«Беларусь — прыгожая, чыстая, але яе душаць кірзавыя боты». Беларускі павільён у Венецыі стаў сенсацыяй

42 тысячы каласоў для інсталяцыі Уладзіміра Цэслера ў беларускім павільёне на Венецыянскім біенале ўстаўлялі ўручную. У тым ліку былыя беларускія палітвязні. А крыж з камерамі сачэння, які прыдумала Даніэла Каляда, зроблены з чыгуначных рэек, якія вялі ў Асвенцім, расказвае Дзмітры Гурневіч у фэйсбуку.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

42 тысячы каласоў для інсталяцыі Уладзіміра Цэслера ў беларускім павільёне на Венецыянскім біенале ўстаўлялі ўручную. У тым ліку былыя беларускія палітвязні. Крыж з камерамі сачэння, які прыдумала Даніэла Каляда, зроблены з чыгуначных рэек, якія вялі ў Асвенцім. Іх адмыслова для выставы пазычыў польскі бок.

Карціны Сяргея Грыневіча ствараюць вельмі вусцішную атмасферу. Хрыстос на крыжы з камерамі — гэта разрыў мозга. Позірк жаху Мадонны Грыневіча прымусіў мяне ўявіць сапраўдны жах ад болю. На абразах Божая Маці спакойная. А тут я ўпершыню ўявіў, як яна магла выглядаць у рэальнасці. Там ёсць карціна жытнёвага поля Грыневіча. Ад дэталяў вочы вылазяць з арбіт. Нездарма ў аднаго швейцарскага калекцыянера ажно 300 карцін гэтага беларускага мастака. Мікалай Халезін у адным кадры трымае тую самую аплатку без смаку, якую стварыў дацкі кухар Расмус Мунк, найлепшы шэф 2024 і 2025 гадоў.

Гісторыі беларускіх палітвязняў агучваюць сваімі галасамі Джыліян Андэрсан, Стывен Фрай (гэта мой самы любімы голас ангельскіх аўдыякніг), галасы Джоан Ламлі і Джуда Ло расказваюць пра Беларусь. У адным з фрагментаў экспазіцыі ёсць водар беларускай турмы і пакутаў, які стварылі ўкраінскія парфумеры. Ідэя шара з забароненых кніг належыць самому Халезіну. Я не адразу ўбачыў пад шарам кош экскаватара. Гэта аднясенне да выпадку, калі экскаватар нішчыў забароненыя кнігі Бахарэвіча ў Беларусі. Але тут шар з кніг нішчыць гэты кош.

Я не аматар сучаснага мастацтва з прэтэнзіяй на крытыку. І з Халезіным я знаёмы завочна, таму захапляцца ім па сяброўскай лініі няма нагоды. Але тое, што яны зрабілі з Даніэлай і Наталляй Калядой, куратаркамі павільёна, — гэта нешта шыкоўнае.

Пакуль я не пабачыў ролік Халезіна пра наш павільён, я думаў, што «прадаць» Беларусь свету варта было неяк больш аптымістычна. Праз любоў, прыгажосць. Але гэта і ёсць пра гэта, толькі з аповедам, як іх душаць керзавыя боты, паліцэйская і антыэстэтычная дзяржава. І галоўнае — яна безаблічная, нясмачная, як аплатка Мунка, і не пахне, а смярдзіць. Нашу Беларусь там ілюструе жытнёвае поле, прыгожае, чыстае, над якім вісяць нашы саламяныя павукі (мая бабуля рабіла іх у дзяцінстве, і гэта было для яе шчасце, калі яны круціліся нагрэтыя цеплынёй печкі), але тут павукі з іржавых прутоў, якія сімвалізуюць турэмныя краты. І ўсё гэта пад арганную музыку Вольгі Падгайскай. Беларусь там паказана як лабараторыя барацьбы са свабодай. Нездарма ўсё адбываецца ў святыні, доме любові і прыгажосці, дзе за кожным у павільёне сочаць і не адпускаюць. І далей ужо ідуць інтэрпрэтацыі. Над нашым полем вісіць іржавае жалеззе, але поле буяе, красуе, наліваецца красой, незалежна ад нічога.

Я не здзіўлены, што з 450 заявак ідэя беларускага павільёна трапіла ў лік трох дзесяткаў пераможцаў. Не здзіўлены, што замежная прэса рэагуе на беларускі праект так цёпла. Вельмі раю паглядзець 40‑хвілінны ролік Мікалая Халезіна. Там фантастычная экскурсія. А самому Халезіну, Наталлі і Даніэле Калядзе вялізны дзякуй за тое, як яны паказваюць Беларусь свету і як прыцягваюць да нашай тэмы крутых сусветна вядомых зорак.

P.S. Іронія лёсу. Пасля публікацыі паста напісаў чалавек з Беларусі, што не можа лайкнуць допіс, а хоча. Гэта чарговая «інсталяцыя» пра Беларусь і доказ сапраўднасці праекта ў Венецыі.



Categories: Асьвета, Зьнешнія адносіны, Культура, Нацыя Беларусы

Пакінуць каментар