Часопіс «КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ» віншуе Віталя Воранава, Ірыну Шумскую, Юрася Шамецьку з выхадам новых кніг і зычыць ім далейшых творчых посьпехаў.

logo for chasopis

Часопіс «КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ» віншуе Віталя Воранава, Ірыну Шумскую, Юрася Шамецьку з выхадам новых кніг і зычыць ім далейшых творчых посьпехаў. Ніжэй падаецца кароткая інфармацыя аб аўтарах і кнігах, таксама глядзіце pdf-file 10-га нумара часопіса “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ”.

Новыя кнігі pdf-file

********************************************************************************************

Віталь Воранаў, “Шэптам”/”Szeptem«, Беласток, 2014. Кніга «Шэптам» пра знахарства і забабоны, напісана на падставе матэрыялаў, сабраных Віталем Воранавым падчас экспедыцыі на Падляшша і Палесьсе.

Віталь Воранаў — народжаны ў 1983 у Менску — беларускі перакладчык, літаратар, выдавец. Вучыўся ў школе № 2 у Глыбокім. У 1996 годзе разам з бацькамі эміграваў у Польшчу. Атрымаў сярэднюю адукацыю і міжнародны дыплём у Першым прыватным ліцэі ў Познані. Выпускнік Унівэрсытэту імя Адама Міцкевіча ў Познані і Ўнівэрсытэту імя Т. Г. Масарыка ў Брне. Сузаснавальнік і старшыня Беларускага культурна-асьветніцкага цэнтру ў Познані. Заснавальнік выдавецтва «Белы крумкач». Адзін з рэдактараў літаратурнага часопіса «Паэтычныя сшыткі» (Гнезна). Перакладае з ангельскай, чэскай і польскай моваў. Пераклаў на беларускую «У чаканьні Гадо» Сэмюэла Бэкета, «Віня-Пых» Алана Мілна. Піша прозу, вершы і п’есы. У 2013 годзе выйшаў зборнік яго апавяданьняў «Wielkie Księstwo Białoruś» («Вялікае княства Беларусь»). Займаецца і жывапісам.

Кнігу «Шэптам» складаюць 18 тэкстаў. Ніжэй падаецца ўрывак з кнігі А. Воранава “Шэптам”.

VII
Па доўгай роўнай вуліцы за хлопчыкам гнаўся раз’юшаны і надзьмуты певень. Кожны раз, калі Богусь азіраўся, каб упэўніцца, ці задзёрыстая птушка ўжо адчапілася, ён з жахам заўважаў, як певень амаль наступае яму на пяты. Сэрца шалёна трапяталася, лёгкім пачынала бракаваць паветра, а ногі былі як у сне, нібы алавяныя. Але страх перамагае ўсе іншыя пачуцці, і хлопчык прыбавіў ходу. Дабегшы да мастка, ён павярнуў направа, вокамгненна пераскочыў праз парог і бразнуў дзвярыма перад самай дзюбай рашуча настроенага і чымсьці моцна ўгневанага пеўня. З злосным сабакам усё зразумела, ад яго благоцця і чакаеш. Нават наравісты кот, калі яго прыціснуць, можа даць добры адлуп, але хто мог бы спадзявацца такога заядлага нападзення з боку пеўня? Богусь, якому было восем гадоў, не мог, і хоць певень ані яго не дагнаў, ані не ўдзёўб, малец перапалохаўся надзвычайна.

Гэта адразу заўважыла бабуля. Шмат гадоў таму яна сама сталася ахвярай моцнага перапуду. На яе падняў сякеру п’яны сусед, і хоць тады неяк усё абышлося, пасля гэтага здарэння яна захварэла на ваўчанку. На твары расплылася чырвань у форме матыля, а на кончыку носа пачала рабіцца дзюрка. Праз дваццаць гадоў ад гэтай таямнічай хваробы звычайна памірае амаль палова хворых, а яна ачуняла і пражыла нашмат болей. Тады ёй дапамагла толькі шаптуха, а тое, што з пярэпалахам жартаў быць не можа, запомнілася на ўсё жыццё. Таму яна тут жа ўзяла Богуся і павезла да знаёмай бабкі, каб загаварыць пярэпалах.

Шаптуха падпаліла жмут травы, ад чаго па ўсёй хаце разнёсся прыемны, хоць і трохі гаркавы пах. Яна пачала курыць гэтай травой вакол хлопца і прыгаворваць: „Сцень-сценіца, выйдзі на мхі, на балоты, на гнілыя калоды, з белага ліца, з русага валаса, з яркіх вачэй, з тонкіх жылаў, з буйных касцей, з гарачай крыві.” Паўтарыўшы гэтак некалькі разоў, яна падышла да пліты і кінула недагарэлы астатак травы ў печ.
Па дарозе дадому бабуля заўважыла, што хлопчык адразу паспакайнеў. Богусь сядзеў таямнічы і задаволены. Відавочна, што замова і паездка да шаптухі вельмі яму спадабаліся. І гэта было праўдай. Малы ўжо задумваў, ад каго яшчэ можна было б злякацца, дзеля таго каб бабуля звазіла яго да шаптухі зноў. Сабака Бім відавочна быў самым простым варыянтам. Дарослыя часта папярэджвалі незнаёмых, каб толькі не палохаліся Біма. Але хто ж паверыць, што Богусь спалохаўся свайго лепшага сябра? А можа, гусака, разважаў сабе хлопец, але ж гэта неяк ужо зусім несур’ёзна, каб нейкая птушка пужанула яго другі раз. Яшчэ Богусь вельмі баяўся заставацца ў хаце адзін, калі пачыналася сутонне. Яму здавалася, што ў такім выпадку лепш ужо выйсці на двор, чым заставацца сам-насам з цемрай у чатырох сценах. Але прызнацца ў гэтым перад бабуляй для дарослага, васьмігадовага хлопца было б сапраўднай ганьбай. Найлепш, каб Богусю сустрэўся сапраўдны воўк, тады, па-першае, сполах не трэба было б сімуляваць, па-другое, у ім было б не сорамна прызнацца. Але ж адкуль ён возьмецца, той воўк, і таму хлопец вырашыў вярнуцца да першага варыянту, да сабакі Біма. Ён пастанавіў, што яшчэ заўтра паведаміць бабулі, што Бім яго не пазнаў і кінуўся, каб пакусаць. Богусь яшчэ не вярнуўся, а ўжо не мог дачакацца наступнай паездкі да шаптухі, так яго гэта ўсё ўразіла і “зачаравала”.

Калі яны прыйшлі дадому, бабуля сказала, што зараз вернецца і каб хлопец пачакаў яе ў хаце. Богуся тут жа апанавала цікаўнасць, чаму бабуля загадала сядзець у хаце, хоць на двары не было яшчэ надта цёмна. Кіраваны дзіцячай дапытлівасцю, ён падышоў да акна, з якога праглядаўся ўвесь двор. Ён убачыў, як бабуля выходзіць з курніка, адной рукой трымаючы сякеру, а другой – ягонага нядаўняга крыўдзіцеля. Праз момант той самы певень, толькі ўжо без галавы, штораз спатыкаючыся, але зноў і зноў падымаючыся, бегаў па панадворку…

Хлопчык тут жа падумаў пра Біма і цвёрда пастанавіў, што больш нікога і нічога лякацца не будзе: ні ўдавана, ні ўсур’ёз.

Для беларусаў, якія жывуць у Амерыцы і Канадзе кніжка «ШЭПТАМ» даступная пад гэтай спасылкай: http://www.e-krama.com/Pages/knihi.aspx

*******************************************************************************************************

Ірына Шумская: Краіна князёў, магнатаў і паэтаў.
Iryna Shumskaja: Distinctive Belarus. On the Roads of Dukes, Magnates, and Poets.
Belarusian History & Culture Institute. Мінск, 2015, 144с., на англ. мове. ISBN: 978-9984-897-17-2

Ірына Шумская (Хадарэнка) нар. 19 чэрвеня 1976, Мінск — беларуская паэтка, празаік, публiцыст, музыказнаўца. Скончыла музычную школу па класу фартэпіяна, потым гімназію № 1 імя Ф. Скарыны. Пасля заканчэння вучобы ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце ў 1997 г., паступіла ў аспірантуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дзе таксама працавала ў якасці выкладчыка, займаючы пасаду дацэнта. Па выніках 1998 г. была прызнана лепшым музычным аглядальнікам Беларусі. З’яўляецца аўтарам шматлікіх публікацый у навуковых і перыядычных айчынных выданьнях, таксама друкавалася ў “Беларускім дайджэсьце” ў ЗША. Некаторыя вершы былі пакладзены на музыку беларускімі кампазітарамі М. Яцковым і А. Елісеенкавым. Перакладае з польскай і рускай мовы. Яе творы былі перакладзены на рускую, украінскую, польскую, нямецкую мовы.

У 2002 г. паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці “тэорыя і гісторыя культуры”. Стажыравалася ў Варшаўскім і Ягелонскім універсітэтах. Выпускніца Усходне-Еўрапейскай Школы палітычных даследаванняў пры Радзе Еўропы (2010). Стыпендыстка творчай праграмы “Gaude Polonia” (2010), удзельніца міжнароднага літаратурнага праекта “Dagny” (2011).

У сваёй кнізе “Distinctive Belarus. On the Roads of Dukes, Magnates, and Poets” (“Самабытная Беларусь. Дарогамі князёў, магнатаў і паэтаў”) яна прадставіла у займальнай форме свой погляд на ролю Беларусі ў сусьветнай гісторыі, падкрэсліваючы самабытнасьць мясцовых традыцый і іх шчыльную ўзаемасувязь з агульнаеўрапейскай культурай. Паводле яе меркаваньня, беларусам даўно трэба спыніць разгляд сваёй нацыянальнай гісторыі скрозь прызму расійскіх геапалітычных інтарэсаў, а міжнацыянальны дыялог у першую чаргу варта ладзіць менавіта праз сістэму культуры і асьветы.

Кніга багата ўпрыгожана ілюстрацыямі Язэпа Драздовіча, Напалеона Орды і здымкамі – як самой аўтаркі, так і вядомага беларускага фотамастака Сяргея Плыткевіча. Дадзенае выданьне, што пабачыла свет дзякуючы падтрымцы незалежнага Інстытута беларускай гісторыі і культуры (Рыга), акрамя таго, што скіравана на пашырэньне ведаў аб культурных здабытках рэспублікі сярод грамадзян блізкага і далёкага замежжа, таксама можа служыць і ў якасьці турыстычнага дапаможніка для тых аматараў падарожжаў, хто яшчэ не пасьпеў азнаёміцца з асноўнымі цікавосткамі Беларусі.

Кніга выйшла невялікім накладам і была прэзентаваная грамадскасьці напрыканцы лютага. У бліжэйшы час плануецца распаўсюд кнігі па замежных бібліятэках, цэнтрах славістыкі і сярод прадстаўнікоў беларускіх дыяспар.

************************************************************************************************

Юрась Шамецька: Атава Вершы. – Мінск: Кнігазбор, 2015. – 128 с.

Юрась Шамецька нарадзіўся ў Мінску, а з 1997 года жыве і працуе ў Канадзе. Аматары паэзіі ведаюць яго вершы па першай кнізе, сімвалічна названай «Шлях да вяртання». Другі зборнік вершаў названы таксама з глыбокім падтэкстам. Атава – гэта не толькі горад, дзе жыве паэт, але і трава, што вырасла ў той жа год на пакошы. Ёсць нешта неўтаймоўна жыцьцёвае ў гэтым сімвале. I наогул, творы Юрася Шамецькі шматасацыятыўна пашыраюць прастору беларускай паэзіі нават геаграфічна, як гэта ўжо адзначалі вядомыя крытыкі і літаратуразнаўцы. Кожны, хто прачытае кнігу, зможа пагадзіцца, што яго паэтычнае вяртаньне на радзіму адбываецца па-сапраўднаму таленавіта і пераканаўча.

Юрась Шамецька. Атава

Траву скасілі — прарасла
жывой атавай…

У нашай блізкасці шляхоў
сваёю стала.

А горад, што мяне прыняў,
завуць Атава.

Мне родным называць яго
ўжо ёсць падстава.

Я тут прарос густой травой,
жывой атавай.

Цяпер душы, каб стаць сабой,
пара настала.

*********************************************************************



Categories: Асобы, Літаратура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: