З нагоды свайго 80‑годдзя Уладзімір Някляеў напісаў сабе жартаўлівы і філасофскі некралог.
Часопіс “Культур. Нацыя” пакідае напісанае юбілярам для чытача і вінцуе цудоўнага беларускага паэта з 80-годдзем і зычыць яму здароў’я і творчых посьпехаў разам з удачай.
Вядомы беларускі паэт, празаік і грамадскі дзеяч Уладзімір Някляеў адзначае свой 80‑гадовы юбілей. У першую ж раніцу 81‑га года жыцця ён напісаў новы верш — нечакана «Некралог».

НЕКРАЛОГ
Пад гадамі, якія адмераў мне Бог, Ціха-паціху падводзіцца рыса. Хутка з’явіцца мой некралог – Нікім не падпісаны. Вось калі б я памёр да часоў Пазьняка, Да Аляксандра Рыгоравіча прыхода, Некралог падпісаў бы сакратар ЦК І найлепшыя прадстаўнікі народа. Падпісалі б пісьменнікі. Не маленькія нейкія – Толькі тыя, хто ў званні… І вечным пяром Падпісаў бы Сам старшыня Саюза пісьменнікаў, Калі б я сам не быў старшынём. Тут праблема ўзнікала: магла быць няўвязка З паведамленнем агенцыі ТАСС… Але пазванілі з ЦК: “Калі ласка, Не трэба спяшацца. Яшчэ вам не час”. Культурна. Карэктна. Не ў форме загаду… І ў сённяшнім часе, як і тады, Удзячны я партыі і ўраду, Што працягнулі мае гады. Няхай гэты час быў далёка не лепшы, Не ласкавы час, але ўсё ж з ласкі Бога Дарэшты я ў ім дапісаў мае вершы – Як змест і як подпіс майго некралога.
Уладзімір Някляеў
Categories: Асобы, Культура, Літаратура, Мова, Нацыя прачынаецца
Пакінуць каментар