У абласных гарадах Беларусі прарасійскія актывісты правялі «Бессмяротныя палкі»
Прарасійскім актывістам удалося далучыць шэсце «Бессмяротны полк» да афіцыйнай акцыі «Беларусь памятае» ў абласных гарадах Беларусі. Пра гэта паведамілі расійскае пасольства ў Беларусі і прадстаўніцтвы «Рассупрацоўніцтва». Пры гэтым беларускія дзяржаўныя медыя пра «Бессмяротны полк» амаль не згадвалі, піша Reform.news.

У Гродне аб’яднаную калону ўзначалілі прадстаўнікі расійскага генконсульства і «Рускага дома». Паводле арганізатараў, у шэсці ўдзельнічала шмат людзей з партрэтамі сваіх родных, якія ваявалі ў Другой сусветнай вайне. Падчас шэсця гучалі вядомыя ваенныя песні, якія ўдзельнікі спявалі разам.

У Віцебску ў акцыі, што прайшла ў межах «Беларусь памятае», удзельнічалі супрацоўнікі расійскага пасольства.

Пра падобнае шэсце паведамілі таксама ў Брэсце, дзе разам ішлі ўдзельнікі дзвюх акцый, прадстаўнікі дэлегацый і жыхары горада.

У Магілёве, паводле расійскага пасольства, у мерапрыемстве ўдзельнічалі не толькі мясцовыя жыхары, але і госці з Масквы.
У Гомелі ў шэсці «Бессмяротнага палка» ўдзельнічалі супрацоўнікі расійскага пасольства і «Рускага дома». Арганізатары падкрэслівалі, што акцыя сімвалізуе памяць пра перамогу і пераемнасць пакаленняў.

Мяркуючы па фота і відэа з падзей, нідзе гэтыя акцыі не былі асабліва шматлікія.
Sputnik Беларусь таксама апублікаваў відэа з Мінска, дзе ўдзельнікі акцыі расказвалі пра сваіх сваякоў, што ўдзельнічалі ў вайне. У кадры былі людзі з партрэтамі родных і Іосіфа Сталіна.
Раней прарасійскі актывіст Андрэй Герашчанка заклікаў беларускія ўлады афіцыйна ўключыць «Бессмяротны полк» у акцыю «Беларусь памятае». Ён сцвярджаў, што гэта павінна падкрэсліць адзінства Беларусі і Расіі ў святкаванні Дня Перамогі. Паводле яго, такі фармат ужо выкарыстоўваўся ў 2024 і 2025 гадах.
Разам з тым нядаўна стала вядома, што Мінгарвыканкам не дазволіў правядзенне асобнага шэсця «Бессмяротнага палка» ў Мінску 9 мая.
………………………………………………………………………………………………………………
МЗС Расіі пахвалілася расійскай акцыяй «Бессмяротны полк» у Мінску
Расія правяла ў Мінску маштабную акцыю «Бессмяротнага полка», нягледзячы на супраціў беларускага боку. Узначаліла яе пасольства РФ у Беларусі.

Спікер МЗС РФ Марыя Захарава перапосціла публікацыю пасольства Расіі ў Беларусі пра прапагандысцкую расійскую акцыю «Бессмяротны полк».
«Сцягі «Бессмяротнага палка» — у сталіцы Рэспублікі Беларусь горадзе-героі Мінску», — пахвалілася пасольства Расіі ў Беларусі.
Нягледзячы на забарону расійскай акцыі ў Беларусі, расіяне здолелі яе правесці.
На акцыю прыйшлі расійскія дыпламаты, прарасійскія актывісты.

«Сёлета да акцыі памяці ў сталіцы Беларусі таксама далучылася дэлегацыя з Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі», — дадае пасольства РФ.
Беларускія ўлады не далі рады расійскай прапагандзе. Рыгор Азаронак толькі і змог, што кідацца абразамі ў бок шараговых прарасійскіх актывістаў.
Так, віцебская прарасійская актывістка Эльвіра Мірсалімава ў сваім тэлеграм-канале паскардзілася, што падчас святкавання 9 мая ўзнік канфлікт вакол раздачы георгіеўскіх стужак, і апублікавала адпаведнае відэа. «У нас іншая атрыбутыка», — адказала ёй адна з жанчын на тыя стужкі.
«Малайчына, свіння. Сапсавала канкрэтным людзям свята», — напісаў пра Мірсалімаву Азаронак. І дадаў саркастычнае «Патрыётка» ў двукоссях.
Categories: Зьнешнія адносіны, Нацыя Беларусы, Этнацыд беларусаў, Uncategorized
Пакінуць каментар