дэпутатаў сейма стаялі воддаль, сярод іх Юзэфовіч і Падгорскі. Ажароўскі стаяў каля дам, дзе былі графіня Камелі, баранэса Хэйкінг, панна Нарбут, графіня Патоцкая, усе яны былі нібы на адзін твар, прыцягвалі ўвагу сваёй прыгажосцю, вытанчанасцю, годнасцю.
Паміж вайсковымі і цывільнымі асобнымі групамі стаялі дыпламаты.
Тут стаяў адзінокі Буххольц, да якога наўрад ці хто хацеў падысці, акрамя Сіверса, – непрыкметная фігура, нічога істотнага, акрамя відавочнага дрэннага настрою.
Ён агледзеў сцены, панюхаў кветкі, глянуў на гасцей, ён не ведаў, што рабіць з самім сабой. Людзі, якія праходзілі ў залу, міналі яго, не жадаючы нават прывітацца.
Ён сам звярнуўся да непрыкметнага галандца з Крыгенхайма, які быў тут флегматычным гледачом, бо для яго ўсё, што адбывалася тут, наўрад ці было зразумела і цікава.
Шведскі міністр Толь, прыгожы русы бландзін, з ваеннай паставай, размаўляў з дамамі, якія ўважліва глядзелі на яго. Іншай, палітычнай місіі ў яго на гэты раз не было.
Англічанін Гардзінер выглядаў абыякавым паводле звычаю свайго народа, ён як быццам нічога не бачыў – і бачыў усё. Можна было падумаць, што ўвесь гэты спектакль здаецца яму страшэнна нудным.
Калі увайшла пані шамбялянава, Сіверс правёў яе да купкі дам, кіўнуў яе прыгожаму мужу і з усмешкай павітаўся з паннай Юстынай, да якой тут жа падышоў, нібы ён ужо даўно вычэкваў яе, Анквіч. Яму не трэба было знаёміцца з ёй, бо ён яе ўжо бачыў. Усе яны згубіліся ў натоўпе.
Усе, хто тут быў, нібы некага чакалі. Скіроўвалі вочы да дзвярэй, шапталіся і ўглядаліся. І тут на лесвіцы зашумела, нібы марская хваля, усе галовы ў салоне галовы павярнуліся ў адзін бок, нешта прадвешчала прыход важнай асобы. Тыя, хто стаяў воддаль, нават сталі на дыбачкі. Хтосьці падбег да Сіверса, прашаптаў яму нешта да вуха, і пасол паважным крокам пайшоў да дзвярэй.
Натоўп раздаўся… Цішыня запанавала … Здавалася, госці перасталі дыхаць.
У дзвярах з’явілася чароўная і дзівосная фігура.
Гэта была жанчына ў муслінавым плацці, якое мала што прыкрывала, цудоўна прыгожая, ганарлівая, як боства, якое спускаецца з нябёсаў, сыходзіць да смяротных… Прыгожы, але непрыемны выраз, класічныя рысы, маленькага твару… упрыгожанага двума чорнымі вачыма, нібы вострымі кінжаламі, амаль пагрозлівымі.
Алмазны ланцужок, уплецены ў валасы, накручаныя з вялікім мастацтвам, аплятаў галаву некалькі разоў. Ізумруды са смарагдамі ззялі на адкрытых алябстравай шыі і грудзях… Велізарная зашчапка пад трымлівала грэчаскую накідку-хітон, перакінутую праз плячо, а таксама бліскучыя нарукаўнікі і бранзалеты. Пас, усаджаны брыльянтамі, дапаўняў убор. На аголеных нагах бранзалеты і катурны. Як індыйская пагада, у бляску зорак, так выглядала гэтая багіня. Гэта было цудоўна і смешна … Камедыі больш, чым адметнасці і смеласці.
– Маркіза Люлі! Маркіза! – шапталі утрапёныя госці.
Яна ішла ад дзвярэй з такой упэўненасцю і ўрачыстасцю… такім крокам ходзяць лэдзі і каралевы, яна як быццам рабіла ласку, каб паказаць сябе вачам смяротных.
Без гэтых брыльянтаў яна ўсё роўна была б прыгожая – але ёй гэты строй падыходзіў… яна не магла б быць прыгажайшай, нават калі хацела б.
Ад гэтай лялькі праціналі дрыжыкі – такое яна стварала уражанне ў жанчын. Усе збянтэжана адступіліся ад яе: сваім строем, вытанчанасцю яна перамагала ўсіх, ніхто не мог дараўняцца да яе. Яна асляпіла іх усіх гэтым тэатральным спектаклем …
Князь Цэцыянаў прашаптаў суседу, што ён аддасць жыццё, калі толькі яна дазволіць яму пацалаваць сваю нагу. Галовы затлуміліся… аж да ап’янення. Анквіч, які стаяў за шамбялянавай і паннай Юстынай, спытаў:
– Што вы скажаце пра маркізу?
– Падобна на казку пра тысячу і адну ноч… – адказала Юстына , – але як выглядаем мы ў параўнанні з ёй?
– Ні адна з жанчын не згубілася ў параўнанні, – сказаў Анквіч, – а вы асабліва, таму што вы захапляецеся прастатой, гэтак жа, як яна пышнасцю. І ў гэтым розніца паміж вамі, бо яна, здаецца, не верыць у сваю прыродную прыгажосць, апранаючыся так вычварна, яна, здаецца, не давярае сама сабе…
– Вы памыляецеся, – холадна адказала Юстына, – для мяне тут крыўды аніякай.
– Вы не былі б жанчынай.
- Я не належу да таго кола жанчын, якіх граф ведае … Я яму чужая.
Пані шамбялянава, пачуўшы шэпт, павярнулася, паглядзела на Анквіча і пагразіла шматзначным жэстам. Ён падышоў да яе.
Тут якраз вайсковая музыка пачала іграць паланез Агінскага[3], і Сіверс, падаўшы руку княгіні Радзівіл, распачаў баль. За ім рушылі гетман Касакоўскі з генералавай жонкай Муханавай, генерал Дунін з пані Ажароўскай, Бяліньскі з нейкай рускай дамай і… цэлы шэраг дам і паноў. Эмілія трапіла ў рукі нейкага задыхлівага саноўніка у польскім адзенні, у яго былі такія потныя рукі, што пані Эмілія адчувала гэта нават праз пальчаткі. Юстыну выбраў Анквіч… Зіхатную Люлі запрасіў на танец Толь, шведскі міністр, які павінен быў нізка нахіляцца да яе, а яна не асмельвалася ўзняць вочы на яго.
Так пачаўся гэты выдатны вечар… Ноч высвеціла зоркі на небе, ззяла асвятленне ў садзе … І было весела. многія хацелі плакаць.
А з-за платоў выглядаў натоўп аслупянелых людзей і нічога не разумеў.
Толькі некаторыя ўздыхалі…
* * *
У той час, калі першыя карэты заязджалі ў Гародню, у невялікую браму са двара ў дамініканскіага кляштара ўвайшоў паручнік, азірнуўшыся назад, каб убачыць, ці не шпіёніць хто-небудзь і можа ўбачыць яго , прычыніў дзверы і пабег прама ў манастыр.
Каля дзвярэй стаяў святар у белым, які, здавалася, яго чакаў. Надышла гадзіна змяркання. Святар кашлянуў, нібы падаў знак, паручнік жвава наблізіўся да яго.
– Я , здаецца, не спазніўся, – ціха сказаў паручнік.
– Мы чакаем, – адказаў айцец Патрыцый Собек, азіраючыся. – Нам трэба асцерагацца. Хадзем…
Святар моўчкі прайшоў па калідоры да дзвярэй бібліятэкі, пастукаў. Яны адразу ж адчыніліся. Пакой быў з некалькімі вокнамі, але ў гэты час усё было ў цемры, так што некалькіх чалавек у ім можна было пазнаць толькі тады, калі яны наблізіліся. На сценах былі паліцы кніг, фаліянты ўнізе, невялічкія стосы папер уверсе. Пасярод, на стале, два глобусы і велізарная кніга. Хоць кампанію складалі некалькі чалавек, было вельмі ціха, яны гаварылі шэптам. Свецкія людзі, як было відаць з касцюмаў, належалі да цывільнага стану, большасць насіла сціплую польскую вопратку. Калі айцец Патрысій прывёў паручніка, усё наблізіліся да яго. Некаторыя, як сябры, паціснулі руку брату панны Юстыны, іншыя пазнаёміліся з ім. Сябрамі ён лічыў Мікорскага, Краснадэбскага і Сямнеўскага а пазнаёмілі яго з Кімбарам, Шыдлоўскім, Карскім і шэрагам іншых. Некаторы час панавала цішыня.
– Няхай панове гавораць смела, не трэба занадта моцна зніжаць голас, – сказаў айцец Сомек … – для гэтага я і выбраў бібліятэку, бо тут па калідоры ніхто не ходзіць, таму – поўная бяспека.
– Гаворыце, паручнік, – папрасіў Мікорскі, – мы згараем ад цікаўнасці. Але нам трэба было старанна выбіраць месца і час, бо тут за кожным з нас Баскамп шпіёніць, кроку не дае ступіць без нагляду. Мы павінны былі адзін за адным прабірацца сюды і з такой жа асцярожнасцю павінны вярнуцца…
– Сёння ён на балі, – прамовіў айцец Собек – у Гародні, gaudium magnum (вялікая радасць. лац), увесь вышэйшы свет п’е і гуляе там, давайце скарыстаемся гэтым і пачастуемся добрымі навінамі.
– Дрэнных навін няма, – адказаў паручнік Сольскі, – але і добрых таксама. Трэба пацярпець. За мяжой нашы людзі працуюць, пішуць, грамадскую думку рыхтуюць у Еўропе … але ж гэта яшчэ не ўсё. Нам самім трэбава варушыцца.
– Вядома, – дадаў Кімбар, – святыя словы! Ніхто не дапаможа, але важна, каб не перашкаджалі. Нічога, і мы нешта ды зробім.
– Сумняваюся, што яны паспеюць нам вельмі моцна перашкодзіць, сказаў паручнік, – у Францыі свая бяда, кожны павінен абараняць свой дом, каб яго не захапілі чужынцы… Паміж Аўстрыяй і Расіяй, якія разрываюць нас, дамоўленасцей сёння няма. Аўстрыя, падманутая … шкадуе, але занадта позна. Расія падманула ўсіх, і яе, ашукала Прусію. Назбіралася шмат прэтэнзій. Імператрыца злуе на прускага караля, які забірае сваю частку зямель, Аўстрыя кідаецца ва ўсе бакі… рознагалоссі ў лагеры ўсіх нашых рабаўнікоў.
– Як вы думаеце, што нам рабіць?
Паручнік хвіліну маўчаў.
– А якія думкі ёсць у вас? – спытаў ён.
– Што мы, дэпутаты, можам? – адказаў Мікорскі, – Раздзіраючы раты, лаяцца, бездапаможна злавацца. Мы пратэстуем і пратэстуем, мы не спынімся да апошняга дня. Але мы жменька малюсенькая – астатнія, як падпісалі паўнамоцныя дэлегаты, так падпішуць і іншыя, дэлегаты адрэжуць самае жыццёвае, самае прыгожае, самае дарагое сэрцу краіны. Бачыце, палічыце, колькі нас тут і колькі ў Гародні – у вас будзе стольк тых, хто стаіць за незалежнасць. і тых, хто страціў сумленне і здаўся … Чым нам дапаможа слёзны пратэст?
– Мы аддамо жыццё, калі гэта трэба! – дадаў Краснадэбекі,
– Божа мой! – усклікнуў Цемнеўскі – Гэта не самая вялікая ахвяра для радзімы.
На хвіліну запанавала маўчанняе, і тут з цемры пачуліся галасы – змрочныя, задуменныя, цвёрдыя, без крыку і ўзнёсласці:
– Так, мы аддадзім усё жыццё.
Паручнік прыслухаўся.
“Гэта наш абавязак,” – гаварылі ўсе згодна, – “няма слова. Кожны з нас салдат, не кажучы ўжо пра тое, што мы прадстаўляем тысячы людзей, бо мы прыйшлі з мандатам ад іх, і тысячы будуць ганьбіць нас, калі ў нас няма мужнасці – так! Але ці з’яўляецца гэты парламент апошнім словам?”
На гэтае пытанне не адказалі.
– Дык што далей? спытаў Карскі.
– Што яны маюць на ўвазе? Гвалтоўны падзел і межы, накладзеныя як ланцугі? – сказаў паручнік. – У рэшце рэшт, некалі мы былі палякамі і за кардонам… Рэч Паспалітая была сцёртая з карты Еўропы, але не з нашага сэрца.
– Мы хочам быць свабоднымі – і мы будзем …
У цемры пачуліся некалькі ўздыхаў.
Ксёндз Собек падняў рукі ўверх …
– Давайце разбярэмся, колькі нас, і станем сцяной, сарвем ланцугі! Давайце адважымся і перш за ўсё ўзброімся цярплівасцю і настойлівасцю. Трэба варушыцца… Мы разарвем ланцугі!
– Паручнік, – перапыніў Краснадэбскі. – Мы ўсё гэта ўсведамляем і ведаем, і думалі – слова ў слова тое ж самае … Але гэта было б добра з амбона ці з трыбуны … нам гэтага будзе мала … скажыце нам, што рабіць – і як? Хто падасць ініцыятыву? Хто пачне?
Усе чакалі адказу з увагай і нецярплівасцю. Паручнік ціха прамовіў:
– Справа адраджэння распачата ўжо. Каля яе групуюцца людзі. Я прыбыў ад тых, хто далучыўся да яе. Каб даведацца, што тут робіцца. Але гэта пакуль таямніца. Урэшце рэшт я не патрабую ад вас прысягаць на тое, каб захаваць яе.
Але кожны з нас ахвотна прысягне, каб захаваць таямніцу.
Кожны з прысутных падняў правую руку, ксёндз таксама. “Клянемся!”
У пакоі пацямнела. Купка людзей згуртавалася цясней, яны абняліся … Гэта была прысяга па покліку душы.
Раптам за адной са сцен бібліятэкі пачуўся ціхі скрып, з верхняй паліцы некалькі кніг упалі на зямлю. Гэты гук невымоўна напалохаў прысутных.
Хтосьці з іх кінуў айцу ключ ад вялікіх дзвярэй бібліятэкі, якую Сомек замкнуў, некаторыя кінуліся да вокнаў, хтосьці як бы пад пагрозай вялікай небяспекі, схапіўся за шаблю.
Kсёндз Патрыцый, мабыць, самы смелы з іх, пабег да месца, дзе ўпалі кнігі і, здзіўлены, убачыў, што ў сцяне бібліятэкі былі дзверы, пра якія ён не ведаў. Разам з палічкамі кніг яны раптам зрушыліся, што і было прычынай падзення некалькіх тамоў. Дзверы трымаліся на іржавых завесах, імі даўно не карысталіся, ксёндз пра іх не ведаў.
Айцец Патрыцый адамкнуў дзверы, выбег у калідор, дзе было цямней, чым у бібліятэцы. Там нікога не было. Уваходныя дзверы былі замкнёныя. Шукаючы цёмных кутоў, ён нікога не заўважыў, вярнуўся ў бібліятэку, спалохаўшыся, выціраючы пот з ілба. У бібліятэцы ўсе моўчкі чакалі яго. . Паручнік ужо агледзеў дзверы і ўпэўніўся, што падслухоўваць з-за іх было немагчыма. Хтосьці, відаць, спрабаваў прабрацца ў цемры, але не атрымалася. Ён не мог ведаць, што тут сабралася некалькі чалавек. Усе супакоіліся … але настала змрочная цішыня, калі святар вярнуўся ў адчаі..
Ён кляўся, што рэч гэта для яго незразумелая … тлумачыў, што музей зачынены і жывой душы ў ім няма …
– А можа ён затаіўся недзе ў куце… шпіён? – спытаў Краснадэбскі, у цябе няма свечкі – агарка якога?
Тут якраз Карскі ўспомніў, што дзеля больш позніх вяртанняў у кватэру ён трымаў у кішэні крэсіва і трут. Толькі ён сабраўся выкрасаць агонь, як Сямнеўскі знайшоў некалькі запалак.
Нарэшце разгарэўся агонь, святар з ім зноў пайшоў у музей. У пакоі было немагчыма схавацца, ніякіх патаемных куточкаў, шафаў, сталоў, прылад… Галоўная дзверы, калі б хто-небудзь іх адчыняў ці зачыніў, выдалі б скрыпам.
Гэта здавалася неймаверным.
– Калі б я верыў у прывідаў, – прамовіў Мікорскі, – я б падумаў, што прывід даў нам папярэджанне, каб наш сакрэт не мог быць раскрыты, або нас Бог ахоўваў … мы павінны сысці. Трэба, каб ніхто не ішоў адразу проста дадому … паспрабуем падмануць тых, хто за намі сочыць.
Kсёндз Патрыцый быў бледны, расстроены, у яго былі слёзы на вачах, яму хацелася неадкладна пайсці да прыёра і хаця б зрабіць што- небудзь, каб выявіць здрадніка.
– У манастыры няма ніводнай жывой душы, якая б па-іншаму думала, і не павінна высочваць… якая тут можа здрада ?
Нічога не заставалася, апроч таго, як разлучыцца – і ў кожнага былі свае спосабы на гэта і свая сістэма …
– З вашага дазволу, – сказаў Мікорскі, нас збянтэжыла вялікая паніка, – але чаго на сваёй зямлі мы баімся? У рэшце рэшт, яны нас ведаюць як аблупленых. Ні для каго не сакрэт, што мы не раздзіраем Польшчу. Мне, Краснадэбскаму, Карскаму, – нам няма чаго баяцца… Нічога страшнейшага, чым нам прызначана лёсам.
– Давайце возьмемся за рукі і і выйдзем праз вялікую браму, не робячы гэта сакрэтам, так будзе лепей, чым якія апраўданні. Хай застанецца адзін паручнік, які збіраецца сысці незаўважаным.
– Святая праўда! – усклікнуў Краснадэбскі – пойдзем, мы прыкрыем адступленне. Хто з намі?
Кімбар і Семнеўскі далучыліся да іх, святар адчыніў дзверы.
– Дабранач!
Але другая купка пасля сустрэчы пайшла іншым шляхам, цішэй і асцярожней. Паручнік застаўся з манахам.
– Што мне рабіць?
– Не бойцеся … вы застанецеся незаўважаным, – прашаптаў дамініканец, але давайце затрымаемся, пакуль усе не паразыходзяцца.
Абодва сумна стаялі каля свечкі, якую пакінуў ім Карскі. Зноў абышлі музей і бібліятэку.
Убачыўшы, што ўжо ўсе сышлі, айцец Собек адчыніў акно. Ноч была зорная … ціхая, прыгожая. У мястэчку ціха, быццам бы ўсё згасла … і толькі лёгкі ветрык сярод гэтай цішыні з прыносіў з Гародні прыглушаныя гукі музыкі.
У гэтых начных адгалосках оргіі п’яных безразважных грэшнікаў было нешта такое страшнае, такая сатанінская іронія, што слёзы застылі ў вачах святара. Стогн болю быў бы менш страшным, менш пакутлівым.
Гэтыя гукі то змаўкалі, то зноў раптам выбухалі з бездані … і раствараліся дзесьці ў паветры. А з боку Гародні, асветленая ілюмінацыя адбівалася ў небе ружовым агнём.
– Ідзі, васпан, – сказаў святар. Собек, – мы шчасліва сыдзем.
Яны пайшлі.
У калідоры было цёмна. Рука спадарожніка вывела паручніка да дзвярэй касцёла.
Тут была ноч … і мір. Перад вялікім алтаром вісела лампада, свяцілася і мігцела … а цень на падлозе дрыжаў, як жывое святло. Дзе-нідзе ў алтары блішчала пазалота … Яны на хвіліну сталі на калені і памаліліся.
Нягледзячы на іх спробы не шумець, рэха паўтарала кожны крок, які яны рабілі ў пустой царкве, яно гучала дзіўна … Брама з закрыстыі вяла прама на вуліцу. Святар зірнуў праз закратаванае акно, потым ціха і асцярожна павярнуў ключ у замку… дзверы адчыніліся, паручнік застаўся адзін.
– Добрай начы … – прашаптаў яму ўслед святар.
Паручнік далёка адыйшоў ад касцёла, хацеў быў падацца дадому, але падумаў, што трэба яшчэ нешта зрабіць з самім сабой. Ён не хацеў ісці дадому адразу.
“Я пабуду ў Гародні”, – сказаў ён сабе, – “буду глядзець на гэтую іх радасць здалёк”.
Ідучы па горадзе, ён мала каго сустрэў. Цікаўны натоўп акружаў сад у Гародні, дзе ладзіўся феерверк, астатнія даўно спалі. Набліжаючыся да дамоў Тызенгаўза, ён убачыў ажыўленне на вуліцах. П’яныя салдаты, вясёлыя дзяўчаты, весяліліся ў карчомках пры дарозе. Тут ладзіліся кампаніі, лілася гарэлка. Уздоўж вуліц стаялі карэты, коні драмалі, фурманы на бярвёнах і камянях гулялі ў карты пры вулічных ліхтарах. Каля садовых варот стаяла вартавая, а за аховай, як рухомы вал, тоўпіўся цікаўны натоўп, які варушыўся, смяяўся, перагукваўся прыглушанымі галасамі… Адсюль праз адчыненыя вокны гасподы былі відаць пары і людзі, якія танцавалі на светлым фоне жылых пакояў … Музыка іграла бадзёра і гучна …. У некаторых пакоях узнімаліся тосты.
Паручнік сам падышоў да аховы. Павітаўся са стралком з Екацярынаслаўскага палка, які, быў у адстаўцы, але ў форме. Паручнік і салдат паглядзелі адзін на аднаго. Салдат працёр вочы і наблізіўся…
– Паручнік, якое супадзенне!, – ўсклікнуў ён, – … я хацеў сустрэцца з вамі.
– А што ты тут робіш? – спытаў паручнік.
– Я ў адстаўцы! адказаў салдат з усмешкай, – і тут … проста гляджу … Я ж мясцовы … Але праходзьце ў сад.
– Дык нельга ж…
– Ды што там! Дайце два злотыя, і салдаты пусцяць.
Паручнік прыслухаўся да гэтай парады і праслізнуў у сад … салдат рушыў услед за ім, правёў яго і знік у натоўпе слуг, якія атачалі двор …
* * *
У залах, дзе віраваў баль, усё было змешана самым дзіўным чынам: размовы, заляцанні, палітыка, п’янства, гульні, хабарніцтва і пагрозы. Усмешкі і панурыя твары, п’яныя воклічы і гукі музыкі. Шэпт кахання і дамоўленасці на заўтрашнюю сесію… Сіверс атрымліваў справаздачы, перасцярогі, кампліменты, нагадваў, абяцаў, ён прапанаваў прысмакі і злосна адводзіў вочы …
Юзафавіч кланяўся нават лакеям, каб выклікаць прыхільнасць.
Прыгожая Люлі пачала танцаваць гавот, а гледачы аслупянелі ад захаплення. Гэта быў той гавот, які танцавалі пры двары нябожчыка Людовіка XVI., бо маркіза быў эмігранткай, ці, па меншай меры, выконвала ролю вялікай жанчыны, якую выгналі … і размаўляла пра пакараных смерцю на гільятыне сяброў з найвялікшай патэтыкай.
Пасля размоў Сіверс падышоў да яе і пачаў з ёй ціхую размову. Графіня Камелі магла б раўнаваць, так ласкава гаварыў са сваёй добрай старой сяброўкай, такі ён быў прыязны і мілы да яе…
Ён пайшоў з ёй у гасціную, бо ў зале , нягледзячы на адчыненыя вокны, тлум і цяпло зрабілі духату нясцерпнай. Але спярша яны хацелі зайсці ў другі салон, дзе дэпутаты і сенатары размаўлялі ў купках … у трэцім была гульня, на двух сталах ляжалі кучкі залатых манет.
Заклаўшы рукі за галаву, дзве гадзіны князь скарбнік стаяў у брудным фраку і глядзеў на стол, не адрываючы ад яго вачэй … Сліна цякла з яго вуснаў, а ён не адчуваў гэтага, Тапталіся па ягоных нагах, ён не звяртаў увагі на гэта, яго штурхалі, ён не зважаў. У думках ён таксама гуляў у карты…
Сіверс прайшоў праз гэты салон … За ім быў кабінет … Ён папрасіў маркізу адпачыць тут; яна кінулася на канапу. Потым падняла голую нагу з брыльянтавымі пярсцёнкамі ў залатым браслеце, пацягнулася да Сіверса, каб пацалавацца… Але ў Сіверса, здаецца, не ўзнікла ні найменшага жадання пакланяцца гэтай увасабленай Афрадыце …
Яны ціха размаўлялі па-французску … Голас Сіверса быў мядовым мілым, мяккім, добрым … гучаў у вушах, як шум вясновага ветрыку. Сам стары меў выгляд філосафа, які смуткуе над няшчасцямі чалавецтва.
” Chère marquise (дарагая маркіза), – казаў ён, – Вы ўсемагутная… Вы можаце ўдыхнуць пачуццё розуму і ўмеранасці ў гэтых людзей О! Палякі такая дзіўная нацыя! Такая сумесь цнотаў і заганаў … такая амальгама таго, што ў свеце самае высакароднае і самае звыродлівае …”
Ён склаў рукі …
– Як я тут пакутую!
Можна было падумаць, што гэты мяккі пакутнік сапраўды атрымаў карону…
– Прынамсі, сhère marquise , ты мусіш паўплываць на караля … Кароль не зможа супрацьстаяць табе…
Тут ён панізіў голас …
– І паверце мне, пані, акрамя прыхільнасці двара, якую я абяцаў, вы зробііце шмат для сям’і Бурбонаў.
– Ах! гэты бедны кароль, – сказала Люлі … гэты бедны кароль! Мне яго шкада …
– Варта было б яго шкадаваць, – уздыхнуў Сіверс, – калі б ён сам не быў вінаваты ва ўсіх яго бедах … Якая непаслядоўнасць у справах! Калі б ён аддана ставіўся да Расіі… як бы ўсё па-іншаму пайшло…
– А што адбываецца? – прашаптала яна, гледзячы ў вочы старому чалавеку, як быццам хацела паспрабаваць свае сілы ў гэтай сферы, – што адбываецца?
– Сейм, да таго ж, будзе бурным,– мякка сказаў Сіверс, – мы разумеем, што ўсе ў гэтай краіне павінны гуляць у гэтай камедыі, сумны супраціў і патрыятызм … Для мяне гэта сумна, праўда, але ў канчатковым выніку … калі трэба … Я пашлю генерала Раўтэнфельда і два батальёны салдат, і ўсё скончу … Але не дазваляйце каралю цягнуць з падпісаннем дагавора. Літлепаж гарантуе, што ён падпіша яго. Некаторыя, як, напрыклад, Дэконскі, які яму блізкі, – кажуць, нібы ён клянецца, што лепш дасць адрадэзаць сабе руку …
Маркіза пахітала галавой.
– Як вы думаеце …
Прыгажуня доўга гуляла з веерам, разглядала на намаляваныя на ім малюнкі, нічога не сказала, узняла галаву і ціха прашаптала з какетлівай усмешкай:
– Nous lui ferons signer ça! (Мы прымусім яго гэта падпісаць! франц.) Сіверс узяў яе за руку…
– Імкніцеся да гэтага … падрыхтуйце яго … скажыце яму … што яго сітуацыя будзе пагаршацца пры доўгім супраціве… Імператрыца хоча гэтага … і яе воля павінна быць выканана …
Маркіза ўстала з канапы і пачала папраўляць фальбоны сваёй муслінавай сукенкі, якая прыкрывала формы настолькі прыгожыя, што, гледзячы на іх, хацелася ў іх верыць.
– Ах! Дагавор з Расіяй, – сказала яна, – урэшце няма ніякіх сумневаў, што і многія дэпутаты і кароль падпішуць – mais l’autre (але іншыя)…
Яна састроіла іла спалоханую міну.
– Ах! Я гэта ведаю! Я ведаю! Усе кажуць – хай імператрыца возьме ўсю Польшчу – хай возьме нас … давайце не будзем дазваляць кіраваць тым, хто здрадзіў нам … У мяне проста слоў няма, настолькі гэта агідна.
Дзеля гэтага трактату… зраблю ўсё, што змагу…
Прусія прымусіла нас … мы неахвотна аддаём ім гэтую краіну … Гданьск і Торунь у іх рукі !!! Але палітычныя патрэбы …. Яны маглі б наблізіцца да нас і прымусіць нас …. Так ужо здарылася!
– Ах! Я не разумею нічога ў палітыцы, – адказала жанчына … Я толькі ведаю, бачу, што дагавор з Расіяй нам больш выгадны …, чым з кім іншым … і кароль …
– Скажыце яму прама, што мы не можам супрацьстаяць… Імператрыца падпісала дагавор … Яна не дазволіць нам цягнуць больш … Дайце яму адчуць, што барацьба не пойдзе на карысць… У ёй няма сэнсу. Паспрабуйце схіліць на свой бок пані Кракоўскую … Я вельмі на вас разлічваю, я ўмею быць удзячным, зраблю для вас усё пры двары.
Стары працягваў шаптаць яшчэ нешта, але Люлі слухала няўважліва, часам ківала галавой, павярнуўшыся да яго, вусны яе ўсміха ліся… Яны прыйшлі да пагаднення, і яна была рада скончыць размову. А тут якраз дарэчы абвясцілі, што графіня Камелі будзе спяваць.
У залу ўвайшлі Сулкоўскі і Бяліньскі, далучыліся да кампаніі маркізы, Танец скончыўся , танцоры адпачывалі, прыгожая Камелі ўжо стаяла каля фартэпіяна і запытальна глядзела на дзверы, праз якія павінен увайсці Сіверс. Яе таксама акружыла вялікая група залётнікаў, якім яна штосьці расказвала… Яе брат, граф Марэлі, трымаючы гітару ў руцэ, таксама збіраўся іграць… З’явіўся Сіверс, яго маленькія вочы глянулі на графіню.., Яна абвясціла, што праспявае венецыянскую баркаролу … голас у яе быў цудоўны… гэта на самай справе было прыгожа … Бурным апладысментам не было канца …
Выступленне графіні завяршылася незвычайным сюрпрызам. Граф Марэлі навучыў сястру рускай песні… калі яна праспявала яе, афіцэры ў экстазе зрабілі амаль што невялікую салон-рэвалюцыю …
Пакуль усё гэта дзеялася Анквіч, наколькі яму дазваляла прыстойнасць, і, не баючыся скампраментаваць дзяўчыну і сябе, не адыходзіў ад Юстыны. Спачатку пані шамбялянава, не сцярпеўшы, пачала злавацца, аднак не на Анкевіча, а на сваю таварышку. Яна прыпісала ёй віну за яе бессаромную какетлівасць, бо яна баламуціла старога распусніка… Колькі разоў яна павяртала галаву да Анквіча, туманіла бровы, давала яму знак, што яна дужа незадаволена. Мармытала сабе пад нос – бессаромнасць !! шамбялян таксама звярнуў на іх увагу, калі б не быў такі вялікі сход і неабходнасць трымаць капялюш пад пахай, мог бы і ён сказаць Анквічу штосьці непрыемнае.
Самае дзіўнае было ў тым, што сціплая, спакойная, сарамлівая панна Юстына раптам апынулася тут, як быццам гэта было ёй прывычна, нібы ў сваёй стыхіі. Нішто не здзівіла яе, нічога не зрабіла яе сур’ёзнай, спакойнай, яна амаль не зважала на тое, што акружала яе.
Анкевіч першы раз гутарыў з Юстынай, думаў, што яна акажацца нясмелай істотай, і таксама быў уражаны.
Гэтая шляхцянка , якая ніколі не бачыла баляванняў, ніколі не бачыла свету… смялейшая была больш, чым сама шамбялянава, якая смела танчыла ў белай зале, дзе быў кароль. Яна нядоўга была адна. Прыгожая Эмілія заўважыла, што пышныя чары яе прыцягнулі да сябе палкоўніка Касталінскага. Як сапраўды рашучы вайсковец, палкоўнік, хоць і не ведаў блізка пана шамбяляна , падышоў да яго і прашаптаў на вуха:
– Слухай, мне твая жонка вельмі спадабалася, ты мне яе прадставіш? Я – Іван Пятровіч Касталінскі.
У шамбяляна пярэчанняў не было, і, не ведаючы добра палкоўніка, ён прадставіў яго жонцы. Той адразу падсеў да прыгожай Эміліі і пачаў сыпаць ёй неверагодныя кампліменты.
Ён ужо выпіў многа шампанскага а таму як чалавек з адкрытым сэрцам, расказаў, можа, значна больш падрабязна такое, што звычайна не раскрываюць на пачатку знаёмства. Пані шамбялянава весела смяялася, і не вінаваціла яго ў гэтым захапленні, бо ў яе было правіла быць паблажлівай да людзей, якіх яна сустракала. Пасля паўгадзіннай размовы палкоўнік Касталінскі апавядаў пра сябе многа такога , што можна было выказаць з толькі з ваеннай адкрытасцю. Потым ён палічыў, што няблага будзе ўзяць мужа пад руку і прывесці ў буфет. Жонка толькі папрасіла, каб новы знаёмы не паіў яго, бо гэта яму вельмі дрэнна адгукнецца.
Гэта, аднак, не перашкодзіла шамбяляну піць шампанскае з чалавекам, які яму дужа спадабаўся. І менш, чым за гадзіну, Касталінскі праводзіў яго за руку да крэсла, а далей пра ўсё, што адбывалася на балі, добры шамбялян зусім не памятаў… круціліся перад вачыма розныя постаці, і, што яго найбольш турбавала, ён не мог угледзець сярод іх жонкі. Ён бачыў толькі Касталінскага і натоўп, а нейкая нечаканая слабасць у нагах не дазваляла яму рухацца … Ён хацеў падняцца з крэсла, але не мог… І, нягледзячы на гэта, ён быў вясёлы, не думаў, што гэта неяк павінна скончыцца. Побач з ім быў Анквіч, які размаўляў з Юстынай … Яны размаўлялі паміж сабой вельмі ажыўлена.
Гэтая размова пачалася з для Юстыны з адчуджанасці і насцярожанасці, але ўмелы міністр ведаў, як яе весці, каб яна неўзабаве стала абодвум цікавай. У яе нават прачнулася пачуццё спачування…
Анкевіч распавёў пра свет і людзей … пра жыццё.
– Мне жыццё ўжо нават мала цікава, – сказаў ён даверліва і шчыра. –Святары праўду кажуць – яно зменлівае, хуткаплыннае… непрадказальнае. Трэба жыць момантам, а не разлічваць наперад, што рабіць…
– Значыць, усё ваша жыццё складалася з выпадковасцей?
– Так яно і ёсць, прыгажуня, – адказаў Анквіч, – і калі лёс дазваляе правесці такі вось вечар побач з чароўнай … як панна, істотай … мы не патрабуем большага, мы не маем права … Няхай заўтра прынясе тое, што хоча.
– Але гэта страшна! – усклікнула Юстына.
– На свеце ўсё страшна, – прамовіў Анквіч … – і мы нават … часам анёлы … а потым злачынцы… Ainsi vale monde! * (Такі ўжо свет ! франц. )
– Мне шкада вас…
– Дзякую, панна! Але, калі ласка, не шкадуйце мяне, і ўсё ж, калі панна не супраць, то не адмовіць мне зноў мець такое шчасце…
І зноў размова пацякла надзвычай ажыўлена, Анквіч так не зрушыў з месца…
Юстына ўзняла вочы на галерэю, дзе была музыка … і збялела : яе брат схаваўся ў куце і са складзенымі рукамі сумна глядзеў на яе…
Словы застылі на яе вуснах..
Дзень працадзіўся праз вокны, веснавы ранак разгарнуўся ва ўсёй пышнасці, госці пачалі разыходзіццца …
Анквіч суправаджаў Юстыну, Касталінскі ўзяў пані шамбялянаву пад руку, папрасіў адвесці шамбяляна да карэты нейкага афіцэра.
На наступны дзень камергер зноў убачыў свет божы ў ложку, і было так позна, што ўжо за гадзіну да гэтага палкоўнік Касталінскі піў каву з “боскай Мілюсяй”.
Калі ён прыйшоў да яе бледны і хворы, то атрымаў самую страшную вымову і запэўненне, што калі нешта падобнае паўторыцца, яго давядзецца пакінуць дома, каб ён не ганьбіў сябе ў добрай кампаніі.
Усё гэта адбілася на яго адносінах да ветлівага палкоўніка, які з таго часу стаў для яго мішэнню нянавісці разам з Анквічам.
* * *
У сядзібе Барысевіча гаспадары і іх пастаяльцы жылі ў добрай згодзе, хаця напачатку гаспадыня была незадаволена тым, што муж пусціў на пастой расійскіх салдат і злавала на яго. Краснадэбскі аказаўся дабразычлівым смелым і стойкім на пасяджэннях сейма чалавекам, не баяўся тых непрыемнасцей, якія яму пагражалі. Дома ён быў ціхі, спакойны і мяккі, як ягня. Ён з задавальненнем размаўляў з Барысевічам, размаўляў і з гаспадыняй часам падоўгу і з задавальненнем, нікому не перашкаджаў і стараўся ўсім дагадзіць. Ён быў заўсёды сумны, асабліва, калі вяртаўся стомлены пасля сядзення ў сейме. І ён, і Мікорскі ніколі не запрашалі да сябе гасцей, бо ведалі што за домам назіраюць людзі Баскампа, рана сыходзілі з дому, позна вярталіся, спакою не парушалі.
За першыя два месяцы пастою яны своечасова заплацілі, а на трэці папрасілі пачакаць, і Барысевіч супакоіў іх
– A! Мне зусім не пільна! Заплаціце, калі зможаце, я вас не выганю…
Мікорскі ў вольны час сядаў пры вакне і глядзеў на суседні двор, усё спадзяваўся, што там паявіцца прыгожая панна Юстына, але яна рэдка паказвалася ў вакне. Ад брата, якога ведаў даўно, ён таксама не мог нічога дазнацца пра яе, бо паручнік апошнім часам недзе таіўся.
Вынікам збліжэння Юстыны з Анквічам, пра што прасіў брат, было перш наперш тое, што міністр ў адной з размоў з ёй расказаў: Сіверс даведаўся пра адпраўку ў Гародню з Лейпцыга (Ліпска) эмісара ад Патоцкага і Калантая, і яго ўжо шукаюць, але не ведаюць, хто ён. Дазналіся толькі, што ён ужо тут. Баскамп запэўнівае, што адшукае шпіёна. Малады Ігельстрам наўмысна накіраваны ў Саксонію, даведаўся пра адпраўку кагосьці з Лейпцыгу; хто пасланы, ён не ўведаў, але знешні выгляд ім быў апісаны дакладна. Апісанне цалкам адпавядала знешнасці паручніка.
Напалоханая Юстына папярэдзіла брата, і ён хаваўся. Пры сустрэчы Юстына са слязамі на вачах расказала брату гэтую навіну, а ён падзякаваў і, як мог, суцяшаў яе:
– Ну вось, бачыш, мая прапанова аказалася карыснай. Ты сама не ведала, якой добрай выведніцай ты аказалася. Хто можа не аддзячыць табе прызнаннем за тваю ўсмешку?
Юстына нявесела глядзела на яго.
- Так, дзеля цябе і дзеля Польшчы я раблю тое, аб чым ты мяне папрасіў, але мне брыдка. Часам галава кругам ідзе… здаецца, што вар’яцею…
- Так, не жаночая то справа, мілы браце. Анквіч, мне здаецца, усур’ёз захапіўся мной, ласкавы да мяне, многа расказвае. Але ж я не магу прымаць гэта ўсур’ёз, я занадта многа ведаю пра яго з аповядаў пані шамбялянавай, яна мяне перасцерагала…. Ён чалавек небяспечны… я яго баюся… Я не паважаю яго, а ён мяне шкадуе. Калі яго няма, я ненавіджу яго… абураюся. Калі ён сядзе каля мяне, пачне гаварыць, ён мяне зачароўвае, я забываюся на сябе … Баюся, што паддамся слабасці.
Паручнік нічога не мог адказаць на гэтае сумленнае прызнанне, ён адчуваў сябе невымоўна няёмка, адчуваў віну.
– Калі ты адчуваеш сябе такой слабай, – сказаў ён, – пазбягай яго, – хаця ты і самі бачыш, колькі ты можаш зрабіць карысці. Анквіч тут самы дасведчаны, праз яго можна загадзя даведацца, што будзе рабіцца, а наша група зможа паспець падрыхтавацца.
Юстына нічога не адказала, падыйшла да акна, каб брат не ўбачыў яе слёз. Нягледзячы на падазрэнні з адчыненымі дзвярыма ў бібліятэку, на наступны дзень Собек пераканаў сябе, што ў манастыры няма падазронай душы і, што, магчыма, вецер перамясціў гэтыя паліцы. Паручнік, не маючы нідзе больш прытулку, хаваўся нейкі час у манастыры. Звычайна сястра заходзіла ў царкву і бачыла яго ў рызніцы.
Анквіч і палкоўнік Касталінскі бывалі ў шамбяляна ці не штодня, яны сталі амаль сябрамі дома, нягледзячы на тое, што ні ў грош не ставілі гаспадара. Няшчасны муж не адважыўся паказаць ім сваю непрыхільнасць і гнеў, які ён адчуваў; жонка загадала яму быць ветлівым. Палкоўнік абняў яго, пацалаваў, і ўсё паіў, весяліў яго… і шамбялян нёс сваё няшчасце амаль стойка … Толькі аднойчы,калі ён быў вельмі п’яны, пачаў з некалькі няёмкіх папрокаў, каб прысарамаціць Касталінскага, а той н пацалаваў яго ў твар, абняў яго, а потым жорстка пасмяяўся з яго разам з жонкай. А сам ён атрымаў жорсткую вымову. Тры дні яна яму не дазваляла пацалаваць яе руку, ён не знаходзіў сабе месца, і толькі на чацвёрты дзень яму загадалі стаць на калені, пацалаваць ножку … і больш не выказваць такой дурной рэўнасці, бо ў наступны раз яна не адпусціцца…
У гэтай пастаянна паўтаральнай бітве, перамяжоўваючыся баляваннямі, гульнямі і інтрыгамі … сейм працягваў абмяркоўваць Прускі дагавор.
Апазіцыя адчувала, што Расія не зможа так доўга супрацьстаяць Прусіі і яе драпежным намерам, а таму з новай сілай пайшла ў наступ. Уся партыя Касакоўскага, якая адкрыта выступала за далучэнне Рэчы Паспалітай да Расіі, а не за падзел, таемна злілася з апазіцыяй. Касакоўскі маўчаў, калі Сіверс загадваў, але ягоных загадаў не спаўняў. Апазіцыю падтрымлівалі ў ў Пецярбургу сілы на чале з Зубавым і Маркавым і давяралі ёй. Пасол ужо здагадваўся, што ў Ігельстраме яму трэба бачыць ворага, які адчувае што вораг і Касакоўскі і што нельга вельмі давяраць Зубаву. Таму ён быў у вельмі не простым становішчы. Тым больш, што яму трэба было выконваць загады імператрыцы, каб знайсці падтрымку ў яе..
Паручнік Сольскі, які атрымаў загад сачыць і паведамляць пра тое, што адбывалася ў Гародні, што ўведае ад дэпутатаў з розных куткоў краіны, каб стварыць будучую арганізацыю паўстання, па-ранейшаму хаваўся ў Гародні па чарзе то ў дамініканскім манастыры, то па розных кватэрах, якія мяняў кожную ноч. Некалькі дзён запар ён сустракаўся з сястрой у царкве… Юстына амаль заўсёды прыносіла яму нейкую важную навіну, а Сольскі, заняты змовай, нават не заўважаў, што яна страшна змянілася, была вельмі ўзбуджанай, часам яна выглядала амаль здранцвелай. Урэшце ў адзін з першых жнівеньскіх дзён, сустрэўшыся з ёй, ён жахнуўся выразам на яе твары, яе гаворкай і зменамі, якія адбыліся ў ёй. Праўда, яна стала прыгажэйшая, чым раней, і не па гадах сур’ёзная. Яна нервова смяялася, у вачах былі слёзы, шчокі то чырванелі, то бляднелі.
У той дзень яна не адчувала сябе добра, калі пачала расказваць брату пра план Сіверса, каб прымусіць парламент падпісаць апошні дагавор. Упершыню паручнік ачомаўся, убачыўшы спакутаваную Юстыну, астрашэў і папрасіў яе, каб яна выкінула ўсё з галавы, забыла … каб яна вызвалілася з сетак інтрыг, у якія ён яе сам ублытаў.
У Юстыны пацяклі слёзы з вачэй.
– Позна! Занадта позна! – усклікнула яна, сціскаючы рукі брата, а потым апусціла вочы і ўцякла.
Праз тры дні паручнік прыйшоў у прызначанае месца, не вельмі разлічваючы, ўбачыць яе, аднак яна прыйшла, як звычайна, нават вясёлая, хаця гэтая весялосць была штучнай і вымушанай. Ён зноў настойваў на тым, каб яна адмовілася ад усяго… запэўніваў, што яна ўведала дастаткова, што ён не хоча больш нічога дазнавацца праз яе, на што сястра адказала яму ўсмешкай.
– Прашу цябе, не ўгаворвай. Мне гэта стала нават падабацца. Я стала нібыта ўчадзелай, п’янай, мне падабаецца слухаць гэтыя плёткі, жыць імі, я ўцягнулася ў гэтае жыццё. Ці варта так ужо думаць пра будучае? У мяне яго няма… хіба што звякуюся старой ключніцай у Вяржэйках. Навошта ж нам ашчаджаць тое, што так мала прынагадзіцца нам?
Яна ўздыхнула, засмяялася, пачала расказваць брату, як Анквіч закахаўся ў яе, як многа ён гатовы для яе зрабіць, каб хаця раз на тры дні бачыцца з ёй.
– Ах, як мне шкада гэтага чалавека! – ўсхвалявана прамовіла яна, – якую галаву, які розум яму Бог даў! А характар! На якія высакародныя парывы ён часам здольны, якія гарачыя ў яго пачуцці! Якія здольнасці … якія гарачыя пачуцці! Такому караблю трэба больш прасторы для плавання!!
Яна зноў уздыхнула, а брату пахвала здрадніку стала непрыемнай.
– Не гавары са мной так, – папрасіў ён – мне балюча слухаць гэта – занадта шмат ты клапоцішся пра яго.
– Так, гэта праўда, –згадзілася яна, – я і сама ведаю, няма такога ўмельства ў мяне – выведваць. Я баюся прывыкнуць да яго.
Яна задумалася, потым узняла галаву, паціснула плячыма і хваравіта засмяялася, дадаўшы толькі:
– Ён навучыў мяне гаварыць і адчуваць. Ну, чаго гэтае жыццё варта!
Імгненне шчаслівага забыцця, а потым сон жыцця канчаецца!
Яна развіталася са сваім няўрымслівым братам з прытворнай весялосцю. Ён быў не адзіны, хто быў уражаны гэтай зменай панны Юстыны, усе дома таксама заўважылі яе, пані шамбялянава дапякала і сарамаціла яе, шамбялян не падаваў выгляду, маўчаў. Яго больш абыходзіла тое, што ягоная боская Мілюся таксама змянілася. Кожны дзень яна бавіла час з палкоўнікам, калі ж шамбялян заходзіў да іх у пакой, яго адпраўлялі пад прыдуманай нагодай. Дайшло да таго, што палкоўніку захацелася пабываць у Вяржэйках, ён паабяцаў знайсці карэту для паездкі, каб з’ездзіць і ў той жа дзень вярнуцца ў Гародню. Пані гэты праект спадабаўся, але так склалася, што шамбялян праспаў ад’езд, застаўся ў Гародні з паннай Юстынай. Тая з ім не размаўляла. Без запрашэння на абед з’явіўся Анквіч. Па абедзе шамбялян пайшоў паспаць, потым ездзіў на пікнік, Анквіч жа ўсё сядзеў там, і высветлілася, што да позняй ночы ён заставаўся сам-насам з паннай Юстынай.
Шамбялян паспрабаваў падслухоўваць пад дзвярыма, улавіў толькі, што размова была надзвычай ажыўленай, гарачай, вясёлай, але ён наогул нічога не разумеў. Панна Юстына і Анквіч увесь час хадзілі па пакоі, яны спыняліся, гаварылі то цішэй, то гучней… так што нічога не ўдавалася ўлавіць. Для сябе ён вырашыў паскардзіцца жонцы на іх занадта доўгае спатканне. Але так і не дачакаўся, пакуль яна вернецца, пасля поўначы заснуў на канапе. Пані не стала яго будзіць, бо і сама вярнулася стомленая падарожжам.
* * *
У кабінеце Сіверса гэтым днём не было нікога, акрамя самога пасла. Велізарны пакой, завалены паперамі, поўны кветак, з апушчанымі зялёнымі шторамі, прыемнай цемрай і цішынёй. На двары чуваць толькі крокі салдата-вартавога, які хадзіў узад-уперад. На твары старога дыпламата з часу прыезду ў Гародню былі сляды душэўнай барацьбы, трывогі і стомленасці працай. Ён пастарэў у гэтай барацьбе, увесь час стрымліваючы сябе, каб пачуваццца спакойным і ўпэўненым … Маршчыны з’явіліся на лбе, бледнасць пакрыла твар, вочы выдавалі стомленасць, здавалася, што яго хіліць у сон. Ён пісаў дочкам і распавядаў ім пра тую няпростую задачу, якую ён узяў на сябе, каб задаволіць амбіцыі, заваяваць нешта для сям’і, праславіцца ў свеце як заканадаўца і дыктаваць каралю правы. Ганарыстасць заглушыла сумленне. Ідучы па гэтым шляху, яму давялося забывацца пра сябе, выконваць загады, нават калі яны былі агіднымі і бруднымі. У сваіх лістах да дачок выдатны акцёр мог сказаць столькі, колькі яму трэба, каб вырасці ў іх вачах – але, калі быць шчырым, адчуваў, што ўсё апісаць не можа. З пяром у руцэ ён сядзеў над пісьмом, калі ў дзверы пастукалі. Дзяжурны афіцэр увайшоў і абвясціў, што ў прыёмнай чакае Баскамп … Сіверс загадаў увайсці. Factotum (майстра на ўсе рукі, лац. ) пасла прыйшоў з дакладам.
Persona gratissima ( пажаданая асоба, лац.) , Баскамп , хаця яго заўсёды трымалі на адлегласці, хаця пра яго гаварылі дрэнна – быў улюбёнцам Сіверса … Ніхто не служыў яму лепш.
– Што ты мне прынёс? – спытаў Сіверс.
– Ах! гэтыя няшчасныя і бясконцыя падрахункі! – усклікнуў Баскамп, выцягваючы з бакавой кішэні пачаку папер. – У мяне больш няма грошай, а вы ведаеце, што без іх у нас нічога не выйдзе…
- А дзе апошнія пяць тысяч? – спытаў Сіверс.
–Яны патанулі ў кішэнях нашых утрыманцаў, – адказаў Баскамп.
– Я чакаю, што вы, па меншай меры, устрымаецеся плаціць тысячу дукатаў маршалку Літоўскай канфедэрацыі, бо ён мяне лае. Замест таго, каб служыць мне, ён служыць Касакоўскаму, і яны вядуць змову і перашкаджаюць мне ў, як толькі могуць.
– Я спыніў выплату маршалку, – сказаў Баскамп.
– Ажароўскі?
– Выплачана і яму і маршалку Бяліньскаму… Гэта асоба каштуе шмат, таму што, наколькі я ведаю, перад пачаткам сейму ён узяў 2200 дукатаў, я выдаткаваў 500 дукатаў на падтрыманне кухні і дома, і вы не можаце напоўніць яго кішэню, ён многа іграе ў карты.
– Але ўсе яны тут гуляюць у гульні, сказаў Сіверс, – я не разумею, куды ідуць грошы, і дзе яны патанаюць. Хто ж у выйгрышы?
– Ёсць спадзяваннт на Манчынскага і астатніх паноў, якія не ўваходзяць у сейм і якія прыйшлі сюды на паляванне. Анквіч і Манчынскі забралі 1500 дукатаў, але ў першага з іх ужо няма нічога. Вы не бачыце у ім пераменаў?
– Якіх?
– Ён так закахаўся ў нейкую бедную дзяўчыну, што забывае ўсё і страшэнна змяніўся. .Варта даць яму папярэджанне.
– О, гэтыя жанчыны! Гэтыя жанчыны! – ўсклікнуў Сіверс, паціраючы лоб, – Яны тут непрыкметныя, але яны іграюць такую страшную ролю … без іх нам, напэўна, не абысціся. . Анквіч, стары гад, можа падмануць мяне. Думаеш, ён сапраўды змяніўся?
– Я вельмі сумняваюся, адказаў Баскамп, – я б на яго месцы асцярогся б, у яго сям’я … а яна простая шляхцянка, а не з вышэйшага свету. Гэта скончыцца сумна для дзявухны, таму што Анквіч – самы небяспечны са спакуснікаў, а дзяўчына сціплая і непрыкметная… Днём раней, я ведаю, ён прабыў сам-насам з ёй да позняй начы, . дома быў адзін шамбялян, у якога жыве дзяўчына… Але яго можна не лічыць. Гэта пудзіла ў парыку.
– Але ж і шамбялян! Ах! Палкоўнік Касталінскі вазіў ягоную жонку да яе ў маёнтак. Ці яна яго … Г эта невытлумачальна.
Яны пасмяяліся . Сухі смех Сіверса быў іранічны.
– Некалькі тысяч пайшлі на кватэры для дэпутатаў, мы арандавалі іх чатырнаццаць, ды сталаванне і пастой .
Баскамп паклаў паперы на стол, Сіверс доўга ўзіраўся ў іх.
– Я бачу тут у спісе, – сказаў Сіверс, – старога разбойніка, князя-падскарбія Адама… і ён увесь час выпрошвае ў мяне грошы. Ён узяў свае 500 дукатаў?
– Так, але яны ніколі не праляжаць у яго больш за дваццаць чатыры гадзіны. Ён запрашае гасцей … на ігру і не супакоіцца, пакуль не спусціць апошнюю капейку і пакладзе карты, – сказаў Баскамп.
Спіс дэпутатаў, на які ўказаў Сіверс, быў досыць доўгім, і ў кожным стаяла колькасць ад 100 да 200 дукатаў. Найбольш актыўным выдадзена было 500 і 600 дукатаў. Гэта былі самыя патрэбныя людзі! Сакратары сейма атрымалі па 500, большасці з акружэння караля, за выключэннем Кіцкага і Рыкса не плацілі.
У спісе разам з іншымі, на жаль, быў і кароль яму плацілі за пасаду, тры тысячы чырвоных злотых.
Гэтае імя на чале каштарысу было нейкім сумным апраўданнем для тых, хто ішоў за ім …
Сіверс прагледзеў спіс і ўздыхнуў.
– Але вы не кажаце мне, васпан, каго вы, нарэшце, выкарыстаеце для самай важнай справы … хто прадставіць Прускі дагавор?
Баскамп, хусцінкай, выціраў пот з ілба, сапраўды было вельмі горача і справа была няпростая.
– У цябе ёсць чалавек на гэта? – спытаў Сіверс.
– Ніхто не хоча брацца, – ціха адказаў Баскамп. Вы павінны зразумець. Супраць прускага пагаднення існуе такая непрыхільнасць, што ні я, ні пан Бухгольц яшчэ не змаглі знайсці таго, хто змог бы адважыцца. Усе кажуць, што жыццё ў такім разе можа стаць непрадказальным…
– Але ж нічога не зрабілася благога пасля таго, як упершыню быў прадстаўлены дагавор? – спытаў Сіверс.
– Вы не бачыце розніцы. У сейме наўпрост пагражаюць таму, хто дамову з Прусіяй падасць для падпісання, яны адкруцяць яму галаву.
– Не бачу розніцы! – спакойна адказаў Сіверс. – Вы размаўлялі з Юзафавічам?
– Так, і я даў яму 500 дукатаў, але ён уцёк ад мяне.
– А Штэйн?
– Ён не здатны на гэта.
– Дзеваноўскі?
– Не хоча…
Сіверс згадаў некаторыя іншыя імёны. Баскамп толькі паціскаў плячыма альбо сцвярджаў, што гэты чалавек нічога не зробіць.
Спіс платных дэпутатаў, які ляжаў на стале, быў вычарпаны … Пасол задумаўся.
– Але вам трэба некага знайсці! Нам трэба! Ну хоць бы той жа Бухгольц.
– Ніхто не хоча размаўляць з Бухгольцам. Нават тыя, хто з ім добры, павінны рабіць выгляд, што не ведаюць яго… Буххольц бярэ грошы, але прызнаецца, што нічога не можа зрабіць адзін …
Ён некалькі разоў прайшоўся па пакоі, за клаўшы рукі за і фрак апусціўшы галаву.
– Вы сказалі, што гутарылі з Пагорскім? – раптам спытаў ён.
Баскамп, нібы злоўлены на нечым дрэнным, пачырванеў і жвава сказаў:
– А як жа! Я размаўляў з ім і – хоць ён адмовіўся – прызнаю, што ўсё яшчэ давяраю яму. Але вам трэба самому пагаварыць пра гэта з ім. Ён учора прайграўся…
– Кожны можа памыліцца… Падгорскі – гэта той бледны, худы, з мёртвымі вачыма, як сонны, чалавек, які, здаецца, нічога не бачыць і нічога не чуе, а проста рухаецца. Здольнасцей ніякіх …
– Так, аніякіх, – пацвердзіў Баскпамп, – ён можа сказаць толькі тое, што мы яму падкажам….
– Але ж гэта якраз тое, што нам трэба… Калі ласка, адшукайце яго і скажыце Бухгольцу, што ён павінен плаціць за сваю непапулярнасць у свайго караля і нацыі.
– Буххольц кажа, што за гэта ўжо заплаціў каля 15000 чырвонцаў, – засмяяўся Баскамп.
– Гэтага яшчэ недастаткова, – запярэчыў пасол, – ён жа паляк, паміж намі кажучы.
– Я сёння не выйду з дому, таму што не хачу бачыць караля, я не задаволены ім: замест таго, каб дапамагчы мне, ён застаецца нейтральным, і ад гэтай пазіцыі да апазіцыі толькі крок… Я хачу даць яму адчуь гэта.
Баскамп памаўчаў, а потым сказаў:
– У Фрыза гэта будзе найбольш эфектыўна … Фрыз смела прамаўляе ўсё …
– Вазьміце маіх коней, – прамовіў пасол, – нельга часу губляць, ідзіце, шукайце Падгорскага, дзе хочаце, і прывядзіце мяне да мяне. Вы, напэўна, знойдзеце яго там, дзе ён іграе ў карты гуляе ці напіваецца … І калі ласка, паспяшайцеся … бо заўтра пара дзейнічаць больш рашуча!
Сіверс сеў, каб пісаць свой ліст далей … але тут ад’ютант зноў з’явіўся ў дзвярах і абвясціў, што просіць аўдыенцыі серадзскі ваявода Валеўскі,
Валеўскі выступаў супраць канстытуцыі 3 мая, падтрымліваў Таргавіцу, ён быў заўзятым рэспубліканцам, як і многія іншыя … але ён пралічыўся bona fide ( добрасумленна. лац. ) сама імператрыца з Пецярбурга хацела, каб ён быў маршалкам сейма, але, той, даведаўшыся што на ім будзе абвяшчацца падзел краіны, адмовіўся … Яму пагражала канфіскацыя маёмасці.
– Забярыце і дабро, і жыццё … Калі краіна страчана, няхай усё каціцца к чорту! – упарціўся ён.
Сіверс прымушаў яго, прасіў, абяцаў, нічога не дапамагала. Валеўскаму, паважаючы гэтую непахісную, але запозненую сумленнасць, дазволілі пакінуць Гродна. Яго выдалілі і выдалілі назусім. Цяпер справы ягонай сям’і прывялі яго ў Літву, узнікла і цікавасць да спраў у сейме.
Ён прыйшоў да Сіверса.
Увесь ягоны знешні выгляд распавядаў пра тыповага Паляка (Палануса), тыпу, які быў пашыраны ў саксонскі перыяд у краіне … Велічэзны, важкі, бочкападобны, з доўгімі вусамі, у польскай вопратцы, з шабляй-карабеляй, ён павольна ўвайшоў у кабінет, засунуўшы рукі за пас.
Сіверс холадна, але ветліва сустрэў яго …
– Што тут робіць пан ваявода? – спытаў ён.
– Блукаю. Не магу знайсці сабе месца, – адказаў Валеўскі і ўздыхнуў.
Абодва памаўчалі. Уважлівым вокам ваявода глянуў на спіс,які ляжаў на століку, прабег па лічбах. Ваявода нахмурыўся і зноў уздыхнуў.
Сіверс заўважыў цікавасць ваяводы, зразумеў, чаму ён уздыхнуў. У яго не было прычыны хавацца без патрэбы, таму насмешлівая ўсмешка з’явілася ў яго на вуснах.
– Ведаю, пане ваявода, – ён сказаў, – што вы адкрыта скардзіцеся на нас і наш гвалт … Ні Жэвускі, ні вы, ні нават канцлер Малахоўскі, не былі сябрамі Расіі, вы не шкадуеце нас і сёння … А мы пакутуем … Імператрыца разумее вашы пакуты, яна не злапомная.
– Хай сабе мы стогнем, але на свабодзе! – панура адказаў ваявода.
– І па ўласнай віне. – дадаў Сіверс.
Ваявода глянуў на яго застылымі вачыма.
– Так, – сказаў ён, – хто не прызнае грэх! Мы абавязаны! … але вы добра працавалі і доўга прышчаплялі грэх, гніль, хваробы, усякае зло … Мы чыталі творы гэтага Фрыдрыха, якога свет называе вялікім … ад іх мы ведаем, што змова вялася з Польшчы на працягу стагоддзяў, каб зрабіць яе слабай, пагарджанай,… труцілі нас і атруцілі ўрэшце.
– Пане ваявода!– усклікнуў пасол, выпростваючыся. – Гэта крыўдныя словы!
– Мы тут адны , пан пасол, – адказаў Валеўскі, – акрамя Бога нас ніхто не чуе …. Я не магу хлусіць, не магу, я занадта стары …. Я не баюся, вы ведаеце, вашага правасуддзя.
– Ты папракаеш нас карупцыяй! Удар пад дых! Але хто нас сапсаваў, разлайдачыў, атруціў і ачмурыў, калі не вы? Гэта была сістэма, план, задача. Вы спаілі нас, пакуль мы не спіліся ….
Ён уздыхнуў, і слёзы пасыпаліся з яго вачэй.
– Мы ахвяры нашых грахоў! – дадаў ён, але Бог сам будзе судзіць, ці можна іх назваць нашымі, і ці ёсць справядлівасць …
Тут яму не хапала голасу. збянтэжаны, Сіверс змоўк, яму стала не па сабе.
– Ты плаціш сёння купленым, але з дзяцінства ты ўкараніў у іх распусту … марнатраўства … прадажнасць…
Запанавала цішыня, ўсхваляваны Сіверс змрочна мерыў крокамі кабінет.
– Васпан надоўга тут? – спытаў ён.
– Не думаю, – адказаў Валеўскі . – У Гародні для мяне няма нічога прывабнага. Адпачну і паеду далей….
– Васпан раздражнёны, як я бачу, – дадаў Сіверс, спрабуючы супакоіцца, – у такім стане назіраць нашу важданіну было б непрыемны для пана ваяводы. …. Я б дабразычліва параіў ехаць адсюль што найхутчэй.
Ваявода змахнуў слязу, смеючыся.
– Вашу параду я выдатна разумею, – сказаў ён, — можа быць, вы так непакоіціся за маю бяспеку, што дасце мне ганаровую варту аж да Валыні?
– Я не думаю, што гэта будзе неабходна, – суха сказаў пасол.
– Так, заўтра я паеду”, – сказаў Валеўскі.
– А сёння вечарам, дзе вы думаеце быць? – спытаў Сіверс. Я запрашаю вас да сябе.
– Шчыра дзякую, адказаў ваявода, устаючы і кланяючыся, – я з дарогі стомлены і, напэўна, застануся ў карчме … І не крыўдзіцеся на мяне я б звярнуўся да сваіх землякоў з такімі ж горкімі словамі. Мне шкада іх! Навошта даліваць жоўці у кубак, які падрыхтаваны для іх ….
– Ах! Для вас знайшліся б кубкі чыстага віна … да якіх і жаўцізна не горкая, Сіверс казаў не без ядавітага намёку, бо ведаў, што ваявода любіць выпіць.
– Вы памыляецеся, – прашаптаў Валеўскі, – няма для нас кубкаў без гэтай нябачнай кроплі … а колькі горкіх слёз у іх трапляла – адзін Бог палічыць…
Але … навошта нам больш гаварыць пра гэта, – дадаў ён, – калі сёння я не магу і не хачу нічога іншага. Вельмі вам удзячны … (ён нізка пакланіўся) Я пайшоў…
Сіверс паціснуў яму руку і правёў да дзвярэй.
– Дык заўтра …
– Абавязкова, – паўтарыў ваявода, – вярнуся дадому … трэба даць адпачыць старым касцям …
І ваявода выйшаў, крануты кароткай размовай, якая ўсхвалявала яго. Сіверс хацеў сесці, каб пісаць ліст дачцы, – але рука яго дрыжала … і ён адчуў дзіўную разгубленасць у галаве. Тыя нешматлікія адважныя словы ўпалі яму ў душу, як камень у возера, ад якога па вадзе ішлі кругі. Упершыню за доўгі час чалавечае пачуццё, нейкая жаль і згрызоты сумлення загаварылі ў застылым старым чалавеку …. Ён хацеў уявіць сабе Валеўскага смешным, як і яго мудрагелістую прамову, неразумныя развагі …. Ён не супакоіўся, пакуль сам сабе не нагадаў, што ў свеце было дзве маралі, якія не знаходзіліся ні ў якіх адносінах паміж сабой – маральнасць прыватных людзей для штодзённага выкарыстання для маленькіх і прасцякоў, а таксама другая –мараль палітыкаў і дыпламатаў, адзіная вартасць якіх – поспех і перамога, і шлях да гэтай вялікай мэты ляжаў, напэўна, і праз падман і праз патрасенні … Здаецца, ніхто не асуджаў іх за гэта.
Сіверс суцяшаў сябе, што ён распрацоўвае новую канстытуцыю для Польшчы, і думаў, што няшчасці мільёнаў сёння заплацяць тое, што пазней пакаленні дабраславяць…
Ён так думаў, седзячы з пяром,і тут ўвайшоў Баскамп – ведучы з сабой пана Адама Падгорскага, валынскіага дэпутата. Страшная рэч, колькі іх было ў яго ў запасе.
Сіверс проста кіўнуў у знак прывітання, потым устаў, пануры, было відавочна, што трэба аддаць перавагу гэтай справе, не ўсё ж заграбаць жар чужымі рукаміі. Даў знак Баскампу выйсці. Пісар нешта прамармытаў і выйшаў праз другія дзверы.
Падгорскі стаяў моўчкі. Пасол правёў яго да вакна.
– Пане, – пачаў ён, – я разлічваю, што вы зробіце для мяне апошнюю паслугу, яна для мяне вельмі важная. Бо пара ўжо завяршыць тое, што прыспешвае час.
Падгурскі падкруціў вус.
– Пра што гаворка? – спытаў ён.
– А вам хіба не расказаў пан Баскамп?
– Нешта гаварыў, але я не ўразумеў…
–– Усё вельмі проста: трэба прадставіць прускі трактат для падпісання.
Падгурскі ўзвёў вочы ўгору..
– Мяне наўпрост у зале тут жа пасякуць шаблямі. Мне б гэтага не хацелася.
– Калі б да гэтага дайшло, – адказаў Сіверс, – я б не дапусціў, каб гэта дзея так трагічна скончылася. У мяне тут салдаты.
– Яны знадворку, а ў зале..
- На абарону стануць афіцэры, яны нікога не падпусцяць.
- Гэта не спыніць тых, хто пагражаў такое ўчыніць!
- Якая вам справа да таго, што балбатуны нечым пагражаюць. – з усмешкай прамовіў Сіверс. – Адноа справа –яны, а другое, тое, што я скажу, у гэтым вялікая розніца. Яы пускаюць словы на вецер, а я раблю справу.
– Але ж і сорамна… – прамовіў Падгурскі.
– Сорамна ім будзе, бо мы паставім на сваім.
– Падгурскі памаўчаў, задумаўшыся. Сіверс наблізіўся і ўзяў яго за гузік фрака.
– Гэта паслуга, якая не ўваходзіць у нашы разлікі, – сказаў ён ціха. – гэта справа Бухгольца, за непрыемнасці, якія вы можаце мець, мы вам заплацім асобна. Я гарантую – не меней за восемсот дукатаў (лічба, як бы гэта ні было дзіўна, праўдзвая. Заўвага аўтара).
Падгурскі моўчкі пакланіўся.
– Крык паднімецца, гэта так, будзе супраціў, адпор. Але самых неўтаймоўных дэпутатаў, якія пойдуць на гэта, я загадаю арыштаваць і вывесці з залы. Так што будзьце спакойны. Буру трэба вытрымаць. Але будзе ваша вялікая заслуга, калі вы нас вызваліце з сеймавага пекла.
Разгублены Падгурскі маўчаў.
– Не адмаўляйцеся, а да вас маю прыхільнасць, буду падтрымліваць, але яшчэ раз прашу, не адмаўляйцеся. Будзеце старацца, і я знайду і яшчэ які-небудзь спосаб вам аддзячыць.
Шамбялян маўчаў.
– Але ж трэба напісаць праект прапановы, якую я мушу падаць, і я…
– Я ўсё разумею, вазьміце яго ў канцылярыі. Я пастараюся зрабіць так, каб Юзафовіч і іншыя падтрымалі яго. На тым і скончым.
Сіверс уздыхнуў. Тут увайшоў Баскамп з паперамі.
– Мой сакратар заплаціць вам тое, што я абяцаў, неадкладна.
– Пойдзем да мяне, – запрасіў Баскамп.
Сіверс з-за спіны на пальцах паказаў яму лічбу “восем”.
Баскамп і Падгурскі пакланіліся і выйшлі.
— Alea jacta est! (Жэрабя кінуты! – лац.) – прамовіў пасол, і зноў, ужо ў каторы раз, засеў за пісьмо дачцы.
* * *
27 жніўня пратакол, які рыхтаваўся пад началам Бухгольца, павінен быць завершаны. Рыхтаваліся да пасяджэння ўсе, апазіцыя маўчала … але на тварах было напісана жаданне рашучага супраціву.
Перад пасяджэннем галерэю чысцілі ад старонніх людзей. Бледны кароль сеў на свой трон, побач са сталом з раскладзенымі на ім з паперамі. Насупраць яго маршалак, сакратары і парламенцкая канцылярыя займалі больш дальнія сталы. Лаўкі дэпутатаў былі запоўненыя, твары ва ўсіх змрочныя. Некаторыя падавалі адзін аднаму знакі.
Цярпліва чыталіся пратаколы, і тут Падгорскі, выцягнуўшы з-за пазухі лісток паперы, даволі ціха і нерашуча сказаў:
– Пане маршалку, калі ласка, дайце мне слова.
– Валынскі дэпутат просіць слова! – тут жа адгукнуўся Бяліньскі, імкнучыся апярэдзіць апазіцыю.
Лідэры супраціву пераглянуліся.
– Ваша светласць! Шаноўныя… – пачаў Ппдгурскі. І раптам замаўчаў.
У зале пачуліся абураныя галасы.
Бледны, як сцяна, твар выступоўцы пабляднеў яшчэ больш.
Ён зноў пачаў гаварыць, але так ціха, што яго амаль ніхто не пачуў – дагавор… з яго вялікасцю… каралём прускім…
Але да дэпутатаў дайшло, пра што ён хоча гаварыць, і зала загула. Дэпутаты паўскоквалі, некаторыя выбеглі, пачалі акружаць Падгурскага.
– Мы супраць трактату з прусаком! Мы не згодны!
– Здраднік! Як ты можаш абвяшчаць гэта!
– Здраднік! Здрада!
Дэпутат Гадачэўскі схапіўся за шаблю.
– Засяку!
Кароль устаў, спрабаваў нешта сказаць, але ні яго голасу, ні слоў Падгурскага не было чуваць. Узняўся шум, якога гэтая зала яшчэ не чула.
У Падгурскага дрыжалі рукі. Калі гул крыху аціх, ён прамовіў:
– Калі вы не даеце гаварыць… я здымаю прапанову…
Дэпутат Шаблоўскі узяў слова без дазволу і пачаў крычаць:
– Ён хацеў гаварыць пра Прускі дагавор… лёгка здагадацца. Можа стацца, што вы яго прымеце, але хай жа хоць адзін здраднік згіне, хоць адзін з тых, хоць адзін з тых, што падштурхоўвае нас да гібелі, заплаціць жыццём і ганьбай! Богам клянуся: хто асмеліцца ўнесці гэтую прапанову, той пойдзе пад суд як здраднік радзімы! Стаўлю сваю галаву – хай упадзе мая або ягоная!
Так пачалося пасяджэнне, якое ўразіла нават самых смелых. Падгурскі змоўк. Апазіцыя выступіла згуртавана… яму пагражалі…. У паветры насілася: – Здраднік!
Раззлаваны Карскі стаў насупраць трона і пачаў крытыкаваць праект Прускага дагавору. Звярнуўся да караля:
– Ваша вялікасць! Вы так спакойна гледзіцё на ўсё гэта. Тут збіраюцца разадраць краіну на шматкі, а вам, як вы некалі казалі, хапіла б столькі зямлі, колькі можна накрыць капелюшом, і вы былі б на ёй каралём…
Кароль, бледны, як труп, ускочыў з трона. – Я ніколі ў жыцці не казаў гэтых слоў! – закрычаў ён.
– Карскага ў суд! – крыкнуў Мячынскі, – за абразу яго вялікасці…
–- У суд! – зала падхапіла – у сеймавы суд!
– Я не патрабую суду … Я дарую яму гэту знявагу і прашу дараваць Карскаму. – дрыжачым голасам сказаў кароль.
– Хай папросіць прабачэння! – крыкнуў нехта з залы.
Карскі ўсміхнуўся, пакланіўся, падыйшоў да трона і пацалаваў каралю руку.
Каб адцягнуць увагу, дэпутат Шыдлоўскі прапанаваў, каб усе пацалавалі каралю руку. Гэтая цырымонія адняла столькі часу, што і пасяджэнне закончылася. Якраз можна было супакоіцца, параіцца, што рабіць далей. ..
Сіверс забраў паперы і выйшаў, за ім услед пабег Бухгольц, каб паскардзіцца.
– Трэба зноў сыпаць грашыма, – прамовіў Сіверс холадна.
Яны зачыніліся, каб параіцца. Пасля гэтага Бухгольц выйшаў занепакоёны і невясёлы. Сіверс праводзіў яго халодным позіркам.
Яны вырашылі паправіць справы на наступным пасяджэнні, арганізаваць дапамогу Падгурскаму. Але абаронцы баяліся ўзняць голас пад крыкі апазіцыі. Яшчэ больш рашуча, чым напярэдадні, яна патрабавала суду над Падгурскім, яму былі гатовы пляваць у твар. Бяліньскага заштурхалі, сакратароў абражалі. Трывога ахапіла ўсіх.
.Падгурскі стаяў нібы прыкуты да ганебнага слупа, напаўмёртвы, бледны і знямелы. Юзафовіч, Мічынскі, ахоўнікі, якія паявіліся ў зале па загаду Сіверса, не змаглі дапамагчы, іх адцяснілі і злаялі.
Краснадэбскі, Кімбар, Гаслаўскі, Стаіўекі, Карскі і іх аднадумцы крычалі, аж ахрыплі – здраднік! Паказваючы пальцамі на Пагорскага, яны патрабавалі суду. Нічога яму не далі ні прачытаць, ні сказаць, усе патрабавалі, каб гэты нахабны чалавек, які пайшоў супраць усіх, быў прыцягнуты да суду.
Апазіцыя ніколі не была такой адчайна апантанай – гэта быў яе апошні бой, жорсткая бітва на смерць ці жыццё, у якой яна прадчувала сваё паражэнне, але яна хацела выйсці з чыстым сумленнем, зрабіўшы як мага больш, колькі ставала сіл.
Пасля гэтага гвалту і напружанасці дэпутаты нарэшце разышліся,. Кароль канчаткова страціў адвагу і голас, а дэпутаты былі разгубленыя, вярталіся з адным пытаннем: што будзе?
Падкупленыя маўчалі. Яны дагэтуль былі ўпэўнены ў сваёй сіле, а зараз страцілі ўпэўненасць. Сіверс холадна спытаў: што здарылася? Яму бязладна адказвалі, баючыся ягонага гневу. Ён абыякава слухаў іх. Бухгольц быў як апантаны. Ніхто не адважваўся загаварыць з ім. А ён папрасіў дапамогі ў Сіверса. Той паабяцаў, але неяк нерашуча.
І зноў было пасяджэнне, адно з рашучых, з усё большым супрацівам і смеласцю. Падгурскага выпхнулі з залы, і ён сядзеў баючыся высунуцца, у нейкай цёмнай каморцы, у калідоры яму парвалі плашч.
Зноў перамагла апазіцыя. Праціўнікі былі застрашаныя, прысаромленыя, пагарджаныя. Спрабавалі ўгаворваць – над імі смяяліся. Звярталіся да караля – ён маўчаў, як забіты.
Раззлаваны Бухгольцам Сіверс пагражаў Тышкевічу, злаваўся на караля, які нічым яму не дапамагаў. Прускі пасол сыпаў грашыма і нерваваўся, ніхто, акрамя няшчаснага Падгурскага галасаваць за трактат не рашаўся, баяліся ўсе. Пасяджэннісейма ў гэтыя дні вызначаліся асаблівым напалам жарсці, гарачых слоў, пераходзячага ўсе межы адчаю. Эмоцыі выпліхваліся і на караля. Аднойчы, выходзячы з залы кароль пачуў, як хтосьці сказаў:
– Гэта бацька ўсіх Падгурскіх.
Бяліньскі і ўсе падкупленыя ў гэтым агульным разгары абурэння не маглі нічога сказаць, не выконвалі загады, адступілі, зніякавелі. Анквіч, які доўга адмоўчваўся, холадна пазіраў на ўсеагульнае ўзрушэнне, нібыта спрабуючы зазірнуць у душы. Ён не ўдзельнічаў у спрэчках, нібы хацеў пакінуць за сабой апошняе слова. Пасля пасяджэнняў ён заходзіў да шамбяляна, сядаў у крэсла і жартаўліва абмяркоўваў выступаоўцаў, іх паводзіны, злосна кпіў як са сваіх непрыяцеляў, так і з сяброў.
Панне Юстыне было цяжка зразумець яго… яна зазірала яму ў вочы. Ён здаваўся абыякавым да ўсяго … да караля, дэпутатаў, паплечнікаў, ворагаў. Ён высмейваў усіх, здзекаваўся з іх слоў, страхаў, пагроз і недаўменна паціскаў плячыма.
– З кім вы збіраецеся быць , калі здзекуецеся з усіх?– спытала ў яго Юстына.
– Я? Даражэнькая панна, ці ж ты мяне яшчэ не разумееш? – пытаннем адказаў Анквіч. – Я не трымаюся ні за кога. Я нібы ў тэатры, мяне забаўляе відовішча, але не акцёры ці гледачы. Я не прымаю блізка да сэрца і саму падзею, якая скончыцца, нягледзячы на ўсе слоўныя баталіі, так як гэта ўжо жалезна накрэслена. Апладзірую добра разыгранай сцэне, вітаю дабрачыннасць як і чорную зламыснасць у характарах актораў, паважаю талент суфлёра, хвалю прастадушнасць і цярплівасць гледачоў.
Ён паціснуў плячыма. Юстына са страхам глянула яму ў вочы. А ён лагодна ўсміхнуўся ёй.
– Не варта вінаваціць мяне … Я халодны. Чым я ім абавязаны? Адны вочы панны яшчэ могуць мяне сагрэць.
На тым іх размова шэптам і скончылася …
Гэта было вечарам у пятніцу. У суботу ўсе папрасілі два дні адпачынку. Фрыз пабег да пасла, даведаўся, што і каралю захацелася адпачыць… знясілены апошнімі бурнымі пасяджэннямі, ён не мог працаваць.
Раніцой Сіверс склікаў сваю раду. Раіліся ўсе разам. Бяліньскі не бачыў іншага паратунку, як толькі ў тым, каб арыштоўваць дэпутатаў, заперці іх у зале пасяджэнняў і не выпукаць, пакуль не падпішуць пагадненне.
Бухгольц насіўся ўзад-уперад, ён ужо нікому не верыў, акрамя Мёлендорфа[4] , які павінен быў увайсці з войскам і пагроза канчатковага падзелу, прымусіць як з нажом перад горлаам дагавор усёё ж падпісаць… Сіверс … халодна адказаў, што гэта сапсуе справу ў Санкт-Пецярбургу. Усе гэтыя два дні прускі пасол пагражаў, але гэта не вывела Сіверса з раўнавагі. Ён даў паслу зразумець яму, што толькі яму і Расіі будзе абавязаны саступкамі, і калі Буххольц зноў прыйшоў, астрашэлы наступствам ганьбы, жабрацтва, то стары адправіў яго спаць.
– Ідзі, пане, адпачні, супакойся. Трактат будзе падпісаны, я ўжо бачу выйсце з гэтага становішча і знайду сродкі… але вы і пядзі зямлі не возьмеце больш за тое, што імператрыца захоча вам даць. Мёлендорф тут нічога не зробіць. Тое, што магчыма, і што трэба зрабіць, я зраблю сам. Спакойнай начы ….
На працягу дзесяці дзён адбываліся падобныя сцэны. У горад уступіла войска, размясцілася на вуліцах, нікога не выпускалі з хат, замак быў акружаны, дэпутатам пагражалі ссылкай у Сібір і дэпартацыяй; чатыры гарматы, нацэленыя на залу пасяджэння, былі гатовы да стральбы, запальныя фітылі гарэлі, усе гэта маглі бачыць. Палкоўнікі, афіцэры і генерал Раўтэнфельд занялі месца судззяў, але… нічога не дапамагала.
Бухгольц быў у роспачы. Сіверс, жартаваў, здавалася, што ён ветліва здзекаваўся з яго.
У нядзелю, 11 верасня, параіўшыся з праплочанымі дэпутатамі, стары прыкінуўся хворым, адпусціў усіх, акрамя Анквіча. З халоднай вытрымкай, якая яго ніколі не пакідала, Анквіч гуляў з паперкай, якую ён скруціў у трубку і чакаў, што скажа яму пасол. Яны пераглянуліся. Сіверс апусціў вочы.
– Я не разумею васпана, – сказаў пасол. – Што азначалі вашы паводзіны на апошняй сесіі, што азначала гэтая гарачая прамова супраць прыгнёту і гвалту? Вы прапаноўваеце мне сваё пасярэдніцтва і добрасумленную службу, і ў той жа час прамаўляеце абы што, ручкаецеся з Краснадэбскім, нашым непрымірымым ворагам?
Анквіч усміхнуўся.
– Вы ўзорны дыпламат, – сказаў ён, – але вы не ведаеце нашай нацыі так, як я. Польская прырода зусім іншая, чым руская і нямецкая. Існуе двайны спосаб перамагчы нас. Проста прымусіць або дабіцца таго ж абыходлівасцю і мяккасцю, як будзе вам заўгодна. Мне ўдалося пераманіць на свой бок Краснадэбскага, і калі трэба, я прывяду яго і іншых.
– Краснадэбскі не будзе вам карысны, – усклікнуў Сіверс, – бо я загадаю сёння яго выывесці з залы.
– Я здагадаўся пра гэта, – сказаў Анквіч … – і я падаў яму руку больш ахвотна, таму што гэта будзе заўважана. Мая прамова супраць гвалтавання і прыгнёту, сапраўды, была вельмі прыгожая і гарачая, і яна будзе мне карыснай заўтра.
– Ратунку няма … Дэпутаты хочуць уцячы … Касакоўскі і кароль таемна інтрыгуюць … Я павінен ужываць сілу.
Анквіч маўчаў.
– Я спадзяюся , што я не буду выкарыстоўваць гэта дарэмна … Я доўга чакаў, але нічога не мог зрабіць з гэтага …
З расстроеным выглядам міністр паглядзеў на кнігу, якую знайшоў на стале, потым зірнуў у акно, пакланіўся і выйшаў.
– Хто яго тут зразумее? – прамармытаў Сіверс. – І ўсіх іх у агуле….
.
* * *
Дэпутаты, якія былі на пастоі ў двары пана Барысевіча, яшчэ спалі, стомленыя, бо на тыдні пасяджэнні зацягваліся да позняга, калі майстар зайшоў у пакой, каб разбудзіць іх. Барысевіч за гэтыя дні паспеў здружыцца з пастаяльцамі. Краснадэбскі першы сеў на ложку, перажагнаўся.
– Што скажаце? – спытаў ён.
– Справы дрэнь, пане! Салдаты зноў займаюць горад, на вуліцах патрулі. Нікога не выпушчаюць і не ўпушчаюць. . Адзін атрад пайшоў да замка, афіцэры чагосьці ходзяць па кватэрах, толькі сюды яшчэ не зайшлі. Хай вас Бог бароніць, добра было б, каб вы сабраліся і пайшлі адсюль, каб не нарвацца на непрыемнасці.
– А што можа здарыцца? – спытаўся Краснадэмбскі.
– Ды хто яго ведае, што яны могуць учыніць? – гаспадар засмяяўся.
– Каханы пане Барысевіч! – загаварыў Краснадэбскі. – Напэўна, для нас гэта магло б і непрыемным быць, але для справы – хто ведае? Можа было б добра, калі б салдаты нас забралі. Для нас што болей насілля, тым лепш. Бо гэта сведчанне нашай сумленнасці,
Прачнуўся Мікорскі.
– Чаго не спіцё? Хіба ўжо так позна? – спытаў ён.
– Не позна, – адказаў Краснадэмбскі, – але войска зноў займае горад, як бы чаго не здарылася.
Ён хацеў сказаць яшчэ нешта, але тут увайшоў хлопчык.
– Гэй, панове! Маскалёў паўнюсенькая вуліца.
– Ну і што? Ты да іх яшчэ не звык? – спытаў Мікорскі. – Ідзі, паназірай за імі.
Яны пасмяяліся, а Барысевіч малітоўна склаў рукі і прашаптаў:
– Нічога смешнага няма. Збірайцеся і ўцякайце… хай вас Бог бароніць… а я…
У сенцах пачуўся бразгат зброі.
– Ну вось, я ж вам казаў! – заламаў рукі майстар і выскачыў з пакоя.
Увайшоў той самы афіцэр, які заходзіў да дэпутатаў адразу пасля іх прыезду, за ім увайшлі некалькі салдат. Краснадэбскі накінуў на сябе халат і з вясёлай усмешкай падняўся насустрач гасцям.
– О, стары знаёмы! – усклікнуў ён. – Чым магу служыць пану афіцэру?
Малады афіцэр невясёлым тонам прамовіў:
– У мяне загад арыштаваць вас.
– Як у першы раз? – спытаў Краснадэбскі. Афіцэр сумеўся.
– Мне вельмі непрыемна казаць вам пра гэта, але нам трэба зрабіць гэтае падарожжа разам.
Мікорскі пачуў размову з суседняга пакоя. Не змог утрымацца і ўсклікнуў:
– О, Езус, Мар’я!
Краснадэбскі не варухнуўся.
– Прызнаюся вам, што я – я не супраць таго, каб падарожнічаць – гэта павучальная рэч, а тут яшчэ паедзем за кошт самай светлай імператрыцы, што можа быць зручней!!
Яны змоўклі. Афіцэр сеў… салдаты занялі свае месцы каля дзвярэй, астатнія сталі ля вокнаў.
– А я вольны апранацца? – іранічна спытаў лоўчы. Афіцэр, які быў пакрыўджаны гэтай весялосцю, нічога не сказаў. Увайшоўшы ў спальню і знайшоўшы тут устрывожанага Мікорскага, лоўчы ўзяў яго за рукі.
– Не губляй гонару! – прамовіў ён ціха. Дзеля ўсяго святога – у прысутнасці ворага – ні страху, ні шкадавання! … Трымайся мужна… не паказвай таго, што на душы …
Ён паказаў пальцам на неба і пачаў апранацца, штосьці напяваючы..
Мікорскі разгубіўся, не ведаў, што ўзяць у рукі. Ён стаяў, думаючы … гэтае страшнае слова… Сібір! … выгнанне, пустэля, сям’я без бацькі, смерць сярод снягоў, без слова суцяшэння, без рукі, якая заплюшчыла б вочы, без блаславення святара… Гэтыя думкі сціскалі ягонае сэрца.
Калі гэта ўсё адбывалася ў сядзібе, па горадзе разляцелася навіна: “Дэпутатаў забіраюць!”
Усё закіпела. Не той страх, якога Сіверс чакаў, але абурэнне апанавала розумы…. Дэпутаты збіраліся групкамі, раіліся, ісці ці не на сесію. Некаторых не выпускалі з кватэры, іншым не дазволілі пакінуць горад. Акрамя Мікорскага і Краснадэбскага былі затрыманыя Скаржынскі, і Шыдлоўскі. Іх агарнуў страх. Параілі пісаць да Сіверса петыцыю… Мікорскі і Скаржынскі падпарадкаваліся парадзе, Краснадэбскі пахітаў плячыма. “Не дачакаюцца яны таго, каб я быў пакорлівым і хадайнічаў. Я маю той гонар, што яны прызнаюць мяне небяспечным ворагам і пагражаюць саслаць. Хай Божая воля будзе выканана”. Сесія яшчэ не пачалася, але горад увесь быў у руху.
У той момант, калі салдаты не маглі прынамсі чакаць яго тут, паручнік, брат Юстыны, прайшоў у пакой да пастаяльцаў, спадзеючыся, што сярод агульнай разгубленасці ён пройдзе ў кватэру незаўважаным. Афіцэр не згледзеў яго ад уваходу, заняты размовай, і ён праслізнуў у другі пакой.
– Куды гэта вас? – спытаў ён.
– Мы нічога не ведаем… у Сібір – упэўнены! – усклікнуў Мікорскі. Краснадэбскі быў спакойны, настроены на гумар.
– Шаноўны паручнік, – сказаў ён, – зараз восень і найлепшы час для палявання. Імператрыца запрашае нас на паляванне – на собаля і сіняга ліса! Цудоўнае паляванне!
Паручнік паглядзеў на адважнага рызыканта. – “У выпадку няшчасця,” – сказаў ён, – “магчыма, вы што-небудзь надумаеце папрасіць ці падказаць”.
Краснадэбскі схіліўся да ягонага вуха.
– Хай Заёнчак [5]і Касцюшка не спяшаюцца. Трэба пачакаць, пакуль краіна падрыхтуецца, гэта зойме месяц… Калі пачнуць хапаць і высылаць… а гэта будзе, народ абудзіцца.
Яны працягвалі размаўляць напаўшэптам. І аднаму і другому было пра што распытаць, параіцца. Яны ўжо шмат паспелі зрабіць.
Паручнік не захацеў, каб яго заўважылі, пайшоў. Тымчасам афіцэр папрасіў дэпутатаў выходзіць. Са слязамі на вачах, у маўчанні, пачалі развітвацца з гаспадаром.
Краснадэмбскі быў, як заўсёды, вясёлы, Мікорскі задуменны і ўзрушаны.
І тут якраз адбыўся яшчэ адзін нечаканы візіт. Карэта спынілася перад домам Барысевіча. Афіцэр выбег, каб не пусціць госця ў хату, але на парозе паказаўся Баскамп, з паголеным бледным тварам і лісіным позіркам, паказаў яму пропуск.
Ён увайшоў, ветла ўсміхаючыся.
– Мне вельмі прыкра, што я аказаўся тут у такую хвіліну, – пачаў ён.
– Мы разумеем, – перапыніў яго Краснадэбскі, – дзякуй за спачуванне, але ж вы не проста так прыйшлі, мабыць справа якая?
– Я ад пана Пуласкага. Ён папрасіў мяне перадаць вам крыху грошай…
Краснадэбскі не даў яму дагаварыць.
– Дзякуй яму, але мне ягоныя грошы не патрэбны.
Мікорскі дадаў: “І мне таксама”.
Баскамп сумеўся.
– Ён жа хацеў як лепей…
– Як лепей, сказаў Краснадэбскі, – але мы ведаем паходжанне золата пана Пуласкага … яно дрэнна пахне…
Мікорскі кіўнуў галавой.
– Але ж вы самі, панове, прымусілі ўжыць гэты крайні сродак. Зрэшты трэба зразумець і Сіверса. Паміж намі, ён зусім не вінаваты, – прамовіў Баскамп, – слова даю.
– Вядома, мы ва ўсім вінаватыя! – засмяяўся Краснадэбскі. – А Сіверс проста анёл дабрыні, пан Бухгольц сама дабрачыннасць, імператрыца ўсялітасцівейшая, кароль прускі самы дабразычлівы, а нас для пачатку адлупцуюць? Ці ж не так?
Баскампу ягоны здзеклівы тон не спадабаўся.
– Зараз не да жарцікаў! – адрэзаў ён. – Ні сном, ні духам! – запярэчыў Краснадэбскі. А як жа з павагай да дэпутата свабоднай рэспублікі, Рэчы Паспалітай, які асмеліцца сказаць, што ён думае, і прагаласуе па сваім перакананні! Гэта ж якабінства! ці не ты так? Баскамп, раззлаваны, паспяшаўся да дзвярэй, Краснадэбскі рушыў услед за ім.
– Я кланяюся паслу, перадайце яму маё прывітанне. Пану Бухгольцу таксама маё шанаванне.
Баскамп, аднак, не пачуў яго, быў за дзвярыма.
Па абедзе дэпутаты пешшу і ў карэтах з’язджаліся да замка. Краснадэбскі глянуў у вакно.
– Як там будзе без нас? – ён уздыхнуў. – Я гатовы зараз нават апраўдаць пакутніка Падгурскага.
Афіцэр загадаў рыхтавацца да ад’езду. Краснадэбскі паклікаў хлопца-слугу.
– Застанешся тут, – загадаў ён, – пакуль я па цябе не прышлю з дому. Сядзі спакойна і хвалі Пана Бога.
Хлопец заплакаў…
Паштовая брычка і казацкі канвой стаялі каля ганку, тут жа стаялі дваровыя людзі, суседзі. Мікорскі ўжо сабраўся, а Краснадэбскі ўсё яшчэ быў не апрануты, як бы яму і не трэба было нікуды ехаць.
– Ну што, пара! – напомніў афіцэр.
– Куды?
– У дарогу. – напомніў заклапочаны затрымкай афіцэр.
– Ведаеш што, асіндзей – спакойна загаварыў лоўчы, – ты ведаеш, што мяне мая Ліўская зямля прыслала абараняць яе і адстойваць Што б асіндзей сказаў пра салдата, які пакінуў свой пост?
– Але ж васпан абавязаны…
– Не, я не абавязаны. – адказаў Краснадэмбскі.
– Казакі забяруць вас сілай.
Дэпутат замоўк …
Афіцэр кіўнуў галавой салдатам, якія з’явіліся ў дзвярах … Плачучы, хлопчык прынёс паліто гаспадару і накінуў на плечы лоўчаму. . [6]
– Вазьміце футра, – сказаў афіцэр. – Ночы ўжо халодныя, мы павінны ехаць і ноччу …
– Я не настолькі багаты, футра ў мяне няма,– абыякава сказаў Краснадэбскі, – а ў Сібіры футра будзе таннейшае.
– Мы не вязем вас у Сібір, – запэўніў яго афіцэр, а ў ваш дом ці туды, дзе вам спадабаецца.
– Дзе мне спадабаецца? – Гэта цудоўна! – сказаў Краснадэбскі. – Бадай што з гэтай нагоды, я хацеў бы паехаць лепей у Італію, там не трэба купляць футра, і паветра там будзе прыемным.
Каля парога стаяў Барысевіч са сваёй жонкай …
– Ах! Мой дарагі, даражэнькі гаспадар, – звярнуўся да яго Краснадэбскі, – Я ж вам вінен больш за пяцьдзесят дукатаў. Але я пакіну тут свае рэчы і слугу як бы ў заклад, а грошы прышлю з дому.
– Божа барані! – са слязамі ў голасе адказаў Барысевіч. – Не крыўдзі мяне, пане! Я захаваю рэчы, а платы не трэба. . Ты мне нічога не павінен … Праўда, дарагая? – звяртаючыся да жонкі, спытаў майстра, – Я лічу, што нам пашанцавала, што ў маім доме, пад яго дахам быў такі добры грамадзянін … і – калі пан пакіне тут слугу, то зробіць мне гонар… І яшчэ – тут у мяне ёсць такая-сякая капейчына на дарогу…
Барысевіч, яго жонка, суседзі плакалі… афіцэру стала няёмка.. Краснадэбскі кінуўся на шыю гаспадару , і яны развіталіся. (Прозвішча, характар і паходжанне Барысевіча сапраўдныя – заўвага аўтара).
Яшчэ хвіліна і брычка ў суправаджэнні казакаў знікла ў канцы вуліцы.
Тым часам замак у гэты дзень быў акружаны грэнадзёрамі, гарматамі[7]. Рыкс і Кіцкі пайшлі да караля, паведамілі яму, што дэпутаты арыштаваныя і што іх трэба вярнуць.
Станіслаў Аўгуст заламаў рукі.
– Вы гатовыя і гэта мне прыпісаць! – усклікнуў ён у адчаі.
Паслалі па Тышкевіча. Кароль сеў пісаць Сіверсу,. А дэпутаты, пасрэднікі, усе, хто мог, ішлі ў Гародню, просячы аб вызваленні; і ўсе вярнуліся з адмовай. Пасол раззлаваўся, ён сказаў, што прыйшоў час скончыць гэта.
Парламентарыі ўжо сабраліся ў зале сейма і сядзелі моўчкі. Генерал Раутэнфельд, якому загадана было сядзець з каралём, хадзіў па зале. Караля доўга не было. Нарэшце бледны і расстроены кароль паявіўся ў зале сярод поўнага маўчання, сеў на трон.
Бяліньскі трымаўся больш смела чым на папярэдніх пасяджэннях, абвясціў:
– Пачынаем сесію. У зале ўжо сабраліся дэпутаты, сядзелі і панура маўчалі.
– Сесію нельга пачынаць! – усклікнуў Гаслаўскі, – чатыры дэпутаты арыштаваныя, і пакуль іх не выпусцяць, мы не можам пачаць… Мы прынялі закон … Я звяртаюся да яго.
– Я згодны! Згода!Т ак! Мы звяртаемся да закона, – пачалі крычаць з усіх бакоў.
Не звяртаючы ўвагі на Раўтэнфельда, які сядзеў на левай руцэ трона і, склаўшы рукі, абыякава, здавалася, прыслухоўваўся да ўзрушэння, і на караля, які маўчаў пасіўна, не баючыся пагрозы арышту, дэпутаты выказвалі сваё абурэнне.
Ні пачаць ні хоць штосьці зрабіць не выходзіла.
Манчынскі звярнуўся з просьбай накіраваць дэпутатаў да Сіверса. Кароль прызначыў для гэтага Сулкоўскага, Бяліньскага і Плятэра.
Раўтэнфельд, якому загадалі нікога не выпускаць, усё ж дазволіў ім выйсці..
Ад замка да Гародні доўгі шлях… Было ясна, што трэба пачакаць. . Зала пасяджэнняў выглядала нязвыкла. У ёй ўпершыню панавала маўчанне. Маўклівы сход застыў у нейкім пагрозлівым чаканні. У дэпутатаў былі спахмурнелыя тварыі, цішыня пасля ўчарашнняга бурнага пасяджэння была жудаснай, размаўлялі толькі ціхім шэптам. Кароль на троне праглядаў паперы з сумным тварам. Па тварах дэпутатаў можна было ўгадаць, якія розныя пачуцці іх зараз хвалююць.
Звычайна бурлівая, апазіцыя зараз стаяла маўклівая, задуманая, рукі на каленях. Некаторыя апусцілі галаву, гледзячы на зямлю, іншыя, агаломшаныя, блукалі вачыма па столі … у іх яшчэ жыла ўчарашняя кіпучая страсць, якая прытушана зараз стомленасцю. У некаторых дрыжалі рукі, цела трымцела ў напружанні.
Юзафовіч, Манчыньскі і людзі з шайкі Сіверса пра штосьці раіліся, гледзячы на сваіх маўклівых апанентаў. Падавалі адзін аднаму знакі, запіскі таемна перадаваліся з рук у рукі …
Анквіч глядзеў на гэтую ўражлівую карціну з выглядам чалавека, якому нічога лепшага не застаецца, акрамя як займацца вывучэннем цікавай з’явы … Часам усмешка паяўлялася ў яго на вуснах.
Раутэнфельд, здавалася, драмаў. Часам уваходзіў афіцэр аховы і атрымліваў загады, развітваўся і сыходзіў. Прысутныя пазіралі на яго, а апазіцыя пераследвала яго насмешлівымі вачыма.
– І гэта называецца Сейм! прашаптаў Карскі.
Пасля надзвычай доўгага чакання прыехалі дэпутаты, яны ўвайшлі з сумнымі тварамі, па іх было лёгка ўведаць, што яны не прынеслі нічога добрага.
.Прабіла дзевяць, сакратар пачаў чытаць пісьмо Сіверса, у якім паведамлялася, што арыштаваных дэпутатаў ужо адправілі. Клапатлівы пасол выдаў ім пашпарты і крыху грошай. У пісьме асуджаўся якабінізм і было многа пустаслоў’я.
Сакратар не скончыў чытаць, зала загудзла.
– Няма сейма! – Няма сейма пад такім прымусам!
Карскі і групка незапалоханых дэпутатаў, якая засталася, усхапіліся з крэслаў, перашкаджалі чытаць далей.
Доўгі час з-за шуму ў зале не было нічога чуваць, апроч выкрыкаў дэпутатаў ад апазіцыі. Яны патрабавалі закрыць сесію. У іх гарэлі вочы, галасы гучалі ўсё больш гучна.
– Памром, але не дапусцім бяспраў’я! – гучала з усіх бакоў.
Манчыньскі устаў на крэсла, паказаў на гадзіннік і пачаў даводзіць, што нічога благога не будзе, калі сакратар усё ж дачытае, што там у пасланні Сіверса.
Дэпутаты селі, папусцілі галовы, і сядзелі, як мёртвыя.
Сакратар прадоўжыў чытаць пасланне Сіверса, поўнае папрокаў сейму, абвінавачванняў у акабінстве, Сіверс як бы апраўдваўся, але пісьмо ўсё ж было абразлівым і крыўдным.
Чытанне скончылася пад іранічны смех Кімбара.
– Паслоў, відаць, усё ж яшчэ не адправілі, – прамовіў ён, – і пакуль іх тут не будзе, не будзе і сейму. Гадачэўскі, Янкоўскі, Алдакоўскі[8] паўтарылі за ім:
– Няма сейму, калі няма ўсіх дэпутатаў…
Кароль спакойна загадаў яшчэ раз адправіць ганцоў да Сіверса … На гэты раз і дэпутаты ад апазіцыі пажадалі ехаць, у тым ліку і Кімбар.
Дэпутат Упіцкі добра ведаў, што сам а можа быць арыштаваны падобна на іншых, бо ён быў не менш вінаваты … але ён не баяўся – схапіў шапку і пайшоў з іншымі …
Зноў была доўгая цішыня, але больш нецярплівая і больш трывожная. Час здаваўся даўжэйшым, гадзіны бясконцыя. Кароль быў бледны, на яго нельга было глядзець без жалю, здавалася, што ад трона патыхае смерцю.. Аднак ніхто не шкадаваў яго …
Пасланыя вярнуліся ні з чым. У зале запанавала цішыня, не было сіл змагацца. Сярод усеагульнага аслупяненя Манчыньскі, незвычайна актыўны ў гэты дзень, прапанаваў пачытаць праект дагавора … Усе падкупленыя Сіверсам загукалі, бессаромна падтрымліваючы яго. Сакратар збіраўся пачаць чытаць, калі з літоўскіх крэслаў Кімбар, Янкоўскі, Нарбут, Багуцкі пачалі крычаць :
– Мы гэтага не дазваляем! Сейма няма!
Узрушэнне, якое на імгненне аціхла, зноў вырасла да вышэйшай сілы.
Людзі, галасы і прапановы пераблыталіся …
Канца не было відаць і не прадбачылася У тыя хвіліны, калі сілы і голасу дэпутатам бракавала, магільная цішыня перарвала шум, і шум зноў нарастаў..
Трымаючыся рукамі за галаву, кароль сядзеў, нібы аслупянелы, жадаючы сабе літасці або смерці
Здавлася, што тлум будзе яшчэ доўга, .да бясконцасці, як тут падняўся Рачыньскі[9]. Халодным спакоем і вытрымкай ён мог дараўняцца да Анквіча, і ў гэты момант якраз і выказваў ягоную думку. Былы міністр папрасіў яго аб гэтым. Рачынскі ўмеў гаварыць дасціпна, з гумарам. У зале прыціхлі. А Рачынскі гаварыў так, нібы ён выступае на вясёлым банкеце. Гэты тон выратаваў яго, яму далі выказацца.
– Я хачу звярнуцца да вас, шаноўныя сенатары, да яго вялікасці караля, да усіх дэпутатаў, і сказаць, што вы ўсе сённяin passivitate ( пасіўныя. лац.).
Адзін толькі рускі генерал Раўтэнфельд activitatem(актыўны, лац.). Мы ўсе тут пасіўныя – ён актыўны! А нам трэба знайсці выйсце з сітуацыі і выканаць гэты абавязковы загад, калі, на жаль, інакш не можа быць.
У свеце няма нічога незваротнага … усё мяняе час, а тымчасам і нам трэба шанаваць і ашчаджаць наша здароўе. Дык ці не зрабіць нам так – запісаць у пратакол пратэст удзельнікаў нашага сходу пра прыгнёт супраць нас, пра ўчынены гвалт над намі – а далей не прытрымлівацца звычайнай формы, не галасаваць, не прымаць прапанову … толькі маўчаць, хай нам чытаюць праект, а мы маўчым; няхай пытаюцца, а мы маўчым. Няхай маўчанне наша яны растлумачаць, як хочуць …
Устаў са свайго месца Анквіч. – Я прадстаўлю праект пратакола аб пратэсце.
– Згода! – усклікнуў са свайго месца Касакоўскі.
– Згода! Згода! – пачуліся галасы ў яго падтрымку. – Апазіцыя не прамовіць ні слова. Толькі маўчанне.
Раўтэнфельд, убачыўшы нешта незразумелае самому сабе, замітусіўся і паляцеў па новыя загады.
Зноў чакалі, але на гэты раз у магільнай цішы.
Рачынскі у сваім выступленні пераказаў дэпутатам ідэю Анквіча, як далікатна выратаваць гонар веча, хаця гэта не магло выратаваць краіну, бо ён прыйшоў да пераканання, што сіле супрацьстаяць дарэмна.
У трэці раз доўжылася зацятае маўчанне … перапынялася яно толькі крокамі расійскіх ахоўнікаў пад вокнамі і грукам дзвярэй … і расцягнулася яно сярод гэтай злавеснай начы амаль да раніцы … Калі Раўтэнфельд нарэшце вярнуўся, кароль падняў знуджоную галаву, хацеў пачуць, што прынеслі ад Сіверса …
Маршалак Тышкевіч прачытаў прынесены ліст. Сіверс у ім коратка і цвёрда заявіў, што не выпусціць караля з пакоя, што ён загадае прынесці пасцелі для дэпутатаў, што ніхто не пакіне залу, пакуль не будзе выканана яго воля! Ніхто не адказаў на гэтыя пагрозы … здавалася, ніхто іх не чуў, усе сядзелі як мёртвыя, як скамянелыя, не падавалі голасу …
Манчыньскі, Анквіч, Рачыньскі прачыталі і абмеркавалі праект дэкларацыі апазіцыі … ніхто не сказаў ні слова …
Зала ўяўляла дзўнае відовішча, як бы некалькі жывых варушыліся сярод мноства трупаў, што не падавалі прыкмет жыцця. Але калі б хто ўгледзеўся ў іх твары, то прачытаў бы на іх пакуту, боль, прыніжэнне … У некалькіх бяссільных старых слёз цяклі па шчоках і яны не выціралі іх … у іншых зрэнкі апякла пакута, сутаргава торгаліся вусны, быццам нехта зачараваў іх і не даваў растуліць. Смяротны пот з’явіўся на бледным тварах. Чытачам-сакратарам не хапала голасу, смялейшым і напорыстым – мужнасці. Языкі запляталіся… вочы апушчаныя, запраданых мучыў сорам.
Быў крануты нават Раўтэнфельд, стары салдат. Верагодна, ён лічыў за лепшае быць сярод куль у бітве, чым сярод згвалтаванняў, нанесеных сумленным людзям, якія страшнымі маўчаннем заклікалі Бога да помсты.
Ці можа гэта быў красамоўны пратэст няшчаснай паміраючай нацыі?
У поўнай цішыні гадзіннік прабіў тры разы. Раўтэнфельд, выконваючы загад, запатрабаваў ад караля, калі скончыцца чытанне, паставіць праект на галасаванне звычайным ходам.
– У мяне няма ўлады на гэта, я не магу заклікаць дэпутатаў сейму парушыць маўчанне, – суха адказаў кароль.
Раутэнфельд прыгразіў, што ўвядзе салдат у пакой і павярнуўся да дзвярэй. Затым маршалак папрасіў прысутных прагаласаваць … Маўчанне ..
Ён паўтарыў двойчы … і у адказ толькі цішыня. [10]
– Ну што ж, усклікнуў Бяліньскі – дэпутаты прымаюць пастанову аднагалосна.
Усе вочы павярнуліся да Бяліьскага, які не мог падняць вачэй і, як падкошаны, упаў у крэсла.
На тым пасяджэнне і было скончана. Ціхая вераснёўская ноч, чорная, зорная, была маўклівым сведкам яе … У цішыні ўсе яны пачалі разыходзіцца…. Анквіч палез у кішэню па насоўку…. і выцягнуў з яе пятлю. Ён зірнуў на яе. Рачынскі стаяў побач.
– Мы маглі б падзяліцца гэтым! – сказаў ён з усмешкай …
– У вас няма ні найменшай неабходнасці рабіць гэта, – холадна адказаў ён. Вы знойдзеце нешта падобнае ў сваім фраку.
Анквіч звярнуўся да Бяліньскага, які не змог падняцца з крэсла. Моўчкі ён паказаў яму знак грамадскай думкі.
У адказ Бяліньскі дастаў другі, і яны абодва перасмыкнулі плячыма.
– Трэба прызнаць, – сказаў міністр, гледзячы пры святле свечак на мудрагеліста звязаны шнурок , – што сапраўдны мастак зрабіў гэтыя памятныя знакі за паслугі, якія мы сёння аказалі. Радзіма ўмее быць удзячнай.[11] І, схаваўшы шнурок , выйшаў з пакоя ўслед за іншымі.
На сейме было строга забаронена заходзіць у галерэю для суддзяў, якую цяпер займалі расійскія афіцэры, але ў дні пасяджэнняў туды зазіралі і пабочныя асобы. Якраз апошняя сесія гэтым асабліва вызначылася.
Пані шамбялянава, якая палітыкай не цікавілася, якраз і захацела пабываць там, дзе нікому старонняму быць не дазвалялася. Якраз у гэты дзень раніцай палкоўнік Касталінскі прыйшоў на шакалад і расказаў ёй пра загад, і тут боская Мілюся пачала прасіць яго прывесці яе ў гэтую залу.
Ветлівы прыхільнік пані спачатку перавёў усё ў смех, але, калі пані, якая прызвычаілася да таго, што ўсе схільныя дагаджаць ёй, стаяла на сваім. Яна клялася, што ніколі ў жыцці не захоча бачыць Касталінскага, калі ён не зробіць гэта для яе .
Яна хацела, каб яе і яе мужа схавалі дзеля прыстойнасці дзе-небудзь у цёмным кутку, вельмі настойвала, і і, нягледзячы на надзвычайныя цяжкасці задаволіць гэты капрыз, Касталінскі паабяцаў. Але шамбялян, які “надзвычай усіх баяўся”, смела заявіў, як ніколі раней, што не пойдзе ў залу нізавошта. Ён рэдка адкрываў рот, але тут рашуча адказаў:
– І не прасіце! Не пайду – і ўсё тут! – і рашуча махнуў рукой.
Пані вырашыла запрасіць у кампанію Юстыну, яна ахвотна згадзілася схадзіць з ёй на пасяджэнне. Касталінскі папярэдзіў, што ў часе пасяджэння ён не можа выйсці, і таму ім давядзецца доўга чакаць.
– Хоць да раніцы! – адрэзала Мілюся.
Перад пачаткам сустрэчы Касталінскі патаемна прывёў дзвюх дам, апранутых у чорны колер і завуаляваных, у цёмны кут, з якога, аднак усё ў зале было добра відаць, і можна пачуць. Былі падрыхтаваны два зэдлікі, і сцяна, якая аддзяляла галерэю ад пакоя, дазвалялася схавацца і не быць бачнымі знізу. Пані шамбялянава, якая загарэлася цікаўнасцю, пасля бурнага пачатку сесіі амаль што страціла прытомнасць, ёй аж хацелася ўцячы, яна закрыла вочы, але Касталінскі, які якраз прыбег, сказаў, што немагчыма сысці, не адкрыўшы сябе… ад страху яна не мела дакладнага ўяўлення пра значэнне гэтай сцэны, але ўбачыла тыя чатыры гарматы і запаленыя фіцілі, і ёй падалося, што гарматы неўзабаве выстраляць па дэлегатах карцеччу, і яе дарагое здароўе і жыццё могуць пацярпець.
Панна Юстына не магла чымсьці дапамагчы і супакоіць яе, яна ўпершыню была ў гэтай зале… была страшэнна ўсхвалявана, не разумела страшнага сэнсу гэтай барацьбы, гэтых галасоў роспачы і яшчэ больш страшнай цішыні. Яе позірк міжволі шукаў Анквіча – спачатку з цікавасцю і страхам, потым з абурэннем і пагардай.
Яна пабялела і не магла стаяць на нагах, ёй прыйшлося сесці… Вочы ў яе застыглі, яны выказвалі боль, неверагоднае пачуццё, якое толькі і можна ўбачыць у чалавека ў той момант, калі ён страціў апошні, самы дарагі скарб – і адзіны.
Вось так, магчыма, выглядала Медэя на марскім беразе, калі яе кінулі, перш чым вар’яцтва адолела яе … У яе вачах у адно імгненне бліснула нешта дзікае, у вушах гуло, яна больш нічога не чула … яна паклала заламаныя рукі на калені … забыла пра сваю суседку, пра месца, дзе яна была, і не прачнулася ад гэтага маўклівага шаленства, пакуль усе яшчэ рухаліся і зрок яе, шукаючы Анквіча, яна знайшоў яго ў натоўпе, ў той момант, калі ён з усмешкай глядзеў на пятлю, вынятую з кішэні.
З таго моманту, як Юстына выйшла з замка, яна больш не разумела, што з ёй адбываецца, дзе яна была … Яна была сярод начной цемры на двары і села ў каляску, такая ж разбітая, непрытомная, які пані шамбялянава, , якая дрыжала, пастаянна плакала і малілася ўсім сваім заступнікам, у тым ліку і Касталінскаму…
Смяючыся, палкоўнік пацалаваў яе руку.
– Ну, слава Богу, – усклікнуў ён. – нарэшце скончылі! Цяпер можна будзе баляваць колькі заўгода… бо галоўных баламутаў вывезлі, астатніх настрашылі.
Жанчыны паехалі дадому.
Пані шамбялянава не зразумела значэння сцэны, сведкай якой стала, яна непакоілася толькі пра тое, што яе паважаная асоба магла стаць ахвярай “незразумелых адлучак” (так яна гэта назвала). Дрыжучы ад страху, зайшла ў пакой. Муж спаў на канапе, але тут жа ўсхапіўся, працёр вочы, і яго выгляд расчуліў яе. З плачам пачала апавядаць, што толькі за малым яе і ўсіх дэлегатаў не расстралялі з гармат, і што толькі вялікі розум Анквіча выратаваў іх. Шамбялян спрасонку не разумеў, дзе і што адбывалася, і толькі ўсклікнуў:
– Ну вось бачыш! Але супакойся, душа мая, супакойся, дзетка!
У панны Юстыны выявіліся спазмы, яна не магла нічога зрабіць, адно толькі, пасля вяртання зачынілася ў сваім пакоі. Ніхто не мог ні даклікацца да яе, ні дастукацца. Але шамбялян сам распрануў пані, падлячыў лекамі, якія ў яго заўжды былі пад рукой і паволі супакоіў ахвяру непатрэбнай цікаўнасці. Ён бы трыумфаваў, калі б падобная на яго істота мела мужнасць паказаць, што думае гэтак жа як ён.
– Ну, вось вам і Касталінскі! – сказаў ён. Вось вам і сейм і Анквіч!
Раніцай усе заснулі, за выключэннем панны Юстыны, у яе пакоі гарэла свечка, і былі чутныя крокі , яна як быццам кідалася па пакоі, а часам стагнала і плакала…
Калі ўсе прачнуліся Юстына папрасіла сказаць, што яна хворая і што выйдзе пазней.
Пані шамбялянава прабурчала:
– Надта ж яна забрала сабе ў галаву тую хваробу!
Але і сама яна адчула сябе нездаровай, і ўсё ж выйшла ў залу, бо ёй было сумна заставацца сам насам з шамбялянам.
Касталінскі прыйшоў і, як заўсёды, быў у выдатным настроі і неяк здолеў развесяліць гаспадыню навінамі пра баль, які павінен быў даць Пуласкі.
Панна Юстына на абед не прыйшла… Шамбялянава толькі паціснула плячыма.
Брат, які рэдка прыязджаў у гэты дом, з’явіўся пасля доўгай адсутнасці і кінуўся да сястры….
Калі яна адчыніла брату дзверы і зірнула яму ў твар, ён быў уражаны яе бледнасцю.
– Я паклікала цябе, каб ты прыйшоў, – сказала яна. – Мне трэба было ўбачыцца з табой… Мне дрэнна … мне вельмі дрэнна.
– Быў доктар?
– Мне нічога не трэба, – адказала Юстына, – мая хвароба ні для лекаў, ні для лячэння.
– Што з табой? – спытаў паручнік. – Ты ўся як у ліхаманцы. Можа ў цябе і сапраўды тэмпература? Ты прастудзілася?
Яна адмоўна пакруціла галавой.
– Учора я была на сесіі сейму. З яе і вярнулася з невылечнай хваробай у грудзях. Я – забітая.
Яна апусціла галаву і заплакала.
– Я ведаю пра ўсё, – прамовіў паручнік, – Так, гэтае пасяджэнне запомніцца нечуваным прымусам, на прадстаўнікоў народу, караля… Нас проста тапталі нагамі.
Юстына сядзела ў крэсле, падпёршы галаву рукай.
– Ты пра гэта чуў, – загаварыла яна, – а я бачыла, і гэта відовішча ніколі не сплыве з аёй памяці! Мяне ўразіў не прымус. Я бачыла яго не раз сярод людзей. . Нічога дзіўнага ў тым, што дужы цісне на слабага. Так робяць і жывёлы, і гэта быў паварот да становішча быдла. А што, не? Але каб ты толькі бачыў тых, хто ў тыя ўрачыстыя хвіліны набраўся адвагі і моцы, каб холадна, здзекліва пасмяяцца над сумленнем народу… хто выстаўляў сябе патрыётамі, каб задушыць патрыятызм!
Яна прыкрыла рукой вочы. – О, браце мой, уяві сабе на маім месцы маці, сястру, жонку аднаго з тых людзей без сораму і сумлення… і ты зразумееш, у чым прычына маёй хваробы, бо я ж там як бы прадстаўляла іх матак, сясцёр і жонак… пакрытых сорамам.
– На шчасце ніводзін з тых людзей да нас не адносіцца, – сказаў паручнік.
Юстына бяздумна глядзела ў падлогу і нічога не сказала. Дзікі і апантаны позірк, яе фігура, растрапаныя валасы … Паручнік быў уражаны. Дзіўная страсць, якую ён ніколі ў ёй не бачыў, спалохала яго …
– Я хацела пагаварыць з табой, – сказала яна, нібы прачынаючыся ад гэтага здранцвення, – мне трэба было спытаць у цябе… што мне рабіць … я думаю, што мы… што я… мы можам хутка з’ехаць, каб не быць тут …. Я не ведаю, мабыць, трэба папрасіць шамбяляна адпусціць мяне. Не магу больш застацца, я паміраю… адчуваю сябе спакутаванай. Я мушу ўцякаць … Хачу развітацца з табой. Я не ведаю, што буду рабіць з сабой, але гэта жыццё стала невыносным. А ты?…
– Пасля ўчорашняга пасяджэння, – сказаў паручнік, – я больш не бачу неабходнасці сядзець тут. Сейм скончаны …. Засталося толькі тое, што мае меншае значэнне – галасаванне новай канстытуцыі, якую Сіверс склаў… Канстытуцыю, якая не будзе жыць … і якая нікога сапраўды не цікавіць. У мяне тут былі справы, Але яны скончаны.
– А ты мог бы на некалькі дзён… усяго некалькі дзён… застацца тут? – устрывожана спытала Юстына. – Я вельмі прашу цябе… на некалькі дзён.
– Дзеля чаго? – спытаў здзіўлены паручнік.
– Таму што – таму што я прашу цябе ….
– Ты таямнічая сёння!
, Юстына задумалася, яна здавалася, не хацела чуць, што адказаў яе брат. Спрабуючы супакоіцца, яна паправіла валасы, выцерла вочы і ўсміхнулася… пяшчотна абняла брата.
– Ах! мілы мой! – сказала яна. – Мы не бачыліся столькі гадоў … калі мы развітаемся зараз … Бог ведае, ці ўбачымся мы зноў ў гэтым свеце … Ты…
– Я? -– весела перапыніў паручнік , – Я толькі думваю, што мне трэба знайсці магчымасць змагацца! Я буду змагацца з лютасцю, магу паручыцца за гэта!. Табе і мне няма чаго губляць … мы не прыносім вялікіх ахвяр нашай радзіме, аддаем сябе ёй у ахвяру … У нас няма нікога, нам ніхто не патрэбны. Ты адна ў мяне засталася… Але я…
– Ах! мой дарагі, напэўна, усё наадварот – ты салдат, а я – што, я ўсяго толькі безыменнае зернятка пяску на марскім беразе… нічога больш …
– Я хачу вывесці цябе з гэтага дома, – сказаў паручнік.
Юстына горка ўсміхнулася.
– Ах! Я вырвуся адсюль, знайду прыстанішча… бо ў мяне такое невыноснае становішча. У мяне ёсць …
Яна пачала задуменна хадзіць па пакоі.
– Урэшце рэшт, – прамовіла яна дрыготкім голасам, працягваючы руку брату, – ты даруеш мне … праўда?
– – Што я магу табе дараваць?…
Дзяўчына пачырванела …
– Хто з нас без віны, – прашаптала яна. – Ты для мян адзін ва ўсім свеце … ты … пра мяне не забудзешся. Ты – будзеш абараняць Юстыну …
Гэтая гаворка паручніку была незразумелая, ён занепакоіўся.
– Растлумач мне больш выразна, – сказаў ён, – ты такая загадкавая …
– Ах! Гэта будзе растлумачана табе пазней, – дадала Юстына. А пакуль няма чаго! Не скажу …
– Ты заўтра яшчэ не едзеш? – спытала яна.
– Ты ж прасіла мяне затрымацца!
– Праўда .. на дзень … два, не болей. За гэты час нешта будзе зроблена … таму што я … не хачу заставацца ў гэтым доме.
Яны пачалі ўспамінаць дзяцінства, загаварылі пра сваю маці … пра першыя гады юнацтва, пра дзяцінны дом і, мабыць, адышлі ад сумнага цяперашняга часу ў час сумны, але ўжо асвечаны даўнейшай смерцю. Яны абодва забыліся пра час … доўга сядзелі і гутарылі …
Юстына, здавалася, супакоілася. Нарэшце паручнік мусіў сысці і пачаў развітвацца. Яяна спыніла яго, горача, абняла і заплакала.
– Мы яшчэ ўбачымся ! – усклікнуў паручнік і выйшаў з пакоя. Юстына зноў зачынілася, паглядзела на гадзіннік і пачала апранацца. Ліхаманка, якая была спынілася, зноў вярталася … Яна механічна, не задумваючыся, апранулася ў чорную сукенку, расчасала валасы … пайшла глядзець у люстэрка, паглядзела на свой бледны твар сумным поглядам …
Набліжалася вячэрняя гадзіна… Юстына паспяшалася ў гасціную… Пані шамбялянава акінула яе амаль насмешлівым позіркам, прашаптаўшы нешта на вуха палкоўніку, які сядзеў побач з ёй, і змерыў яе цікаўным позіркам. Юстына не звяртала ўвагі на гэтыя позіркі, насмешлівы выраз голасу гаспадыні … Шамбялян здалёк у крэсле, з дуляй у кішэні і зайздросцю ў сэрцы, злосна зірнуў на панну, якую ён неўзлюбіў, бо яна не адказала яму ўзаемнасцю.
Юстына не глянула на іх, падыйшла да вакна і паглядзела на вуліцу. Пачынала змяркацца. Раптам яна адвярнулася ад вакна, у гэтую хвіліну ў прыхожую ўвайшоў Анквіч, напяваючы вясёлую песеньку.
– Ну што? Хіба я табе не казала? – шапнула пані шамбялянава палкоўніку.
Міністр па чарзе прывітаўся з усімі, наблізіўся да панны Юстыны, якая зыркнула на яго, потым змерыла яго халодным позіркам, у якім былі гнеў і агіда.
Анквіч са звычайнай сваёй абыходлівасцю і ветлівасцю загаварыў з пані шамбялянавай, адказаў на пытанне палкоўніка, усміхнуўся шамбяляну і зірнуў на панну Юстыну. Пані шамбялянава была пасля ўчарашняга не ў гуморы. Яна сказала Анквічу, што была ўчора на пасяджэнні, а па твары панны Юстыны ён прачытаў, што і яна была там.
– Ну і як? Вам удалося дабыць да канца? О! тады вы, мабыць, бачылі якія мы з Рачынскім і Бяліньскім атрымалі падарункі, намёк на тое, што нам такія прышле імператрыца.
Шамбялянн зацікавіўся:
– Падарункі. Якія?
– Я захаваў на памяць, сказаў Анквіч, – гэта па-майстэрску зробленая пятля. Падобныя султан пасылае сваім візірам, калі хоча пакараць.
Ён паціснуў плячыма і засмяяўся. Панна Юстына адвярнулася да акна. Шамбялян ускінуў рукі ўгору, Касталінскі засмяяўся.
– Гэта ўсё палякі! – усклікнуў ён. – Вельмі на іх падобна!
– Вось такая падзяка за нашу працу, за пакуты! – прамовіў Анквіч. – А я ж так горача выступаў учора і пазаўчора, гаварыў пра прымус, што ні Шыдлоўскі, ні Сямнеўскі не маглі зрабіць лепш. Кімбар паціснуў мне руку.
Усе маўчалі, прыгожая Мілюся ўзняла сціснутую ў кулачок белую руку, падобную на пшонную булку.
– О! Гэта вар’яты! Гэта страшныя людзі, якія не шкадуюць ні свайго, ні чужога жыця. За малым… быць і так магло, што Раўтэнфельд мог бы выйсці і падаць сігнал страляць з гармат па зале.
Яна заплюшчыла вочы, а Касталінскі зноў пачаў смяяцца.
– Ну, гэта няпраўда! Гарматы не былі зараджаныя. Толькі фітылі дзеля постраху палілі.
– А хто іх там ведаў! – уздыхнула пані шамбялянава. А шамбялян пабляднеў, паправіў свой парык. Узрадаваўся, што не быў там учора з -за свайго слабага здароў’я.
Анквіч, скарыстаўшыся тым, што палкоўнік супакойваў гаспадароў, падыйшоў да панны Юстыны і прашаптаў ёй больш канфідэнцыйнае прывітанне.
Яна адвярнула твар ад акна …
– У вас ёсць карэта? – спытала яна.
– Яна стаіць каля дома.
– Я абавязкова павінна пагаварыць … Вы знойдзеце мяне ў карэце.
І, сказаўшы гэтыя словы, не дачакаўшыся адказу, яна прайшлася па гасцінай … як быццам нешта шукала, і выйшла …
Пані шамбялянава кінула позірк ёй услед.
– Палкоўнік, прашаптала яна Касталінскаму, – займіце чым-небудзь майго мужа, – я маю што сказаць Анквічу …
Анквіч, нягледзячы на сваю стрыманасць і здольнасць кантраляваць сябе, у той момант, калі Юстына прашаптала яму на вуха некалькі дзіўных слоў, яўна разгубіўся, аслупянеў …
Нейкі час ён стаяў як утрапёны, задумаўся, і тут пані шамбялянава неяк асцярожна, няўпэўнена (што ёй было не ўласціва) падыйшла да яго, узяла пад руку і праводзіла да сябе ў пакой. Гэта вельмі не спадабалася мужу: ён недаўменна праводзіў яе вачыма. Касталінскі ўзяў яго за брыж фрака і засмяяўся: – А ты, стары, раўнівы…
Калі ўвайшлі ў пакой, пані Мілюся з сур’ёзным тварам павярнулася да Анкквіча, які нарэшце зноў стаў ураўнаважаны і спакойны.
– Вы кампраметуеце мой дом, прабачце, – пачала яна з гневам у голасе, – Мне да гэтай малпы справы няма, хай сабе гіне, калі хоча. Я вам не перашкаджала. Хаця ўсё бачу… усё бачу…. Але нарэшче страціла цярпенне…
– Чаму? Ад чаго? – насмешліва спытаў Анквіч. – Ці не мне варта сказаць Касталінскаму, каб ён перастаў наведваць ваш дом і не падыходзіць да вас?
Мілюся была ў шоку …
– Ён сябар майго мужа, – усклікнула яна, – яны любяць адзін аднаго, як браты, нікому да іх няма справы … А вось вы, пане, , у маім доме, вы баламуціце панну … людзі ўжо заўважылі. …
– А што яны могуць сказаць благога? – спытаў Анквіч: – Я не жанаты на дадзены момант, яна вольная, хто тут дыскрэдытаваны?
– Няўжо васпан хоча ўзяць у жонкі гэтую нічым не адметную простую дзяўчыну, якая не атрымала належнага выхавання?
Яна засмяялася.
– Я ніколі ў гэта не паверу! Тады навошта ўсё гэта?
Рукі Анквіча былі схаваны пад фракам, ён, здавалася, думаў пра іншае, яму было ўсё роўна, што казала пані.
– І што рабіць? – холадна спытаў ён …
– Як што ? Альбо ажаніцца, альбо … не даводзіць да скандалу….
Міністр зірнуў на яе, з нейкай дзіўнай іроніяй, хаця ён і не сказаў ні слова, але і гаспадыня адчула сябе пакрыўджанай. Ён паціснуў плячыма і пазяхнуў, потым паглядзеў на гадзіннік, пакланіўся і пайшоў да гасцінай.
Ёй стала шкада яго.
– Але пачакайце, – усклікнула яна, – не злуйцеся, я не патрабую незвычайных рэчаў … Мне шкада толькі, што ўвесь свет пра гэта гаворыць.
– Добра, добра, – сказаў Анквіч. – Спакойнай ночы, пані.
Гэтая халодная рэакцыя не спадабалася боскай Мілюсі, якая паспяшалася яго супыніць, але міністр ужо ўзяў капялюш, развітаўся з паклонам і выйшаў.
– Ну вось, я, здаецца, зрабіла глупства… – прашаптала сама сабе пані шамбялянава і вярнулася на сваё месца на канапе. Муж уздыхнуў з палёгкай.
Карэта міністра стаяла побач з домам. . Хоць панна Юстына абвясціла, што будзе чакаць яе ў ёй, Анквіч не паверыў … Вечар быў светлым, сонечным, нават цёплым, верасень, яснае неба … Месяц узыходзіў над лесам. Цемра ляжала на вуліцы ў шэрай смузе … Закрытыя занавескі не давалі ўбачыць нічога ў глыбіні. Анквіч адчыніў дзверцу. Юстына, апранутая ў чорнае, стаіўшыся ў кутку, чакала яго. Чалавек, які перажыў так шмат, можа і не здзівіцца гэтаму, але яму было няёмка – што ён будзе з ёй рабіць?.
– Куды панна загадае ехаць? – спытаў ён.
– Мне ўсё роўна, дзе… абы дзе-небудзь далей ад людзей… у полі… трэба пагаварыць.
– Але яшто за фантазія … сярод начы!
– Фантазія! Так! Загадайце ехаць да Каложы . Месячная ноч, далёка бачна…
Анквіч нешта шапнуў фурману, сеў у карэты, грукнуў дзверцай, коні рушылі. Юстына не пасунулася , не сказала ні слова, маўчала і галавой усё паварочвалася да акна. Некалькі разоў ён хацеў узяць яе за руку, яна нецярпліва адбірала яе. Зірнула ў акно, быццам нешта выглядала там.
– Прызнаюся, – сказаў праз некаторы час Анквіч, – што гэтая рамантычная язда пры месяцы да старажытнага храма, у якім жывуць совы, – як бы гэта ні было чароўным … калі б не твой загад, была б смешнай.
Юстына маўчала, адной рукой трымалася за сценку карэты, другую прыціскала да сэрца. Анквіч зірнуў на яе, зноў загаварыў, убачыў, што яна не хоча адказваць і змоўк.
Ён зірнуў у акно … Коні хутка беглі … яны былі на беразе высокага Нёмана. Анквіч загадаў спыніцца. Недалёка над абрывам ужо можна было згледзець цёмную руіну.
Ён адчыніў дзверцы.
– Прашу!
Юстына вылезла з карэты … Анквіч загадаў фурману чакаць пры конях, падаў Юстыне руку і яны спусціліся па сцежцы да самага берага. Удалечыні можна было ўбачыць горад з вежамі касцёла і агеньчыкамі ў вокнах дамоў.
Юстына павярнулася да яго.
– Гэта наша апошняя размова, – сказала яна дрыготкім голасам, – мне патрэбна пагаварыць на азіноце, на свабодзе, у прысутнасці аднаго Бога …
Анквіч перапыніў яе.
– Але, chere Justine, што гэта значыць? для чаго такія ўрачыстыя словы? Калі хочаш дакараць мяне, то не варта. . Можа быць, упершыню ў жыцці я шчыра закаханы, я … твая душа і сэрца … Заўтра я папрашу тваёй рукі … усё скончыцца.
Юстына на імгненне маўчала … яна закрыла вочы рукой …
– Учарашні дзень! Няшчсны ўчарашні дзеь! – усклікнула яна, – ён вырашыў наш лёс! Ты разумееш, я ўведала, што сутыкнулася з агідным, да чаго нельга прывыкнуць. Як бы хто сурочыў, зачараваў, ці то Бог пакараў, не ведаю… што прымусіла мяне паверыць салодкім словам… маё сэрца не паслухалася маёй волі… я закахалася ў цябе, я пакахала, я аддала ўсю сябе табе … забыўшыся на ўсё!! Я разгубілася …
– Юстына, – перапыніў Анквіч, – я вазьму цябе за жонку… заўтра… калі захочаш.
– Паслухай мяне, пане – я палячка … мой бацька памёр ад рук расійцаў, у мяне не згасла пачуццё любові да айчыны. Кахаць цябе – падманваць сябе, спадзявацца, што змагу зрабіць вартым таго імя, якое ты носіш. Спадзявалася, што каханне зробіць цуд і выцягне цябе з гэтага бруду. Але пасля ўчарашняга пасяджэння…
Яна заламала рукі.
– Я перастала верыць! Перастала спадзявацца! Баюся цябе, як д’ябла. Я апаганеная… баюся гэтага шлюбу… нават не магу крануцца тваёй рукі.. бо я цябе баюся…. Пагарда да цябе большая за маё каханне.
Анквіч стаяў і слухаў, апусціўшы галаву.
– Панна Юстына, – холадна сказаў ён, – навошта гэтыя сцэны паміж намі? Я сказаў, прысягнуў, што кахаю цябе і зноў кажу … Я вазьму цябе за жонку. Гэта ўсё, што я магу зрабіць, каб вярнуць табе спакой; але – дазволь мне сказаць – я не магу змяніць сваю прыроду. Ты мяне няправільна асудзіла , думаючы, што ты можаць змяніць такога старога грэшніка, як я … Панна! акрамя гэтых цёмных вачэй, я ні ў што не веру!! Акрамя шчасця, якое я піў з тваіх вуснаў, я нічога не хацеў… Я іншы, халодны скептык, якім аднолькава пагарджаюць і мае дарагія землякі, і гэтыя нягоднікі маскалі … увесь Божы свет! Я не магу быць іншым і не магу паабяцаць, што змагу . гуляць у патрыятызм як учора, я далей не змагу, альбо здзеквацца з яго, як я здзекаваўся … усё гэта дзіцячыя цацкі … і адзін твой пацалунак …
Ён хацеў наблізіцца.
– Юстына адхіліла яго.
– Дастаткова, – сказала яна. Учора я вымерала ўсю глыбіню тваёй душы і мне зноў страшна. Тое, што я дажыла да гэтага моманту, гэта цуд … Я хачу быць тваёй … і – я не магу …
– Дарагая Юстына, – пачаў Анквіч, злітуйся… да чаго гэта вядзе? Падумай.
– Пакінь мне, -– сказала яна, азіраючыся, – мой лёс цяпер толькі мой … разбураны апошні сон … Жыві! А я не – я не магу жыць з табой! але чаму ты паказаў мне зманлівую будучыню, каб забраць яе ў мяне?
– Ты не можаш мяне папракнуць у тым, што я перад табой прытвараўся, – перапыніў яе Анквіч. Я хацеў дагадзіць, – але я не хлусіў … Ты ведала, што я служыў за грошы тым, кім я пагарджаю, быў супраць тых, хто да мяне быў больш, чым абыякавы … цяпер гэта трупы… іх ніхто не можа выратаваць! Я шкадую тваю хворую душу …
– Гэтая хвароба, якую можна нажыць толькі адзін раз, і ніколі не пазбавіцца ад яе …Можна вылечыць усё, але такога скептыцызму… і пагарды да ўсяго свету – не вытравіць з сябе … І я гэтага не змагу зрабіць! – горка дадала Юстына. – Для чаго я павінна быць выключэннем? Я, дзіця, слабая, летуценная, нібы матылёк , які спакушаны святлом, ляціць, каб згарэць у полымі …
– Гэта вельмі паэтычна, – сказаў Анквіч, – але дазволь мне, выслухаўшы маё горкае прызнанне, суцешыць сябе надзеяй, што заўтра ты будзеш да мяне дабрэйшая, што ты захочаш прыняць мяне такім, які я ёсць … злітуйся.
– Для мяне заўтра няма … – адказала ЮстынаЯна зрабіла некалькі крокаў назад, крыху пакланілася і хацела сысці.Анквіч пабег за ёй.
- – Куды ты? Хочаш пайсці адна? – устрывожана ўсклікнуў ён
Юстына задумалася.
– Так, гэта будзе лепей. – адказала яна. – Давязі мяне да горада, я выйду і далей пайду сама.
Яна замаўчала. Анквіч дарэмна спрабаваў разгаварыць яе, супакоіць. Але Юстына, уся ў сваіх думках, не адказвала.
Некалькі разоў Юстына спынялася на сцежцы … яна глядзела на Нёман. Здавалася, яна разглядае мясцовасць. Анкевіч быў неспакойны, але ён суцяшаў сябе тым, што гэтая фантазія, гэты адчай, пройдуць і яна і супакоіцца.
Яны падыйшлі да карэты, і Юстына зноў села ў самы кут. Моўчкі пазірала ў акно, нічога не казала … Час ад часу месяц асвятляў яе твар, Анквіч заўважыў, што па ім цяклі два патокі слёз. Вусны былі сутаргава сціснуты. Каля першых дамоў Юстына раптам запатрабавала сысці. Аднак Анквіч гэтага не дазволіў, і толькі каля дома ён загадаў спыніць карэту. У момант, калі пара было вылазіць, Юстына павярнулася да яго, кінулася яму на шыю, заплакала… як быццам паддаючыся пачуццю больш жорсткаму, чым яе сілы.
– Бывай здаровы,! – ўслікнула яна, ціха ўсхліпваючы, – бывай здаровы… мы больш не ўбачымся. Я заклінаю цябе … дзеля маёй памяці, павер зноў у дабрыню, разбудзі сваё сэрца! Будзь іншым..
Яна сказала апошнія словы праз слёзы, адарвалася ад яго і, выскачыўшы з карэты, хутка пабегла па вуліцы..
Анквіч накіраваўся ў Гародню . Самы халодны з людзей, але і гарачы … ён адчуваў сябе дзіўна ўзрушаным.
“Дзіця … з узбаламучанай галавой !” – падумаў ён. – “Дарэмна спрабаваць пераканаць яе! О, гэтыя жаночыя галовы!”
Супакоіўшы сябе такімі думкамі і, нягледзячы на вялікія намаганні цалкам супакоіцца, ён не змог вярнуць сабе звычайны стан душы.
Яшчэ да таго, як панна Юстына вярнулася дадому, пані шамбялянава некалькі разоў пасылала служанку па яе, была шакаваная яе знікненнем. Як толькі Юстына вярнулася, пані сама яна пайшла да яе з папрокамі… і застала Юстыну засмучанай і заплаканай.
– Ты злоўжываеш маім цярпеннем, – пачала яна, – гэта ўжо зашмат!
– Мне вельмі шкада, пані! – перапыніла Юстына, – я ведаю, што я была вінаватай, але прашу дараваць мне, бо заўтра я пакідаю ваш дом. Я хацела б выказаць самую шчырую падзяку за клопат пра сірату.
– Што гэта за фантазія зноў? Думаеш, я папрашу цябе, каб ты гэтага не рабіла?
– Не, пані-дабрадзейка, я кажу гэта без іншай думкі, – толькі кажу, што я вымушана … пакінуць дом.
Сказаўшы гэта, яна дрыжачай рукой паклала перад сабой кучу ключоў.
– Вы дазволіце мне пераначаваць …
Мілуся стаяла ашаломленая, але раптам раззлавалася.
– Дык ты парашыла за лепшае стаць палюбоўніцай Анквіча? – прашыпела пані.
Юстына пачырванела.
– Пан Анквіч прасіў сёння маёй рукі, але я магу вас запэўніць, што ні ягонай жонкай, ні цяжарам для вас я не буду. . .
Гэты незразумелы адказ моцна закрануў Мілюсю. Юстына адступіла назад, выразна паказаўшы, што яна больш не хоча гаварыць, гонар не дазволіў ёй штосьці тлумачыць пані. Шамбялянава ўзяла ключы (падумаўшы, ці не спытае іх Юстына зноў) і пайшла да сябе.
У доме не было нікога, акрамя шамбяляна, які, як заўсёды, павінен быў прыслухоўвацца да крыўд, скаргаў, нараканняў боскай Мілюсі і звычайна цалкам згаджаўся з ёй. Яна хацела паскардзіцца на няўдзячнасць гэтай істоты, якая адважылася кінуць дом, які даў ёй прытулак.
– Яна заўтра пераменіць свае думкі, і на каленях папросіць дазволіць застацца, – але не дачакаецца … хай ідзе з Богам … няхай шукае лепшы, прыемнейшы дом. O! Гэта справа Анквіча.
Яшчэ доўга не магла супакоіцца прыгожая Мілюся, нарэшце ўсё ж змагла заснуць.
Назаўтра ўсе дужа доўга спалі. Калі служанка Магдуся адхінула фіранку і зайшла да пані шамбялянавай, першае яе пытанне было:
– А дзе панна Юстына?
– Можа яшчэ спіць, можа што робіць, але пакуль не выходзіла. Учора ў яе пакоі доўга святло гарэла…
– Пайдзі паглядзі, даведайся, што з ёй.
Магдуся збегала, вярнулася і сказала, што дзверы пакоя панны замкнуты знутры.
– Схадзі яшчэ раз і спытайся сама, ці не хоча яна выпіць кавы? Калі зойдзеш, пагладзі, ці яна апранутая, ці пакуе рэчы.
Служанка зноў схадзіла, але і яна, і яшчэ адна служанка разам клікалі панну, грукалі ў дзверы, але без толку. Ніхто не адклікаўся. І адкрыць не было як.. Служанкі падумалі, ці не ўчадзела панна часам.
Пані шамбялянава, уведаўшы пра тое, напалохалася, накінула на плечы шлафрок, выбегла ў калідор. Там ужо стаялі слугі, спрабавалі зазірнуць у замочную адтуліну. Зноў грукалі ў дзверы. Паслалі па каваля. Усе ўжо зразумелі, што здарылася няшчасце. Пані шамбялянава з яе слабымі нервамі не магла глядзець на страшнае, таму схавалася ў пакоі, усклала ўсё на слуг.
Якраз у гэты час прыйшоў паручнік, даведаўся, што Юстыну не могуць дабудзіцца, пачаў разам са слугамі выбіваць дзверы. Яму дапамагалі два плячыстыя лёкаі. Дзверы зляцелі з завесаў і ўпалі. У пакоі, завешаным фіранкамі, было цемнавата, іх адгарнулі і застылі ў утрапенні.
У чорнай сукенцы, з тварам, закрытым чорным крэпам, з крыжам у руках, спакойная, нібы ў сне, Юстына ляжала на ложку… мёртвая. На століку пры ложку ляжаў кавалак паперы з рэшткамі парашку, стаяла шклянка, з якой яна выпіла атруту…
На другім стале ляжалітры пісьмы – да брата, Анквіча і пані шамбялянавай – ляжалі так, каб іх можна было адразу заўважыць. Слугі тут жа разбегліся, разнеслі жалобную вестку па дому, а неўзабаве ўжо пра яе ведала і ўся вуліца.
Шамбялянава страціла прытомнасць, яна нават не магла паверыць, дрыжала ад жаху і страху. Яна не разумела прычын самагубства, у яе кружылася галава, яна плакала. Паручнік сядзеў ля ложка сястры, заставаўся нерухомым, але ён не мог не прачытаць ліст, схаваў ліст да Анквіча, яму было дастаткова паглядзець на адрас, каб прачытаць гісторыю яго сястры.
На імгненне ён забыўся, што яго адправілі з сакрэтнай місіяй, што можа выдаць сябе, што ён на падазрэнні і яму лёгка было б трапіць у рукі тых, хто шукаў яго, – ён хацеў помсты.
Абодва гаспадары запатрабавалі як мага хутчэй вынесці труп з дома, бо яны не маглі спаць пад адным дахам і доўга прабыць з нябожчыцай. . Шамбялян моўчкі шаптаў, што трэба ехаць у Вяржэйкі , але пасля такога ўзрушэння Мілуся хацела забавы і не магла адмовіцца ад балю ў Пуласкага, для чаго была ўжо заказана новая сукенка ў салоне Лекс.
Слугі разбегліся на ўсе бакі, каб хутчэй загадаць зрабіць труну і вывезці цела. Паручнік таксама клапаціўся пра гэта …
Пасля паўдня Анквіч спаткаў у горадзе Касталінскага і ад яго даведаўся аб раптоўнай смерці панны Юстыны, пабег, як апантаны, да дому, дзе яна ляжала, стаў, як скамянелы, каля парога… Тут яго сустрэў брат
– Ні кроку далей, – прамовіў ён, – ты прычына яе нашчасця і пагібелі. І за гэта ты мне, яе брату, яшчэ адкажаш! Прэч адсюль!
Анквіч нахмурыўся і пагардліва паглядзеў на хлопца.
– Пане, усклікнуў ён, – я маю права быць тут не менш за вас … Я быў яе жаніхом … Я прапанаваў ёй руку …
Паручнік моўчкі дастаў пісьмо і падаў яму …
– Пачытайце, васпан, – сказаў Анквіч, – я ўпэўнены, што ліст пацвердзіць тое, пра што я кажу. Я не вінаваты ў яе смерці … Гэта напаўняе мяне яшчэ большым болем, чым васпана…
Яго словы, прамоўленыя спакойным тонам, раззброілі паручніка, ён аддаў пісьмо і моўчкі выйшаў….
Увечары труну паклалі на просты воз … натоўп людзей стаяў каля дома. Брат адзін ішоў за ёй. Духавенства адмовілася прысутнічаць на пахаванні і месцы каля могілак … За агароджай была выкапана яма … Купка людзей моўчкі пайшла праводзіць панну ў апошні прытулак …
Шамбялянава начавала ў апусцелым доме Барысевіча. Яна ніяк не магла супакоіцца. Назаўтра яе, хворую і знерваваную, знайшоў там яе верны прыяцель Касталінскі.
Многа гаварылі пра незразумелыя прычыны самагубства. Анквіч насіў жалобу, абвясціў, што збіраўся ўзяць шлюб з Юстынай. Так і засталося невядомым, што ж давяло яе да трагічнай канчыны.
– Але што цікава, – успамінаў потым палкоўнік, – гэтае пахаванне дало нам у рукі нечаканую здабычу. Мы злавілі птушку! Брат нябожцы аказаўся эмісарам ад бунтаўшчыкоў з Лейпцыга. Яго даўно шукалі. І толькі ўчора злавілі. Калі яго арыштоўвалі, ён схапіў нейкую паперчыну, засунуў у рот, і, як мы не стараліся выдзерці яе з горла – праглынуў! Паедзе ў Сібір… гэта непазбежна… ён тут шпіёніў, хадзіў, вынюхваў… і ніхто нічога не здагадваўся… Толькі “славуты сышчык” Баскамп высачыў яго… і вось цяпер ён за кратамі.
Пані шамбялянава даведалася, што трымала пад сваім дахам такога небяспечнага чалавека, і зноў разнервавалася. Успамінала, што прадчувала ў ім нешта падазронае, што ў ім было нешта таямнічае… зло нейкае сядзела… Шамбялян казаў тое самае.
Шыкоўны баль у Пуласкага з ілюмінацыяй і фейерверкамі змог разагнаць астатнюю меланхолію пасля гэтай трагедыі ў прыгожай Мілюсі, вярнуць ёй вясёлы гумар. На балі не было ні Анквіча, ні іншых заўсёднікаў дому шамбяляна. Анквіч быў маўклівы і задуменны, не падыходзіў да жанчын, хаця раней іх было ў яго многа. Прыгожая графіня Люлі, прыходзіла яго праведаць, змагла разгаварыць… іншыя пані здалёку паглядалі на гэтага героя, для якога ўсё было абыякавым, апроч гульні ў карты, ён сядзеў за імі з вечара да світання, дзень пры дні.
Гісторыя наступнага, 1794 года, захавала апошнюю сцэну гэтай драмы. Анквіч у маі стаў ахвярай разюшанага натоўпу, да апошняй хвіліны мужна трымаўся перад канцом жыцця… якое не змог павярнуць на дабро.
………………………………………………………………………………..
Резюме
Михась Кенька: перевод повести Ю.И.Крашевского “Сцены на сейме. Гародня. 1793.” (на беларусский язык)
(веб-журнал «КУЛЬТУРА. НАЦИЯ», декабрь 2020 , выпуск 26, с.111-177, http://www.sakavik.net)
Михась Кенька представляет вторую часть перевода повести «Сцены на сейме» польского писателя Юзэфа Крашевского на беларусский язык. В романе рассказывается о последнем сейме независимого польского государства – Речи Посполитой. Этот сейм длился в Гродно с 17 июня по 23 сентября 1793 года. Первая часть перевода представлена в предыдущем 25-м номере журнала «Культура. Нация».
Abstract
Michas Kenka: Translation of “Scenes in the Diet. Harodnja. 1793.” by Yuseph Kraszewski (continued)
(magazine “CULTURE. NATION”, December 2020, issue 26, pp.111–177, www.sakavik.net)
Mikhas Kenka provides the translation of “Scenes in the Diet” written by Polish author Yuseph Kraszewski into Belarusian. Roman through Kraszewski tells about the last Sejm of the independent Polish state – the Commonwealth. This Diet took place in Hrodna from June 17 to September 23, 1793. The first part of translation was presented in the previous 25th issue of “Culture. Nation”magazine.
[1] “Gazeta Narodowa” – выдавалася ў Варшаве, была органам прыхільнікаў Канстытуцыі 3 мая
[2] Раутэнфельд – расійскі генерал, які камандаваў царскімі войскамі,
якія былі размешчаны ў Гродне ў 1793 г.
[3] Шырокавядомы паланэз “Развітанне з радзімай” Міхаіл Клеафас Агінскі напісаў годам пазней, пасля паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Але Крашэўскі не памыліўся: Агінскі быў аўтарам шэрагу паланэзаў, у тым ліку і напісаных раней.
[4] Мёлендорф (1724-1816) – генерал, які ўвайшоў у Польшчу з прускім войскам у 1793 годзе.
[5] Юзаф Заёнчак (1752-1826) – польскі і французскі генерал, удзельнік паўстання Тадэвуша Касцюшкі.
[6] Краснадэбскі быў дэпутатам ад Ліўскай зямлі, з мясцовасці на поўнач ад Рыгі.
[7] У апісанні апошніх пасяджэнняў сейма Юзаф Крашэўскі кіраваўся працай расійскага гісторыка Д. І. Ілавайскага (1832-1920) “Гродненский сейм 1793 года: Последний сейм Речи Посполитой.” М. 1870. Факсімільная копія гэтай працы выкладзена ў інтэрнэце.
[8] Сапраўдныя прозвішчы дэпутатаў патрыятычнай апазіцыі: Гаслаўскі
Ігнацы – дэпутат ад Сандаміра, Гадачэўскі – дэпутат ад Трокаў, Янкоў-
скі Казімір – дэпутат ад Сандаміра, Алдакоўскі – ад Падляшша.
[9] Казімір Рачынскі (1739-1824) – польскі дзяржаўны і ваенны дзеяч, надворны каронны маршалак у 1783-1793 гг.
[10] У гэты момант Анквіч прамовіў: «Маўчанне – знак згоды”.
[11] 9 мая 1794 г. падчас паўстання Тадэвуша Касцюшки былі павешаны як здраднікі нацыі і радзімы Юзэф Анквіч, Пётр Ажароўскі, Юзаф Касакоўскі,
Юзаф Забела, Перад пакараннем Анквіч даў кату залатую табакерку і папрасіў дазволу самому надзець вяроўку на шыю.
Categories: Літаратура
Пакінуць адказ