Атамныя мары Савецкай Беларусі: Браслаў, Віцебск, Лукомль ці Палессе? Чаму на Беларусі так і не з’явілася маштабная сетка АЭС

У канцы 1970‑х кіраўніцтва БССР разглядала планы, якія сёння здаюцца фантастычнымі. Рэспубліка павінна была пакрыцца сеткай гіганцкіх атамных станцый і стаць еўрапейскім энергетычным донарам. Рэактары маглі з’явіцца каля Віцебска, Бярозы, на беразе маляўнічага Лукомскага возера ці нават на прыпяцкіх балотах, дзе мусіла з’явіцца штучнае мора і новы горад Відзібор. Аднак гэтыя планы так і засталіся на паперы, сутыкнуўшыся з прыроднымі асаблівасцямі і савецкай бюракратыяй. Катастрофа на ЧАЭС стала толькі фінальным акордам у іх пахаванні.

Беларуская АЭС магла з’явіцца не ў Астраўцы, а на дзесяцігоддзі раней на абсалютна іншых пляцоўках. Фота: Наша Ніва

Энергетычны голад

Праблема ўласнага энергетычнага дэфіцыту паўстала перад Савецкай Беларуссю востра ўжо ў пасляваеннае дзесяцігоддзе. Хуткая індустрыялізацыя і імклівая ўрбанізацыя патрабавалі каласальных аб’ёмаў электраэнергіі для новых заводаў і гарадоў. Пры гэтым рэспубліка была фактычна абдзеленая прыроднымі рэсурсамі: багатых пакладаў каменнага вугалю тут не было, толькі торф і буры вугаль, а раўнінны рэльеф ставіў крыж на будаўніцтве магутных і эфектыўных гідраэлектрастанцый.

Выйсце бачылася толькі ў адным — у мірным атаме.

Першым афіцыйным крокам да ўласнай АЭС стаў ліст старшыні Савета Міністраў БССР Мікалая Аўхімовіча да саюзнага кіраўніцтва ў Маскву яшчэ ў 1957 годзе. Беларускі прэм’ер прасіў пачаць праектаванне «адной ці дзвюх» станцый, зыходзячы выключна з эканамічнай мэтазгоднасці.

Дакладна аднавіць храналогію таго, як БССР змагалася за ядзерную энергію, дазваляе артыкул гісторыка Уладзіміра Монзуля, апублікаваны ў часопісе «Беларуская думка». Лёс самога даследчыка, дарэчы, аказаўся даволі спецыфічным: прызнаны найлепшым архівістам Беларусі, ён спачатку напісаў палітычны данос на суседзяў за ўлётку ў пад’ездзе, а пасля сам трапіў пад махавік рэпрэсій і атрымаў хатнюю хімію. 

Як сведчаць архівы, да сярэдзіны 1960‑х гадоў у савецкіх кабінетах канчаткова сфарміравалася ўпэўненасць у бяспецы ядзернай энергетыкі. Спецыялісты Мінэнерга СССР у сваіх справаздачах безапеляцыйна сцвярджалі, што атамныя станцыі «не выклікаюць ніякіх асцярог з пункту гледжання бяспекі і забруджвання атмасферы».

Распрацоўваючы Генеральную схему развіцця энергетыкі, Масква вызначыла паўночна-заходнюю частку СССР (уключаючы Беларусь) як прыярытэтную зону для забудовы АЭС.

У 1968—1969 гадах спецыялісты ленінградскага інстытута «Цеплаэлектрапраект» (ЛОТЭП) пачалі маштабныя вышукі на тэрыторыі рэспублікі.

Перспектыўныя пляцоўкі для будаўніцтва АЭС, якія разглядаліся ў 1960‑х гадах. Чырвоным вылучаны тыя, што засталіся пасля першаснага адсейвання, сінім — Ігналінская пляцоўка ў Літве, дзе ў выніку была пабудавана АЭС. Фота: OSM / Наша Ніва

Галоўным і самым жорсткім крытэрыем для размяшчэння АЭС была наяўнасць велізарнай колькасці прэснай вады для ахалоджвання рэактараў. Геолагі і інжынеры абследавалі 17 патэнцыйных пляцовак ва ўсіх шасці абласцях: ад Асіповічаў і Бабруйска да Нарачы і Расонаў.

Большасць з іх, 14 варыянтаў, неўзабаве адсеялі па розных паказчыках, у тым ліку з-за блізкасці да вайсковых аб’ектаў. Самымі перспектыўнымі былі прызнаныя Брожская пляцоўка пад Бабруйскам (на месцы выпрацаваных тарфянікаў) і Снудская — на беразе возера Снуды на поўнач ад Браслава.

Ліст Мінэнерга СССР за кастрычнік 1970 года аб асноўных кірунках развіцця энергетыкі БССР у 9‑й пяцігодцы, у якім паведамляецца, што будаўніцтва Беларускай АЭС намечана пачаць у 1973‑1974 гадах. 

Кіраўніцтва БССР усімі сіламі прабівала хутчэйшы пачатак будаўніцтва, каб закрыць прагназаваны дэфіцыт энергіі ўжо ў 9‑й пяцігодцы (1971—1975 гг.). І ім гэта амаль удалося.

У верасні 1971 года ЦК КПСС і Саўмін СССР падпісалі сумесную пастанову, якой канчаткова зацвердзілі будаўніцтва Беларускай АЭС на Снудскай пляцоўцы.

Аднак літаральна праз год, калі будаўнічыя працы яшчэ не паспелі пачацца, магутнае Міністэрства сярэдняга машынабудавання СССР прапанавала перагледзець рашэнне. Прычына была выключна прагматычнай: суседні Друкшайскі пункт, які знаходзіўся літаральна побач, на тэрыторыі Літоўскай ССР, меў значна лепшыя грунты. Будаваць там было танней і прасцей, што дазваляла істотна зменшыць капітальныя ўкладанні ў нулявы цыкл.

Ігналінская АЭС, пабудаваная літаральна за мяжой Беларусі. Менавіта дзеля яе саюзныя ўлады адмянілі зацверджаны праект магутнай беларускай станцыі на суседнім возеры Снуды, палічыўшы літоўскія грунты больш надзейнымі і таннымі для будаўніцтва.

Рашэнне змянілі без асаблівых спрэчак. Праект «сышоў» у Літву, дзе неўзабаве пачалося ўзвядзенне знакамітай Ігналінскай АЭС. Яна, безумоўна, забяспечвала электрычнасцю і частку беларускіх тэрыторый, але БССР зноў засталася ў статусе энергетычнай залежнасці і змушана была пачынаць барацьбу за свой уласны мірны атам нанова.

Гіганты на азёрах і палескіх балотах

Страта Снудскай пляцоўкі не спыніла атамных амбіцый кіраўніцтва БССР. Наадварот, энергетычны голад толькі абвастраўся. Калі ў 1965 годзе спажыванне электраэнергіі ў рэспубліцы складала 7,5 млрд кВт·гадз, то да 1980 года гэты паказчык мусіў вырасці ў чатыры разы.

Каб забяспечыць такі аб’ём, Масква планавала ўжо не адну станцыю, а цэлую сетку ядзерных гігантаў.

Сапраўдны размах атамнага планавання прыпаў на канец 1970‑х гадоў. Згодна са стратэгічнымі планамі Мінэнерга СССР, у Беларусі павінны былі з’явіцца ажно тры АЭС.

У 1987 годзе меркавалася пачаць будаўніцтва станцыі на поўдні рэспублікі магутнасцю 4000—6000 МВт, у 1988‑м — на поўначы з каласальнай магутнасцю 8000—10 000 МВт, а ў 1992‑м — яшчэ адной на паўднёвым усходзе магутнасцю 6000—8000 МВт.

Каб зразумець маштабы гэтых лічбаў, дастаткова згадаць, што магутнасць сучаснай БелАЭС у Астраўцы складае ўсяго 2400 МВт.

Схема размяшчэння АЭС на Віцебскай пляцоўцы. 1983 год. Фота: «Беларуская думка»

Адну з найбуйнейшых АЭС у свеце планавалася ўзвесці на поўнач ад Віцебска, на беразе возера Вымна ў Гарадоцкім раёне, для чаго плошчу натуральнага возера хацелі павялічыць у некалькі разоў, перакідваючы туды ваду з Дзвіны па спецыяльным трубаправодзе.

На Брэстчыне, на паўднёвы ўсход ад возера Чорнае, праектавалі складаны энергетычны комплекс, дзе атамную станцыю хацелі аб’яднаць з падземнымі гідраакумулюючымі станцыямі, якія б уначы запампоўвалі ваду пад зямлю, а ўдзень выкідвалі б яе вонкі, круцячы дадатковыя турбіны.

Мабыць, самы фантастычны праект разглядаўся ў Столінскім раёне. На моцна забалочанай тэрыторыі паміж Столінам і Давыд-Гарадком хацелі стварыць штучнае мора-ахаладжальнік плошчай да 36 квадратных кіламетраў (па плошчы як азёры Лукомскае, Дрывяты ці Дрысвяты), забяспечыўшы яго вадой з Прыпяці, і пабудаваць новы 25‑тысячны пасёлак энергетыкаў пры станцыі Відзібор.

Пакуль праекціроўшчыкі малявалі на картах штучныя моры, рэальная барацьба разгарнулася за цэнтральную пляцоўку — на поўдзень ад Лукомскага возера. Менавіта гэты варыянт з канца 1970‑х стаў разглядацца як найбольш прыярытэтны. Аднак інжынеры крыху змянілі лакацыю: замест самога Лукомскага возера, пляцоўку перанеслі на бераг суседняга маляўнічага возера Сялява ў Крупскім раёне.

Супраць гэтага рэзка выступіў Мінскі аблвыканкам, бо каля возера размяшчаўся гідралагічны заказнік «Прoшыцкія Балоты». Энергетыкі паабяцалі даць грошы на ахову прыроды, і ў студзені 1984 года прэзідыум Савета Міністраў БССР канчаткова зацвердзіў гэтую пляцоўку.

Перспектыўныя пляцоўкі для будаўніцтва АЭС, якія разглядаліся ў 1970‑1980‑х гадах. Чырвоным вылучана Сяляўская пляцоўка, дзе мусіла ўрэшце быць пабудаваная першая беларуская АЭС, а таксама Мінская АЦЭЦ, для ўзвядзення якой былі перакінутыя ўсе сілы рэспублікі; сінім — АЭС, якія былі ўзведзены ў суседніх саюзных рэспубліках. Фота: OSM / Наша Ніва

Здавалася б, лёс беларускага мірнага атама вырашаны. Падрыхтоўчыя працы мусілі пачацца ўжо ў 1985 годзе. Але ўмяшалася бюракратычная марудлівасць: усе сілы і сродкі рэспублікі на той момант былі кінутыя на будаўніцтва Мінскай атамнай цеплаэлектрацэнтралі (АЦЭЦ), якая ўзводзілася з сур’ёзным адставаннем ад графіка.

Гэтая затрымка стала фатальнай для Сяляўскага праекта, бо ўжо вясной 1986 года выбухнуў чацвёрты энергаблок у Чарнобылі.

Шлях да Астраўца

Катастрофа на ЧАЭС у 1986 годзе перакрэсліла ўсе савецкія планы. Будаўніцтва АЭС у Беларусі было неадкладна замарожана, а грамадства ахапіла заканамерная радыяфобія. Нават урадавую праграму развіцця энергетыкі, прынятую ў пачатку 1990-х, давялося згарнуць пад ціскам спецыяльнай камісіі навукоўцаў і грамадскасці, якія прагаласавалі за ўвядзенне дзесяцігадовага мараторыя на любыя размовы пра мірны атам.

Аднак эканамічная рэальнасць пачатку 2000‑х і імклівы рост цэн на расійскія энерганосьбіты прымусілі беларускія ўлады зноў вярнуцца да ядзернай тэмы. У 2005 годзе была зацверджана новая Канцэпцыя энергетычнай бяспекі, якая афіцыйна прадугледжвала будаўніцтва ўласнай атамнай станцыі.

Калі сучасныя спецыялісты пачалі выбіраць месца для будучай станцыі, яны звярнуліся да старога савецкага досведу і паднялі з архіваў звесткі пра дзясяткі патэнцыйных пляцовак. Сярод галоўных прэтэндэнтаў апынуліся Краснапалянская (Чавускі раён) і Кукшынаўская (Шклоўскі раён) пляцоўкі ў Магілёўскай вобласці, якія раней не былі сярод перспектыўных. Але ў 2006‑2007 гадах менавіта гэтыя ўсходнія лакацыі лічыліся абсалютна прыярытэтнымі.

Геолагі пачалі актыўна бурыць зямлю, і вынік шакаваў як праекціроўшчыкаў, так і чыноўнікаў. На глыбіні ўсяго 25 метраў знайшлі магутныя слаі абводненага мелу, таўшчыня якіх дасягала 35 метраў.

Гэта азначала вельмі высокую імавернасць развіцця карставых працэсаў — калі падземныя воды паступова вымываюць пароду і ўтвараюць пад зямлёй гіганцкія пустэчы. Ставіць шматтонны ядзерны рэактар на такі нестабільны грунт было б тэхналагічным самагубствам.

Украінскія спецыялісты, якія кансультавалі беларусаў у той час, прыводзілі прыклад сваёй Ровенскай АЭС, дзе з-за падобных карставых з’яў даводзілася пастаянна запампоўваць пад будынкі станцыі тысячы тон бетону. Паўтараць такі дарагі і небяспечны вопыт у Беларусі ніхто не захацеў. Спецыялісты зноў змянілі дыслакацыю, звярнуўшыся да Кукшынаўскай пляцоўкі, але і там карціна паўтарылася.

Высветлілася, што амаль уся ўсходняя Беларусь знаходзіцца над слаямі мелавога грунту.

Астравецкая АЭС. Фота: Наша Ніва

Сутыкнуўшыся з непераадольным геалагічным бар’ерам, улады былі вымушаныя звярнуцца да рэзервовага варыянту — Астравецкай пляцоўкі на Гродзеншчыне. Гэтая лакацыя, якая ў савецкі час амаль не фігуравала ў спісах, раптам аказалася ідэальнай. Даследаванні паказалі, што яе падмурак уяўляе сабой маналітны мацярык без усялякіх геалагічных сюрпрызаў і схаваных пустэч. Менавіта так Астравец стаў першай атамнай сталіцай Беларусі, хоць за дзесяцігоддзі да яго гэты статус маглі б ужо мець некалькі беларускіх гарадоў.

Другая БелАЭС

Цяпер, калі першая БелАЭС ужо працуе і выдае энергію ў сетку, улады ўсё часцей заяўляюць пра планы пабудаваць другую атамную станцыю. 

Яшчэ ўвосень 2025 года Лукашэнка заявіў, што разглядаецца міжнародна прызнаная пляцоўка «на поўдзень ад Магілёва». Сэнс такога размяшчэння, відаць, прадыктаваны знешнепалітычнымі і гандлёвымі інтарэсам. Астравец будаваўся з прыцэлам на экспарт таннай электраэнергіі ў Літву, дзе закрылі адзіную Ігналінскую АЭС, і Польшчу, дзе пра першую атамную станцыю сур’ёзна пачалі гаварыць зусім нядаўна. Планы беларускіх уладаў не спраўдзіліся з-за недаверу суседніх краін у бяспечнасць расійскага праекта, санкцый і эканамічнай блакады. Новая ж усходняя АЭС павінна прадукаваць энергію, якая будзе прадавацца расійскім рэгіёнам. 

Аднак застаецца галоўнае, пакуль нявырашанае пытанне: як быць з тым самым мелам і карстамі, з-за якіх ад усходніх пляцовак катэгарычна адмовіліся яшчэ ў канцы нулявых?



Categories: Асьвета, Гісторыя, Зьнешнія адносіны, Нацыя Беларусы

Пакінуць каментар