ДЗЕВЯТНАЦЦАЦЬ
(паэма)
Уладзіміру Някляеву
Сьнег.
Сьнег.
Сьнег.
Сьнег.
Па вуліцы рашуча ідзе чалавек.
За ім дзевятнаццаць.
Падае сьнег.
Сьнежань. Няўмольны прыроды бег.
…
Ды й гэты сезон ідзе наўскасяк.
На добрае сьнег – ураджаю знак,
Засыпала край, ціха сьпіць сяло,
Вуліцы ў Менску амаль замяло,
І толькі у цэнтры застаўся пятак,
Вядзе за сабой ваяроў мастак.
…
Праходжыя рэдкія – нос у каўнер,
Маглі б далучыцца – баяцца галер.
Скавалі ў іх волю, атрутай зьвялі,
Рабамі бязмоўнымі ёсьць на зямлі.
Збірацца больш трох не маюць дазвол,
Зяваць на натоўп іх галоўная роль.
Бо чарку і шкварку ўсё маюць яшчэ,
Гадзіннік і той па старому цячэ.
…
І ворагі край акружылі наўкол
(па праўдзе дык гэта рабіў і мангол):
“Спрабуюць дастаткам сваім аглушыць,
На зло ім мадэль адбудуем ў цішы.”
…
Бы здольнасць да думак скавала зіма,
Калі глянуць звонку – на выгляд турма.
Сьнег сыпле і сыпле, а тут і мароз,
Так цісьне, што вочы макрэюць ад сьлёз,
Заціснута воля пружынай ў кулак.
Калі адамкнецца і зьнікне Гулаг?
…
Імкне без аглядкі мастак-чалавек,
Сьпіной адчувае ног хуткіх бег,
Дыханьнем гарачым зараджаны ён,
Нясе цяжкі крыж – радзімы праклён.
З апошніх сваіх папрасіла сіл,
Успомніць чаму ў краі столькі магіл,
Чаму шмат згубілі мы слаўных сыноў,
Чаму не ўслаўляем сваіх змагароў,
Жыццё што аддалі, каб жыў любы край,
Свабодны і вольны.
Дай, Божа, дай!
…
Яшчэ пакаленне адно нарасло,
Ды зноў да яго падкрадаецца зло.
Як ліха якое, ну што за прастора,
Няма ў ёй на небе шчасьлівых зораў!
…
Пануе вякамі у краі прымус,
Няўжо ж спадабаў гэта брат-беларус?
…
Але як раней пасьля цяжкіх параз
Ёсьць сілы паўстаць, не ў апошні раз,
Дарога цяжкая, вялікі наш край,
Ды сілы растуць, не да твару адчай.
Растуць па ўсім краі, у Гомлі і Крэве,
З мінулага цягнучы сокі у дрэве,
Яе спазнаюць,
бо Айчына адна,
Як Богу не справа –
не даруе яна.
…
Не толькі мастак той прачуў праклён,
Такіх дзевятнаццаць амаль як ён.
Бы іх укусіла шалёна пчала,
Ад сну прабудзіла, на сход павяла.
І дзесь сярод сьнега,
над іх галавой,
Сьцяг белы з чырвоным
нёс Бог над зямлёй.
…
Яблонскай знаёмы на ходніках твар,
Пытае паглядам “Хто тут уладар?”
Здаецца даўно спрэчкі скончылі з ёй:
“Былі мы калісьці з’яднанай сям’ёй;
Крыжакаў пабілі літовец з палякам,
Адкуль Беларусь узялася, пся крэў?”
На ўсходзе-заходзе няма даўно крэсаў,
Тутэйшы жыве ля Дняпра, ля Арэсы,
Падзьвіньне, Палесьсе, ўсё намі занята
Між Вільняй, Смаленскам стаяць нашы хаты.
Ўсяго ўдоваль маем, але не свабоды.
…
Ідуць дзевятнаццаць на раду з народам.
Ніхто не паможа, зрабіць мусім самі;
Яблонская толькі ўзмахнула рукамі.
…
Лёс вырашыць маюць на гэтай сустрэчы,
Адказ сёньня дасць народнае веча.
Пара збудаваць прыйшла новую вежу
І цьвёрда расставіць па ўсіх канцах межы.
Там людзі чакаюць, плюс іх дзевятнаццаць,
Не ў праве на сход народны спазьняцца.
Бывай ясна пані, чакае Айчына,
Найдаражэйшая ў сьвеце жанчына.
***
Сталёвая воля сабрана ў кулак,
Калі так прапісана –
здарыцца так.
Нішто ім завея, нішто перашкоды,
Зьмяніць сітуацыю маюць нагоду.
То не рэвалюцыя –
іхняя праўда,
Павінна быць тое, што мусіць быць заўтра.
…
Рашуча наперад, такі момант важны,
Імкнуць ваяры праз завею адважна.
Чакаюць іх там, без іх немагчыма,
Іх, дзевятнаццаць сапраўдных мужчынаў.
…
Завея у краі, а тут яшчэ цемра,
Лягла на пятак ля самага цэнтра.
Агонь ў фанарах раптам зьнік уначы –
Яно б памагло ім перамагчы.
…
Здалося шмыгнуў за вуглом цёмны дз’ябал,
Прывычная ў нашых мясьцінах аб’ява.
То справа яго, ён заўжды цемры рады,
Ужо падае хітрым знакам загады.
Адкуль жа ён зьведаў, што тут ісьці будуць,
Няўжо ж зноў прыгрэўся ў радах іхніх юда?
…
Відаць, што і сёньня зноў Бог адвярнуўся,
Яшчэ цяжка верыць, што момант хіснуўся.
…
І бліснула ўраз прад вачамі маланка –
Без грому.
Ў завею.
Неспадзяванка.
Шалёны звярына над вухам зароў,
На сьцяг бел-чырвоны закапала кроў.
За момант кароткі іскрыла жыцьцё,
Перш чым праваліцца пасля ў забыцьцё;
І Крэва, і маці, і крыкі натоўпа,
Ваяр-беларус з пераможнай вінтоўкай,
І помнік Свабодзе,
у цэнтры квартала,
На месцы,
дзе Леніна постаць стаяла.
…
Хто раптам спыніў дзіўных мараў палёт,
Хто дзідаю сэрца прашыў навылёт?
Па сьценах павёў бы ружовым паглядам,
Смак горкі на вуснах бы змазаных ядам,
Адчуў падсьвядома – казёная хата,
Сьпярша падалося, што трапіў ў палату,
Ды людзі ў прысыпаных сьнегам халатах
І надта ўжо зімна, як ў тых казематах.
…
Галодны на Волю не рады зіме –
Завея і цемра,
зімой бы ў турме.
…
Зладзеі раз-раз абабралі кішэні,
І мосцяцца ўжо да галоўнай мішэні –
Душу падавай ім, з ёй месціцца Воля,
Як вырвуць яе –
закапаюць у полі.
Схаваюць душу дык знікаюць і песьні,
Без іх паспрабуй штось талковае здзейсьніць.
Трымацца за Волю рукамі, зубамі,
І гонар трымаць, ганарыцца сябрамі.
Адзін апынуўся, але “Й адзін можа”,
Бо выведзе Воля ў любым раздарожжы.
…
Схаваць як далей яе, ціхенька гушкаць,
Бо Воля з турмы ня вылеціць птушкай,
І нават калі б праз сьцяну узьляцела
Народу да Волі ніякага “дзела”.
Змарожаны думкі,
ў зямлю яго вочы.
Сьцюдзёныя дні і
сьцюдзёныя ночы.
…
Відаць толькі сэрца любімай жанчыны
Праз лютыя сьцены прачуе магчыма,
Што робіцца з Воляю носьбіта мовы,
Як стогне душа яго ў муках суровых.
У сьценах турмы ці прыватнага дома
Дажыць да свабоды ёй трэба вядома.
Ня можа быць вольнаю Воля ў турме,
Канец палажыць пара доўгай зіме.
…
Радней у турме стала Воля-жанчына,
Яна ёсьць сяброўкаю вернай, адзінай.
Яе зберагчы трэба ў сьценах зімовых –
Надзею запаліць яна ў душах новых.
…
Назаўтра збірае народ сваё веча
Ён з Воляю выйдзе на гэту сустрэчу
З найдаражэйшайу сьвеце жанчынай
Дзевятнаццаты
Снежань
Айчына …
.
21 сакавіка – 29 сакавіка 2012, Аттава
.
.
Categories: Літаратура, Нацыя Беларусы, Нацыя прачынаецца
Пакінуць каментар