Міжваенныя ўлады Польшчы схавалі шкілет у каралеўскай крыпце Віленскай катэдры, сцвярджае Саўлюс Подзерыс.

Дэталі гістарычнага расследавання, праведзенага літоўскім рэстаўратарам Саўлюсам Подзерысам, былі нядаўна агучаныя ў падкасце Neredaguota і на партале Alkas.lt. У іх былі сістэматызаваныя матэрыялы даследчыка, прадстаўленыя раней падчас тэматычнай прэс-канферэнцыі ў Сейме.
Гісторыя з магчымым знаходжаннем парэшткаў вялікага князя бярэ пачатак пасля катастрафічнай вясновай паводкі 1931 года. Тады падчас маштабных рамонтна-ратавальных работ пад кіраўніцтвам прафесара Юліуса Клоса быў знойдзены маўзалей з пахаваннямі манархаў. Афіцыйная гістарыяграфія і ўлады міжваеннай Польшчы абвясцілі пра знаходку толькі трох целаў: вялікага князя Аляксандра Ягелончыка, Лізаветы Аўстрыйскай і Барбары Радзівіл.

Аднак архіўныя матэрыялы, выяўленыя ў фондах Гданьска, ставяць афіцыйную версію пад сумнеў. На негатывах, зробленых падчас будаўніцтва каралеўскага маўзалея і антрапалагічнага аналізу знаходак, выразна бачныя не тры, а чатыры акуратна раскладзеныя шкілеты.

Гэтае назіранне ўскосна пацвярджаецца і некаторымі гістарычнымі дакументамі. Яшчэ ў 1806 годзе пралат катэдры Францішак Ксаверый Богуш у сваіх лістах пісаў, што вялікі князь Вітаўт спачывае ў адной крыпце з Аляксандрам Ягелончыкам. Даследчыкі таксама звяртаюць увагу на першапачатковыя чарцяжы самога архітэктара Клоса, дзе ў планах новага маўзалея было прадугледжана месца менавіта для чатырох саркафагаў.
Адкуль узялася версія пра ўтойванне
Інфармацыя пра тое, што парэшткі Вітаўта былі знойдзеныя, але з палітычных ці кансервацыйных меркаванняў схаваныя, не з’явілася на пустым месцы. Як вынікае з сабраных даследчыкамі дакументаў, гэтыя чуткі цыркулявалі ў вузкіх колах віленскай інтэлігенцыі дзесяцігоддзямі. Спачатку пра гэта асцярожна згадваў скульптар Рафал Яхімовіч, які ў міжваенны час займаўся стварэннем помнікаў вялікаму князю. У 1990‑я гады гэтую версію па архіўных слядах сур’ёзна вывучаў архітэктар Ромас Казлаўскас.

Але найбольш важны доказ утрымліваецца ў мемуарах архітэктара Вітаўтаса Ландсбергіса-Жамкальніса «З экрана памяці», выдадзеных у 2009 годзе. Аўтар абапіраўся на прамыя сведчанні свайго калегі Яна Пекшы — таго самага архітэктара, які ў 1931 годзе разам з тэхнікам Вількусам першым праціснуўся ў затопленую каралеўскую крыпту.
Паводле ўспамінаў Пекшы, у падзямеллях было больш месцаў пахаванняў і асобных трунаў, чым трапіла ў афіцыйныя справаздачы. Камісія свядома хавала інфармацыю, імкнучыся звесці да мінімуму маштаб адкрыцця, каб пазбегнуць палітычных спрэчак (палякі шанавалі Ягайлу, для літоўцаў галоўны герой — Вітаўт) і не ўскладняць працэсу ўмацавання аварыйнага сабора.
Куды маглі перанесці парэшткі вялікага князя Вітаўта
Аналіз усіх гэтых сведчанняў, а таксама гістарычных архітэктурных планаў катэдры дазволіў Подзерысу вызначыць найбольш імавернае месца, куды ў пачатку 1930‑х гадоў маглі перанесці чацвёрты шкілет. Гэта стары, замураваны ўваход часоў дынастыі Вазаў, размешчаны ў падмурку капліцы Святога Казіміра каля заходняй сцяны маўзалея.
Сухі калідор мае даўжыню каля трох метраў. Ён знаходзіцца крыху вышэй за ўзровень сучаснай падлогі, якраз паміж сучасным размяшчэннем трунаў з парэшткамі Барбары Радзівіл і Аляксандра Ягелончыка.


Калі гэта так, то парэшткі нязручнага для польскіх уладаў вялікага князя схавалі так, каб не мучыла сумленне: пакінулі ў максімальна пачэсным месцы, побач з іншымі княжацкімі пахаваннямі, але за глухой сцяной.
Подзерыс лічыць, што каб праверыць гэтую версію, не патрабуецца ні мільённых бюджэтаў, ні маштабных раскопак. Дастаткова атрымаць дазвол на свідраванне невялікай адтуліны ў гістарычным муры, праз якую ўсярэдзіну можна прасунуць эндаскапічную камеру з падсветкай і агледзець пустоты.
Чаму літоўская дзяржава не спяшаецца рэагаваць на гіпотэзу Подзерыса
Рэалізацыя гэтага простага тэхнічнага плана пакуль тармозіцца, магчыма, не ў апошнюю чаргу з-за спецыфічнай рэпутацыі ініцыятараў.
Аўтар гіпотэзы, рэстаўратар Саўлюс Подзерыс, раней быў асуджаны за сувязі з чорнай археалогіяй і знаходзіцца ў адкрытым канфлікце з архідыяцэзіяй праз спрэчкі вакол выяўлення тайніка з каралеўскімі інсігніямі. Ён таксама вядомы подпісам пад патрабаваннем забараніць беларусам выкарыстоўваць гістарычны герб «Пагоня».
У ліку першых ужо выказаў сваё абурэнне бяздзейнасцю літоўскіх уладаў у гэтай справе дэпутат Вітаўтас Сініца, заклікаўшы ацэньваць выказванні Подзерыса асобна ад ацэнкі яго асобы. Сініца раней быў выключаны з уласнай нацыяналістычнай партыі за парушэнне яе статута, беларусам яго асоба вядомая ў першую чаргу акцыямі з патрабаваннямі выгнаць з Літвы Офіс Святланы Ціханоўскай.
На гэты момант інфармацыя пра дакладнае месцазнаходжанне гіпатэтычнага пахавання перададзена Міністэрству культуры і парламенцкай камісіі па гістарычнай памяці. Рашэнне аб тым, ці будзе праведзена эндаскапічнае даследаванне мура, застаецца за дзяржаўнымі ўстановамі і Віленскай архідыяцэзіяй.
Categories: Асьвета, Гісторыя, Зьнешнія адносіны, Культура, Нацыя Беларусы
Пакінуць каментар