Як прайшла закрытая «гульня Мацкевіча»

Кныровіча «распялі», але ён кажа, што яму спадабалася.

Уладзімір Мацкевіч

Пяць дзён у дарагім гатэлі ў польскіх Татрах, больш за шэсцьдзясят удзельнікаў, працоўныя групы, пленарныя паседжанні, лекцыі Уладзіміра Мацкевіча, спрэчкі на павышаных танах, вячэрнія размовы ў бары, саўна, більярд — і вялікае пытанне на выхадзе: ці стала «гульня Мацкевіча» пачаткам новай стратэгіі беларускіх дэмакратычных сіл ці проста дарагім рэтрытам?

2 мая скончылася пяцідзённая арганізацыйна-дзейнасная гульня, ініцыяваная метадолагам і былым палітвязнем Уладзімірам Мацкевічам. Некаторыя ўдзельнікі падзяліліся ў сацсетках захопленымі ўражаннямі, але на простае пытанне «што канкрэтна адбылося?» і якія вынікі адказвалі туманна і загадкава: «гэта складана растлумачыць», «хто не гуляў, наўрад ці зразумее». 

Уладзімір Мацкевіч кажа пра вынік асцярожна, але ўпэўнена: гульня «ўжо працуе». Удзельнікі, з якімі мы паразмаўлялі, больш стрыманыя. Яны кажуць пра карысць для сябе, новыя кантакты і тое, што людзі нарэшце змаглі пагаварыць не ў фэйсбуку, дзе ўсе адзін аднаго абражаюць, а твар у твар. Але галоўнага, чаго чакалі звонку, — агульнай стратэгіі ці плана дзеянняў — пасля гульні няма.

Усе гавораць, што нешта адбылося. Але што? Разбіраемся з тымі, хто там быў.

Не канферэнцыя, не семінар і, магчыма, нават не гульня

Фармальна гэта называлася арганізацыйна-дзейнаснай гульнёй. Яе заяўленая тэма — пошук стратэгіі для запуску працэсаў трансфармацыі ў Беларусі і кіравання імі. Але самі ўдзельнікі кажуць: «гульні» там амаль не было.

Практычная частка гульні будавалася вакол працы ў групах. Спачатку, паводле Мацкевіча, групы былі сфармаваныя па ягоным плане: тры дні ўдзельнікі працавалі ў зададзеных ролях і рамках, каб «увайсці ў праблемнае поле».

Блогер і актывіст Мікола Дзядок апісвае фармат як сумесь брэйнштормінгу, семінараў, дыскусій і лекцый.

Мікола Дзядок у Вільні, 14 верасня 2025 г. Фота: spring96.org

«Нас сабралася 60 з лішнім чалавек, і ўсе разбіліся на групы. Спачатку гэта былі групы, якія абмяркоўвалі тэарэтычную рамку праблемы: адны выступалі як стэйкхолдары, другія — як бенефіцыяры, трэція — як ацэншчыкі. У кожнай групе быў гульнявы тэхнік, які задаваў рамку дыскусіі. Праца ў групах чаргавалася з лекцыямі Мацкевіча і агульнымі паседжаннямі, дзе ўсе прэзентавалі свае даклады», — распавядае Дзядок.

Ён дадае, што гульнявога моманту асабліва не пабачыў, хутчэй — інтэнсіўная групавая праца, у якой людзі спрабавалі зразумець, хто куды рухаецца.

Старшыня рады Цэнтра новых ідэй Антон Раднянкоў апісвае гульню як пяцідзённую стратэгічную сесію ў шырокім фармаце. Паводле яго, пра праграму такой падзеі цяжка расказаць коратка: яна ўвесь час складалася з чаргавання працы ў групах і агульных абмеркаванняў.

«Спачатку быў прапанаваны спіс груп — напрыклад, група аналітыкаў. Калі ты лічыш, што ты аналітык, ідзеш у групу аналітыкаў. Потым праца ў групах чаргавалася з пленарнымі пасяджэннямі: групы выходзілі і прэзентавалі тое, што напрацавалі. Па сутнасці пяць дзён прайшлі ў такім рытме: пагаварылі ў групе, выйшлі на пленар, вярнуліся ў групу — і так да самага канца», — распавядае Раднянкоў.

Бізнесмен і былы прадстаўнік Каардынацыйнай рады Аляксандр Кныровіч кажа, што фармат быў нестандартны. Не канферэнцыя, не навучанне, не семінар з адным лідарам і гатовай тэмай, а «стварэнне агульнай рамкі» для працы шасцідзесяці людзей, якія нікому не падпарадкоўваюцца.

«Першыя тры дні сышлі проста на тое, каб зразумець адно аднаго і настроіцца адзін на аднаго. Для такога вялікага калектыву, дзе няма начальнікаў і падначаленых, гэта, здаецца, неабходны працэс», — кажа Кныровіч.

Пасля першых трох дзён першапачатковыя групы распусцілі, і ўдзельнікі пачалі аб’ядноўвацца самі — ужо вакол людзей, якія мелі свае прапановы і бачанне далейшых дзеянняў.

«Яны стваралі свае працоўныя групы. Яны складаліся вакол людзей, якія мелі грунтоўныя прапановы і набіралі сабе тых, з кім працягваць працу наступныя два дні», — тлумачыць Мацкевіч.

Адным з тых, каго ён асобна адзначыў, быў сацыёлаг Генадзь Коршунаў. Паводле Мацкевіча, Коршунаў стаў найбольш заўважнай фігурай з людзей, звязаных з Офісам Святланы Ціханоўскай, хоць афіцыйна Офіс на гульні прадстаўлены не быў.

«Генадзь Коршунаў унёс вельмі канструктыўную плынь у гульню. І, здаецца, пасля гульні таксама будзе выкарыстоўваць напрацаванае. Ён нават хоча працягнуць працу сваёй працоўнай групы, якая склалася», — сказаў Мацкевіч.

Што менавіта будзе рабіць гэтая група і вакол якой тэмы яна склалася, пакуль незразумела. Сам Мацкевіч кажа, што пасля гульні частка ўдзельнікаў працягвае нешта абмяркоўваць у асобных чатах і суполках, але не ўсё адбываецца праз яго і не ўсё ён ведае. 

Хто быў і каго не было

Сам Мацкевіч называе гульню «паноптыкумам», месцам, дзе ўсё бачна. Паводле яго, на ёй былі прадстаўленыя амаль усе плыні беларускай думкі і грамадскай супольнасці — не заўсёды лідарамі, але людзьмі з розных асяродкаў.

«Гэта спарадзіла вельмі эмацыйны выбух паміж удзельнікамі ў першыя дні. Эмацыйная напружанасць трымалася ўсе дні працы», — кажа ён.

Паводле ўдзельнікаў, Мацкевіч спрабаваў зрабіць склад максімальна шырокім. Але атрымалася не поўная карціна дэмакратычнага руху, а яго вялікі, але ўсё ж фрагментарны зрэз.

Дзядок ацэньвае прадстаўленасць прыкладна на 60—70%.

«Лепш за ўсё была прадстаўлена фракцыя бабарыканцаў. У мяне склалася ўражанне, што яны прыехалі ў поўным складзе і былі вельмі актыўныя», — кажа ён.

На гульні, паводле Мацкевіча, былі Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава. Яны прапусцілі адзін дзень праз паездку на Кіпр, але ў астатні час удзельнічалі ў працы. Быў Іван Краўцоў, былі прадстаўнікі розных грамадскіх і палітычных групаў, прадстаўнікі структур, звязаных з вайсковым і парамілітарным кірункам. 

Віктар Бабарыка. Фота: «Наша Ніва»

Мацкевіч асобна падкрэслівае: побач з вядомымі ўдзельнікамі на гульні былі і людзі без статусаў — з суполак палітвязняў, а таксама тыя, хто цяпер сутыкаецца з праблемамі выжывання ў эміграцыі.

«То-бок голас бенефіцыяраў палітычных праграм на гульні быў і гучаў», — кажа Мацкевіч.

Паводле яго, для гэтага нават была створаная асобная група, і яна ўплывала на ход абмеркаванняў на працягу ўсіх пяці дзён. 

Антон Раднянкоў падкрэслівае, што ўдзельнікі былі вельмі розныя, з розным досведам і рознымі каштоўнаснымі пазіцыямі.

«Мне падаецца, арганізатары і сам Мацкевіч спрабавалі запрасіць як мага шырэйшае кола, а не толькі сваіх прыхільнікаў. Падчас рэфлексій часта гучала, што людзі ехалі з сумневамі. Гэта для мяне сведчанне, што прыехалі не фанаты Мацкевіча — прынамсі, не ўсе», — кажа ён.

Святлана Ціханоўская асабіста не ўдзельнічала, але даслала 21‑хвіліннае відэавітанне. Паводле Мацкевіча, у ім яна акрэсліла шэсць праблем для абмеркавання. Сяргей Ціханоўскі, якога раней называлі сярод магчымых удзельнікаў, не прыехаў. Не было таксама Паўла Латушкі і яго паплечнікаў. Але з Аб’яднанага пераходнага кабінета былі Вольга Зазулінская і Вадзім Кабанчук. Паводле Дзядка, не было таксама і «Белпола». І менавіта адсутнасць часткі ключавых гульцоў стала адным з аргументаў крытыкі гульні.

Прадстаўнік «Белпола» Уладзімір Жыгар, якога запрашалі, але які не паехаў, патлумачыў гэта так: склад удзельнікаў ужо сам па сабе ставіў пад сумнеў гэта мерапрыемства.

«Калі сярод удзельнікаў штаб Бабарыкі, блок Пракоп’ева — Ягорава і «Кааліцыя за вызваленне палітвязняў», гаварыць пра «сумесную стратэгію» неяк зусім несур’ёзна. І губляць на такое тыдзень таксама не вельмі хочацца», — сказаў Жыгар.

Пра што спрачаліся

На гульні абмяркоўвалі цяперашні стан і стратэгіі будучыні дэмакратычнага сектару, адносіны з рэжымам, санкцыі, нацыянальны дыялог, вайну, 2020 год, ролю розных структур, будучыню Беларусі пасля Лукашэнкі. 

Паводле ўдзельнікаў, гульня не была спробай усіх хутка памірыць, а хутчэй наадварот — вынесці канфлікты наверх. Адным з прынцыповых канфліктаў Уладзімір Мацкевіч называе пытанне стаўлення да 2020 года.

«У мяне быў публічны канфлікт з Іванам Краўцовым: што рабіць са спадчынай 2020-га? Перагарнуць старонку і забыцца пра супярэчнасці? Ці ўсё ж такі трэба дакапацца да іх глыбіняў і толькі пасля гэтага зняць гэтыя рэчы?» — кажа Мацкевіч.

Іншая вялікая тэма — ці можна будаваць новую Беларусь, выключаючы з гэтага працэсу тых, з кім не хочацца мець справу.

«Жаданне выключаць кагосьці сёння амаль ва ўсіх прысутнічае. З аднымі не будзем працаваць, з другімі не будзем працаваць. А з кім застанёмся? Будаваць Беларусь для невялічкай суполкі аднадумцаў немагчыма», — тлумачыць Мацкевіч.

Ён называе адным з галоўных вынікаў гульні паварот «ад расцярушвання розных плыняў да інклюзіўнасці», калі ўдзельнікі пачалі ўлічваць тых, каго раней выключалі са свайго поля дзейнасці.

Але такая методыка не ўсім была камфортная. Мікола Дзядок кажа, што спрэчак было вельмі шмат, і, на яго думку, Мацкевіч іх свядома падаграваў.

«Былі павышэнне голасу, абразы, крыкі, размовы на павышаных танах. Гэта не прывяло да вялікага скандалу, але мне асабіста такое не падабаецца. Я лічу, што нам трэба працаваць над павышэннем культуры дыскусіі, а не над паніжэннем», — кажа Дзядок.

Пры гэтым ён прызнае: нейкія старыя канфлікты сапраўды пачалі згладжвацца.

«Людзі, якія здаваліся несумяшчальнымі, пачалі кантактаваць. Нават я пайшоў у працоўныя групы да людзей, якія займаюць больш кампрамісныя пазіцыі, і пабачыў, што ў мяне з імі не так шмат супярэчнасцяў, як здаецца, калі чытаеш загалоўкі СМІ», — кажа ён.

«Кабанчук і Калеснікава гадзіну здымалі супярэчнасці»

Самым яркім прыкладам нечаканага збліжэння Мацкевіч называе размову паміж Вадзімам Кабанчуком і Марыяй Калеснікавай.

«Кабанчук і Калеснікава гадзіну на вачах сваёй працоўнай групы здымалі супярэчнасці і дамаўляліся. Я лічу, што гэта нядрэнны вынік», — кажа Мацкевіч.

Праўда, што менавіта яны ўзгаднілі і ці ператворыцца гэта ў штосьці больш канкрэтнае, пакуль невядома. І сам Мацкевіч прызнае: эмоцыі могуць сысці, а вось ці застанецца нешта акрамя іх — пакажа час.

Кныровіча «распялі». Ён кажа, што гэта было карысна

Аляксандр Кныровіч прыехаў на гульню без вялікіх чаканняў. Яго запрасіў Андрэй Ягораў, і Кныровіч кажа, што паехаў з даверу, маўляў, гэты чалавек «глупства не параіць».

Аляксандр Кныровіч. Скрын відэа: TOK_talk / YouTube

На гульні ён выступаў у ролі візіянера — чалавека, які спрабуе гаварыць не толькі пра тое, як прыбраць Лукашэнку, але і пра тое, якой можа быць Беларусь пасля яго.

«Проста зрынуць Лукашэнку, дачакацца яго смерці ці адправіць у Гаагу — гэта вельмі мала для сённяшняй размовы з беларусамі. Нам трэба гаварыць пра тое, якой будзе краіна пасля», — кажа Кныровіч.

Ён узняў тэму новай мовы для размовы з беларусамі. Паводле яго, цяперашняя палітычная і журналісцкая мова часта адлюстроўвае раскол 2020 года, хаця цяпер ужо 2026‑ы, і сітуацыя іншая. У адной з працоўных груп з’явілася слова «насустрачнасць» як антытэза раздзяленню.

Асобны эпізод — яго выступ у ролі «ўмоўнага палітыка».

«Я сказаў: давайце будзем лічыць мяне ўмоўным палітыкам. І шчыра прапанаваў: я гатовы быць распятым, давайце патрэніруемся на мне. У выніку атрымаў паўтары гадзіны крытыкі. Адчуваў сябе як баксёр, якога ўсе разам збілі», — кажа Кныровіч.

Але, паводле яго, гэта было карысна: і для яго, і для іншых, бо з’явілася «бяспечная магчымасць сказаць адно аднаму праўду».

Мацкевіч гэты эпізод апісвае яшчэ больш тэатральна: Кныровіча «забілі як палітыка ў гульнявым варыянце», а на наступны дзень ён «уваскрос» ужо з іншымі падыходамі.

Што ў выніку?

Галоўнае пытанне пасля гульні простае: што атрымалася?

Калі адказваць бюракратычна — нічога канкрэтнага і канчатковага. Няма агульнай стратэгіі, няма падпісанага дакумента, няма размеркаваных роляў і тэрмінаў. І Дзядок называе гэта сакрэтам Палішынэля.

«Нейкай агульнай стратэгіі, абавязковай для ўсіх, не было распрацавана. Ды наўрад ці гэта сёння магчыма», — кажа ён.

Кныровіч таксама лічыць, што чакаць дакумента на 50 старонак з 60 подпісамі было б завышаным чаканнем.

«За гэтыя дні нельга выпрацаваць адну стратэгію, знайсці пад яе рэсурсы і размеркаваць ролі паміж 60 самастойнымі людзьмі. Гэта было б немагчыма. Але адбылося максімум таго, што было магчыма: людзі пачулі і зразумелі адно аднаго», — кажа ён.

Паводле яго, у большасці ўдзельнікаў ёсць разуменне, што трэба рухацца не ў бок «дабіць, дадушыць, нагнуць рэжым», а ў бок дээскалацыі, нацыянальнага дыялогу і будучага прымірэння. Пры гэтым Кныровіч падкрэслівае: гэта не значыць, што ўсе сталі «хобітамі з заплюшчанымі вачыма» і хочуць «зноў сябраваць». На гульні абмяркоўвалі і рызыку вайны, і неабходнасць мець сілу, каб страхавацца ад небяспечных сцэнароў.

Паводле яго, ідэальным быў бы варыянт, калі б на гульню прыехалі прадстаўнікі ўсіх грамадска-палітычных структур. Тады працэс, магчыма, ішоў бы цяжэй, але вынік быў бы больш якасным. А так, кажа Кныровіч, ужо цяпер намячаецца сэнсавае раздзяленне паміж тымі, хто ўдзельнічаў, і тымі, хто вырашыў не ехаць.

Дыскусіі, паводле Антона Раднянкова, часам былі жорсткія і вельмі прамыя. Але галоўнае, што ён пабачыў, не канфлікты, а разгубленасць унутры сектара.

«Шмат у каго ў сектары назіраецца разгубленасць, адчуваецца страта разумення, хто і што робіць. Але тое, што так шмат людзей прыехалі на тыдзень, для мяне сведчанне таго, што ў нашым дэмакратычным сектары ёсць жаданне падумаць і пагаварыць пра агульную стратэгію», — кажа Раднянкоў.

Паводле яго, за апошнія два-тры гады падобных спробаў сабраць шырокую стратэгічную сесію амаль не было.

Што да эфектыўнасці гульні, Антон Раднянкоў ацэньвае яе асцярожна. Ён не чакаў, што за пяць дзён паўстане агульная стратэгія для ўсіх.

«Мы ўсе даволі розныя. Я не разлічваў, што будзе нейкая супольная стратэгія. Але свае задачы — хутчэй, прафесійнага кшталту, нэтворкінг, магчымасць пагаварыць з людзьмі і засінхранізавацца — я выканаў», — кажа ён.

Пры гэтым ён заўважыў, што частка ўдзельнікаў з’ехала з гульні натхнёнай.

«Калі напачатку большасць была з нізкай энергіяй і з планамі, якія не выглядалі асабліва эфектыўнымі, то ў канцы ў часткі групы энергія павысілася», — кажа Раднянкоў.

Мацкевіч жа чакае ад гульні большага. Ён кажа, што пасля яе мусіць з’явіцца «рамка праграмы дзеянняў». Ён сам плануе яшчэ як мінімум месяц апрацоўваць напрацаванае, каб вынесці гэта ў тэкст ці прапанову.

Але для яго важней не дакумент, а тое, што на гульні, паводле яго, «вымалявалася ядро» — група актыўных і ўплывовых людзей, здольных прапанаваць агульную рамку руху.

«Гэта не пра стартапы і не пра праекты. Гэта пра стратэгію. Пра тое, каб паўстала ядро з найбольш актыўных гульцоў, якія будуць здольныя рухаць усё ў адным кірунку», — кажа Мацкевіч.

Хто ўваходзіць у гэтае ядро, ён не раскрывае: маўляў, яны самі павінны пра сябе сказаць.

«Гэта проста адзін з дарагіх рэтрытаў»

Калі шукаць канкрэтны вынік гульні, то ён, па словах удзельнікаў, пакуль не палітычны, а чалавечы. Людзі, якія гадамі сварыліся ў інтэрнэце, апынуліся ў адным гатэлі, за аднымі сталамі, у адных групах і ў адным бары пасля дзесяці вечара.

«Пасылаць адно аднаго на тры літары ў інтэрнэце, крычаць «здраднік», «дурань», «прадаўся КДБ» — гэта адно. А калі людзі сядзяць побач, снедаюць, абедаюць, вячэраюць, размаўляюць пасля дзесяці вечара ў бары — межы сціраюцца. Становіцца бачна, што ў нас больш агульнага, чым адрознага», — кажа Дзядок.

Кныровіч таксама называе галоўным вынікам стварэнне атмасферы даверу і павагі.

Праўда, «атмасфера даверу» — вельмі зручны вынік для мерапрыемства, якое пакуль не можа прад’явіць нічога больш вымернага. Яе немагчыма праверыць звонку, складана ацаніць і лёгка пераблытаць з эфектам закрытай інтэнсіўнай тусоўкі, дзе людзі пяць дзён жывуць у адной прасторы, мала спяць і шмат гавораць пра вялікія сэнсы.

Сам Кныровіч прызнае, што ўмовы былі вельмі добрыя.

«Гэта былі абсалютна цудоўныя ўмовы. Я не п’ю ўжо два месяцы, таму мой вячэрні нэтворкінг выглядаў як басейн і саўна. Але пасля дзесяці вечара нэтворкінг актыўна адбываўся, таму недасып быў хранічны», — кажа ён.

У сваю чаргу Антон Раднянкоў адказвае на скепсіс пра падабенства гульні на «дарагі рэтрыт». Паводле яго, рэтрыту ў звыклым сэнсе не атрымалася: удзельнікі пачыналі працу а дзявятай раніцы і заканчвалі мінімум а дзявятай вечара, а ў апошні дзень — каля 23:30.

«Ці патрэбны такі фармат? Залежыць ад задач. У цэлым у нейкі перыяд дэмакратычным сілам варта збірацца і абмяркоўваць такія рэчы. Колькасць людзей, грошы і месца — гэта ўжо пытанні да арганізатараў. Але, шчыра кажучы, за апошнія пяць гадоў было столькі розных дарагіх рэтрытаў, што гэты — проста адзін з іх», — кажа Раднянкоў.

Для яго галоўная выснова гульні — не ў тым, што з’явілася гатовая стратэгія, а ў тым, што стаў відавочны стан самога сектара.

«Я пабачыў, што ёсць не толькі запыт на стратэгію, але і фрустрацыя ад непаразумення. У многіх асабісты крызіс, у многіх крызіс арганізацыі. Людзі спрабуюць знайсці нейкі выхад, адказ, матывацыю, сілу, энергію. Нехта гэтую энергію знайшоў», — кажа ён.

І дадае: а вынікі — гэта ўжо індывідуальная гісторыя кожнага.

Што будзе далей

Вакол гульні ад пачатку было шмат спрэчак. Мацкевіч кажа, што нічога нікому не навязвае, не стварае секту і не задае палітычны кірунак.

«Я не палітык. Я метадолаг і культурны палітык. Я мяняю поле арыенціраў, а людзі самавызначаюцца. Адзін з галоўных прынцыпаў гульні — свабода самавызначэння», — кажа ён.

Уладзімір Мацкевіч упэўнены: гульня не пройдзе бясследна, на ёй нарадзілася нешта важнае.

«Я мог бы сказаць з імпэтам: змены будуць. І па досведзе гульняў я ведаю гэта амаль на 100%. Іншая справа, ці будуць людзі разумець, што прычына гэтых зрухаў — менавіта гульня. Але гульня не адбылася бясследна. Яна ўжо працуе», — кажа ён.

Дзядок чакае не хуткага публічнага выніку, а «падводнага інстытуцыйнага зруху» ў адносінах у дэмруху. Калі хоць дзясятая частка агучаных ідэй будзе рэалізаваная, ён ужо лічыць гэта добрым вынікам.

Кныровіч кажа, што для яго асабіста гульня дала адчуванне шырэйшага поля падтрымкі. Ён плануе працягваць працу над цыклам «Пасля Лукашэнкі» і разважаць пра прапановы дэмакратычных сіл для будучай Беларусі.



Categories: Асьвета, Культура, Мараль, Нацыя Беларусы, Нацыя прачынаецца

Пакінуць каментар