Этнацыд беларусаў: «А 4‑й гадзіне ночы мы зразумелі, што серверы анлайн-бібліятэкі «Камунікат» проста вычышчаныя». Яраслаў Іванюк расказаў падрабязнасці.

Сёння ноччу адбылася хакерская атака на беларускую інтэрнэт-бібліятэку Kamunikat.org.

У інтэрв’ю Радыё Свабода кіраўнік праекта Яраслаў Іванюк назваў тое, што адбылося ў ноч на 7 мая з серверамі выдавецтва, «дэструктыўнай хакерскай атакай».

Паводле Яраслава Іванюка, на серверах захоўвалася больш за 70 тысяч розных беларускіх публікацый — кнігі, газеты, часопісы, аўдыякнігі, відэа– і аўдыяматэрыялы пра Беларусь.

«Складана дакладна акрэсліць, калі гэта пачалося. Заўважылі мы гэта а палове на другую ночы. Але было ўжо позна. Спачатку былі спадзяванні, што гэта не атака, а ўсё адбываецца праз перагружаны трафік, але ў выніку недзе а 4‑й гадзіне ночы мы зразумелі, што нашы серверы проста вычышчаныя.

Вядома, у такіх сітуацыях не ўсё страчана, бо захоўваюцца копіі, але гэта ўсё патрабуе часу, каб разабрацца. Хаця сітуацыя можа быць і горшай, бо, як сказаў адзін з правайдараў, мог быць запушчаны вірус, які не дазволіць аднавіцца. Але мы працуем над гэтым».

Яраслаў Іванюк не выключае, што хакерскую атаку на серверы, дзе захоўваліся матэрыялы выдавецтва Kamunikat.org, учынілі зламыснікі па замове рэжыму ў Мінску. IP-адрасы гэтых зламыснікаў, паводле Іванюка, зарэгістраваныя ў азіяцкіх краінах.

«Сітуацыя паказвае, што Kamunikat.org — гэта сапраўды вельмі важны праект для захавання беларускай культуры, літаратуры, мовы і ідэнтычнасці, і таму ён не падабаецца рэжыму Лукашэнкі і яго спецслужбам», — мяркуе Яраслаў Іванюк.

Яраслаў Іванюк згадаў, што першая атака на выдавецтва адбылася ў 2023 годзе, калі ў Беларусі быў заблакаваны асноўны дамен выдавецтва Kamunikat.org.

«Потым летась прызналі наш сайт месцам, дзе захоўваюцца «экстрэмісцкія матэрыялы», пазней увогуле прызналі нас «экстрэмісцкім фарміраваннем», мінская пракуратура вырашыла, што змест кнігі Дароты Міхалюк пра БНР, якую мы выдалі, «нясе пагрозу інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Таму тое, што здарылася гэтай ноччу, — гэта працяг. Першая такая атака была летась, у ноч на 25 снежня, але тады мы хутчэй яе заўважылі і ўдалося спыніць дэструктыўную дзейнасць. Гэтым разам не атрымалася. Але, як нехта ўжо напісаў у Facebook, «Камунікат», як птушка Фенікс, адродзіцца».

Яраслаў Іванюк не гатовы прагназаваць, колькі часу спатрэбіцца на аднаўленне страт, панесеных серверамі выдавецтва.

Беларускай інтэрнэт-бібліятэцы Kamunikat.org, якая была заснаваная і папаўняецца ў Беластоку, летась споўнілася 25 гадоў. Яе наведвальнікі — пераважна беларусы. Акрамя інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат», Яраслаў Іванюк пазней стварыў аднайменнае выдавецтва.



Categories: Асьвета, Культура, Літаратура, Мараль, Нацыя Беларусы, Этнацыд беларусаў

Пакінуць каментар