Калоны ў гонар Канстытуцыі 3 мая на Беларусі — міф, які ходзіць здаўна

Штогод у пачатку мая Польшча адзначае як нацыянальнае свята дзень прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791 года. У польскамоўных паблікаў, а ўслед за імі і ў беларускіх, масава з’яўляюцца допісы пра калоны, пастаўленыя па ўсёй тэрыторыі Беларусі ў гонар гэтай гістарычнай падзеі. Але такая калона ўсяго адна.

Калона паміж вёскамі Скокі і Матыкалы Брэсцкага раёна, якую залічваюць у лік «калон 3 Мая»

Гісторыя гучыць надзвычай рамантычна і патрыятычна: нібыта мясцовыя магнаты масава ставілі такія манументы ў знак пратэсту супраць падзелаў Рэчы Паспалітай.

А калі пачаць шукаць інфармацыю пра «калоны Канстытуцыі 3 мая», якія можна знайсці ў Антопалі, Бездзежы, Асошніках, Песках ды іншых вёсках, то ўсе спасылкі вядуць да адной-адзінай крыніцы — хоць сама гэта гісторыя ходзіць здаўна і з’явілася раней за згаданую ніжэй кнігу.

Гэта кніга-каталог пад назвай «Калоны Славы ў гонар Канстытуцыі 3 Траўня», аўтаркай якой з’яўляецца дыпламатка Эльжбета Інеўска (Elżbieta Iniewska) — на той момант супрацоўніца пасольства Польшчы ў Мінску.

Вокладка каталога «Калоны Славы…», які беспадстаўна залічыў усе мемарыяльныя капліцы і слупы ў лік помнікаў у гонар Канстытуцыі 3 Мая

Кніга была выдадзена ў 2017 годзе мінскім выдавецтвам «Галіяфы» невялікім накладам у 500 асобнікаў на трох мовах пры фінансавай падтрымцы польскага боку. Падчас прэзентацыі выдання тагачасны пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік і сама аўтарка заяўлялі, што на тэрыторыі Беларусі магло быць створана «да 300 такіх аб’ектаў», з якіх яны «адшукалі» каля 17. У 2019 годзе пабачыла свет другое, дапоўненае выданне кнігі.

Паводле версіі Інеўскай, усе гэтыя слупы і каплічкі — гэта заканспіраваныя помнікі Канстытуцыі. А тое, што на іх няма ніякіх адпаведных шыльдаў, аўтарка тлумачыла тым, што мясцовыя жыхары пазней пераназывалі іх у гонар святых, напрыклад, Арханёла Рафаіла ў Скоках ці Маці Божай у Вістычах, каб уратаваць ад разбурэння расійскімі ўладамі.

Цяпер гэта інфармацыя гуляе з аднаго навуковага артыкула ў іншы, а беларуская ініцыятыва па аблічбоўцы спадчыны XRAYTOURS нават стварыла серыю «канстытуцыйных» калон да свята, упрыгожыўшы адну з іх гербам «Пагоня».

Што кажуць даследчыкі?

Гэтая прыгожая канспіралагічная тэорыя не вытрымлівае крытыкі прафесійнай супольнасці. Беларускія даследчыкі архітэктуры і гісторыкі звяртаюць увагу на тое, што кніга грунтуецца на здагадках, а не на гістарычных крыніцах.

Архівіст і краязнавец Зміцер Юркевіч называе выданне «зборнікам міфаў і прыгожа ўпакаванай хлусні»:

«Палякі далі грошы, нашы з радасцю надрукавалі. І задурылі галаву беларусам. У Польшчы, дарэчы, аніводнай такой калоны не знайшлі. Гэта смешна, каб у ВКЛ (і толькі на тэрыторыі сучаснай Беларусі) панаставілі гэтых калон, а Літва і Польскае Каралеўства такую падзею праігнаравалі. Правярайце ўсё, што пішуць».

Краязнаўца Кастусь Шыталь таксама катэгарычна абвяргае масавасць гэтай з’явы:

«Няма ніякіх гістарычных крыніц аб існаванні на тэрыторыі Рэчы Паспалітай калон, узведзеных у гонар Канстытуцыі, па-за адной калонай у Лявонпалі над Дзвіной. Такія слупавыя пабудовы часцей за ўсё былі сакральнымі аб’ектамі».

Дык чым жа з’яўляюцца гэтыя загадкавыя аб’екты насамрэч? Большая частка — гэта класічныя прыдарожныя каплічкі са скульптурамі святых унутры. Некаторыя іншыя — даўнія межавыя знакі, якія пазначалі межы шляхецкіх уладанняў.

Некаторыя сапраўды пастаўлены на ўшанаванне, але не Канстытуцыі 3 мая, а канкрэтных асоб, нярэдка — на могілках. Краязнаўцы адзначаюць, што па тых прыкметах, па якіх іншыя манументы запісваліся ў «канстытуцыйныя», мог бы быць запісаны і абеліск у Баярках Лідскага раёна, які найхутчэй пастаўлены ў гонар харунжага Юзафа Філіповіча, бо мае дакладную копію з шыльдай у яго гонар у вёсцы Калдычэва Баранавіцкага раёна, дзе ў Філіповіча таксама быў маёнтак.

Манументальны абеліск па ўсіх крытэрыях ідэальна ўпісваецца ў шэраг іншых «калон 3 Мая», праўда, каму ён прысвечаны добра вядома, дый могілкі не найлепшае месца для ўшанавання Канстытуцыі. Фота: laszlo_andrzej

Адзінае выключэнне — Лявонпаль

Сярод усёй масы «калон 3 мая» ёсць толькі адна сапраўдная. Яна знаходзіцца ў вёсцы Лявонпаль Мёрскага раёна Віцебскай вобласці, на высокім беразе Дзвіны. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай менавіта па Дзвіне праходзіла мяжа з Расіяй. 

Калону ў Лявонпалі ў 1791 годзе, год прыняцця Канстытуцыі, паставіў уладальнік маёнтка Ян Нікадзім Лапацінскі. Пра гэта захаваліся дакладныя дакументальныя звесткі і нават цытаты самога фундатара, які пісаў:

«Умысліў я ўвекавечыць тут, на рубяжы Рэчы Паспалітай, перад абліччам грознага ворага нашага — вялікую справу Канстытуцыі 3 Мая… загадаў вымураваць слуп высокі… каб быў здалёк бачны няшчасным братам нашым за кардонам і надзеяй сэрцы іх мацаваў».

Рэканструкцыя арыгінальнага выгляду мемарыяльнай калоны ў Лявонпалі, выкананая архітэктарам Раманам Забелам, гістарычны фотаздымак да рэканструкцыі 1930‑х гг. і сучасны стан

Ужо ў 1793 годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай і Лявонпаль апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. 

Варта адзначыць, што нават лявонпальская калона сёння выглядае не зусім так, як у XVIII стагоддзі — яе цяперашні спрошчаны выгляд з’яўляецца вынікам утылітарнага рамонту, які быў праведзены ў 1930‑я гады ў міжваеннай Польшчы. Але яна хаця б сапраўды мае дачыненне да гістарычнай падзеі.



Categories: Асьвета, Гісторыя, Зьнешнія адносіны, Нацыя Беларусы

Пакінуць каментар