У ліпені 2026 года тры вядомыя беларускія брэнды адзення і этна-тавараў амаль адначасова абвясцілі пра спыненне сваёй працы. Афіцыйна прычыны закрыцця каманды праектаў не каментавалі, аднак праваабаронцы і незалежныя СМІ звязваюць гэта з працягам ціску на беларускую культуру і бізнэс, звязаны з нацыянальнай ідэнтычнасцю, піша «Вясна».

10 ліпеня 2026 года крама сучаснага беларускага адзення Honar напісала ў сваіх сацсетках, што спыняе працу з 20 ліпеня.
Праз два дні з’явілася інфармацыя пра закрыццё LSTR. Пра гэта яго стваральнікі абвясцілі ў інстаграме. Усяго два тыдні таму LSTR прэзентавалі новы прынт для Купалля.

У той жа час зачыніла свой фізічны пункт этнакрама Ragna, якая працавала ў Мінску на вуліцы Сухой на працягу 13 гадоў. Яна была першай падобнай пляцоўкай у краіне.
Апроч таго, праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што ўладальнік адной з крамаў быў затрыманы сілавікамі для допыту наконт ягоных сацсетак і кантактаў. Пасля патрабавання закрыць бізнэс яго адпусцілі.
«Рэжым паказвае сваю несамастойнасць»
Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі назваў гэта «чарговым крокам русіфікацыі Беларусі».
«Гэта сумныя і трывожныя звесткі, якія паказваюць, што наступ на беларускую культуру працягваецца ва ўсіх праяўленнях. Гэтым разам чарга дайшла да нацыянальнага адзення і сімволікі. У гэты ж час працягваюць знішчацца беларускія кнігарні і выдавецтвы, беларускія кніжкі пастаянна ўносяцца ў экстрэмісцкія спісы — яны фактычна забароненыя на тэрыторыі Беларусі. Цяпер справа дайшла да адзення і прыкладнога мастацтва.
Гэта чарговы крок па русіфікацыі Беларусі, які праводзіцца рукамі беларускіх уладаў. Вядома, гэта праграма знішчэння ўсяго беларускага, якая працягваецца больш за 200 гадоў. Так рэжым паказвае сваю несамастойнасць і поўную залежнасць ад імперскіх наратываў, як у галіне прыкладнога мастацтва, так і ўсяго, што звязана з візуалізацыяй беларускай культуры.
У такіх умовах варта супраціўляцца гэтаму і бараніць сваё ўсімі магчымымі формамі».
Categories: Зьнешнія адносіны, Культура, Нацыя прачынаецца, Этнацыд беларусаў
Пакінуць каментар