Аляксандр Кашо: Гісторыя хлуслівага тэзісу аб тым, што Беларусь квазідзяржава, нацыя, якую прыдумалі бальшавікі. Часопіс “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ”, №12, сьнежань 2015, с. 8-22.
Сітуацыя ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне значна змянілася за апошнія два гады – пачынаючы ад другога ўкраінскага Майдану, і далейшай агрэсіі, якая адбылася ў сувязі з ім: анексія Крыму, вайна на Данбасе. Гэтыя падзеі выявілі вялікі ўзровень ксенафобіі да суседніх народаў як расійскага грамадства ў цэлым, так і сучаснай расійскай улады, істэблішменту, у прыватнасці. Лагічнай вынікам і працягам такіх адносін стала інфармацыйная вайна, якую разгарнула расійская дзяржава супраць усяго свету, але найперш супраць суседніх дзяржаў. І трэба сказаць, што гэта асабліва і не хаваецца – кіраўніцтва Расіі на самым высокім узроўні заяўляе пра гэта. Прэзідэнт, сенатары, дэпутаты заклікаюць да такой вайны, і для вядзенне гэтай вайны выдзяляюцца вялікія сродкі.
Адным з тэзісаў расійскай інфармацыйнай вайны супраць суседзяў з’яўляецца тэзіс аб тым, што Беларусь і Украіна ёсць квазідзяржавы, нацыі, якія прыдумалі бальшавікі. Хаця ёсць і іншыя падварыянты гэтага тэзісу, напрыклад, што нас прыдумалі палякі ці аўстрыйцы.
Гэта абсалютна лжывае сцверджанне, якое сёння могуць паўтараць толькі тыя, хто не ведае, альбо свядома ігнаруе гістарычныя абставіны часоў крушэння Расійскай імперыі і фармавання СССР. Разважанні аб штучнасці і несамастойнасці беларускай і ўкраінскіх нацый паўсталі і падтрымліваліся ў першаю чаргу сярод расійскіх эмігрантаў першай хвалі, якія былі высланы бальшавікамі з краіны, альбо самі былі вымушаны з’ехаць. У бальшавікоў была іншая стратэгія і ідэалагічныя ўстаноўкі ў нацыянальным пытанні, пра іх размова пойдзе крыху ніжэй.
Рэакцыя прадстаўнікоў расійскай эміграцыі, якія выказалі сваю нязгоду ў сувязі з тым, што бальшавікі далі беларусам і ўкраінцам права на фармальныя аўтаномныя рэспублікі ў складзе СССР была рознай: ад умерана крытычнай да рэзкага непрыняцця. Шмат з іх аперыравалі старой імперскай формулай – самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць – якую ўвёў у абарачэнне ідэолаг расійскай імперскасці граф Увараў у 1833 годзе як антытэзу дэвізу французскай рэвалюцыі – свабода, роўнасць, братэрства. З гэтага пастулату – самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць – выводзілася і непадзельнасць Расіі як імперыі. Шмат каму з тагачаснай расійскай эліты здавалася і верылася, што ў гэтых трох словах палягаюць усе неабходныя абгрунтаванні права імперыі на панаванне над іншымі народамі.
Адным з пачынальнікаў гэтай традыцыі быў расійскі рэлігійны філосаф Н. Бярдзяеў, які яшчэ ў 1917 пачаў наступ на права народаў былой Расійскай імперыі на самавызначэнне, у сваёй брашуры «Інтэрнацыяналізм, нацыяналізм і імперыялізм» ён піша: «Украінскі сепаратысцкі рух ёсць самы трывожны і самы абуральны факт у раскраданні і раздзіранні Расіі, якое зараз адбываецца. Украінскае нацыянальнае самавызначэнне, заўсёды было па прыродзе сваёй не ў меру разадзьмутым правінцыялізмам … Аўстрыя даўно марыць аб аддзяленні Маларосіі ад Расіі для паслаблення і прыніжэння Расіі… Украінскі народ ёсць неадрыўная частка Расіі. Існуе адзіны рускі народ, адзіная вялікая Расія, адзіная руская дзяржава … Украінскі сепаратызм ёсць здрада рускай ідэі ў свеце, здрада рускай культуры, здрада мінуламу народа і яго вялікаму будучаму ў імя дробных пачуццяў, спароджаных часовымі ўмовамі».
Выказваўся супраць украінскай самастойнасці і расійскі лінгвіст, культуролаг, заснавальнік еўразійства Н. С. Трубяцкі ў сваім артыкуле «К украинской проблеме» ў 1927 годзе. Але гэты аўтар рабіў націск не на палітычны, а на культурны фактар. Культурны сепаратызм украінскай і беларускай нацый, якія ён называў абагульнена Заходняй Руссю і супрацьпастаўляў Маскоўскай Русі, хваляваў яго болей, чым сепаратызм палітычны. Ён лічыў, што ўкраінская і беларуская культура можа мець месца толькі ў якасці ніжэйшага паверху: «Бесстаронне ўзважваючы шанцы, прыходзім да высновы, што наколькі верагодна і праўдападобна, што новая ўкраінская культура здавальняюча вырашыць задачу прыстасавання ніжняга паверха культурнага будынка да народных каранёў, настолькі ж зусім неверагодна, каб гэтая культура колькі небудзь здавальняюча магла вырашыць іншую задачу, – стварэння новага «верхняга паверху», здольнага задаволіць вышэйшыя запыты інтэлігенцыі ў большай меры, чым адпаведны верхні паверх ранейшай, агульнарускай культуры.» [7]
Што тычыцца тых, хто будзе спрыяць умацаванню і развіццю ўласнай нацыянальнай культуры «верхняга паверха», а не служыць развіццю «агульнарускай высокай культуры» (чытай расійскай), то яны называюцца Трубяцкім «вузкімі і фанатычнымі краёвымі шавіністамі, якія не дараслі да чыстага цанення вышэйшай культуры радзі яе самой», гэтыя «бяздарныя і пасярэднія творцы» жадаюць такім чынам агарадзіцца ад канкурэнцыі. Паколькі самастойная ўкраінская культура будзе «вартым жалю сурагатам, не культурай, а карыкатурай», аўтар эсэ «К украинской проблеме» прыходзіць да наступнай высновы: «Каб пазбегнуць вышэйакрэсленага жаласнага будучага ўкраінская культура павінна быць пабудаваная так, каб не канкурыраваць з агульнарускай, а дапаўняць сабой агульнарускую, іншымі словамі, украінская культура павінна стаць індывідуацыяй культуры агульнарускай… Тыя ж прынцыпы і меркаванні павінны быць закладзены ў аснову размежавання сфер агульнарускай і беларускай, вялікарускай і г.д. абласных культур.» [7]
Яшчэ адзін дзеяч расійскай эміграцыі Мікалай Лоскі, прадстаўнік рэлігійнай і інтуітыўнай філасофіі ў артыкуле «Украинский и белорусский сепаратизм» (1958 г.) апублікаваным у часопісу «Грані», працягнуў традыцыю расійскага вялікадзяржаўнага адмаўлення права народаў на самавызначэнне: «Выпрацаваная Еўропай высокая культура, каштоўная для ўсяго чалавецтва, працягвае развівацца з рознымі варыяцыямі ў шэрагу еўрапейскіх дзяржаў.
…у кожнай з іх маюцца асобы, якія адштурхваюцца ад вялікага нацыянальнага цэлага і якія аддаюць перавагу асаблівасцям сваёй правінцыі.
Яны хацелі б узвесці сваю правінцыю на ступень нацыі, якая ўтварае самастойную дзяржаву… Далей сваёй званіцы яны нічога не бачаць…
У наш час сярод украінцаў-эмігрантаў моцна развіўся ўкраінскі нацыяналізм, прасякнуты нянавісцю да Расіі, які даходзіць да сцвярджэння, што вораг нумар адзін – не камунізм, а рускі народ. Пасля падзення савецкай дыктатуры такія ўкраінцы хочуць аддзялення Украіны ад Расіі і ўтварэння ад яе самастойнай дзяржавы.
… У наш час з’явіўся і беларускі сепаратызм. Пра яго пасля разгляду ўкраінскага сепаратызму можна выказаць вельмі каротка аналагічныя меркаванні.» [4]
Гісторыя паказала, што многія прадстаўнікі расійскай эмігранцкай інтэлігенцыі не ведалі і не разумелі свайго ўласнага народа. Паглыбіўшыся ў схаластычныя, адарваныя ад сапраўднага жыцця разважанні аб велічы і асаблівай місіі расійскага народу, яны згубілі сувязь з рэчаіснасцю. І вось гэтыя людзі, якія пацярпелі ашаламляльную паразу ў выніку перавароту 1917 году, якія так і не зразумелі прычыну сваёй паразы, пачалі сцвярджаць з пазіцый пераможцаў, што, маўляў, Беларусь і Украіна штучныя ўтварэнні. Пакуль яны палымяна абвяшчалі тры асноўныя стаўпы існавання імперыі – самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць, з якіх выводзілася непадзельнасць Расіі як імперыі – бальшавікі пры маўклівай згодзе расійскага народу бралі ўладу, і потым пры такой жа маўклівай згодзе выпіхнулі з краіны гэтых абаронцаў старой імперыі і стварылі новую. А ўвасабленне старых прынцыпаў – самадзержца, расстралялі разам з усёй сям’ёй.
Расійскі ж народ, які на думку вялікай часткі расійскіх інтэлігентаў з’яўляўся боганосцам і павінен быў выканаць асабліваю ролю духоўнага прыкладу сярод народаў, пакінуў гэтую падзею па-за ўвагай як нязначнаю, як не вартую клопату. Не малы кошт прыйшлося заплаціць расійскім інтэлектуалам за свае памылковыя погляды: яны страцілі краіну, Радзіму. Можна зразумець чаму Ленін адмаўляў расійскай інтэлігенцыі ў званні розуму нацыі.
Сітуацыя, якая склалася ў савецкай Расіі падчас грамадзянскай вайны была катастрафічная. Насамрэч перамога бальшавікоў не была такой безумоўнай як тое ўяўляецца сённяшнім расійскім дзеячам, ідэолагам і прыхільнікам «рускага свету», ім здаецца, што ўсталяванне нацыянальных рэспублік было гэткай блазнотай з боку Леніна. Каб утрымаць уладу бальшавікі пайшлі на некаторыя важныя саступкі, якія не адпавядалі іх першапачатковай ідэалогіі, пабудаванай на марксізме.
Такой саступкай стала перадача зямлі сялянам, у той час як па вучэнню марксізму зямлю трэба было абагульняць і ствараць на ёй камуны. За такі адыход ад чыстага марксізму бальшавікоў крытыкавалі. У прыватнасці Роза Люксембург указвала на тое, што падзел зямлі створыць перадумовы для фармавання новага дробнабуржуазнага сялянскага саслоўя. Але як паказала практыка для бальшавікоў гэта была часовая саступка – сталінская калектывізацыя паклала канец усялякай незалежнасці сялян.
Акрамя гэтай саступкі бальшавікі паабяцалі народам мір, а таксама свабоду нацыянальнага самавызначэння, што з аднаго боку было часовай мерай, каб утрымацца ва ўладзе. А з другога гэта было лагічным развіццём марксісцкіх ідэй, ад якіх немагчыма было так запраста адмовіцца, бо ўлічваючы першапачатковую слабасць бальшавіцкай улады ім усё ж такі трэба было быць паслядоўнымі. У свядомасці марксістаў нацыі павінны былі паступова знікнуць, іх павінна была замяніць пралетарская інтэрнацыянальная супольнасць, але прыгнёт нацыі нацыяй, імперыялізм лічыўся заганнай, негатыўнай праявай капіталістычнага свету, а таму асуджаўся і павінен быў быць выкаранены.
Для таго, каб зразумець няпэўнасць і складанасць палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай сітуацыі таго часу можна выкарыстоўваць розныя крыніцы інфармацыі. Зараз я прапаную звярнуцца да англійскага філосафа Бертрана Расэла, які ў 20-м годзе дваццатага стагоддзя прыняў удзел у наведванні савецкай Расіі у складзе дэлегацыі брытанскіх палітычных дзеячаў, пераважна з лейбарыстскай партыі. Расэл меў размову з Леніным, Горкім, сустракаўся з Троцкім і пакінуў даволі грунтоўныя і трапныя заўвагі і назіранні.
У выніку гэтага падарожжа Расэл напісаў працу пад назвай «Практыка і тэорыя бальшавізму», гэта праца даволі цікавая для нашага разгляду і мы будзем карыстацца заўвагамі аўтара наконт тагачаснай сітуацыі ў СССР. Вось што ён піша пра складанасць сітуацыі: «Ён сказаў [Ленін], што два гады таму ні ён, ні яго паплечнікі не разлічвалі выжыць у асяроддзі варожага свету. Яны выжылі дзякуючы сваркам і разыходжанням інтарэсаў розных капіталістычных краін; адыграла сваю ролю таксама сіла бальшавіцкай прапаганды. Ён сказаў, што немцы смяяліся, калі бальшавікі прапанавалі змагацца з гарматамі пры дапамозе ўлётак, але ход падзей даказаў, што ўлёткі не менш магутная зброя. Я не думаю, што ён усведамляе, якую ролю адыгралі ў гэтым рабочыя і сацыялістычныя партыі. Ён, здаецца, не ведае, што брытанскія лейбарысты зрабілі шмат, каб не дапусціць разгортвання буйных баявых дзеянняў супраць Расіі.» [6, c. 24]
На думку Расэла бальшавікі не цешылі сябе надзеяй на сапраўдны мір з капіталістычнай Еўропай і Амерыкай, мір для іх гэта толькі часовая перадышка на шляху да сусветнай рэвалюцыі: «Мір паміж бальшавіцкай Расіяй і капіталістычнымі краінамі, сказаў ён [Ленін], не можа быць стабільным; стомленасць або ўзаемныя разлады могуць прымусіць краіны Антанты да заключэння міру, але ён перакананы, што мір гэты будзе непрацяглым. Я выявіў, што ён, як і іншыя камуністычныя лідары чакае ад заключэння міру і зняцця блакады значна меней, чым мы ў нашай дэлегацыі. Ён перакананы ў тым што нічога сапраўды каштоўнага нельга дасягнуць без сусветнай рэвалюцыі і знішчэння капіталізму.» [6, c. 22]
Ленін па назіраннях Расэла з’яўляецца надзвычай самаўпэўненным, нязломным артадоксам, сіла якога ў нясхільнай «рэлігійнай веры ў евангелле ад Маркса, якое займае такое ж месца, што і вера хрысціянскіх пакутнікаў у царства нябеснае, але адрозніваецца меншым эгацэнтрызмам. Ён гэтак жа мала любіць свабоду, як хрысціяне, якія пацярпелі падчас праўлення Дыяклетыяна і адпомсцілі за гэта, калі прыйшлі да ўлады.» [6, c. 24]
Нягледзячы на тое, што Расэл быў уражаны прастатой у паводзінах Леніна, а таксама яго верай у сваю справу і правату марксізму, для Расэла не засталося па-за ўвагай тое, што Ленін «пагарджае вельмі многімі людзьмі і ў інтэлектуальным плане з’яўляецца арыстакратам.» [6, c. 21]
Такія псіхалагічныя заўвагі неабходны для таго, каб зразумець, чым на самой справе былі саступкі бальшавікоў. З расэлаўскага аналізу вынікае, што такія саступкі былі часовымі і непазбежнымі, бо савецкая ўлада не была абсалютна папулярнай і ўтрымлівалася на дыктатуры камуністычнай партыі. Ніякіх сантыментаў і ілюзій да таго ж сялянства бальшавікі не мелі.
«Ён [Ленін] распавёў аб падзеле сялян на багатых і бедных і пра тое, што прапаганда ўрада сярод апошніх супраць першых прыводзіць да актаў гвалту, падобна, гэта яго проста забаўляе. Паводле яго слоў, неабходнасць у дыктатуры ў адносінах да сялянства захаваецца на няпэўна доўгі час з-за імкнення сялян да свабоднага гандлю.» [6. c, 23]
Эканамічна бальшавіцкая ўлада знаходзілася ў даволі вялікім крызісу, так, напрыклад, царскія рублі цаніліся ў дзесяць разоў вышэй і былі больш распаўсюджаныя. Але як заўважае Расэл гэта цалкам заканамерныя наступствы, якія вынікаюць з тэорый Маркса.
«З моманту рэвалюцыі ў кастрычніку 1917 г. Савецкі ўрад быў у стане вайны амаль з усім светам і ў той жа час сутыкнуўся з грамадзянскай вайной унутры краіны… На самой справе Расіі вельмі пашанцавала, што яна не трапіла ў яшчэ больш адчайную сітуацыю. Расія агромністая па тэрыторыі і з’яўляецца сельскагаспадарчай краінай, што дало ёй магчымасць супраціўляцца і ўварванню, і блакадзе лепш, чым гэта змаглі б зрабіць Вялікабрытанія, Францыя ці Нямеччына… Відавочна, што, калі б Вялікабрытанія паспрабавала ажыццявіць падобную рэвалюцыю, яна была б вымушана здацца пад уплывам голаду на працягу некалькіх месяцаў, сутыкнуўшыся з блакадай з боку Амерыкі.» [6, c. 85-86]
Голад прымушаў працоўных савецкай Расіі з’язджаць у вёску дзеля таго каб пракарміцца, але гэта пераследвалася. Расэл прыводзіць урывак з рэзалюцыі 9-га з’езду камуністычнай партыі: «Трудавыя дэзерцірствы». З прычыны таго што значная частка рабочых у пошуках лепшых умоў харчавання, а нярэдка і ў мэтах спекуляцыі самавольна пакідае прадпрыемствы, пераязджае з месца на месца, чым наносіць далейшыя ўдары вытворчасці і пагаршае агульнае становішча працоўнага класа, з’езд адной з надзённых задач Савецкай улады і прафесійных арганізацый бачыць планамернаю, сістэматычную, настойлівую, суроваю барацьбу з працоўным дэзерцірствам, у прыватнасці шляхам апублікавання штрафных дэзерцірскіх спісаў, стварэння з дэзерціраў штрафных працоўных каманд і, нарэшце, заключэння іх у канцэнтрацыйны лагер». Выказваецца надзея распаўсюдзіць гэтую сістэму і на сялян:
«Параза белых армій, мірнабудаўнічыя задачы ў сувязі з неверагодна катастрафічным становішчам народнай гаспадаркі патрабуюць зусім выключнага напружання сіл пралетарыяту і ўключэння ў грамадскі працоўны працэс шырокіх сялянскіх мас.» [6, c. 51]
А вось што Расэл піша пра нацыянальнае пытанне ў савецкай Расіі: «У тэзісах, прадстаўленых Другому кангрэсу Трэцяга Інтэрнацыяналу (ліпень 1920 года), ёсць вельмі цікавы артыкул Леніна, які называецца «Першапачатковы накід тэзісаў па нацыянальнаму і каланіяльным пытаннях». Наступныя яе тэзісы ўяўляюцца мне асабліва прыцягальнымі.
«5. Сусветная палітычная абстаноўка паставіла цяпер на чаргу дня дыктатуру пралетарыяту, і ўсе падзеі сусветнай палітыкі засяроджваюцца непазбежна вакол аднаго цэнтральнага пункта, менавіта: барацьбы сусветнай буржуазіі супраць Савецкай Расійскай рэспублікі, якая групуе вакол сябе немінуча, з аднаго боку, савецкія рухі перадавых рабочых усіх краін, з другога боку, усе нацыянальна-вызваленчыя рухі калоній і прыгнечаных народнасцей, якія пераконваюцца на горкім вопыце, што ім няма выратавання, акрамя як у перамозе Савецкай улады над сусветным імперыялізмам.
6. Такім чынам, нельга абмяжоўвацца ў цяперашні час голым прызнаннем або абвяшчэннем збліжэння працоўных розных нацый, а неабходна весці палітыку ажыццяўлення самага цеснага саюза ўсіх нацыя- і каланіяльна-вызваленчых рухаў з Савецкай Расіяй, вызначаючы формы гэтага саюза адпаведна ступені развіцця камуністычнага руху сярод пралетарыяту кожнай краіны або буржуазна-дэмакратычнага вызвольнага руху сярод рабочых і сялян у адсталых краінах або сярод адсталых нацыянальнасцяў.» [6, c. 36]
Такім чынам, саступкі бальшавікоў у нацыянальным пытанні былі абумоўлены слабасцю бальшавіцкай улады, і спадзевамі Леніна на тое, што нацыянальныя рухі могуць аказацца часовымі хаўруснікамі на шляху барацьбы да сусветнай пралетарскай рэвалюцыі. Расійскія камуністы не стваралі нацыі, яны спадзяваліся скарыстацца набіраючымі моц нацыянальнымі рухамі ў сваіх мэтах. Гэта выдатна зразумеў ужо прыгаданы расійскі філосаф Трубяцкі, ён адзначаў, што адной з галоўных прычын таго, што савецкая ўлада «патурае культурнаму сепаратызму» з’яўляецца імкненне «абяззброіць сепаратызм палітычны». І сапраўды, бальшавікам неабходна было прыцягнуць на свой бок хаця б частку нацыянальна настроенай эліты: беларускай, украінскай і іншых народаў, раскалоўшы і паслабіўшы нацыянальныя рухі, у той час бальшавікам гэта было жыццёва неабходна.
На Беларусі бальшавікам прыйшлося пайсці на стварэнне БССР, бо існавала пагроза пабудовы на Беларусі незалежнай краіны, якая не пойдзе ў фарватары савецкай палітыкі па пераўсталяванні свету пад дыктатуру пралетарыяту. Заснаванне Беларускай Народнай Рэспублікі беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі прымусіла савецкіх камуністаў пайсці на такі крок.
Увогуле, карту беларускага нацыяналізму спрабавалі выкарыстаць і польскія ўлады. Так была створана Найвышэйшая рада на чале з Лёсікам, прадстаўнікі якой лічылі магчымым супрацоўніцтва з Польшчай, у той час як прадстаўнікі іншых беларускіх нацыянальных арганізацый палічылі немагчымым такое супрацоўніцтва. Напрыклад, партыя беларускіх эсэраў не магла па сваіх палітычных устаноўках пайсці на супрацу з польскімі ўладамі, у сувязі з чым, яны пайшлі на часовае замірэнне з бальшавікамі, дзеля барацьбы за незалежнасць Беларусі, якую бальшавікі насамрэч не збіраліся даваць. Варта адзначыць, што беларускія эсэры значна пераўзыходзілі бальшавікоў па колькасці, апошніх на Беларусі было каля 4 тыс., у той час як эсэраў было больш за 20 тысяч. Да гэтай лічбы трэба дадаць і шматлікія іншыя рухі, якія стаялі на пазіцыях нацыянальнай незалежнасці Беларусі, абвешчанай радай БНР.
Такім чынам, бальшавікі на Беларусі знаходзіліся ў яўнай палітычнай меншасці ў параўнанні з нацыянальнымі арганізацыямі і казаць, што беларускую нацыю прыдумалі бальшавікі з’яўляецца абсалютным ігнараваннем гістарычных фактаў. Бальшавікі скарысталіся нацыянальнымі рухамі для ўстанаўлення сваёй дыктатуры. Ужо пачынаючы з 20-х гадоў камуністы пачалі знішчаць палітычных апанентаў, спачатку гэта былі кропкавыя зачысткі, а ў выніку сталінскіх рэпрэсій 30-х гадоў амаль усе былыя прадстаўнікі беларускай партыі эсэраў (БПС-Р) былі рэпрэсаваны.
Як ужо адзначалася Ленін і яго саратнікі самі да канца не верылі ў сваю перамогу і не разлічвалі выжыць у варожай абстаноўцы. Але здольнасць Леніна да часовых кампрамісаў давала бальшавікам неабходную перадышку, дазваляла ім сабраць сілы. Аднак далёка не ўсе ў камуністычнай партыі былі згодны з такой палітыкай і ў пытанні нацыянальным часам перагібалі, імкнучыся як мага хутчэй уладкаваць дыктатуру пралетарыяту. Ленін здаецца добра ведаў узровень расійскага шавінізму, і ў сваіх нататках «К вопросу о национальностях или об «автономизации» (1922) ён пісаў:
«Пры такіх умовах вельмі натуральна, што «свабода выхаду з саюза», якой мы апраўдваем сябе, апынецца пустою паперкай, няздольнай абараніць расійскіх іншародцаў ад нашэсця таго сапраўднага рускага чалавека, вялікароса-шавініста, па сутнасці, падлюгі і гвалтаўніка, якім з’яўляецца тыповы рускі бюракрат».[3]
Так што Леніну прыходзілася стрымліваць сваіх калег па партыі: «Я баюся таксама, што тав. Дзяржынскі, які ездзіў на Каўказ расследаваць справу пра «злачынства» гэтых «сацыял-нацыяналаў», вызначыўся тут таксама толькі сваім сапраўдна рускім настроем (вядома, што абрусеўшыя чужынцы заўсёды перасольваюць па частцы сапраўдна рускага настрою) і што аб’ектыўнасць усёй яго камісіі дастаткова характарызуецца «рукапрыкладствам» Арджанікідзе. Я думаю, што ніякай правакацыяй, ніякай нават абразай нельга апраўдаць гэтага рускага рукапрыкладства і што тав. Дзяржынскі непапраўна вінаваты ў тым, што паставіўся да гэтага рукапрыкладства легкадумна.»[3] Але ўвесь гэты клопат аб нацыянальным раўнапраўі, як і было паказана пры дапамозе Б. Расэла, праяўляўся Ленінам дзеля адной асноўнай мэты: «варта пакінуць і ўмацаваць саюз сацыялістычных рэспублік; аб гэтай меры не можа быць сумнення. Яна нам патрэбна, як патрэбна сусветнаму камуністычнаму пралетарыяту для барацьбы з сусветнай буржуазіяй і для абароны ад яе інтрыг.» [3]
У часы грамадзянскай вайны калі не было разумення таго, якая партыя ўрэшце прыйдзе да ўлады бальшавікі не карысталіся такой абсалютнай папулярнасцю як пра гэта сцвярджала савецкая прапаганда. Давайце разгледзім працэс прыходу да ўлады бальшавікоў на прыкладзе Клімавіцкага раённага цэнтру, што ва усходняй Беларусі. Першы камуніст з’явіўся ў Клімавічах у снежні 1917 году. Ім быў марак-балтыец Стратонік Жбанкоў, які быў прызваны яшчэ ў царскую армію. Ён прымаў удзел у бальшавіцкім Кастрычніцкім перавароце пасля чаго прыехаў ствараць савецкую ўладу на малую радзіму.
У сваёй воласці, у Касцюковічах Жбанкоў утварыў рэўком, які абраў Жбанкова дэлегатам на губернскі з’езд саветаў, што праводзіўся ў Магілёве. Там Жбанкоў атрымаў мандат на 3-ці Усерасійскі з’езд саветаў. Вярнуўся Жбанкоў у Клімавічы ў лютым 1918. Па вяртанні ён аб’явіў, што бярэ на сябе ўладу ва ўсім павеце і паабяцаў у хуткім часе склікаць павятовы з’езд саветаў. У 115-ці кіламетрах ад Клімавічаў у мястэчку Унеча (зараз Бранская вобласць РФ) знаходзіўся бліжэйшы атрад чырвонай арміі. Жбанкоў звярнуўся з просьбай да камандуючага атрадам Шчорса, каб апошні дапамог са зброяй. Гэта просьба была задаволена. І ў бліжэйшыя дні ў Клімавіцкім павеце быў створаны атрад чырвонагвардзейцаў, у які ўвайшлі 9 чалавек. Крыху пазней быў скліканы павятовы з’езд саветаў, сярод дэлегатаў якога ў пераважнай большасці былі салдаты-франтавікі. І да вясны 1918 году колькасць бальшавікоў павялічылася да 7 чалавек. А да канца 1918 году партыйная арганізацыя налічвала ўжо каля 60 чалавек. У той час у Клімавіцкім павеце пражывала больш за 80 тысяч чалавек.
Далейшы лёс матроса Жбанкова быў звязаны з партыйнай працай. Спачатку ён перамяшчаецца ў суседні з Клімавічамі Чэрыкаўскі павет, дзе дапамагае тамтэйшым таварышам усталёўваць савецкаю ўладу. Потым ён працуе пад кіраўніцтвам Дзяржынскага ў ВЧК – АДПУ, пасля чаго быў заняты на адказных пасадах у Сібіры і ў Маскве.
А вось яшчэ некаторыя цікавыя вытрымкі з успамінаў іншага непасрэднага ўдзельніка тых падзей старшыні Клімавіцкага ЧК Ігната Марчанкі. «Прыбыў я ў студзені 1918 г. у сваю родную вёску Ерашоўка Клімавіцкага павета…Актыўна ўключыўся ў барацьбу за ўсталяванне савецкай улады… У ліпені 1918 году быў накіраваны ў Маскву на курсы агітатараў і палітынфарматараў…Хутка ад сістэматычнага недаядання я сур’ёзна захварэў. Калі вярнуўся на курсы, тав. Тэадаровіч сказала, што Клімавіцкі павятовы камітэт РКП (б) адклікае мяне дамоў.
Працуючы інструктарам павятовага выканкама, я актыўна ўдзельнічаў у канфіскацыі лішкаў хлеба, арганізоўваў тыдні дапамогі франтам…змагаўся з кулацтвам, бандамі «зялёных».
Маладыя і малаадукаваныя людзі, мы з пралетарскім пачуццём вызначалі сваю лінію паводзін…Ужо будучы старшынёй ЧК, мне давялося весці напружаную барацьбу з сіламі мясцовай контррэвалюцыі. Так, у чэрвені 1919 году ўспыхнула паўстанне заможных сялян Надзейкавіцкай і Соінскай воласцей, арганізаванае нейкім белабандытам Вайтыгам. Пазней паўсталі кулакі Міласлаўскай воласці. Тут былі разагнаны сельскія саветы, забіты некаторыя сельскія актывісты.» [5. c, 146-147]
Менавіта такім чынам усталёўвалася савецкая ўлада на Беларусі. Такая сітуацыя была характэрна і для іншых паветаў усходняй Беларусі. Усе т. з. «кулакі», усе банды «зялёных», усе гэтыя шматлікія і амаль недаследаваныя лакальныя антыбальшавіцкія паўстанні альбо ўжо падтрымлівалі пэўныя нацыянальныя партыі і рухі, альбо былі патэнцыйнай сілай, якая б далучылася да барацьбы за незалежнасць Беларусі.
Пра такое непазбежнае развіццё падзей, пра тое, што нацыяналістычныя рухі і антыбальшавіцкія настроі сярод сялянства ў перспектыве злучацца ў адну плынь адзначаў на прыкладзе Украіны Н. Трубяцкі: «Што тычыцца да насельніцтва Украіны, то вядомыя пласты гэтага насельніцтва спачуваюць не столькі тым канкрэтным формам, якія прымае ўкраінізацыя, колькі таму, што гэты рух з выгляду накіраваны да аддзялення ад Масквы, – ад Масквы камуністычнай: такім чынам, культурны сепаратызм на Украіне сілкуецца антыкамуністычнымі («дробнабуржуазнымі» па савецкай тэрміналогіі) настроямі вядомых колаў насельніцтва». [7] Зразумела, што ў разуменні еўразійца Трубяцкога гэта з’ява мела негатыўны характар, і таму ён імкнецца падкрэсліць і прыдаць значэнне толькі прагматычнаму, матэрыяльнаму аспекту нацыянальных настрояў сялянства.
Такім чынам, станаўленне дыктатуры камуністычнай партыі праходзіла ў надзвычай складаных абставінах, таму бальшавікам неабходна было паспрабаваць прыцягнуць да сябе хаця б частку нацыянальна настроенай эліты. І гэта ў іх у пэўнай ступені атрымалася. Некаторыя беларускія дзеячы пайшлі на супрацу з бальшавікамі і ўвайшлі ва ўладныя структуры БССР. Але потым шмат хто з іх быў рэпрэсаваны, некаторыя невытрымаўшы цкавання ўчарашніх калег і абвінавачанняў у нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі скончвалі жыццё самагубствам (па афіцыйнай версіі) як Ігнатоўскі, Чарвякоў.
Савецкі ўрад у 21-25 гадах дваццатага стагоддзя абвясціў амністыю сваім палітычным праціўнікам. Гэта быў час калі бальшавікі адышлі ад палітыкі ваеннага камунізму, увялі НЭП, дазволілі развівацца нацыянальным культурам савецкіх рэспублік. Шмат тых, хто эміграваў падчас грамадзянскай вайны пачалі вяртацца назад. Многія дзеячы беларускай эміграцыі натхніўшыся тымі дасягненнямі ў нацыянальным будаўніцтве, якія так рэкламавалі бальшавікі, ў ліку якіх быў пісьменнік, грамадскі і дзяржаўны дзеяч акадэмік АН БССР Жылуновіч (Цішка Гартны), вярнуліся ў савецкую Беларусь, паверыўшы у аб’яўленую амністыю. За гэты свой крок ім прыйшлося дорага заплаціць каму свабодай, а многім і жыццём. Вельмі хутка бальшавікі згарнулі праграму беларусізацыі, аб’явілі прыхільнікаў беларусізацыі нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі і амаль знішчылі беларускую нацыянальную эліту. Так было вырашана нацыянальнае пытанне, так на практыцы быў рэалізаваны падманны бальшавіцкі лозунг аб свабодзе народаў. Такім жа чынам, шляхам масавых рэпрэсій, быў рэалізаваны лозунг «зямля сялянам».
Адным з тых, хто паверыў бальшавікам быў Ф. Аляхновіч, выбітны беларускі пісьменнік, драматург, палітычны дзеяч. Аляхновіч прыехаў у савецкую Беларусь у 1926, яго арыштавалі праз пару месяцаў у 1927 годзе ў Менску і адправілі на Салаўкі. Адседзеўшы больш шасці гадоў, ён быў абмяняны савецкім урадам на Браніслава Тарашкевіча, які на той час адбываў пакаранне ў польскай турме. Вярнуўшыся ў Вільню, Аляхновіч здолеў напісаць кнігу ўспамінаў «У кіпцюрох ГПУ», у канцы якой апісаў падрабязнасці гэтага абмену.
«Я ўжо вырозьняваў твары людзей, якiя да нас падыходзiлi. Наперадзе йшоў нейкi высокi мужчына ў цывiльнай вопратцы. Зь iм – з двума палiцыянтамi па бакох – той, каго польскi ўрад абменьваў на мяне: Бранiслаў Тарашкевiч. У гэты мамэнт я адчуў ня толькi духовы, але й фiзычны кантраст памiж намi. Вязень “капiталiстычнага гаспадарства” меў на сабе прызваiты фiльцовы капялюш, добра скроенае восеньскае палiто, беззаганна вычышчаныя боты… Савецкi вязень iшоў у старэцкiм падзёртым кажуху на салавецкiм бушлаце…
Тарашкевiч iшоў, гледзячы на мяне зь ня выразнай усьмешкай на твары.
…Ён iз вастрогу пойдзе туды, дзе ўвесь вялiзарны край – гэта адзiн вялiкi вастрог, дзе думка чалавечая сьцiсьненая ў вабцугох савецкага абсурду, дзе ня толькi дзеяць i гаварыць, але й думаць i дыхаць трэба паводле аднаго, для ўсiх абавязковага шаблёну.» [1]
У гэтым урыўку сканцэнтравалася ўся сімвалічная трагічнасць Беларусі дваццатага стагоддзя. Трагічнасць гэта мае не адно вымярэнне. З аднаго боку не можа не ўражваць той факт, што Б. Тарашкевіч, пераходзячы савецкую мяжу, наіўна верыў у тое, што атрымлівае свабоду. Насамрэч ён патрапіў з турмы ў турму, крыху пазней, у 1937 ён быў арыштаваны, а праз сем месяцаў расстраляны. Такі кошт ілюзій. З іншага боку, нягледзячы на тое, што Аляхновіч атрымаў уласную свабоду, краіна, за незалежнасць якой яны абодва змагаліся, яшчэ доўгі час будзе заставацца пад акупацыяй, яшчэ доўга будзе служыць чужым інтарэсам. Абмен на тым мосце гэта трагічны сімвал, беларускага лёсу, калі больш моцныя дзяржавы быццам на нявольніцкім рынку абменьваюць сына на сына той зямлі, якою падзялі паміж сабой на кавалкі, і на якой не па праву пануюць.
Гэтак было, але нам, тым, хто ўжо прызвычаіўся да існавання незалежнай Беларусі, часам пачынае здавацца, што назад той час ужо не вернецца. Аднак гэта не так. І тыя кпіны, знявагі з усяго беларускага, украінскага з боку шавіністычна настроеных прарасійскіх сілаў пацвярджаюць гэты непакой. Напрыклад, наконт Украіны кажуць, што яна не адбылася як самастойная дзяржава, і ўказваюць пры гэтым на эканамічны, палітычны крызіс, якім, між іншым, Украіна шмат у чым абавязана Расіі. Сам цяперашні прэзідэнт Расіі В. В. Пуцін некалькі год таму пераконваў сваіх калег па «Вялікай васьмёрцы» (да таго як Расія была выключана з гэтага клубу), што Украіна – не дзяржава. Але калі б на падставе наяўнасці крызісу можна было адмаўляць дзяржавам у праве на існаванне, то атрымаецца, што Расія ўжо шмат разоў была не дзяржавай.
Наогул, на гэтую тэму – несапраўднасці Беларусі, Украіны, як незалежных краін – шмат спекуляцый, якія як правіла выкананы ў традыцыі беспадстаўных схаластычных разважанняў. Адна з іх сцвярджае, што беларуская нацыя ніколі не змагалася за незалежнасць у сваім поўным складзе да апошняга чалавека, што незалежнасць на беларусаў звальвалася задарма. Гэта абсалютна няслушныя сцверджанні. Трэба задацца пытаннем, а грамадзяне якой краіны ў час свайго нацыянальнага станаўлення аднагалосна падтрымалі незалежнасць і змагаліся за яе. Можа ЗША? Падчас вайны за незалежнасць там была немалая колькасць людзей, якія ўсяляк падтрымлівалі каралеўскую ўладу: «лоялісты», «торі», «прыхільнікі Караля». А можа грамадзяне Францыі, якая стала гэткім хрэстаматыйным прыкладам станаўлення нацый на еўрапейскім кантыненце, былі маналітна адзінымі ў сваёй адданасці прынцыпам новай Францыі – свабода, роўнасць, братэрства? Дык не, там былі свае прыхільнікі старога ладу «раялісты» і была цэлая правінцыя – Вандэя, якая паўстала супраць рэвалюцыі. Ну а Германія? Ці не «жалезам і крывёю» аб’ядноўваў нацыю канцлер Бісмарк? На прыкладзе найбольш вялікіх нацый становіцца зразумела, што фармаванне незалежных нацыянальных дзяржаў супярэчлівы і неадназначны працэс, гэта заўсёды барацьба пэўных ідэй і эліт. Па вялікаму рахунку змагацца за незалежнасць у сваім поўным складзе нацыя можа толькі тады, калі ўжо паўстала як незалежная нацыянальна дзяржава з сваім урадам, войскам.
Але не толькі шавіністычна настроеныя прарасійскія сілы ставяць пад сумнеў Беларусь як незалежную краіну і беларусаў як нацыю. Часам такія аргументы гучаць і з боку прадстаўнікоў дэмакратычнага, прагрэсіўнага еўрапейскага грамадства. «Расія некалі дазволіла краінам СССР стаць сувэрэннымі, а цяпер мае права захаваць сваю сфэру ўплыву», — такую заяву зрабіла ў Варшаўскім унівэрсытэце знакаміты францускі гісторык, сакратар Францускай акадэміі Элен Карэр д’Анкос, прадстаўляючы сваю новую кнігу «Шэсьць гадоў, якія зьмянілі сьвет. Падзеньне савецкай імпэрыі»… Сакратар Францускай акадэміі Элен Карэр д’Анкос — далёка ня першы інтэлектуал, які лічыць, што Францыя павінна ахвяраваць інтарэсамі малых постсавецкіх краінаў, каб захаваць добрыя стасункі з Расеяй.» http://www.svaboda.org/content/article/27357911.html
Відаць, свет яшчэ далёкі ад таго, каб на практыцы пачаць выконваць палажэнні прапісаныя ў статуце ААН аб тым, што нацыі маюць права на самавызначэнне, права якое рэалізоўваецца народамі знутры. Нам трэба ведаць, што аказваецца былыя імперыі маюць права на свае былыя калоніі на падставе таго, што некалі дазволілі калоніям стаць суверэннымі. Ва ўнісон з такімі заявамі, якую зрабіла сакратар Францускай акадэміі, расійскія па імперскі настроеныя інтэлектуалы, палітыкі, журналісты (а такіх на сёння пераважная большасць у расійскім істэблішмэнце), як мантру паўтараюць тэзіс аб тым, што Расія мае права на свае геапалітычныя інтарэсы. А мы – Беларусь, Украіна, Малдова і інш. – значыць, не маем сваіх геапалітычных інтарэсаў. Пры такіх ідэалагічных падыходах заходнія інтэлектуалы і вокам не маргнуць, не пашавеляць і пальцам, калі Расія адважыцца на далейшую эскалацыю канфлікту з Украінай, калі пачне рэалізоўваць свае тэарэтычныя ўстаноўкі аб тым, што мы фэйкавыя дзяржавы, якім належыць вярнуцца ва ўлонне «рускага свету».
Тэзіс аб тым, што Беларусь не сапраўдная дзяржава, нацыя, якую прыдумалі бальшавікі не мае пад сабой ніякіх падстаў. Трансліраваць і паўтараць яго могуць толькі людзі, якія не ведаюць гісторыю, забываюць тую складаную сітуацыю, у якой фармаваліся нацыі і нацыянальныя дзяржавы пасля развалу расійскай імперыі і дзесяцігоддзі да гэтага. Калі яны з пазіцый рускага нацызму пачынаюць сцвярджаць, аб тым, што беларусаў прыдумалі бальшавікі, ім напэўна здаецца, што палітычная сітуацыя ў Савецкім Саюзе была заўсёды такой адназначнай і непахіснай, якой яна была ў часы сталай сталінскай дыктатуры заснаванай на тэроры супраць народаў. Да гэтай катэгорыі нацыял-імперыялістаў трэба дадаць працаўнікоў расійскай прапаганды і салдатаў інфармацыйнай вайны, якія за пэўную фінансавую ўзнагароду напаўняюць ілжывымі імперскімі, антыдэмакратычнымі тэзісамі інтэрнэтпрастору. Ні першая, ні другая катэгорыі ні думаць, ні ведаць не жадаюць, што Беларусь – гэта суверэнная дзяржава, а беларусы – нацыя, якая паўстала ў барацьбе з імперыяй на права існавання. Яны не хочуць ведаць, што насамрэч бальшавікі скарысталіся нацыянальнымі рухамі, а не стварылі іх. І што па вялікаму рахунку, ім не крытыкаваць трэба Леніна, а ўхваляць яго тактыку, бо адносна гнуткая палітыка ў дачыненні да нацыянальных рэспублік, паспрыяла таму, што Расійская імперыя, толькі ўжо ў выглядзе СССР, пратрывала яшчэ 70 год да аднаго з сваіх чарговых развалаў.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1. Аляхновіч,Ф. У капцюрох ГПУ. http://knihi.com/Francisak_Alachnovic/U_kapciuroch_HPU.html
2. Бердяев Н. Интернационализм, национализм и империализм. М., 1917.
3. Ленин В. И К вопросу о национальностях или об “автономизации». http://revarchiv.narod.ru/vladimilitch/lenin45/avtonomisazia.html
4. Лоскій М. А. Украинский и белорусский сепаратизм. http://belaya-russia. narod.ru/civis/separatizm.htm
5. Памяць: Гiсторыка-дакументальныя хронiкi гарадоў i раёнаў Беларусi. Клiмавiцкi раён [Климовичский район] / Рэд.-уклад. Г. Л. Напрэеў; Рэдкал.: В. І. Аўдзеева, Р. I. Маслоўскi і інш. Мiнск: Унiверсiтэцкае, 1995. 647 с.
6. Рассел, Б. Практика и теория большевизма. М.: «Наука», 1991. 124 с.
7. Трубецкой Н.С. К украинской проблеме. [Электрон. ресурс]. – Режим доступа: http://oboguev.tripod.com/nstukr.htm
Alexander Kasho: History of false thesis that Belarus is a quasistate, the nation invented by Bolsheviks
(Abstract, magazine “CULTURE, NATION”, December 2015, issue 12, pp. 8-22)
One of the theses of the modern Russian information war against its neighbors is the idea that Belarus and Ukraine are quasistates, the nations invented by Bolsheviks. The analysis of the national question in Russia after the October Revolution, inclusively with the thoughts of Lenin, Rosa Luxemburg, Bertrand Russell, is presented. It is alleged that the positive steps of the Bolsheviks towards the national question (self-determination of nations, later belarusizatsyja) were due to the weakness of the Bolshevik government and Lenin aspirations that the national movements may be temporary allies in the fight for the world proletarian revolution. An example of the establishment of the Bolshevik power in Kostyukovichskij region of Belarus with the participation of comrade Zhbankov in conditions of nationalist movements and anti-Bolshevik sentiments is presented. The views of Berdyaev, Trubetskoy, Loskij and other Russian and non-Russian (Hélène Carrère d’Encausse) intellectuals who denied the right of the Ukrainian and Belarusian peoples to independent existence are critisized. All of this type people do not think and do not want to know that Belarus is the sovereign state, and Belarusians is the nation that has emerged in the fight against the empire for the right to existence.
Categories: Зьнешнія адносіны, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ