Славяне ці хрысціянізаваныя балты? Генетыка дазволіла вырашыць спрэчку пра тое, хто пахаваны на старажытным некропалі ў Вільні

У самым цэнтры сучаснай сталіцы Літвы археолагі раскапалі хрысціянскія могілкі, якія існавалі яшчэ да афіцыйнага хрышчэння Літвы ў каталіцкай веры. Дзесяцігоддзямі ў навуковым асяроддзі вялася дыскусія вакол этнічнай прыналежнасці людзей, пакуль кропку ў ёй не паставіла расшыфроўка ДНК.

Р. Янайціс і І. Каплунайце даследуюць пахаванне на могільніку падчас раскопак 2010 года. Фота з публікацыі: «Rusėnų miestas Vilniuje: pagal naujausius archeologinius tyrimus» (Русінскае места ў Вільні: паводле найноўшых археалагічных даследаванняў)

На маштаб гэтай навуковай падзеі звярнуў увагу беларускі гісторык Вячаслаў Насевіч. Аналізуючы нядаўна апублікаваны на партале bioRxiv прэпрынт міжнароднага палеагенетычнага даследавання, у якім былі расшыфраваныя поўныя геномы 58 індывідаў з віленскіх могілак, ён адзначыў, што менавіта даныя ДНК здольныя канчаткова праясніць пытанне аб тым, хто ў рэальнасці быў пахаваны на гэтым хрысціянскім некропалі.

«Рускае места»

Рэлігійная сітуацыя ў Літве XIII ці пачатку XIV стагоддзяў была зменлівай. Да 1387 года афіцыйнай рэлігіяй заставаўся мясцовы паганскі культ, а ў пахавальным абрадзе балтаў дамінавала крэмацыя. Аднак побач з тэрыторыямі, якія засялялі язычнікі, а часам і ўнутры іх існавалі і праваслаўныя грамады.

План Вільні па стане на канец XIV стагоддзя. Літарамі CR абазначаны кварталы, якія навукоўцы адносяць да Civitas Rutenica — «Рускага места». Сярод мноства дробных цэркваў у гэтым раёне вылучаецца найстарэйшы храм горада — Прачысценскі сабор, размешчаны каля рэчкі Вільні. Фота з: «Русский город», исторически сформировавшийся в Вильнюсе в ХIV—ХV вв.» Р. Янайціс, В. Вяжавічэне. 2009

Гэты раён ва ўсходняй частцы сучаснага Старога горада фігуруе ў гістарыяграфіі як Civitas Rutenica — «Рускае места».

Упершыню ў пісьмовых крыніцах гэты тапонім сустракаецца ў «Новай прускай хроніцы» Віганда Марбургскага пад 1383 годам. Летапісец Тэўтонскага ордэна паведамляе, што магістр адправіў чатырох камандораў на Вільню, каб яны «Рускае места спалілі» (у лацінскім арыгінале «ut civitatem Rutenicam incinerarent»). Археалагічныя і архіўныя даныя дазваляюць датаваць з’яўленне праваслаўных жыхароў у горадзе значна больш раннім часам.

План пахаванняў між вуліцамі Бакшта, Спаскай і Майроніса ў Вільні. Фота з: І. Каплунайце. «Traces of Christian cultural influences in pagan Vilnius: the cemetery on Bokšto Street» Р. Янайціс, І. Каплунайце. 2022
Стылёвы сквер на вуліцы Бакшта з раскошным СПА ў былым шпіталі Савіча размешчаны там, дзе 700 гадоў таму хрысціяне Вільні хавалі сваіх. Фота: sa.lt

У 2005 годзе ў «Рускім месце», на тэрыторыі колішняга шпіталя, што на рагу вуліц Бакшта («бакшта», або башта — тое самае, што вежа; назва пазнейшая — вуліца вяла да абароннага бастыёна) і Спаскай, падчас ахоўных работ быў знойдзены грунтавы могільнік.

За наступныя гады даследчыкі пад кіраўніцтвам літоўскіх археолагаў Рыціса Янайціса і Ірмы Каплунайце раскапалі там звыш паўтысячы пахаванняў. Усе яны ўяўляюць сабой інгумацыі (трупапалажэнні) па хрысціянскім абрадзе: целы ляжалі ў драўляных трунах або канструкцыях, што іх імітавалі, і былі строга арыентаваныя галовамі на захад, як і дагэтуль хаваюць у нашым рэгіёне.

Каб вызначыць дакладны час існавання гэтай грамады, навукоўцы звярнуліся да прыродазнаўчых метадаў. Вынікі радыевугляроднага аналізу (14C), праведзенага для 27 узораў касцявога матэрыялу ў Познанскай лабараторыі пад кіраўніцтвам прафесара Томаша Гослара, паказалі, што пахаванні тут адбываліся пачынаючы з сярэдзіны XIII стагоддзя, гэта значыць, часоў Міндоўга, і аж да пачатку XV стагоддзя, гэта значыць, да часоў Вітаўта.

Прачысценскі сабор, пабудаваны ў сярэдзіне XIV стагоддзя, адзін з найстарэйшых храмаў Вільні і галоўны храм «Рускага места». У ХІХ стагоддзі яго моцна перабудавалі. Фота: Wikimedia Commons / Zairon

Дадатковы аналіз стабільных ізатопаў абверг магчымасць памылкі з-за так званага «прэснаводнага рэзервуарнага эфекту», калі вялікая колькасць рачной рыбы ў рацыёне можа штучна «састарваць» радыевугляродныя даты.

Такім чынам, навукова даказана, што вялікі хрысціянскі некропаль у Вільні з’явіўся прынамсі за стагоддзе да афіцыйнага хрышчэння Літвы, што робіць яго ўнікальным помнікам для разумення таго, хто насяляў гэтую частку горада.

Славяне ці «праваслаўныя яцвягі»?

Матэрыяльная культура могільніка на вуліцы Бакшта адразу прыцягнула пільную ўвагу даследчыкаў. Нягледзячы на хрысціянскую традыцыю, якая не прадугледжвае багатага інвентару, каля 10 працэнтаў пахаванняў утрымлівалі рэчы.

Найбольш паказальнымі сталі знаходкі ў жаночых магілах — галаўныя венчыкі (дыядэмы), сканструяваныя з пазалочаных сярэбраных і алавяных бляшак, нашытых на тканіну ці скуру. Акрамя таго, былі знойдзены шматпацеркавыя скроневыя кольцы і характэрныя пярсцёнкі.

Жаночы галаўны венчык, сабраны з пазалочаных сярэбрана-алавяных бляшак, знойдзены ў пахаваннях на вуліцы Бакшта. Тэхналогія іх вытворчасці метадам ціснення сведчыць пра высокі ўзровень ювелірнага майстэрства, карані якога вядуць на поўдзень і ўсход ад Літвы. Фота: А. Блажыс. «The Orthodox Community’s Social Arena in Vilnius» Р. Янайціс, І. Каплунайце

Як заўважаюць аўтары раскопак Р. Янайціс і І. Каплунайце, гэтыя ўпрыгажэнні тыповыя хутчэй для славян, чым для літоўцаў. Тэхналогія іх вырабу (цісненне) і сама мода на нашэнне такіх венчыкаў трапілі на тэрыторыю Літвы з Візантыі праз Кіеўскую Русь і Галіцка-Валынскае княства.

Дадатковым пацвярджэннем усходнехрысціянскага вектару стала і знаходка ў культурным слоі старажытнарускага энкалпіёна XII стагоддзя — нагруднага крыжа-рэлікварыя.

Аднак пытанне аб тым, кім фізічна былі людзі, якія насілі гэтыя рэчы і ляжалі ў магілах Civitas Rutenica, выклікала працяглую і даволі вострую дыскусію ў літоўскай навуцы.

Рэстаўраваны галаўны венчык, знойдзеныя падчас раскопак 2009 года. Фота: «Rusėnų miestas Vilniuje: pagal naujausius archeologinius tyrimus». 2015
Прыгожыя пярсцёнкі з пахаванняў на могільніку. Фота: А. Блажыс, А. Балценас, І. Каплунайце. «Civitas Rutenica in early Vilnius in the 14th and 15th centuries. The socio-cultural aspect» Р. Янайціс. 2012

Праблема заключалася ў тым, што аналагічныя венчыкі раней ужо знаходзілі і ў іншым раннім цэнтры Літвы — Кернаве (могільнік Крывейкішкі).

Археолагі Аляксеюс Лухтанас і Гінтаўтас Велюс, якія даследавалі Кернаў, прапанавалі гіпотэзу, паводле якой гэтыя ўпрыгажэнні бытавалі выключна ў месцах пражывання яцвяжскіх плямёнаў.

Адпаведна, пахаваныя там людзі інтэрпрэтаваліся імі не як славяне, а пераважна як мясцовыя балты, што проста трапілі пад моцны культурны ўплыў праваслаўя і перанялі славянскія ювелірныя традыцыі.

Жаночы галаўны венчык, сабраны з пазалочаных сярэбраных бляшак. Фота: А. Блажыс, І. Каплунайце. «The Orthodox Community’s Social Arena in Vilnius» Р. Янайціс, І. Каплунайце

Як адзначае Вячаслаў Насевіч, і ў дачыненні да віленскіх знаходак у гістарыяграфіі існавала пэўная тэндэнцыя, калі некаторыя даследчыкі, не маючы жадання прызнаваць маштаб славянскай прысутнасці пры развіцці сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, «аддавалі перавагу бачыць у гэтых «Rutenos» сваіх балтамоўных продкаў, якія прынялі праваслаўе».

Пісьмовыя крыніцы не давалі адназначнага адказу, паколькі тэрмін Rutenos у нямецкіх хроніках таго часу мог азначаць як этнічных славян-русінаў, так і проста носьбітаў «рускай» (усходняй) веры любога паходжання. Спрачацца аб паходжанні людзей толькі на падставе формы ўпрыгажэнняў можна было бясконца.

Што можна сказаць пра пахаваных на Бакшта?

Прасторавы і антрапалагічны аналіз паказаў, што на вуліцы Бакшта хавалі звычайных гараджан. Прадстаўнікі розных сацыяльных і ўзроставых груп ляжалі побач: даследчыкі не зафіксавалі ні прыкмет жорсткай сацыяльнай іерархіі ў планіроўцы, ні вылучэння прэстыжных элітных зон пахавання. Мужчыны і жанчыны, дарослыя і дзеці — усе былі пахаваныя тут разам, што, імаверна, адлюстроўвала хрысціянскі прынцып роўнасці перад смерцю.

Пры гэтым жыццё гэтых людзей было далёкім ад ідэальнага і цалкам адпавядала суровым рэаліям ранняга Сярэднявечча. Антраполагі зафіксавалі на касцях шматлікія сляды хвароб і траўмаў.

Жанчыны і дзеці часта пакутавалі ад анеміі і цынгі — хвароб, якія наўпрост сведчаць пра непаўнавартаснае харчаванне і недахоп вітамінаў.

Разам з тым, сярод некаторых старэйшых мужчын (ва ўзросце за 40 гадоў) фіксаваліся выпадкі анкалазіруючага гіперастозу (DISH) — спецыфічнага захворвання касцявой сістэмы, якое звычайна звязваюць з лішкам вагі і вельмі добрым, багатым на калорыі харчаваннем.

Тое, што людзі з розным дастаткам ляжалі ў адных шэрагах, пацвярджае тэзіс аб адсутнасці жорсткай маёмаснай сегрэгацыі на саміх могілках.

Даследчыкі звяртаюць асаблівую ўвагу і на беспрэцэдэнтны выпадак медыцынскай дапамогі таго часу. У адной з магіл былі знойдзены парэшткі 25-30‑гадовай жанчыны з множнымі пераломамі таза і сцягна, атрыманымі, імаверна, пры падзенні з вялікай вышыні. Самае дзіўнае ў гэтай знаходцы тое, што косці паспелі зрасціся.

Выяўленыя пахаванні на могільніку. Фота: Р. Янайціс. «Civitas Rutenica in early Vilnius in the 14th and 15th centuries. The socio-cultural aspect» Р. Янайціс. 2012

Жанчына выжыла пасля такіх цяжкіх калецтваў і працягвала жыць далей. Ва ўмовах XIV стагоддзя гэта было б абсалютна немагчыма без працяглага і ўважлівага догляду з боку іншых членаў грамады. 

Былі ў Civitas Rutenica і тыя, каму даводзілася браць зброю ў рукі. На трох мужчынскіх шкілетах антраполагі выявілі сляды смяротных траўмаў ад сякучай халоднай зброі. Так, на адным з чарапоў зафіксавана адразу сем удараў вострым металам, на іншым — дзевяць.

Адсутнасць на касцях гэтых людзей іншых, старых прафесійных ран, тыповых для дасведчаных ваяроў, дазволіла навукоўцам зрабіць лагічную выснову: гэта былі не прафесійныя найміты князя, а звычайныя гараджане-рамеснікі. Калі ўзнікала пагроза, напрыклад, падчас чарговай атакі крыжакоў, мужчыны «Рускага места» паўставалі на абарону Вільні разам з іншымі жыхарамі сталіцы.

Што кажа генетыка?

Нягледзячы на ўсе ўскосныя археалагічныя і антрапалагічныя доказы, сапраўдны прарыў у разуменні этнічнага складу Civitas Rutenica адбыўся толькі з развіццём палеагенетыкі.

У канцы чэрвеня 2026 года на спецыялізаваным партале bioRxiv быў апублікаваны прэпрынт міжнароднага даследавання, у межах якога навукоўцы расшыфравалі поўныя геномы 58 індывідаў з тэрыторыі віленскага «Рускага горада».

Як адзначае Насевіч, аўтары працы падзялілі ўзоры на дзве вялікія храналагічныя групы: «дачумную» (pre-BD, перыяд да эпідэміі Чорнай смерці сярэдзіны XIV стагоддзя) і «паслячумную» (post-BD, XV—XVII стагоддзі). Менавіта ў першую, найбольш раннюю групу ўвайшлі 19 узораў з могільніка на вуліцы Бакшта. З дапамогай спецыялізаванага сэрвісу Haplogrouper даследчыкам удалося з высокай ступенню надзейнасці вызначыць Y-храмасомныя гаплагрупы для 9 мужчын з гэтага ранняга некропаля.

Y-храмасома, якая перадаецца строга ад бацькі да сына, з’яўляецца ідэальным інструментам для гісторыкаў, бо дазваляе без скажэнняў прасачыць прамыя мужчынскія лініі і вызначыць міграцыйныя патокі мінулага. І ў кантэксце гэтай спрэчкі яна мае ключавое значэнне.

Паводле ацэнак В. Насевіча, сучасныя папуляцыі балтаў (літоўцаў і латышоў) даволі выразна адрозніваюцца па частаце базавых гаплагруп ад суседніх славянскіх народаў.

Для славян спецыфічным маркерам выступае гаплагрупа I2a1. У сучасных выбарках з цэнтральнай, паўднёвай і ўсходняй Беларусі яе прысутнасць паўсюдна перавышае 20 %, а сярод усходнепалескай этнаграфічнай групы дасягае 40 % — Усходняе Палессе, поўдзень Гомельскай вобласці, гісторыкі лічаць часткай прарадзімы славян.

Сярод сучасных літоўцаў яна сустракаецца толькі ў 2,6 % выпадкаў. У сваю чаргу, балтаў маркіруе вельмі высокая частата гаплагрупы N (да 40—49 % у розных рэгіёнах Літвы).

Больш за тое, з дзесяці раней даследаваных палеагеномаў жалезнага веку з тэрыторыі Літвы (III—VI стагоддзі) гаплагрупа N была выяўленая ў сямі, а славянская I2a1 не фіксавалася ўвогуле.

Вынікі з вуліцы Бакшта аказаліся такімі: з 9 ранніх мужчынскіх геномаў 5 індывідаў (больш за палову) мелі гаплагрупу I2a1. Тыпова балцкая гаплагрупа N была выяўленая ўсяго ў адным выпадку.

Яшчэ тры чалавекі мелі гаплагрупы E1b, J2a і R1b. У пазнейшай, «паслячумнай» групе з іншых могілак прапорцыя ўжо мяняецца: там «балцкая» N і гаплагрупа R1a, якая можа належаць як славянам, так і балтам, сустракаюцца часцей. Але самы ранні пласт гараджан з могілак у «Русінскім канцы» Вільні дэманструе абсалютнае дамінаванне нябалцкіх ліній.

Праекцыя старажытных індывідаў на графік сучасных папуляцый Заходняй Еўразіі па метадзе галоўных кампанент (PCA). «Дачумныя» пахаванні з Бакшта, пазначаныя ружовымі трохвугольнікамі (pre-BD), амаль цалкам кладуцца ў славянскае (усходнееўрапейскае) «воблака», у той час больш познія, «паслячумныя», пазначаныя больш цёмнымі трохвугольнікамі (post-BD) — у значнай частцы ссунуты ў бок «балцкага воблака». Фота: «Genomic impact of the second plague pandemic on three human populations»

Вячаслаў Насевіч звяртае ўвагу на аналіз аўтасомнай ДНК па метадзе галоўных кампанент (PCA), які ўлічвае не толькі прамыя мужчынскія лініі, але і поўны геном.

На шматмерных графіках геномы ранняй праваслаўнай грамады з Бакшта практычна неадрозныя ад сучасных славян. Іх пункты кладуцца паверх «славянскіх аблокаў» і практычна не заходзяць на генетычнае «воблака» сучасных літоўцаў.

Гэтыя лічбы і графікі пакідаюць мала месца для гіпотэзы пра пахаванні на гэтым месцы «асіміляваных яцвягаў». Вялікая прысутнасць людзей са славянскай генетыкай даказвае, што ў часы Міндоўга, Трайдзена і Гедыміна Civitas Rutenica не была супольнасцю мясцовых балтаў, якія проста перанялі праваслаўе і візантыйскую моду. 

Вынікі даследавання дазваляюць сцвярджаць, што Вільня на этапе свайго станаўлення як сталіцы Вялікага Княства Літоўскага ад пачатку фармавалася з удзелам вялікай колькасці выхадцаў з земляў Русі, якія абаранялі горад ад супольных з балтамі ворагаў.



Categories: Асьвета, Гісторыя, Зьнешнія адносіны, Культура, Нацыя Беларусы

Пакінуць каментар