20 ліпеня 2026 года сацыяльныя сеткі выбухнулі громам жахлівай навіны – пайшла з жыцця Ева Вежнавец (Святлана Курс). Светлы чалавек, выбітная беларуская пісьменніца, прагная да жыцця жанчына. Гэта непапраўная страта для беларускай літаратуры, беларускай культуры і для ўсіх, хто меў шчасце ведаць яе і чытаць яе кнігі.
Упершыню я пабачыў імя Евы Вежнавец у 66-м нумары часопіса “Дзеяслоў” у 2013 годзе, дзе было надрукавана апавяданне “Вінны яблык”. Тады я яшчэ нічога не ведаў пра аўтарку, але ўжо пасля першых старонак адчуў незвычайнасць яе прозы. Апавяданне – гэта гісторыя пра дзяўчыну і бібліятэкарку, якая “не магла нічому навучыць”, акрамя як піць віно. Мяне ўразілі праўдзівасць, лірычнасць і смеласць, з якой аўтарка распавядала пра жыццё “выпівох”, якіх я шмат бачыў, бо дзяцінства прайшло ў Завадскім раёне Менска. Гэты нетрагічны, пазбаўлены асуджэння расповед пра “ордэн самотных алкагалічак” мяне зачапіў і запомніўся. Аўтарка ўпарта падкрэслівала ў сваіх героях чалавечнасць і годнасць – і гэта кранала.
У раздзеле “Нашыя аўтары” напрыканцы часопіса я прачытаў біяграфію аўтаркі, якая падалася сціплай і мінімалістычнай: “Вежнавец Ева (Святлана Курс) – празаік. Аўтар кнігі “Шлях дробнай сволачы”. Нарадзілася ў вёсцы Загалле на Любаншчыне. Цяпер жыве ў Польшчы”.
Ужо ў 2022 годзе я зноў узгадаў і пра аўтарку, і пра яе апавяданне, калі сапраўднай літаратурнай сенсацыяй стаў раман (ці балотная казка, як называла яго сама Ева) «Па што ідзеш, воўча?».
Кнігу немагчыма было набыць: наклад разыйшоўся ўмомант, а сеціва завіравала захопленымі водгукамі чытачоў. Пазней, калі выданне выйшла ў аўдыяфармаце, наш канадыйскі чытацкі клуб “Неба адно на ўсіх” запрасіў Еву на анлайн-сустрэчу. Яна з задавальненнем адгукнулася і з радасцю пагадзілася далучыцца да сустрэчы, якая адбылася 19 лістапада 2022 года.
Напярэдадні сустрэчы я патэлефанаваў Еве праз Zoom. Пазнаёміліся. Праверылі камеру і гук, а я нагадаў ёй пра апавяданне “Вінны яблык”. Яна адказала, што нічога не прыдумляла, ні пра што не шкадуе, бо гэта – частка яе жыцця.
З першай хвіліны нашага знаёмства адчулася прыемная лёгкасць у размове. Склалася ўражанне, што мы ведаем адно аднаго ўжо шмат гадоў. Яе адкрытасць і ўменне адразу захапіць суразмоўцу мяне вельмі ўразілі.
Яе душэўнасць і цяпло адчулі і ўсе, хто на наступны дзень далучыўся да сустрэчы. Мы размаўлялі амаль дзве гадзіны. Было шмат пытанняў. Людзі дзяліліся сваімі ўражаннямі, успамінамі і жыццёвым досведам, бо амаль кожны мог расказаць пра нешта сваё, звязанае з Беларуссю, вёскамі, старымі шаптухамі, ці сустрэчамі з сапраўднымі ваўкамі. Вядома, гаварылі пра кнігу, пра Беларусь і беларусаў. Было светла і шчыра, і відавочна, што менавіта такая сяброўская атмасфера стала магчымай дзякуючы нашай госці.
Сёння зразумела і ўжо можна ўпэўнена сказаць, што раман “Па што ідзеш, воўча?” заняў сваё значнае месца сярод найлепшых беларускіх кніг XXI стагоддзя, а калі ацэньваць шырэй – і сярод найлепшых раманаў усёй нашай нацыянальнай літаратуры. Гэта магічны эпас, напісаны выдатнай беларускай мовай. Праз лёсы сваіх герояў і плыні сюжэтных ліній Ева Вежнавец раскрывае беларускія глыбіні. Як беларусы, мы адчуваем сваю годнасць і гонар, любоў да роднай зямлі, але побач бачым і суровы пласт, поўны здрады, жорсткасці і нянавісці. Як і ў Максіма Гарэцкага, перад намі паўстаюць дзве беларускія душы, толькі Ева Вежнавец паказвае яе воўчы, першабытны характар і менавіта праз гэты вобраз аўтарка даследуе беларусаў, іх разнастайны вонкавы свет.
Дзеянне кнігі адбываецца на радзіме аўтаркі. У невялікай па аб’ёме кнізе расказана гісторыя не толькі галоўнай гераіні Рыны і яе сям’і, але і гісторыя Беларусі XX стагоддзя. Кніга глыбока прадуманая, праўдзівая, з унутраным магнітам, які няўхільна прыцягвае чытача. Кніга вядзе ў свет сапраўднай літаратуры і да адкрыцця выдатнай аўтаркі, да якой пачынаеш ставіцца з павагай і захапленнем, робішся яе прыхільнікам. Дэлікатнасць Евы, яе павага да суразмоўцы, яе вытанчаная мова, перакананні і разуменне свету захопліваюць і доўга не адпускаюць.
Калі ў 2025 годзе прыйшла навіна пра хваробу Евы, сябры чытацкага клуба адразу адгукнуліся, і мы сабралі грошы на дапамогу. Я зноў звярнуўся да Евы. Мы перапісваліся, абмяркоўвалі, як перадаць грошы, размаўлялі пра надвор’е, пра беларускую, польскую і канадыйскую зімы. Мне было надзвычай лёгка з ёй. Яна заўсёды захоўвала добры настрой, заставалася ў поўнай рашучасці змагацца з хваробай і шчыра дзякавала за дапамогу.
Вось некалькі нядоўгіх фрагментаў з нашага ліставання ў Messenger. Яны, мне здаецца, ясна сведчаць пра шчырасць, светласць і адкрытасць Евы. (арфаграфія аўтаркі захавана).
9 траўня 25, 1:31
ЕВ: Я цяпер настрой зьмяніла і поўная надзеі ды рашучасьці зрабіць усё належнае. Дзякуй за дабро. Перакажу яго ў сьвет альбо вярну, калі буду ў моцы і стане.
ЮШ: Дзякуй за хуткі адказ. Вам не сьпіцца. Вам папраўляцца і не хварэць. Абдымаю!
ЕВ: Мне сьпіцца дзякуючы дабрэйшаму нэўролягу, які апэратыўна прапісаў сонныя парашкі і антыдэпрэсанты. Але ўсё роўна прачынаюся. Немагчыма ня быць шчасьлівай, калі ў цябе столькі добрых людзей вакол. Ведаеце, я нават адчуваю малітвы.І сама малюся за тых, хто цяпер церпіць у няволі, самоце, невядомасьці, ніадкуль дапамогі і надзеі.
ЮШ: Мы далёка, але з Вамі. Здаецца ўвесь свет з Вамі. Столькі людзей адгукнулася. Усе замаўкаю. Вам яшчэ паспаць.
ЕВ: Сардэчны дзякуй перакажыце калі ласка ўсім. І нізкі паклон. Зь любоўю і ўдзячнасьцю маёй.
16 траўня 25, 10:13
ЮШ: А ці пішацца Вам нешта?
ЕВ: Пакуль не, але я выходжу са страху. Калі цалкам зьявіцца надзея, я змагу пісаць
ЮШ: Трэба спадзявацца і прасіць жыццё. Жыццё трымае тых, хто робіць. Вось напісаў і не ведаю, ці так. Вам складаней. Трымайцеся, але гэта мажлівы напрамак, каб рухацца і варушыцца, і нешта яшчэ зрабіць. У Вас гэта добра атрымліваецца.
ЕВ: Думаю, так. Але нічога на гвалт.
20 траўня 25, 8:55
ЕВ : Дарагі спадар Юрась, я атрымала вашу вялізную падтрымку Гэтай сумы мне хопіць на доўгую-доўгую фармакалягічную падтрымку. Перадайце ўсім, хто даў мне надзею, мой нізкі паклон і падзяку шчырую.
ЮШ Вітаю, дарагая Сьвятлана! Вам папраўляцца і добрага вясновага настрою з надзеяй да лепшага! Вашую падзяку перашлю ўсім беларусам, хто паўдзельнічаў у зборы.
ЕВ: Дзякуй.
На гэтым апошнім “дзякуй” наша размова спынілася.
Сёння я адказваю Еве сваёй падзякай, дзякую за яе шчырасць, за смеласць, за любоў да жыцця, якое заўсёды найперш забірае лепшых, самых прыгожых і светлых. Мы гаворым пра страту выдатнага чалавека. Гэта праўда. Але хочацца казаць і пра тое, што Ева зрабіла для беларускага пісьменства: пра творчасць, пра яе ўклад у разуменне нас саміх – як прыгожага і годнага, еўрапейскага народа. Яна верыла і пісала пра Беларусь, пра тое, каб мы сталіся лепшымі і больш шчаслівымі. Зроблена шмат плённай працы. І вага гэтай працы з цягам часу будзе толькі пашырацца. А нам трэба не забываць і чытаць, перачытваць яе выдатныя кнігі, у якіх ззяе любая і мілагучная беларуская мова – вечная і родная, якая яднае нас усіх, нават калі сёння так горка і балюча казаць словы на развітанне.
Атава, 24 ліпеня 2026
Categories: Асобы, Культура, Літаратура, Мараль, Нацыя Беларусы
Пакінуць каментар